Путь до Мальты

XXXIII. ШЛЯХ ДА МЭЛІТЫ

Прайшоў яшчэ адзін тыдзень. Павал праводзіў свае дні, як звычайна. Ранішні шпацыр да мора, дзённыя размовы з сябрамі, вечаровыя пропаведзі ў прэторыі сярод вайскоўцаў, якія, на дзіва ахвотна, зьбіраліся вакол Паўла, каб паслухаць гэтага ветлівага і адукаванага вязьня пра многія і дзіўныя рэчы. Пра стварэньне сьвету і першага чалавека, ад якога распаўсюдзіўся грэх на ўсё чалавецтва. А найбольш пра тое, як Бог вырашыў збавіць людзей ад гэтага цяжару, калі паслаў на зямлю свайго Сына, каб Той, ня маючы ніякага грэху, пацярпеў і памёр за грахі такіх як і яны, грэшных людзей. Але навошта гэты Ісус зрабіў так і як яны могуць скарыстацца гэтым, каб здабыць жыцьцё вечнае ў радасьці і супакоі? Так так, дык ён ня проста памёр, але і ўваскрос. І Ён жывы. Проста трэба ў гэта паверыць усім сэрцам і будзеш збаўлены. Надзея ўваходзіла ў сэрцы гэтых простых і суровых людзей, а любоў Хрыста, напаўняючы іхнія істоты, прымушала іх разглядаць гэты недасканалы сьвет у сьвятле Хрыстовай любові. Так праходзілі дні Паўла, але, неўзабаве, яго выклікалі да Порцыя Фэста.

Намесьнік сядзеў за сваім сталом, праглядаючы нейкія лісты. Позіркам і моўчкі павітаўшы Паўла, ён загадаў вартаўніку запрасіць да яго сотніка Аўгуставай кагорты Юлі. Калі той увайшоў і павітаўся, Фэст, зьвярнуўшыся да Паўла, абвесьціў таму, што ён паступае ў распараджэньне сотніка, каб той суправадзіў апостала ў Рым і перадаў яго на суд цэзара. Намесьнік уручыў сотніку канверт з пасланьнем да цэзара адносна вязьня Паўла, які той, разам з вязьнем, павінен быў перадаць адпаведным рымскім уладам. Што было напісаным у гэтым лісьце ня ведаў у Цэзарэі ніхто, акрамя самога Порцыя Фэста. А ў Рыме пра гэта даведаецца толькі той, хто быў на гэта ўпаўнаважаным. Атрымаўшы пэўныя інструкцыі ад Фэста, сотнік Юлі абвесьціў Паўлу волю намесьніка. Як вязень высокага рангу, ён меў магчымасьць мець пры сабе двух суправаджаючых, запісаных як ягоныя рабы. Такім чынам Арыстарх і Лука прыядналіся да апостала ў будучай вандроўкі. Юлі вызначыў таксама і тэрмін адплыцьця карабля з порту Цэзарэя. Праз тры дні, на сьвітанку, за Паўлам прыйдуць, каб адвесьці яго і ягоных сяброў на карабель. Павал абвесьціў усё гэта сваім сябрам і вызначыў гэты адведзены тэрмін для разьвітаньня і сумеснай малітвы. І вось, гэты сьвітанак надыйшоў.

Карабель, загружаны ўсходнімі таварамі, ужо прымаў жывы груз з вязьняў, якіх каманда сотніка павінна была даставіць у Рым. Хрысьціяне Цэзарэі, сярод якіх быў і Філіп, ужо чакалі Паўла, каб разьвітацца з ім і ягонамі спадарожнікамі. Цырымонія растаньня прайшла хутка, бо ветравыя абставіны патрабавалі неадкладнага адплыцьця. Нарэшце карабель выйшаў з порту Цэзарэі і ўзяў курс на Сідон, які знаходзіўся ў 100 км. у паўночна-усходнім накірунку. Гэта быў канец жніўня і мора ў гэты час станавілася непрадказальным, бо вецер мог зьмяняцца па некалькі разоў на дзень. Карабель, на якім яны выйшлі ў мора, быў прыпісаны да Адраміцкага порту, які знаходзіўся каля Траады, у паўночна-заходняй частцы Малой Азіі. Немалы шлях ад Цэзарэі і відавочна, што карабель рабіў сваё апошняе, перад пачаткам зімніх штармоў, плаваньне да роднага порту.

