От воли до неволи ч. 7

Дзень праходзіў за днём, зіма паціху саступала вясновым вятрам, якія ўсё больш і больш несьлі цяпло, абуджаючы зямлю і гатуючы яе да нараджэньня ўсяго жывога ад маленькага зерня, што вырасьце ў сонечнай цяплыні зямлі. Павал адчуваў гэтае набліжэньне цяпла так, як адчуваў гэта і кожны год свайго жыцьця. Ён памятаў свой Тарс і той прыход вясны, калі ён, разам з бацькам, ішоў да прачнуўшага ад зімовага сну порту, каб набыць неабходныя для іхняга рамяства тавары. Прачынаўся порт і тут, у Нікапале. Павал добра ўяўляў гэтую падрыхтоўчую партовую мітусьню, калі каманды караблёў гатуюць іх да выхаду ў мора. Да пачатку навігацыі заставалася яшчэ некалькі тыдняў і Павал добра ведаў, што ўжо гатаваліся сьпісы і неабходныя паперы для адпраўцы вязняў з Нікапаля ў Рым. Ён са шкадаваньнем думаў пра тое, што больш ужо ня ўбачыць Цімафея, які не пасьпеў прыйсьці да зімы, ды і зараз наўрад ці пасьпее. Хутка ня будзе каля яго і Лукі, якому не было дазволена суправаджаць апостала. Усё гэта не дадавала радасьці, але Павал, па ранейшаму, заставаўся ў супакоі і дзейнасьці. З усіх куткоў Македоніі і Ахаі прыходзілі да яго хрысьціяне для настаўленьня і ўзрастаньня ў веры. Прыходзілі да знакамітага прапаведніка і тыя, сэрца якіх шукала Госпада. Зіма давала добры плод Божаму Валадарству і многія, пачуўшы Паўла, навярнуліся, знайшоўшы для сябе Ісуса Хрыста. Тыдзень таму прыходзіў з Дальматыі Ціт, каб атрымаць апошнія настаўленьні і даручэньні на далейшае служэньне. Павал ведаў, што гэта іхняя апошняя сустрэча, але ніяк не выказваўся на гэта. Усё ішло сваёй чаргою і апостал, спадзяючыся на Бога, працягваў сваё служэньне Госпаду Ісусу Хрысту.

Яшчэ да прыходу Ціта ён, аднойчы, запрасіў Луку прачытаць што-небудзь са сваіх запісаў пра жыцьцё і служэньне Ісуса Хрыста. Лука, з радасьцю адгукнуўшыся, выбраў са свайго сьвітку месца, дзе Ісус кажа вучням прыповесьць пра вінагарадараў: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, і здаў яго вінаградарам, і выехаў на доўгі час. І ў свой час паслаў да вінаградараў слугу, каб яны далі яму пладоў з вінаградніку, але вінаградары, зьбіўшы яго, адаслалі ні з чым. Яшчэ паслаў іншага слугу, але яны і гэтага, зьбіўшы і зьняважыўшы, адаслалі ні з чым. Яшчэ паслаў трэцяга; але яны і таго, зраніўшы, выгналі. І сказаў гаспадар вінаградніку: “Што мне рабіць? Пашлю сына майго ўлюбёнага. Можа, убачыўшы яго, пасаромеюцца”. Убачыўшы ж яго, вінаградары разважалі між сабою, кажучы: “Гэта спадкаемца; пойдзем, заб’ем яго, каб нашаю сталася спадчына”. І, выгнаўшы яго вон з вінаградніку, забілі. Дык што зробіць з імі гаспадар вінаградніку? Прыйдзе і выгубіць вінаградараў гэтых, і аддасьць вінаграднік другім. Тыя, што чулі гэтае, сказалі: “Няхай ня станецца”».

Паўла вельмі ўразіла гэта гісторыя з вінаградарамі, хаця ён і разумеў сэнс пасланьня Ісуса да Сваіх вучняў. Яго зацікавіла дасьледаваньне гэтай няпростай і вельмі трывожнай гісторыі. Што ж жадаў перадаць у гэтай прыпавесьці Ісус Хрыстос? Безумоўна тое, што мы бачым злачынцаў, якія ня хочуць аддаваць пладоў і нават, потым, забіваюць сына гаспадара. Пытаньне простае і разам з тым складанае. Хто ёсьць вінаградарамі і хто ёсьць іхнімі ахвярамі? Хто ёсьць вінагарадары і хто ёсьць мы? А праўда ў тым што злачынцы вінаградары – гэта мы, людзі. І гэтая прыпавесьць Ісуса Хрыста пра нас. Гэтыя разважаньні не давалі спакою апосталу і ён вырашыў падзяліцца гэтым з хрысьціянамі, з якімі арганізаваў яму сустрэчу Лука.

Бог даў нам гэтую зямлю, але замест таго, каб аддаць належнае Госпаду, чалавек адвярнуўся ад Яго. Але і гэта чалавеку мала, бо ён патрабуе яшчэ і даплочваць за ягоную працу на гэтай зямлі. Як быццам бы Бог нешта павінен яму за гэта, бо адказны за чалавека і таму Ён павінен даць яму ўсё, што той хоча. Бог даў нам усё неабходнае для жыцьця і менавіта мы і ёсьць тыя самыя вінаградары-арэндатары, бо атрымалі ў карыстаньне тое, што самі не стваралі. Ці стваралі мы неба і зямлю? І ўсё, што ў іх? Ці самі сабе мы далі розум і здольнасьці? Ці стварылі мы сонца і зоркі ў небе? Ці наогул сусьвет? Не, не стваралі, але як мы паводзім сябе ў адносінах да таго, што дадзена нам бясплатна? Ды яшчэ і адмаўляем аддаць належнае Таму, хто даў нам усё гэта.

