От воли до неволи ч. 4

Карабель швартаваўся весела і зладжаная праца каманды парадавала б вока любога, назіраючага за гэтым чалавека. Сьпецыфічны, але добра знаёмы, гоман порту сустракаў сяброў на беразе Македоніі. Два дні марскога вандраваньня ня вельмі стамілі спадарожнікаў, але набліжалася ноч і таму ўзьнікла неабходнасьць нейкага прытулку. Павал ня ведаў ці застанецца ён тут на нейкі час, але, як кажуць, ранак мудрэйшы за вечар. Лука без праблем вызначыў месца для адпачынку у знаёмага хрысьціяніна і яны, памаліўшыся ды падзякаваўшы Госпада за гэтую цудоўную вандроўку, заснулі ў цудоўным настроі і сардэчным супакоі. Калі яны прачнуліся, іх ужо чакала няхітрая, але смачная ранішняя ежа. Гаспадара не было, бо ён некуды адлучыўся. Сябры не пасьпелі яшчэ зладзіцца са сьняданкам, калі прыйшоў гаспадар з групай мясцовых хрысьціянаў. Павал і Лука сардэчна павіталі гасьцей і запрасілі іх пакаштаваць разам з імі гэтую цудоўную ранішнюю страву. Ужо за сталом Павал, задаючы пытаньні, уважліва слухаў пра дзейнасьць царквы і пра той унутраны настрой, які панаваў сярод мясцовай хрысьціянскай абшчыны. Урэшце апостал з радасьцю пагадзіўся з прапановаю гасьцей застацца тут на некалькі дзён, каб у чымсьці наставіць і ўмацаваць царкву Нэапаля. Ужо ўвечары сяброў чакала перапоўненае невялікае памяшканьне царквы, каб паслухаць знакамітага апостала. Павал, прывітаўшы прысутных, коратка распавёў пра той шлях, які ён прайшоў ад рымскага зьняволеньня і да гэтай сустрэчы. Ён перадаў ім прывітаньне ад усіх тых, хто быў з ім і служыў разам з ім увесь гэты час. Ён падзякаваў прысутных за тое, што яны захоўваюць веру нягледзячы на розныя спробы ілжэвучыцелей пахістаць іх у гэтым. Але Павал вырашыў сказаць ім пра час веры, праз які праходзіць кожны хрысьціянін у сваім жыцьці.

Цішыня ў залі была поўнай і Павал, стоячы на невялікім узвышэньні, працытаваў словы Госпада да юдэйскага валадара Эзэкіі пад час аблогі Ерусаліма асірыйскім валадаром Сэнахірымам: «І вось табе азнака: “Ежце ў гэты год тое, што вырасла ад адпалага зерня, і на другі год - самароднае, а на трэці год сейце і жнеце, і садзеце вінаградныя сады і ежце плады іх”». У вельмі небясьпечнай сітуацыі апынуўся Ерусалім, але Бог мае на ўсё Свой план. Таму і кажа Бог Эзэкіі праз прарока Ісаю: «І ацалее ў доме юдавым, што засталося, пусьціць зноў корань унізе і ўродзіць плод наверсе, бо з Ерусаліма павядзецца рэшта, і выратаваньне ад гары Сыёна. Руплівасьць Госпада Саваофа зробіць гэта. Таму так кажа Госпад пра валадара асірыйскага: “Ня ўвойдзе ён у горад гэты, і ня кіне туды стрэлы, і не падступіцца да яго з шчытом, і не насыпле супраць яго вала”». Мы бачым словы Госпада пра рэшту Ерусаліма, якая адродзіцца праз нейкі гістарычны час. Бог не аддаў гэтую рэшту Сэнахірыму, бо не адбыўся той гістарычны час. Так, будзе спусташэньне Ерусаліма Бабілонам і будзе палон юдэяў на семдзесят гадоў. Але рэшта, пра якую і казаў Бог, захаваецца і адновіць спустошаны Ерусалім.

Спустошаны Ерусалім. Гэта нашая рэчаснасьць і ўсе тыя, хто ня ведае Бога жывога. Але ёсьць рэшта, якая пакліканая Госпадам, каб аднавіць спустошаную зямлю і запрасіць да сумеснай працы тых, хто вагаецца ці ня ведае Госпада. Спустошаная зямля - гэта спустошанае сэрца няверуючага чалавека, бо нявер’е і ёсьць спусташэньне. Бог гэта бачыць і таму дае нам накірунак да свабоды і збаўленьня: «Ежце ў гэты год тое, што вырасла ад апалага зерня, і на другі год - самароднае, а трэці год сейце і жнеце, і садзеце вінаградныя сады і ежце плады іх» Хто ёсьць гэтая сучасная рэшта? Людзі пакліканыя Госпадам, хрысьціяне. Але кожны з пакліканых Госпадам, так ці інакш, праходзіць гэтыя самыя умоўныя гады стаўленьня, каб быць сапраўдным служыцелем Ісуса Хрыста. Якія ж складаючыя гэтага шляху?

