От воли до неволи ч. 2
Старажытны горад разьмясьціўся на правым беразе ракі Кэфіс, што цячэ да возера Ілікі, апетае самім Гамэрам у паэме «Сьпісы караблёў». Блакітна-зялёная стужка ракі прабіваецца сярод скал, выходзячы ў даліну і, сьцішваючыся, пашыраецца ды зьмяняе свае колеры на шэрае і карычневае адценьне. На ўсходзе ад Лебадыі велічна ўзвышаўся над горадам горны масіў Парнас, які цягнуўся у паўднёва-усходнім напрамку. Вячэрні час не перашкодзіў спадарожнікам і яны, даволі выпадкова і хутка, знайшлі месца для адпачынку ў доме хрысьціяніна, які сустрэў Хрыста будучы па справах у партовым Карынце. Суботні вечар падараваў ім цудоўную размову з хрысьціянамі Лебадыіі, якія горача запрасілі апостала і ягоных сяброў на заўтрашняе служэньне. Ранак сустрэў сяброў прахалодай з гор і добрым настроем. Царква сардэчна сустрэла іх і Павал казаў слова пад уплывам сваіх нядаўніх разважаньняў пра веліч Госпада. Сардэчнасьць і смага лебадыйцаў да пазнаньня Божага Слова ад самога стварэньня сьвету зачаравала апостала і ён, адаслаўшы Цімафея папярэдзіць карынцянаў пра ягоны прыход, застаўся на тыдзень у гэтым цудоўным горадзе, каб разам з Лукою і Эпафрасам паслужыць тутэйшым хрысьціянам.
Праз некалькі дзён на служэньні царквы, ён нагадаў прысутным свае словы да эфэсцаў: «Бо ласкаю вы збаўленыя праз веру; і гэта не ад вас - Божы дар: не праз учынкі, каб ніхто не хваліўся». Хрысьціянінам становіцца той, хто атрымлівае збаўленьне. А атрымлівае збаўленьне той, хто яго шукае. Значыць хрысьціянінам можа стаць той, хто шукае збаўленьня. Гэтыя пошукі зьдзяйсьняюцца людзьмі розных узростаў і па рознаму. Дзіця ці юнак, пад кіраўніцтвам дарослых, вывучае асновы Пісаньня. Дарослы ці сталы чалавек, ня ведаўшы гэтага раней, упершыню бярэ ў свае рукі Біблію і ўпершыню разгортвае яе, каб атрымаць ад Бога адказы на пытаньні свайго сэрца. Усё гэта азначае, што ідзе пошук – пошук збаўленьня. Але як быць з вынікам, таму што жыцьцё падказвае нам, што ня ўсякі пошук прыводзіць да жаданага выніку, бо вынікі могуць быць і адмоўныя. Чалавек шукае і Бог бачыць усё гэта, як бачыць і стан чалавечага сэрца, якое ёсьць ініцыятарам гэтага пошуку.
Якое яно, гэтае сэрца? Зацікаўленае пазнаць ці атрымаць пэўную інфармацыю гэтага працэсу? А можа гэта крык стомленага сэрца, каб знайсьці шлях да Бога, а значыць і да збаўленьня? Госпад добра бачыць усё гэта і безпамылкова вырашае, каму падараваць гэтае збаўленьне. Выратаваньне праз веру, што ёсьць збаўленьне, - гэта дар Божы. Дар, якога ніякі чалавек ніяк не заслужыў. Ніякія добрыя дзеі, якімі могуць вызначацца многія людзі, тут ня ёсьць вырашальныя. Вырашае Сам Бог, гледзячы на сэрцы шукальнікаў гэтага. Нашыя ж таленты і здольнасьці, якія падараваныя нам ад нараджэньня, не даюць нам збаўленьня. Мы кажам пра Божы дар Самога Бога, Які прапануе нам Самога Сябе. І калі мы прымаем Яго ў сваё сэрца, дык ў Ім мы прымаем і збаўленьне.
Сам Бог адкрыў Сябе ў Ісусе Хрысьце, Які прыйшоў на гэтую зямлю, каб паслужыць людзям Сваёй сьмерцю дзеля гэтага шчырага Божага дара - дара збаўленьня. Ісус пражыў нялёгкае жыцьцё ў параўнаньні з многімі людзьмі ў-ва ўсе вякі, якія жылі нашмат больш лёгкім жыцьцём у адрозьненьні ад жыцьця Збаўцы. Ён спазнаў усе нашыя немачы, але не спазнаў грэху. Каб бязгрэшным памерці на крыжы жахлівай сьмерцю дзеля тых, хто, шукаючы шлях збаўленьня, атрымае гэты дар. Чалавек ня можа сам сябе збавіць, бо ў яго няма такіх сілаў і заслугаў. Таму Хрыстос і прапанаваў Сябе людзям, як Божы дар. І калі мы прымаем Яго праз веру, дык мы прымаем гэты дар Божы, як збаўленьне ад сьмерці вечнай і набыцьцё вечнага жыцьця з Госпадам Ісусам Хрыстом. Прыняўшы Ісуса Хрыста, як дар Бога, мы набываем бясьпеку. Падобна таму, як маюць бясьпеку дзеці ў прысутнасьці сваіх бацькоў. А наш бацька - гэта Бог, які заўсёды абароніць ад нягодаў і грэху, бо Ён заўсёды з намі, а мы заўсёды знаходзімся ў Ягонай прысутнасьці. Наогул, у сваім жыцьці, мы вядзем барацьбу, так ці інакш, за сваю бясьпеку. Яна, гэтая барацьба, не вычэрпваецца страхам нейкага гвалту. Яна пачынаецца з тугі па шчырым чалавечым узаемаадносінам. Дзіцёнку няма патрэбы выклікаць жаданьне апынуцца ў абдымках бацькоў. Тое ж тычыцца і сталых людзей, бо яны таксама смагнуць дотыку клапатлівых рук. Смага ж Божага дотыку - гэта смага адчуць сябе ў руках Бога. Таму, хто шчыра шукае Яго, Ён рана ці позна зьявіцца і кранецца гэтага шукаючага сэрца.
