От воли до неволи ч. 1
Лука, Ян Марк, Эпафрас і Цімафей стаялі каля ўваходу ў палац цэзара на Палацінскім узгорку. Яны суправаджалі апостала на суд цэзара і зараз цярпліва чакалі выніку гэтага паседжаньня. Доўгія тры гадзіны. Яны ведалі невінаватасьць настаўніка і ягоную ўпэўненасьць у станоўчым выніку гэтае справы, але, тым ня меньш, хваляваньне не пакідала іх. Не пакідала, пакуль яны ня ўбачылі Паўла, які адзін, без ахоўніка, выходзіў з брамы палацу. «Воля»,- гэтае слова маланкай прамільгнула ў галовах чакаючых і яны, быццам бы дзеці, кінуліся насустрач свайму настаўніку і апосталу Паўлу. Настаўнік радасна, хаця і стрыманна, сустрэў сваіх сяброў, бо ў галаве яго ўжо высьпявалі планы на далейшае жыцьцё і служэньне. Стоячы перад сэнатарамі і выслухоўваючы абвінавачваньне ад юдэяў, хваляваньне яшчэ напаўняла ягонае сэрца, але пасьля слова кіраўніка ўраду, які чамусьці вырашыў асабіста агучыць пазыцыю ўраду, хваляваньне адыйшло і Павал, са спакойнай упэўненасьцю, выкарыстаў дадзенае яму слова. Апраўдальны вэрдыкт ён сустрэў спакойна і, падзякаваўшы высокі суд, сустрэўся позіркам з чалавекам, які, па сутнасьці, і забясьпечыў яму гэты станоўчы вынік. Сэнэка злавіў позірк гэтага хрысьціянскага апостала і ветліва кіўнуў таму галавой. Шляхі іх разыходзіліся, бо Сэнэку чакалі неадкладныя справы рымскага валадарства, а Паўла - справы будаваньня Валадарства Божага, да якіх яго і прызначыў Ісус Хрыстос яшчэ ў Дамаску. Як толькі зачыніліся за вольным Паўлам дзьверы судовай залі, ён ужо знаходзіўся ў разважаньнях і планах далейшай дзейнасьці.
Сябры павольна ішлі між знакамітых рымскіх фантанаў, мінаючы Пантэён і праходзячы каля Алтару міра на Марсавым полі. Павал глядзеў на гэтае хараство няўважлівым позіркам, бо знаходзіўся ў іншых думках - думках далейшага. Неўзаметку яны падыйшлі да дому Паўла, які знаходзіўся непадалёк ад месца размяшчэньня прэтарыянскай гвардыі. Не было з ім заўсёднага суправаджаючага жаўнера, але Павал не адчуваў нейкага ад гэтага задавальненьня. Ён ужо абвык да гэтых суровых людзей, якія ставіліся да яго паважліва і дабразычліва. Павал маліўся з імі і за іх, клічучы іх да Хрыста. І ён ведаў, што многія з іх зноў прыйдуць да яго ў якасьці сяброў і братоў у Хрысьце Ісусе. Сонца ўжо адыходзіла ад Рыму на захад, абвяшчаючы гораду доўгачаканую вечаровую прахалоду. Малітва і падзяка Богу за гэты цудоўны дзень вызваленьня Паўла надала ўсім прысутным бадзёрасьці і ўпэўненасьці ў іхнім сумесным з апосталам шляху служэньня Госпаду Ісусу Хрысту. Так пыдыходзіў да свайго завяршэньня яшчэ адзін рымскі дзень апостала, які яшчэ зранку быў вязьнем у Рыме, а зараз адчуваў сябе вольным чалавекам.
Ранак сустрэў Паўла звыклым гоманам вуліцы і рыпаньнем вазоў, якія ўжо накіроўваліся на рынкавыя плошчы гораду. Сонейка ўжо ўзыходзіла, абвяшчаючы апосталу першы рымскі дзень як вольнаму чалавеку. Памаліўшыся і падзякаваўшы Госпада за гэты цудоўны і вольны дзень, ён, седзячы ў садзе, чакаў сваіх сяброў, каб, пасьля сумеснай малітвы і сьняданку, абмяркаваць далейшыя іхнія дзеяньні. Думкі паглынулі Паўла і ён амаль што ня чуў гукаў прачынаючага гораду, бо яшчэ і яшчэ раз вяртаўся да тых разважаньняў, якія не пакідалі яго на працягу апошніх месяцаў як адказ на пытаньне: «Што далей?» Раз за разам ён пракручваў у галаве розныя варыянты далейшага служэньня і вось сёньня, разам з вучнямі і сябрамі, Павал павінен будзе паставіць умоўную кропку ў гэтым планаваньні. Бог дапаможа яму.
Ён быў ужо ўпэўненым у тым, што ягоная мара быць у Гішпаніі гэтым часам ня зьдзейсьніцца, бо ягоныя спадзяваньні дапамогі ў гэтай справе ад рымскай царквы ніяк ня спраўдзілася. Так, Павал зьвяртаўся да іх яшчэ з Карынту, даводзячы да іх свае планы адносна Гішпаніі і спадзяючыся на іхнюю дапамогу ў гэтым мерапрыемстве. Але ня склалася, і зараз апостал ведаў чаму. Ён убачыў стан і склад гэтай царквы працягам царквы Ерусаліму, якая не клапацілася місіянэрскім служэньнем і існавала сама ў сабе. Апостал, у сувязі з гэтым, схіляўся да служэньня ўмацаваньня і падтрымцы таго, што ўжо было створана ім, бо яго вельмі непакоілі розныя плыні ілжэвучэньняў, якія непрыкметна падточвалі камень хрысьціянства, намагаючыся падштурхнуць цэрквы Хрыста да збочваньня са шляху сапраўднага збаўленьня. Павал ачуўся ад сваіх думак толькі тады, калі пачуліся знаёмыя ды вясёлыя галасы Цімафея і Лукі, якія ў добрым настроі заходзілі ў дом Паўла.
Калі вакол апостала сабраліся сябры, якія былі з ім пад час зьняволеньня, Павал прапанаваў усім памаліцца і, пасьля сьняданку, вырашыць ды запланаваць свае далейшыя дзеяньні. Ён давёў да ўсіх свае думкі, якія выношваліся на працягу апошніх месяцаў і запрасіў выказацца на гэты конт. Павал выслухаў усіх, хто выказаўся адносна сваіх асабістых планаў і, пасьля гэтага, пачаў вымалёўвацца пэўны план далейшага жыцьця пасьля вызваленьня апостала і настаўніка. Ян Марк вырашыў застацца на пэўны час у Рыме, каб дачакацца Пятра і дапамагчы яму ў пропаведзі да рымскіх цэркваў, якія вельмі шанавалі Пятра, як першага з апосталаў Ісуса Хрыста. Юст і Арыстарх таксама пакуль што павінны былі, па асабістых прычынах, застацца ў гэтым горадзе, але быць на сувязі з апосталам і, па патрабаваньню Паўла, выканаць ускладзеную на іх задачу тут ці ў іншым якім месцы. Лука, Цімафей, Эпафрас і Дымас выказаліся за вяртаньне з Паўлам у Грэцыю, каб потым разыйсьціся па цэрквах, несучы да іх пропаведзь умацаваньня і слова ад апостала. Лука ж ведаў, што не пакіне Паўла, бо даў яму гэтае слова пяць гадоў таму, каб больш не раставацца з апосталам. У разважаньнях ды планаваньні будучага і прайшоў гэты цудоўны дзень вольнага чалавека Паўла. Заход палаючага сонца зноў прынёс прахалоду вечара, а за ім і ноч для адпачынку. Новы будучы дзень прынясе ім новыя, але прыемныя клопаты для падрыхтоўцы будучай вандроўкі ў Грэцыю.