Год першы: «ежце ў гэты год тое, што вырасла ад адпалага зерня». Тое, што вырасла ад адпалага зерня - гэта не самое зерне, але веданьне пра гэта. Мы чуем пра неверагодна смачную ягаду. Мы жадаем паспытаць яе, але ніколі яе ня бачылі. І мы намагаемся адшукаць яе, бо гэта нашае прагненьне. А хто шукае, той і знаходзіць. На рынку ці ў лесе, у сухім ці іншым выглядзе. Гэта першыя крокі чалавека, які паверыў і таму шукае дзейсныя плады працы Ісуса Хрыста.

А вось год другі: «ежце самароднае». Тая ж па-сутнасьці сітуацыя, што і ў год першы. Але і крыху іншая, бо мы ўжо ня ідзем на рынак за сушанай садавінай, а ідзем туды, дзе яна расце. У лес. Бо мы ўжо пацікавіліся: дзе, як і калі яна вырастае. Мы робім першыя самастойныя крокі ў нашай хрысьціянскай веры. Даволі няўпэўненыя і несамастойныя, але мы атрымліваем правільны накірунак нашае веры. Так, мы мала ведаем, мы саромемся сьведчыць пра Божае дзеяньне ў нашым жыцьці. Мы яшчэ даволі «сырыя» і нічога яшчэ сеяць ня здольныя, бо харчуемся духоўнай ежай ад іншых.

І вось трэці год: «Сейце і жнеце, і садзеце вінаградныя сады і ежце плады іх». Эклізіяст кажа, што ёсьць свой час камяні раскідваць і свой час іх зьбіраць. Калі мы свае камяні раскідваем, дык гэта азначае, што мы шукаем ад іншых, а галоўнае ў слове Божым, адказы на свае пытаньні. Калі ж мы зьбіраем іх, дык гэта можа азначаць толькі тое, што мы пачынаем дзейсна служыць Госпаду, бо сталі сьвядомымі вучнямі Ісуса Хрыста.

Тры гады. Безумоўна тое, што гэта ўмоўная велічыня для нас. Але не для Бога, Які паказаў, што менавіта на трэці дзень створаная Ім зямля дала пэўны плод: «І сказаў Бог: “Хай уродзіць зямля зеляніну, траву, каб сеяла насеньне, дрэва плоднае, каб радзіла паводле роду свайго плод, у якім насеньне яго на зямлі”. І сталася так. І ўтварыла зямля зеляніну, траву, што сеяла насеньне паводле роду яе, і дрэва, што радзіла плод, у якім насеньне паводле роду ягонага. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І быў вечар, і была раніца: дзень трэці». Зямля пачала прыносіць плод на трэці дзень Божага стварэньня. Гэта вельмі сымбалічна і таму тычыцца кожнага з нас. Але ці само сабой гэта прыходзіць да нас? Зусім не, бо калі Ісус Хрыстос кліча, мы павінны прагнуць Ягонае крыніцы: «Хто прагне, ідзі да Мяне і пі, хто верыць ў Мяне, у таго, як сказана ў Пісаньні: “З чэрава пацякуць рэкі вады жывое”». Гэта сказаў Ён пра Духа, якога меліся прыняць тыя, што верылі ў Яго.

Вось яно. Веруючы чалавек атрымлівае Сьвятога Духа, каб з яго паліліся рэкі сьвятой вады. Гэта і ёсьць трэці год веры. Гэта і азначае тое, што з «чэрава пацякуць рэкі вады жывое». З нашага сэрца, нашага розуму і нашае душы. Ці проста гэта? Не, ня проста. Але трэба для таго, каб у чысьціні сэрца спазнаваць Госпада і гэтым асьвятляць нашае асяродзьдзе, бо гэта і ёсьць справа нашага трэцяга года веры. Бог ёсьць любоў. Ён насычае Сваёй любоўю нас і таму мы павінны дзяліцца гэтай любоўю з іншымі людзьмі. Павал дадаў да гэтага свае словы да карынцянаў: «Бо любоў Хрыстовая абдымае нас, а мы разважаем так: калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі. А Хрыстос за ўсіх памёр, каб тыя, што жывуць, ужо ня дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрэслага». Чалавек прыйшоў у гэты сьвет не для таго, каб толькі есьці і спаць, а для таго, каб паеўшы і паспаўшы, мы выканалі сваё пакліканьне і сваё служэньне. І ў гэтым таксама ёсьць праява нашага трэцяга года веры.

Чаму мы ідзем у царкву? Сустрэцца з сябрамі і добра правесьці час, паслухаўшы харэзматычнага прапаведніка? Можа і так, але так не павінна быць, бо мы павінны ісьці ў царкву, каб ня толькі, па-першае, праславіць нашага Госпада, але і, па-другое, пачуць Божую праўду пра самога сябе. Каб сумленьне нашае ўзрушылася і выказала ўсю праўду пра сябе, а значыць пра свае грахі. Мы прыходзім у царкву Ісуса Хрыста, каб агаліць сэрца сваё перад Ім і ўбачыць той шлях служэньня, які павінен быць у кожнага з нас. І гэта таксама ёсьць трэці год нашае веры. Але і першы і другі. Ісус Хрыстос за тым і прыйшоў, каб ачысьціць нас і даць свабоду ад таго цяжару грэху, які ціснуў, а можа і зараз яшчэ цісьне на нас. Любоў Хрыста да нас - гэта даручэньне Госпада пра любоў да блізкага. Кожны чалавек павінен любіць блізкага, а гэта значыць кожнага чалавека ў сваім жыцьці. Любоў да блізкага - гэта Божае даручэньне да кожнага з нас. Гэта трэці год – фінішны год стаўленьня нашае веры. Але, калі мы пачалі ад першага, таму вызначым і вынікі гэтага. Першы год – спажываем ад іншага, бо ня здольныя сеяць. Другі год - вучымся сеяць. Трэці год - час сеяць у сэрцы іншых людзей, як калісьці сеяў нехта і ў нас.

