От воли до неволи ч. 3
Ніхто не сустракаў іх ля брамы гораду, але гэта для апостала і не было патрэбным, бо ён добра ведаў, што Акіла і Прыскіла заўсёды чакаюць яго, як і ён заўсёды чакае іх. Так і адбылося, бо ўжо ў хуткім часе яны сядзелі разам з імі за вечаровай ежаю і слухалі про тое, што наспраўдзе адбываецца ў эфэскай царкве. Павал адзначыў праз гэта, што тое зло, якое вызначалася тут раней, ня зьнікла зусім пасьля ягонага зьвяртаньня да эфэсцаў з Рыму. Апостал ужо ведаў, што ён будзе казаць да царквы, бо хвароба хрысьціянскага грамадзтва была аднолькавай амаль што паўсюдна і таму адказы на гэтыя пытаньні таксама былі падобнымі. Спробы прынізіць ролю Хрыста ў справе збаўленьня чалавека ад грэху ўсё часьцей гучалі з вуснаў некаторых прапаведнікаў. Ён ужо зьвяртаўся да іх з Рыму і зараз, будучы ўжо тут, ён працягне гэтую размову ўжо ня ў лісьце, але ў жывой пропаведзі.
Царква сустрэла Паўла паважліва і стрыманна, што ён адчуў адразу ж, але быў бы ён ня Павал, калі б зачыніў на гэта свае ўласныя вочы. Ён зьвярнуўся да прысутных, нагадаўшы ім пра свае словы і думкі, якія былі выказаныя да іх раней: «Малю вас хадзіць дастойна пакліканьня, якім вы пакліканыя, з усёй пакорай розуму і ціхасьцю, з доўгацярплівасьцю, церпячы адзін аднаго з любоўю, намагаючыся захаваць еднасьць духа ў саюзе супакою. Адно Цела і адзін Дух, як вы і пакліканыя да аднае надзеі вашага пакліканьня. Адзін Госпад, адна вера, адно хрышчэньне, Адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ў-ва ўсіх вас. А кожнаму з нас дадзена ласка паводле меры дару Хрыстовага».
Адчуўшы цішыню залі, пасьля невялікай паўзы, Павал працягнуў: «Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых эвангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі дзеля ўдасканальваньня сьвятых на справу служэньня, на будаваньне Цела Хрыстовага, пакуль ўсе дойдзем да еднасьці веры і пазнаньня Сына Божага, да мужа дасканалага, да меры ўзросту поўні Хрыстовае, каб мы не былі больш немаўлятамі, якіх хістае і захапляе ўсякі вецер вучэньня ў хітрыках чалавечых, у подступе хітрага падману, але каб, кажучы праўду ў любові, узрасталі ва ўсім у Таго, Які ёсьць Галава,- Хрыстос, з Якога ўсё Цела, складзенае і злучанае ўсякімі вязямі дапамогі, праз дзейснасьць у сваю меру кожнага члена, расьце дзеля будаваньня самога сябе ў любові. Дык кажу гэта і сьведчу ў Госпадзе, каб вы больш не хадзілі, як іншыя народы ходзяць, у марнасьці розуму свайго, з зацемненым разуменьнем, адлучаныя ад жыцьця Божага праз няведаньне, якое ў іх праз скамяненьне сэрца іхняга. Яны, стаўшыся нячулымі, аддаліся бессаромнасьці, каб рабіць усякую нячыстасьць з хцівасьцю. Але вы ня гэтак пазналі Хрыста, калі чулі Яго і ў Ім навучыліся, - бо праўда ў Ісусе, - каб адкінуць вам ранейшы лад жыцьця старога чалавека, які зьнішчаецца ў манлівых пажаданьнях, а аднавіцца духам розуму вашага і апрануцца ў новага чалавека, які створаны паводле Бога ў праведнасьці і сьвятасьці праўды».
Урэшце Павал скончыў сваю пропаведзь навучаньнем гэтых людзей, якія слухалі яго і якіх ён так любіў: «Дык будзьце пераймальнікамі Бога, як дзеці ўлюбёныя, і хадзіце ў любові, як і Хрыстос палюбіў нас і выдаў Сябе за нас, як дар і ахвяру Богу, на водар салодкі. Няхай ніхто не падманвае вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў непакорнасьці. Дык ня будзьце супольнікамі іх. Вы былі некалі цемрай, а цяпер - сьвятло ў Госпадзе; хадзіце ж, як дзеці сьвятла, бо плод Духа ёсьць ва ўсякай добрасьці, і праведнасьці і праўдзе. Выпрабоўвайце, што падабаецца Богу, і ня ўдзельнічайце ў бясплодных справах цемры. Дык глядзіце, хадзіце дакладна, не як бязглуздыя, але як мудрыя, выкупляючы час, бо дні злыя. Дзеля гэтага ня будзьце неразумнымі, але пазнавайце, якая ёсьць воля Госпада. Напаўняйцеся Духам, гаворачы да сябе псальмамі, і гімнамі, і сьпевамі духоўнымі, сьпяваючы і граючы Госпаду ў сэрцах вашых, дзякуючы заўсёды і за ўсё Богу і Айцу ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста».
Ліпеньская сьпякота 64 года сустрэла Паўла ў нястомнай працы па ўмацаваньню невялікіх цэркваў вакол Эфэсу. Да яго прыходзілі Філімон з Анісімам, якія прысутнічалі на ягоных пропаведзях сярод эфэсцаў і атрымлівалі дапамогу ў пытаньнях па ўмацаваньню і навучаньню сваіх цэркваў. Лука ж, карыстаючыся даволі працяглым часам знаходжаньня у Эфэсе, працягнуў сваю працу па стварэньню Эвангельля пра жыцьцё і служэньне Ісуса Хрыста. Павал з цікавасьцю назіраў за гэтай працай свайго сябра, прымаючы ўдзел у абмяркаваньні асобных эпізодаў служэньня Госпада. Творча і спакойна праходзіў увесь гэты час і нічога не прадвесьціла нейкім непрыемнасьцям, калі з Рыму прыляцела жахлівая навіна, якая вельмі ўзрушыла і ўсхвалявала Паўла.
У ноч з 18 на 19 ліпеня пачаўся самы жудасны пажар за ўсю гісторыю існаваньньня Рыма. За дзевяць дзён полымя зьнішчыла большую частку гораду. Пацярпелі ня толькі бедныя кварталы ды шматлікія гандлёвыя кропкі, але і палацы заможных рымлянаў. Пацярпелі і імператарскія будынкі, калі былі зьнішчаны бібліятэка на Палаціне і тэатр Марцэла. Палацы Тыбэрыя і Нерона былі значна разбураны полымем, а страх і паніка панавалі сярод абяздоленых людзей. Нэрона не было ў Рыме, але ён хутка вярнуўся з Антыя, назіраючы за ўсім гэтым жахам. Ён загадаў будаваць часовыя жыльлёвыя пабудовы на Марсавым полі і забясьпечыць пацярпелых таннымі прадуктамі харчаваньня. Але гэта ня вельмі супакоіла народ, бо адбылая трагедыя падштухоўвала людзей шукаць вінаватых гэтага пажару. Хадзілі нават чуткі пра тое, што загад падпаліць Рым даў сам Нэрон, каб пазбавіцца ад бруду крывых вуліц і халупаў беднага люду, якія межавалі з ягоным палацам. І гэтыя чуткі ня ўзьніклі на пустым месцы, бо нехта нават чуў як Нэрон, пачушы словы сваго суразмоўцы: «Калі памру, няхай зямля агнём гарыць», паправіў яго, сказаўшы: «Не, няхай гарыць, пакуль жыву».
