На Мальте

XXXIV. НА МЭЛІЦЕ

Бура закінула Паўла і ўсіх тых, хто быў на караблі, на выспу Мэліта - па сучаснаму Мальта. Жыхары Мэліты названыя ў Бібліі барбарамі, што па грэцкі азначала барбароі, зусім ня тое, што падаецца на першы погляд. Барбароямі грэкі называлі ўсіх тых, хто размаўляў на незразумелай мове, а не на «прыгожай» для іх грэцкай ці рымскай. Але, ўсё ж, лепш было называць іх тубыльцамі. Дык вось, гэтыя тубыльцы, назіраючы на тое, як выбіраюцца з марскіх хваляў пацярпелыя людзі, аднесьліся да іх вельмі сардэчна, калі распалілі вялікае вогнішча, каб тыя абсохлі і абагрэліся.

Крушэньне карабель пацярпеў ля выспы Мэліта, якая знаходзілася ў 100 км. на поўдзень ад Сіцыліі і мела вельмі добрае месцаразьмяшчэньне на марскіх гандлёвых шляхах. Утульныя бухты дазвалялі прыпыняцца тут марскім караблям, каб ажыцьцяўляць розныя задачы: ад рамонта такелажу да прытулку пад час восеньска-зімніх штармоў. Але карабель Паўла, адчуўшы на сабе ўсю моц восеньскага шторму, ня трапіў у бухту закрытую ад вятроў і яму дасталося месца, дзе шторм адчуваў сябе ў поўнай сіле. Прамоклы Лука, стоячы ўжо на беразе побач з Паўлам і Арыстархам, глядзеў на гэтае сумнае відовішча, калі мноства прамоклых людзей, забруджаных ілам і пенай, адубелыя ад холаду выбіраліся на гэты чаканы бераг. Уявіўшы ўсё гэта, можа ўзьнікнуць думка пра тое, што мора выкінула гэтых людзей, дзеля іншага спосаба пазбавіць іх жыцьця. Але Бог так ня робіць і таму, у свой час, Лука распавядзе, як па людзкі іх прынялі мясцовыя жыхары, калі распалілі вогнішча, каб тыя прасохлі і абагрэліся. Бог выканаў Сваё абяцаньне, а ці магло быць інакш? Не магло, бо, калі б хто-небудзь загінуў у моры ці, у хуткім часе на зямлі, абяцаньне Госпада магло б выглядаць недасканалым. А ці магчыма гэта ў дасканалага Бога?

І вось Павал. Лука зноў бачыў, што гэта ня толькі прароцкі чалавек, але ў вышэйшай ступені чалавек практычны, які ніколі не саромеўся выконваць звычайную і карысную працу. Ён бачыў Паўла яшчэ і вытрыманым чалавекам. Калі Павал дапамагаў падтрымліваць вогнішча, у адной са зьвязак гальля апынулася зьмяя, якая абудзілася ад жару і абвіла руку апостала. Цяжка сказаць ці быў пакусаны Павал, бо Лука бачыў толькі тое, што яхідна толькі прычапілася да рукі апостала. Найбольш верагодна, што Павал абтрос зьмяю ў агонь перш, чым тая здолела яго ўкусіць. Ды і ня так гэта бывае, што зьмяя, якая знаходзіцца ў сьпячцы, пры першым жа сутыкненьні з жарам, у той жа момант здольная кусаць сьмяротным ядам. У любым выпадку, Павал паводзіў сябе так, як быццам бы ўсё адбывалае ня мае да яго ніякага дачыненьня. Але жыхарам Мэліты гэта падалося цудам. Але не адразу.
Вырашыўшы, што яхідна пасьпела ўкусіць апостала, яны гаварылі паміж сабою, што, напэўна, гэты чалавек забойца і таму прысуд не дазволіць яму жыцьця. Але нічога ня здарылася і Павал працягваў быць ня толькі жывым, а і актыўна працаваць разам з іншымі, каб забяспечыць пацярпелым выратаваньне ад холаду і марской вады. Рэакцыя мясцовых жыхароў пераварочвалася ў адваротнае і яны пачалі лічыць яго богам. Лука ня бачыў рэакцыі на гэтае Паўла, але ён не сумняваўся, што, калі б ён зьвярнуў на гэтае ўвагу, дык яна была б аналагічнай той гісторыі, якая адбылыся з ім і Барнабаю ў Лістры. Як жа лёгка перамяняецца грамадзкая думка, пераходзячы ад адной крайнасьці ў другую. У Лістры яно перамянілася ад прынясеньня ахвяраў Паўлу і Барнабе да пабіцьця іх камянямі; зараз жа - ад абвінавачваньня Паўла ў забойстве да ўзьвялічваньня яго.