Зьвярнем жа увагу на тое, ці не спыніліся мы на нейкім з гэтых этапах. І гэта вельмі важнае назіраньне, бо ад гэтага залежыць нашае ўзрастаньне ў веры і нашае служэньне Ісусу Хрысту на нашым умоўным трэцім годзе. Вось што сказаў пра гэта Ісус Хрыстос: «Нехта меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу, і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў; і сказаў вінаградару: вось, я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы і не знаходжу; сьсячы яе, навошта яна і зямлю займае?». Гэта вельмі сур’ёзнае папярэджаньне для кожнага з нас, бо кожны хрысьціянін не павінен быць той бясплоднай смакоўніцай, але павінен слухаць Слова Божае, сьведчыць пра Ісуса Хрыста і служыць Яму ўсімі сваімі магчымасьцямі. Амэн.

Паслужыўшы хрысьціянам Нэапаля яшчэ два дні і разьвітаўшыся з братамі, сябры выправіліся да Філіпаў. Папярэдне прыходзілі па справах браты з Філіпаў і прысутнічалі на пропаведзі Паўла ў царкве. Яны пайшлі раней за Паўла, каб паведаміць царкве пра ягоны прыход і папярэдзіць Лідзію ды падгатаваць месца для адпачынку. Сябры зноў, як калісьці раней, выйшлі на горную дарогу Эгнацыйскага шляху, адкуль бачылася Эгейскае мора і порт, а здалёк наперадзе ўжо бачыліся каменные муры Філіпаў, а над імі велічны акропаль. Ідучы па дарозе Лука прызнаўся Паўлу, што ён быў вельмі ўзрушаны тэмай ягонай пропаведзі і ўвесь гэты час разважаў над гэтым і дадаў бы да гэтага свае разважаньні. Пра што?

Безумоўна тое, што нехта атрымлівае асалоду ад Божай праўды і не аддае нічога свайму блізкаму. Гэта ня толькі пра матэр’яльнае, але і пра духоўнае. Мы не павінны назапашваць Божую праўду, каб толькі самаўдасканальвацца і насіць гэта ў самім сабе. Чалавек у дзяцінстве любіць браць. З задавальненьнем, і гэта нармальна. Але калі дарослы чалавек толькі бярэ і нічога не аддае, дык ці нармальна гэта? Уявім сабе такога чалавека ў сваёй сям’і. Пагадзімся мы з гэтым ці не? Здаецца, што не, калі толькі чалавек фізічна ня здольны рабіць гэта. Але гэта выключэньне, а мы пра правілы. Чалавек павінен аддаваць назапашанае ад Бога блізкаму свайму, бо недарма Ісус кажа людям у Нагорнай прапаведзі: «Вы - сьвятло сьвету: ня можа схавацца горад, які стаіць на версе гары. І запаліўшы сьвечку, ня ставяць яе пад пасудзінаю, а на сьвечніку, і сьвеціць усім, хто ў доме. Так няхай сьвеціць сьвятло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах». Мы соль зямлі і сьвятло сьвету. Соль дае смак жыцьця, а сьвятло разбурае цемру. Мы сьвятло, таму што ўспрымаем слова Божае, а таму і павінны асьвятляць гэтым словам нашае асяродзьдзе. Задаволены Павал, выслухаўшы сябра, выказаўся пра тое, што гэтых цудоўных словаў як раз і не хапіла ў той ягонай пропаведзі.

Горад сустрэў іх звычайным гарадскім гоманам і знаёмай лацінскай гаворкай. Сябры адразу ж накіраваліся да Лідзіі, якая сардэчна сустрэла іх у сваім доме. Сонца яшчэ не схілілася за горы і ім было яшчэ шмат часу, каб паведаміць адзін аднаму пра тое, што адбылася за іхняе працяглае растаньне. На пытаньне Лідзіі пра іхнія далейшыя планы апостал адказаў, што яны плануюць прабыць у Філіпах ня больш за два тыдні, пасьля чаго іхні шлях будзе накірованы да Нікапаля, дзе ён мяркуе прабыць усю зіму, каб увёсну накіравацца морам да берагоў Гішпаніі. Лідзія запрасіла Паўла да царквы, дзе ўжо на наступны дзень, за два дні да нядзелі, адбудзецца вечаровае служэньне. Павал яшчэ не задумваўся над тым пра што ён будзе прапаведаваць, але зараз, увечары, ён маліўся да Госпада, просячы падказаць яму тую актуальную тэму, якую яму будзе патрэбна расчыніць хрысьціянам Філіпаў. Апостал выйшаў у прахалоду вечара, назіраючы, як апошнія сонечныя прамені зьнікаюць за вяршынямі гор. І калі ён глядзеў на гэтыя дужыя горы, якія непахісна і цьвёрда стаяць на сваім месцы, яму прыйшло параўнаньне з сапраўдным хрысьціянскім характарам. Хрысьціянскі характар - вось тая тэма, якую ён распавядзе заўтра ў царкве. Павал засынаў з гэтай думкаю і прачнуўся, паглыбляючы свае разважаньні пра хрысьціянскі характар.