З чуткамі пра сваю віну Нэрон вырашыў змагацца самым простым і лагічным спосабам - ускласьці на каго-небудзь віну, знайсьці вінаватых і пакараць іх жудаснай сьмерцю перад народам. Ягоны погляд, па падказцы дарадцы Тыгеліна, упаў на юдэйскую секту прыхільнікаў Хрыста. Адносіны да хрысьціянаў у гэтым горадзе былі складанымі і менавіта таму імператар вырашыў выкарыстаць гэта і зрабіць іх казламі адпушчэньня.
Зьдзекі над хрысьціянамі былі ўсеагульнымі. Іх укрыжоўвалі і спальвалі на вогнішчах, асабліва з прыходам цемры дзеля начнога асьвятленьня. І ўжо дзеля забавы на няшчасных апраналі скуры ваўкоў і мядзьвядзёў, каб аддаць іх на разарваньне сабакам. Сэрца Паўла было разам з пацярпелымі братамі і сёстрамі, а царква Эфэсу няспынна малілася за братоў хрысьціянаў і ў гэтым агульным горы яшчэ больш аб’ядноўвалася вакол свайго апостала. У сярэдзіне жніўня царква сустрэла Арыстарха, які стаўся сьведкам рымскім падзеям. Ён здолеў пазьбегнуць пакараньня, своечасова зьбегшы з Рыму, каб, пераплыўшы два моры, дасягнуць Эфэсу. Павал ужо планаваў працягнуць свой далейшы шлях, калі, на ягоную радасьць, прыйшоў Арыстарх. Зараз апостал ужо быў спакойным, бо, да таго ж, ён ужо выклікаў сюды Цімафея з Галятыі, каб той, прыйшоўшы, працягнуў тую працу, якую праводзіў Павал сярод хрысьціянаў Эфэсу ўвесь гэты апошні час. Ён перадаваў царкву ў надзейныя рукі Арыстарха і Цімафея, каб узяць накірунак на Сьмірну і Пэргам.
Па дарозе да Сьмірны гісторык Лука распавёў Паўлу пра гэтую першую сталіцу Малой Азіі, якая сталася часткаю Рымскай імперыі. Сьмірна была адбудаваная часам, які ёсьць часам Гіпадамавай сістэмы горадабудаўніцтва. Горад меў прамыя брукаваныя вуліцы, выцягнутыя з поўначы на поўдзень і з захаду на ўсход, якія перасякаліся пад прамым вуглом. Пад час падпарадкаваньня Рыму горад перажываў свой залаты век і тое, што ўбачылі сябры вельмі ўразіла іх. Гандлёвыя плошчы, каменныя вуліцы, прыгожыя будынкі і збудаваныя акведукі віталі Паўла і Луку. Яны ішлі па галоўнай вуліцы, назіраючы ўсё гэтае хараство і Павал раптам зразумеў, што жаданьне быць тут ужо даўно ўваходзіла ў ягоныя планы. Яны прыйшлі на галоўную рынкавую плошчу, дзе, як і на ўсім рымскім усходзе, зьбіраліся вольныя філосафы, каб паспрачацца за свой погляд сьветаразуменьня і ролі чалавека ў гэтым сьвеце. Павал адчуў нейкае надхненьне і ён адразу ж прыняў дзейны ўдзел у гэтай размове. Ён даволі хутка перахапіў стрыжань размовы і перавёў яе ў рэчышча стварэньня сьвету адзіным Богам і збаўленьня людзей адзіным Ягоным Сынам - Хрыстом Ісусам. Нехта з гэтых спрачальнікаў ужо ўвогуле ведаў пра тое што казаў гэты цікавы чалавек, бо чуў пра гэта ад мясцовых хрысьціянаў. Ён, адвёўшы Паўла крыху ў бок, распавёў таму пра тутэйшых хрысьціянаў, падказаўшы сябрам пра іхняе месцазнаходжаньне. Больш таго, ён выклікаўся суправодзіць сяброў да царквы хрысьціянаў Сьмірны, бо меў да іх вялікую павагу, знаходзячы ў іхнім служэньні і жыцьцёвых пастановах справядлівасьці, якія не маглі быць простым сцьвярджэньнем. Гэты чалавек бачыў тых людзей да таго, як яны паверылі ў свайго Госпада і Збаўцу. Гэта былі зусім іншыя людзі адносна тых жа людзей, якіх ён ведаў раней. Павал жа распавёў гэтаму чалавеку пра Ісуса Хрыста і пра тое, што менавіта Хрыстос перамяніў гэтых людзей для жыцьця ў Валадарстве Божым. Чалавек падзякаваў апостала за пачутае і паабяцаў таму, што ён абавязкова прыйдзе на бліжэйшае хрысьціянскае служэньне.
Хрысьціяне Сьмірны сустрэлі сяброў ветліва і з павагаю. Павал працягнуў сваю эфэскую пропаведзь, дадаўшы тое, чаго ён ня здолеў сказаць ім раней, а Лука працягнуў сваю працу над Эвангельлем Ісуса Хрыста. Два тыдні яны плённа працавалі, калі з Пэргаму прыйшла дэлегацыя хрысьціянаў з запрашэньнем прыйсьці да іх, каб умацаваць іх пропаведзьдзю і адказаць на тыя шматлікія пытаньні, якія вельмі хвалявалі царкву. Павал з радасьцю адгукнуўся на гэтую прапанову, пабяцаўшы выправіцца да іх у сярэдзіне наступнага тыдня, каб пасьпець на нядзельнае служэньне царквы. Наступныя некалькі дзён прайшлі ў сустрэчах з веруючымі невялікіх цэркваў у раскіданых вакол Сьмірны мястэчках. Шчырыя прыемныя людзі атрымлівалі ад Паўла адказы на свае запытаньні, каб несьці Божую праўду да сваіх братоў і сёстраў. Наведалі Паўла і хрысьціяне Сарды, якія прасілі апостала ўмацаваць іх словам сваёй пропаведзі, а таксама і практычнымі настаўленьнямі будаваньня жыцьця царквы. Павал адказаў ім пропаведзьдзю на тэму прыповесьці Ісуса Хрыста пра сейбіта, які сеяў зерне і якое ўпала на розную глебу. Падгатаваная глеба прыняла зерне, якое і дала добры плод: адно - сто, адно - шэсьцьдзясят, а адно - трыццаць. Іншая ж глеба ня дала ніякага плоду, бо была камяністай ці ў цернях. Абавязак кожнага хрысьціяніна несьці Эвангельле Хрыста і сеяць гэтае зерне ў сэрцы людзей. Але ў якую глебу ўпадзе зерне, каб даць свой плод? І таму галоўнай задачай кожнага веруючага чалавека гатаваць добрую духоўную глебу, расчышчаючы яе ад камянёў і церня грэху пропаведзьдзю і асабістым прыкладам у хрысьціянскім жыцьці. Павал зьвяртаўся да гэтых людзей і бачыў тое, што яго слухаюць ня проста з цікаўнасьцю, але сур’ёзна ўспрымаюць словы апостала, каб несьці гэтае вучэньне да сваіх цэркваў і паслужыць пашырэньню Божага Валадарства. Такім чынам прайшлі яшчэ тры напружаныя і плённыя дні, калі Павал і Лука зноў ступілі на рымскі шлях, які павёў іх да Пэргаму.
