От воли до неволи ч. 5

Першыя кастрычніцкія дні сустрэлі Паўла напружанай працай ўмацаваньня Божага Валадарства. Ён прымаў у доме Лідзіі розных людзей і кожнаму знаходзілася патрэбнае слова ад Госпада. Прыходзілі хрысьціяне з навакольных мястэчак, каб умацавацца ў веры. Прыходзілі і зацікаўленыя няверуючыя, каб пачуць знакамітага прапаведніка. Павал жа з любоўю сустракаў іх, каб пасеяць зярняткі веры ў гэтыя сэрцы і многія з тых няверуючых сэрцаў прынялі ўрэшце Ісуса Хрыста сваім Госпадам і Збаўцам. Павал перадаў ліст да Ціта ў Карынт праз хрысьціянаў, якія накіроўваліся туды па справах. Ён даручыў перадаць яго Арцёму ці Тыхіку, каб хтосьці з іх наведаў Ціта на Крыце і перадаў яму гэты ліст ад Паўла. Сам жа Павал гатаваўся ў далейшы шлях, каб, з пропаведзьдзю і ўмацаваньнем цэркваў, дасягнуць Нікапаля, дзе ён планаваў застацца на ўсю зіму. Так і адбывалася, бо ўвесь час вандроўкі да Нікапаля суправаджаўся прыпынкамі і ўмацаваньнем цэркваў пропаведзьдзю слова Божага.

І нічога не ўзьвяшчала нейкіх непрыемнасьцяў, але яны, тым ня меньш, ужо апостала падсьцерагалі. Аляксандр меднік не забыўся свайго супрацьстаяньня з апосталам і вырашыў даць уладам Нікапаля зьвесткі пра тое, што менавіта Павал быў адным з дзеючых асобаў, якія выступалі супраць цэзара і таму маглі быць вінаватымі ў палымянай трагедыі Рыму. Правінцыйнае чынавенства вельмі жадала паслужыць цэзару, а таму, скарыстаўшыся даносам Аляксандра, улады Нікапаля арыштавалі Паўла пры ўваходзе ў горад. У які ж раз апостал апынуўся ў вязьніцы, дзе праводзілася папярэдняе дасьледваньне абвінавачваньня. Аляксандр меднік не прысутнічаў на дасьледваньні, але абвінавачваньне рымскіх хрысьціянаў цэзарам толькі разьвязвала рукі мясцовым уладам і не давала Паўлу ніякіх магчымасьцяў на абарону. Было прызначана папярэдняе судовае паседжаньне, на якім і павінен быў вырашыца лёс арыштаванага Паўла.

Суд Нікапаля, як і чакалася, вызначыў Паўла вінаватым супраць цэзара, але канчатковы прысуд мог быць толькі ад цэзара. Дэпартаваць жа яго ў Рым не было магчымым з-за сканчэньня навігацыі, а таму яго пакінулі ў вязьніцы Нікапаля на даволі лагодных умовах, каб, на пачатку навігацыі, пераправіць у Рым для канчатковага прысуду. Нікапаль, што так негасьцёўна сустрэў апостала, як быццам бы і ня мог паступіць інакш, бо рымскі дух быў тут ад пачатку. Горад быў закладзены Актавіянам на тым месцы, дзе разьмяшчалася ягонае войска перад перамогай над аб’яднананым флотам Антонія і Клеапатры. З тых часоў порт Нікапаля быў важнай адзінкай у марскім яднаньні Грэцыі і Рыму. Велічны тэатр, стадыён, рымскія тэрмы, помнік ад Актавіяна і ўпрыгожаныя носы караблёў, захопленыя ім, усё гэта вызначала адназначную і безумоўную рымскую накіраванасьць свайго жыцьця. Павал гэта нічога і ня ўбачыў, бо адразу ж быў адведзены да вязьніцы, дзе і павінен быў вызначыцца ягоны далёйшы лёс. Апосталу вызначылі асобны турэмны пакой, дзе, да ягонай дэпартыцыі ў Рым, ў абмежаваным парадку, яго маглі наведаваць сябры і знаёмыя, з большага таму, што выдаткоўваць за сваё ўтрыманьне вязень павінен быў быць са сваёй кішэні ці з кішэні тых, хто мог заплаціць за ўтрыманьне апостала. Павал бадзёрыўся ў духу і ніяк не паказваў сябрам свае нядобрыя прадчуваньні адносна бліжэйшай будучыні свайго жыцьця. Ён ужо добра разумеў, што ён пражывае сваю апошнюю зіму і іншай ён ужо не пабачыць.

Лука, які пасяліўся непадалёк ад вязніцы Паўла, амаль што кожны дзень неведваў апостала, каб быць ягонаю дзейснаю зброяй у апостальскім служэньні. Павал добра разумеў сваю будучыню, але гэта толькі падштурхоўвала яго да больш актыўнага ладу жыцьця, каб яшчэ больш паслужыць на ніве Божага Валадарства. Ён адчуў вялікую патрэбу ў настаўленьні, а нават і ў сустрэчы вельмі блізкага яму чалавека. Павал вырашыў напісаць ліст да Цімафея, каб выказаць таму свае погляды на служэньне хрысьціянскага кіраўніка, як свайго пераймальніка і запрасіць яго да сябе ў Нікапаль. Лука з радасьцю пагадзіўся запісаць гэты ліст і, праз некалькі дзён, яны пачалі гэтую працу.

