Суд Цезаря
Ніколі Павал ня бачыў такога вялікага гораду. Паміж сямі прыгоркаў гэтага гораду жылі больш за мільён вольных грамадзянаў і столькі ж рабоў. Вялікая колькасьць палацаў і паркаў уражвалі позірк прыезджага чалавека. Перад палацам Нэрона на Палацінскім прыгорке, рабы, пад кіраўніцтвам вытворцы работ, капалі катлаван для новага дзівоцтва імператара - штучнага возера пасярод гораду. Павал праходзіў па гораду, бачачы форум і велічныя грамадзкія будынкі. Яны ішлі з цэнтурыёнам Юлі, які ўладзіў усе фармальнасьці з Паўлам і зараз, разам з вызначаным для аховы апостала жаўнерам, набліжаліся да арэндованага дому побач з гарнізонам прэтарыянскай гвардыі ў паўночнай частцы горада. Невялікі дом сустрэў Паўла зелянінаю невялікага ж сада, што даваў цень і адносную прахалоду. Грукат калёсаў вазоў, падвозячых па начах прадукты з правінцый, безперапынны дзённы гоман, далёкі вечаровы роў натоўпу на спаборніцвах калясьніц ці гладыятарскіх бойках у цырку Максіма, задуха вялікага гораду - усё гэта не рабіла жыцьцё Паўла лёгкай і прыемнай. Апостал, да таго ж, знаходзіўся пад няспынным назіраньнем жаўнера і павінен быў выконваць вызначаны ўладаю рэжым. Але ён не сядзеў у турме і мог прымаць у сябе ўсіх, каго толькі жадаў. Сябры ж яго і памочнікі былі пры ім, а гэта азначала толькі тое, што Павал планаваў дзейнічаць, каб служыць Госпаду свайму Ісусу Хрысту. А пачаць ён вырашыў з таго, што запрасіў да сябе начальнікаў гебрайскай дыяспары ў Рыме, дзе было шмат гебраяў і дзясяткі сынагогаў.
Лука разважаў над усім гэтым, але як жа зразумець тое, што Павал пачынае сваю дзейнасьць з гебраяў, а не з хрысьціянаў, якіх у Рыме было таксама шмат? Дзіўная рэч, але куды б Павал не прыходзіў, ён пачынаў сваё служэньне, гаворачы спачатку з юдэямі. Так было ў Азіі, так было потым і ў Грэцыі. Але там, куды ён прыходзіў, яшчэ ня чулі пра Ісуса Хрыста і таму ён пачынаў сваю пропаведзь для людзей найбольш падгатаваных і ведаючых Пісаньне. Аднак жа Лука даўно ўжо ня чуў, каб Павал, па ранейшаму, служыў у сынагогах. У Рыме ж сітуацыя іншая і тактыка сваіх паводзінаў для Паўла істотна адрозьнівалася ад азійскай. Ён намагаўся любым коштам пазьбегнуць далейшых хваляваньняў сярод юдэяў адносна сябе. І не таму, што ён любіў спакойнае жыцьцё ці нечага баяўся. Лука добра ведаў, як адважна ён прапаведаваў Хрыста і як ён за гэта цярпеў, як ён адчуваў на сабе гнеў натоўпу і цялесныя пакараньні. Нават і мора не зламіла Паўла, а зараз ён сьмела ідзе на суд перад Нэронам. Справа была ў іншым. Павал ня жадаў правакацыяў адносна сябе, бо гэта магло крануць і іншых хрысьціянаў. Лука, як і Павал, добра памятаў, як цэзар Кляўды, з-за падобнага, выгнаў гебраяў з Рыму. Іншая справа, што Нэрон, прыйшоўшы да ўлады шэсьць гадоў таму, адмяніў гэтую пастанову і дазволіў юдэям быць у Рыме. Але, дзе гарантыі, што падобнае не паўторыцца?
Калі старшыні гебраяў прыйшлі да Паўла і расьселіся ў цені саду, ён, стоячы, зьвярнуўся да іх: «Мужы браты! Нічога не зрабіўшы супраць народу ці звычаяў бацькоўскіх, я выдадзены як вязень з Ерусаліму ў рукі рымлянаў. Яны, дапытаўшы мяне, хацелі вызваліць, бо ніякае сьмяротнае віны на мне не было. А як юдэі працівіліся, я быў змушаны прызваць суд цэзара, але не таму, што меўся ў чым вінаваціць народ мой. Дзеля гэтае прычыны я запрасіў вас, каб пабачыць і паразмаўляць. Бо за надзею Ізраіля я закаваны ў ланцугі гэтыя». Лука, слухаючы гэтую прамову, добра ўяўляў, чаму ён апынуўся тут у якасьці нявольніка і распавядае пра суд ў сынэдрыёне, а таксама перад Фэліксам, Фэстам і Агрыпаю, якія не знайшлі ў ім ніякае віны. А тое, што ён тут, дык гэта ягоная ініцыятыва ў адказ на жаданьне юдэяў забіць яго.
Павал ня ведаў іхняга настрою і якія зьвесткі прыйшлі да іх, адносна яго, з Ерусаліму і таму ён працягвае тое, што казаў і раней. Ён таксама юдэй і, хаця і верыць у Хрыста Мэсію, ніколі і ні ў чым не паграшыў супраць свайго народу. Так, Павал ніколі не прымушаў паганаў прымаць звычаі юдэяў, бо яны для іх і не прызначаліся. Але праўда і тое, што ён ніколі не процістаяў паганам, знаходзячыся ў юдэйскім асяродзьдзі, бо сам прымаў сярод паганаў тое, што было вызначана на Ерусалімскім саборы. Павал ніколі не сварыўся з юдэямі наконт звычаяў юдэйства, а калі і быў супраць, дык толькі з-за іхняй непрыязьні да паганаў. Сумленьне Паўла сьведчыла за яго ў тым, што ён выканаў свой абавязак перад юдэямі. Лука ведаў колькі Павал пацярпеў ад свайго ж народу, але юдэі заставаліся ягонымі братамі, якія павінны, разам з хрысьціянамі, супрацьстаяць цемры паганскага сьвету, а таму ім нельга сварыцца.
Адказ юдэяў, на думку Лукі, быў цікавым тым, што меў даволі ўніклівы характар. З аднога боку яны прызнаюць, што да сёньняшняга дня яны не атрымлівалі ніякіх прадпісаньняў з Ерусаліму, каб выступіць супраць Паўла перад імператарам і гэта, нейкім чынам, дзіўна, бо на працягу двух гадоў юдэі перасьледавалі Паўла ў Ерусаліме і Цэзарэі. Нават склалася цэлая група юдэяў, якія далі зарок ня есьці і ня піць пакуль не заб’юць Паўла. І гэта не было нейкай гульнёй, бо ў гэтай справе былі замяшаныя і першасьвятары, якія добра ведалі перамяшчэньні Паўла па Рымскай імперыі. Але чамусьці ня склалася і Павал не пачуў ад рымскіх юдэяў пагрозы з гэтага боку. З другога ж боку, яны ўпэўнілі Паўла ў тым, што ім вядома пра вучэньне хрысьціянаў, бо пра гэта шмат спрачаюцца, а многія гэтаму і працівяцца. Уяўлялася, што гэтым людзям было вядома пра хрысьціянства нашмат болей, чым яны кажуць апосталу Паўлу, бо, прыкладна дзесяць гадоў таму, гебраі былі выгнаныя з Рыму з-за хваляваньняў па хрысьціянскаму пытаньню. Але, слухаючы адукаванага гебрая, які апынуўся хрысьціянінам і які чакае суду цэзара, яны сутыкнуліся з цудоўнай магчымасьцю паглыбіцца ў вучэньне Паўла, каб зрабіць пэўныя высновы. Таму яны і напрасіліся на новую сустрэчу.