Царква цёпла вітала Паўла і Луку і, пасьля агульнага праслаўленьня, запрасіла апостала сказаць слова. Павал выйшаў на невялікае ўзвышэньне для прапаведнікаў і, памаліўшыся, пачаў сваю пропаведзь. Апостал нагадаў словы Саламона: «Мудры чалавек мае моц, і чалавек, які мае веды, умацоўвае сілу сваю. Таму з разважлівасьцю вядзі вайну тваю, і пры мностве дарадцаў - выратаваньне». Бог жадае, каб усе мы ўзрасталі духоўна і настойліва фармавалі свой хрысьціянскі характар. Наогул, жыцьцё хрысьціяніна - гэта вялікі канфлікт паміж целам і духам. Гэта асабістая кожнадзённая вайна паміж пажадамі цела і жыцьцём у Ісусе Хрысьце. І таму Бог заклікае нас да мудрасьці, калі кажа: «Таму з разважлівасьцю вядзі вайну тваю». Проста і мудра трэба дасягаць перамогі ў гэтай вайне: «Хадзіце паводле духа, і пажаданьняў цела не спаўняйце. Бо цела жадае насупраць духу, а дух - насупраць целу: яны адзін аднаму працівяцца, каб вы рабілі ня тое, што б хацелі». Вось ён вораг, з якім мы павінны штодзённа змагацца, каб атрымаць вынікі ў выпадку перамогі.

Дух і цела адзін адному супрацівяцца і таму нашае жыцьцё праходзіць у процідзеяньні цела і духа. Уявім сабе два лісты пэргамэнту. Адзін ліст мае чорны колер, а другі - белы. Усё тое, што наненсена на пэргамэнт чорнага колеру - гэта дзеі цела, а пэргамэнт белага колеру - гэта жыцьцё па духу. Кожны, хто прыходзіць да Ісуса Хрыста, не прачынаецца назаўтра з адным белым духоўным лістом, бо пачынаецца вайна паміж духам і целам. І калі ў працэсе хрысьціянскага жыцьця чорны колер ліста паступова губляе сваю чарнату і ўсё больш і больш сьвятлее, дык гэта азначае, што ідзе працэс асьвячэньня хрысьціяніна, як перамога хрысьціянскай духоўнасьці над дзеямі цела. Так у гэтай барацьбе выпрацоўваецца хрысьціянскі характар. А што ёсьць барацьба з целам, як не цярпеньне? Хрысьціянін заўсёды церпіць, каб ўсё больш і больш напаўняцца Божым і каб ўсё меньш і меньш заставалася месца дзеям цела.

Хрыстос цярпеў за нас целам, дык трэба і нам ўзброіцца гэтай думкаю, што той хто церпіць целам, перастае грашыць, каб рэшту часу ў целе жыць не паводле чалавечых пажаданьняў, а паводле волі Божае». Адзначым жа словы: «Церпіць целам». Калі мы прыходзім да Ісуса Хрыста і Духам Сьвятым вырашаем адмовіцца ад грэху, дык павінны падгатавацца да цярпеньня нашага цела. Безумоўна, што некаторыя грахоўныя звычкі, якія мы мелі да пакаяньня, зьнікнуць адразу і назаўсёды. Напрыклад, да свайго навяртаньня, нехта брудна выказваўся. І вось цуд. Пасьля навяртаньня ён нейкім цудоўным чынам пазбаўляецца гэтага. І ніякага цярпеньня, а толькі палёгка. Але далёка ня ўсё так проста з іншымі дзеямі. Ёсьць барацьба, бо немагчыма кінуць многія грахоўныя звычкі адразу і назаўсёды. Барацьба духа і цела. І гэта можа працягвацца даволі доўгі час, бо хрысьціянін прыходзіць да Ісуса Хрыста ў розным дарослым узросьце, калі ўжо сфармаваліся многія грахоўныя звычкі, якія паклалі аснову характара чалавека.

Аснову характара любога чалавека складаюць дынаміка, воля і звычкі. Дынаміка - гэта малюнак дзеяньняў у той той ці іншай, нават стрэсавай, сітуацыі. Як адрэагуе, напрыклад, чалавек у сітуацыі нападу? Запанікуе, пабяжыць ці пойдзе насустрач ворагу? У залежнасьці ад гэтага людзі вызначаюць характар як баязьлівы ці наадварот - сьмелы. Далей воля - гэта здольнасьць канцэнтраваць сілы, каб дасягаць пэўных мэтаў. Чалавек валявы - чалавек з характарам. І наадварот, чалавек бязвольны - чалавек безхарактарны. І ў рэшце, звычкі - гэта шаблоны паводзінаў, якія складаюцца з цягам часу ў жыцьці чалавека: «Пасееш звычку - пажнеш характар». Вядома тое, што характар чалавека выпрацоўваецца ад нараджэньня праз сям’ю і атачаючае асяродзьдзе.