Прыповесьць Ісуса Хрыста мае даволі абвінавачвальны кірунак, але не адносіцца да ўсіх без выключэньня ў роўнай ступені, бо, напэўна, ня ўсе вінаградары, якія былі, ёсьць і будуць - маюць такі няўдзячны і жорсткі характар. Але ў той ці іншай ступені прыповесьць Хрыста тычыцца кожнага з нас. Ісус зьвяртае ўвагу на тое, што чалавек не жадае падпарадкоўвацца Госпаду і аддаваць Яму належную частку. І гэта тычыцца ня толькі матэр’яльнага здабытку, бо калі чалавек хлусіць ці крадзе, дык ён таксама ёсьць злачынцам перад Богам. Ісус распавядаў гэтую гісторыю юдэям, якія, дарэчы, прызнавалі і баяліся Бога. Але, звяртаючыся да іх, Ён, ад імя Бога, зьвяртаўся і да ўсіх пакаленьняў створанай Ім зямлі, разумеючы, што паганскі сьвет ня той - юдэйскі, дзе пакланеньне Госпаду было адзінадушным. І тым ня меньш яны паводзілі сябе так, як быццам бы Бог павінен быць для іх замест слугі, а таму плаціць за ягоныя паслугі зусім неабавязкова. Многія людзі хочуць толькі атрымліваць ад Яго на свае асабістыя патрэбы, а не служыць Яму, аддаючы належнае. На жаль такія мы і ёсьць ў большасьці сваёй. Вялікі падман, калі будуецца жыцьцё чалавека бяз Бога. І што ладнага ў тым, што зьвяртаючыся да Госпада з чым-небудзь, мы і не зьбіраемся адказаць ці паслужыць Яму? Альбо намагаемся ўступіць з Богам у нейкія камерцыйныя адносіны, каб патрабаваць ад Яго нашмат больш таго, што даем Яму мы.

Можна шмат чуць пра тое, што жыцьцё веруючага чалавека - гэта даволі спрошчанае і нярадаснае жыцьцё. Цемра блытаецца са сьвятлом. Нібыта вера нешта адбірае ў чалавека і абмяжоўвае яго. Аддаваць Богу? Навошта, бо і самім не хапае. Я, па сутнасьці, бедны і няшчасны, а Бог нешта хоча яшчэ і адабраць. А калі я нешта і адшкадую Яму, дык Ён за гэта павінен тройчы адпрацаваць. А мо і болей. Чаму так адбываецца? Таму што мы ворагі Богу, але куды мы можам уцякчы ў сваёй варжасьці да Яго? Мы зноў зьвяртаемся да Ісуса Хрыста, Які для таго і прыйшоў, каб пытаньне жыцьця і сьмерці чалавека магло вырашыцца. Каму да сьмерці, а каму да жыцьця. Кожны няхай выбірае сам. Сын Божы, як і сын гаспадара вінаградніку, прыйшоў да нас (ліхіх вінагарадараў), каб абвесьціць праўду гаспадара. І даць прабачэньне. І вось выбар. Ці мы з вінаградарамі, якія ўчынілі ліхое, ці мы з Сынам Божым, Які дае нам спадчыну Айца і жыцьцё вечнае. Альтэрнатыва перад намі. Заб’ем Яго ў сэрцы сваім, як вінаградары забілі сына гаспадара, каб завалодаць спадчынай Айца ці скарымся перад Ім, аддаўшы Яму належнае. Але ці могуць мець спадчыну забойцы? І што зробіць Айцец з тымі, хто забіў Сына ў сэрцы сваім? Прыповесьць Ісуса адказвае на гэта. Сьмерць - гэта тое, што чакае бязбожніка, бо гэта і ёсьць той ліхі вінагарадар, які ўзбунтаваўся супраць гаспадара вінаградніку.

І Павал, узьняўшыся над усімі, зьвярнуўся ў малітве да Госпада: «Калі мы паверылі ў Ісуса Хрыста, дык атрымалі надзею ў адзіную магчымасьць мець жыцьцё і пазбавіцца сьмерці вечнай, нягледзячы на тое, што ліхія вінаградары могуць нас пабіць, а нават і пакалечыць. І калі мы прыходзім у сьвет (да вінаградараў), каб несьці праўду Айца, Сына і Сьвятога Духа, дык ня факт, што мы не пацерпім ад гэтага. І таму мы зьвяртаемся да Госпада з тым, каб ліхія вінаградары пакаяліся перад Ім і прынялі з радасьцю тое, што даў ім Бог, для жыцьця вечнага. І з Ім. Амэн».

Сакавік 65 году ўжо гатаваўся саступіць сваё месца братняму красавіку. Прырода абуджалася і палеткі віталі сваіх земляробаў, якія ўжо засумавалі па сваёй звыклай працы. Прачынаўся і марскі порт, які напружана гатаваўся да таго моманту, калі першыя караблі выйдуць у марскую прастору, каб дасягнуць іншага порту, як мэты свайго плаваньня. Унутрана гатаваўся да гэтага і Павал, які, у хуткім часе, ступіць на палубу прызначанага карабля, каб зноў апынуцца ў Рыме і прайсьці праз вязьніцу на суд цэзара. А пакуль што працягвалася актыўная праца апостала на ніве Божага Валадарства. Ён па-ранейшаму сустракаўся з рознымі людзьмі, каб павялічваць яго ня толькі колькасна, але і якасна. Настаўленьні і разважаньні настаўніка прыходзілі паслухаць як хрысьціяне, так і тыя, хто сэрцам імкнуўся да Госпада.