На другую сустрэчу з Паўлам юдэяў прыйшло яшчэ больш, бо вестка пра адукаванага гебрая і прапаведніка Паўла хутка распаўсюдзілася паміж мясцовымі юдэямі, сярод якіх хапала як зацікаўленых, так і дапытлівых людзей. Сустрэча і дыялог з Паўлам працягвалася з ранку і да вечара. Апостал выкладаў ім вучэньне пра Божае Валадарства і ўпэўніваў іх адносна Ісуса Хрыста, грунтуючыся на Законе Майсея і Прароках. Павал заклікаў іх зразумець, што пропаведзь пра Божае Валадарства складаецца ня толькі са сьмерці і ўваскрасеньнья Ісуса Хрыста, а яшчэ і з таго, што будзе ў будучым - пад час другога прышэсьця Хрыста на зямлю, каб канчаткова ўсталяваць Божае Валадарства. Эсхаталагічная, як па сэнсу так і па складу, пропаведзь Паўла не была зразумелаю юдэям. Вучэньне пра Мэсію, Які памірае збаўляльнай сьмерцю за грахі сьвету, а таксама думка пра апраўданьне па веры, як шлях уваходу ў гэтае Валадарства, гучалі вельмі дзіўна. І натуральна, што рэакцыя юдэяў на словы Паўла не была аднадушнаю, бо адны пераконваліся сказаным, а другія ня верылі пропаведзі. Павал казаў юдэям, што Бог Ізраіля, Бог - Творца, Бог Абрагама, запатрабаваў у Ісусе Свой пасад як Валадара сьвету - Валадара, у адносінах да Якога любая, нават і самая магутная, чалавечая ўлада - нішто. Але слухаючыя юдэі ўспрымалі тэму Божага Валадарства як тэма палітычную, што прадумаўляла значныя клопаты, а гэта практычным рымскім гебраям зусім не падабалася. І зусім не выпадкова, праз стагодзьдзе пасьля разбурэньня Храма, выказаў тую ж думку адзін юдэйскі рабін: «Лепш вучыцца і выконваць Закон, чым апынуцца ўцягнутым у размовы пра Валадарства, бо з гэтага клопатаў не абярэшся».
Юдэй з юдэяў Павал ведаў іхнія думкі і таму ён зьвярнуўся да прарока Ісаі, каб паставіць кропку ў гэтай размове: «Ідзі да народу гэтага і скажы: “Слыхам пачуеце, і не зразумееце; і, гледзячы, глядзець будзеце, і ня ўбачыце, бо атлусьцела сэрца народу гэтага, і вушамі з цяжкасьцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб ня ўбачылі вачыма і не пачулі вушамі, і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я іх аздаравіў”». Словы Паўла былі накіраваныя да юдэяў, якія былі дасьведчаныя ў Пісаньні, бо наўрад ці хто, прыйшоўшых да Паўла, ня ведаў гэтага. Апостал паказаў юдэям тое, што адбываецца ад часоў Ісаі і па сёняшні дзень. Слухаючы Лука падкрэсьліў у думках тое, што апостал прыпісвае словы Ісаі Сьвятому Духу, Які казаў бацькам іхнім праз прарока. Таямнічым чынам Божы план пра збаўленьне сьвету меў на ўвазе пакліканьне народу, праз якога вестка і план збаўленьня павінны былі дасягнуць усяго чалавецтва. Але гэты народ складаўся з людзей грэшных, якія, у рэшце рэшт, сказілі сваю высокую місію, патлумачыўшы яе вельмі эгацэнтрычна. Але ў Бога любімчыкаў няма, а гэта азначае толькі тое, што менавіта пагане атрымаюць Божае сьвятло збаўленьня. І гэтае сьвятло для паганаў павінна таксама стацца сьвятлом і для Ізраіля.
Юдэі пайшлі ад Паўла, спрачаючы паміж сабою, а ў жыцьці Паўла пачаўся вельмі напружаны час. Шасьцідзесяцігадовы апостал нястомна працаваў, прымаючы ўсіх прыходзячых да яго, прапаведаючы Божае Валадарства і вучачы пра Госпада Ісуса Хрыста: «Я, Павал, - вязень Ісуса Хрыста за вас, паганаў. Як вы чулі пра распарадкаваньне ласкі Божае, дадзенае мне дзеля вас, што паводле адкрыцьця Ён аб’явіў мне таямніцу, якая ў іншых пакаленьнях не была вядомая сынам чалавечым, як цяпер адкрыта сьвятым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа, што і пагане ёсьць суспадчыньнікамі, і адным целам, і супольнікамі абяцаньня Ягонага ў Хрысьце праз Эвангельле, якога я стаўся служыцелем паводле дару ласкі Божае, дадзенае мне дзеяньнем сілы Яго. Мне, найменьшаму з усіх сьвятых, дадзена ласка гэтая - сярод паганаў дабравесьціць пра недасьледнае багацьце Хрыстовае і зрабіць яўным для ўсіх, якое ёсьць распарадкаваньне таямніцы, што схаваная ад вякоў у Богу, Які стварыў усё праз Ісуса Хрыста, каб цяпер праз Царкву сталася вядомаю начальствам і ўладам у нябёсах разнастайнасьць мудрасьць Божая, паводле адвечнага вызначэньня, якое Ён зрабіў у Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым, у Якім маем адвагу і доступ з пэўнасьцю праз веру ў Яго. Таму прашу вас не журыцца з прычыны прыгнёту майго дзеля вас, бо гэта ёсьць слава вашая. Дзеля гэтага схіляю калені мае перад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста, ад Якога мае назоў усякае бацькоўства ў небе і на зямлі, каб Ён даў вам, паводле багацьця славы Сваёй, сілай умацавацца праз Духа Ягонага ва ўнутраным чалавеку, каб Хрыстос пасяляўся праз веру ў сэрцах вашых, каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, здолелі сьцяміць разам з усімі сьвятымі, што ёсьць шырыня і даўжыня, глыбіня і вышыня, і зразумець любоў Хрыстовую, якая вышэй за разуменьне, каб вам напоўніцца ўсёю поўняй Божаю. А таму, Хто сілаю, якая дзейнічае ў нас, можа зрабіць нашмат больш за ўсё, пра што мы просім або разумеем, Яму слава ў Царкве ў Хрысьце Ісусе па ўсіх пакаленьнях на вякі вякоў».
Перад апосталам стаяла ўсё тая ж задача, што стаяла перад ім кожны дзень пасьля сустрэчы з Госпадам каля Дамаску. Ён павінен набываць веруючых для Хрыста і гатаваць вучняў, якія будуць з Хрыстом і здолеюць працягнуць Ягоную справу. У Рым прыбывалі многія вандроўнікі з усіх бакоў сьвету і Павал ніколі ня ведаў, хто прыйдзе да яго наступным днём і ў якую зямлю пойдзе Добрая Вестка з ягонымі новымі сябрамі. Ніхто не выходзіў адсюль абыякавым. Нават і тыя, чыё сэрца не кранула вестка пра Ісуса Хрыста бачылі ў гэтым доме ўвагу і чыстую радасьць, якая лунала ў паветры гэтага месца. Павал не састарэў духам і не ачарсьцьвеў сэрцам. Усе бачылі перад сабою добрасардэчнага і ветлівага сталага чалавека. Ён ня крыўдзіўся на крыўдзіцеляў, але імкнуўся падтрымаць слабых і ўмацаваць маючых сумненьне.
Рымляне бачылі, што Павал жыве згодна тым прынцыпам, пра якія ён пісаў ім яшчэ за тры гады да свайго прыезду, што часта і паўтараў ім тут, у Рыме: «Братняя любоў адзін да аднаго няхай будзе ад усяго сэрца, у пашане адзін аднаго выпярэджвайце; у дбаласьці не лянуйцеся; духам палайце; Госпаду служыце; у надзеі радуйцеся; у прыгнёце будзьце вытрывалымі; у малітве сталымі; у патрэбах сьвятых бярыце ўдзел; імкніцеся да гасьціннасьці. Дабраслаўляйце тых, якія вас перасьледуюць, дабраслаўляйце, а не кляніце. Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача. Думайце між сабою аднолькава; не ўзьвялічвайце саміх сябе, але пакорнымі захапляйцеся; ня будзьце мудрымі самі праз сябе. Нікому не аддаючы ліхотай за ліхоту, дбайце пра добрае перад усімі людзьмі. Калі магчыма для вас, мейце супакой з усімі людзьмі. Ня помсьціце за сябе, улюбёныя, але дайце месца гневу, бо напісана: «“Мне помста, Я аддам”, - кажа Госпад”. Дык, калі вораг твой галодны, накармі яго; калі смагне, напаі яго; бо робячы гэтае, зьбярэш яму на галаву вугольлі распаленыя. Ня будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром»
Гледзячы на Ісуса, ён не падкрэсьліваў чалавечыя недахопы, але казаў пра іхнія магчымасьці, ён не асуджаў блізкіх, калі толькі яны не здраджвалі Госпаду. Але і ў гэтым выпадку ён, будучы прынцыповым чалавекам, ніколі не пазбаўляў грэшніка надзеі і, з цягам часу, уцешваў ды ўмацоўваў яго. У гэтым доме знаходзілі надзею, а гнеў і расчараваньне зьнікалі тут бяз сьледу. Мацней, чым калі-небудзь, адчуваў Павал усю нязначнасьць і слабасьць чалавечай асобы, як і тое, што Бог выбраў яго, найменьшага з апосталаў, для пропаведзі Свайго дабраславеньня. І гэта, у ягоных вачах, быў вялікі цуд. Ён бачыў і радаваўся гэтаму кантрасту паміж веліччу Пасланьня і нікчэмнасьцю пасланьніка - быццам бы самага слабога чалавека ўзброілі моцнай і невядомай зброяй.