Сябры ішлі па камяню шляху, назіраючы стракатыя палі і фруктовыя сады, якія быццам-бы сфармаваліся ў невялічкія фігуры, каб скласьціся паміж сабою ў вялікую і прыгожую мазаіку даліны. Гледзячы на гэтае хараство і суцэльнасьць карціны Паўлу прыгадалася хрысьціянская супольнасьць, дзе кожны веруючы і зьяўляецца той непаўторнай і карыснай часткай, якія складаюцца разам у непаўторнае ж і дасканалае Цела Хрыста, што ёсьць Царква Божая. У разважаньнях і размовах хутка праляцеў час, калі перад імі адкрылася раўніна са шматлікімі будынкамі буйнога гораду, якія былі акружаныя моцным мурам. Велічная брама здалёк сустракала іх, як бы запрашаючы прайсьці да акропаля, які ўзвышаўся над усім горадам. Вышыню акропаля і яго падножжа яднаў унушальных памераў тэатр, які бачыўся вачамі спадарожнікаў нейкай вертыкальнай забудовай.
Павал даведаўся ад дасьведчанага Лукі і пра некалькі цікавых фактаў з гісторыі гэтага гораду. Калісьці ў горадзе была вельмі вялікая бібліятэка, якая налічвала больш за 200 тысячаў сьвіткаў і была параўнальнай бібліятэцы Александрыйскай. У гэтыя ж часы Эгіпет забараніў вываз папірусу за свае межы і, дзякуючы гэтай забароне, менавіта ў Пэргаме быў вынайдзены новы матэрыял для пісьма, які вырабляўся з тонка выштукаванай цялячай ці авечай скуры і які быў названы ў чэсьць гэтага гораду - пэргамэнтам. Вядома і тое, што Марк Антоній, які панаваў у гэтай частцы імперыі Рыму, вывез адсюль бібліятэку ў Александрыю, як вясельны падарунак сваёй нявесьце Клеапатры. Так спадарожнікі і падыйшлі да брамы Пэргама. Горад сустрэў сяброў вясёлым гоманам гандляроў і рознага іншага люду. Яны падыйшлі да знакамітага месца ў горадзе - Асклепіёну, дзе, акрамя бібліятэкі і тэатра, знаходзіліся гаючая крыніца ды лячэбны корпус. Хрысьціянаў тут добра ведалі і таму адразу ж правялі спадарожнікаў да будынку царквы, які знаходзіўся ў падножжы акропаля, непадалёк ад ракі Сэлінус.
Паўла ўжо чакалі, загадзя падгатаваўшы сябрам прытулак для адпачынку і плённай працы на новым для іх месцы. Першая ноч у Пэргаме не была для Паўла спакойнай, бо ён напружана разважаў пра некалькі пытаньняў, якія непакоілі яго апошнім часам. Ня самым галоўным было тое, што ён будзе казаць пэргамцам, бо з гэтым праблем як-раз такі і не было. Павал, з большага, ведаў пра тое, што адбывалася ў хрысьціянскім грамадзтве Пэргаму, але тое, што ён пакінуў у Эфэсе, па ранейшаму хвалявала яго. Ілжэвучыцелі. Яны былі недзе побач і з ягоным адыходам з Эфэсу гэтая праблема магла узьнікнуць наноў. Павал вельмі спадзяваўся на Цімафея, які ў хуткім часе павінен быў прыйсьці ў Эфэс, каб працягнуць працу апостала па ачышчэньню царквы. Засынаючы, Павал вырашыў абавязкова напісаць Цімафею ў Эфэс ліст падтрымцы і настаўленьня ў ягоных адказных абавязках кіраўніка хрысьціянскага грамадзтва. Жнівеньская ноч саступала ў свае правы, каб саступіць іх новаму дню, а з ім і новым надзеям на плённую працу апостала ў імя Госпада.
Ранак сустрэў сяброў у добрым настроі. Павал падзяліўся з Лукою думкамі наконт сваёй будучай пропаведзьдзі, якая, дарэчы, павінна адбыцца ўжо на сёняшнім вечаровым служэньні. Яго ўжо доўгі час непакоіла пытаньне погляду чалавека на сваё жыцьцё ў гэтым сьвеце, які лічыць сваё існаваньне ў гэтым сьвеце рэальнасьцю. На гэтым стаялі і розныя ілжэвучыцелі, якія намагаліся падвесьці пад гэта тэарэтычную базу, падкрэсьліваючы чалавека гаспадаром свайго жыцьця, які дзейнічае ў рэальным сьвеце. Знаўца Пісаньня Павал ня быў згодным з гэтым і таму вырашыў паказаць хрысьціянскаму грамадзтву, ды і ня толькі, што ёсьць сапраўдная рэальнасьць. Бог і Ягоныя справы - гэта рэальнасьць. Рэальнасьць у-ва ўсім, што выйшла з рукі і волі Божай. Бог стварыў для нас рэальны сьвет. Пяць дзён Божай працы - гэта тая аб’ектыўная рэальнасьць, якая забясьпечыла стварэньню шостага дня, - чалавеку, - усю поўнасьць жыцьця.
Усю - гэта таму, што Бог даў чалавеку ня толькі матэр’яльнае забясьпячэньне, але надзяліў яго ўладаю над усім астатнім сьветам, у тым ліку і над д’яблам, бо мы бачым, што д’ябал, ў выглядзе зьмея, не загадвае чалавеку, а падманам схіляе яго да грэху. Але самая галоўная складаючая поўнасьці жыцьця - гэта тое, што чалавек атрымаў духоўную складаючую - непасрэдны кантакт і зносіны з Творцай. Жыцьцё чалавека Адама ў створанай для чалавека прыродзе і ў прысутнасьці Госпада - гэта тая адзіная і сапраўдная рэальнасьць жыцьця, якую падараваў нам Бог, калі стварыў гэтую самую рэальнасьць. Такім чынам, рэальнасьць - гэта тое вымярэньне часу і тая прастора, якую стварыў нам рэальны Творца, каб мець непасрэдную і ўзаемную сувязь са Сваім найлепшым стварэньнем - чалавекам. Жыцьцё Адама ў Эдэмскім садзе і ёсьць жыцьцё ў-ва ўсёй сваёй поўнасьці, як рэальнасьць, якую стварыў Бог.
Зацікаўлены Лука, слухаючы апостала, падхапіў ягоную думку і на гэтым фоне сфармуляваў тое, што ёсьць нерэальнасьцю. Нерэальнасьць - гэта скажоная рэальнасьць, пачатак якой паклаў Адам, калі папусьціў Еве не паслухацца Бога і зграшыў разам з ёй. Наступствы гэтага скажэньня адчувае кожны з людзей, бо ў Адаме яны згубілі тое рэальнае жыцьцё, якое Бог падгатаваў ім пры стварэньні сьвету. Бог даў чалавеку волю, а значыць і права выбіраць паміж паўнатой жыцьця як рэальнасьцю ці жыць, памнажаючы зло, у скажонным, а таму нерэальным сьвеце. Ад пачатку чалавек меў уладу ў Госпадзе, Які даў яе чалавеку для недапушчэньня зла і зьдзяйсьненьня добрага кіраўніцтва над ўсёй зямлёю. Усё гэта прыналежала чалавеку, як дар ад Бога. Але замест таго, каб мудра ўладарыць, чалавек саступіў д’яблу і пасьля гэтага стаўся рабом таго, над чым ён да гэтага меў уладу.