Пачатак лета 63 году ўжо заяўляў пра сябе значнай сьпякотай, але Павал не зважаў на гэта і актыўна гатаваўся да адыходу са сталіцы сьвету. Разам з Маркам і Лукой ён наведаў рымскія цэрквы, дзе, умацоўваючы тых пропаведзьдзю, давёў ім і пра свае далейшыя планы. Хутка праляцелі два тыдні і нешматлікая група, уладзіўшы ўсе неабходныя фармальнасьці, была гатовая выступіць у шлях. Жнівеньскім ранкам яны і крочылі разам з невялікай групай суправаджаючых. Марк, Юст, Арыстарх ды некалькі вольных ад службы жаўнераў ішлі разам з Паўлам да Капенскае брамы ў заходняй частцы гораду. Яны зноў ішлі праз цэнтр Рыму, як і два гады таму, але ў адваротным накірунку. І зноў з імі ішлі жаўнеры, але зараз гэта былі браты ў Хрысьце, якія выпраўлялі ў далёкі шлях свайго настаўніка і ўжо іхніх сяброў. Усе ішлі, у асноўным, моўчкі, бо кожны думаў пра сваё. Будучы шлях, марское вандраваньне, сустрэчы з роднымі і блізкімі займалі думкі вандроўнікаў. Праваджаючыя ж таксама думалі пра сваё, непакоючыся за бясьпеку адыходзячых сяброў. Клапатлівы і, ў нечым, вясёлы гоман гораду не парушаў думак гэтай дзіўнай, сваёй маўклівасьцю, працэсіі. Каля Капенскае брамы сябры памаліліся і цёпла разьвіталіся адно з адным. Наперадзе вандроўнікаў чакаў доўгі шлях у Грэцыю.
Апіевы шлях сустрэў сяброў сваёй значнасьцю і раскошай, якія дзіўным чынам сумяшчалася з беднасьцю і нястачай. Багатыя асабнякі дзялілі прыдарожную прастору з небагатымі карчмамі, дзе соваўся просты люд і ведалі сваё месца жабракі. Фамільныя магілы ўздоўж дарогі ўражвалі сваёй архітэктурнай пышнасьцю. Справа ў тым, што згодна рымскаму закону, прынятаму яшчэ палову стагодзьдзя таму, забаранялася хаваць нябожчыкаў у рысе сталіцы, а таму і існавала практыка будаваньня фамільных склепаў уздоўж дарог. Яны зьвярнулі ўвагу на знакамітыя магілы Сцыпіёнаў і Цэцыліі Мэтэлы, якія стаялі сярод іншых, багата ўпрыгожаных магіл. Кідалася ў вочы і наяўнасьць, праз кожныя пяцьдзясят метраў, невысокіх сядушак для адпачынку падарожнікаў. Розныя людзі штодня праходзілі і праязджалі тут. Грузавыя вазы і пасажырскія павозкі, ад простых да пышных, праходзілі ў розных накірунках. Праконсулы і рознае чынавенства сьпяшаліся да сваіх правінцыяў ці вярталіся ў сталіцу па справаздачах і іншых дзяржаўных справах. Легіёны і кагорты вайскоўцаў рухаліся ў розныя бакі, абганяемыя коннымі атрадамі вершнікаў. Жыцьцё кіпела на гэтай дарозе так, як нідзе ў сьвеце. Пасольствы з далёкіх краінаў зьдзіўлена праходзілі па Апіевай дарозе ў сваіх рознакаляровых адзеньнях і шоўкавых цюрбанах на галовах сваіх смуглявых твараў. Сябры ішлі сярод гэтага стракатага патоку людзей і жывёлаў, часам адпачываючы на прыдарожных сядушках, у накірунку Путэолаў. Яны прайшлі Тры Карчмы і тое месца, дзе Паўла сустракалі два года таму прадстаўнікі рымскіх хрысьціянаў. Прайшлі яны і гарадок Фарміе, дзе Павал тады ж адпачываў разам з сотнікам Юлі і Лукой. І вось, нарэшце, здаля паказаліся Путэолы і заблішчэла блакітнае мора, якое дало Паўлу напамін пра падзеі двухгадовай даўнасьці. Але ў планах вандроўнікаў не было садзіцца тут на карабель і яны зьвярнулі ў бок Нэапаля, каб, прайшоўшы яго, дасягнуць усходняга берагу Італійскага боту, дзе знаходзіўся порт Брундызій.
Бліскуча-блакітнае італійскае неба адлюстроўвалася ў шчыльна падагнаных, адзін да аднаго, камянёў Апіевага шляху. Лука, назіраючы за настаўнікам, заўважыў ягоны зацікаўлены позірк на уладкаваньне шляху ад самога Рыму. Гісторыю гэтага знакамітага шляху да Брундызія Лука ведаў ад дасьведчаных рымскіх хрысьціянаў, а зараз, гледзячы на зацікаўленага Паўла, ён распавёў гэтую гісторыю апосталу.
«Валадарыня шляхоў» - гэта шлях з каменнага брусу даўжынёю ў 540 км. У 312 годзе да Р.Х. высілкамі цэнзара Апія Кляўдыя Цэка была збудаваная першая частка гэтага шляху даўжынёй 195 км., па якой пакуль што яны і ішлі. У хуткім часе Апій набыў статус дыктатара дзяржавы і працягнуў будаўніцтва гэтага шляху да Брундызія, адкуль Рым, праз Адрыятычнае мора, атрымліваў выхад на Эгнацыйскі шлях, праз Грэцыю на ўсход. Усе ведалі прымаўку пра тое, што ўсе шляхі вядуць у Рым. І сапраўды, усе шляхі ў імперыі будаваліся так, каб аб’яднаць гэты горад з усімі, нават і самымі дальнімі правінцыямі. Але македонец Лука разумеў, што будаўніцтва ўсіх рымскіх шляхоў выдаткоўвалася Рымам, а таму больш справядліва было б казаць, што ўсе шляхі адыходзяць ад Рыму.