Паганскія настаўнікі маюць ў сваім арсенале шмат розных парадаў, выконваючы якія, як быццам бы можна пазбавіцца тых звычак, якія вельмі пагаршаюць характар чалавека. Каб пазбавіцца некаторых адмоўных рысаў характара, гэтыя настаўнікі вельмі часта заклікаюць да гордасьці чалавека. І сапраўды, многім удаецца пераадоліць у сабе баязьлівасьць, распусту ці раздражняльнасьць, таму што яны прыходзяць да той думкі, што гэтыя заганы ніжэй за іхнюю чалавечую годнасьць. Д’ябал пляскае ў далоні, бо ён «добра» зрабіў сваю справу, калі даў вам магчымасьць крыху выправіцца коштам уціску гэтых заганаў гордасьцю чалавека. Гордасьць, як самая вялікае «дасягненьне» шатана, такім чынам не зьмяньшаецца, а наадварот мацнее. І гэта азначае, што характар чалавека ня столькі выправіўся, колькі набыў больш гордасьці і таму тут нельга казаць пра аздараўленьне характара чалавека.

Мы ўбачылі, што ёсьць характар чалавека, як ён фармуецца і што спробы палепшыць яго сваімі асабістымі сродкамі і высілкамі ня што іншае, як лоўкая гульня д’ябла, які робіць усё магчымае, каб не дапусьціць чалавека да той крыніцы, жывая вада якой толькі і здольная ператварыць характар чалавека сьвету ў той характар, які ад пачатку стварэньня сьвету быў прызначаны лепшаму Божаму стварэньню - чалавеку. І гэтая крыніца - Сын Божы Ісус Хрыстос.

Мы ўсе прыходзім да Яго ў вельмі разабраным стане характара. Гэта вельмі сумнае відовішча – наш дахрысьціянскі характар. Але наш вялікі Збаўца, ўсё ведаючы пра нас, супакойвае нас і прапануе вялікую хрысьціянскую працу асьвячэньня, каб чорны ліст нашага сэрца з цягам часу ўсё болей і болей асьвятляўся і кожны з нас атрымаў новы і адзіны хрысьціянскі характар. Адзіны таму, што ў адрозьненьні ад няверуючага чалавека хрысьціянін ня можа мець некалькі характараў, праява якіх залежыць ад тых ці іншых пачуцьцяў. Хрысьціянскі характар - гэта вынік працы Сьвятога Духа, Які дадзены нам Ісусам Хрыстом для нястомнай і няспыннай працы па вынішчэньню ў чалавеку дзеяў цела, якія і аказваюць негатыўны ўплыў на наш характар. Але з той умоваю, што мы жадаем гэтага і шчыра выконваем тое, што прапануе нам рабіць Сьвяты Дух. Але, што чакае нас на гэтым шляху?

Калі мы прыходзім да Ісуса Хрыста, мы павінны разумець, што Ён бачыць нашыя сэрцы і той характар, з якім мы прыйшлі да Яго. Ён хоча бачыць нас новымі людзьмі, а новы чалавек ня можа пакінуць сабе стары характар, бо калі гэта так, дык мы не Хрыстовыя. Стаць новым чалавекам у Ісусе Хрысьце - гэта значыць адмовіцца ад свайго «Я», каб Ягоная воля стала нашай волею і Ягоны характар - нашым характарам. Мы павінны разумець, што чым больш чалавек супрацівіцца Яму і намагаецца жыць сам па сабе, тым больш ён становяцца залежнымі ад дзеяў цела і таго характара, які абслугоўвае гэтыя дзеі.

Што хоча ад нас Бог і што цікавіць Яго ў нас? Ён хоча нашага асьвячэньня і дасканаласьці. І таму Яго цікавіць наш характар, з якім мы прыйшлі да Яго, каб ператварыць яго ў хрысьціянскі. Бог бачыць усё і ад Яго нічога не схаваеш. Аднаго чалавека запыталі: «Што ты скажаш, калі апынешся перад Богам?» На што гэты чалавек адказаў: «А я заўсёды перад Ім, у кожную хвіліну». Бог бачыць усё і таму трэба выпрацоўваць хрысьціянскі характар, каб дастойна выглядаць у Ягонай прысутнасьці. І бачачы гэта Ён дасьць нам яшчэ большыя дабраславеньні. Амэн.

Павал скончыў сваю пропаведзь і ўбачыў цішыню, бо ўзрушаныя прысутныя яшчэ нейкі час сядзелі моўчкі, усьведамляючы пачутае. Пасьля служэньня яго атачылі хрысьціяне, задаючы яму розныя пытаньні і дзякуючы за самаадданае служэньне Ісусу Хрысту. Павал падзякаваў прысутных і паабяцаў працягваць сваё служэньне настолькі, колькі адведзена яму жыць у гэтым сьвеце. Увечары ён сядзеў разам з Лідзіей і Лукой, разважаючы на тэму пропаведзі, якая вельмі кранула іхнія сэрцы. Ноч уступала ў свае правы і прысутныя, пасьля малітвы, разыйшліся па сваіх пакоях на адпачынак.