Грэх Адама паклаў пачатак нерэальнасьці жыцьця, бо парушылася найважнейшая складаючая рэальнага жыцьця - непасрэдная сувязь з Госпадам: «І выслаў яго Госпад Бог з саду Эдэмскага, каб урабляў зямлю, з якое ён узяты. І выгнаў Адама, і паставіў на ўсходзе каля саду Эдэмскага херувіма і палымяны меч, які сам паварочваўся, каб ахоўваць дарогу да дрэва жыцьця». Скажэньне рэальнасьці пачалося ад Адама, падхапілася Каінам, прайшло праз патоп і аднавіла сваё дзеяньне праз нашчадкаў Ноя да нашых часоў.
Аўтар гэтага перакручваньня добра вядомы. Гэта той, хто ўклаў у сэрца Адама думку пра непаслушэнства Госпаду і накіраваў волю чалавека на бунт супраць Бога. Гэта той, хто мае намерам сваім разарваць сувязь чалавека з Богам і таму, у-ва ўсе часы, нястомна працуе над тым, каб розум чалавека бачыў нерэальнае рэальным, а рэальнае жыцьцё лічыў нерэальным. Гэта д’ябал, якога ня мог зьнішчыць патоп і які меў поўную магчымасьць «працаваць» над сэрцамі сямейства Ноя, каб аднавіць перакручваньне рэальнасьці ў нерэальнасьць, як гэта было ад часу Адама і Евы.
Але што скажае тую першапачатковую рэальнасьць, якую стварыў Бог? Павал, мягка перарываючы сябра, пералічыў іх як дзеі цела, якія, безумоўна, ідуць ад сэрца чалавека і адразаюць яму магчымасьць вяртаньня ў Божую рэальнасьць: «Пералюбства, блуд, нечыстата, непатрэбства, ідаласлужэньне, чарадзейства, варожасьць, свары, зайздрасьць, гнеў, звады, раздоры спакусы, ерасі, нянавісьць, забойствы, п’янства, закалоты і іншае такое». Павал пералічыў асноўныя струны таго інструманта, на якім грае д’ябал, каб не дазволіць чалавеку аднавіць страчаную ў Адаме тую сапраўдную, а таму і рэальную, сувязь з Госпадам Богам. На якім жа інструманце грае д’ябал, каб захаваць захопленую ўладу над сэрцам чалавека? Павал, захапіўшыся гэтай думкай, пачаў гатаваць і адказ на свае ж пастаўленыя пытаньні, каб давесьці гэта ў сваёй пропаведзі да хрысьціянаў Пэргаму. Неўзаметку прайшоў гэты цудоўны дзень і, нарэшце ў вечары, апостал стаяў у перапоўненай залі царквы, каб данесьці ім слова ад Ісуса Хрыста.
Павал, прывітаўшы царкву, данёс да сходу свае думкі пра рэальнасьць і нерэальнасьць жыцьця, паказваючы той інструмант, на якім і гуляе д’ябал, каб не дапусьціць вяртаньня чалавека да Бога. Гордасьць - вось гэты інструмант. Гордасьць - гэта сутнасьць д’ябла, бо менавіта гордасьць сфармавала д’ябла пры адпадзеньні ад Бога. Менавіта яна і прыводзіць кожнага чалавека да тых грахоў, якія былі пералічаны апосталам. Гордасьць - гэта той стан духа, які знаходзіцца ў абсалютнай варожасьці да Бога. Калі чалавек зьдзяйсьняе у сваёй гордасьці планы адносна як асабістага жыцьця, так і жыцьця іншых людзей, дык ён непазьбежна ўваходзіць у канфлікт з Божым планам. І таму Пісаньне кажа: «Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае ласку». Ад пачатку, гордасьць - галоўная прычына няшчасьцяў кожнага народу, кожнай сям’і і кожнага чалавека паасобку.
Вядома, што некаторыя заганы могуць, нават, аб’ядноўваць людзей. П’яніцы і распусьнікі могуць складацца ў «вясёлыя і сяброўскія» кампаніі. Але з гордасцю ўсё ня так. Яна заўсёды сее варожасьць, бо гордасьць і ёсьць варожасьць - варожасьць ня толькі паміж людзьмі, але і паміж чалавекам і Богам. Гордасьць - маці ўсіх грахоў, бо калі пералічаныя апосталам грахі выходзяць ад плоці, дык гордасьць - гэта праблема духа, бо гордасьць зьнішчае яго непасрэдна з пекла. Д’ябал вельмі пільна сочыць за гэтай сувязьзю, бо калі яна разрываецца, дык ён губляе ўладу над сэрцам чалавека. Менавіта дзеля гэтага і прыйшоў Ісус Хрыстос да людзей, каб пазбавіць іх гэтай д’ябальскай залежнасьці і гордасьць ператварыць у пакору, бо Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае ласку.
Павал уважліва паглядзеў на зацікаўленыя твары прысутных і задаўся пытаньнем пра тыя струны, на якіх і грае д’ябал, каб адвярнуць чалавека ад Божай рэальнасьці. Самалюбства, страх, расчараваньне і смутак, сумненьне і самаапраўданьне, духоўная нецьвярозасьць, а нават і стомленасьць - усё гэта перашкаджае хрысьціяніну жыць у тым рэальным жыцьці, якое хоча для нас Бог. Утрымаўшы невялікую паўзу, Павал, узьняўшы руку, прамовіў да прысутных цудоўныя і ўрачыстыя словы: «Давайце ж зьбярэм перашкоды і скажэньні таго рэальнага жыцьця, якое падгатаваў нам Бог, каб мы жылі ў-ва ўсёй сваёй паўнаце і выкінем іх на сьметнік, але будзем кіравацца толькі словам Божым і жыць у тым рэальным сьвеце, дзе ёсьць Айцец, Сын і Дух Сьвяты. На вякі вякоў. Амэн».
Два апошнія тыдня жніўня прайшлі ў напружанай працы. Павал вырашыў зьдзейсьніць задуманае і напісаць Цімафею сваё пастарскае пасланьне ў Эфэс, бо ён быў упэўненым у тым, што Цімафей ужо знаходзіцца там. Апостал запрасіў да сябе вядомага пісца з пэргамскіх хрысьціянаў, бо не хацеў абцяжарваць Луку, які ўвесь свой вольны час пасьвячаў вывучэньню і апісаньню жыцьця Ісуса Хрыста. Як і заўсёды Павал пачаў з вітаньня, але ўжо вельмі хутка ён зьвярнуў ўвагу на ілжэвучыцелей, якія зваджваюць веруючых падалей ад Хрыста. На прыкладзе свайго жыцьця ён заклікаў Цімафея захаваць артадаксальную хрысьціянскую веру ня толькі ў сабе, але і вучыць гэтаму ўсю царкву.