Павал даведаўся і пра тое, што гэта ёсьць даволі сур’ёзная інжэнэрная пабудова, якая складалася з некалькіх пластоў пад тым, па якім ішлі падарожнікі. Базальтавыя пліты верхняга пласту ўкладаліся настолькі шчыльна, што вякі не маглі крануць іх са свайго месцу. Лука распавёў апосталу і аповяд, які хадзіў у народзе пра тое, як сам Апій кантраляваў якасьць кладкі камянёў на гэтай дарозе. Ён устаўляў паміж камянямі лязо свайго кінжала і калі яму гэта атрымоўвалася, дык тое месца разьбіралася і ўсё перараблялася наноў. У выніку ж шлях атрымаўся вельмі роўным і зручным ня толькі для колаў, але і для пешых падарожнікаў. Праз роўныя прамежкі, каля дарогі, стаялі мільныя слупы з указаньнем пройдзенага шляху, месцаў адпачынку і іншай карыснай інфармацыі. Апіевы шлях атрымаў своеасаблівую разметку, мера якой раўнялася адной рымскай мілі - 1478 м. Мільныя слупы і дзялілі шлях на гэтыя роўныя прамежкі. Павал даведаўся і пра тое, што менавіта ўздоўж гэтага шляху былі ўкрыжаваныя больш за шэсьць тысячаў паўстанцаў рабоў пасьля перамогі рымлянаў над Спартаком.
Абмінуўшы Нэапаль, дарога павяла падарожнікаў на ўсход, да гораду Бэнэвэнта. З правага боку іх сустракаў велічны Везувій, зялёныя схілы якога супакойвалі вока чалавека і ніхто ня ведаў, якія магуцьці знаходзяцца ўнутры гэтага волата. Прайшоўшы даліну дарога плыўна ўзыходзіла, каб прайсьці праз узгорак, месцамі ўгрызаючыся ў скалы, высечаным рукамі чалавека шляхам. Павал бачыў перад сабою дзіўную карціну. Нібыта зьмяя дорога спускалася ў зялёную даліну, каб зноў плыўна ўзьняцца, хаваючыся сярод прыгоркаў. Квітнеючыя палеткі радавалі вока, аліўкавыя гаі запрашалі вандроўнікаў у сваю цень да адпачынку. Ужо к вечару яны дасягнулі Бэнэвэнту, на ўскраіне якога знайшоўся і адпачынак у карчме пры дарозе. Раніцай сябры працягнулі свой шлях па дарозе Апія ў паўднёва-усходнім накірунку да гораду Таранта. Пяць дзён пераходу далі магчымасьць вандроўнікам пераадолець больш за палову шляху да Брундызія. Праз тры дні яны планавалі дасягнуць Таранту, адкуль ўжо недалёка і канчатковая кропка іхняй італійскай вандроўцы.
Таранта сустрэла сяброў клапатлівым гоманам порту, які накладаў сваё адценьне на жыцьцё усяго гораду. Таварныя склады, якія прымалі розныя тавары з Эгіпту і краінаў Усходу, давалі працу многім гараджанам гораду. Загрузка і разгрузка караблёў, гарадзкі гандль, а таксама дастаўка тавараў да гарадоў і вёсак праз Апіевы шлях - усё гэта рабіла Таранту жывым і вясёлым горадам. Вандроўнікі хутка знайшлі карчму для адпачынку непадалёк ад порту і, уладкаваўшыся, выйшлі да мора. Заліў Таранта Іянічнага мора сустрэў іх срэбрам невялікіх хваляў, у якіх прысутнічалі і залатыя фарбы заходзячага сонца. Заціхала мора, заціхаў марскі порт, заціхаў і горад. Сябры сустрэлі адпачынак малітваю, падзякаваўшы Госпада за гэты цудоўны дзень, аддаўшы ў Ягоныя рукі дзень заўтрашні, які павінен прывесьці іх да Брундызія.
Сьвітанак узыходзіў над горадам, а з ім першым прачнуўся порт, які паклаў пачатак ранішнім клопатам усяго гораду. Разам з портам прачнуліся і вандроўнікі, якія імкнуліся скарыстаць прахалоду ранку, каб пасьпець да сьпякоты прайсьці як мага болей. Апіевы шлях сустрэў сяброў прахалодай камянёў і запрашэньнем да далейшага вандраваньня. Ранішняе паветра, насычанае морам, бадзёрыла спадарожнікаў і надавала ім упэўненасьці на далейшы шлях. Насустрач ім рухаліся караваны вазоў, якія везьлі з Брундызія самыя разнастайныя рэчы ў Рым. Пасажырскія павозкі, абганяючы вандроўнікаў, сьпяшаліся ў порт Брундызія, каб даставіць туды розных людзей, якія імкнуліся дасягнуць Грэцыі, кожны па сваіх справах. Імкнуўся туды ж і Павал, справа якога была надзвычайна адказнай, бо была ад Госпада. Уяўная мітусьня дарогі, розныя людзі і асабістыя адчуваньні ад убачанага паскорылі час, каб з апошнімі праменямі сонца яны наблізіліся да Брундызія. Прыдарожная карчма сустрэла іх вячэрай і адпачынкам, пасьля якога ім мела быць уладкавацца на які-небудзь карабель, які даставіць іх у македонскі Дзірахій.
Адрыятычнае мора ветліва сустрэла сяброў. Бяз усякіх перашкодаў знайшоўся і карабель, які праз некалькі гадзін адплываў з порту Брундызія. Гандлёвы карабель, завяршыўшы фрахт у італійскім порце, вяртаўся з невялікім грузам у родны порт Дзірахія, дзе яго ўжо чакаў новы фрахт. Недагружаны карабель імкнуўся ўзяць на борт як мага болей пасажыраў, каб матэрыяльна апраўдаць свой пераход у Македонію. Хутка яны выйшлі ў мора і Павал, стоячы ля борту, глядзеў на аддаляючы італійскі бераг з радасным заміраньнем сэрца. Два гады ён чакаў гэтага моманту і вось зараз ласкавы заходні вецер гнаў поўным курсам карабель у адкрытае мора, што давала цудоўную магчымасьць значна скараціць гэты пераход па часе. Усе складалася вельмі добра. 540 км., па шляху Апія, не стамілі вандроўнікаў і вось зараз, напоўненыя ветразі карабля нясуць іх, абганяючы марскія хвалі, да грэцкага берагу. Спадарожны заходні вецер спрыяў руху карабля і, ўжо на заўтра, яны ўбачылі танюсенькую нітку берагу. Гэта была Македонія. Сэрца Паўла сьціснулася ў прыемнай стоме. Як жа ён хацеў на гэты, яшчэ далёкі, бераг, на гэтую зямлю, з якою ён быў разлучаны больш за чатыры гады.
Македонскае лета 63 году сустракала Паўла ліпеньскай сьпякотай, але ён не заўважаў гэтага. Дзейная натура апостала ўжо шукала хрысьціянскага служэньня і набліжаючы бераг толькі набліжаў выйсьце гэтага сардэчнага жаданьня. Ледзь прыкметная нітка паступова ператваралася ва ўсё павялічваючуюся паласу і ўжо зусім хутка сталі прыкметнымі абрысы берагавой лініі. Марскі порт вызначыўся прысутнасьцю многіх караблёў. Узьнятыя ветразі падыходзячых і адыходзячых караблёў перамешваліся з голымі шчогламі стаячых каля пірсу іхніх субратоў па марской працы. Порт выконваў сваю звычайную працу. Ён прымаў і разгружаў караблі, даючы адпачынак экіпажу. Ён і загружаў іх, выпраўляючы ў далейшы нялёгкі марскі шлях. Павал добра ведаў гэтае жыцьцё яшчэ з дзяцінства, шмат часу праводзячы ў розных портах Міжземнага мора. І вось зараз іх прымаў буйны порт Дзірахія, за якім пачынаўся Эгнацыйскі шлях і які цягнуўся праз усю Македонію. Карабельная каманда, зладжана працуючы, гатавала швартоўку карабля да пірсу, а пасажыры ўжо зьбіралі свае дарожныя рэчы, каб, у хуткім часе, зыйсьці на бераг.