На адной такой сустрэчы нехта запытаў Паўла пра тое, што ёсьць дзеці Божыя? Апосталу вельмі спадабалася гэтае пытаньне і ён пачаў сваю пропаведзь, прыгадаўшы свае словы, якія ўжо былі адрасаваны калісьці да галятаў: «А калі прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына Свайго, Які быў з жанчыны і быў пад Законам, каб адкупіць тых, якія пад Законам, каб нам атрымаць усынаўленьне. А як вы - сыны, Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, які кліча: “Абба Ойча”! Так што ты ўжо не слуга, але сын; а калі сын, дык і спадкаемца Бога праз Хрыста».

Ісус Хрыстос прыйшоў у гэты сьвет, каб, праз збаўленьне, мы атрымалі ўсынаўленьне Айца. Тыя, хто прымаюць Слова Божае, прымаюць ўсынаўленьне і становяцца сынамі ці дочкамі Божымі. І ў гэтым праяўляецца велічная ды самаадданая любоў Бога да тых, хто праз веру ў Ісуса Хрыста вяртаецца да Яго. Ня мы палюбілі Бога, бо ці можа чалавек, які бунтуе супраць Госпада любіць Яго? Госпад любіць нас і толькі Ён праяўляе міласьць да нас, калі дае цудоўную магчымасьць збаўленьня праз ахвярную сьмерць Свайго Сына. Бог дае нам Збаўцу, каб мы, атрымаўшы жыцьцё вечнае, сталі спадкаемцамі Божымі праз Ісуса Хрыста. Але што гэта азначае,- быць сынам Божым?

Па-першае, быць упэўненымі ў прысутнасьці Айца, што зьнішчае ўсялякі страх перад рознымі небясьпечнымі абставінамі гэтага сьвету. Госпад упэўнівае нас у тым, што ня сьлед баяцца, бо мы каштоўныя для Яго і Ён ня толькі абараняе нас, але і папярэджвае ад сьмерці ў грэху. Ён наш Айцец, а мы Ягоныя дзеці. Як любячы Айцец, Ён падтрымлівае Сваіх дзяцей ў той ступені, якую мы можам трываць. І вось, давайце ўявім сабе, якую моцу мае Бог, а якую мы? Ён не зьнішчае нас, але папярэджвае, калі мы намагаемся выйсьці за межы дазволенага. Айцец любіць нас і добра бачыць усё тое добрае, што ёсьць у нас, бо ўсё гэта ад Яго. Мы маем цудоўную магчымасьць у любы час прыйсьці да Яго, бо Ён ведае нас, любіць нас, заўсёды чакае і шкадуе нас. Калі мы ўпершыню прыходзім да Айца, дык вельмі ўдзячны і за тое, што маем магчымасьць сядзець у далекім канцы стала і асьцярожна туды садзімся. Але, даўшы нам прабачэньне, Ён запрашае нас на ганаровае месца каля Сябе. Мы ж адказваем Яму ў шчырай малітве праслаўленьнем і падзякай за запрашэньне быць разам з Ім на ганаровым месцы каля Яго.

Упэўненасьць наша ў Госпадзе нашым. Мы ўпэўнены, што Ісус Хрыстос адкрывае нам славу сьвятасьці і радасьць перамогі над грахом. Мы ўпэўнены, што любоў Бога да нас настолькі глыбокая, наколькі мы можам гэта зразумець. Мы ўпэўнены, што дзеці Божыя - дастойныя субяседнікі Ісуса Хрыста. Мы ўпэўнены, што Госпад радуецца, калі мы ядзім хлеб у Ягоным Валадарстве разам з Ім. Мы ўпэўнены, што будзем знаходзіцца ў самых блізкіх зносінах з Госпадам, але будзем у пакоры падпарадкоўвацца Яму ў-ва ўсім. Мы ўпэўнены, што будзем з радасьцю служыць Яму і, з захапленьнем, пакланяцца Яму. Мы ўпэўнены ў тым, што мы - браты і сёстры з дабраславёнай сям’і, у якой першынец - Ісус Хрыстос. На жаль, гэтыя словы ўпэўненасьці ня тычацца няверуючага чалавека, бо хто ня верыць у Сына, той ня мае жыцьця і таму ня можа прыпадобіцца жывому Хрысту. Але няхай бачыць грэшнік дзіўную міласьць Бога, бо калі мы прыходзім да Яго, Ён прымае нас і робіць нас Сваімі сынамі і дочкамі, даўшы нам духа ўсынаўленьня. Слава Богу!