Аднойчы ранкам, ён размаўляў са сваім дзяжурным вартаўніком, які гатаваўся перадаць варту іншаму жаўнеру, які прыйшоў не адзін, а з некалькімі яшчэ зацікаўленымі вайскоўцамі, каб паслухаць гэтага незвычайнага прапаведніка. Павал ужо ведаў тое, што хоча ім распавесьці, але не сьпяшаўся з гэтым пакуль не падыйшлі ягоныя сябры. Калі ўсе зручна ўладкаваліся вакол апостала, ён, пасьля невялікай паўзы, прапанаваў прысутным тэму свайго разважаньня, зьнешне ня вельмі знаёмай грамадзянскім, але вельмі добра знаёмай вайсковым асобам.
Уварваньне. Кожны, хто хоць крыху знаёмы з гэтым вайсковым тэрмінам, разумее ўсю цяжкасьць выкананьня падобнай аперацыі, калі нападаючы бок сутыкаецца з добра ўмацаваным ворагам. Патрэбна вялікая канцэнтрацыя людзкіх і матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў з разуменьнем непазьбежнасьці вялікіх стратаў з боку нападаючага. Каб атрымаць посьпех у гэтай справе, трэба стварыць значную перавагу адносна варожай абароны. Так адбываецца ў гэтым грэшным сьвеце сярод людзей і краінаў. Але навошта мы ўзгадваем пра гэта?
У пэўным сэнсе гэта падобна на найвялікшае ўварваньне ў гісторыю разьвіцьця чалавецтва, якое стварыў Бог Сваім рашэньнем. Пад час вялікай сусьветнай бітвы паміж дабром і злом, Ён вырашыў разабрацца з панаваньнем у сьвеце д’ябла. Сын Божы уварваўся ў наш сьвет, але без вялікай падтрымкі вялікіх войскаў. Наадварот, Ён усё зрабіў так, што чалавечая мудрасьць апынулася ў вялікім замяшальніцтве і атрымала паразу. Якім жа было гэтае ўварваньне? Настолькі ціхім, што толькі адзінкі зразумелі тое што адбываецца. Маці Ісуса ведала, што ў яе нутрыне знаходзіцца дзіця, хаця ніколі не была з мужчынай. Яна даведалася пра гэта ад анёла, які сказаў ёй, што яна прыме ў сваю нутрыну Сына Божага. Многім складана паверыць у бязгрэшнае зачацьце, такім, дарэчы ад пачатку, быў і Язэп, які, узрушаны сэрцам, не паверыў Марыі, пакуль асобна не атрымаў слова ад Госпада. Менавіта Бог, Які словам Сваім стварыў сусьвет, стварыўшы потым і чалавека, безумоўна меў магчымасьць выбраць такі спосаб адкрыць Сябе праз гэтую дзеву сілаю Сьвятога Духа. І гэта вельмі важны момант ня толькі для сусьветнай гісторыі, але і для нашага ўсьведамленьня. Нарадзіўшыся ў граху, Ісус ня мог бы стаць Збаўцам усіх людзей, бо ў такім выпадку Ён памёр бы на Крыжы за Свае, а не выключна за нашыя грахі. Толькі цалкам бязгрэшны Збаўца мог панесьці на Сабе ўсе нашыя грахі, а гэта азначае толькі тое, што Айцом Ісуса мог быць толькі Бог і ніхто акрамя Бога.
Вяртаючыся ж у час нараджэньня Ісуса, і гледзячы на народ Ізраіля, можна адзначыць, што большасьць з гэтага народу чакала мэсіянскага ўварваньня, падобнаму таму – вайсковаму. Гэта павінна было быць громкай заваёваю Божага войска, што лязом сваіх мечаў прынясуць волю народу Ізраіля. Але так ня сталася, а Сам Ісус увёў у немалое замяшальніцтва тых людзей, якія атачалі Яго, сказаўшы пасьля посту ў пустыне: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае: “Навярніцеся і верце Эвангельлю”». Дык ці гэта і ёсьць той час, якога заўсёды чакалі гебраі? І ці будзе воля? І кім быў гэты плотнік і сын плотніка з Назарэту, каб абвяшчаць тое, што наблізілася Валадарства Божае? Але Ён абвесьціў і тым самым пачаў Сваю працу па ўсталяваньню валадараньня Госпада на зямлі. Спачатку праз Сваё асабістае служэньне, а потым спосабам мірнай заваёвы праз Царкву, якую Ён усталяваў у сьвеце. Недарма ж Ён казаў Пятру пры Сваім арышце: «Вярні меч твой на месца ягонае; бо ўсе, што ўзялі меч, ад мяча загінуць. Ці ты думаеш, што я ня маю сілы цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён паставіць побач Мяне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў? Як жа споўніцца Пісаньне, што гэтаму мусіць стацца?»
Дванаццаць легіёнаў анёлаў скрышылі б у момант любую імперыю прыгнятальнікаў, але ня гэтае было ў Божым плане. Менавіта Царкве Госпада вызначана было несьці далей Божае адкупленьне, аж да моманту другога прышэсьця Ісуса Хрыста ў сіле і славе да Сваёй Царквы. І гэта ёсьць сапраўдная і вечная перамога Госпада, якая пачалася такім своеасаблівым уварваньнем у гэты сьвет і якая нашмат большая любых, нават і самых вялікіх, вайсковых перамогаў сярод людзей. Бо перамогі людзей – зьява часовая, а перамога Госпада – вечная.
Ісус быў Сынам Божым, але Ён быў і чалавекам, бо быў народжаны жанчынай. Яго чалавечая сутнасьць ярка выявілася ў тую ноч перад арыштам, калі Ягоныя вучні, нягледзячы на просьбу Ісуса чуваць і маліцца, пазасыналі. Там Ён прасіў Бога пра тое, каб Яго абмінуў гэты жудасны келіх, калі б была на гэта воля Айца. Але, як бачна з усяго служэньня Ісуса, Ён дакладна ведаў тое, пра што сказаў Бог – Яму мелася стаць «мужам скрухі». Ён добра ведаў, дзеля якой місіі прыйшоў у гэты сьвет, хаця, як чалавек, аддаваў перавагу пазьбегнуць укрыжаваньня, але разумеў, што павінен быць асуджаным. Такім чынам, ні ў чым не павінны, праведны і высакароднейшы з людзей, з усіх калі-небудзь жыўшых у сьвеце, трыццаці трох гадоў ад нараджэньня, быў асуджаны да сьмяротнага пакараньня пад крыкі натоўпу: «Няхай будзе ўкрыжаваны». У гэтым і ёсьць пэўная калізія. Бог вырашыў уварвацца ў наш сьвет асобаю Свайго Сына. Ён зрабіў так, каб збавіць грэшных людзей. Ён даў нам Сына, каб мы сталі сьвятымі.
Бог зьявіўся не пад грукат вайскоўцаў пад Сваім кіраўніцтвам, а ў асобе Ісуса, Які ня меў нічога. Калі Ён нарадзіўся, Яго паклалі ў запазычаныя ясьлі, прызначаныя для харчаваньня жывёлы. Ён уваходзіў у Ерусалім верхам на запазычаным асьле, а пасьля Ягонай сьмерці Ён быў пахаваны ў запазычанай магіле. Але сіла і сутнасьць Божага ўварваньня ў наш сьвет нашмат перавышае, па сваёй значнасьці, ўсе астатнія ўварваньні ў гісторыі чалавецтва разам узятыя. Божае ўварваньне зацьвердзіла магчымасьць Божага кіраўніцтва ў кожным чалавечым сэрцы і паклала пачатак справе вяртаньня нашага сьвету ва ўладараньне Бога. Амэн!
Жаўнеры, якія назіралі за Паўлам па абавязку службы, прысутнічалі пры ягоных бяседах з сябрамі, сустрэчах з незнаёмымі людзьмі і ягоных малітвах. Яны адчувалі ўнутраную сілу гэтага незвычайнага вязьня і, у сувязі з гэтым, асабісты дотык да вечнасьці. Павал, стоячы на каленях, у думках знаходзіўся з хрысьціянамі Азіі, Македоніі, Ахаі, Кіпру і Мальты, ды і каля ўсіх сваіх братоў і дзяцей Божых. І жаўнеры, у цішыні малітвы, чулі словы Паўла: «Трывайце ў малітве, чуваючы ў ёй з падзякаю; молячыся таксама і за нас, каб Бог адчыніў нам дзьверы слова абвяшчаць тайну Хрыстовую, дзеля якой я зьвязаны, каб я выявіў яе так, як мушу пра яе казаць. У мудрасьці хадзіце з тымі, што вонкі, выкупляючы час. Слова вашае няхай будзе заўсёды ў ласцы Божай, прыпраўленае сольлю, каб вы ведалі, як кожнаму адказаць». За многіх прасіў ён, уваходзячы наколькі магчыма, у іхнія патрэбы і абставіны. Павал маліўся заступніцкай малітвай адзін і з разам з Лукою ды Арыстархам, а таксама і з іншымі братамі, якія прыходзілі да яго.