У наступны момант Павал узьняўся і, уявіўшы сябе перад усім хрысьціянскім супольствам, прамовіў: «Дык перш за ўсё прашу ўзносіць просьбы, малітвы, умольваньні і падзякі за ўсіх людзей, за валадароў і за ўсіх, хто пры ўладзе, каб весьці нам жыцьцё ціхае і спакойнае ў-ва ўсякай пабожнасьці і сумленнасьці, бо гэта добра і прыемна перад Збаўцам нашым Богам, Які хоча, каб усе людзі былі збаўленыя і прыйшлі да пазнаньня праўды, бо адзін Бог і адзін Пасярэднік паміж Богам і людзьмі - Чалавек Хрыстос Ісус, Які аддаў Сябе на адкупленьне за ўсіх, як сьведчаньне ў свой час, дзеля якога я пастаўлены весьнікам і апосталам, праўду кажу ў Хрысьце, ня хлушу, настаўнікам паганаў у веры і праўдзе. Дык хачу, каб на ўсякім месцы маліліся мужы, узьнімаючы сьвятыя рукі бяз гневу і хістаньняў; каб таксама і жанчыны ў сьціплай вопратцы, з сарамлівасьцю і здаровым розумам аздаблялі сябе не пляценьнем валасоў, ані золатам, ані пэрламі, ані шатамі дарагімі, але добрымі ўчынкамі, як належыць жанчынам, якія абяцалі багабойнасьць. Жанчына ў маўчаньні няхай вучыцца з усякай паслухмянасьцю. А жанчыне, каб навучала, не дазваляю, ані каб мужам кіравала, але каб у маўчаньні была. Бо першым быў зьлеплены Адам, а пасьля - Ева; і не Адам быў падмануты, а жанчына, падманутая, учыніла парушэньне, але будзе збаўленая праз нараджэньне дзяцей, калі застанецца ў веры, і любові, і сьвятасьці са здаровым розумам».
Павал, скончыўшы дыктаваць, адпусьціў пісца да заўтрашняй раніцы, каб працягнуць працу над гэтым лістом. Ужо чакала яго група хрысьціянаў з Фіятыры, які прайшлі немалы шлях, каб сустрэцца з апосталам і атрымаць ад яго настаўленьні ды пачуць адказы на тыя пытаньні, якія яны прынесьлі з сабою. Апостал заўважыў, што большасьць пытаньняў да яго нейкім чынам супадалі з тымі, што ён планаваў патлумачыць у лісьце да Цімафея і таму ён вызначыў тое, пра што ён заўтра і напіша Цімафею: «Вернае слова: “Калі хто епіскапства жадае, добрай справы жадае”. Дык епіскап мусіць быць бездакорны, аднае жонкі муж, пільны, цьвярозы, сьціплы, гасьцінны, здольны навучаць, ня п’яніца, не задзірлівы, ня сквапны, але спагадны, не ваяўнічы, не срэбралюбец, каб добра сваім домам кіраваў, дзяцей меў у паслухмянасьці з усякай сумленнасьцю. А калі хто ня ведае, як кіраваць уласным домам, як будзе клапаціцца пра Царкву Божую? Мусіць быць не з нованаверненых, каб, узьбіўшыся ў пыху, ня трапіў на прысуд з д’яблам. Мусіць мець добрае сьведчаньне ад тых, што вонкі, каб ня трапіў у зьнявагу і пастку д’яблаву. Дыяканы таксама мусяць быць сумленныя, ня двудушныя, не прагавітыя на віно, ня сквапныя, якія маюць таямніцу веры ў чыстым сумленьні. І гэтакіх трэба перш выпрабоўваць, а пасьля, калі бездакорныя, няхай служаць. Таксама жанчыны мусяць быць сумленныя, не паклёпніцы, пільныя, верныя ў-ва ўсім. Дыяканы няхай будуць мужамі аднае жонкі, якія добра кіруюць дзецьмі і домам сваім, бо хто добра паслужыў, здабывае сабе добрую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрыста Ісуса».
Яшчэ і яшчэ адказваў Павал на пытаньні прысутных, вучачы і настаўляючы царкву Фіятыраў: «Усе слугі, якія пад ярмом, няхай лічаць уладароў сваіх вартымі ўсякае пашаны, каб не было блюзьнерства на імя Божае і вучэньне. Тыя ж, якія верных маюць за ўладароў, няхай не пагарджаюць імі, што яны браты, але больш няхай служаць ім, таму што яны верныя і ўлюбёныя, удзельнікі дабрадзействаў Божых. Гэтага навучайце і ўпрошвайце. Калі хто навучае іначай і не ідзе са здаровымі словамі Госпада нашага Ісуса Хрыста і за вучэньнем пра пабожнасьць, той узьбіўся ў пыху, нічога не разумеючы, але хварэючы на спрэчкі і кіданьне словамі, ад якіх стаецца зайздрасьць, сварка, блюзьнерствы, зласьлівыя падазрэньні, пустыя гутаркі між людзьмі зьнішчанага розуму і пазбаўленымі праўды, якія думаюць, што пабожнасьць - сродак дзеля прыбытку. Аддаляйцеся ад гэтакіх. Але вялікі прыбытак - пабожнасьць разам з задаволенасьцю. Бо мы нічога не прынесьлі ў сьвет; зразумела, што і нічога вынесьці ня можам. А маючы што есьці і што апрануць, будзем гэтым задаволеныя. Тыя ж, якія хочуць багацець, трапляюць у спакусу, і ў пастку, і ў многія бяздумныя і шкадлівы пажаданьні, якія топчуць людзей у зьнішчэньні і загубе. Бо корань усякага зла ёсьць срэбралюбства, жадаючы якога, некаторыя адступіліся ад веры і самі сябе аддалі на многія мукі». Разьвітаўшыся з фіятырцамі Павал пачаў гатавацца да заўтрашняй працы, абдумваючы тое, што ён напіша Цімафею.
Ласкавае ранішняе жнівеньскае сонца абудзіла Паўла, які, праславіўшы Госпада, павітаўся з Лукою і прапанаваў яму абмяркаваць далейшыя тэмы пасланьня да Цімафея. Лука прысутнічаў на папярэдняй сустрэчы апостала з фіятырцамі і чуў прамову Паўла як падрыхтоўку тэмы да пасланьня, якое стваралася на ягоных вачах. Лука засяродзіў на гэтым увагу апостала, але прапанаваў строга выказацца наконт ілжэвучэньняў і падказаць практычнае выйсьце з гэтага, каб захаваць вернасьць Ісусу Хрысту. Хутка прыйшоў пісец, а з ім і нямала хрысьціянаў, якія сьвядома прыйшлі, каб паслухаць апостала. Павал сардэчна сустрэў усіх і, пасьля таго як усе разьмясьціліся, устаўшы перад імі і, заклікаўшы да цішыні, пачаў: «Гэтае табе пішу, спадзеючыся неўзабаве прыйсьці да цябе, каб ты, калі замаруджу, ведаў, як трэба жыць у доме Божым, які ёсьць Царква Бога Жывога, слуп і апірышча праўды. Дух выразна кажа, што ў астатнія часы некаторыя адыйдуць ад веры, зважаючы на духаў падманлівых і вучэньні дэманавыя, якія праз крывадушнасьць тых, якія кажуць фальшыва і выпалілі сумленьне сваё, якія забараняюць жаніцца, кажуць высьцерагацца ежы, якую Бог стварыў дзеля пажываньня з падзякай вернымі і тымі, якія пазналі праўду. Бо ўсякае стварэньне Божае добрае, і нішто ня мае быць адкінутым, што прыймаецца з падзякаю, бо асьвячаецца праз слова Божае і малітву».
Зрабіўшы невялікую паўзу ён, прыняўшы тую зацікаўленую цішыню прысутных, працягнуў: «Прадстаўляючы гэта братам, будзеш добрым служыцелем Ісуса Хрыста, спасіленым словамі веры і добрым навучаньнем, за якімі ты пайшоў сьледам. А паганых і бабскіх баек цурайся, але практыкуйся ў пабожнасьці. Бо цялеснае практыкаваньне мала карыснае, а пабожнасьць на ўсё карысная, маючы абяцаньне жыцьця цяперашняга і будучага. Вернае гэта слова і ўсякага прыняцьця вартае. Бо мы дзеля гэтага і працуем, і зьнявагі церпім, што спадзяемся на Бога Жывога, Які ёсьць Збаўца ўсіх людзей, а найбольш - верных. Загадвай гэта і навучай».