Македонская зямля прыняла падарожнікаў ветліва і з увагаю, бо ім адразу ж прапанавалі непадалёк, у зацішным месцы, недарагую карчму для адпачынку. Сябры скарысталіся гэтым і, ужо праз кароткі час, яны былі ў прыемнай унутранай прахалодзе карчмы. Рэшту дня яны правялі ў шпацыру па цэнтры Дзірахія, дзе знаходзіліся мясцовы форум і рынкавая плошча. Потым яны наведалі невялікую хрысьціянскую царкву, пра якую даведаліся ад гаспадара карчмы, які ведаў усё, што адбывалася ў горадзе. Павал ужо быў тут, пасеяўшы першыя зерні Эвангельля Хрыста ў далёкім ужо 56 годзе. Хрысьціяне цёпла сустрэлі сяброў, а Павал, атрымаўшы слова, распавёў прысутным падзеі апошніх двух гадоў, засяродзіўшы ўвагу на тое, што гэты шлях - шлях ад Госпада, які вёў Паўла і ягоных сяброў увесь гэты час. Мясцовыя хрысьціяне запрасілі Паўла затрымацца ў горадзе яшчэ на некалькі дзён, каб словам Хрыста умацаваць царкву. Апостал з радасьцю пагадзіўся з прапановаю братоў і сябры ўзгоднена засталіся ў гэтым горадзе, каб разам паслужыць мясцовым братам і сёстрам. Праз тры дні, на сьвітанку, яны выправіліся ў далейшы шлях па Эгнацыйскаму шляху ў накірунку да Тэсалонікаў.
Віа Эгнацыя - знакаміты рымскі шлях, які зьвязваў ілірыкійскі Дзірахій з усходняй Візантыяй. Больш за 800 км. дарогі былі пабудаваныя за 44 гады, пачынаючы з 146 г. да Р.Х. У сваю чаргу Эгнацыйскі шлях працягваў, праз Адрыятычнае мора, Апіевы шлях, які цягнуўся з Брундызія да Рыму. Будаўніцтва Віа Эгнацыя зьвязанае з імянем праконсула Македоніі і аўтарам праекта Гнэем Эгнацыем. Македонец Лука ведаў гэтыя зьвесткі яшчэ з дзяцінства, ды і Паўлу ён казаў пра гісторыю ўзьнікненьня гэтага шляху яшчэ ў тым мінулым падарожжы да Ілірыку. І вось зараз яны прыпамяталі гэтую гісторыю ў сувязі з гісторыяй разьвіцьця імперыі Рыму, бо менавіта гэты шлях зьвязаў гэтыя мясьціны з тым самым цудоўнейшым італійскім Апіевым шляхам, па якім, ня так ужо і даўно, ішлі яны з Рыму да Брундызія. Эгнацыйскі шлях стаўся зручным зьвязкам паміж Рымам і ягонымі землямі да ўсходу ад Адрыятычнага мора. Ён вельмі паспрыяў на ўзьнікненьне рымскіх калёніяў у македонскіх гарадах, а з гэтым і на дэмаграфічнае, культурнае ды эканамічнае разьвіцьцё гэтай правінцыі. Горад Тэсалонікі і быў часткаю гэтай сістэмы, бо стаўся важным гандлёвым цэнтрам, які жыў багатым эканамічным і культурным жыцьцём.
Тэсалонікі сустрэлі сяброў летняй сьпякотай і суботнім адпачынкам у карчме на заходнім ўскрайку горада. Павал паслаў Цімафея ды Эпафраса да мясцовай царквы абвясьціць пра прыбыцьцё сюды заснавальніка царквы апостала Паўла. Апостал гэта зрабіў наўмысна, каб вестка пра гэта разьляцелася ў навакольле, бо ён жадаў прынесьці слова ад Хрыста як мага большай колькасьці хрысьціянаў. Зранку, пасьля цудоўнага адпачынку, сябры накіраваліся праз цэнтр гораду ва ўсходні квартал, дзе знаходзіўся будынак царквы Тэсалонікаў. Хрысьціяне сардэчна сустрэлі апостала і ягоных сяброў, запрасіўшы іх на пачэсныя месцы сярод сходу. Усхваляваны Павал падзякаваў усіх прысутных за цёплую сустрэчу і зьвярнуўся да тэсалонцаў з пропаведзьдзю пра тое, як Бог любіць Сваіх пакліканых і вядзе іх як у палоне, так і на волі.
Далёка ўноч зацягнулася гэтае служэньне, бо Паўлу было што распавесьці пра сваё жыцьцё і служэньне ў апошнія пяць гадоў. Таксама і тэсалонцы распавядалі апосталу пра сваё служэньне і свае праблемы. Павал ведаў пра гэтыя праблемы і нічога дзіўнага для яго тут не было. Ілжэвучэньні і юдэйскі націск на хрысьціянства не зьдзівілі апостала і таму ён, разам з сябрамі, вырашыў застацца тут на два тыдні, каб разам дапамагчы царкве ў справе ўмацаваньня хрысьціянскае веры. Наступныя дні праходзілі напружана, але праца сяброў давала свае вынікі і яны, усё больш і больш, адчувалі ўмацаваньне веры ў Ісуса Хрыста. Прайшло яшчэ два тыдні, перш чым Павал адчуў, што можна зьбірацца ў далейшы шлях, які павінен прывесьці іх у Карынт. Але перад гэтым ён вырашыў зьвярнуцца да царквы са словам пра адкупляльную Кроў Хрыста, як сродак нашага збаўленьня.
Трагедыя чалавека, якая здарылася ў Эдэмскім садзе азначаецца словам - грэхападзеньне. Грэх парушыў тую рэальнасьць, якую стварыў Бог для чалавека. Але Бог мае план, каб аднавіць гэтую рэальнасьць. Як? Сродкам збаўленьня чалавека ад грэху - адкупленьнем. Адкупленьне - гэта той сродак, дзякуючы якому мы можам пазбавіцца залежнасьці ад грэху і навярнуцца ў Божую прысутнасьць, якую ўсе мы згубілі ў Адаме. Адкупленьне - гэта той сродак, якім валодае толькі Бог, бо чалавек ня мае ніякай магчымасьці сам сябе выкупіць. Адзінае, што можа чалавек, дык гэта толькі падаць, усё больш і больш паглыбляючыся ў пропадзь грэху.