Лука, назіраючы за размовамі Паўла з жаўнерамі і бачачы, што зерне веры, пасеяныя у гэтыя суровыя сэрцы, даюць, у некаторых з іх, пэўныя ўсходы, распавёў апосталу гісторыю пра рымскага сотніка, які праходзіў сваю службу ў Галілеі пад час служэньня Ісуса Хрыста. І пачыналася гэтая гісторыя так: «У аднаго ж сотніка слуга, якога той цаніў, быў хворы пры сьмерці. Пачуўшы пра Ісуса, ён паслаў да Яго старшыняў юдэйскіх прасіць Яго, каб прыйшоў аздаравіць слугу ягонага. І яны, прыйшоўшы да Ісуса, дужа прасілі Яго, кажучы: “Ён варты, каб Ты зрабіў для яго гэтае, бо ён любіць наш народ і пабудаваў нам сынагогу”. Ісус пайшоў з імі. А калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік прыслаў да Яго сяброў сказаць Яму: “Не турбуйся, Госпадзе! Бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, бо і сябе самога не палічыў вартым прыйсьці да Цябе. Але скажы слова, і будзе аздароўлены слуга мой”». Павал жа, слухаючы гэтыя словы, разважаў пра тое, што кожнае месца Пісаньня, дзе гаворыцца пра Госпада - вельмі каштоўнае. Там дзе Слова Бога, менавіта там і пачынаецца ўсьведамленьне Божай праўды, а таксама і ўсьведамленьне асабістай сваёй грахоўнасьці. Мы бачым сотніка, які пачуў пра Ісуса і які прыдбаў надзею на Госпада, каб атрымаць аздараўленьне для свайго слугі. Слуга сотніка хворы, можа і безнадзейна, але сотнік ужо чуў пра Госпада Ісуса, Які, на той момант, стварыў ўжо не адзін цуд. Сотнік пачынае верыць у тое, што толькі Ісус можа аздаравіць слугу і пазбавіць яго сьмерці. Слуга сотніка, як мы ўяўляем, быў добрым чалавекам. Як і сотнік, які ня хоча зьмірыцца са сьмерцю слугі, бо таму і пасылае юдэйскіх старэйшынаў да Ісуса. Зьдзіўлены Ісус прамовіў да натоўпу, які ішоў за Ім: «Кажу вам, што нават у Ізраілю не знайшоў Я гэткае веры». У выніку ж пасланыя, вярнуўшыся ў дом сотніка, знайшлі хворага слугу паздаравеўшым.
Сотнік пасылае да Госпада. І гэты шлях верны. Ён не паслаў за лепшымі лекамі ад чалавека, але паслаў да Госпада. І ў гэтым мудрасьць, бо надзея на людзей можа ня даць выніку. Уявім сабе, што нехта з нас пасьпадзяваўся на чалавека, які паабяцаў нам паспрыяць у нашай вельмі «балючай» справе. Які можа быць вынік? Можа і ніякі, бо чалавек сёньня ёсьць, а заўтра яго можа і ня быць. Сьмерць, хвароба ці што яшчэ. Усё гэта можа перашкодзіць нашым планам выправіць тое ці іншае становішча, у якім мы раптоўна апынуліся. Паглядзем жа на сотніка і будзем рабіць так як ён - спадзявацца на Госпада, бо іншага ня дадзена і ў гэтым мудрасьць. Гэта ж ня кажа пра тое, што мы павінны адмаўляцца ад лекаў і дапамогі лекараў, але галоўная дапамога ёсьць ў Хрысьце Ісусе. Сотнік не спадзяваўся на людзей, але спадзяваўся на Госпада. Вынік гэтага спадзяваньня, як веры, аздараўленьне вернага слугі. Дык будзем спадзявацца на Госпада і ўсе мы. Ў-ва ўсіх сваіх справах і ў-ва ўсіх сваіх надзеях. Госпад вялікі і ў Ім нашая надзея і нашая перамога. У-ва ўсім.
Многія старыя знаёмыя зноў убачылі Паўла, Луку і Арыстарха. Адным з іх быў Ян Марк, які калісьці не падтрымаў іхняй вандроўкі ў Галятыю і, тым самым, пасварыў Паўла з Барнабаю. Шляхі іхнія ў той час, у непрыемнасьці, разыйшліся, але зараз апостал сардэчна вітаў Марка, бо даўно ўжо прабачыў яго. Павал, у прысутнасьці Лукі, з вялікай зацікаўленасьцю слухаў ад Марка навіны Юдэі, але найбольш зацікавіла яго чытаньне сьвіткаў Марка пра жыцьцё і дзейнасьць Ісуса Хрыста. Лука, як дарэчы і Павал, задаваў шмат пытаньняў Марку пра Ісуса, а той, бачачы непадробны інтарэс да ягонай працы, з задавальненьнем адказваў ім. Цімафей і Тыхік ужо былі з Паўлам, калі зьявіўся Ян Марк. Апостал пазнаёміў Марка і з новым супрацоўнікам - Анісімам, які прыйшоў у Рым з Калосаў і дапамагаў прапаведнікам у іхняй працы. Павал распавёў Марку пра гэтага Анісіма вельмі цікавую гісторыю. Гэта быў беглы раб, які, прыйшоўшы ў Рым і пабадзяўшыся тут у пошуках лепшай долі, прыйшоў да Паўла з пытаньнямі і застаўся каля яго. Ён стаў хрысьціянінам, але ня меньш цікавым было тое, што Анісім апынуўся рабом Філімона - вучня апостала, якога Павал хрысьціў у Эфэсе. Павал вельмі палюбіў стараннага Анісіма, які стаўся для ўсіх братам, але яго вельмі непакоіла і тое, што гэтага стараннага вучня магло ў будучым чакаць сур’ёзнае пакараньне за свой пабег ад гаспадара. Апостал маліўся за Анісіма і быў упэўненым у тым, што Госпад падкажа яму выйсьце з гэтай непрыемнай сітуацыі.
Павал заўсёды з задавальненьнем адказваў на розныя пытаньні, што прыносілі да яго розныя людзі, якія прыходзілі, каб пачуць знакамітага прапаведніка. Але яго найбольш кранула пытаньне групы зацікаўленых рымлянаў, што ўжо ня першы раз прыходзілі да апостала, які добра бачыў гэтыя сэрцы, якія прагнуць Хрыста. І вось зараз, калі ціхі вечар вызваляў ужо зямлю і людзей ад сонечнай сьпякоты, ён сустрэў іх ва ўтульным дворыку, прапанаваўшы разьмясьціцца каля даволі вялікага зялёнага дрэва, што верна служыла ўсім, хто хаваўся пад ім у сьпякотныя часы. Павал старанна гатаваўся да гэтае размовы, разумеючы вялікую важнасьць першых крокаў хрысьціянскага шляху. Лука, Арыстарх, Ян Марк, Тыхік, Цімафей ды некалькі прысутных жаўнераў прыядналіся да гэтага вечаровага сходу, прадчуваючы цікавую тэму хрысьціянскага ўзрастаньня ў веры ад свайго настаўніка. Прысутныя моўчкі і ўважліва сачылі за апосталам, які, як заўсёды ўзьняўшыся, абвесьціў да іх тэму свайго выступу. Ён будзе ім казаць пра той шлях да веры, які так ці інакш праходзіць кожны хрысьціянін.
Існуе адна загана, ад якой ні адзін чалавек у сьвеце ня вольны і, звычайна, ня вельмі заўважаючы гэта ў сабе, ненавідзіць праявы гэтае заганы ў іншых. Імя гэтае заганы - ганарыстасьць ці ганарлівасьць. Уласьцівасьць жа гэтай хваробы ў тым, што яна мае процілеглы характар адносна хрысьціянскай пакоры. П’янства, гнеў, прагнасьць ці што падобнае - дробязі ў параўнаньні з ёй. Менавіта ганарыстасьць зрабіла д’ябла д’яблам і менавіта яна прыводзіць чалавека да ўсіх іншых заганаў, уводзячы грэшніка ў стан варожасьці да Бога. Ад пачатку сьвета ганарыстасьць – гэта галоўны чыньнік няшчасьцяў кожнай сям’і і цэлых народаў. Цікава заўважыць тое, што некаторыя іншыя заганы здольныя нават і аб’ядноўваць людзей. П’яніцы ды распусьнікі так і робяць, але ня так у ганарыстых, бо гэтая загана заўсёды нараджае варожасьць. І ня толькі паміж людзьмі, але і, а гэта галоўнае, паміж чалавекам і Богам. Калі чалавек ганарысты, дык Бог яму наогул недаступны. Бог – гэта бясконца моцная і велічная сіла, у параўнаньні з якой мы бясконца малыя ды нікчэмныя. Але, калі чалавек ганарлівы, дык ён глядзіць на рэчы і людзей пагардліва, як быццам з вышыні, а таму ён ня здольны заўважыць Таго, Хто над ім. Такі чалавек не разумее, што іншыя грахі маюць, у сваёй аснове, жывёльную прыроду, хаця і прыходзяць ад д’ябла, але ганарыстасьць прыходзіць да чалавека непасрэдна з пекла. Маючы духоўную прыроду, узьдзяньне яе на чалавека больш вытанчана і сьмяротна. Недарма паганскія настаўнікі заклікаюць выкарыстоўваць ганарлівасьць, падмяняючы гэтае слова самапавагай, каб выправіць свае паводзіны і пераадоліць у сабе некаторыя заганы: напрыклад распуснасьць, п’янства, нястрыманасьць ці гвалт. Атрымліваецца, што ўсе падобныя заганы задушаныя самапавагай, а таму ганарлівасьць толькі ўзмацняецца і выходзіць на новую вышыню. Д’ябал пляскае ў далоні.