Першы этап да Сідону прайшоў спакойна і хутка, бо заходні вецер дазваляў немалы ход ў паўночным напрамку, ідучы, як кажуць маракі «у паў ветру». Адпаведны быў і настрой сотніка, які дабразычліва ставіўся да Паўла, а таму і адпусьціў таго на бераг сустрэцца з сябрамі і атрымаць адпачынак. Але далейшы шлях да порта Міры не абяцаў ім нічога лёгкага, бо каб дасягнуць Міры па найкарацейшаму шляху, трэба было ісьці ў паўночна-заходнім напрамку, а гэта азначала ход пад войстрым вуглом адносна заходняга ветру, што было немагчыма для ветразнага рыштунку тагачасных караблёў. І таму яны пайшлі на поўнач уздоўж сірыйскага ўзбярэжжа, каб, у далейшым, прайсьці паміж выспай Кіпр і Кілікійскім берагам, а потым каля Памфілійскага ўзьбярэжжа. Вельмі правільнае рашэньне капітана, як адзначыў Лука, бо пад высокім гарыстым берагам вецер становіцца няроўным і часта мяняе накірунак, а выкарыстоўваючы гэта і лавіруючы зьменай галсаў, можна было нясьпешна, але ўпэнена дасягнуць порта Міры, дзе планавалася перасадка вязьняў на іншы карабель, які б накіроўваўся да Італіі. А Адраміцкаму караблю засталося такім жа чынам дасягнуць Кніду і зноў трымаць курс на поўнач, каб без асаблівых праблемаў прайсьці паміж шматлікіх выспаў да роднага Адраміту.

Юлі, стоячы разам з капітанам, разважаў пра далейшы шлях да Рыму. Яны ідуць да Міры, дзе планавалася перасадка, каб працягнуць далейшы марскі шлях. Але як будзе паводзіць сябе мора і таму ня выключаны і запасны варыянт. Яны могуць і працягнуць шлях на гэтым караблі да Адраміцкага порту, адкуль нескладана пераплыць да македонскага Нэапаля, адтуль, па Эгнацыйскім шляху, пешшу дайсьці да адрыятычнага ўзьбярэжжа, каб морам дасягнуць Брундызія, а там недалёка ўжо і Рым. Зараз жа яны ішлі каля берага Кілікіі і Павал зачаравана глядзеў на родныя горы Таўра, якія ўзвышаліся блакітнай фарбай над тонкай палоскай берагу. Тут ён нарадзіўся і тут ён узрос. Ці ўбачыць ён яшчэ раз, хоць так, здаля, свае родныя мясьціны? Можа і не, але зараз ён бачыў, што там, дзе горы падступаюцца да мора, капітан наблізіў карабель да берагу, каб выкарыстаць папутны прыбярэжны вецер. Лука, стоячы каля Паўла, зачаравана глядзеў на набліжаючыя скалы, аб якія разьбіваліся ў пыл набягаючыя марскія хвалі. Ён дзівіўся ня толькі гэтым відовішчам. Яго зьдзіўляла і вельмі спрытная ды зладжаная праца каманды, якая прымушала карабель да хуткай зьмены галсаў, ловячы момант заходаў ветру. Скарыстаўшы берагавы вецер, карабель стаў на правы галс і галфіндам крыху аддаляўся ад берагу. Лука яшчэ раз прыпамятаў апошнія падзеі ў Цэзарэі і іхні адыход у Рым.

Перад Паўлам адчыніліся дзьверы, праз якія ён выйшаў у путах ад Фэста, каб дасягнуць, праз марское вандраваньне, сталіцы тагачаснага сьвету - Рыму. Дасьведчаны ў марской справе Лука добра разумеў, што шлях гэты будзе цяжкім і небясьпечным. Але, у-ва ўсёй гэтай гісторыі ёсьць і станоўчы бок, бо Павал будзе абаронены ад гебрайскіх фанатыкаў, якія цікавалі апостала і меліся забіць яго. Гэта па-першае. А па-другое, Павал пазбавіўся клопату арганізацыйных мерапрыемстваў, якія ўзялі на сябе ўлады. Лука ўжо ведаў, што ў хуткім часе, ён даволі падрабязна апіша гэтае падарожжа з Цэзарэі ў Рым. І гэта бачылася недарэмным, бо ён намерыўся падкрэсьліць гэты факт, як вышэйшую кропку свайго будучага апавяданьня. Мэтаю гэтага апавяду будзе паказаць, што апостала Паўла накіроўвала рука Бога і Ён даваў яму абарону звыш. У гэтым і была Божая воля, каб Павал прыйшоў з Дабаравесьцем у Рым. А пакуль яны ўжо плылі ўздоўж лікійскага берагу, павольна набліжаючыся да Міры Лікійскай.

Прасоўваньне ўздоўж паўднёвых берагоў Малой Азіі на захад патрабаваў доўгай і цяжкай працы каманды карабля. Тая лёгкасьць, з якой карабель выкарыстоўваў вецер пераменных напрамкаў была відавочнай, але і падманлівай, бо за гэтым стаяла цяжкая праца ды сур’ёзная вывучка маракоў. Пятнаццаць дзён Павал і ягоныя спадарожнікі не выходзілі на бераг. Спакойнае і прыемнае надвор’е міжземнамор’я гэтага часу не збаўляла асноўную колькасьць вязьняў, якія былі прыкаваныя ў труме, бо пад палубай было сьпякотна і душна. Жаўнеры, што ахоўвалі вязьняў адпачывалі на палубе, але і яны выказвалі нецярпеньне, бо жадалі хутчэй адчуць пад нагамі цьвёрдую глебу берага. Толькі сотнік Юлі не выказваў гэткай заклапочанасьці і заставаўся ў супакоі, бо яму падабалася слухаць свайго галоўнага вязьня Паўла, а таксама атрымліваць грунтоўныя адказы на свае, няхай і наіўныя, пытаньні адносна хрысьціянскае веры. Карабель перасёк Аталійскі заліў і набліжаўся да крутых прыгоркаў Лікіі. Павал распавёў сотніку падзеі мінулых гадоў, калі ён, разам са сваім спадарожнікам Барнабай, ужо высаджваўся ў гэтым месцы на лікійскім беразе, адпраўляючыся ў Малую Азію з Кіпру.