Па-другое, сыноўства дазваляе служыць Госпаду. Тут трэба сказаць тое, што Богу служаць усе: і веруючыя, і няверуючыя. Але ёсьць істотная розьніца паміж служэньнем веруючага чалавека і службай няверуючага. Веруючы служыць як сын, бо калі сын служыць на карысьць Валадарства Божага, дык ён, дабраславеньнем Божым працуе на сябе,- на сваю спадчыну. Няверуючы таксама служыць, але гэтая служба прымусовая і таму ён спадчыны не атрымае, бо ня мае Божага Валадарства. І тут Павал нагадаў прысутным прыповесьць Ісуса Хрыста, якую ён чуў ад Лукі і дзе гаворка ішла пра блуднага малодшага сына, які ўзяў сваю частку маёмасьці ад бацькі і, пайшоўшы ў далёкі край, распусьціў яе, жывучы распусна: «У аднаго чалавека былі два сыны. І сказаў малодшы з іх бацьку: “Бацька, дай мне належную частку маёмасьці”. І падзяліў ім маёмасьць. І праз некалькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, выправіўся ў далёкі край, і там змарнаваў маёмасьць сваю, жывучы распусна. Калі ж выдаткаваў усё, стаўся вялікі голад у тым краі, і ён пачаў мець нястачу. І пайшоўшы, прыстаў да аднаго з грамадзянаў таго краю, і той паслаў яго на поле сваё пасьвіць сьвіняў. І ён жадаў напоўніць жывот свой шалупіньнем, якое елі сьвіньні, і ніхто не даваў яму. Апамятаўшыся, ён сказаў; “Колькі парабкаў у бацькі майго маюць лішак хлеба, а я паміраю з голаду! Устаўшы пайду да бацькі майго і скажу яму: “Ойча! Я саграшыў супраць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім; зрабі мяне адным з парабкаў тваіх”. І, устаўшы, прыйшоў да бацькі свайго. Калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зьлітаваўся, і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і цалаваў яго. Сын жа сказаў яму: “Ойча! Я зграшыў супраць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім”. А бацька сказаў слугам сваім: “Прынясіце найлепшыя шаты, і апраніце яго, і дайце пярсьцёнак на руку ягоную і сандалы на ногі. І прывядзеце кормнае цяля, і закалеце, і, паеўшы, будзем весяліцца. Бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца. А старэйшы сын ягоны быў у полі. І калі варочаючыся, падыйшоў да дому, пачуў сьпевы і скокі. І, паклікаўшы аднаго са слугаў сваіх, спытаўся: “Што гэта адбываецца?” Той жа сказаў яму: “Брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў кормнае цяля, бо атрымаў яго здаровым”. Загневаўся ён і не хацеў увайсьці. Тады бацька ягоны, выйшаўшы, клікаў яго. А ён адказваючы, сказаў бацьку: “Вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не адступіў ад прыказаньня твайго, і ты ніколі ня даў мне і казьляняці, каб мне павесяліцца з сябрамі маімі. А калі гэты сын твой, пажоршы маёмасьць тваю з распусьніцамі, прыйшоў, ты закалоў для яго кормнае цяля”. Ён жа сказаў яму: “Дзіця! Ты заўсёды са мною, і ўсё маё -  тваё. А з таго трэба цешыцца і радавацца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся».

Гэтая гісторыя пра ўсіх нас, пра ўсіх тых, хто пайшоў ад Айца з тым, што даў яму Бог. Розум і здольнасьці - вось нашая доля маёмасьці Божай. Але што мы зрабілі з гэтай маёмасьцю і як яго распусьцілі ў краіне грэху? Сумная гісторыя амаль што для кожнага з нас, бо прыпадобіліся да малодшага сына, які распусьціў дадзенае яму і які быў вымушаны есьці разам са сьвіньнямі. А што старэйшы сын? Ён працаваў на бацькавым полі, але быў па сутнасьці нявольнікам, бо ў сэрцы сваім быў разам з малодшым ў той «вясёлай» і распуснай краіне. І таму зусім ня дзіўна, што ён абурыўся такім пакаяным вяртаньнем свайго малодшага брата. Зьвярнем увагу на два наступных моманты. Старэйшы сын ня радуецца вяртаньню гінучай душы. І па-другое, ён папракае бацьку за тое, што той ня даў яму магчымасьці павесяліцца з сябрамі ў той час, калі малодшы меў «гэтага вясельля» звыш меры.

Старэйшы брат працаваў на бацьку, але марыў пра той дзень, калі ён атрымае магчымасьць весяліцца з сябрамі. І вось вяртаньне блуднага сына перакрэсьлівае ягоныя мары сэрца. Не, ня меў старэйшы брат спадчыны, бо зайздросьціў меньшаму і марыў пра тое, што зьдзейсьніў малодшы. Але мабыць ня ведаў ён галоўнага: «Чаму малодшы вярнуўся да бацькі свайго?» Ці не таму, што дайшоў да таго, што вымушаны быў есьці разам са сьвіньнямі? Абодва браты - людзі грэшныя і кожны з іх ня верыў у бацькоўскую ласку. Але малодшы брат зразумеў свае памылкі і вяртаецца сумленна ды сьвядома да бацькі свайго. Ён зноў стаў сынам свайго бацькі, каб працаваць на бацькавым полі і памнажаць сваю спадчыну. Сапраўдныя сыны і дочкі нашага Нябеснага Айца - тыя, хто служаць Яму, працай сваёй пашыраючы Валадарства Божае, як спадчыну, што дае нам Бог.

Трэба быць годным свайго Айца, бо калі мы ёсьць дзеці Божыя, дык мы ёсьць прадстаўнікі Бога на гэтай зямлі. Можна зьвярнуць увагу на тое, што калі нейкія людзі зьвяртаюцца па нейкім патрэбам да Госпада і не атрымліваюць дапамогі ці адказу, дык яны зьвяртаюцца менавіта да нас, веруючых людзей: ці з заклікам да малітоўнай дапамогі, ці наогул са скаргай на Бога. І гэта адбываецца менавіта таму, што няверуючыя людзі прызнаюць нашае дачыненьне да Госпада, як Ягоных прадстаўнікоў у гэтым сьвеце. Але гэта накладае на нас і вялікую адказнасьць, бо прадстаўнік Божы павінен жыць у чысьціні і праведнасьці свайго Айца. Калі мы глядзім на чужых дзяцей, дык абавязкова складаем пэўнае ўражаньне пра іхніх бацькоў. Вось так глядзяць і на нас - дзяцей Божых. І менавіта гэта накладае на нас пячатку адказнасьці за прыналежнасьць да дому Айца.