Павал прысеў на лаўку і, пасьля невялікай паўзы, працягнуў сваё пасланьне ў цішыню прысутных: «Калі хто з вас ужо ступіў на гэты шлях да хрысьціянскае веры, няхай будзе зроблены першы і вельмі важны крок – усьведамленьне асабістай ганарлівасьці, бо бяз гэтага далейшы шлях папросту немагчымы. Бо, калі хто думае, што ён не ганарысты, дык на самой справе ён ганарысты. Калі ж будзе гэтае ўсьведамленьне, дык Госпад, бачачы ўсё гэта, дасьць вам вызваленьне і ад іншых заганаў, якія падпарадкоўваюцца ганарыстасьці». Працягваючы, апостал узьняўся на сваё ранейшае месца перад слухачамі, якія ўважліва слухалі свайго настаўніка.
Міласэрнасьць. Гэта ня толькі дапамога бедным, але любоў у хрысьціянскім сэнсе. І гэта ня толькі эмоцыі ці стан пачуцьцяў, а хутчэй за ўсё стан волі, бо нам яна падаецца натуральным у адносінах да саміх сябе, а мы павінны навучыцца набыць яе ў адносінах да іншых. Трэба добра ўсьвядоміць адну простую рэч. Калі вы аказалі нейкую паслугу нейкаму чалавеку ня дзеля таго, каб дагадзіць Богу і падпарадкавацца закону міласэрнасьці, але дзеля таго, каб паказаць, які вы добры чалавек, чакаючы, дарэчы, адказу на ваш учынак, дык урэшце будзеце з гэтага расчараваныя, бо вы ня зможаце падмануць гэтым ня толькі Бога, але і чалавека. Але кожны раз, калі мы робім добрае іншаму толькі таму, што гэты чалавек таксама створаны (як і мы з вамі) Госпадам і што мы жадаем яму шчасьця таксама як і сабе, мы вучымся любіць гэтага чалавека болей чым раней. Гэта даспадобы Госпаду, а значыць мы выбралі правільны шлях. Трэба аднак жа разумець, што ніхто з людзей ня ў стане ўвесь час адчуваць пабожныя пачуцьці да іншых людзей. Але галоўнае ў тым, што Богу патрэбныя па-перш не пачуцьці, бо хрысьціянская любоў і да Бога, і да чалавека – гэта валявы акт, бо намагаючыся выканаць Ягоную волю, мы выконваем Ягоную запаведзь: «Палюбі Госпада Бога твайго». Любоў ад Бога і Ён нам яе дасьць, калі ўбачыць нашыя намаганьні па выкананьні Ягонай волі. Мы ня здольны штучна выклікаць любоў у сабе ці патрабаваць гэтага пачуцьця, як чагосьці належнага. Трэба ж памятаць, што нашыя пачуцьці зьяўляюцца і зьнікаюць, тады як любоў Бога да нас нязьменная. Яна не зьнікае з-за нашых грахоў ці абыякавасьці. Яна непахісная ў сваёй рашучасьці ацаліць нас ад гэтых грахоў, чаго б гэта нам не каштавала і чаго б гэта не каштавала Яму.
Сонца аддавала свае апошнія прамені гэтаму дню, хаваючыся на захадзе за горы выспы Корсіка. Але слухачы Паўла не заўважалі гэтага, захоплена слухаючы свайго настаўніка.
Надзея. Гэта дабрадзейная катэгорыя ў гэтым сьвеце, а значыць тое, што павінна быць у сэрцы кожнага хрысьціяніна. Самое жыцьцё хрысьціяніна павінна быць накіраваным на тое, каб палепшыць гэты сьвет, а таму, у сваім жыцьці і дзейнасьці, трэба глядзець на Божыя пастановы, бо калі ты будзеш кіравацца Нябёсаў, дык атрымаеш у дадатак і зямлю, а калі будзеш клапаціцца толькі пра зямныя справы, дык не дасягнеш нічога. Хрысьціянін павінен быць старанным у надзеі і, з аднога боку, ня быць няўдзячным за зямныя выгоды, а з іншага боку ніколі не прымаць іх за тую праўду, чыім падабенствам ці водгукам яны на самой справе і зьяўляюцца. Хрысьціянін павінен захоўваць у сабе імкненьне да сапраўднага сьвету, які ён набудзе пасьля сьмерці. Ён ня можа дапусьціць, каб гэты сьвет зьнік ці каб ён прайшоў міма яго. Задача набыць гэты сьвет, і дапамагчы ў гэтым іншым, павінна стаць асноўнай мэтаю хрысьціяніна. І гэта ёсьць яшчэ адна складаючая веры. Але, што ёсьць вера? Павал добра ведаў пра тое, што хрысьціяне, асабліва на пачатку свайго хрысьціянскага шляху, завуць верай. Ён бачыў гэта ў Дамаску, Арабіі, на схілах Таўра, у Македоніі і ў шмат яшчэ якіх іншых месцаў гэтага сьвету. Бачыць ён гэта і тут, у Рыме. Першапачатковая ступень веры азначае простае прыняцьце хрысьціянскага вучэньня ці прызнаньне яго верным, што, па сутнасьці, нескладана. Але вера павінна захаваць сябе незалежна ад пераменаў нашага настрою, бо калі мы не навучымся ўтаймоўваць наш настрой, мы ня будзем сапраўднымі хрысьціянамі. Менавіта таму нам належыць выхоўваць і даваць разьвіцьцё ў сабе навыкам Веры.
Першы крок да гэтага – усьведамленьне пераменлівасьці нашага настрою. Наступны крок, калі мы ўжо стаім на шляху хрысьціянства, - паклапаціцца пра тое, каб нейкі час кожнадзённа думаць пра асновы хрысьціянства, таму што штодзённая малітва, духоўнае чытаньне і наведваньне царквы – гэта неабходныя складаючыя хрысьціянскага жыцьця. Нам патрэбны заўсёдны напамін пра тое, у-ва што мы верым, каб захаваць і ўмацаваць нашую веру. Але шлях веры толькі пачынаецца і гэты крок даволі цяжкі. Каб зразумець яго, мы павінны азірнуцца на тэму пакоры, якая ёсьць усьведамленьнем сваёй асабістай ганарлівасьці, бо наступны крок – гэта стараннасьць сур’ёзна крочыць за хрысьціянскімі дабрачыннасьцямі. Гэта няпроста, бо ні адзін чалавек ня ведае наколькі ён дрэнны, пакуль па-сапраўднаму не паспрабуе быць добрым. Тыя, хто пярэчыць спакусе, ведаюць яе сапраўдную сілу.
Сапраўдную сілу рымскага войска можна адчуць толькі змагаючыся супраць яе, а не здаючыся ёй ў палон. Сілу ветра можна адчуць толькі ідучы супраць яго. Мы ніколі ня зьведаем сілу дрэннага пачынаньня ў сабе, пакуль не паспрабуем процістаяць ёй. Ісус Хрыстос – гэта адзіны чалавек у сьвеце, Які ніколі не паддаўся спакушэньню, адзіны, Хто ведае сапраўдную сілу спакушэньня. А што мы? Самае лепшае для нас – гэта прызнаць, што мы ня здольныя крочыць сапраўдным дабрачынным шляхам. Бог бачыць усё і чакае таго моманту, калі ўбачыць гэтае самае прызнаньне, каб умацаваць нас. А далей усё яшчэ больш цікава, бо калі мы зразумеем, што ўсякая здольнасьць, якая ў нас ёсьць, дадзена Богам, і калі б кожны момант свайго жыцьця мы пасьвячалі Яму, дык і тады не змаглі б даць Яму нешта сваё, бо ўсё прыналежыць Госпаду. Калі ты прапаведуеш, нешта пішаш, праслаўляючы Яго, ці нясеш нейкае іншае служэньне, не хваліся асабістымі заслугамі, бо ўсё гэта і так прыналежыць Богу, а ты толькі вяртаеш частку дадзенага табе Госпадам. Ён з прыемнасьцю успрымае нашае служэньне і Духам Сваім надхніць на яшчэ большае. Лука, Арыстарх, Тыхік, Цімафей і падыйшоўшы Ян Марк, уважліва слухаючы настаўніка і сябра, добра разумелі, што гэтыя апошнія словы адносіліся, у першую чаргу, да іх саміх. Яны былі ў захапленьні ад гэтай пропаведзі, думаючы пра тое, колькі ж сам Павал аддае Госпаду тое, што ад Госпада.