А тым часам Лука ўголас разважаў, зьвяртаючыся да Арыстарха, пра стаўленьне юдэяў да мора і мораплаваньня. Юдэі ніколі не былі маракамі і ня трэба лічыць за іх рыбакоў на ўнутраных вадаёмах, хаця там таксама бывалі буры і даволі моцныя. Мораплаваньнем, з даўніх часоў, займаліся егіпцяне, народы ўзбярэжжа ад Цэзарэі і вышэй, уключаючы Малую Азію, а таксама грэкі і рымляне. Прыносячы ахвяры грэцкаму Пасейдону ці рымскаму Нептуну, яны, спакон веку, «лёталі» караблямі з порта ў порт, зьяўляючыся асноўным транспартным сродкам гандлёвай сістэмы ўсёй рымскай імперыі. Але для юдэяў мора было монстарам. Так, адзіны Бог стварыў і мора, як стварыў усё ў гэтым сьвеце. Мора прыналежыць Богу і выконвае Ягоную волю, але, пры гэтым, гебраі часта бачылі ў ім цёмныя сілы, якія могуць быць крыніцаю вялікай небясьпецы. Яны памяталі відзеж Данііла, дзе з мора выходзілі чатыры зьвяры. Ёсьць яшчэ кніга Ёны ды і шмат яшчэ іншых прыкладаў. Лука ведаў і тое, якая паніка сталася паміж галілейскіх рыбакоў у прысутнасьці Ісуса, калі іх спасьцігнула бура ў Галілейскім моры. Ці ж можна яго параўнаць з Міжземным?

Але бываюць і выключэньні. Лука засяродзіў сваю ўвагу перад Арыстархам на асобе іхняга настаўніка. Так, гаворка пайшла пра Паўла. Зусім нетыпічным для тагачаснага гебрая чынам, Павал меў даволі значны вопыт мораплаваньня. Ён часта вандраваў па моры і, мяркуецца, што ня толькі ў місіянэрскіх падарожжах, але і з юнацтва, бо, калі паглядзець на геаграфічную мапу, дык можна ўбачыць тое, што шлях ад Тарсу да Ерусаліму, праз Цэзарэю, нашмат карацей па мору, чым па сушы. Тым больш, што, пры пераважна заходніх вятрах, гэтае мерапрыемства было хуткім і нескладаным. Калі ж казаць пра місіянэрства Паўла, дык з тых жа мапаў бачна, што марскіх шляхоў у Паўла было зашмат. Можна ўявіць, што, вандруючы на караблях, ён пападаў у розныя сітуацыі. І калі ён чакаў сканчэньня непагоды ці неспрыяльных ветравых умоваў, ён шмат што бачыў з жыцьця марскога люду. Ён бычыў жыцьцё марскога порту і як ладзіцца праца пры пагрузцы ці разгрузцы карабля. Ён чуў мясцовыя дыялекты і матроскі жаргон. Павал казаў пра свае марскія прыгоды ў сваіх пасланьнях і ў прыватнасьці ў сваім другім лісьце да карынцянаў, што добра ведаў Лука: «Тройчы мяне білі кіямі, аднойчы каменавалі; тройчы разьбіваўся карабель, ноч і дзень я быў глыбіні». Хутчэй за ўсё, казаў Лука Арыстарху, ён збаўляўся ад пагібелі, трымаючыся за нейкі драўляны прадмет разьбітага карабля. Што ж тычыцца Паўла, дык ён цудоўна разумеў, якія цяжкасьці могуць іх чакаць на шляху з Юдэі да Італіі. Але вось, карабель ўжо падыходзіў да Міру, каб знайсьці адпачынак і працягнуць свой шлях да роднага порту Адраміту.