Ісус Хрыстос стукаецца ў сэрца кожнага чалавека, бо таму Ён і памёр на Крыжы за ўсіх нас. Каб кожны чалавек меў магчымасьць вызначыцца з кім ён. З тым сьветам, у якім ён нарадзіўся ці з тым, што звыш таго. Менавіта дзеля гэтага Бог і заснаваў Царкву. Царкву, якая павінна служыць чалавеку так, як служыў кожнаму чалавеку ў Сваім зямным жыцьці Ісус Хрыстос. І служыць зараз праз Сваю сьмерць і ўваскрасеньне дзеля нас з вамі. Але можа стацца і так, што чалавек прыходзіць у царкву бяз веры, з нейкай зацікаўленасьцю ці ў сардэчных пошуках. З гэтага ёсьць толькі два выхады. Ці заставацца з тым з чым ты прыйшоў, ці ісьці да праўды – да Ісуса Хрыста. Ісус стукаецца ў сэрца кожнага чалавека, нават і таго, хто Яго не прымае. Стукаецца ў спадзяваньні, што яно адгукнецца на гэта і адкрые дзверы свае для ўваходу нашага Збаўцы Ісуса Хрыста, каб прыняць гэты каштоўны дар - самога Бога. Ісус стукаецца сьціпла і ў пакоры. Так, як гэта павінны рабіць і мы. Мы павінны ведаць, што пакора Хрыста, як і пакора хрыстовых, - гэта выклік да кожнага чалавека гэтай зямлі дзеля таго, каб людзі жылі ў міры паміж сабою, у сабе, а значыць і з Госпадам. Чаму гэта так?
Сьвет створаны для цела, цела для душы, а душа для Бога. Сьвет, цела і душа - гэта рэаліі таго, што сьвет створаны для цела, цела для душы, а душа для Бога. Ёсьць жа і падобныя, але іншыя рэаліі: іншыя людзі, мы самі і Бог. Ізаляваць кожнага з нас ад гэтых узаемаадносінаў немагчыма і таму чалавечая недасканаласьць ставіць, як мінімум, перад сабою некалькі пытаньняў. Па-першае, як спасьцігнуць гэты фізічны сьвет, часткай якога мы зьяўляемся, а па-другое, як быць з нашымі духоўнымі пошукамі і зямнымі ўзаемаадносінамі, якія складаюць, у большасьці, нашае жыцьцё? Адказ на гэтыя пытаньні адзіны - Ісус Хрыстос. Бо таму Ён і прыйшоў у гэты сьвет, каб абвесьціць Божае Валадарства, а Сваёй ахвяраю за нашыя грахі прымірыць нас з Богам. Прымірэньне ж з Богам азначае мір ў нашых сэрцах, а калі гэта так, дык будзе мір і паміж намі, а гэта значыць і у грамадзтве.
Павал, аглядзеўшы цішыню залі, вырашыў падсумаваць сказанае ў сваёй пропаведзі. Прымірэньне з Богам і, як вынік, мір у сэрцы чалавека - гэта тое, што дае нам Сваёю сьмерцю за нас Ісус Хрыстос. І гэта той, ніяк не заслужаны намі, Божы дар, які мы можам прыняць, каб быць у міры з Богам, з самім сабой і паміж сабой. Дар Бога прызначаны для нашага жыцьця ў сьвеце, для нашага збаўленьня і для нашага будучага жыцьця ў вечнасьці з Госпадам. Шчасьлівы той чалавек, які прымае гэты Божы дар і адкрывае сваё сэрца Ісусу Хрысту. А таму штодня трэба дзякаваць Богу за гэты цудоўны дар, якім ёсьць Ісус Хрыстос. Амэн.
Хутка і ў неўзаметку прабеглі гэтыя сем дзен і настаў той ранак, калі сябры зноў рушылі далей - у Карынт, дзе іх ўжо чакаў Цімафей. Вандроўнікі выйшлі з гораду не адныя, бо некалькі хрысьціянаў Лебадыі, зьбіраўшыся ў Карынт па справах, прапанавалі Паўлу ісьці разам і паказаць яму больш кароткі шлях да Карынту. Яны выйшлі на рымскі шлях у напрамку Фівы, да якой было 45 км., але на палове гэтага шляху павярнулі на мясцовую дарогу, якая пралягала праз вялікую зялёную даліну. Павал уважліва слухаў сваіх суправаджальнікаў пра тое, што і колькі выгадоўваюць мясцовыя сяляне на сваіх палетках і, ўвогуле, пра своеасаблівасьці гэтай цудоўнай мясьціны. Апостал вельмі паважаў працавітых людзей, бо і сам быў працавітым чалавекам. З дзяцінства ён бачыў працу бацькоў і сам старанна працаваў у сямейнай майстэрні, пранёсшы гэтыя навыкі праз усё жыцьцё.
І вось зараз, ідучы разам з сябрамі і гледзячы на гэтае сьвята працы, Павал зьвярнуўся да сваіх спадарожнікаў, выказваючы ўголас свае думкі наконт працы чалавека: «Чацьвёртая Божая запаведзь кажа нам: “Шэсьць дзён працуй і рабі ўсякія дзеі твае”. Шэсьць дзён з сямі працаваў Бог па стварэньню сьвету, а таму Ён тое ж патрабуе і ад нас. Госпад патрабуе ад кожнага з нас працаваць сумленна і з любоўю, каб пра кожны дзень працы можна было сказаць “добра” ці “добра вельмі”, як сказаў гэта Бог у дзень шосты. Бог нязьменны, бо аднолькава патрабуе працы ад усіх. Як Ён патрабаваў працы ад Адама, так патрабуе і ад ўсіх астатніх. Чалавек быў пастаўлены Богам на працу і калі чалавек ня хоча працаваць, дык ён у гэтым выпадку становіцца вельмі падобным на малпу, якой Бог розуму ня даў. Бог хоча, каб мы працавалі, бо добра і з любоўю працаваць - гэта азначае быць падобным на свайго Творцу, Які працаю Сваёю стварыў і нас з вамі. І стварыў "вельмі добра”».
Сябры прыпыніліся на адпачынак, уважліва слухаючы Паўла. На жаль многія людзі працаваць ня хочуць і шукаюць розныя шляхі, каб, не працуючы, грошы зарабіць. У адрозьненьні ад тых, хто працаваць ня хоча, шатан працуе над імі вельмі старанна. Ён прымушае чалавека не любіць працу, а значыць і самога сябе. Мэта дъябла - прывесьці чалавека ў пекла, туды дзе няма ні ежы, ні пітва, а значыць і працы. Наогул, здольнасьць чалавека да ежы і пітва ня ёсьць праца, але вынік яе. Але давайце абвесьцім тое, што так не павінна быць. Шчасьце чалавека як раз і зьмяшчаецца ў пераадоленьні цяжкасьцяў працы. І сапраўды, каб добра працаваць трэба гэтаму добра навучацца. А для гэтага патрабуецца старанна асвойваць пэўныя веды і, на падставе гэтых ведаў, засвойваць практычныя навыкі. І ўсё гэта рабіць старанна і з любоўю. І памятаць тое, што менавіта гэтага чакае ад нас Бог. Кожны пераадолены этап працы - гэта тое маленькае шчасьце, якое напаўняе сэрца працаўніка. Гэта бясконцы працэс. І калі ёсьць мэта, як вынік працы, дык яна надхняе чалавека і робіць чалавека шчасьлівым. Эпафрас, падхапіўшы думку настаўніка, надхнённа прамовіў: «Бог гатуе нам Валадарства, дзе мы будзем працаваць з радасьцю і любоўю, радуючы гэтым Госпада. Дык абвесьцім гэтаму сьвету тое, што дабрасумленная праца - гэта адказ на любоў Госпада да вышэйшага стварэньня гэтага сьвету і імкненьне пацьвердзіць сваю вернасьць гэтай запаведзі Божай - працаваць».