Што-нішто ў хрысьціянстве можна зразумець яшчэ да таго, як мы ступілі на хрысьціянскі шлях, але далейшае разуменьне можа прыйсьці толькі пасьля праходжаньня пэўнай частцы гэтага сапраўднага шляху жыцьця. Чалавек пачынае разумець, што Бог хоча, каб мы сталіся адмысловым Ягоным гатункам, - такімі, як Ён прызначыў нам быць – істотамі, непасрэдным чынам зьвязанымі з Ім. І гэта мае свой працяг, бо калі ў вас правільныя адносіны з Госпадам, дык яны абавязкова будуць правільныя і з вашымі блізкімі, ды і з усімі людзьмі гэтага сьвету. Наогул, вяртаньне да Бога гэта той шлях, які патрабуе ад нас сур’ёзных маральных высілкаў і вялікіх стараньняў. Але ня гэтыя стараньні вядуць нас да жаданае мэты. Гэтыя стараньні прыводзяць нас да таго моманту, калі мы зьвяртаемся да Госпада: «Зрабі гэта Госпадзе, бо я ня здольны гэта зрабіць». І Ён абавязкова зробіць, толькі Сваім, толькі Яму вядомым шляхам. Для кожнага чалавека асобным. Ён можа быць і такім як у Паўла, калі на дарозе перад Дамаскам Ісус Хрыстос у момант ператварыў фарысэя Саўла ў новага чалавека. Але перамены ў чалавеку могуць адбывацца і значна працяглы час і вы ніяк не заўважыце гэтую мяжу, калі адчуеце сябе новым чалавекам. Гэтая перамена вызначыцца ў пераходзе ад упэўненасьці ў сваіх сілах да такога стану, калі кожны свой посьпех мы зьвязваем з Божым дзеяньнем у нас. Для хрысьціяніна гэта азначае ўсё даверыць Хрысту, будучы ўпэўненым у тым, што Хрыстос, якім-небудзь чынам, падзеліцца з намі Сваёй здольнасьцю да таго дасканалага паслушэнства, з якім Ён прайшоў увесь шлях ад Раства да Ўкрыжаваньня, каб пазбавіць нас ад недахопаў і слабасьцяў, робячы падобнымі да Сябе.
Хрыстос прапануе нам шмат чаго за нішто. Ён дарма прапануе ўсё і таму трэба сказаць, што хрысьціянскае жыцьцё з таго і складаецца, каб мы былі здольнымі прыняць гэты цудоўны дар. Але ёсьць цяжкасьць і яна ў тым каб зразумець, што ўсё тое што мы зрабілі ці можам зрабіць, па сутнасьці – нішто. Так, мы жадаем, каб Бог улічваў нашыя добрыя якасьці і не заўважаў недахопаў. Так ня будзе, але мы, даверыўшыся Госпаду, павінны старанна выконваць усё, што кажа нам Ён. Старацца ж мы павінны па новаму, ні пра што не турбуючыся і робячы гэта не для асабістага збаўленьня, а таму, што Ён ужо пачаў збаўляць нас. Сярод хрысьціянаў часта ўзьнікаюць спрэчкі пра тое, што прыводзіць чалавека ў дом Айца – добрыя справы ці вера ў Ісуса Хрыста. Сур’ёзныя маральныя высілкі прывядуць вас да яснага разуменьня, што толькі вера ў Хрыста можа збавіць вас ад адчаю і, у сваю чаргу, даць моцны штуршок да стараннага выкананьня добрых спраў.
Вечар забіраў сваё ў апошніх праменях заходняга сонца, каб аддаць сваю часовую ўладу наступаючай ночы. Павал, скончыўшы сваю прамову, прысеў у нейкім зьнемажэньні каля слухачоў, якія, яшчэ некаторы час, захоўвалі цішыню пад уражаньнем сказанага апосталам. Многія з тых, хто прыйшоў да Паўла з сумненьнямі і пытаньнямі, выходзілі ад яго з разуменьнем сваёй веры, спалучаючы яе з тым асабістым шляхам і той кропкай гэтага шляху, на якім знаходзіўся зараз кожны з іх.
Праз некаторы час у Рым, да Паўла, прыйшоў Эпафрас - прапаведнік царквы ў Калосах. Вучань Паўла і настаўнік цёпла сустрэліся ў рымскім доме апостала. З доўгай размовы Павал даведаўся ад Эпафраса пра посьпехі і няўдачы царквы Калосаў. Вера і ўсеагульная любоў была фонам і асновай для царквы, але і ілжэвучэньні не прайшлі міма хрысьціянскага грамадзтва, усё больш і больш пранікаючы ў яго. Эпафрас ня мог мірыцца з гэтым і таму ён тут, у Рыме, каб абмяркаваць выпраўленьне гэтай сітуацыі з Паўлам. Апостал, увогуле, ведаў гэтыя праблемы, якія агучыў Эпафрас і ён, доўга не вагаючыся, намерыўся напісаць каласянам ліст, дзе будуць выкладзены парады апостала адносна тых цяжкасьцяў, якія ўзьніклі ў царкве. Ілжэвучыцелі ў Калосах сьцьвярджалі, што нельга пазнаць Бога адзіна праз Ісуса Хрыста і што да добрай вестцы трэба дадаць пэўныя дасягненьні сучаснай думкі. Яны скажалі ўяўленьне пра Бога, якое адкрыў людзям Хрыстос і заклікалі да рацыянальнага тлумачэньня Ягонай сутнасьці ў сьвеце штодзённай рэчаіснасьці. Павал неадкладна паслаў Анісіма да Цімафея, каб той зранку быў у апостала з усімі сваімі прыладамі для запісваньня ліста да каласянаў. Сам жа Павал пачаў, абдумваючы, складаць план свайго ліста ў Калосы. Духоўны вопыт Паўла павінен выкласьці аналёгію паміж любоўю Хрыста да Царквы, як любові мужа да жонцы. Пасланьне апостала павінна несьці ў сабе шмат таго, што ён ужо казаў іншым, але зараз ён павінен паказаць гэта крыху з іншага пункту гледжаньня. Божая любоў і яе прызначэньне - вось асноўная тэма пасланьня, якую Павал вызначыў для будучага ліста да каласянаў.
З ранку прыйшоў Цімафей, якога з нецярпеньнем ужо чакаў апостал. Пасьля сумеснай малітвы ўсе прысутныя расьселіся па сваіх месцах. Цімафей прыгатаваўся да запісу, а Лука, Эпафрас, Тыхік, Ян Марк і Анісім з Юстам, а таксама і жаўнер - вымушаны слухач, які знаходзіўся каля апостала, прыгатаваліся слухаць Паўла, які ўжо ўзьняўся з месцу і, у сваёй звыклай манеры, падняўшы руку супакоіў прысутных. Перш чым пачаць ён выказаў прысутным сваю думку, якая прыйшла да яго ўначы. Яны будуць працаваць адначасова над дзьвума лістамі, таму што другі ліст будзе адрасованы царкве Эфэсу. Павал патлумачыў гэта тымі цеснымі сувязямі, што склаліся ад пачатку паміж гэтымі цэрквамі, а таму існавала і небясьпека распаўсюджваньня тых ілжэвучэньняў, пра якія казаў Эпафрас.
Усе пагадзіліся з настаўнікам і Павал, гледзячы на прысутных і ўяўляючы сабе сход каласянаў, пачаў: «Павал, апостал Ісуса Хрыста з волі Божай, і Цімафей, брат, - тым, што ў Калосах, сьвятым і верным братам у Хрысьце: ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Дзякуем Богу і Айцу Госпада нашага Ісуса Хрыста, заўсёды молячыся пра вас, пачуўшы пра веру вашую ў Хрыста Ісуса і пра любоў да ўсіх сьвятых, дзеля надзеі, якая вызначана вам у небе, пра што вы раней чулі ў слове праўды Эвангельля, якое ёсьць у вас, як і ў-ва ўсім сьвеце, і дае плод, як і між вамі, з таго дня, калі вы пачулі і пазналі ласку Божую ў праўдзе, як і навучыліся ад Эпафраса, улюблёнага таварыша нашага, які ёсьць верным за вас служыцелем Хрыста, які і паведаміў нам пра вашую любоў у духу. Дзеля гэтага і мы з таго дня, як пачулі, не перастаем маліцца за вас і прасіць, каб вы былі напоўненыя пазнаньнем волі Яго ў-ва ўсякай мудрасьці і разуменьні духоўным, каб вы хадзілі дастойна Госпада, у-ва ўсім дагаджаючы Яму, даючы плод у кожнай добрай справе і ўзрастаючы ў пазнаньні Бога, дужэючы ўсякай сілаю паводле магутнасьці славы Яго на ўсякую цярплівасьць і доўгацярплівасьць з радасьцю, дзякуючы Айцу, Які даў нам здольнасьць удзельнічаць у спадчыне сьвятых у сьвятле, Які выбавіў нас ад улады цемры і перамясьціў у Валадарства Сына любові Сваёй, у Якім мы маем адкупленьне праз кроў Ягоную і адпушчэньне грахоў».