Праз некалькі дзён, калі праца над пасланьнем ужо падыходзіла да завяршэньня, Павал сустрэў дэлегацыю хрысьціянаў з Адрамітыі. Прывітаўшы, ён запрасіў іх папрысутнічаць і паслухаць частку гэтага ліста. Апостал як раз распавядаў пра ўзаемаадносіны хрысьціянаў у царкве і, калі ўсе разьмясьціліся, працягнуў: «Старога ня гань, але прасі як бацьку, маладых - як братоў, старых жанчынаў - як матак, маладых - як сёстраў, з усякай чысьцінёю. Удоваў шануй, тых, якія праўдзівыя ўдовы. А калі якая ўдава мае дзяцей ці ўнукаў, яны перш няхай вучацца шанаваць свой дом і аддаваць належнае бацькам, бо гэта добра і прыемна перад Богам». Павал, паглядзеўшы на прысутных, працягнуў, зьмяніўшы тэму свайго зьвяртаньня: «Старосты, якія кіруюць добра, дастойныя падвойнай пашаны, асабліва тыя, якія працуюць у слове і навучаньні. Абвінавачваньне на старосту не прымай, хіба што пры двух ці трох сьведках. Тых, якія грашаць, дакарай перад усімі, каб і іншыя страх мелі. Перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі анёламі сьведчу табе, каб ты захаваў гэтае без перадузятасьці, нічога ня робячы паводле прыхільнасьці».
Павал яшчэ вучыў і дыктаваў адначасова, каб прысутныя хрысьціяне зразумелі, што ягоная прамова тычыцца ня толькі Цімафея, але і ўсіх хрысьціянаў. На заканчэньне, як гэта было і раней, Павал напісаў сваёю рукою: «О, Цімафею! Захоўвай тое, што перададзена табе, ухіляючыся ад паганага марнаслоўя і перакорлівасьці фальшывага веданьня, пахваляючыся якім, некаторыя адхіліліся ад веры. Ласка з табою. Амэн.
Яшчэ некалькі дзён Павал настаўляў усіх хрысьціянаў, але хутка сказаў Госпад апосталу: Ідзі далей». Апостал давёў гэта Луке, які таксама пагадзіўся з тым, што трэба ісьці далей і прапаведаваць Хрыста Ісуса. У хуткім часе, разьвітаўшыся з хрысьціянамі Пэргаму, сябры выйшлі на шлях, які павёў іх у бок Адрамітыя. Ранішняя прахалода бадзёрыла, а першыя прамені сонца з-за ўсходніх гор пяшчотна лашчылі спадарожнікаў. Ад сонечных праменяў не адставаў і лёгкі ветрык, які навяваў сябрам успамін пра цяплыню сустрэч і напружана-творчы час іхняга пэргамскага быцьця. Лука зьвярнуўся да апостала з разважаньнем і пытаньнямі, нагадаўшы таму словы Ісуса Хрыста да Сваіх вучняў: «Вы соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, дык чым асоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдатная, хіба што выкінуць яе прэч на патаптаньне людзям».
Соль, як каштоўная рэч у жыцьці чалавека і якая дадзена нам Богам, мае некалькі прызначэньняў для ўжываньня. Па-першае, соль дае ежы смак, бо пранікае ў ежу і асаляе яе. Сапраўды, калі паспрабаваць наогул не пасаліць прыгатаваную страву ці магчыма адчуць прыемнае задавальненьне? Наўрад ці так будзе, але будзе тое, што чалавек кінецца адшукваць соль і саліць, каб атрымаць задавальненьне ад ежы. Гэта па-першае, а па-другое, соль патрэбна, каб захоўваць розныя прадуктовыя вырабы ад псаваньня. Соль, вельмі каштоўная і неабходная рэч у жыцьці чалавека. І таму Ісус Хрыстос кажа вучням Сваім: «Вы - соль зямлі». Ён накіроўвае гэтыя словы да Сваёй Царквы, якая павінна асаляць грамадзтва, паказваючы смак Божага Валадарства.
Але ці выконвае Царква ў поўнай меры гэтае сваё прызначэньне? Чаму дэградуюць людзі ў сваім духоўным разьвіцьці? Чаму ідэі багаслоўя ілжэнастаўнікаў, якія зьнішчаюць чысьціню Эвангельля і парушаюць Божыя пастановы, месцамі умацоўваюць свае пазіцыі? Можа соль губляе сваё прызначэньне і не асаляе душы людзей так, як гэта падабаецца Госпаду? А можа соль страчвае сілу і становіцца непрыдатнай, як кажа Ісус Хрыстос: «Хіба што выкінуць яе прэч на патаптаньне людзям?»
Павал, адразу ж падхапіўшы тэму гэтага разважаньня, падзяліўся з сябрам колішнім назіраньнем з жыцьця. Аднойчы, цудоўна прыгатаваная поліўка сталася быць непасоленай. Дык гэта ж не праблема, вазьмі салонку і пасалі гэтую прыгажосьць. Але для гэтага трэба было нешта зрабіць. З салонкі трэба было зьняць ці прыадчыніць вечку, каб пасыпалася соль. Такім чынам цудоўна прыгатаваная ежа была збаўлена ад недасканаласьці і задаволіла тых, хто яе пакаштаваў. Гэтае назіраньне кажа пра тое, што нашыя цэрквы, як тая салонка, маюць соль - соль, пра якую казаў Ісус Хрыстос, але яна не заўсёды выходзіць у сьвет, бо людзі, на жаль, падзялілі царкву і астатні сьвет, як тую салонку, што не раскрылі перад поліўкай. І што ў выніку? Рамёствы, мастацтва, законатворчасьць, ды шмат якія яшчэ сфэры жыцьця грамадзтва застаюцца бязь солі Госпадавай і таму ня маюць таго смаку, які падабаецца Богу. Зямля патрабуе солі, сьвет патрабуе солі. Так хоча Бог, бо хоча каб тыя, каго Ён назваў сольлю зямлі, асалілі сабою гэты сьвет і ўпрыгожылі смак гэтай зямлі. Бог патрабуе дзеяў, якія ўвойдуць у гэты сьвет, якія ўвойдуць ў кожнае жыцьцё, каб перамяніць існуючыя законы сьвету на тыя законы, якія адпавядаюць Божым стандартам.
Лука дадаў, падсумоўваючы гэтыя разважаньні: «Так, чалавечая прырода сапсаваная грэхам і мы ведаем, што грэх, на жаль, будзе множыцца і няпраўда будзе прагрэсаваць. Але і праведнасьць нашая павінна прагрэсаваць і множыцца, але больш хутка, і тады мы пераможам. Так хоча Бог. Ён хоча, каб мы перамаглі і таму мы не павінны хавацца, але быць моцнай Царквой, як моцнае цела Хрыстова ў славе Сваёй. Мы павінны працаваць на Ягоную славу, каб перамагчы разам з Госпадам нашым Ісусам Хрыстом». Сябры, супыніўшыся, памаліліся за Царкву і ўсіх хрысьціянаў: «Госпадзе, умацуй нас у сіле Тваёй. Умацуй нас Духам Тваім і няхай Дух Сьвяты распаляе нашыя сэрцы і дае ўсё новыя і новыя сілы, каб перамагчы няправеднасьць гэтага сьвету і праславіць імя Тваё. Дай нам, Госпадзе, быць зброяй Тваёй. Дай нам дастойна і цьвёрда несьці сьцяг Тваёй праведнасьці і сьвятасьці. Дай нам Госпадзе быць сольлю Тваёй, каб асаліць гэтую зямлю, якую даў нам Ты. Умацуй нас Госпадзе ў слове Тваім, умацуй нас Госпадзе ў праўдзе Тваёй, умацуй нас Госпадзе ў сіле Тваёй, бо мы змагаемся і жывем дзеля славы Айца, Сына і Духа Сьвятога. Амэн». Спадарожнікі прайшлі побач з Адрамітыем, пакінуўшы яго з левага боку, і накіраваліся на захад, у Трааду.