Павал пачаў проста і ад сэрца: «Павал, апостал Ісуса Хрыста воляй Божай, паводле абяцаньня жыцьця, што ў Хрысьце Ісусе, - Цімафею, улюблёнаму дзіцяці: ласка, літасьць, супакой ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага. Дзякуючы Богу, Якому служу ад бацькоў з чыстым сумленьнем, што няспынна ўзгадваю пра цябе ў просьбах маіх уночы і ўдзень, жадаючы бачыць цябе, памятаючы пра сьлёзы твае, каб мне напоўніцца радасьцю, праводзячы на памяць некрывадушную веру тваю, якая раней жыла ў бабулі тваёй Ляідзе і ў маці тваёй Эўніцы, і я перакананы, што і ў табе. Дзеля гэтае прычыны нагадваю табе, каб ты распальваў дар Божы, які ёсьць у табе праз ускладаньне рук маіх, бо даў нам Бог Духа палахлівасьці, але сілы, і любові, і цьвярозага мысьленьня. Дык не саромся сьведчаньня Госпада нашага, ані мяне, вязьня Ягонага, але перанось цяжкасьці разам з Эвангельлем паводле сілы Бога, Які збавіў нас і паклікаў пакліканьнем сьвятым, не паводле ўчынкаў нашых, але паводле вызначэньня Свайго і ласкі, дадзенае нам у Хрысьце Ісусе перад вечнымі часамі, а цяпер выяўленае праз зьяўленьне Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які зьнішчыў сьмерць і зьявіў жыцьцё і незьнішчальнасьць праз Эвангельле, для якога я пастаўлены весьнікам, і апосталам, і настаўнікам паганам. Дзеля гэтае прычыны я і цярплю гэтак, але не саромлюся, бо ведаю, у Каго я паверыў, і перакананы, што Ён моцны, каб захаваць перададзенае праз мяне на той дзень. Мей за прыклад здаровыя словы, якія ты чуў ад мяне, у веры і любові, што ў Хрысьце Ісусе. Захоўвай тое добрае, што перададзена табе, праз Духа Сьвятога, які жыве ў нас».

Дзень праходзіў за днём і, перамежваючы сустрэчы апостала з хрысьціянскімі наведвальнікамі, сябры працягвалі сваю працу над лістом да Цімафея: «Дык ты, дзіця маё, умацоўвайся ў ласцы, што ў Хрысьце Ісусе, і, што чуў ад мяне праз многіх сьведкаў, тое перадай верным людзям, якія будуць здольнымі і іншых навучыць. Дык перанось цяжкасьці, як добры жаўнер Ісуса Хрыста. Ніхто з тых, хто змагаецца, ня зьвязвае сябе справамі жыцьцёвымі, каб падабацца таму, хто яго ўзяў у войска. І калі хто спаборнічае, не атрымае вянка, калі будзе спаборнічаць незаконна. Земляроб, які працуе, мусіць першы спажываць плады. Разумей, што кажу. Няхай жа дасьць табе Госпад разуменьня ў-ва ўсім. Памятай пра Ісуса Хрыста, з насеньня Давіда, Які ўваскрос з мёртвых паводле Эвангельля майго, у якім пераношу цяжкасьці аж да путаў, як злачынца, але слова Божае нельга зьвязаць. Дзеля гэтага я ўсё трываю дзеля выбраных, каб і яны дасягнулі збаўленьня, што ў Хрысьце Ісусе, з вечнаю славаю». Павал добра разумеў, што часу ў яго яшчэ дастаткова, але ён, чамусьці, сьпяшаўся, як быццам бы і ня меў ён гэтага часу. Пасьля перапынку і малітвы апостал прапанаваў сябру працягнуць пачатае з ранку: «Намагайся паставіць сябе перад Богам вартым, работнікам, які ня будзе асаромлены, які слушна пераказвае слова праўды. А паганага марнаслоўя пазьбягай, бо яны яшчэ больш будуць узрастаць у бязбожнасьці, і слова іхняе, як гангрэна, будзе мець пажыву».

Павал добра памятаў сваю барацьбу з гэтай гангрэнаю і добра ведаў, што гэта ёсьць ня вельмі лёгкай справаю. Больш таго, ён добра памятаў свае маладыя гады, калі бурлівая дзейнасьць магла, выплёскваючы праз край, незаўважна адхіляць чалавека ад Божай праўды. І таму Павал, даўшы знак, працягнуў: «Ад юнацкіх пажаданьняў уцякай, а імкніся да праведнасьці, веры, любові, супакою з тымі, хто прызывае Госпада ад чыстага сэрца. Ад дурных і бязглуздых спрэчак адмаўляйся, ведаючы, што яны нараджаюць звадкі; а слуга Госпада ня мусіць вадзіцца, але быць ветлівым да ўсіх, здольным навучаць, цярплівым, у ціхасьці настаўляць тых, якія працівяцца, ці ня дасьць ім Бог навяртаньня дзеля пазнаньня праўды, каб яны вызваліліся з пасткі д’яблавай, які злавіў іх пад сваю волю».