Калі чалавек пачынае хоць як-небудзь усьведамляць сваё незайздроснае становішча і тую глыбіню свайго падзеньня ў тую, самую глыбокую пропадзь у сьвеце, якая мае кароткую назву - грэх, дык пачынае і разумець, што апынуўшыся на дне, ён ня здольны асабістымі высілкамі выбрацца адтуль, калі ня здарыцца нейкі цуд. Але чалавек ня здольны тварыць цуды, бо гэта Божая прэрагатыва. А чалавек здольны толькі падаць і ў рэшце рэшт заклікаць да Госпада, каб атрымаць збаўленьне.
Бог заўсёды чуе заклікі гінучых і, па міласьці Сваёй, збаўляе ад гэтага палону. Гэта і ёсьць цуд, калі Сын Божы Сваёй Крывёю выкупае нас з палону грэху, у якім мы апынуліся праз нараджэньне ў Адаме. Бог так палюбіў гэты сьвет, што аддаў Сына Свайго дзеля нашага адкупленьня. Кроў Ісуса Хрыста адкупае нас, калі толькі мы ня хочам гінуць вечнай сьмерцю ў гэтай пропадзі грэху і заклікаем да Яго, як да cвайго Збаўцы. А Ён нікога не пакіне без увагі і Свайго збаўленьня, калі толькі мы хочам скінуць увесь гэты цяжар грэху і ўвайсьці ў сьветлую, чыстую і радасную прысутнасьць Госпада.
Адкупленьне – гэта выкуп, а Біблія - гэта гісторыя адкупленьня чалавецтва. Якім Бог замысьліў чалавека і чалавецтва? Каб чалавек жыў у гармоніі з Ім. Але кожны чалавек, ад нараджэньня ў Адаме, упаў так нізка, што згубіў гэтую Божую прысутнасьць. Бог бачыў гэта і таму мэта Бога - вярнуць чалавека ў той першапачатковы стан, які ён меў ад пачатку і які ён згубіў грэхападзеньнем Адама. Бог стварыў чалавека для Сябе і калі чалавек зграшыў, дык ён згубіў ня проста рай - ён згубіў Божую прысутнасьць. Бог ня хоча, каб мы, страціўшы рай, атрымалі, у рэшце рэшт, пекла. І таму Бог, ахвяраваўшы Сынам і праліўшы Кроў, якая ня ведала грэху, прабачае нас, бо хоча вярнуць нас да Сябе, у Сваю прысутнасьць. На заканчэньне гэтага кароткага звароту да прысутных, Павал, узьняўшы руку, прамовіў: «Няхай жа Сьвяты Дух прысутнічае паміж намі і ў кожным з нас, бо прысутнасьць Сьвятога Духа трымае нас у разуменьні слова Божага. І няхай кожнае сэрца шчыра прымае праўду ад Духа Сьвятога - праўду Божага адкупленьня».
Дымас праводзіў сяброў да перакрыжаваньня, дзе пачынаўся шлях да Атэнаў і Карынту. Ён вырашыў застацца ў гэтым горадзе, чаму Павал не супярэчыў і дабраславіў служэньне Дымаса ў Тэсалоніках. Сябры ж крочылі далей у напрамку гораду Ларыса, але праз добра знаёмую Паўлу Бэрэю. Апостал ня мог не зайсьці ў Бэрэю, каб засьведчыць хрысьціянам сваю ўвагу і сваю любоў да іх. Бэрэйскія хрысьціяне, сярод якіх было шмат юдэяў, сустрэлі Паўла традыцыйна ветліва, як калісьці яго сустракала тут і мясцовая сынагога. Праблемы бэрэйскай царквы не адрозьніваліся ад тэсаланікійскай, а таму апостал добра разумеў і тэму пропаведзі, каб умацаваць мясцовых хрысьціянаў.
Яны затрымаліся ў Бэрэі на сем дзён, каб выправіцца далей у Ларысу, дзе іх ужо чакала мясцовая царква. Хрысьціяне Ларысы выпадкова апынуліся на першым служэньні Паўла ў царкве Бэрэі і, праз некалькі дзён, давялі да царквы пра ўбачанае ды пачутае. Адсюль і запрашэньне хрысьціянаў у Ларысу, якое атрымаў апостал у Бэрэі. Павал ніколі ня быў тут, але царква Ларысы не была яму чужой, бо была заснаваная ягонымі вучнямі - бэрэйцамі. Вярнуўшыся на дарогу да Ларысы сябры пайшлі ўздоўж берагу заліва Тэрмайкас, любуючыся блакітнай роўнядзьдзю Эгейскага мора. З другога ж боку яны назіралі велічны горны масіў за назваю Алімп, над якім ўзвышаюцца тры самыя высокія горныя вяршыні Грэцыі. Лёгкі ўсходні вецер прыносіў да іх пах мора і самое паветра было насычана морам. Далей дарога паварочвала ад мора, абгінаючы Алімп і спадарожнікі ўбачылі перад сабою цудоўную зялёную даліну, напоўненую пахамі разнастайных траў, кветак і фруктовых садоў. Аліўкавыя гаі ўздоўж дарогі давалі сябрам адпачынак і прахалоду. Як жа ўсё цудоўна стварыў Госпад, даючы вандроўнікам сузіраць гэтае цудоўнае навакольле. Дарога прайшла паміж узгоркамі і зноў даліна была перад імі. Нясьпешна, у сузіраньні і адпачынку, яны набліжаліся да незнаёмай ім Ларысы.
Цяплыня апостала і ягоная пранікнёная пропаведзь скарылі сэрцы ларысцаў так, што яны прасілі Паўла застацца ў іх на, як мага, большы тэрмін, каб умацаваць царкву і ўдасканаліцца ў слове Божым. Павал пагадзіўся з гэтым і ўжо на наступным служэньні ён зьвярнуўся да ларысцаў са словам, якое заўсёды было ў ягоным сэрцы, а пасьля сустрэчы з Ісусам Хрыстом у Дамску яно афарбавалася адданым служэньнем свайму Госпаду. Апостал прычытаў са свайго асабістага сьвітку Пісаньня словы пахвалы Госпаду: «Хвалеце Бога ў сьвятыні Ягонай; хвалеце Яго на цьвердзі сілы Ягонай. Хвалеце Яго паводле магутнасьці Ягонай, хвалеце Яго паводле мноства велічы Ягонай. Хвалеце Яго гукам трубным, хвалеце Яго на псалтыры і арфе. Хвалеце Яго тымпанам і танцам, хвалеце Яго струнамі і арганам. Хвалеце Яго гучнымі кімваламі, хвалеце Яго кімваламі гучнагалоснымі. Усё, што дыхае, хай славіць Госпада! Алелюя».