У той час начальнікам выспы Мэліт быў рымскі чыноўнік Публі, які валодаў надзелам зямлі як раз у тым месцы, дзе адбылося караблекрушэньне. Гэты багаты чалавек прыняў сотніка, разам з Паўлам і ягонымі сябрамі, пакінуўшы іх у сваім маёнтку на тры дні, пакуль яны не знайшлі для сябе годнага жытла, каб правесьці там гэтую зіму. Дабрыня Публія была ўзнагароджанай, бо цяжка хварэючы бацька рымскага начальніка быў аздароўлены малітваю апостала Паўла. Выпадкова выявілася, што бацька Публія вельмі хворы на дызэнтэрыю і мэлітыйскую ліхаманку. Лука ўзьняўся, каб пайсьці да хворага, але Павал прыпыніў яго і пайшоў наперад. Увайшоўшы да хворага, Лука памаліўся і ўсклаў на яго свае рукі. Хворы, пасьля малітвы Паўла, супакоіўся і заснуў. Назаўтра ж зранку, ён выйшаў да гасьцей і павітаўся. Усе бачылі перад сабой здаровага чалавека.

Вестка пра гэта хутка абляцела ўсю выспу і да Паўла пацягнуліся розныя хворыя, якія таксама атрымлівалі аздараўленьне. Трэба выказаць здагадку і пра тое, што лекар Лука таксама актыўна ўдзельнічаў у гэтым аздараўляльным працэсе, выкарыстоўваючы сваю прафэсійную медыцынскую практыку, што павінна было станоўча спрыяць на хрысьціянізацыю Мэліты. Галоўны горад выспы Валетта вельмі добра прыняў апостала і ягоных сяброў. Павал адчуваў тут сябе як дома. Зноў адбывалася звыклае служэньне, ад якога ён быў адарваны на значны час. Лука ня кажа пра тое, ці навярнуліся ў гэты час Публі і ягоны бацька, але безумоўна тое, што Павал і ягоныя сябры правялі тут вялікую эвангелізацыйную працу, бо Мальта сталася хрысьціянскай краінай, а тое месца, дзе Павал выйшаў на бераг выспы так і мае назву - Паўлава губа. Жыхары Мэліты сардэчна аддзячылі апостала і Луку рознымі падарункамі, а магчыма і грашыма, што, дарэчы, было вельмі неабходным для далейшага жыцьця ў Рыме.

У бухце Валетты зімаваў яшчэ адзін вялікі карабель з Александрыі і таксама з грузам зерня для Рыму. Праз тры халодныя месяцы, калі зіма ўжо саступала сваё месца вясне, навігацыя на моры аднавілася і зноў стала бясьпечнай. Сотнік Юлі, разам з жаўнерамі і вязьнямі, сеў на гэты карабель, які зімаваў на Мэліце. Упрыгожваньнем насавой часткі гэтага карабля і ягонай назвай былі Дыяскуры - двайняты Кастар і Палукс, якіх маракі-пагане шанавалі як багоў, што заступаліся за іх у марскіх вандроўках. Ад Мэліты гэты карабель прайшоў бяз усякіх цяжкасьцяў каля васьмідзесяці марскіх міляў да Сіракузаў, сталіцы Сіцыліі, якая стаяла на ўсходнім яе ўзбярэжжы. Карабель прастаяў там тры дні, каб потым працягнуць свой шлях да Рэгіі, якая знаходзілася не паўднёва-заходнім ускрайку Італіі - на наску «італійскага боту». Лука нічога ня скажа пра тамтэйшых хрысьціянаў, але іх не было і на Мэліце, калі Павал толькі ступіў на гэтую зямлю. Тое ж, як бачыцца, было і Сіракузах, але тры дні ня той тэрмін, каб наладзіць значную эвангелізацыйную працу. Хаця і гэта ня факт, бо мы ведаем, што Павал выкарыстоўваў нават і самую маленькую магчымасьць, каб пашыраць Божае Валадарства.

Нарэшце, на радасьць маракоў, падзьмуў спрыяльны паўдзённы вецер, які дазволіць караблю даволі хутка прайсьці яшчэ сто восемдзесят міляў на поўнач, уздоўж заходняга ўзьбярэжжа Італіі да Путэолаў. Вандроўка праходзіла без асаблівых прыгодаў. У рэшце рэшт Павал убачыў Неапалітанскі заліў, зьлёгку дымлівы Везувій і Пампэі, жыхары якога і не падазравалі тое, што ім заставалася 19 гадоў да катастрофы, калі палаючая лава ліне са схілаў Везувія. Няшчаснай Друзіле, той самай маладой жонцы Фэлікса, наканавана было згінуць у кашмары той жнівеньскай ночы, калі вулкан прачнуўся.