Сярэдзіна верасьня сустрэла карабель у парту Міры. Вяршыні гор танулі ў воблаках, кажучы пра тое, што надвор’е, зараз яшчэ спакойнае, можа ў любы момант зьмяніцца. Павал ніколі ня быў у гарах Лікіі, але не выключаў таго, што хрысьціянства ўжо прыйшло і сюды з поўначы і ўсходу. Нарэшце, карабель увайшоў у закрыты заліў лікійскага порту Міры і прычаліў у вусьце вялікай ракі, што знаходзілася ў трох кіламетрах ад гораду. Ступіўшы на бераг, ён хутка даведаўся, што ягоная здагадка не была дарэмнай і тут існавала хрысьціянская абшчына. Сустрэча Паўла з мясцовымі хрысьціянамі не была доўгай, бо спрыяльны час падціскаў і сотнік, да таго ж, хутка знайшоў Александрыйскі карабель, загружаным зернем пшаніцы, які накіроўваўся ў Італію. Цэнтурыён Юлі перавёў жаўнераў і вязьняў на вялікі карабель, каб працягнуць свой шлях да Рыму. На гэтым борце не было іншых афіцэраў, а таму, згодна дзеючым пастановам улады, Юлі павінен быў узяць кіраўніцтва на гэтым караблі ў свае рукі. Ён мог загадаваць капітану і гаспадару карабля, а таму, ў выпадку небясьпекі, апошняе слова было за ім. Такім чынам, Юлі ўзяў на сябе адказнасьць за жыцьці 276 чалавек. Егіпецкія і італійскія купцы, гандляры з усходніх краінаў, ветэраны рымскіх легіёнаў, што вярталіся на радзіму і шмат яшчэ якога люду, у тым ліку жаўнеры ды вязні цэнтурыёна, ня кажучы пра каманду карабля і яго самога былі на гэтым караблі, аднолькава рызыкуючы сваім жыцьцём.

Цяжка нагружаны карабель павольна рухаўся ў бок выспы Радос, пераадольваючы даволі моцны паўночна-заходні вецер. Капітан намагаўся ўвайсьці ў зону прыбярэжных вятроў Радосу, дзе, ў адносна спакойных умовах, яны маглі б кіравацца курсу на захад. Далей планавалася абмінуць крайнюю паўднёвую кропку Грэцыі і прайсьці Месінскім пралівам паміж Сіцыліей і Італіяй, каб потым, павярнуўшы на поўнач, дасягнуць рымскага порту Осьція. Але паўночна-заходні вецер пасьпяхова разбураў планы капітана. Яны дасягнулі Кніду, вялікага порту і апошняй кропкай Малой Азіі, якая была на іхнім шляху. Бухта порту магла надзейна абараніць карабель ад моцнага сустрэчнага ветру, але было прынятае рашэньне не заходзіць у гэты порт і кіравацца паўднёва-заходняга накірунку да далёкіх гор Крыту. Абмінуўшы мыс Сальмон, карабель накіраваўся ўздоўж паўднёвага ўзьбярэжжа Крыту ў надзеі, што вецер сьцішыцца і яны здолеюць павярнуць на поўнач. Але гэта сталася немагчымым і, пасьля нарады Юлія з капітанам, карабель кінуў якар у бухце Добрыя Прыстані, непадалёк ад гораду Лясэя.

Егіпет быў жытніцаю Рыма. Егіпецкі хлеб карміў Рым і прыватныя караблі, якія дастаўлялі туды зерне з Александрыі, знаходзіліся пад адмысловым заступніцтвам і наглядам рымскага чынавенства. У Міру такія караблі заходзілі толькі тады, калі вятры не спрыялі прамому пераходу ў Італію. Караблі з зернем звычайна, у такім выпадку, ішлі на поўнач, у Малую Азію да Міры, а потым зварочвалі на захад і ішлі каля выспаў, які служылі ім месцам прыпынку пры непагодзе. Карабель, на якім знаходзіўся Павал з сябрамі, быў даволі буйным, бо важыў разам з грузам болей за 500 тонаў. Па Міжземным моры хадзілі і больш буйныя судны, але ўсіх іх аб’ядноўвала канструктыўная схема пабудовы і ветразны рыштунак. На іх была толькі адна вялікая шчогла, якая несла асноўны вялізарны ветразь, што стварала вялікую напругу ў месцах злучэньня з падставаю карабля і гэта было вялікім недахопам тагачаснага караблебудаваньня. Вельмі часта, у штармавых умовах, гэтае злучэньне не вытрымлівала і вада хутка залівала карабель, што прыводзіла да караблекрушэньня. Лінія борту ад носа да кармы выгібалася падобна луку, а павароты пры зьмене галсаў ажыцьцяўляліся з дапамогаю здымных рулёў - доўгіх і шырокіх вёслаў, нерухома замацаваных, па меры неабходнасьці, на карме карабля. Капітан ня меў компаса ці хранометра, а тагачасныя мапы былі вельмі недакладнымі. Курс карабля пракладаўся па сонцу і зоркам, калі яны былі бачныя, але, пры ўсім гэтым прымітыве, капітаны, як правіла, заўсёды дасягалі вызначаных мэтаў.