Траада сустрэла сяброў той верасьнёўскай цяплынёй, якая звычайна і бывае на пачакту восені. Лука прыгадаў Паўлу тую першую іхнюю сустрэчу ў гэтым горадзе, якая адбылася шмат гадоў таму. Прайшло ад гэтага часу нямала, але ніколі ня ўзьнікла паміж імі нават і намёку на нейкую незадаволенасьць у адносінах адзін да аднога. Лука прыпамятаў, як ён першы раз пачуў апостала і аддаў сваё сэрца Таму, да Каго яно і імкнулася. Сябры добра ведалі гэты горад, а таму, не раздумваючы, пайшлі да Карпа, дом якога знаходзіўся непадалёк ад ракі Скамандар, якая несла свае воды ад горных і халодных крыніцаў Іды, каб падзяліцца з горадам сваёй прахалодай. Карп даведаўся пра планы Паўла прыйсьці ў Трааду ад хрысьціянаў, якія былі ў Пэргаме і бачыліся з апосталам, а таму папярэдне ужо падгатаваў для сяброў пакой у сваім доме. Ён быў упэўненым, што Павал абавязкова прыйдзе да яго і таму сустракаў сваіх братоў ня зьдзіўленым, але з вялікай радасьцю. Вячэра ўжо чакала іх і, абмыўшыся ды падзякаваўшы Госпада, яны ўзьляглі разам з Карпам за цудоўным сталом з рознымі прысмакамі. Павал слухаў Карпа пра жыцьцё і дзейнасьць царквы і яму зноў нагадалася яшчэ не астылая размова пра Царкву, якая павінна быць сольлю зямлі. Павал ня быў зьдзіўленым таму, што ветры ілжэвучэньняў актыўна дзьмулі і тут, у Траадзе. Ужо хутка прыходзіля нядзеля і Павал вырашыў прапаведаваць у царкве пра праўду ў Ісусе Хрысьце, як адзіны шлях у Божае Валадарства, бо няпраўда ілжэвучэньняў непрымальная праўдзе Хрыста.
Царква ўзрушана сустрэла сяброў, а Павал, стаўшы перад сходам прамовіў: «Ісус Хрыстос ёсьць праўдай жыцьця. Ён – гэта тое, што ёсьць праўда. Стоячы перад Пілатам Ён казаў менавіта пра гэта: “Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у сьвет, каб засьведчыць праўду; кожны, хто ад праўды, слухае голасу Майго”». Што адказаў на гэта рымскі пракуратар, выходзячы да юдэяў?: «Што ёсьць праўда? Безумоўна тое, што словы Ісуса Хрыста даволі значна зачапілі сэрца Пілата, бо ў іншым выпадку ён не выходзіў бы да народу, абвяшчаючы пра невінаватасьць Ісуса. Вядома тое, што было далей, як бачыцца і тое, што сэрца Пілата было ўзрушана словамі Ісуса Хрыста, бо проста так такія пытаньні як: «Што ёсьць праўда?» не задаюць. Невядома чым скончыўся гэты ўнутраны пошук Понція Пілата ў ягоным далейшым жыцьці, але дакладна ведома, што праўда, знаходзіцца ў Ісусе Хрысьце. Вядома і тое, што праўда мяняе жыцьцё чалавека, бо ставіць яго на шлях свабоды, шлях, дзе ёсьць ты і Ён - твой Госпад і Збаўца.
У сьвеце кажуць, што ў кожнага праўда свая. Адчуваеце, як бацька хлусьні, што ёсьць д’ябал, хоча заблытаць розум чалавека? Чаму? Таму што ён абараняецца сваёй хлусьнёю, бо ведае свой канец. А праўда ў тым, што праўда - гэта праўда. Яна ёсьць адзіная і яна ёсьць у Ісусе Хрысце, Які дае нам Духа Сьвятога для выкрыцьця няпраўды: «Ён, прыйшоўшы, выкрые сьвет у грэху і ў праўдзе, і ў судзе. У грэху, - што ня вераць у Мяне; у праўдзе, - што Я іду да Айца Майго, і ўжо не пабачыце Мяне; а ў судзе, - што князь сьвету гэтага асуджаны». Гэта слова пра праўду і хлусьню. Мы бачым, што бацька хлусьні ўжо асуджаны, але пакуль у яго ёсьць нейкі час, ён намагаецца зацягнуць за сабою ў пекла як мага болей тых, хто гэтай хлусьні паддаецца. І зацягне. І зацягнуў ужо шмат каго. Але, каб несьці людзям ратаваньне ад гэтага, мы павінны несьці людзям праўду, адзіную праўду Ісуса Хрыста. Пакуль ёсьць такая магчымасьць.
Павал, працягнуўшы, вырашыў на заканчэньне паказаць шлях чалавека, які павінен ісьці ў праўдзе разам з Ісусам Хрыстом: «Д’ябал як крыніца няпраўды ужо пераможаны, бо дадзена нам праўда ў Ісусе Хрысьце. І хто верыць у Хрыста, знаходзіцца на правільным баку свайго жыцьця, бо знаходзіцца на баку праўды. Чалавек з Хрыстом заўсёды знаходзіць праўду, а з ёй і жыцьцё вечнае. Шчасьлівы той, хто стаіць на баку Госпада. І наадварот -няшчасьлівы той, хто стаіць на баку няпраўды. На баку д’ябла. Дык няхай мы будзем стаяць на баку Бога, праслаўляючы Яго. І маліцца. Праўдзіва і за праўду. Адзіную Божую праўду: пра сябе і пра сваіх блізкіх. Каб мы любілі праўду і стаялі з ёй перад Богам. І разам з Богам. Амэн».
Яшчэ два тыдні, да сярэдзіны верасьня, Павал і Лука служылі ў царкве, прымаючы таксама ў доме Карпа дэлегацыі хрысьціянаў невялікіх цэркваў з мястэчкаў, раскіданых вакол Траады. Прыйшлі, ведаючы пра знаходжаньне Паўла ў Траадзе, і добра знаёмыя хрысьціяне з Асу, вітаючы апостала ад імя ўсёй царквы. Павал настаўляў іх, даючы пры гэтым каштоўныя арганізацыйныя парады па ўпарадкаваньню служэньняў і ўвогуле жыцьця царквы. Але асаблівае месца ён адводзіў умацаваньню веры ў Ісуса Хрыста, свайго Госпада і Збаўцы, каб ніхто ня зважваў іх сваімі памылковымі вучэньнямі. Лука ж, тым часам, гатаваў іхні набліжаючый марскі пераход да Нэапаля і Філіпаў. І хутка гэты час настаў, бо падзьмулі спрыяльныя спадарожныя паўдзённа-усходнія вятры, якія давалі добрую магчымасьць караблям хутка дасягаць берагоў Македоніі ці Ахаі. Зборы былі нядоўгімі, а нават і хуткімі, бо ветравыя абставіны на моры рэч нясталая, а таму караблі нядоўга затрымліваліся ў парту і хутка выходзілі ў мора.