Сябры працягнулі свой шлях і ўжо ў хуткім часе дасягнулі ўсходняй частцы Карынтскага заліву. Іянічнае мора сустрэла іх высокім скальным берагам і шумам хваляў, якія нястомна вядуць бясконцую барацьбу з каменнымі берагамі. Пасьля непрацяглага адпачынку спадарожнікі крочылі далей па дарозе ўздоўж берагу заліва ў паўднёвым напрамку. Адыйшоўшы ад мора, яны прайшлі ад паўночнага пачатку паўвыспы Перахор да паўдзёнага, дзе прытуліўся да гары Геранія невялікі горад Тэрмы. Карынтскі заліў зноў сустрэў вандроўнікаў ў гэтым цудоўным горадзе, які прывабліваў многіх сваімі гарачымі і гаючымі крыніцамі. Павал калісьці ужо быў у гэтым месцы і добра ведаў пра знаходжаньне тут хрысьціянаў. Ён, разам з сябрамі, разьвітаўся з лебадыйцамі, якія сьпяшаліся па сваіх справах да Карынту. Павал вырашыў застацца тут на дзень ці два, каб сустрэцца з хрысьціянамі і паслужыць у мясцовай царкве. Яны даволі хутка знайшлі братоў, якія з радасьцю знайшлі ім добры прытулак для адпачынку і абвесьцілі мясцовым хрысьціянам пра заўтрашнюю сустрэчу з апосталам. Радасьць сустрэчы ўзмацніла дух і фізічныя сілы Паўла, які прапаведаваў царкве пра любоў і славу Ісуса Хрыста. Пад вечар наступнага дня Паўла сустрэў Цімафей у суправаджэньні некалькіх карынцянаў, якія даведаліся ад лебадыйцаў пра знаходжаньне Паўла ў Тэрмах. Не сьпяшаючыся з раньнім выхадам, яны разьвіталіся з хрысьціянамі Тэрмаў і крочылі ў бок Карынту, да якога было ня больш за дзесяць кіламетраў.
Дарога ішла ўздоўж мора праз найвузейшую частку перасмыку ля паўвыспы Пелапанэс, праз які перавозілісяліся грузы, а нават і перацягваліся невялікія караблі, каб зьяднаць Іянічнае і Эгейскае моры паміж портам Лэхэум і портам Кенхрэі. Карынтскі заліў прывабліваў спадарожнікаў сваім цёмна-блакітным колерам, які падкрэсьліваў значную глыбыню гэтай воднай прасторы. Прыгажосьць мора дапаўняла карціна панарамы горада, якая адкрылася перад сябрамі і якую добра ведаў Павал. Яны спусьціліся ў горад і моўчкі крочылі за Цімафеем да месцу свайго адпачынку. Царква цёпла сустрэла Паўла, бо не згасілася ў карынцянаў ягонае мінулае жыцьцё сярод іх, як і служэньне сярод іх на карысьць Ісуса Хрыста. Актыўнае жыцьцё карынтскай царквы закруціла спадарожнікаў Паўла, бо яны сустрэлі тут вядомых прапаведнікаў Ціта і Апалёса, якія жылі і працавалі ў гэтым горадзе. Павал апынуўся ў родным і знаёмым асяродзьдзі з такім пачуцьцем, як быццам бы ён ніколі адсюль і не выходзіў.
Сустрэча з царквою і бачаньне здаровага хрысьціянскага духу абадзёрылі апостала, але ён ужо думаў пра будучае свайго хрысьціянскага служэньня. Верасень ужо гатаваўся саступіць сваё месца кастрычніку, таксама і жыцьцё ў пасьпяховай царкве павінна было заступіць новай эвангелізацыйнай задумцы Паўла. Ён павінен быць на высьпе Крыт, каб, у поўнай меры, прынесьці туды Эвангельле Ісуса Хрыста. Тры гады таму Павал ужо быў там, калі яго вязьнем перавозілі ў Рым. Ён нічога ня здолеў тут зрабіць, хаця сотнік Юлі і не перашкаджаў апосталу несьці вучэньне Хрыста. Тагачасныя абставіны гэтага падарожжа не дазволілі Паўлу папрацаваць у гэтым месцы на ніве Божага Валадарства, але зараз такая магчымасьць уяўлялася рэальнасьцю і апостал імкнуўся гэтым скарыстацца. Павал прыняў рашэньне, і, абвясьціўшы пра гэта сябрам і царкве, пачаў гатавацца да гэтай наступнай вандроўцы. Сябры падтрымалі гэты план, хаця і ня вельмі разумелі сэнсу гэтага мерапрыемства на падыходзе ўжо хуткай зімы. Але дзейны Павал ужо сьпяшаўся, бо ведаў, што тэрмін марской навігацыі падціскаў і ўжо хутка караблі стануць на свае месцы для адпачынку да вясны.
Пасьля непрацяглых, але сур’ёзных збораў вызначылася каманда апостала, якая і павінны была ступіць на зямлю Крыта. Да Паўла і Лукі прыядналіся Ціт, Трафім, Апалёс і Зэн. Эпафрас застаўся ў Карынце, а Цімафей, па ўзгадненьню з апосталам, павінен быў ісьці ў родную Галятыю, каб наведаць сваіх родных і паслужыць справе умацаваньня тамтэйшых цэркваў. Сябры разам пайшлі да порту Кінхрэі, які сустракаў і суправаджаў караблі з боку Эгейскага мора. Цімафей сеў на карабель, што адыходзіў да Эфэсу, а каманда Паўла, праз некалькі гадзін, выправілася да выспы Крыт. Мора сустрэла іх сьвежым заходнім ветрам і карабель спадарожнікаў хутка засьлізгаў па воднай прасторы, разразаючы хвалі і адначасова перавальваючы праз іх. Карабель прайшоў заліў Саронікас і накіраваўся да выспы Мілас. Заходні вецер спрыяў хуткаму ходу карабля і яны, убачыўшы Мілас па леваму борту, накіраваліся стромкім бакштагам да берагу Крыта.