Яны кінулі якар у добра абароненай гарамі і выспамі гавані, бо далей, пры моцным паўночна-заходнім ветры, рухацца было немагчыма. Лука, разам з Паўлам, разглядаў месца, дзе яны прыпыніліся. Адразу за бухтай, зьлева, далёка ў мора выступаў мыс Матала, які праз 30 кіламетраў паварочваў на поўнач і сваёй прысутнасьцю надзейна абараняў бухту ад непрыемнага ветру заходняга накірунку. Калі б маракі паспрабавалі перасекчы заліў і абмінуць мыс у гэты час, дык іх магло чакаць жорсткае пакараньне і абломкі карабля каля гэтых скалаў. Разумеючы гэта, капітан вырашыў заставацца на якары, чакаючы перамены ветру. Так праходзілі дні і ночы. Бухта была цудоўным сховішчам ад моцнага ветру, але яна не была портам. Справа ішла да зімы, бо ўжо мінула 5 кастрычніка - дзень пачатку юдэйскага посту, пасьля якога прыпынялася навігацыя і марское плаваньне лічылася надзвычайна небясьпечным. Зімнія штормы і навальніцы да таго ж, не дазвалялі вызначаць курс карабля па зорках, а нават і па сонцу. Вандроўнікі гублялі ўсякую надзею дасягнуць Італіі да вясны, але было незразумелым і тое, як перачакаць зіму ў гэтым месцы Крыту.

Улічваючы ўсё гэта, Юлі сабраў нараду, каб вырашыць пытаньне пра далейшыя дзеяньні. Ён запрасіў на гэтую нараду Паўла і Луку, бо ўжо ведаў ад іх многія слушныя меркаваньні адносна марскіх вандраваньняў. Капітан настойваў на тым, што трэба сьпяшацца, каб не ўпусьць апошні шанец абмінуць мыс Матала і дасягнуць порту Фініку, найбольш блізкага порту на Крыце. Ён небезпадстаўна асьцерагаўся ропату сярод пасажыраў і каманды пад час зімоўцы ў бязьлюднай бухце ня маючай ніякіх выгодаў, акрамя зручнай якарнай стаянцы, адкрытай, між тым, з поўдня і ўсходу, так што пры моцным зюйдвесьце карабель магло выкінуць на бераг ці разьбіць аб скалы мыса Матала. Капітан быў вопытным мараком і ведаў, што позьняй восеньню паўднёва-заходні вецер часта зьмяняецца паўднёва-усходнім ураганным левантыйцам, так званым Эўраклідонам. Але ён прапанаваў рызыкнуць, тым больш што і гаспадар карабля падтрымаў свайго капітана, каб ня несьці стратаў па харчаваньню людзей, пакуль яны знаходзіліся на караблі. Па прыбыцьцю ж у Фініку, яны павінны былі б харчавацца за свой кошт, бо так казаў марскі закон. Юлі павярнуўся да Паўла, які, устаўшы, прамовіў да прысутных: «Мужы! Я бачу, што плаваньне мае быць са шкодаю і многімі стратамі ня толькі для ладунку карабля, але і для душаў нашых». Цэнтурыён, як сапраўдны вайсковец, вагаўся нядоўга і прыняў рашэньне большасьці на карысьць капітана і гаспадара карабля.

10 кастрычніка капітан заўважыў, што вецер зьмяняецца да паўднёвага напрамку і вырашыў, што гэта і ёсьць той шанец, каб, абмінуўшы мыс Матала, пераадолець каля 100 кіламетраў марскога шляху і стаць на зімнюю стаянку ў порце Фініку. Карабель падняў якары і, расправіўшы ветразі, заслізгаў па невялікіх хвалях заліву. Абмінуўшы мыс, карабель ня стаў прыціскацца да берагу, але, каб скараціць час, пайшоў напрамую, праз наступны заліў, да Фініку. Павал і ягоныя сябры, стоячы каля правага борту, моўчкі назіралі пагрозьлівыя скалы Матала, якія ўжо заставаліся за кармою. Лука быў згодны з пазыцыяй Паўла на нарадзе, але рашэньне прымалі не яны. Як чалавек, таксама дасьведчаны ў марской справе, ён меў на гэта сваю кропку погляду.

Але, ці правільна вырашылі кіраўнікі гэтага плаваньня, прыняўшы рашэньне зноў выйсьці ў мора? Сказаць цяжка. І так і не. Так,- таму што бухта Лясэя не была прыстасаванаю да зімаваньня караблёў, бо была занадта адкрытаю да вятроў, а зімнія штормы маглі пашкодзіць ці, наогул, разьбіць карабель. Да Фініку ж, дзе можна было перазімаваць было, як кажуць, «рукой падаць», тым больш, што для гэтага пераходу пачаў дзьмуць спрыяльны паўднёвы вецер. Не,- таму што Паўлу падказвалі Сьвяты Дух і асабісты вопыт мораплаваньня. Больш таго, а Павал гэта добра ведаў, што пасьля посту Дня ачышчэньня, які прыходзіўся на канец верасьня і пачатак кастрычніка, надвор’е станавілася такім няўстоўлівым, што ветравая сітуацыя на моры магла істотна зьмяніцца ў кожную хвіліну. Але маракі рызыкнулі і тут усё пачалося, як гэта і прадбачыў апостал Павал.