«Хвалеце Бога» - кажа Творца стварэньням Сваім. Гэта загад, бо гэта ёсьць права Валадара сусьвету: «Хвалеце Яго». Загад ёсьць ад пачатку ўсяго і ён адвечны, як вечная слава Бацькі вечнасьці. Яму слава і цяпер, і ў дзень вечны, і на нябёсах будзе вечна гучаць хвала Айцу і Сыну Хрысту. І ніколі хвала Яму ня спыніцца, бо тое, што было выкуплена сьвятой Крывёю, павінна існаваць вечна. Мы павінны славіць Госпада, пець Яму гімны хвалы, бо мы абавязаныя Яму ўсім. Сваім жыцьцём, дабрабытам, здароўем, сваім розумам, здольнасьцямі і ўсім іншым, што ёсьць у нас і вакол нас. Кожны з нас павінен рабіць гэта. Але ці добра мы выконваем загад Госпада? Няхай кожны паставіць перад сабою гэтае пытаньне і адкажа на яго ў шчырасьці сэрца свайго. І калі мы ўбачым, што парушаем загад Госпада, дык давайце станем перад Ім і пакаемся за сваё непаслушэнства і малавернасьць.
Бог чакае ад нас праслаўленьня, бо гэта Ягоная слава і Ён патрабуе ад нас Сваё. Так, слава Госпада не паменьшыцца ад таго славім мы Яго ці не, бо Ягоная слава - гэта вечнасьць. Бог загадвае нам гэта рабіць таму, што гэта патрэбна нам. Бог любіць нас і таму патрабуе ад нас праслаўленьня, бо калі мы славім Госпада, дык займаем правільную пазіцыю ў адносінах да Бога. І ня толькі да Бога, але і да саміх сябе. Госпад з прыемнасьцю прымае нашу хвалу. Ён зьвяртае на гэта ўвагу і адказвае нам. І вось такі цудоўны кантакт з Богам дае нам разуменьне таго, што ты - чалавек Божы і таму дастойны Божай прысутнасьці. Павал, прыпыніўшыся, знайшоў неабходнае месца ў сваім сьвітку і зноў чытаў са псальмоў гімн хвалы Госпаду, Які даў нам усё: «Госпадзе Божа наш! Якое велічнае імя Тваё па ўсёй зямлі! Слава Твая па-над нябёсы! З вуснаў дзяцей і немаўлятак Ты зладзіў хвалу, дзеля ворагаў Тваіх, каб зьнямовіць мьсьціўцу і ворага. Калі я гляджу на нябёсы Твае, - твор Тваіх рук, на месяц і зоркі, якія Ты паставіў, дык што ёсьць чалавек, якога Ты памятаеш, і сын чалавечы, якога наведваеш Ты? Нядужа Ты зьменьшыў яго славаю, гонарам увянчаў яго; паставіў яго ўладаром над творамі рук Тваіх; пад ногі паклаў яму ўсё: валоў і авечак усіх, і польных зьвяроў таксама, птушак нябесных і рыбін марскіх, усё, што праходзіць марскімі шляхамі. Госпадзе Божа наш! Якое велічнае імя Тваё па ўсёй зямлі!»
Калі мы глядзім у бясконцае блакітнае неба, мы бачым веліч Госпада, бо менавіта Ён стварыў гэтае неба з нічога. Бог стварыў зямлю і ўсё, што на ёй і гэта веліч Госпада. Ён стварыў акіяны і рэкі, і ўсё, што ў іх і гэта веліч Госпада. Ён паставіў нас уладарамі над творамі рук Ягоных і ў гэтым веліч Госпада. Ён даў нам Сваё велічнае імя і Ён чакае ад нас падзякі за Сваю цудоўную працу дзеля нас. Ён бачыць нас, чуе нас і памятае пра нас. Бог рэагуе на нашую хвалу да Яго і адказвае нам. Напэўна той, хто робіць гэта кожнадзённа і шчыра, можа пацьвердзіць гэта. Хвала вышэй за просьбу і таму мы павінны больш праслаўляць і хваліць Госпада, чым прасіць Яго пра розныя чалавечыя патрэбы. Бог даў нам усё неабходнае для жыцьця на гэтай зямлі і Ён чакае падзякі ад нас. І калі Ён атрымлівае ад нас шчырую падзяку і бачыць, што Ягоная веліч прымаецца нашымі сэрцамі, дык Ён адгукнецца на нашыя просьбы і дасьць тое, што нам сапраўды неабходна. Так, Бог ня ўсё дае і ня ўсё адкрывае, а калі нешта адкрывае, дык адкрывае на дабрае і столькі, колькі можа ўспрыняць чалавек розумам і сэрцам сваім. Галоўны адказ Госпада, калі мы зьвяртаемся да Яго, - гэта адказ на шчырае праслаўленьне, якое выходзіць з нашага сэрца і праз нашыя вусны. Кожная малітва мае пэўны вынік, але малітва хвалы мае вынік найбольшы, бо на жаданую Ім малітву, Ён абавязкова адкажа, бо жадае адказаць. Хвалеце Госпада і будзе адказ. Мы абавязкова ўбачым і пачуем Яго. У шчырасьці сэрца, бо настрой сэрца дае шчырае праслаўленьне Госпада і той адказ, які мы абавязкова атрымаем ад Яго, будзе залежыць ад адкрытасьці і шчырасьці нашага сэрца да нашага Валадара.
Бог ня любіць фармалізму, бо ўсё створанае Ім насычана Ягонай любоўю, праўдай і міласэрнасьцю. І тут няма нічога фармальнага. Бог не прымае фармальныя служэньні і фармальныя праслаўленьні. Ён чакае ад нас шчырасьці і эмацыйнасьці ў сваім служэньні, як рабіў гэта Давід: «Славіць буду Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, абвяшчаць пра ўсе цуды Твае, я буду радавацца, весяліцца, імя Тваё апяваць, Усявышні». Фармальнае праслаўленьне – гэта падман ня толькі атачаючых цябе людзей, але ў першую чаргу Госпада, а потым і сябе. Калі мы молімся і думаем пры гэтым пра свае патрэбы і нявырашаныя праблемы, дык няма ніякай карысьці ад такой малітвы. Бог патрабуе поўнай увагі да Сябе і ўзнагародзіць нас за такую малітву праслаўленьня, дзе ня будзе нікога і нічога, акрамя Ягонай велічы і славы. Мы павінны славіць Госпада, як славіў Яго Давід, як славілі і хвалілі Яго простыя пастухі за тую радасную вестку, якую Ён даў ім пра нараджэньне ў горадзе Давідавым Збаўцы, Які ёсьць Хрыстос Госпад.
Пастухі, шануючы Госпада, усхвалялі Яго: «І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё тое, што чулі і бачылі, як ім сказана было». Мы знаходзімся ў тым жа становішчы, што і тыя пастухі, бо бачым веліч Божую ў навакольлі і чуем Эвангельле, - што ёсьць радасная Добрая Вестка пра Хрыста Госпада. І таму мы сьпяваем Яму. Сьпяваем у радасьці і ў шчырасьці сардэчнай, бо ў сьпевах ёсьць салодкія мелодыі, якія прыносяць Яму радасьць, бо калі мы па сапраўднаму праслаўляем Бога, калі пяем псальмы і гімны, дык мы робім ніяк ня меньш, чым чытаючы ці слухаючы пропаведзі. Калі мы хвалім Бога і сэрцам, і вуснамі, дык мы праслаўляем Яго найлепшым чынам. «Хто ў ахвяру падзяку прыносіць, той шануе Мяне» - кажа Госпад. І таму давайце сьпяваць. Сьпяваць паасобку і сьпяваць разам, раскрываючы сэрца сваё перад Госпадам. Нашая хвала радуе Яго і гэта ня проста словы, якія выходзяць з нашых вуснаў, але мелодыі нашай глыбокай сардэчнай удзячнасьці.