Шэсьць гадзін марскога шляху чакалі сяброў і яны памаліліся Госпаду, каб гэты шлях быў спрыяльным і каб яны пасьпяхова пачалі сваё служэньне на гэтай, невядомай для іх, высьпе. Хутка прайшоў час і яны ўбачылі здаля рыску берагу, якая, павялічваючыся, адкрыла перад імі бухту порта Геракліён. Вяршыня Іды была добра бачная скрозь празрыстае марское паветра. Павал ужо бачыў вяршыню гэтай велічнай гары, але з паўднёвага ўзьбярэжжа Крыту, калі яны плылі ў Рым каля Маталы. Сьпецыфічна марскі партовы гоман нічым не адрозьніваўся ад гаворкі іншых портаў і пра гэта з упэўненасьцю мог сказаць шматвопытны Павал. Лука з Трафімам выправіліся ў горад, каб знайсьці прытулак для адпачынку сяброў, якія засталіся чакаць іх у порце. Хутка яны вырашылі гэтае пытаньне і сябры, усе разам, апынуліся ў невялікім і ветлівым доме, сустрэтыя ветлівымі ж гаспадарамі.
Вароты Крыта - Геракліён сустрэў сяброў кастрычніцкім лагодным цяплом і ветлівым прыбярэжным марскім ветрам. Дом, што даў прытулак спадарожнікам, знаходзіўся каля берагу, непадалёк ад порту Геракліёна і таму ён сустракаў вятры з мора адразу ж як тыя прыносілі марскія хвалі на ўзбярэжжа. Голас набягаючых хваляў супакойвае сэрца чалавека і закалыхвае яго для адпачынку. Усе яшчэ адпачывалі, калі Павал прачнуўся і выйшаў на марскі бераг. Ужо абудзіўся порт, адкуль, праз цішыню ранку, даносіліся гукі ранішняй працы. Апостал добра ведаў гэты партовы рытм, калі караблі заўсёды сьпяшаюцца, каб хутчэй загрузіцца ці выгрузіцца і зноў выйсьці ў мора, у наступны пункт свайго прызначэньня. Павал глядзеў на добра зразумелае яму мора і думаў пра свой пункт прызначэньня, пра будучаю працу на гэтай зямлі, якая была ў яго за сьпіною. Павярнуўшыся ж да гораду і дому, які прытуліў яго, апостал узьнёс свае рукі да Госпада, праслаўляючы Яго за тыя дзеі, якія правялі яго і ягоных сяброў на гэтую зямлю, каб паслужыць Яму на ніве Божага Валадарства. І гэта ня будзе лёгкім шпацырам, але Павал памятаў загад свайго Госпада, каб несьці імя Яго аж да краю зямлі. Апостал павярнуў ад мора да дому, дзе ўжо былі чутныя, мілыя сэрцу, галасы ягоных сяброў.
Трафім і Апалёс ведалі некалькіх хрысьціянаў Геракліёну, якія сустрэлі Ісуса Хрыста ў Карынце і прынесьлі сюды Добрую Вестку. Пасьля малітвы і сьняданку Павал прапанаваў сябрам агледзець незнаёмы яму горад і ўжо потым узгадніць свае далейшыя дзеяньні. Горад Геракла сустрэў іх прыгожымі каменнымі будынкамі і зялёнымі паркамі, што ўпрыгожвалі горад, даючы прахалоду і адпачынак у сьпякотныя летнія месяцы. Восеньскае надвор’е не было ўжо сьпякотным і сябры з задавальненьнем разглядалі навакольную прыгажосьць. Яны прыйшлі да форуму і рынкавай плошчы, апынуўшыся сярод гоману гандляроў і тых, хто прыйшоў сюды для набыцьця патрэбных рэчаў. Павал хутка знайшоў месца, дзе зьбіраліся прыхільнікі розных філасофскіх плыняў, каб паспрачацца за сэнс жыцьця чалавека і высьветліць магчымыя шляхі дасягненьня гэтае мэты. Апостал апынуўся ў вельмі знаёмых абставінах, бо добра ведаў гэтыя філасофскія разважаньні, а таму даволі хутка завалодаў увагаю прысутных на плошчы людзей.
Спадарожнікі Паўла назіралі пропаведзь майстра, які, пачаўшы ад Божага стварэньня сьвету, распачаў гаворку пра Божага Сына Хрыста, Які памёр за грахі людзей, каб даць ім надзею і адкрыць ім сапраўдны сэнс існаваньня чалавека на гэтай зямлі. Даволі хутка вакол Паўла вызначыўся натоўп, які ўважліва слухаў гэтага, незнаёмага ім, прапаведніка. Апалёс, назіраючы за Паўлам па-за натоўпам, раптоўна ўбачыў падыходзячага да іх знаёмага хрысьціяніна. Ён хутка наблізіўся да крыцяніна і яны цёпла павіталіся, пазнаўшы адзін аднога. Дорас, так звалі хрысьціяніна, безумоўна чуў пра Паўла, але ніколі яго ня бачыў. Ён з цікавасьцю выслухаў ад Апалёса гісторыю вандроўцы апостала з Рыму да Крыта, каб ня толькі ўмацаваць мясцовыя цэрквы, але і павялічыць Божае Валадарства. Яны дамовіліся, што Дорас абвесьціць гэтую навіну мясцовым хрысьціянам, каб увечары разам сустрэць у царкве Паўла ды ягоных сяброў.
Царква сардэчна сустрэла сяброў і Павал, ад імя ўсіх спадарожнікаў, зьвярнуўся да прысутных з прывітаньнем і словам пропаведзі. Ён казаў пра прысутнага тут Хрыста, Які, знаходзячыся па-за часам і прасторай, дабраслаўляе хрысьціянаў Сваёй вераю і любоўю. Менавіта Божая любоў і была тэмаю гэтай шчырай і ўзьнёслай пропаведзі. Царква Геракліёну не была вялікай, а дакладней была зусім невялікай, а таму слова Паўла адпавядала ягонаму імкненьню ў служэньні Ісусу Хрысту, каб павялічваць Валадарства Божае ў колькасьці і якасьці. Павал не заўважыў тут гебраяў і гэта, напэўна, адбылося таму што пагане прынесьлі хрысьціянскую веру з Карынту да свайго народу. Але гэта зусім не азначала, што апостал ня будзе зьвяртацца да суайчыньнікаў, каб навярнуць іх на шлях праўды. Ён будзе гэта рабіць і зараз, як заўсёды рабіў гэта і раней. Так у гэтых цудоўных сустрэчах і размовах з крыцянамі прайшлі тры незабыўныя дні, але трэба было планаваць свой час, як мэту сваёй вандроўцы, на будучае. Навігацыя падыходзіла да завяршэньня і планы каманды Паўла складаліся з таго, што для іх мае быць праца дабравесьця і ўмацаваньня тых маленькіх цэркваў, якія мелі быць на час іхняга прыходу. Для гэтага заставаўся кавалак восені і цалкам уся зіма. Апостал прызначыў сустрэчу з кіраўнікамі царквы Геракліёну ў сваім гасьцёўным доме, каб, чуючы плёскат хваляў, вызначыць далейшыя сумесныя дзеяньні з Паўлавай групай.