Дзень ужо падыходзіў да вячэрняга часу і Лука, разьвітаўшыся, пайшоў да сябе, а Павал, застаўшыся адзін, маліўся і разважаў пра горкую праўду будучыні, калі надыйдуць злыя часы і многія людзі згоршацца. Не ўтрымаўшыся, Павал узяў сьвітак і працягнуў ліст сваёй рукою: «Ведай жа тое, што ў апошнія дні надыйдуць злыя часы. Бо людзі будуць самалюбныя, срэбралюбцы, пыхліўцы, ганарыстыя, блюзьнеры, непаслумяныя бацькам, няўдзячныя, нячыстыя, бязьлітасныя, няўмольныя, паклёпнікі, неапанаваныя, жорсткія, ненавісьнікі таго, што добрае, здраднікі, неразважныя, фанабэрыстыя, якія больш любяць асалоду, чым Бога, якія маюць выгляд пабожнасьці, а сілы яе адракліся. Ад гэтакіх адварочвайся. Бо з гэтакіх тыя, што закрадаюцца ў дамы і палоняць жанчынак, абцяжараных грахамі, якіх водзяць розныя пажадлівасьці, якія заўсёды вучацца і ніколі ня могуць дайсьці да пазнаньня праўды». Было ўжо даволі позна, калі Павал, скончыўшы пісаць, уклаўся на адпачынак, але яшчэ працяглы час абдумваў гэтую тэму, каб зранку, па прыходзе Лукі, працягнуць іхнюю справу. Ноч дала Паўлу адпачынак і далейшыя думкі, якія ён павінен быў выказаць свайму вучню Цімафею.

І калі прыйшоў Лука, апостал папрасіў таго запісаць пра дзеі ягоныя і Цімафея: «А ты пайшоў сьледам за мною ў навучаньні, ладзе жыцьця, намерах, веры, доўгацярплівасьці, любові, непахіснасьці, перасьледваньнях, пакутах, якія здарыліся са мною ў Антыёхіі, Іконіі, Лістрах; гэтыя перасьледаваньні я перанёс, з усіх выбавіў мяне Госпад. А ты заставайся ў тым, чаго навучыўся і што табе даверана, ведаючы, праз каго ты навучаны; і што з дзяцінства ведаеш Сьвятое Пісаньне, якое можа зрабіць цябе мудрым на збаўленьне праз веру, што ў Хрысьце Ісусе. Усё Пісаньне надхнёнае Богам і карыснае дзеля навучаньня, дзеля дакараньня, дзеля выпраўленьня, дзеля дысцыплінаваньня ў праведнасьці, каб дасканалым быў чалавек Божы, да ўсякае добрае справы гатовым».

Каб дасканалым быў чалавек Божы, да ўсякае добрае справы гатовым. Лука выводзіў гэтыя словы з асаблівым пачуцьцем, бо адчувалася ў іх нейкая вечная ўрачыстая мелодыя, якую кладзе на сэрца Госпад Сваім сынам і дочкам. Павал жа, зьбіраючыся з думкамі, чакаў знаку Лукі на тое, што ён гатовы ўжо працягнуць далейшы запіс гэтага ліста. І вось нарэшце апостал працягнуў: «Дык я сьведчу перад Богам і Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, Які мае судзіць жывых і мёртвых у зьяўленьні Сваім і Валадарства Свайго: абвяшчай слова, настойвай у час і ня ў час, дакарай, забараняй, упрошвай з усякай доўгацярплівасьцю і вучэньнем. Бо будзе час, калі здаровага навучаньня цярпець ня будуць, але паводле сваіх пажаданьняў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, якія лашчаць слых, і ад праўды слых адвернуць, а збочаць да баек. А ты будзь пільны ў-ва ўсім, перанось цяжкасьці, рабі справу дабравесьніка, служэньне тваё выконвай. Бо я ўжо стаўся ахвяраю, і час майго адыходу прыйшоў. Змагаўся я добрым змаганьнем, бег зьдзейсьніў, веру захаваў. Нарэшце, вызначаны мне вянок праведнасьці, які дасьць мне Госпад, праведны Судзьдзя, у той дзень; і ня толькі мне, але і ўсім, якія зьяўленьне Яго палюбілі. Намагайся, каб хутка прыйсьці да мяне».

Павал перапыніўся і, пасьля невялікай паўзы, скончыў пасланьне сваёй рукою: «Прывітай Прыскілу і Акілу, і дом Анісіфора. Намагайся, каб прыйсьці да зімы. Вітаюць цябе Эўбул і Пуд, і Лін, і Кляўдыя, і ўсе браты. Госпад Ісус Хрыстос з духам тваім. Ласка з вамі. Амэн». Вечаровы час і пэўны рэжым вязьніцы разьвёў сяброў па сваіх пакоях, але кожны з іх, працяглы яшчэ час, знаходзіўся пад уражаньнем напісанага ў гэтым лісьце да Цімафея.