Сябры неадкладна накіраваліся ў порт, дзе іх ужо чакалі хрысьціяне, якіх пасьпеў папярэдзіць Карп, які таксама быў тут. Пасьля сардэчнага разьвітаньня Павал і Лука ўзыйшлі на карабель, які, ўзьняўшы ветразі, ўзяў накірунак на македонскі бераг, да порту Нэапаля. Марскі шлях быў добра вядомы спадарожнікам, бо пры гэтым ветры ён ніяк не адрозьніваўся ад таго першага даўнішняга сумеснага марскога падарожжа. Мінуўшы выспу Тэнедас і прайшоўшы каля праліву Гэлеспонт, карабель прышвартаваўся ў парту Саматракіі, каб зранку працягнуць свой шлях. Сябры прыладзіліся на адпачынак у труме карабля, падзякаваўшы Гопада за спрыяльныя ўмовы для іхняга марскога падарожжа, хаця і высьветлілася маленькая непрыемнасьць. У пасьпешных зборах Павал пакінуў у Карпа свой цёплы плашч і запас пэргаментаў для далейшай пісьмовай працы. Лука супакоіў апостала, бо ў яго, асабіста, быў значны запас пісьмовых прыладаў. Так, пасьля малітвы, марская ноч прыняла іх у свае абдымкі і яны спакойна заснулі.
Крыкі каманды і лопат уздымаючыхся ветразяў абудзілі спадарожнікаў, якія выйшлі на палубу, каб паглядзець на цуд абуджэньня карабля. Напоўненыя ветразі надалі караблю сілу і яны разам шпарка пабеглі па хвалях, разразаючы іх адну за адной. Паўлу вельмі падабалася гэтая зладжаная праца маракоў, якая давала жыцьцё караблю і накіроўвала яго ў неабходным напрамку па водных прасторах мора. Наогул, праца чалавека заўсёды цікавіла яго, бо сам працаваў з дзяцінства і заўсёды вучыўся гэтаму ад іншых. Яго заўсёды цікавіла гэтая тэма, асабліва ўзьнікненьне працы і як павінен ставіцца да працы чалавек. Павал зьвярнуў увагу Лукі на працу маракоў і ў сувязі з гэтым падзяліўся з ім сваімі думкамі. Апошнім стварэньнем шостага Божага дня быў чалавек, адзіны са створаных істотаў, які атрымаў імя ад Бога і які выканаў першую сваю працу, даручаную яму Творцам: «І назваў чалавек імёны ўсякаму быдлу і птушкам нябесным і ўсім зьвярам польным». Але ці толькі для працы стварыў Бог чалавека?
Лука адразу ж, падхапіўшы гэтую тэму, распавеў сябру старажытны міт пра стварэньня чалавека дзеля працы. Акадзкі міт «Атра-Хасіс», а гэта пачатак другога тысячагодзьдзя да нараджэньня Ісуса Хрыста, кажа, што спачатку богі былі як людзі: яны працавалі і працавалі вельмі цяжка. У выніку гэтай працы ўзьнікае бунт супраць свайго валадара. Каб супакоіць бунтуючых багоў прымаецца рашэньне па стварэньню чалавека. Людзі павінны будуць узяць на сябе цяжкую працу па апрацоўцы зямлі. Згодна гэтага міту, багам патрэбны былі людзі, каб тыя працавалі за багоў. Сябры, працягнуўшы сваё дасьледваньне пагадзіліся з тым, што ўсё гэта цікава, але Біблія сцьвярджае іншае. Бог, па сутнасьці Сваёй, ня меў патрэбы ў чалавеку і стварыў яго не з-за нейкага эгаістычнага замыслу, але як факт праявы ласкі Божай. Мэта стварэньня чалавека азначаецца словамі Госпада: «І хай валадараць яны над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над быдлам, і над усёю зямлёю, і над усімі гадамі, што поўзаюць па зямлі». Чалавек ставіўся Богам на валадараньне гэтым сьветам, але для гэтага ён павінен працаваць.
«І узяў Госпад Бог чалавека, якога стварыў, і пасяліў яго ў садзе Эдэмскім, каб урабляць яго і захоўваць яго». Апроч цудоўнага дома, якім зьяўляўся для чалавека сад Эдэмскі і той цудоўнай ежы, якая была ў гэтым садзе, Бог дае чалавеку служэньне - працаваць. Зьвярнем увагу на тое, што Бог не абавязвае Адама апрацоўваць зямлю, але даглядаць за садам - «урабляць і захоўваць яго». Гэта здарыцца пазьней, калі Бог вышле Адама за ягоны грэх: «І выслаў яго Госпад Бог з саду Эдэмскага, каб урабляў зямлю, з якое ён узяты». Але праца - гэта не праклён, а дабраславеньне. Чалавек мае патрэбу ў працы, каб адчуваць сябе добра і ня быць у бязьдзейнасьці ды гультайстве. Праклёнам становіцца ня сам факт працы, а праца са скрухаю і праклён зямлі за грэх Адама: «Праклятая зямля за цябе; са скрухаю будзеш карміцца з яе ва ўсе дні жыцьця твайго; церне і воўчкі ўзгадуе яна табе; і будзеш карміцца польнаю травою; у поце твару твайго будзеш есьці хлеб, пакуль ня вернешся ў зямлю, з якое ты ўзяты; бо пыл ты і ў пыл вернешся».
Праца дадзена чалавеку Госпадам і безумоўна тое, што Ён патрабуе ад нас пэўных адносінаў да таго запавету, які Ён даў нам ад пачатку і на ўсе вякі. Але працу трэба любіць і самы галоўны прыклад адносінаў да працы дае нам Сам Госпад Бог. Ён за шэсьць дзён стварае з нічога неба і зямлю, а потым і ўсе астатнія стварэньні. Амаль што кожны дзень, за выключэньнем другога, Бог кажа пра Сваё стварэньне: «Добра». Але што азначае Божае «добра»? Гэта азначае тое, што ўсё створанае адпавядала свайму прызначэньню і Божаму замыслу. Усё атрымалася так, як гэтага пажадаў Бог. І гэта азначае, што Божае «добра» - гэта дасканалая праца, якая мае ў сваёй аснове любоў.
Працу трэба рабіць якасна і Бог дае нам стандарт працы, калі адкрывае нам яго праз Пісаньне. Мы бачым вялікую Божую працу па стварэньню сьвету. Паглядзем навокал і ўбачым ня толькі безьліч стварэньняў, але і тую безумоўную дасканаласьць і прыгажосьць кожнага стварэньня. Бог – дасканалы Творца, бо праслаўляецца ў Сваіх стварэньнях. І Ён вельмі жадае, каб нашая праца была якаснай і праслаўляла Яго ў-ва ўсе дні нашага жыцьця. Якасная і руплівая праца ўзбагачае чалавека. Як матэрыяльна, так і духоўна. Саламон кажа пра гэта: «Лянівая рука робіць бедным, а рука руплівая ўзбагачае». Добрая праца праслаўляе Госпада і наадварот, калі праца выконваецца дрэнна, дык гэта ёсьць ганьба Бога. Калі чалавек добра працуе, дык атрымлівае пахвалу ня толькі ад Госпада, але і ад людзей. Сябры, захопленныя гэтымі разважаньнямі і не заўважылі як хутка прайшоў час, калі перад імі ўжо адкрываўся партовы горад Нэапаль.
Свидетельство о публикации №226022200056