Два дні гатаваўся Павал да гэтае сустрэчы. Ён даведаўся, што выспа падзелена на чатыры адміністрацыйныя раёны са сваімі гарадамі і вёскамі. І Павал, як сапраўдны стратэг свайго Госпада, вызначыў план дзейнасьці, разьлічаны на пяць месяцаў іхняга служэньня. Ён прапанаваў падзяліць сваю групу на чатыры часткі, каб ахапіць служэньнем усе чатыры адміністрацыйныя раёны Крыту. Павал прапанаваў Ціту застацца ў горадзе, каб узначаліць іхнюю працу ў Гераклійскім раёне, які, як і ўсе астатнія, працягваўся ад паўночнага да паўдзённага ўзьбярэжжа. Апалёс і Зэн павінны былі накіравацца ў заходнюю Ханію, а Трафім ва ўсходнюю Сітыю. Сам жа Павал, разам з Лукою, павінен накіравацца ў Рэтымну, на паўдзённым беразе якой знаходзіўся горад Фініка, якога так і не дасягнуў карабель Паўла на шляху ў Рым, бо быў адагнаны ад яго штармавым Эўраклідонам. Сябры дамовіліся, што каардынацыя іхніх дзеяньняў будзе канцэнтравацца ў царкве Геракліёну пад кантролем Ціта, які будзе, пры неабходнасьці, паведамляць удзельнікам гэтай місіі тыя ці іншыя зьвесткі і патрэбы. Узяўшы суправаджальныя лісты ад царквы Геракліёну, праз два дні, сябры разыйшліся па месцах прызначэньня. Павал і Лука пайшлі разам з Апалёсам і Зэнам, але ў хуткім часе яны разьвіталіся і з імі, бо тыя павінны былі ісьці далей, на захад.
Зіма на Крыце ёсьць лагодны кліматычны перыяд і, у пэўным сэнсе, адпачынак ад летняй сьпякоты. Але ў служэньні місіянэраў не назіралася зімняй прахалоды, бо служэньне па стаўленьню і ўмацаваньню невялічкіх і разрозьненых цэркваў не цярпела прахалоды, але, іншым разам, было вельмі сьпякотным. Шчырая эвангелізацыя і пропаведзь сяброў дала свае добрыя плады, бо маленькія і разрозьненыя цэрквы па ўсёй высьпе мацаваліся і павялічваліся. Ціт плённа працаваў ня толькі ў Геракліёне і Тымбакі, што на паўдзённым беразе, але і ў маленькіх мястэчках паміж імі. Апалёс і Зэн несьлі слова Госпада ў гарадах Ханія, Кісамас і Палеахоры. Гарады Мікалас, Малія, Элунда, Сітыя і Ерапетра пачулі пропаведзь Трафіма, якая значна павялічыла колькасьць хрысьціянаў і ўмацавала іх у веры. Павал жа сканцэтраваў сваё служэньне ў горадзе Рэтымна, але ён і Лука наведалі шмат мястэчак паміж Рэтымнай, Плакісам і Фінікам. Наведаваў Павал і Ханію, дзе працавалі Апалёс і Зэн, а таксама і паўдзённую частку Гераклійскага раёну.
Плённая праца сяброў працягвалася ўсю зіму і, па сумеснай дамоўленасьці, яны прыйшлі ў Геракліён у сярэдзіне сакавіка, каб вызначыць вынікі сваёй працы і паглядзець на планы свайго будучага служэньня. Павал бачыў іхнюю плённую працу прыемнай Госпаду, але ён бачыў і тое, што ягоны шлях накіроўваў яго ў Малую Азію, дзе ён абяцаўся быць у сваіх ранейшых пасланьнях з Рыму. Было вырашана тое, што Ціт, Апалёс і Зэн застануцца на Крыце яшчэ нейкі час, а Павал, Трафім і Лука накіруюцца ў бок Эфэсу, каб паслужыць Госпаду ў Малой Азіі. Хутка пачыналася навігацыя і сябры маглі нясьпешна зьбірацца ў новае падарожжа. Але перад гэтым, разам з Цітам і Трафімам, Павал вырашыў наведаць Сітыю, каб пазнаёміцца з мясцовымі хрысьціянамі і падтрымаць іх сваёй пропаведзьдзю. Так прайшлі яшчэ два тыдні і нарэшце, на пачатку красавіка, Павал быў гатовы да адплыцьця ў Малую Азію.
Эгейскае мора сустрэла сяброў паўднёва-заходнім ветрам, які напоўніў ветразі карабля і ён, накірованы вопытным капітанам, узяў курс на Мілету. Павал, як дарэчы і Лука, знудзіліся на гэтае цудоўнае адчуваньне ветру і хваляў. Поўныя ветразі гналі карабель па хвалях так, што ён апярэджваў іх у хуткасьці, але гэта і ня дзіўна, бо хвалі ня мелі ветразяў, а карабель меў. Так бачыў Павал, але ягоныя думкі ўжо праводзілі ўбачанае ў параўнаньне з жыцьцём чалавека. Хвалі - гэта жыцьцё чалавека у сьвеце, якога гоняць абставіны ў тым ці іншым напрамку. Карабель жа вышэй за хвалі і ягоныя ветразі напаўняюцца ветрам, але ветразі кіруюцца чалавекам і ад гэтага кірунак карабля не адпавядае накірунку ветру, але мае магчымасьць ісьці ў розныя бакі.
Карабель - гэта ёсьць хрысьціянства, ветразі якога напаўняюцца ветрам Сьвятога Духа і кіруюцца хрысьціянамі, якія знаходзяцца на тым жа вятру Сьвятога Духа, адпавядаючы Божым ведам, каб весьці свой карабель да прызначанай Богам мэты. Такое і ёсьць жыцьцё чалавека: ці ты хваля пад узьдзеяньнем жыцьцёвага ветру абставінаў, ці ты чалавек, які знаходзіцца на Божым караблі, што пануе над хвалямі і нясе хрысьціяніна да сьветлай мэты вечнага яднаньня з Ісусам Хрыстом. Павал ачуўся ад сваіх думак, калі да яго падыйшлі Лука і Трафім, каб запытаць яго пра будучыя дзеяньні ў Малой Азіі, пачынаючы з Мілеты. Апостал распавёў сябрам свае назіраньні пра хвалі, вецер і ветразі карабля, заклікаўшы тых не турбавацца за будучае, бо Бог ведае іхняе будучае лепей за іх, а што вырашыць Бог - вырашаць і яны.