Навальнічныя хмары зьбіраліся вакол вяршыні Іды, самай высокай гары Крыту, ахінаючы сабою неба над караблём. Шчогла выгіналася ўжо пад першымі парывамі ветру, а да Фініку заставалася ня больш за 40 каламетраў. Але раптоўна накірунак ветру рэзка зьмяніўся і жудасны ўраган як быццам бы сарваўся са схілаў Іды, прыпыніўшы рух карабля. Бераг схаваўся за заслонай ліўня, а паветра, зьмешанае напалову з вадою, віхурою закруцілася вакол карабля. Шчогла пахіснулася ад раптоўнага ўдару ветра, і бярвеньня, трымаючыя яе пад палубай, рассунуліся. Ва ўзькшую дзіру лінула вада. Больш таго, Эўраклідон пагнаў карабель у адкрытае мора. У такіх умовах маракі вымушаны спускаць ветразь, каб пад моцным націскам ветру не перакуліць карабель, а пусьціцца ў дрэйф, падтрымліваючы становішча судна поперак хваляў карабельным рулём.

Блізкасьць выспачкі Кляўды, якая знаходзілася прыкладна ў 40 км. на поўдзень ад Крыту, толькі дадала небясьпекі, бо каля гэтай выспачкі было шмат мялізнаў. Хвалі так білі карабель, што карабель мог разьбіцца як і човен, які звычайна цягнуўся на ліне за караблём. Маракі ледзь утрымліваючы човен, з вялікай цяжкасьцю і з дапамогаю пасажыраў, выцягнулі яго на палубу карабля. Былі прынятыя і іншыя, звычайныя ў тыя часы, меры для захаваньня карабля. Ён быў абкручаны лінамі, каб зьмягчыць удар, калі іх вынясе на мялізну. А такая магчымасьць існавала, бо бліжэй да Афрыканскага ўзбярэжжа знаходзілася вялікая мялізна, называная Вялікі Сырт. Лука бачыў, што каманда маракоў добра ведала сваю справу і, разам з пасажырамі, рабіла ўсё магчымае для захаваньня жыцьцяў людзей і карабля.

Капітан загадаў ставіць штармавыя ветразі і правым галсам трымацца заходняга накірунку з надзеяй таго, што такім чынам яны паступова выйдуць са штармавой зоны. Але стыхія раз’юшвалася ўсё болей і задумка капітана ня спраўдзілася. Карабель насіла па хвалях як трэску, а лівень і хвалі залівалі трумы так, што людзі не пасьпявалі вычэрпваць ваду. Бура на моры не сьціхала, а сітуацыя на караблі толькі пагаршалася, бо абцяжараны грузам карабель вельмі цяжка ўтрымліваць у належным становішчы адносна хваляў. Гэта першае. Другое ж слабае месца ў тым, што хвалі лёгка залівалі карабель, а вада, сьцякаючы ў трумы напаўняла іх, насычаючы адначасова і мяхі з зернем пшаніцы, што яшчэ больш узмацняла абцяжаранасьць карабля. Так што працавалі ўсе, выкідваючы тавары, а нават і розныя карабельныя прылады, якія бяруць з сабою ў марскія паходы.

Для добрага мараплаваньня патрэбны многія карысныя рэчы: ліны, дадатковыя ветразі і, асабліва, вельмі цяжкая грот-рэя, на якой трымаецца ў ніжняй частцы асноўны ветразь - грот. Дык вось, у цяжкую хвіліну выкідваецца за борт усё. І можна толькі ўявіць, як працавалі ўсе прысутныя на караблі, выцягваючы з трумаў і выкідваючы за борт намоклыя мяхі з зернем, а акрамя гэтага вычэрпчваючы ваду, якая пападала ў трумы. І ня дзіўна, што аслабелыя ад марской хваробы, галодныя людзі пачалі губляць усякую надзею збавіцца. А надзея, тым ня меньш, вяртаецца і весьнікам гэтае надзеі ёсьць апостал Павал.

Вада прыбывала, карабель асядаў усе ніжэй і ніжэй, калі на дванаццаты дзень зьнікла ўсякая надзея на збаўленьне. Да пагібелі заставалася толькі некалькі дзён і ніхто ім ужо ня быў здольны дапамагчы, нават і тады, калі б шторм раптоўна і прыпыніўся. Лука глядзеў на Паўла, як на апошнюю надзею. Ён нагадаў падобную падзею ў кнізе Ёны. Мора, і пры чым тое-ж, такая ж бура і тыя ж самыя дзеяньні маракоў: «Але Госпад падняў на моры моцны вецер, і зрабілася на моры вялікая бура, і карабель гатовы быў разьбіцца. І спалохаліся карабельнікі і заклікалі кожны свайго бога, і пачалі кідаць у мора паклады з карабля, каб аблегчыць яго ад іх; а Ёна апусьціўся ў нутро карабля, лёг і моцна заснуў». Яго дабудзіліся і дапытаўшыся ў чым справа, выкінулі за борт. У выніку шторм сьціх, а марская рыбіна атрымала сваю вячэру. Але Павал ня Ёна, бо не бяжыць ад Госпада, як гэта рабіў Ёна, каб не паслужыць Яму ў сталіцы паганаў Нінэвіі, а наадварот робіць усё, каб паслужыць Госпаду і прапаведаваць у Рыме. Ёну, за ягоныя словы, выкінулі ў мора, а на Паўла глядзелі з надзеяю, як на сваё выратаваньне.