Ранак сустрэў Паўла першымі праменямі сонца, якія настойліва праціскаліся праз горны хрыбет. Лука знайшоў апостала, сідзячага ў невялікім садзе каля дома. Павал прывітаў сябра і падзяліўся з ім сваімі планамі і думкамі. Ён вырашыў, знаходзячыся тут, напісаць невялікі ліст да Ціта на Крыт і, у сувязі з гэтым, запытаў да Лукі ці не пагадзіцца ён запісаць сваёй рукою гэтае пасланьне. Лука з радасьцю пагадзіўся гэтае зрабіць, бо вельмі знудзіўся па Ціту і добра ведаў, што Ціту будзе вельмі прыемна, чытаючы ліст, убачыць у гэтым руку Лукі, як цёплае прывітаньне ад яго. Лука сказаў пра гэта Паўлу, які адказаў яму, што ня пройдзе і некалькі месяцаў, як яны сустрэнуцца ў Нікапалі. Сябры дамовіліся, што яны пачнуць ліст ужо сёньня, каб да наступнага нядзельнага служэньня яны маглі скончыць напісаньне гэтага ліста. Лука прынёс неабходныя прыналежнасьці для запісу ў сад, дзе яны, карыстаючыся ранішняй прахалодай і пачалі: «Павал, слуга Божы, апостал жа Ісуса Хрыста, паводле веры выбраных Божых і пазнаньня праўды паводле пабожнасьці, у надзеі жыцьця вечнага, якое абяцаў Бог, які не падманвае, перад адвечнымі часамі, а ў свой час зьявіў слова Сваё ў пропаведзі, якое было даверана мне паводле загаду Збаўцы нашага, Бога, - Ціту, шчыраму дзіцяці ў супольнай веры: ласка, літасьць, супакой ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста, Збаўцы нашага».

Бліжэй да поўдня прыйшла дэлегацыя хрысьціянаў з Амфіпаля і Павал вырашыў на сёньня скончыць, каб надаць увагі братам з амфіпальскай царквы. Прывітаўшы, ён уважліва выслухаў прыйшэлых пра стан іхняе царквы і адказаў на шматлікія пытаньні амфіпальцаў. Але на адным з іх, якое гучала: «Чым вызначаюцца вучні Ісуса Хрыста?», ён прыпыніўся, каб адказаць ім больш падрабязна, бо гэтае пытаньне было найбольш сур’ёзным. Вучні Ісуса Хрыста павінны вывучаць Слова Божае, каб зразумець тое, дзеля чаго Ісус Хрыстос прыйшоў у нашае жыцьцё і што Ён нам хоча даць. Ён - сьвятло сьвету і хто пойдзе сьледам за Ім, той ня будзе блукаць у цемры, а будзе мець сьвятло жыцьця. Мы ачышчаемся праз Слова, бо Слова Ісуса Хрыста застаецца ў нас і перамяняе нас. Мы павінны жыць Словам, бо гэта ёсьць праўда Хрыста.

Чытаньне Пісаньня - гэта наш духоўны набытак, але, каб зразумець яго, мы павінны разважаць над тым, што мы пачулі ці прачыталі. Некаторыя месцы Бібліі даволі лёгкія для разуменьня і ўзгадваюць мелізну, па якой можна лёгка перайсьці раку. Але ёсьць у Пісаньні такія глыбіні, у якіх можна і патануць, а таму тут патрабуецца дапамога тых, хто ведае гэтыя глыбіні і дапаможа іх пераадоліць. Ёсьць у Пісаньні і тэксты, якія пабудаваныя так, каб прымусіць нас разважаць. Гэтымі сродкамі, як і многімі іншымі, Бог вучыць нас і гатуе нас да нябёсаў, бо прымушае разважаць пра тое, якім шляхам мы ідзем да Божай праўды. Спазнаньне глыбіняў Пісаньня патрабуе дапамогі тых людзей, якія ўжо ведаюць гэтыя глыбіні і, кіруемыя Духам Сьвятым, пакажуць адзіна правільны шлях для пераадоленьня гэтага патоку. Кожнаму з нас, у той ці іншай ступені, патрабуецца свой Філіп, які патлумачыць тое, што нам не зразумела ў Слове Божым. Але, нягледзячы на гэта, мы павінны кожны дзень заклікаць да Госпада, каб адкрываліся нам усё большыя глыбіні Пісаньня, бо Сам Бог хоча гэтага, калі кажа: «Пакліч Мяне - і Я адкажу табе, пакажу табе вялікае і недаступнае, чаго ты ня ведаеш». І таму трэба зьвяртацца да царквы, як да супольнасьці веруючых людзей, каб у малітоўных служэньнях і праз пропаведзь служыцеляў узрастаць у вучэньні Ісуса Хрыста. Павал заклікаў прысутных прыслухацца да гэтых словаў, як ён ужо калісьці казаў карынцянам: «Пераймайце мяне, як я Хрыста».