Ранак сустрэў Паўла ў думках пра тое, каб гэты ліст як мага хутчэй дасягнуў Цімафея ў Эфэсе. Ён з нецярпеньнем дачакаўся Луку, каб гэтае абмеркаваць і выправіць ліст да Цімафея. Лука даволі хутка вырашыў гэтую праблему, але шлях да Эфэсу ня мог быць кароткім, бо скончаная навігацыя не дазваляла марскога і блізкага шляху праз Карынт ці нават праз Нэапаль. Шлях мог быць толькі сухапутным, у абыход Эгейскага мора з паўночнага боку, каб дасягнуць той жа Траады, а адтуль і Эфэсу. Павал пагадзіўся з гэтым марудным варыянтам, хаця і зразумеў, што ягоныя асабістыя просьбы да Цімафея пачалі ўяўляцца як магчыма і цяжка зьдзяйсьняльнымі. Апостал прасіў свайго вучня прайсьці праз Трааду, каб захапіць ягоныя асабістыя рэчы і прывесьці з сабою Яна Марка, які павінен быў, недзе ў гэты час, зьявіцца ў Эфэсе. Ці адбудзецца ўсё гэтае задуманнае Паўлам? Ліст да Цімафея, тым ня меньш, ужо быў на доўгім шляху да Эфэсу і Павал мог толькі маліцца са спадзяваньнем на хуткі прыход да яго Цімафея. Тым часам падыходзіла зіма, а з ёй і халодныя ды моцныя марскія вятры, якія не давалі, нават і малой магчымасьці, бясьпечнага марскога вандраваньня. Жыцьцё Паўла набыло нейкі спакойны рытм, але служэньне апостала Хрысту ня стала ад гэтага меньш насычанам і зьмястоўным. Павал працягваў прымаць у дазволены час хрысьціянаў Македоніі і Ахаі, каб настаўляць іх у веры і служэньню Ісусу Хрысту. Вось і зараз, ён сустракаў хрысьціянаў з Тэсалонікі, якія вырашылі, наведаўшы Паўла, падтрымаць яго матэрыяльна, каб ён мог забясьпечыць сабе адносна спакойнае пражыцьцё ў вязьніцы Нікапаля.

Шчыра падзякаваўшы тэсалонцаў, Павал працытаваў словы, якія ён ужо накіроўваў да іх: «Заўсёды радуйцеся. Несупынна маліцеся. За ўсё дзякуйце, бо такая для вас воля Божая ў Хрысьце Ісусе». Апостал ня меў звычцы марнаваньня часу і таму зараз-жа, падзякаваўшы Госпада за гэтую сустрэчу, ён зьвярнуў іхнюю ўвагу на гэтыя тры словы: «Радуйцеся, маліцеся і дзякуйце». Павал нагадаў словы псальма: «Вялікае стварыў Госпад над намі: мы радаваліся». Сапраўды вялікае стварыў Госпад над намі і з гэтае нагоды мы можам прыгадаць нашыя першыя духоўныя радасьці і тое нашае становішча, калі гэта адбылося. Мы былі прыгнечаныя грэхам, жылі з жахам пакараньня гневам Божым і думка пра непазьбежную пагібель не давала нам супакою, адчуваньне віны было цяжарам для нас. І нам здаецца, што ніхто ня будзе дзівіцца, калі збаўлены чалавек радуецца сваёй свабодзе ў Ісусе Хрысьце, як радуецца напрыклад вайсковец, што выйшаў жывым з крывавага ды доўгага бою і што бачыць радасьць родных, сустракаючых яго.

Мы радуемся штодня таму сьвятлу і цяплыні, што дае нам Сваёй прысутнасьцю наш Збаўца, наш Сябра і наш Валадар. Міласьці, якія мы атрымліваем ад Яго, вельмі каштоўныя для нас, таму яны становяцца крыніцай радаснай падзякі. Мы радуемся штодня Ягонай прысутнасьці, нават калі сыходзяць на нас нягоды і выпрабаваньні мы радуемся таму, што Ён ня кідае нас, але падтрымлівае, даючы нам сілы, умацоўваючы дух наш і цела нашае. Мы радуемся, што маем кожнадзённыя зносіны з Госпадам і калі Ён адказвае на нашыя малітвы - у сэрцы нашыя прыходзіць радасьць і ў душы нашыя прыходзіць супакой. Самое Эвангельле - гэта вялікая радасьць, бо Добрая Вестка ня можа быць весткай смутку. Радасьць - гэта мір у сэрцы, бо мір ад Ісуса Хрыста. Радасьць - гэта апазіцыя смутку, бо смутак ад грэху. Радасьць - гэта магчымасьць і здольнасьць жыць у гэтым сьвеце паводле стандартаў Божага Валадарства. Радасьць - гэта магчымасьць і здольнасьць бачыць ды чуць волю Божую, а потым выконваць яе. Радасьць - гэта жыцьцё ў Ісусе Хрысьце, жыцьцё ў Ягоным сьвятле, жыцьцё ў Ягонай любові, жыцьцё ў Ягонай справядлівасьці, жыцьцё ў Ягонай міласэрнасьці, жыцьцё ў Ягонай пакоры і той найвялікшай ахвяры, якая дае нам свабоду і мір у нашыя сэрцы.