Павал, стаўшы пасярод каманды і пасажыраў, даў ім напамін пра свае папярэднія словы, што ім нельга было адыходзіць ад Крыту, а потым, заклікаўшы усіх падбадзёрыцца, ён распавёў усім пра відзеж, у якім Госпад упэўніў яго пра тое, што ён дасягне Рыму, а ўсе тыя, хто быў з ім захаваюць свае жыцьці і ўсе яны будуць выкінутыя на нейкую выспу. Маракі, як бачыцца, пры ўсякім дрэйфу пільна назіраюць за глыбінёю пад караблём звычайным грузам на вяроўцы, каб не атрымаць непрыемнасьці ад нечаканага наскоку на мялізну ці на скальны бераг. Паўлавы відзеж - асноўны момант гэтай небясьпечнай прыгоды. Гэта як сьвятло, якое толькі толькі пачынае бачыцца і якое павінна прыйсьці ў-ва ўсёй сваёй паўнаце. Маракі і адзначылі, што глыбіня пад караблём пачала зьніжацца. Што гэта? Мялізна, нейкая выспа ці афрыканскае ўзбярэжжа? Таму і былі выкінутымі чатыры якары, каб раптоўна не наляцець на неспадзяваную перашкоду. Але.

Многіх хрысьціянаў вучылі і вучаць, што дастаткова мець веру - і ўсё будзе добра. Лука ж кажа: «Калі вы так думаеце, вы не разумееце, што азначае несьці крыж Хрыста, бо Дабравесьце пра ўкрыжаванага Хрыста накладае пячатку на жыцьцё дабравесьнікаў». Наогул, выява царквы як маленькага карабля ў жыцьцёвай буры, магчыма, яшчэ не была прадумана, але, ў некаторай ступені, Лука да яе ўжо і прыйшоў, калі абдумваў гэтыя радкі. Не чакайце лёгкага жыцьця, але маючы надзею ад Бога, працуйце разам з Богам і будзе дадзена вам. Бура ж ніяк не азначае, што шлях да вызваленьня марны, бо кажа толькі пра тое, што людзі, узяўшыя гэты крыж, павінны быць саўдзельнікамі перамогі на Галгофе: «Ня бойся Паўле! Ты мусіш стаць перад цэзарам, і вось, Бог дараваў табе ўсіх, што плывуць з табою». Але, на жаль, паверылі ў гэта ня ўсе, бо павінна было адбыцца самае агіднае.

Маракі, ад якіх залежала жыцьцёвае забясьпячэньне і рух карабля, вырашылі зьбегчы з яго на чаўне, які знаходзіўся на караблі. Павал жа прадбачыў і гэта, выказаўшы пра тое рымлянам, якія вырашылі гэтую праблему вельмі проста, калі паабсякалі вяроўкі ад чаўна. Падаецца вельмі цікавым словы Паўла да сотніка і жаўнераў: «Калі яны не застануцца на караблі, вы ня зможаце збавіцца». Якой жа моцнай была ягоная вера ў асабістые збаўленьне, што ён кажа: «Вы ня зможаце збавіцца». Але Павал памятаў і пра астатніх, таму і былі патрэбныя чалавечыя сродкі, каб зьдзейсьнілася Божае абяцаньне. Унесены хвалямі човен разбурыў планы здраднікаў і надзея на збаўленьне ўсіх захавалася. У выніку гэтага ўсе засталіся на караблі і ўсім трэба было спадзявацца на Бога Паўла і паслухацца самога Паўла.

Ён зьвярнуўся да ўсіх і прасіў прыняць ежу кажучы: «Сёньня чатырнаццаты дзень, як вы, чакаючы, застаяцёся ня еўшы і нічога не прыймаючы. Дзеля гэтага прашу вас прыняць ежу, бо гэта будзе дзеля вашага выратаваньня, бо нікому з вас волас з галавы не ўпадзе». Падаючы асабісты прыклад Павал, падзякаваўшы Бога і паламаўшы хлеб, пачаў есьці, чым абадзёрыў усіх астаніх. А гэтых астатніх, разам з Паўлам, было дзьвесьце семдзесят шэсць чалавек. Так кажа Лука і зусім недарэмна, бо, як бачыцца, выратаваньне ўсіх гэтых людзей - гэта цуд Божы. Трэба ж, для даведкі, адзначыць і тое, што гэты карабель ня быў з самых вялікіх параўнальна тагачасных марскіх суднаў. У параўнаньне гэтага можна сказаць, што гісторык Язэп Флавій плыў у Італію на караблі, дзе было шэсьцьсот пасажыраў. Невядома, колькі яшчэ грузу было на гэтым караблі, але колькасьць людзей на ім вельмі ўнушальная. Вяртаючыся ж на карабель Паўла і Лукі адзначым, што падсілкаваўшыся хлебам людзі, павыкідвалі застаўшуюся пшаніцу ў мора, каб, як мага болей, палегчыць карабель пры сустрэчы з незнаёмым берагам. Карабель, пад уплывам ветру, паціху зносіла да меркаванага берагу, што пацьверджвалася зьмяньшэньнем глыбіні за бортам. Жах па ранейшаму ахінаў сэрцы людзей, але цеплілася і надзея на спрыяльны вынік і, безумоўна, на словы апостала Паўла.