За размовамі і ў малітве гэты цудоўны дзень падыходзіў да свайго завяршэньня. Хуткі ход карабля набліжаў іх да Мілеты і яшчэ да заходу сонца сябры ступілі на бераг Малой Азіі. Мілета сустрэла сяброў вясновай прыемнай вечаровай прахалодай і запрашэньнем да адпачынку ў прыбярэжнай карчме, што знаходзілася каля гарадзкога порту. Ранішні гоман порту і абуджаючы горад сустрэлі Паўла каля Тэатральнай бухты марскога порту. Справа на поўнач, за гарадзскім мурам, бачыліся верхнія рады велічнага тэатру, на якія ўжо ўпалі першыя сонечныя прамяні. Зьлева ж узвышаўся мур стадыёну, які зьяўляўся часткаю гарадзскога муру. Павал глядзеў на набягаючыя хвалі Эгейскага мора, якія ўзгадвалі пра ягонае знаходжаньне тут шэсьць гадоў таму, калі ён накіроўваўся з Карынту ў Ерусалім. Наперадзе праглядалася выспа Самос, якая прымала іхні карабель пад час тагачаснага падарожжа і вось зараз ён зноў стаіць на гэтым беразе, прадчуваючы цяплыню сустрэчы з хрысьціянамі Мілеты пасьля шасьцігадовай адсутнасьці.
Памаліўшыся і падзякаваўшы Госпада ён вярнуўся ў гасьцініцу, дзе яго ўжо чакалі сьняданак і ягоныя сябры па падарожжу. Пасьля сьняданку Павал прапанаваў сябрам прайсьці на ўсходнюю частку горада, дзе знаходзілася царква мясцовых хрысьціянаў. Яны ішлі па ранішнім вуліцам, якія ўражвалі сваёй просталінейнасьцю і прамымі кутамі скрыжаваньняў. Лука, які быў тут разам з Паўлам, ведаў гэтую асаблівасьць планіроўцы гораду і нават распавёў сябрам пра знакамітага тэарэтыка ў горадабудаўнічай сфэры Гіпадама, які нарадзіўся тут, у Мілеце. Гэты Гіпадам і вывеў прыцып, па якім другарадныя вуліцы павінны трасіравацца пад прамым кутом да цэнтральных. Ён удзельнічаў у праектаваньні і разьбіўцы афінскага порту Пірэй, а таксама гарадоў Фурыі і Радосу. За цікавай гаворкай яны незаўважна дасягнулі рынкавай брамы ў цэнтральнай частцы гораду і ўвайшлі на галоўную рынкавую плошчу.
Павал ведаў, што менавіта ў гэтым горадзе нарадзіўся і жыў знакаміты філосаф і матэматык Фалэс Мілецкі, які закладаў падмурак грэцкай культуры і дзяржаўнасьці. А таму апостал ніяк не зьдзівіўся, што філасофія вылівалася на гэтую плошчу ды гучала тут з ранку і да вечара. Розныя філасофскія плыні адстойваліся тут рознымі людзьмі, але для Паўла гэтыя спрэчкі былі добра знаёмымі, бо ён іх неаднарозова чуў у самых розных гарадах, дзе толькі яму прыходзілася быць. Паслухаўшы некалькіх прамоўцаў, яны ня сталі затрымлівацца на плошчы і нясьпешна пайшлі далей, у бок хрысьціянскай царквы, якая знаходзілася непадалёк ад будынку гімназіі, каля ўсходняй частцы гарадзскога муру.
Хрысьціяне сардэчна сустрэлі Паўла і ягоных спадарожнікаў. Большасьць з іх ведалі Паўла з той памятнай сустрэчы, калі ён наведаў іх і старшыняў царквы Эфэсу на шляху да Ерусаліму. Яны памяталі тую незабыўную і ў нечым трагічную прамову да іх, калі Павал выказаў здагадку, што Мілет з Эфэсам больш ніколі ня ўбачаць аблічча апостала. Але Госпад вырашыў інакш і вось яны з радасьцю сустракаюць апостала ў сваёй царкве. Ужо ўвечары Павал распавёў хрысьціянам Мілеты пра свае адчуваньні пад час іхняга растаньня і пра тое, як Госпад правёў яго праз увесь гэты час, даўшы яму гэтую цудоўную магчымасьць сустрэчы з хрысьціянамі Мілеты, каб вітаць іх і паслужыць ім. Узяў слова і Лука, які прысутнічаў на іхняй папярэдняй сустрэчы. Ён распавёў ім пра небясьпечныя моманты, якія сустракаліся ім увесь гэты час, але асабліва пра тую незабыўную і вельмі небясьпечную марскую вандроўку на шляху з Цэзарэі ў Рым.
Доўга не расходзілася царква, бо ўзяў слова і Трафім, які распавёў пра іхнюю працу на Кіпры, вітаючы іх ад імя Ціта, Апалёса і Зэна, якія засталіся працаваць на высьпе, каб умацаваць і аб’яднаць тамтэйшыя цэрквы. Гэты цудоўны і эмацыйна насычаны дзень скончыўся і сябры накіраваліся ў дом заможнага хрысьціяніна, які запрасіў іх да сябе для адпачынку і для пражыцьця у Мілеце. Далейшыя дні паказалі Паўлу, што ня ўсё так добра ў хрысьціянскай супольнасьці тутэйшай царквы, бо юдэі, па-ранейшаму, заклікалі да Закону Майсея, а ілжэнастаўнікі пераварочвалі вучэньне Ісуса Хрыста. Павал зразумеў, што ён павінен тут застацца на пэўны час, каб абараніць хрысьціянаў ад ілжэвучэньняў і ўмацаваць царкву Мілеты.
Так прайшлі тры тыдні і ўсё было добра, каб ня здарылася тое, што Павал зусім не чакаў. Сур’ёзна захварэў Трафім і гэта вельмі занепакоіла апостала. Ён, у перамежку з Лукою, сядзеў у малітве каля ложку хворага, спадзяючыся на хуткае аздараўленьне сябра. Але гэтага не адбывалася і Павал зьвярнуўся да Госпада свайго Ісуса Хрыста за дапамогаю ў гэтай справе. І вось ноччу Павал пачуў Ісуса Хрыста, Які сказаў яму пра тое, што ён не павінен турбавацца пра Трафіма, а ісьці далей у Калосы і толькі потым прыйсьці ў Эфэс. Сьвяты Дух паклапоціцца пра Трафіма, які яшчэ паслужыць Ісусу Хрысту. Такім чынам Павал, на пачатку траўня, зазьбіраўся ў бок Калосаў.