Павал, зноў зазірнуўшы ў сьвітак прамовіў: «Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і дзівосныя дзеі Ягоныя для сыноў чалавечых». Калі б мы меньш скардзіліся, выказваючы розныя незадаволенасьці, а больш славілі свайго Бога, мы былі б больш шчасьлівыя, бо Ён атрымліваў бы больш славы, якая Яму і прыналежыць. Мы павінны кожны дзень хваліць Госпада за звычайныя штодзённыя міласьці. Ухвалім Госпада за нашыя вочы, якімі мы глядзім у неба. Ухвалім Госпада за нашае здароўе і сілы, якія дазваляюць служыць Яму, за ежу, якую мы ядзім і за вопратку, якую мы носім. Давайце славіць Яго за тое, што мы не залічаны да Ягоных ворагаў і таму не баімся помсты, але маем абарону Божую. Давайце дзякаваць Госпада за тую волю, якую даў нам Ён Сваёй ахвярнай сьмерцю. Давайце дзякаваць Яго за сяброў, за супакой і мір у нашых сем’ях. Давайце праслаўляць і вывышаць Госпада за ўсё тое, што было дадзена нам Ягонай шчодрай рукою, бо заслугі нашыя амаль ніякія, а шчодрасьць Ягоная бязьмежная. Давайце памятаць пра Ягоную любоў, дзякуючы якой мы збавіліся, бо гэта павінна быць галоўнай тэмай нашых сьпеваў хвалы. Калі мы пазналі збаўленьне, дык давайце будзем заўсёды памятаць пра падзяку нашаму Госпаду. Мы былі пазбаўлены ад улады нашых грахоў і Бог прывёў нас да ўкрыжаваньня Хрыстова, дзе і былі скрышаны кайданы нашых грахоў. І вось, мы ўжо не рабы грэху, а дзеці Бога жывога. Мы павінны дзякаваць за гэта Госпада, бо ўжо зараз мы апранутыя ў Ягонае адзеньне праведнасьці і сьвятасьці. Мы павіны безперапынна дзякаваць за гэта нашага Госпада. Няхай жаданьне славіць Госпада ўзрастае ў нас дзень у дзень і няхай хвала Яму памнажаецца. Калі Госпад дае нам посьпех у справах, дык няхай мы адкажам Яму падзякай і вернасьцю. Калі Госпад вучыць нас мудрасьці, дык няхай нашыя словы будуць прыемнымі Яму. Калі мы пазбаўлены хваробы і наш смутак ператварыўся ў радасьць, дык няхай мы будзем яшчэ грамчэй славіць Ягонае імя і сьпяваць Яму гімны хвалы: «Госпадзе, дай нам праславіць Цябе жыцьцём сваім, сваім служэньнем ды ўзрастаньнем у Тваёй праведнасьці і сьвятасьці. Дай нам Госпадзе Тваёй прысутнасьці і няхай славіцца імя Тваё на векі вякоў. Амэн».
Два тыдні заставаліся тут сябры, прапаведаючы ў царкве і пазнаючы цудоўнейшыя мясьціны навакольля Ларысы. Яны даведаліся ад лекара Лукі, калі апынуліся каля помніку Гіпакрата, пра жыцьцё і дзейнасьць гэтага знакамітага чалавека, які працаваў і памёр у гэтым горадзе. Цудоўны і ветлівы горад Ларыса скарыў сэрцы спадарожнікаў, але іх ужо чакаў працяг падарожжа і наперадзе ў іх быў горад Карынт. Яны і крочылі туды, зноў ступіўшы на грутноўны і прыгожы рымскі шлях, які праходзіў сярод невялікіх узгоркаў і пралягаў праз зялёныя даліны. Гэты шлях ня быў для спадарожнікаў цяжкім і яны, у хуткім часе, падыходзілі да гораду Ламія, які знаходзіўся непадалёк ад заліву Маліякас, што яднаўся з пралівам, які падзяляў Грэцыю і выспу Эбэй у Эгейскім моры.
Ламія, невялікі старажытны горад, зьяўляўся цэнтрам сельскагаспадарчага рэгіёну, дзе, да таго ж, была вельмі разьвітая і жывёлагадоўля. Гарадзкі форум і рынкавая плошча сустрэлі сяброў гоманам ламійцаў і гандляроў з мястэчкаў ды вёсак, якія прывозілі на продаж розныя прадукты ад сваіх гаспадарак. Сябры даволі хутка ўладкаваліся на адпачынак і, у вялікім задавальненьні, сустрэлі ламійскую ноч у Божым супакоі і ў спадзяваньні на хуткую ды сардэчную сустрэчу з мясцовымі хрысьціянамі. Лука і Цімафей прачнуліся, як толькі пачуўся гоман ранішняга гораду. Яны знайшлі Паўла ў малітве і прыядналіся да яго. Павал маліўся за іх і за той добры шлях, які даў ім Госпад у гэтым падарожжы. Ён маліўся і за мясцовых хрысьціянаў, якіх ён ня ведаў і з якімі яны павінны сёньня сустрэцца. Пасьля сьціплага сьняданку яны пайшлі на рынкавую плошчу, дзе Павал трымаў слова пра Ісуса Хрыста. Даволі хутка знайшліся і людзі, якія ведалі пра тое, што казаў тут апостал Павал. Хрысьціяне, падыйшоўшы, пазнаёміліся з сябрамі і запрасілі тых на вечаровае служэньне ў царкву Ламіі.
Тры дні служылі сябры для хрысьціянаў Ламіі, прапаведваючы любоў, адзінства і вернасьць Ісусу Хрысту. Адказваючы ж на пытаньне ламійцаў, як ім правільна маліцца, Павал нагадаў словы Ісуса да Сваіх вучняў: «Маліцеся ж вось гэтак: “Ойча наш, Які ёсьць у небе! Сьвяціся імя Тваё; прыйдзі Валадарства Тваё; будзь воля Твая як у небе так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня. І адпусьці нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і не дапусьці нас да спакусы, але збаў нас ад злога. Бо Тваё Валадарства, і моц, і слава на вякі. Амэн”».