Бог даў нам такое цудоўнае права - быць адказнымі за захаваньне і памнажэньне Ягонай славы сярод Ягоных стварэньняў. Зусім не дарма Ісус Хрыстос казаў дзецям Божым: «Вы - сьвятло сьвету. Ня можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. Ніхто не запальвае сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзінай, але на сьвечніку, і яна сьвеціць усім, хто ёсьць ў доме. Гэтак няхай сьвятло вашае сьвеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя справы і славілі Айца вашага, Які у небе». Бог жадае, каб мы былі Ягонаю славай у гэтым сьвеце. Але ня ўсё так проста, бо нашае жыцьцё складаецца з учынкаў ня толькі тых, якія славяць Госпада, але і з тых, якія Яго ганьбяць. І таму мы павінны вельмі сур’ёзна і ўважліва ставіцца да нашага жыцьця ўвогуле і да нашых кожнадзённых учынкаў у прыватнасьці.

Мы дзеці Госпада і гэта накладае на нас вялікую адказнасьць перад усім сьветам, бо з нас і спрос падвойны за дзеі нашыя. Любячы бацька заўсёды выхоўвае сына, бо калі гэта ня так, дык складаецца ўражаньне, што сын бацьку абыякавы. І тут Павал нагадаў свае ж словы, якія ён калісьці адрасаваў да гебраяў: «Бо каго любіць Госпад, таго выхоўвае, і бічуе ўсякага сына, якога прыймае. Калі вы зносіце выхаваньне, Бог ставіцца да вас, як да сыноў. Бо ці ёсьць гэтакі сын, якога не выхоўвае бацька? А калі вы без выхаваньня, удзельнікамі якога сталіся ўсе, дык вы - байструкі, а не сыны. Да таго, калі мы мелі бацькоў цела нашага, якія нас выхоўвалі, і саромеліся перад імі, ці ня шмат больш маем падпарадкоўвацца Айцу духаў і будзем жыць? Бо тыя выхоўвалі, як самі думалі, на некалькі дзён; а Ён - на карысьць нашую, каб нам удзельнічаць у сьвятасьці Яго. Усякае ж выхаваньне ў цяперашні час здаецца ня радасьцю, але смуткам; а пасьля дае навучанным праз яго мірны плод праведнасьці. Дзеля гэтага выпрастуйце рукі, што апусьціліся, і калені, што самлелі, і сьцежкі простыя рабіце нагам вашым, каб кульгавае нікуды ня збочыла, а лепш было аздароўленае. Імкніцеся да супакою з усімі і да сьвятасьці, без якое ніхто ня ўбачыць Госпада, гледзячы, каб хто ня страціў ласкі Божае; каб які корань горычы, вырасшы ўверх, не зрабіў шкоды, і каб праз яго не занячысьціліся многія».

Бог дае нам волю, але ў пэўных межах і калі мы набліжаемся да гэтай мяжы, дык Ён папярэджвае нас. А калі пераходзім гэтую мяжу, дык Бог выхоўвае нас за нашую непаслухмянасьць. Госпад вядзе нас - Сваіх дзяцей. Ён ня проста хоча скасаваць нашыя грахі і не выхоўваць нас, але Бог хоча бачыць нас сапраўднымі дзецьмі - выхаванымі і адказнымі, якія сьвядома працуюць у Ягоным вінаградніку і сьвядома пашыраюць Валадарства Божае. Як дзеці Божыя, мы павінны ўзносіць малітвы пра тое, каб наш Госпад неадкладна наведаў няверуючыя сэрцы і адкрыў ім праўду: каля Бога шмат ласкі, па-за Бога - пагібель. І няхай той, хто ўсьвядоміць гэтую праўду прыйдзе да Ісуса Хрыста і атрымае волю дзяцей Божых. Амэн.

Апошнія часы перад, будучым і нявольным, падарожжам у Рым, апостал праводзіў у пропаведзях і разважаньнях пра тую Божую праўду, якая і ёсьць сапраўднай. Павал ужо ведаў, што праз некалькі дзён яго, закаванага ў ланцугі, накіруюць у марскі шлях, які прывядзе яго, у рэшце рэшт, да Рыму. Ведалі гэта хрысьціяне Нікапаля, і ня толькі. З многіх месцаў Ахаі і Македоніі прыходзілі розныя людзі, каб паслухаць Паўла і развітацца з апосталам. Павал быў вельмі рады гэтым людзям і вось зараз ён вырашыў разьвітацца з прысутнымі пропаведзьдзю пра кроў Ісуса Хрыста. Яму гэтая тэма была блізкай і разважнай у сваіх думках, але і ня толькі.

Ня так і даўно ён звяртаўся з гэтым да эфэсцаў: «На пахвалу ласкі Сваёй, якой абдарыў нас ва Ўлюбёным, у якім маем адкупленьне праз кроў Яго, адпушчэньне грахоў, паводле багацьця ласкі Яго, якую Ён шчодра зьявіў нам ва ўсякай мудрасьці і разуменьні». Павал прапанаваў разважыць пра каштоўнасьць крыві Ісуса Хрыста. І, дзеля гэтага, каб пачаць разважаньні на гэтую тэму, ён вызначыў той факт, што для многіх і многіх людзей кроў Ісуса Хрыста, як дарэчы і іншая кроў, ня мае вялікага значэньня і таму ня мае вялікай каштоўнасьці. Але, чаму гэта так? Чаму мы ня бачым таго, што пралітая кроў азначае ня што іншае, як прабачэньне і вызваленьне ад грэху? І таму Павал прапанаваў зьвярнуцца да Слова Божага, каб вызначыцца ў гэтым пытаньні.