Карабель прышвартаваўся ў Путэолах, галоўным порце заліву, дзе Павал упершыню ступіў на зямлю Італіі. Менавіта сюды прыходзілі вялікія караблі з Александрыі, якія везьлі ў Рым зерне. Апостал, між тым, даведаўся ад цэнтурыёна Юлі, што ўсе прыходзячыя сюды караблі павінны былі спускаць ветразі пры ўваходзе на тэрыторыю порта. І толькі егіпецкія караблі ўваходзілі ў порт пры поўных ветразях, бо гэта было знакам таго, што з Александрыі прыбыў хлеб. Мужчыны і жанчыны з дзецьмі, бачачы поўныя ветразі, сьпяшаліся ў порт, каб вітаць гэтыя караблі. Павал адразу ж знайшоў тут хрысьціянаў і Юлі дазволіў яму тыдзень пабыць у братоў па веры, бо ведаў, што ў Рыме іх пакуль што не чакаюць. Ён даў Паўлу магчымасьць адчуць адносную свабоду, а што тычылася яго самога, дык ён проста жадаў правесьці яшчэ некалькі дзён з гэтым цудоўным чалавекам.

Гэты порт разьмяшчаўся на паўночным беразе Неапалітанскага заліву. Сам горад знаходзіўся прыкладна ў 240 км. на паўднёва-усходнім накірунку ад Рыму. Да гэтага трэба дадаць, што бліжэйшым портам для Рыма была Осьція, але вандроўнікі і гандляры часта зыходзілі на бераг у Путэолах, бо Осьція ня мела магчымасьцяў прыняць усе караблі, якія ішлі да Рыму. Путэолы - гэта прыморскі горад, які раскінуўся ў 10 км. ад Неапаля, але ня грэцкага, што каля Філіпаў. Гавань Путэолаў была найбольш значнай на заходнім беразе Італіі і менавіта для гандлю з усходнімі краінамі. Звычайна тут і разгружаліся гандлёвыя караблі, каб сухім шляхам дастаўляць розныя тавары ў сталіцу тагачаснага сьвету - Рым. Менавіта тут і высадзіў Юлі сваіх вязьняў, каб ісць далей у Рым.

Сем дзён у Путэолах далі сур’ёзную вестку хрысьціянам Італіі, бо ў невялікім мястэчку Апіева Плошча, якая была названая па імяні пабудаваўшага яго - Апія Кляўдыя, Паўла сустрэлі і праводзілі далей па шляху ў Рым, да якога заставалася каля 60 км. А да гэтага, з Путэолаў, Юлі з вязьнямі прыйшоў у маленькі гарадок Фарміе, дзе была арганізаваная стаянка і адпачынак. Пасьля адпачынку яны накіраваліся да Тэрачыну, а потым ўздоўж каналу, дзе перасоўваліся невялікія гандлёвыя судны, да Апіевай Плошчы. Далей, на шляху ў Рым, іх сустрэлі хрысьціяне мястэчка Тры Карчмы, якое знаходзілася ў 20 км. ад Апіевай Плошчы па шляху ў сталіцу імперыі. Тут сустракалі Паўла і хрысьціяне Рыму, што вельмі ўразіла і, адначасова, ўзрадавала Паўла. Два гады палону ў Цэзарэі, доўгая марская вандроўка - усё гэта не магло не стаміць энэргію апостала, і таму зразумела, як жыватворна было для яго спачуваньне і любоў італійскіх хрысьціянаў.

Сустрэча Паўла з хрысьціянамі Рыму была адным з самых сьветлых момантаў у жыцьці апостала. Пад час сваіх місіянэрскіх падарожжаў яму ня раз прыходзілася змагацца за сваё жыцьцё. Не адзін раз ён цярпеў паразы, адчуваў варожы ўціск, бачачы падступнасьць і злосьць сваіх непрыяцеляў. Але ніколі, і не на адзінае імгненьне, ён не прызнаваў сябе пераможаным, таму што заўсёды адчуваў сэрцам прысутнасьць Ісуса Хрыста. Так што гэтая сустрэча стала заслужанай узнагародай за часы барацьбы і пакутаў, якія давялося выпрабаваць апосталу. Лука ўбачыў гэтае імгненьне, калі вочы апостала сталіся вільготнымі ад сьлёз радасьці. Хрысьціяне ішлі побач з апосталам, быццам бы той ня быў вязьнем, але пераможцам. Яны ўзьнімалі дух Паўла, калі пераказвалі таму навіны з іхніх абшчынаў.