Павал зрабіў невялікую паўзу і, бачачы зацікаўленую цішыню, перавёў тэму на неабходнасьць штодзённай малітвы. Мы жадаем жыць па воле Бога, выконваць запаведзі, што дае нам Ён і таму павінны заўсёды маліцца. Мы прачынаемся і ўзносім свае сэрцы прад аблічча Госпада, мы дзякуем Яго за той ранак, які Ён дае нам, каб мы праславілі Яго. Мы дзякуем свайго Творцу за гэтую цудоўную магчымасьць - размаўляць з Ім, адказваць Яму, слухаць Яго. Мы молімся. Але, як весьці размову з Госпадам несупынна, як гэта рабіць у нашым сучасным сьвеце, калі ў кожнага з нас ёсьць бясконцыя абавязкі? Як быць? Як быць адначасова ў сьвецкіх клопатах і ў несупыпыннай малітве? Адказ ёсьць, але спачатку трэба ўсьвядоміць, што малітва - гэта не аднабаковае дзеяньне, а дыялог, размова, калі ўсталёўваецца добры і давяральны кантакт паміж чалавекам і Богам.

Наш Бог - усюдны. Ён існуе інакш, чым мы: Ён па-за часам і прасторай. У Бога, у адрозьненьні ад нас, хапае часу на ўсё, таму Ён здольны дапамагчы кожнаму з нас і больш таго Ён можа даць увесь Свой час кожнаму чалавеку на зямлі. Павал нагадаў словы Пятра, якія чуў ад яго ў Ерусаліме: «У Госпада адзін дзень - як тысяча гадоў, і тысяча гадоў - як адзін дзень». Бог ведае ўсё, нават і тое, што мы яшчэ не сказалі, але Ён хоча, каб мы зьвярталіся да Яго і размаўлялі з Ім. Таму Ён і стварыў нас разумнымі на падабенства Сваё, каб мы, адзіныя стварэньні на зямлі, былі здольныя зьвяртацца да Яго.

Калі мы молімся - мы знаходзімся ў кантакце з Госпадам і калі гэта так, важна ня тое, што кажаш ты, але тое, што адказвае Ён. Нам трэба зразумець, што пад час малітвы трэба больш думаць пра Бога, а не пра сябе. Нават малітва Божая кажа нам пра тое, што Бог хоча ад нас: «Сьвяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая». Бог жадае, каб мы імкнуліся да сэнсу, які ёсьць у гэтых словах і каб гэты сэнс быў заўсёды нашым жыцьцёвым арыентырам. Мы павінны быць у заўсёдным кантакце з Госпадам, у Ягонай заўсёднай прысутнасьці, каб зьвяртацца да Яго ў любы колькі-небудзь вольны час. Шукаць сустрэчы з Ім - гэта тое, што хоча ад нас Бог.

І тут Павал заклікаў прысутных да штодзённай падзякі Госпаду. За ўсё. Лёгка дзякаваць Госпада за тое добрае, што Ён дае нам. За ўсю тую ласку, не заслужаную намі, што дае Ён па міласьці Сваёй. Але, як нам быць, калі нам дрэнна і калі нас спасьцігаюць выпрабаваньні? Апостал ведаў што казаў, бо сам перанёс шматлікія зьменьлівасьці . Ён жадаў узнагароды, але пакуль што ня меў яе. Толькі ён ведаў, што адчуваў ён у вязьніцы, калі быў пазбаўлены самага неабходнага, калі ён быў пазбаўлены асабістай свабоды. Ён мог сказаць пра гэта і сёньня: «Кажу гэта не таму, што патрэбу маю; бо я навучыўся здавольвацца тым, што ў мяне ёсьць. Умею жыць і ў гароце, умею жыць і ў дастатку; навучыўся ўсяго і ва ўсім, насычацца і галадаць, быць і ў раскошы і ў нястачы. Усё магу ў Ісусе Хрысьце, Які мацуе мяне».

Павал ведаў, што ўсё самае лепшае, што ёсьць у Бога, ён можа набыць, прабываючы кожны дзень і кожнае імгненьне ў Ісусе Хрысьце. Павал ня быў сляпым, ці глухім аптымістам, які пазбаўлены адчуваньня сьвету, але, нягледзячы на мноства фізічных пакутаў, нягледзячы на сваё вельмі бязрадаснае становішча, ён казаў тое, што задаволены сваім лёсам, бо Ісус Хрыстос зьяўляецца ягонай сілаю і сэнсам ягонага жыцьця. Гэта найвялікшая падзяка Госпаду за Ягоную прысутнасьць у нашым жыцьці. У той момант, калі нам кепска - трэба давяраць Богу, дзякаваць за тое, што Ён дае нам сілы, дае нам магчымасьці, што Ён з намі, каб даць нам дастойна прайсьці праз гэтыя выпрабаваньні і ўславіць Яго. Калі мы, упершыню сьвядома, адчулі Божую ласку, дык адразу ж адчуваем пачуцьцё падзякі да Яго, бо ўсё каштоўнае, што мы атрымліваем у сваім жыцьці, найперш у духоўным жыцьці – вынік дзеянья ласкі Божай. І пачатак усяму - збаўленьне. Усе мы, вельмі ўдзячны Госпаду за гэты цуд і чым больш мы пазнаём любоў і праўду Хрыста, чым больш мы ўмацоўваемся ў веры да Збаўцы, тым больш павялічваецца нашая падзяка Богу за тое збаўленьне, якое Ён даў нам у розны час і ў розных абставінах. Ён даў нам збаўленьне, Ён даў нам новае жыцьцё - вечнае жыцьцё. Бог даў нам скарб, які непамерна больш за ўсе багацьці сьвету, Ён даў нам жыцьцё вечнае і Сваю прысутнасьць.