Апостал, прамаўляючы гэта, добра разумеў, што словы гэтай малітвы вядомыя тутэйшым хрысьціянам, але ён хацеў, пэўным чынам, раскрыць сэнс сказанага. Гэта нашая кожнадзённая малітва пачынаецца з таго, з чаго і павінная пачынацца кожнае нашае зьвяртаньне да Госпада, кожная нашая шчырая малітва. Мы прызнаем нашага Бога нашым Айцом, бо кажам: «Ойча наш» і калі мы кажам гэтыя сьвятыя словы, мы ўпэўніваем Айца пра тое, што мы выйшлі з Ягонага дома, але мы вяртаемся да Яго. І калі мы не ўкладаем у свой розум сэнсу гэтых словаў, дык нашая малітва губляе сваю шчырасьць і наўрад ці будзе прынятая Айцом. Мы прызнаем нашага Бога нашым Айцом, бо мы вяртаемся да Яго ў пакоры і з пакаяньнем у нашых злачынствах супраць Яго. Мы ўпэўненыя, што наш міласьцівы Айцец дазволіць нам прыйсьці ў Ягоны дом і наблізіцца да Ягонага пасаду, бо ахвярная сьмерць Ісуса Хрыста, якая дае нам новае жыцьцё ў Ім, дае нам і ўпэўненасьць у сваім спадзяваньні на тое, што мы будзем прынятыя Айцом і зможам знаходзіцца каля пасаду Госпада разам з нашым вялікім Збаўцам і Хадайнікам перад Айцом, з нашым Абаронцам - Ісусам Хрыстом.
«Які ёсьць у небе». Гэтымі словамі, мы, упакораныя дзеці Госпада, прызнаём усю веліч Айца, бо праз пакаяньне прызнаём усю глыбіню нашых злачынстваў і прызнаём усю веліч ахвяры Ісуса Хрыста за нас, Які збавіў нас ад гэтага цяжару злачынстваў, ад нашых грахоў. Мы заклікаем да Госпада, мы любім Яго: «Сьвяціся імя тваё». Калі мы яшчэ немаўляты ў Хрысьце, дык нясьмела ляпечам: «Абба Ойча», але калі мы дужэем у веры і ўмацоўваемся ў Слове Госпадавым, дык прамаўляем упэўнена, як херувімы: «Сьвяты, сьвяты, сьвяты». Мы вывышаем і праслаўляем імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, бо калі сьвяціцца Ягонае імя ў нашых сэрцах, калі мы нясем сьвятло Ягонага жыцьця і сьмерці за нас, дык і самі будзем сьвятлом гэтага сьвету, і будзем сьвяціцца разам з Ім. Дык будзем сьвятымі, як і Ён сьвяты.
Толькі адзін крок аддаляе нашае шчырае пакланеньне і праслаўленьне ад сардэчнага служэньня, якое ёсьць вынікам сапраўднай любові і найвышэйшай павагі: «Хай прыйдзе Валадарства Тваё, хай будзе воля Твая, як на небе, так і на зямлі». Калі Бог кранаецца нас і, па волі Сваёй, ставіць нас перад абліччам Ісуса Хрыста, дык Ён сее на полі нашых сэрцаў гарчычныя зярняткі веры. Ён сее зерне Валадарства Божага, што Духам Сьвятым вырастае ў вялікае дрэва, перамагаючы пустазельле грэху. Мы адмаўляемся ад непакоры і не спадзяемся больш на нашыя чалавечыя магчымасьці і сілу, бо аддаем перавагу Духу Святому, калі кажам Госпаду: «Не мая воля, але Твая». Прымаючы волю Божую, мы прымаем Духа Сьвятога ў сваё жыцьцё і жывем з Яго сілаю кожны дзень свайго жыцьця. Мы прымаем Духа Святога аднойчы і назаўсёды - калі прымаем Ісуса Хрыста, як свайго Збаўцу ў гэтым сьвеце, таму мы павінны славіць Госпада і казаць разам з Давідам: «Буду славіць Цябе, Госпадзе, Божа мой, усім сэрцам маім і славіць імя Тваё вечна, бо вялікая ласка Твая да мяне; Ты выбавіў душу маю ад пекла апраметнага». І пакуль мы жывыя, няхай жыве дабраславеньне ўсіх тых, хто спазнаў ласку Госпада: «Слаўце Бога нябёсаў, бо вечная ласка Яго».
«Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня» - гэта сардэчнае спадзяваньне нашае на Бога; Ягоную любоў, Ягоную справядлівасьць, Ягоную міласэрнасьць. Калі Бог выбраў нас, калі любіць, як стварэньні на падабенства Сваё, дык ніколі ня кіне нас у нястачы і заўсёды дасьць нам выйсьце з любых цяжкіх абставінаў, бо насычае нас Духам Сьвятым, Які напаўняе нашае жыцьцё радасьцю, супакоем, любоўю, мірам і праўдай. Веруючы, сэрца якога асьвячаецца Сьвятым духам выяўляе, што ён ня толькі залежны ад Бога, але і грэшны, таму ён моліць пра дараваньне грахоў: «І адпусьці нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым». Дух Сьвяты абвінавачвае нас, калі мы грашым і часам мы настолькі глухія да Ягоных абвінавачваньняў, што голас Духа Сьвятога падаецца шэптам. Але Ён будзе абвінавачваць нас у грэху пакуль мы не пакаемся і не атрымаем за яго прабачэньня, і не ачысьцімся ад яго, бо наш грэх зьяўляецца ганебнай плямай на нашай чысьціні перад Госпадам. Дух Святы не дазволяе яму ў нас заставацца. Госпадзе, хай мы пакінем нашыя грахі, хай набудзем мы прабачэньне і чысьціню, каб Ты мог выкарыстоўваць нас у праведнасьці Сваёй. Дух Сьвяты ачышчае нашыя сэрцы ад пустазельля крыўды на вінаватых нашых і калі мы атрымалі прабачэньне і апрануліся ў адзеньне праведнасьці, мы пакорліва просім: «І не дапусьці нас да спакусы, але збаў нас ад злога».
Збаўлены Госпадам веруючы з усіх сілаў імкнецца процістаяць спакусам. Ён заклікае да Бога, каб умацавацца Духам Сьвятым і абараніцца ад спакусаў. Сілаю Духа Сьвятога мы здольныя перамагчы д’ябла: «Так што, хто думае, што стаіць, няхай сьцеражэцца, каб ня ўпасьці. Вас наведала спакуса не іншая, як чалавечая. Але верны Бог, Які не пакіне вас быць спакушанымі больш чым вы можаце, але са спакусай зробіць і выхад, каб вы маглі перанесьці». Д’ябал, на кожным кроку, імкнецца абвінаваціць нас перад Айцом, але ласка Божая ёсьць у тым, што калі мы паверылі Ісусу Хрысту, як нашаму Збаўцу - мы атрымліваем сілу Духа Сьвятога і можам утрымлівацца перад усімі дзеяньнямі нячыстага супраць нас і, такім чынам, рабіць усе абвінавачваньні д’ябла несэнсоўнымі і ня маючымі законнай сілы.
Пасьля ж закліку пра дабраславеньне, мы ўзносім хвалу Госпаду: «Бо Тваё Валадарства і сіла і слава навекі. Амэн». Мы радуемся таму, што наш Валадар кіруе ў міласьці Сваёй «ад ракі да канцоў зямлі» і ня будзе канца Ягонаму Валадарству. Такім чынам, гэтая асноўная нашая малітва вядзе душы нашыя ад адчуваньня вяртаньня ў дом Айца, да дасканалых зносінаў з нашым Госпадам. Умацаваўшы такім чынам ламійцаў, Павал зазьбіраўся ў далейшы шлях, які павінен быў прывесьці іх у Карынт.
Свидетельство о публикации №226022001681