Яны, Павал і Лука, выйшлі на рымскі шлях да Міры, каб праз сем гадзін хады зьвярнуць у левы бок на дарогу, якая вяла па даліне сярод прыгоркаў да гораду Калосы. Павал паслухаўся Госпада і тым самым выконваў сваё абяцаньне Філімону прыйсьці да яго, якое ён даў яму будучы яшчэ ў Рыме. Дарога ішла па зялёнай даліне, упрыгожанай рознакаляровымі фарбамі фруктовых садоў. Плямы сялянскіх палеткаў ужо прынялі ў сябе зярняты будучага ўраджаю і гатавалі іх да сьмерці, каб народжаныя з гэтага парасткі ў будучым закаласіліся дзясяткамі такіх зерняў. Разважаючы Павал параўноўваў гэтае дзеяньне са сьмерцю Ісуса Хрыста, Які даў парасткі ў Сваіх вучнях, каб тыя, узросшы, прыносілі Яму плод - хто трыццаць, хто шэсьцьдзясят, а хто сто і болей. Падыходзячы ўжо да Калосаў, Павал прыпамятаў свае словы да Філімона: «Падрыхтуй для мяне гасподу, бо спадзяюся, што праз малітвы вашыя буду вам падараваны». Ён даслаў гэтыя словы ў лісьце да Філімона яшчэ з Рыму, накіраваўшы да яго Анісіма праз Тыхіка. Павал з хваляваньнем чакаў сустрэчы з Філімонам, бо яму ня быў абыякавым лёс Анісіма, якога ён адаслаў да свайго гаспадара. Дарога прывяла іх да левага берагу ракі Лікус ды павяла спадарожнікаў уверх па плыні і ўжо хутка перад імі ўзрос горад Калосы.
Хваляваньне зьмянілася радасьцю, калі іх сустрэў Філімон і паведаміў, што ён прыняў Анісіма як брата, які зараз, як вольны чалавек, нясе служэньне ў невялікай царкве непадалёк ад Калосаў, паміж Ляадыкеяй і Герапалем. Філімон паабяцаў Паўлу, што ён пашле свайго чалавека да Анісіма, каб той прыйшоў павітаць свайго настаўніка і ўвогуле ўвесь дом Філімона. Павал жа з Лукою прайшлі ў падгатаваны для іх пакой, каб адпачыць з дарогі і падгатавацца да вечаровага служэньня ў царкве Калосаў. Пасьля некалькіх гадзінаў адпачынку яны выйшлі да Філімона, які запрасіў іх да вячэры. Паўлу і Філімону было шмат чаго сказаць адзін адному, бо яны ня бачыліся ўжо шмат гадоў. Філімон распавёў Паўлу пра жыцьцё царквы і пра тыя праблемы, якія стаялі перад хрысьціянамі Калосаў. У сваю чаргу Павал, як мага карацей, распавёў Філімону пра свае прыгоды за апошнія шэсьць гадоў. Яму хацелася падрабязьней распытаць Філімона пра тыя праблемы, якія меліся быць сярод хрысьціянаў. Але нічога новага Павал ад Філімона не пачуў, бо пра гэтыя праблемы ён чуў і раней па цэрквах Македоніі і Ахаі. Усё было аднолькавым. Юдэі заклікалі да Закону Майсея, а вялікая колькасьць ілжэнастаўнікаў зводзіла хрысьціянаў ад сапраўднага вучэньня Ісуса Хрыста.
Увечары Павал вітаў хрысьціянаў царквы, якія прыйшлі ў поўных сямейных складах на служэньне і сустрэчу са знаёмым і паважаным усімі апосталам. Пасьля праслаўленьня Госпада, Павал узяў слова і зьвярнуўся да калосцаў, падзякаваўшы іх за веру ў Ісуса Хрыста і за іхнюю любоў да ўсіх сьвятых. Павал распавёў пра іхняе служэньне на Крыце і пра тое, што менавіта Ісус Хрыстос накіраваў яго з Мілеты да іх, каб умацаваць царкву ў Хрысьце Ісусе. Апостал, падняўшы руку, прамовіў да прысутных: «Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых эвангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі дзеля ўдасканальваньня сьвятых на справу служэньня, на будаваньня Цела Хрыстовага, пакуль усе дойдзем да еднасьці веры і пазнаньня Сына Божага, да мужа дасканалага, да меры ўзросту поўні Хрыстовае, каб мы не былі больш немаўлятамі, якіх хістае і захапляе ўсякі вецер вучэньня ў хітрыках чалавечых, у подступе хітрага падману, але каб, кажучы праўду ў любові, узрасталі ва ўсім у Таго, Які ёсьць Галава,- Хрыстос, з Якога ўсё Цела, складзенае і злучанае ўсякімі вязямі дапамогі, праз дзейнасьць у сваю меру кожнага члена, расьце дзеля будаваньня самога сябе ў любові».
Павал, аглядзеўшы прысутных, заклікаў іх трымацца сваім жыцьцём Ісуса Хрыста: «І ўсё, што робіце, рабіце ад душы, як для Госпада, а не для людзей, ведаючы, што ад Госпада атрымаеце ў нагароду спадчыну, бо вы служыце Госпаду Хрысту. А хто робіць крыўду, атрымае паводле зробленае крыўды, бо няма ў Бога ўзіранья на аблічча. Трывайце ў малітве, чуваючы ў ёй з падзякаю; молячыся таксама і за нас, каб Бог адчыніў нам дзьверы слова абвяшчаць тайну Хрыстовую, дзеля якой я зьвязаны, каб я выявіў яе так, як мушу пра яе казаць».
Назаўтра, увечары, прыйшоў Анісім, які сардэчна вітаў усіх прысутных у доме Філімона, а асабліва Паўла і Луку, з якімі ён ня бачыўся ўжо больш за год. Павал распытаў пра служэньне Анісіма і паабяцаў таму прыйсьці да яго, каб умацаваць мясцовую царкву і паслужыць ёй словам. А пакуль што Павал вырашыў застацца ў гэтым гасьцінным доме да пачатку чэрвеня, каб, праз Ляадыкею, пайсьці ў Эфэс. У бліжэйшую ж нядзелю, як толькі першыя прамені сонца расфарбавалі горад чароўным сьвятлом, Павал, у суправаджэньні Лукі і Філімона, рушыў да Анісіма, каб выканаць сваё абяцаньне. Ужо ў поўдзень яны дасягнулі мэты свайго пераходу, уваходзячы ў мястэчка, дзе, у дадзены момант, жыў і служыў Анісім. Яны прайшлі да дому, дзе іх ужо чакаў Анісім і смачны абед, прыгатаваны сьпецыяльна для шаноўных гасьцей. Пасьля абеду і невялікага адпачынку, сябры пайшлі за Анісімам у царкву на нядзельнае служэньне.