Пасьля невялікага перапынку, Павал вырашыў зрабіць пачатак свайго звароту і да эфэсцаў, загадаўшы Цімафею перамяніць сьвітак і фактычна перапісаць першыя радкі ліста да каласянаў: «Павал, апостал Ісуса Хрыста з волі Божай, - сьвятым, што ў Эфэсе, і верным у Хрысьце Ісусе: ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста». Цімафей самастойна сфармуляваў гэтыя радкі, зьвяртаючы свой позірк на настаўніка, які ўжо падгатаваў свае думкі для наступнага запісу: «Дабраслаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які дабраславіў нас ў Хрысьце ўсякім духоўным дабраславеньнем у нябёсах, бо Ён выбраў нас у Ім да стварэньня сьвету, каб быць нам сьвятымі і беззаганнымі перад Ім у любові, прадвызначыўшы нас на усынаўленьне Сабе праз Ісуса Хрыста з упадабаньня волі Сваёй, на пахвалу славы ласкі Сваёй, якой абдарыў нас ва Ўлюбёным, у Якім маем адкупленьне праз кроў Яго, адпушчэньне грахоў, паводле багацьця ласкі Яго, якую Ён шчодра зьявіў ва ўсякай мудрасьці і разуменьні, даўшы нам ведаць таямніцу волі Сваёй, паводле ўпадабаньня Свайго, што Ён раней пастанавіў у Сабе, дзеля ўпарадкаваньня поўні часоў, каб усё, што ў небе і што на зямлі, было пад галавою - Хрыстом».
Напружаная праца над пасланьнямі працягвалася каля шасьці тыдняў. Прысутныя зьмяняліся, бо ў кожнага былі як розныя, так і неадкладныя патрэбы ды клопаты. Прыходзілі новыя людзі, каб пачуць разважаньні Паўла і кожны такі дзень ператвараўся ў пропаведзь апостала на тыя тэмы, якія ён вызначаў у пасланьнях. Усе бачылі і разумелі, што лісты да каласянаў і эфэсцаў падобныя па зьместу, але адрозьніваюцца па стылю. Яны чулі аднолькавыя думкі і нават аднолькавыя фразы, але гэта не было аўтаматычным паўторам. У лісьце да каласянаў бачыўся зварот да вызначаных людзей і гэта знаходзіла сваё адлюстраваньне ў пайменных вітаньнях, а ў лісьце да эфэсцаў, больш агульным па зьместу, усе вызначылі цікавыя зьвесткі аўтабіяграфічнага характару. Прысутныя, слухаючы ў захапленьні слова Паўла накіраванае да каласянаў адчувалі, што гэтае слова кіруецца і на іх: «Дык калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, шукайце ўзгорнага, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога. Пра ўзгорнае думайце, а не пра зямное, бо вы памерлі, і жыцьцё вашае схаванае з Хрыстом у Богу. Калі зьявіцца Хрыстос, жыцьцё нашае, тады і вы зьявіцеся разам з Ім у славе. Дык мярцьвіце члены вашыя, што на зямлі: распусту, нячыстасьць, жарсьць, благое пажаданьне і хцівасьць, якая ёсьць ідалапаклонствам, за што гнеў Божы прыходзіць на сыноў непакорнасьці, сярод якіх і вы раней хадзілі, калі жылі між імі. А цяпер вы адкіньце ўсё: гнеў, ярасьць, ліхоту, блюзьнерствы, брыдкаслоўе з вуснаў вашых; не хлусіце адзін аднаму, распрануўшыся са старога чалавека з учынкамі ягонымі і апрануўшыся ў новага, які абнаўляецца ў пазнаньні паводле вобразу Таго, Хто яго стварыў, дзе няма грэка і юдэя, абразаньня і неабразаньня, барбара, скіфа, слугі, свабоднага, але ўсё і ў-ва ўсім Хрыстос».
Завяршаючы сваё пасланьне да каласянаў, Павал перадае свае пажаданьні ўсім, каго ведае, і паведамляе зьвесткі пра братоў, што знаходзіліся ў Рыме. Ліст жа ў Эфэс ня мог быць завершаным такім жа чынам, бо яго павінны былі чытаць і ў іншых цэрквах вакол Эфэсу. Менавіта так і вырашыў Павал, калі ствараў гэтае пасланьне. Але як завяршыць гэты ліст? Раптам ён зірнуў на жаўнера, які зараз знаходзіўся каля яго ў поўным сваім рыштунку і зразумеў, пра што ён зараз павінен сказаць: «Апраніцеся ў-ва ўсю зброю Божую, каб маглі ўстаяць супраць хітрыкаў д’ябла, бо нашая барацьба ня супраць крыві і цела, але супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць сусьветных дзяржаўцаў цемры гэтага веку, супраць духаў зласьлівасьці ў нябёсах. Дзеля гэтага вазьміце ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаць у дзень злы і, усё зрабіўшы, застацца стаяць. Дык станьце, падпярэзаўшы паясьніцу вашую праўдаю, і апрануўшы панцыр праведнасьці, і абуўшы ногі ў гатовасьць дабравесьціць супакой, і па-над усё ўзяўшы шчыт веры, якім зможаце затушыць усе распаленыя стрэлы злога. І шалом збаўленьня прыйміце, і меч Духа, які ёсьць слова Божае». І, па шматгадовай традыцыі, сеўшы на месца Цімафея, Павал сваёй рукою паставіў кропку ў гэтым пасланьні: «Супакой братам і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста. Ласка з усімі, якія любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста ў незьнішчальнасьці. Амэн».
Тыхік, прызначаны Паўлам, ужо быў гатовы выправіцца ў Эфэс і Калосы, каб перадаць гэтыя пасланьні, але Павал прытрымаў яго, бо яго непакоіла яшчэ адно нявырашанае пытаньне. Анісім. Беглы раб Анісім. Павал павінен быў вырашыць гэтае пытаньне, каб паміж Анісімам і Філімонам не было нават і напружаннасьцяў у адносінах. Ён запрасіў на заўтра да сябе Цімафея, каб неадкладна напісаць невялікі ліст да Філімона. Жнівеньскае сонца ўжо ўзыходзіла над Рымам, абяцаючы дзённую сьпякоту, але, пакуль што, ранішняя прахалода панавала ў садзе сярод невялікіх дрэваў. Тут і расклаў свае прылады Цімафей, а Павал, моўчкі глядзеўшы на яго, таксама гатаваўся пачынаць гэты ліст. Прысутных, за выключэньнем вартавога жаўнера, не было і Павал, пад звыклае суправаджэньне ранішняга гоману за плотам, пачаў: «Павал, вязень Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат - Філімону, улюбёнаму і супрацоўніку нашаму і ўлюбёнай Апфіі, і Архіпу, таварышу нашаму ў барацьбе, і хатняй царкве тваёй: ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста».
Павал зрабіў паўзу, пакуль Цімафей дапіша сказанае і працягнуў: «Прашу цябе адносна дзіцяці майго Анісіма, якога я нарадзіў у путах маіх, што быў некалі карысны для цябе, а цяпер патрэбны табе і мне. Яго я паслаў, а ты яго, як нутро маё, прыймі. Хацеў я яго пры сабе трымаць, каб ён замест цябе паслужыў мне ў путах за Эвангельле, але без твае згоды нічога не хацеў зрабіць, каб дабро тваё не з прынукі было, а з добрае волі. Бо можа ён дзеля таго на гадзіну адыйшоў, каб ты атрымаў яго назаўсёды, ужо ня як слугу, але вышэй за слугу, як брата ўлюбёнага, асабліва для мяне, а тым больш для цябе - і паводле цела, і ў Госпадзе. Дык калі маеш мяне за супольніка, прыймі яго, як мяне. А калі ён чым скрыўдзіў цябе або вінен, лічы гэтае на мне». Павал адпусьціў Цімафея, прызначыўшы для працягу наступны ранак, а сам перайшоў ад сьпякоты ў дом, дзе яго ўжо чакала група юдэяў, каб паслухаць апостала і атрымаць адказы на свае пытаньні. Так скончыўся яшчэ адзін рымскі дзень Паўла, цалкам запоўнены служэньнем Ісусу Хрысту.