Калі Бог зьдзяйсьняў Свой план па выхаду Ізраіля з Эгіпту, было слова Божае: «І будзе ў вас кроў знакам на дамах, дзе вы знаходзіцеся, і ўбачу кроў і прайду міма вас, і ня будзе сярод вас пошасьці згубнае, калі буду караць зямлю Эгіпецкую». Так Бог захоўваў жыцьцё Свайго народа ў ранейшым, так Ён захоўвае і нашае жыцьцё, калі бачыць ахвярную Кроў Ісуса Хрыста. Бог павінен бачыць кроў. Кроў ахвяры. Але што гэта такое - кроў? У фізічным сэнсе, кроў - гэта той элемент, які сваім дзеяньнем трымае жыцьцё кожнай жывой істоты. Няма крыві, няма і жыцьця, бо менавіта кроў разносіць усім часткам нашага цела тую ежу, якая неабходная для існаваньня кожнага жывога Божага стварэньня. Кроў нясе ў сабе жыцьцё і мы жывём дзякуючы крыві. Кроў вельмі каштоўная для нас. Нашая кроў. Але пралітая Кроў Ісуса Хрыста. Што яна для нас? Якую каштоўнасьць мае яна для нас?

На жаль, для многіх людзей кроў Ісуса Хрыста ня мае вялікай каштоўнасьці. І мы не зразумеем гэтага да таго часу, пакуль не зразумеем, што кроў, сама па сабе, вельмі каштоўная для Бога, бо толькі праз кроў людзі ўсіх вякоў атрымлівалі прабачэньне за сваё грахоўнае жыцьцё. Нагадаем, як пралілася першая кроў і кім яна была пралітая. Адам і Ева зграшылі, наклікаўшы на сябе сьмерць. Але яны не памерлі, бо любячы Бог першым праліў кроў жывёлаў, каб пакрыць голыя целы Адама і Евы: «І зрабіў Госпад Бог Адаму і жонцы яго вопратку скураную і апрануў іх». Такім чынам, праліцьцём нявіннай крыві, былі памілаваныя першыя грэшнікі. Далей мы бачым, як кроў ахвярных ягнятаў дае бясьпеку і збаўленьне народу Ізраіля пры выхадзе яго з Эгіпту. Бог пастанавіў гэтую працэдуру, каб кроў ахвярнай жывёлы пакрывала грахі чалавека, бо ў момант прынашэньня ахвяры, накладаньнем рук, пераходзілі грахі чалавека на жывёлу, якая з бязьвіннай ператваралася ў грэх і таму павінна была праз праліцьцё крыві памерці. Так было ў Ізраілі, так было ў Юдэі, так было ў-ва ўсім Старым Запавеце. Сьвятар уваходзіў з гэтай крывёю ў сьвятая сьвятых і крапіў ёю каўчэг запавету.

І вось, Ісус Хрыстос прымае ўвесь грэх гэтага сьвету і Сам становіцца грахом, каб памерці, праліўшы Сваю Кроў за нас. Дасканалая і апошняя Ахвяра, каб даць нам магчымасьць вярнуцца да Айца і атрымаць тое, што ўсе мы згубілі ў Адаме - прысутнасьць Госпада і ўсе тыя дабраславеньні, якія мы згубілі праз грэх Адама. Уваскросшы Ісус уваходзіць да Айца са Сваёй Крывёю, як Сьвятар і Ахвяра адначасова. Нам трэба болей разважаць пра кроў, каб ведаць сьвятую сутнасьць і сьвятую каштоўнасьць Крыві Ісуса Хрыста. Кроў - гэта кошт выкупу, дзякуючы якому мы атрымліваем збаўленьне. Па сутнасьці, усе мы былі згубленыя для Бога, бо Бог згубіў нас бунтам Адама, таму што ня можа праведны Бог цярпець грэх. Плата за грэх - сьмерць.

Але Бог любіць нас і ня хоча нашай сьмерці. Ён хоча вярнуць нас да Сябе. Але як? На пачатку кроў беззаганных ягнятаў пакрывала грахі чалавека і такім чынам захоўвалася нейкая раўнавага ў адносінах паміж Госпадам і чалавекам. Чалавек, згублены Госпадам, вельмі падобны на нейкую каштоўную рэч, якую нехта аднёс у ламбард. З аднаго боку, яна прыналежыць яму, але з іншага боку, яна лічыцца страчанай да таго часу, пакуль гэты нехта ня прынясе ў ламбард выкуп і не набудзе яе зноў. Кроў Ісуса Хрыста, вось кошт нашага выкупу з ламбарду грэшнага сьвету. Але ніхто няхай ня думае, што гэта плата дъяблу за выкуп з ягонага рабства. Гэта плата Айцу за нас, за нашае збаўленьне і вяртаньне ў Ягоную прысутнасьць, бо без праліцьця крыві ня можа быць прабачэньня ад праведнага Айца. Што яшчэ мы павінны ведаць пра кроў?