Паўла па добраму ўразіла ўбачанае ім шчырае служэньне праслаўленьня ў гэтай невялічкай царкве. Апостала вельмі ўзрадавала служэньне свайго вучня, які зусім недарэмна быў з ім больш за год у Рыме, пазнаючы праўду Ісуса Хрыста ад свайго настаўніка. Шчырую і простую веру ўбачыў тут Павал і яму нічога не заставалася, каб падзякаваць хрысьціянаў за іхнюю веру і пажадаць ім наступнае: «Дык як вы прынялі Хрыста Ісуса, Госпада, так хадзіце ў Ім, укарэненыя і збудаваныя ў Ім, і сьцьверджаныя ў веры, як вы былі навучаныя, багацеючы ў ёй з падзякаю. Глядзіце, каб хто не збаламуціў вас філасофіяй і пустым падманам паводле традыцыі чалавечай, паводле стыхіяў сьвету, а не паводле Хрыста. Бо ў ім жыве ўся поўня Боства цялесна, і вы напоўненыя ў Ім».
Так скончылася гэтае цудоўнае служэньне, якое сагрэла сэрца апостала і дала надзею на аздараўленьне многіх цэркваў, якія захварэлі на ілжэвучэньні. Рэшту вечара і ноч сябры правялі ў доме Анісіма, а назаўтра зранку выправіліся ў адваротны шлях.
Падыходзіў да свайго завяршэньня апошні вясновы месяц і Павал падводзіў вынікі свайго служэньня ў Калосах. Сітуацыя не перамянілася кардынальна, але ў значнай ступені выправілася ў бок сапраўднага вучэньня Ісуса Хрыста. У Эфэсе добра ведалі пра знаходжаньне Паўла ў Калосах, як ведалі і пра цёплае сяброўства апостала з Філімонам і былым рабом Філімона Анісімам, які стаўся таму братам у Хрысьце Ісусе. І вось настаў час, калі Павал і Лука разьвіталіся з царквою Калосаў. Філімон і прыйшоўшы да яго Анісім праводзілі сяброў да рымскага шляху, які павінен быў прывесьці іх да Ляадыкеі. Яны цёпла разьвіталіся і разыйшліся ў тры бакі. Павал і Лука накіраваліся да Ляадыкеі, да якой было ня больш за чатыры гадзіны шляху, а Філімон і Анісім накіраваліся па сваіх дамах, каб працягнуць служэньне Госпаду Ісусу Хрысту. Хрысьціяне Ляадыкеі ўжо чакалі сяброў на падыходзе да гораду, каб праводзіць тых да месцу іхняга адпачынку і запрасіць на бліжэйшае служэньне мясцовай царквы.
Ляадыкея сустрэла і ўразіла спадарожнікаў вялікай колькасьцю будаўнічых работ, быццам бы горад вырашыў адбудаваць сябе наноў. Павал ведаў ад Эпафраса яшчэ ў Рыме, што Ляадыкея вельмі пацярпела ад сур’ёзнага землятрусу тры гады таму, але ён ніяк не ўяўляў сабе ўсёй вялічыні гэтай трагедыі, гледзячы на такую колькасьць адбудованага і будуючага. Але было ў гэтым і нешта сьветлае ды сымбалічнае. Новы горад паступова прыходзіў на месца старога. Як і жыцьцё хрысьціяніна, які адчуў на сабе Божы землятрус, які зруйнаваў старое і грахоўнае мінулае чалавека, каб Духам Сьвятым збудаваць новае і сьветлае хрысьціянскае жыцьцё. Адбудаваўся наноў і будынак царквы, дзе Луку і Паўла сустрэлі хрысьціяне гэтага незвычайнага гораду. І ў гэтым таксама быў той добры знак перамен, якія адбыліся пасьля ягонага звароту да іх і каласянаў. «Вельмі шкада, што няма з імі Эпафраса» - падумаў Павал: «Як бы ён узрадаваўся, убачыўшы гэты цудоўны духоўны ўздым, што панаваў сярод хрысьціянаў Ляадыкеі».
У гэтым духу апостал і зьвярнуўся да любых ягонаму сэрцу людзей амаль што тымі словамі, якія ён адрасаваў ім яшчэ з Рыму: «Хачу, каб вы ведалі, якую вялікую барацьбу я маю дзеля вас, якія ня бачылі аблічча майго ў целе, каб суцешыліся сэрцы вашыя, злучаныя ў любові і дзеля ўсякага багацьця пэўнага разуменьня, дзеля пазнаньня тайны Бога - і Айца, і Хрыста, у Якім ўсе скарбы мудрасьці і веданьня схаваныя. А кажу гэта, каб хто ня ўвёў вас у зман пераканаўчымі словамі. Бо хоць я і быў адсутны целам, але духам я быў з вамі і зараз радуюся, бачачы ваш парадак і ўмацаванасьць у веры вашае ў Хрыста. Дык як вы прынялі Хрыста Ісуса, Госпада, так хадзіце ў ім, укарэненыя і збудаваныя ў Ім, і сьцьверджаныя ў веры, як вы былі навучаныя, багацеючы ў ёй з падзякаю».
Павал аглядзеў прысутных і, пасьля невялікай паўзы, працягнуў: «Дык апраніцеся, як выбраныя Божыя, сьвятыя і ўлюбёныя, у міласэрнасьць, ласкавасьць, пакору, ціхасьць, доўгацярплівасьць, церпячы адзін аднаго і прабачаючы адзін аднаму, калі хто на каго мае крыўду, як Хрыстос дараваў вам, гэтак і вы. А па-над усё апраніцеся ў любоў, якая ёсьць вузел дасканаласьці, і няхай гаспадарыць у сэрцах вашых супакой Божы, да якога вы і пакліканыя ў адным целе, і будзьце ўдзячныя. Слова Хрыстовае няхай жыве ў вас багата, у-ва ўсякай мудрасьці; навучайце і настаўляйце адзін аднаго псальмамі, і гімнамі, і сьпевамі духоўнымі, у ласцы сьпяваючы Госпаду ў сэрцах вашых. І ўсё, што вы робіце, словам або справаю, ўсё рабіце ў імя Госпада Ісуса, дзякуючы праз Яго Богу і Айцу».
Свидетельство о публикации №226022101253