Нарэшце настаў дзень і перад імі адкрыўся доўгачаканы бераг. Карабель, павольна дрэйфаваў ля ўвахаду ў заліў, усё больш і больш апускаючыся ў ваду. Ніхто ня мог пазнаць гэтага месца, бо яны маглі апынуцца дзе заўгодна - ад Сіцыліі да Тунісу. Скалісты бераг зьлева перарываўся пяшчаным вусьцем невялікай ракі. Капітан вырашыўся на складаны, улічваючы незайздросны стан карабля, манеўр. Ён загадаў развязаць рулі і падняць якары, а потым, падняўшы малыя штармавыя ветразі, кіравацца да берагу. Спачатку ўсё было добра і карабель, хоць і цяжка, слухаўся каманду, а да берагу было ня больш чым кіламетар. Яшчэ крыху і яны падойдуць да чаканага берагу. Але хто ведаў, што скалы, што выдаваліся ў мора ядналіся з процілеглым берагам вузкай пяшчанай касой. Так і ня сталася ўсё простым, і выпрабаваньне для гэтых людзей яшчэ ня скончылася, бо карабель, не дасягнуўшы берагу, з усяго ходу наскочыў на гэтую мялізну, якая ўтварылася перад берагам падводнымі плынямі гэтага мора. Нос карабля ўвяз ў касу, падставіўшы карно пад моцныя ўдары хваляў неперапыняючага шторму. Прыбойныя хвалі з усёй сілаю абрынуліся на карно, разьбіваючы яго ў трэскі.

Карабель пакрысе разьбіваўся і трэба нешта было рабіць, каб дасягнуць берагу і застацца жывымі. Тым больш, што чаўна, на якім можна было вывозіць пасажыраў даўно ўжо няма. Сітуацыя вельмі ўскладнілася. Дзе ж выйсьце? Юлі, гледзячы на ўсё гэта ня меў ніякага сумненьня, што акрамя ягоных жаўнераў і каманды карабля, якая, безумоўна, асабіста здолела б выплысьці да берагу, перамагаючы прыбярэжны прыбой, многія з пасажыраў былі для гэтага няздольныя. І як жа быць з астатнімі, бо мала хто з іх валодаў навыкамі вопытных плаўцоў, а многія ня мелі гэтага. Як жа разумець усё гэта, калі Павал абяцаў збаўленьне ўсіх, хто быў на караблі? Але будзе Божы цуд, а цуд, як славу Божую, можна адчуць толькі ў нейкіх надзвычайных абставінах, якія, дарэчы, яшчэ больш абцяжарваліся рашэньнем рымскіх жаўнераў.

Жаўнеры вырашылі пазабіваць усіх вязьняў, каб хто, выплыўшы, ня ўцёк. Жорсткае рашэньне, але гэта ёсьць жаўнеры Рыма, а правілы Рыма вельмі жорсткія для ўсіх. Калі, хоць хтосьці з вязьняў зьбяжыць, дык жаўнеры згубяць і асабістыя жыцьці. Мы ж памятаем ахоўніка вязьніцы ў Філіпах, які намагаўся забіць сябе, уяўляючы зьбеглых вязьняў. Так працавала сістэма і тут не было месца жаласьці, бо Рым не рабіў ніякага патураньня людзям у крытычныя хвіліны. Але вось сотнік Юлі, які разумеў, што Павал самы незвычайны вязень, з якімі ён сутыкаўся, выратоўвае становішча. Ён вельмі рызыкаваў, забараняючы пастанову жаўнераў і аддаючы загад усім, як хто здольны, накіроўвацца да берагу. Рымскія жаўнеры ж, людзі дысцыплінаваныя, падпарадкоўваюцца загаду сотніка, ведаючы, што ўся адказнасьць, з гэтага часу, кладзецца на іхняга начальніка. Госпад жа Паўла выяўляе Сваю сілу, бо гэтак сталася, што ўсе ўратаваліся на зямлю. Што было пры гэтым на сэрцы апостала Паўла? Магчыма такія ці падобныя на іх паэтычныя словы: «Хай віруюць воды, гром грыміць. Над бурай мне з Табой спакойна быць. Мой Айцец, Ты Валадар над усёй зямлёй. Я не баюся, мой Бог са мной».


Рецензии