Наступным ранкам, калі сонца яшчэ ня ўзыйшло высока і не запаліла верасьнёўскую зямлю, апостал заклікаў Луку да працягу напісаньня ліста да Ціта. Павал папытаў сябра прачытаць учорашні тэкст і, узьняўшыся са свайго месца, працягнуў: «Ціту, шчыраму дзіцяці ў супольнай веры: ласка, літасьць, супакой ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста, Збаўцы нашага». Апостал укладаў у свае словы ўсё сваё вялікае сэрца бо Ціт быў яму ня толькі шчырым дзіцяці, але і братам. Ціт быў яму спадарожнікам у многіх складаных і цяжкіх часах працы дзеля Хрыста. Дастаткова толькі прыпамятаць іхняе наведваньне, разам з Барнабай, Ерусалім да царквы, дзе ставіліся на той час да Паўла з недаверам і падазронасьцю. Ціт заўсёды быў чалавекам, які быў здольным выконваць самыя цяжкія даручэньні. Калі разлады ў карынцянаў дасягнулі свайго апагею, менавіта Ціт быў пасланы апосталам да царквы Карынту з самым суровым сваім пасланьнем і які выканаў даручэньне Паўла выдатным чынам. Моцны розум і такі ж фізічны стан, дазвалялі яму сутыкацца з рознымі складанымі сітуацыямі і вырашаць іх. І вось зараз ён быў галоўным арганізатарам хрысьціянскага жыцьця на Крыце, каб ня проста нешта казаць, але каб сваім жыцьцём і дзейнасьцю стацца ўзорам хрысьціяніна.

Пад час свайго служэньня на Крыце Павал добра адчуў няпросты характар гэтага народу, а таму з цьвёрдай упэўненасьцю даваў парады свайму супрацоўніку Ціту: «Бо ёсьць шмат і непакорлівых, і пустаслоўных, і ашуканцаў, асабліва з абрэзанных, якім трэба закрываць вусны; яны цэлыя дамы руйнуюць, навучаючы, чаго ня сьлед, дзеля агіднага набытку. Сказаў нехта з іх, уласны іхні прарок: “Крыцяне заўсёды хлусяць, зьвяры ліхія, жываты гультайскія”. Сьведчаньне гэтае праўдзівае. Дзеля гэтае прычыны дакарай іх сурова, каб былі здаровыя ў веры, не зважаючы на юдэйскія байкі і прыказаньні людзей, якія адварочваюцца ад праўды. А ты гавары, як належыць здароваму вучэньню: каб старыя былі пільныя, сумленныя, цьвярозыя, здаровыя ў веры, любові, цярплівасьці; каб старыя жанчыны паводзілі сябе, як належыцца сьвятым, не паклёпнічалі, не пілі шмат віна, вучылі добраму, каб вучылі мудрасьці маладых, каб тыя любілі мужоў, любілі дзяцей, былі цьвярозыя, чыстыя, падпарадкаваныя сваім мужам, каб не было блюзьненьня на слова Божае».

Дзень падыходзіў ужо да свайго фіналу, калі сябры перапыніліся ў напісаньні ліста і засьпяшаліся, разам з Лідзіей, на вечаровае служэньне. Пакуль яны ішлі, Павал прагортаваў у сабе тыя словы, якія ён павінен прынесьці сёньня да хрысьціянаў Філіпаў. Тэма сёняшняй размовы высьпявала ўжо даволі даўно, але зараз ён адчуў патрэбу падзяліцца сваім думкамі з братамі і сёстрамі царквы. Воля і парадак - вось тэма, якая будзе сёньня гучаць пасьля праслаўленьня. Калі ж надыйшоў час Павал узьняўся перад усімі, цытуючы з Пісаньня наступнае: «І рушылі з Эліма і прыйшло ўсё супольства сыноў Ізраілевых у пустыню Сын, што паміж Элімам і Сынаем, на пятнадцаты дзень другога месяца пасьля выхаду іх з зямлі Эгіпецкай. І пачало наракаць усё супольства сыноў Ізраілевых на Майсея і Аарона ў пустыні і сказалі сыны Ізраілевыя: “О, калі б мы сканалі ад рукі Госпадавай у зямлі Эгіпецкай, як мы сядзелі каля катлоў з мясам, як мы елі хлеба ўдосыць! Бо вы нас вывелі ў пустыню гэтую, каб ўсё супольства замарыць голадам”». Гэта вельмі даўняя гісторыя народа Ізраільскага, калі Бог праз Майсея вырашыў збавіць Свой народ з палону Эгіпецкага, дзе панавала над імі жорсткая дыктатура фараона. І можна быць ўпэўненым, што парадак пры гэтай жорсткай уладзе быў. Парадак жаху, парадак прымусу, парадак бясспрэчнага выкананьня ўсякага загаду з боку службоўцаў фараонавых. І нарэшце, праз стагодзьдзі няволі, Бог выводзіць Свой народ з палону і дае ім волю, але тыя наракаюць на Майсея, кажучы, што лепш ня мелі б яны гэтай волі, але сядзелі б каля катлоў з мясам у няволі Эгіпецкай. Дык які парадак патрэбны чалавеку, каб была, пры гэтым, і воля?

І Павал, працягваючы разважаньні, заклікаў прысутных зьвярнуцца да Бібліі, каб усьвядоміць гэтыя паняцьці - воля ды парадак і запытаць сябе: «А што было першае – воля ці парадак?» Чалавек створаны вольным, бо створаны на падабенства Божае: «І сказаў Бог: створым чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага; і хай валадараць яны над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над быдлам і над усёй зямлёю, і над усімі гадамі, што поўзаюць па зямлі». Чалавек створаны вольным, вольным у межах волі і ласкі Божай, з дадзенай яму ўладай над усёй зямлёю і стварэньнямі зямнымі, бо ўлада, дадзеная чалавеку Богам, павінна выкарыстоўвацца дзеля падтрыманьня і захоўваньня таго парадку, які ўсталяваўся пры Божым сьветастварэньні: «І ўзяў Госпад Бог чалавека, якога стварыў, і пасяліў яго ў садзе Эдэмскім, каб урабляць яго і захоўваць яго».