А ці ўдзячныя мы Яму за гэта, ці не запамятавалі мы падзякаваць Госпада за той дар, які так дорага Яму абыйшоўся? Калі мы жывем ласкай Божай, дык павінны заўсёды дзякаваць Яго за вечнае жыцьцё, якое Ён нам даў праз Ісуса Хрыста і дзякаваць Яго ўсё болей і болей, чым у той дзень, калі мы перайшлі з валадарства цемры ў Валадарства ласкі Божай. Мы павінны дзякаваць Богу ня толькі перад ужываньнем ежы, а ўвесь час, цалкам увесь дзень, за ўсе тыя духоўныя і матэрыяльныя дары, якія нам так шчодра дае Бог. Кожны дзень мы атрымліваем ад Госпада дзіўную і цудоўную ласку, але нельга жыць Божай ласкай і ня дзякаваць за яе.

Павал прапанаваў усім узьняцца, каб прагучала сярод іх хвала і малітва Госпаду: «Госпадзе, мы ўсе перад Табой: хто ў шчырасьці сваёй, хто ня вельмі, а хто наогул падманвае сам сябе. Але Ты, Гаспадзе, бачыш усё. Ты бачыш усе нашыя дзеяньні, Ты бачыш усе нашыя думкі, Ты бачыш нават і тое, што мы яшчэ ня ведаем, бо толькі гатуемся пра гэтае падумаць. Госпадзе, дай нам цудоўныя магчымасьці і цудоўныя здольнасьці глядзець і бачыць нашыя сэрцы, каб дзякаваць за тое становішча ў якім яны знаходзяцца і каб заклікаць да Цябе. Каб Дух Сьвяты працягваў Сваю нястомную працу па зьнішчэньню тых рэшткаў грэху, якія, на жаль, існуюць яшчэ ў сэрцах нашых. І хай нашае сэрца будзе чыстым і дагледжаным садам, дзе адпачывае Ісус з вялікай радасьцю за нас, бо гэтая радасьць - гэта нашая радасьць, найвялікшая радасьць, бо гэтая радасьць - гэта нашая несупынная малітва, бо гэтая радасьць - гэта нашая падзяка Айцу, Госпаду нашаму Ісусу Хрысту і Духу Сьвятому на вякі. Амэн».

Так праходзіў час, які паказваў ужо на першую палову зімы. Нічога істотна не зьмянілася ў жыцьці Паўла. Жыцьцё ў турэмным пакоі, шпацыры па турэмным двары, сустрэчы з наведвальнікамі, настаўленьні і парады, разважаньні і пропаведзі. Адміністрацыя турмы добра ставілася да гэтага сталага і мудрага чалавека, які не ствараў для іх ніякіх праблем, а таму яму было дазволена, у межах распарадку дня, прымаць да сябе ўсіх, хто прыходзіў наведаць Паўла. Увесь час з апосталам быў верны Лука, які выходзіў з Нікапаля толькі па пэўных даручэньнях свайго настаўніка і сябра. Адначасова ён працягваў працаваць над тэкстам Эвангельля Ісуса Хрыста, многія тэмы з якога жыва абмяркоўваліся з Паўлам ды іншымі вучнямі апостала. На пачатку зімы прыходзіў Ціт, які не затрымаўся ў Нікапале і, узгоднена, пайшоў на служэньне ў Дальматыю. Таксама і Крэскенс быў пасланы Паўлам у Галятыю, каб зьмяніць Цімафея ў настаўленьні цэркваў. Цімафея ж пакуль не было, але гэта не было нечаканасьцю для Паўла, бо ён добра разумеў той доўгі шлях, па якім вандраваў ягоны ліст у пошуках любімага вучня. Не выключалася і тое, што пасланы Паўлам ліст ніколі і не дасягне Цімафея. Але спадзяваньне памірае апошнім, а спадзяваньне Паўла на сустрэчу з Цімафеем было жывым і паміраць не зьбіралася.