Апостал ужо сядзеў у садзе, размаўляючы з Анісімам наконт ягонага вяртаньня ў дом да Філімона, даючы таму апошнія настаўленьні да ягонай сустрэчы з гаспадаром. Прыйшоў Цімафей, а з ім і Лука з Маркам, але праца пакуль што не пачыналася, бо Павал працягваў разважаць ня толькі пра ўзаемаадносіны паміж гаспадаром і сваім рабом, але, ўвогуле, пра ўсю гэтую сістэму, якая склалася ў іхнім рымскім сьвеце. Хрысьціянін Павал не прыймаў рабства, як стану, у эвангельскай супольнасьці. Але ён і ня быў актыўным барацьбітом за волю рабоў у грамадзтве. Рым добра памятў Спартака, але Павал ня быў такім і не заклікаў нікога да нейкіх актыўных дзеяньняў. Ён добра разумеў, што імгненнае скасаваньне рабства пагрузіла б усю імперыю Рыма ў хаос і разбурэньне, а таму рэаліст Павал казаў пра тое, што зараз гэта немагчыма. Усе ведалі тое, што толькі ў Рыме знаходзіцца больш за мільён рабоў і на гэтай аснове пабудаваная ўся сістэма грамадзкага ўладкаваньня. Больш таго, заклік да вызваленьня рабоў паставіла б хрысьціянаў ў становішча бунтароў, якія разбураюць асновы дзяржавы. Але Павал быў упэўнены, што ў Хрысьце няма ні раба, ні вольнага, бо ўсе роўныя перад Госпадам Ісусам. На гэтым апостал узьняўся, але, па-перш чым дыктаваць, ён узяў ліст з рук Цімафея і напісаў сваёй рукою: «Я, Павал, напісаў маёю рукою: “Я аддам”; каб не казаць табе, што ты і самім сабою мне вінны. Гэтак, браце, дай мне скарыстацца ад цябе ў Госпадзе; супакой маё нутро ў Госпадзе. Перакананы ў паслухмянасьці тваёй, я напісаў да цябе, ведаючы, што ты зробіш і больш, чым кажу. А таксама падрыхтуй для мяне гасподу, бо спадзяюся, што праз малітвы вашыя буду вам падараваны». Цімафею засталося толькі запісаць разьвітальныя словы Паўла: «Вітае цябе Эпафрас, вязень разам са мною ў Хрысьце Ісусе, Марк, Арыстарх, Дэмас, Лука, супрацоўнікі мае. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым. Амэн».
Праз тры дні, разьвітаўшыся з братамі і Паўлам, Тыхік з Анісімам выйшлі з Рыму і пасьпяшаліся да Брундызія, каб да пачатку восеньскіх штармоў пасьпець перасекчы Адрыятычнае мора і выйсьці на Эгнацыйскі шлях, які прывядзе іх у Нэапаль праз Філіпы. Адтуль жа, недалёка па мору і малаазійская Траада, а потым пешым пераходам будуць дасягнутыя Эфэс і Калосы. Разьвітаўшыся з сябрамі Павал вярнуўся да ўжо звыклага кожнадзённага жыцьця. Жаўнер ахоўнік, сустрэчы з сябрамі, хатнія пропаведзі для шматлікіх гасьцей і малітвы запаўнялі жыцьцё апостала, які, да таго ж, адчуваў набліжэньне суду цэзара. Прайшло ўжо больш за паўтара гады, а Паўла ўсё яшчэ не выклікалі. Тым ня меньш ён, у думках, гатаваўся да гэтага моманту і жадаў выкарыстаць момант суду як публічную пропаведзь хрысьціяніна незалежна ад таго, якім будзе прысуд. Ці будзе на судзе цэзара сам цэзар? Спадзяваньне гэтае ў Паўла было вельмі слабым, бо ён ужо ведаў, што дваццацідзевяцігадовы Нэрон, за сем гадоў свайго валадараньня, амаль што не прысутнічаў на судовых паседжаньнях, даручаючы гэта спачатку кіраўніку прэтарыянцаў Барру, а потым ягонаму пераемніку - непапулярнаму ў народзе Тыгеліну. Але гэтыя людзі не вырашалі, па сутнасьці, нічога, бо судовая сістэма імперыі функцыянавала даволі адладжана і судовыя рашэньні прымаліся пасьля сур’ёзных дасьледваньняў справы падсудных. Несправядлівых прысудаў, згодна выкананьня законаў Рыму, не памяталі даўно, бо адказнасьць за гэта была найвышэйшай і магла быць роўнай з жыцьцём сьледчага чыноўніка. Справы падсудных у судзе цэзара знаходзіліся пад кантролем кіраўніка ўраду - вышэйшага чыноўніка імперыі.
Павал спакойна чакаў судовага працэсу, аддаючы ў малітвах гэтую справу ў рукі Госпада свайго Ісуса Хрыста. Павал не адчуваў за сабою ніякае віны перад Рымам, але ці не вінаваты ён перад Госпадам? Апостал спадзяваўся на Бога, але быў гатовы на ўсё, нават і на сьмерць дзеля Ісуса Хрыста. Але Госпад дзейнічае нават і тады, калі чалавек сумняваецца ці зусім губляе надзею. І дзейнічае, як Ён хоча і праз каго хоча. Павал ня мог ведаць, што Бог паклаў на сэрца філосафа Сэнэкі, які быў выхавацелем Нэрона і тагачасным кіраўніком ураду, узяць гэтую справу апостала пад асабісты кантроль. Пазнаёміўшыся з абвінавачваньнем апостала і ўзяўшы інфармацыю пра Паўла, Сэнэка пазнаў гэтага чалавека з даўняга яшчэ ліста свайго брата Галіёна, які кіраваў правінцыяй Ахая, што ў Грэцыі. Галіён пісаў яму пра незвычайны судовы працэс і незвычайнага падсуднага, хрысьціянскага прапаведніка Паўла, якога ён апраўдаў. Сэнэка ўзгадаў таксама і размову з праконсулам Кіпру Сяргеем Паўлам, які распавёў яму вельмі дзіўную гісторыю з удзелам гэтага ж чалавека, якая адбылася ў палацы праконсула. Усе яны казалі, што яго перасьледавалі юдэі толькі за сваю прыхільнасьць да Ісуса Хрыста, Які быў прыхільнікам любові і ніяк не заклікаў супраць цэзара. Сэнэка запрасіў да сябе чалавека, блізкага да хрысьціянаў, каб даведацца пра асноўныя прынцыпы гэтай новай рэлігіі. Прыхільнік філасофіі стоікаў Сэнэка выявіў, што ў яго шмат агульнага з гэтым хрысьціянскім апосталам. Яны, кожны на свой лад, усьведамлялі, што сьвет прыйшоў да свайго маральнага банкруцтва і што чалавецтву патрабуецца новы вобраз жыцьця. У абавязак чыноўніка Сэнэкі ўваходзіла азнаямленьне са справаю Паўла і прыняцьце папярэдняга рашэньня, што, па сутнасьці, было выпрацоўкай пэўнай пазыцыі імперскага ўраду да новай рэлігіі хрысьціянства. Рэзалюцыя Сэнэкі складалася з таго, што ні грамадзянін Рыму Павал, ні рэлігія, якую ён прапаведаваў, не нясуць у сабе ніякай небясьпекі для рымскай дзяржавы.
Апостал, як і планавалася, выступіў у судзе з прамоваю ў сваю абарону, коратка выклаўшы асноўныя прынцыпы хрысьціянства, дзе фігуравалі любоў і ненасільле. Сэнэка, гледзячы на гэтага сталага, амаль што лысага і крываногага чалавека, бачыў у ім нейкую ўнутраную моц і ўпэўненасьць. Ён, слухаючы Паўла, унутрана адчуваў што гэта ня містыка і што гэты Павал сапраўды кіруецца нечым звыш. Адбылося галасаваньне і кіраўнік ураду з задавальненьнем адзначыў, што ўсе судзьдзі аднагалосна прагаласавалі за апраўданьне хрысьціянскага апостала. Інтрыгі недабразычліўцаў скончыліся нічым і Павал выйшаў з Палацінскага палацу вольным чалавекам. Подпіс цэзара пад апраўдальным прысудам, у спалучэньні з рашэньнем Галіёна, надаваў хрысьціянству статус дазволенай рэлігіі па ўсёй імперыі Рыму. Праз трыццаць гадоў пасьля ўкрыжаваньня Ісуса Хрыста, Добрую Вестку можна было прапаведаваць вольна і паўсюдна. Але ці надоўга!?
Свидетельство о публикации №226021802221