Кроў мае голас. Апостал зьвярнуўся да прысутных са словам, выказаным у звароце да гебраяў: «Але вы падыйшлі да гары Сыён і да гораду Бога жывога, да нябеснага Ерусаліму і да дзясяткаў тысячаў анёлаў, да вальнага зграмаджэньня і царквы першародных, якія запісаныя ў небе, і да Бога, Судзьдзі ўсіх, і да духаў праведных і дасканалых, і да Пасярэдніка Новага Запавету Ісуса, і да крыві пакрапленьня, якая лепеш за Абэлеву гаворыць».

Пра што ж казала пралітая кроў Абэля? Яна крычала з зямлі, патрабуючы адплаты: «І сказаў Госпад: што ты зрабіў? Голас крыві брата твайго крычыць Мне з зямлі; і сёньня пракляты ты ад зямлі, якая разьзявіла вусны свае прыняць кроў брата твайго ад рукі тваёй». Але ня так з Крывёю Ісуса Хрыста, бо яна кажа пра міласьць і прабачэньне тых, хто заслугоўвае сьмерці за свае грахі. Без праліцьця крыві не бывае прабачэньня за нашыя грахі, бо кожны грэх вядзе да сьмерці і толькі пралітая Кроў Ісуса Хрыста дае нам прабачэньне праведнага Айца. Але Кроў Хрыста ня будзе каштоўнай, калі мы не зразумеем, што яна робіць для нас.

Кроў Хрыста перамагае хлусьню д’ябла. Д’ябал ёсьць паклёпнік, які засмучае сэрцы людзей ўкладаючы ў іх пачуцьце віны. Віны перад Госпадам, віны перад роднымі, віны перад грамадзтвам і гэтак далей. Наогул мэта д’ябла ў тым, што ён, сваёй хлусьнёю, намагаецца адарваць чалавека ад Бога, процідзейнічаць вяртаньню чалавека ў прысутнасьць Госпада і такім чынам накіроўваць яго да пагібелі ў вечнасьці. І калі мы ня ведаем, як адолець гэтае пачуцьце, дык і набываем сабе дэпрэсію ды прыгнячэньне, а значыць губляем радасьць жыцьця. Просты прыклад. Мы згубілі грошы і грошы немалыя. Як мы сябе паводзім? Большасьць з нас пачынае абвінавачваць сябе ў тых абставінах ці тых асабістых недарэчнасьцях, пры якіх усё гэта здарылася. Але, ці павінны мы сябе так паводзіць? Ці не павінны мы разумець, што мы ёсьць для Госпада каўтоўшасьцю нашмат большай, чым любыя грошы сьвету.

Дзеля таго Ісус Хрыстос і праліў Сваю Кроў, каб мы былі свабодныя ад цяжару віны. Кроў Хрыста апраўдвае і прымірае нас з Богам: «Таму тым болей цяпер, калі мы апраўданыя крывёю Ягонаю, ратуемся Ім ад гневу. Бо калі мы, будучы ворагамі, прымірыліся з Богам сьмерцю Сына Ягонага, дык тым болей, прымірыўшыся, уратуемся жыцьцём Ягоным; і мала таго, але і хвалімся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз Якога мы атрымалі цяпер прымірэньне». Бог запрашае нас да прымірэньня, калі апраўдвае нас праз ахвяру Ісуса Хрыста, якую прыносіць Ён Айцу для нас і дзеля нас. Не за нашыя заслугі і нейкія добрыя справы апраўдвае нас Бог, але адзіна Крывёю Ісуса Хрыста, якая пралілася як пакараньне за грахі гэтага сьвету.

Кроў Хрыста ачышчае нас: «Бо, калі кроў цялят і казлоў і попел ялаўкі праз акрапленьне асьвячае апаганенных, каб чыстае было цела, дык наколькі ж болей Кроў Хрыста, Які Духам Сьвятым прынёс Сябе, бездакорнага, Богу, ачысьціць сумленьне нашае ад мёртвых дзеяў, на служэньне Богу жывому і сапраўднаму». Усьведамленьне нячыстага сумленьня аддаляе нас ад Бога. Але задача Крыві Хрыста ў тым, што акрапіўшы нас ёю, Ён ачышчае нашае сумленьне, каб наблізіць нас да Айца. Як Кроў Ісуса Хрыста акрапляе нашыя сэрцы, каб ачысьціць нас? Духам Сьвятым, Які жыве ў нас. Ісус Хрыстос акрапляе нас Сваёй Крывёю ў той момант, калі мы прымаем збаўленьне, якое прыходзіць да нас з Крыжа на Галгофе.

І гэта не фізічнае акрапленьне, але законны духоўны акт. Акрапленьне Крывёю Хрыста нашых сэрцаў - гэта адказ на нашую веру. Да таго часу, пакуль мы не паверым у сілу Ягонай ахвяры на Крыжы, Кроў Ісуса Хрыста ня можа даць нам збаўленьне: «Якога Бог прынёс у ахвяру ўмілажальваньня ў Крыві Ягонай праз веру, для паказу справядлівасьці Ягонай ў дараваньні грахоў, учынённых раней, у доўгім цярпеньні Божым, для паказу справядлівасьці Ягонай ў сёняшні час, - хай зьявіцца Ён справядлівы і апраўдае таго, хто веруе ў Ісуса». Але як нам ведаць, што Кроў Хрыста акрапляе нашае сэрца? Калі мы заклікаем да Сьвятога Духа і дазваляем Яму выкрываць цемру нашых сэрцаў, дык мы можам быць упэўненымі, што знаходзімся пад пакрывай Крыві акрапленьня. Калі мы, знаходзячыся пад уціскам д’ябла, з вераю абвяшчаем сілу і ўладу Крыві Ісуса Хрыста, дык таксама можам быць упэўненымі, што маем пакрыву крыві акрапленьня. Мірнае і чыстае сумленьне - гэта тая азнака крыві акрапленьня, якая ачышчае нашае сэрца.