Дні, перамежваючы з начамі, саступалі адзін адному, набліжаючы вясновае цяпло, але ці радавала гэта Луку, які ведаў, што кожны адыходзячы дзень набліжае будучы дзень растаньня, калі Паўла, у кайданах, увязуць на суд цэзара? Ён не выказваў нікому гэтага свайго смутку і намагаўся быць карысным апосталу, арганізоўваючы хрысьціянскія сустрэчы і даючы розныя новыя тэмы для разважаньня і пропаведзі. Такім чынам дні Паўла былі актыўнымі і насычанымі. Ён захоўваў супакой і не хваляваўся за будучыню, бо ўсё ўжо выказаў у лісьце да Цімафея словамі, якія часта паўтараў ня толькі сабе, але і людзям: «Бо я ўжо стаўся ахвяраю і час майго адыходу прыйшоў. Змагаўся я добрым змаганьнем, бег зьдзейсьніў, веру захаваў. Нарэшце, вызначаны мне вянок праведнасьці, які дасьць мне Госпад, праведны Судзьдзя, у той дзень; і ня толькі мне, але і ўсім, якія зьяўленьне Яго палюбілі». Павал быў у супакоі, але пытаньні жыцьця і сьмерці, тым ня меньш, хвалявалі яго. Ён падзяліўся сваімі думкамі з Лукой, які, хаця і неахвотна, падтрымаў яго, працытаваўшы выказваньне Ісуса Хрыста. Павал і раней зьвяртаўся да гэтай тэмы, але зараз ён разважаў пра гэта даволі грунтоўна. Выказаць жа гэта ў пропаведзі яму падалося ўжо ў хуткім часе, калі ў Нікапаль, да Паўла, прыйшла група хрысьціянаў з Дальматыі ад Ціта. Яны знайшлі ў горадзе Луку, які адразу ж арганізаваў іхнюю сустрэчу з апосталам.

Павал сардэчна сустрэў гасьцей, прыняўшы прывітаньне ад Ціта. Яны памаліліся і Павал зьвярнуўся да іх са словам, якое высьпявала ў яго ўвесь гэты час. Ён узяў свой, яшчэ дзіцячы, світак з Пісаньнем і прачытаў з псальмаў малітву Майсея: «Ты паклаў прад Сабою правіны нашыя і нашы тайноты ў сьвятло аблічча Твайго. Дзён гадоў нашых - семдзесят гадоў; а пры большай моцы восемдзесят гадоў; а самая лепшая іх пара - праца і хвароба, бо праходзяць хутка, і мы ляцім. Хто ведае сілу гнева Твайго, і лютасьць Тваю па меры страху Твайго? Навучы нас так лічыць нашыя дні, каб нам мудрае сэрца набыць».

Чаму? Гэтае пытаньне ўзьнікае амаль што ў кожнага з нас, калі мы чуем ці становімся сьведкамі сьмерці нашых блізкіх і проста знаёмых людзей. Што дае нам гэтае пытаньне? Якія разважаньні спараджае яно? Можа пра тое, хто Аўтар нашага жыцьця і ад Каго залежыць яно? Нехта думае, што гэта ёсьць сам чалавек. Так, гэты нехта дапускае, што Бог стварыў зямлю і першых людзей, але далей ён
лічыць, што усё залежала ад саміх нашчадкаў Адама і Евы. Жыцьцё і сьмерць - гэта вынік тых якасьцяў, якія дадзены чалавеку ад прыроды: розуму, здольнасьцяў, кліматычных умоваў, магчымасьці прыстасоўвацца да існуючага ладу грамадзтва і нават проста ад фартуны. Так лічыць чалавек, які жыве бяз Бога і спадзяецца ў сваім жыцьці перш за ўсё на свае асабістыя сілы. Але, ці так гэта?

Веруючы чалавек разумее, што нараджэньне чалавека, як і ягоная сьмерць вызначаны Госпадам. І ў гэтай справе няма ніякай выпадковасьці, бо выпадковасьць ня ёсьць катэгорыя Бога. Бог - гэта альфа і амега ўсяго, бо толькі Ён вызначае пэўны час для нашага зьяўленьня ў гэтым сьвеце, як і тое, калі нам выйсьці адсюль. Толькі Ён вызначае час нашага зямнога жыцьця і зусім невыпадкова мы жывем у тым часе, у якім жывем. Госпад ведаў кожнага з нас яшчэ да пачатку ўсяго і вызначаны Ім час нашага жыцьця зусім не выпадковы, але ёсьць часткаю Божага плану. Бог вызначае апошнюю хвіліну нашага жыцьця. Нават самагубства, якое замысьлівае іншы чалавек, ня можа адбыцца, калі гэтага ня хоча Бог. Так, калі чалавек сыходзіць з гэтага сьвету, дык безумоўна тое, што гэта ёсьць трагедыя. І ня толькі для чалавека, але і для Бога, бо Ён не ствараў сьмерць. Бог стварыў чалавека для жыцьця вечнага і тое, што сьмерць зьявілася як катэгорыя жыцьця, вінаваты сам чалавек. Сьмерць - гэта вынік непаслушэнства Богу. Калі прыходзіць сьмерць да нестарога чалавека, дык мы адчуваем, што гэта няправільна і што так не павінна быць. Але гэта ёсьць. І кожны дарослы чалавек ведае, што сьмерць прыйдзе да кожнага з нас, але ня ведае калі, бо гэта, як і нараджэньне, не ў ягонай уладзе. Сьмерць - гэта вынік таго, што мы знаходзімся ў бунце перад Госпадам, бо ўсе зграшылі пачынаючы ад Адама. Павал, узьняўшыся працытаваў тое, што ён ужо аднойчы казаў рымлянам: «А таму, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет, і праз грэх - сьмерць, так і сьмерць перайшла ва ўсіх людзей, бо ў ім усе зграшылі».