Больш таго, Бог даў чалавеку памочніка, калі сказаў: «Нядобра быць чалавеку аднаму; створым яму памочніка, адпаведнага яму». Бог даў ім магчымасьць вольна кіраваць усім зямным і супольна захоўваць Божы парадак, які быў усталёваны Госпадам на зямлі. Сталася ж так, што чалавек сам пазбавіў сябе волі, бо першы парушыў парадак, які належала яму захоўваць. Ён зграшыў, бо ня выканаў наказ Госпада: «Праз аднаго чалавека грэх увайшоў ў сьвет, і праз грэх - сьмерць». Адносіны нашых продкаў з Богам былі разбураныя. Яны, нашыя продкі, згубілі сваю волю, бо сталі залежыць ад грэху. Больш таго, іхнія адносіны адзін да аднага сапсаваліся з-за падазронасьці, хлусьні, недаверу, хцівасьці і іншых наступстваў грэху. Паўстаньне чалавека супраць Творцы мела вельмі сур’ёзныя вынікі. Грэх парушыў гармонію ў сьвеце. Розныя прыродныя катастрофы, якіх не было да таго, як грэх увайшоў у сьвет - гэта знак прысутнасьці грэху і ягонага ўплыву на сьветабудову. Грэх скасаваў волю чалавека, зрабіў яго залежным ад сябе, грэх нарадзіў непарадак у адносінах паміж людзьмі, паміж краінамі, паміж людзьмі і краінамі.

Але Госпад Бог, які даў нам волю выбара паміж дабром і злом, вельмі любіць створаны Ім сьвет і любіць чалавека, як створанае Ім падабенства Сваё, ня хоча зьнішчаць Свае стварэньні. Наадварот. Ён хоча збавіць сьвет, Ён хоча ачысьціць сьвет ад грэху. Дзякуючы Сваёй любові да нас, Ён дзіўным чынам умяшаўся ў разьвіцьцё гісторыі чалавека, калі даў нам Свайго Сына, каб сьвет быў уратаваны праз Яго. Ніякім розумам чалавечым, нават калі скласьці ўсе лепшыя розумы ў адзін, немагчыма ўявіць памер любові Госпада нашага да нас і да нашага сьвету, але мы можам параўнаць памер Божай любові да нас з той неабсяжнай ахвярай, якую паклаў перад Айцом Сын Ягоны, дзеля збаўленьня нашага, дзеля збаўленьня сьвету створанага Айцом, каб ачысьціць сэрцы нашыя і сьвет наш ад грэху ды каб вярнуць страчаную намі волю.

І Павал, узьняўшы руку, зьвярнуўся да Госпада ў малітве: «Дабраславі Госпадзе выбраных Тваіх у Хрысьце Ісусе, дабраславі Госпадзе волю іхнюю атрыманую ад Хрыста, дабраславі Госпадзе парадак у іхніх сэрцах. І няхай дзейнічае Дух Свьвяты, зьнішчаючы хаос сэрцаў нашых і даючы ім парадак ды супакой. Госпадзе, зьвярні ўвагу на тых, хто яшчэ не навярнуўся, у каго непарадак у сэрцы і душа ў несупакоі. Краніся іхніх сэрцаў, адкрый ім Хрыста і хай дзейнічае Дух Святы адраджаючы іхнія душы, ператвараючы хаос сэрцаў іхніх у Божы парадак і хай будуць яны Тваімі выбранымі. Амэн».

Яшчэ тры дні сябры працавалі над лістом да Ціта, дзе Павал, коратка і сьцісла, выкладае патройную задачу хрысьціянскага прапаведніка, настаўніка і кіраўніка. Ён павінен казаць, абвяшчаючы людзям вестку пра Хрыста Ісуса. Ён павінен упэўніваць, робячы свае пропаведзі цікавымі і зьмястоўнымі. Ён, урэшце, павінен выкрываць. Грэшніку неабходна расчыніць ягоныя вочы на свой грэх. Розуму аблуднага варта паказаць на ягоныя памылкі, а чэрствае сэрца трэба абудзіць, бо хрысьціянскае пасланьне ня ёсьць лекамі для ўсыпленьня, але гэта ёсьць сьвятло, якое паказвае людзей такімі, якія яны наспраўдзе ёсьць і Бога такім, якім ёсьць Ён. Развітваючыся з Цітам, апостал адкрывае перад ім свае далейшыя намеры: «Калі пашлю да цябе Арцёма, або Тыхіка, намагайся прыйсьці да мяне ў Нікапаль, бо я пастанавіў перазімаваць там. Зэна законьніка і Апалёса старанна правядзі, каб у іх не было ні ў чым недахопу. Няхай і іншыя вучацца выконваць добрыя справы ў пільных патрэбах, каб не былі бясплодныя». Павал, узяўшы ў Лукі сьвітак, дапісаў ліст сваёй рукою: «Вітаюць цябе ўсе, што са мною. Прывітай тых, што сябруюць з намі ў веры. Ласка з усімі вамі. Амэн».


Рецензии