Шэсьце ішло па самай шматлюднай і знакамітай дарозе ў сьвеце. Кожны крок набліжаў апостала да ажыцьцяўленьня ягонай мары - убачыць на свае ўласныя вочы Вечны Горад! І няхай ён уваходзіць у Рым у якасьці вязьня, але гэта было трыумфальным уваходжаньнем - у атачэньні людзей, якія яго любілі і шанавалі. Лука адзначыў гэты момант, што любоў і шанаваньне – гэта тыя два пачуцьці, якія на ўсе далейшыя вякі застануцца побач з іменем апостала Паўла. Лука бачыў, як мясцовыя людзі, гледзячы на гэтую незвычайную групу на Апіевай дарозе, пыталіся ў Юлія: «Хто гэты чалавек?» Той жа адказваў цікаўным людзям: «Гэта Павал Тарсянін, які ідзе шукаць справядлівасьці ў цэзара».Такім чынам яны падыйшлі да Капенскае брамы, па зялёным каменьням якой працякала вільгаць з акведука, што праходзіў вышэй брамы. Шэсьце з Паўлам праціснулася скрозь натоўп, заўсёды існуючага каля брамы, прайшло міма рынкавых вазоў і пераносчыкаў тавару, калі, нарэшце, перад імі адкрыўся Рым.

Увесь гэты час, ад Путэолаў, Лука ішоў побач з сотнікам Юлі, які, не згубіўшы ніводнага чалавека з даручаных яму, набліжаўся да Рыму - канчатковай кропцы гэтага вельмі небясьпечнага, але і вельмі цікавага вандраваньня. Побач з Лукою крочыў ня проста цэнтурыён Юлі. Да Рыму набліжаўся хрысьціянін Юлі, які быў ахрышчаны асабіста Паўлам у прысутнасьці царквы Путэёлаў. Зацікаўлены Лука атрымаў адказы на свае пытаньні пра самога Юлі і пра ягоную службу.

Аўгустава кагорта - атрад адмысловага прызначэньня цэзара, які базаваўся на Палацінскім прыгорку. У складзе гэтай кагорты Юлі ўзначальваў службу імператарскіх кур’ераў - своеасаблівай вайсковай пошты. Кур’еры кагорты вызваляліся ад руцінных вайсковых абавязкаў і выкарыстоўваліся для асобных выязных даручэньняў. Атрад кур’ераў быў выдзелены ў асобную сотню і базаваўся на Цэлійскім прыгорку ў Рыме. Ён прыбыў у Цэзарэю з вельмі важнай дэпешай да Порцыя Фэста, чакаючы адваротнага даручэньня ад уладаў. Так ён пазнаёміўся з вязьнем Паўлам, прайшоўшы з ім увесь гэты займальны шлях і які стаў для яго, вайскоўца Юлі, братам у Хрысьце Ісусе.

Такім чынам Павал дасягнуў Рыму, да якога ён імкнуўся яшчэ ў Грэцыі, калі быў на Эгнацыйскім шляху. Ад таго да гэтага моманту прайшло ўжо шмат часу, але вось ён і дасягнуў таго, да чаго ён так імкнуўся. Сотнік Юлі перадаў вязьня вышэйшаму начальству з пісьменным дакладам, дзе ён засьведчыў адважныя паводзіны Паўла пад час марской катастрофы і той паслузе, якую ён аказаў жаўнерам, калі своечасова выкрыў змову маракоў карабля пад час шторму. Юлі паклапаціўся пра далейшы дабрабыт і месцазнаходжаньне Паўла, якога прынялі ў гарнізоне з падкрэсьленай ветлівасьцю. Цэнтурыён добра ведаў гэтыя мясьціны, а таму хутка знайшоў, у адпаведнасьці з пажаданьнямі і сродкамі апостала з сябрамі, годнае жытло. Яго ня вельмі будуць сьцясьняць у кожнадзённым жыцьці, але ён павінен быць пад наглядам жаўнера, каб па першаму патрабаваньню прыбыць у прызначанае месца. Час прыйшоў і Юлі, цёпла разьвітаўшыся з Паўлам і сябрамі, адбыў у сваім напрамку, атрымаўшы новы загад ад цэзара, а Павал пачаў сваё служэньне ў Рыме, як пра тое і казаў яму Ісус. Рым сустрэў апостала пачаткам красавіка 61 года і сёмым годам валадараньня цэзара Нэрона.


Рецензии