Сьмерць прыходзіць да ўсіх. І да добрых, і да злых. Гэта пытаньне часу. Але, калі мы сустракаемся з выпадкам сьмерці нечаканай, дык як нам ставіцца да гэтага? Адказ на гэтае пытаньне нам даў Ісус Хрыстос: «Альбо, ці думаеце, што тыя васямнаццаць чалавек, на якіх упала вежа Сілаамская і забіла іх, былі вінаватыя больш за ўсіх, хто жыве ў Ерусаліме? Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце». Сам факт сьмерці нечаканай кажа пра тое, што мы жывем толькі нейкі час і толькі па міласьці Божай, бо калі б гэтага не было, дык сьмерць напаткала нас, умоўна кажучы сто ці тысячу разоў. Грэх валодае чалавекам, а плата за грэх - сьмерць. Сьмерць - гэта напамін пра грэх кожнаму з нас. Але Бог дае нам міласьць жыцьця і гэта ласка Божая. Ён дае нам час, каб мы зразумелі сьмерць як наступства грэху і прыйшлі да Яго ў пакаяньні і шчырасьці сэрца праз Ісуса Хрыста.

«Навучы нас так лічыць нашыя дні, каб нам мудрае сэрца набыць». Гэта словы Давіда, якія ён зьвяртае да Госпада. Давід зьвяртаецца да Бога, як да Аўтара і Творцы жыцьця чалавека. Таго, Хто пастанаўляе як пачатак, так і заканчэньне жыцьця любога з Ягоных стварэньняў. Давід зьвяртаецца да Госпада за мудрасьцю, бо толькі мудрасьць Божая дазваляе нам правільна лічыць дні нашага жыцьця. Кожны дзень з Богам - гэта сапраўдны дзень жыцьця чалавека. Усё астатняе, за выключэньнем чатырнаццаці гадоў дзяцінства - сьмерць. Няхай кожны з нас самастойна падлічыць сапраўдны тэрмін свайго жыцьця ў гэтым сьвеце і няхай нехта не зьдзіўляецца, што сапраўдным дарослым жыцьцём ён і ня жыў, бо ўвесь гэты час знаходзіўся ў мёртвым стане, бо жыцьцё бяз Бога - гэта сьмерць пры жыцьці.

Бог - гэта Аўтар нашага жыцьця ад нараджэньня і да сьмерці. І калі хто думае, што ягонае жыцьцё залежыць ад яго самога, дык ён вельмі памыляецца. Чалавек - гэта ніякі аўтар і бязглузды творца, бо творыць безліч зла, калі адмаўляе Таму, Хто яго стварыў на самой справе. Калі кожны з нас прыпамятае ўсё нядобрае і неразумнае, што ён зрабіў у сваім жыцьці, дык напэўна адчуе, што шмат і шмат разоў пазьбегнуў сьмерці. Чаму? Ці не таму, што Бог любіць нас за ўсё тое добрае, што Ён даў нам ад нараджэньня? Бог вядзе нас, нягледзячы на ўсе нашыя свавольлі, бо калі б толькі мы былі адказныя за ўсе нашыя ўчынкі, дык наўрад ці кожны з нас здолеў бы пражыць столькі, колькі жыве. Бог кіруе нашым жыцьцём, таму і жыве кожны з нас столькі, колькі дазваляе Ён.

Бог вызначыў тэрмін нашага жыцьця, як і працягласьць, колькасьць і наступствы нашых хваробаў; кожны стук сэрца адлічаны, кожная бяссонная гадзіна прадугледжана. Ні вялікае, ні малое не здараецца бяз волі Таго, у Каго падлічаны кожны волас на нашай галаве. Мудрасьцю Божай мяжа чалавечага жыцьця вызначана ў адпаведнасьці з міласьцю Божай. Той, Хто вызначыў межы нашага жыцьця, таксама вызначыў і межы нашых пакутаў. Ня важна, як і якім чынам памірае чалавек, але важна тое, што ён памёр у веры. Калі мы жывем у веры, якая служыць нам суцяшэньнем і накірункам, дык і сьмерць прыдзе да нас у духоўнай ласцы Божай і на той цудоўнай ноце, якая гучала і ў жыцьці нашым. Павал, узьняўшы руку, прамовіў да ўсіх, зьвяртаючыся да Госпада: «Давайце шукаць тое, што прыгатаваў нам Бог, каб прыдбаць мудрасьць. Давайце станем перад Госпадам з тымі здольнасьцямі і з тым розумам, што даў нам Бог, каб паслужыць Яму сваім жыцьцём і праславіць Яго ў вышынях. Бог даў сына Свайго, каб мы маглі прынесьці плод, які чакае ад нас Айцец і пражыць сваё жыцьцё з мудрасьцю Божай. Разам з Айцом, Сынам і Духам Сьвятым. Амэн».


Рецензии