Кроў Хрыста дае нам Новы і вечны Запавет. Павал нагадаў прысутным словы Ісуса Хрыста, якія Ён казаў на апошняй вячэры вучням Сваім: «І ўзяўшы хлеб, падзякаваўшы, паламаў і даў ім, кажучы: “Гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас даецца. Рабіце гэта на ўспамін пра Мяне”. Гэтак сама і келіх узяў пасьля вячэры, кажучы: “Гэта келіх Новага Запавету ў Крыві Маёй, якая за вас праліваецца”». Калі мы прыходзім да Крыві Ісуса Хрыста, мы, Духам Сьвятым, зьвяртаемся да Слова Божага - Пісаньня. Навошта Сьвяты Дух распальвае ў нашых сэрцах агонь, які выклікае патрабавальную смагу да пазнаньня Старога і Новага Запаветаў? Упэўнены, што гэтая смага ўзьнікае як вынік акрапленьня нашага сэрца Крывёю Таго, Хто праліў яе за нас з вамі. І няхай мы гэтага, адразу, як сьлед, не разумеем, але мы, амаль што падсьвядома, імкнемся да вывучэньня Старога Запавету, як той глебы, на якой узыйшоў Новы і вечны Запавет, які адлюстроўвае вяртаньне згубленага народа да свайго Госпада. Вяртаньне няпростае, бо мы выкупленыя з няволі вялікім коштам - праліцьцём нявіннай ахвярнай Крыві Ісуса Хрыста.

Так, вяртаньне няпростае і знаўца Пісаньня Павал распавёў сваім слухачам тое, што далёка ня кожны з іх гэта ведаў. Стары Запавет кажа пра праведнае жыцьцё чалавека ня больш, чым на некалькіх старонках свайго апавяданьня. Даволі хутка, скончылася праведнае жыцьцё чалавека і з адпадзеньнем чалавека ад Бога, пачалася іншая гісторыя - гісторыя збаўленьня і вяртаньне чалавека ў прысутнасьць Госпада. Бог ня кінуў Сваіх неразумных стварэньняў, але накіроўваў іх пры дапамозе Сваіх запаветаў. Ён дае запаветы Ною, Абрагаму, Майсею, Давіду і гэтак далей. Мы ня будзем падрабязна разглядаць старазапаветныя пасланьні Госпада, але зазначым, што менавіта яны складаюць тую глебу, на якой і вырастае Новы ды вечны Запавет. Вечны - таму што непарушны. Але чаму?

Бог ёсьць па-над усім і таму мае вечную, незьмяняльную, а значыць і непарушную прыроду. Сувязь Айца і Сына - гэта непарушная сувязь, бо гэта сувязь Бога Айца і Сына. Новы Запавет заснаваны на Крыві Сына і таму мае вечны і непарушны характар. І ня будзе іншага. Павал, узьняўшыся, прамовіў да слухаючых яго людзей: «І дзеля гэтага Ён - Пасярэднік новага запавету, каб як станецца сьмерць, дзеля адкупленьня парушэньняў, што былі пры першым запавеце, тыя, якія пакліканыя да вечнае спадчыны, атрымалі абяцаньне. Бо дзе запавет, трэба, каб прыйшла сьмерць таго, хто заключыў яго, бо запавет набывае моц ад памёршых; ён ня мае сілы, пакуль жыве той, хто заключыў яго. Дык і першы запавет быў усталяваны не без крыві.

Бо Майсей, сказаўшы ўсе прыказаньні паводле Закону ўсяму народу, узяў кроў цялят і казлоў з вадою, і воўнай пунсовай, і ізопам, пакрапіў і саму кнігу, і ўвесь народ, кажучы: “Гэта кроў запавету, які даў вам Бог”». Іншымі словамі, Ісус Хрыстос запрашае нас да той вечнай спадчыны, што мы ўсе згубілі ў Адаме і таму мы становімся часткаю непарушнага Новага і вечнага Запавету. Аб’яднаныя і ачышчаныя Крывёю Ісуса Хрыста, бо ўсе мы сыны Божыя па веры ў Хрыста Ісуса; усе мы, хто хрысьціўся ў Хрыста, у Хрыста і апрануліся. Тыя, хто апрануўся ў Ісуса Хрыста, павінны ўсьведамляць, што мы выкупленыя Крывёю Хрыста і таму прыналежым Яму. Як Ён перамог сьмерць і грэх, так і мы ёсьць пераможцы ў Хрысьце Ісусе. Ён атрымаў перамогу для нас, бо Ягоная Кроў перамагла. І таму, мы павінны абвяшчаць перамогу Крыві Ісуса Хрыста. Мы ачышчаныя і апраўданыя, мы абароненыя і выкупленыя Крывёю Хрыста. Каб быць, па пастанове Новага і вечнага Запавету, разам з Ісусам Хрыстом. На вякі вякоў. Амэн.







І вось, настала гэтая ноч, калі Паўла закавалі ў ланцугі, якія патрабаваліся для ўсіх вязьняў, што павінны былі адправіцца ў Рым. Не было тых якія праводзяць і нават Лукі, бо гэтага часу ня ведаў ніхто з іх. Так што праводзілі Паўла толькі ахоўнікі, якія, дарэчы, вельмі добра ставіліся да апостала. Яны шмат што чулі ад Паўла, калі ён прапаведаваў усім, хто да яго прыходзіў. Некаторыя з іх прынялі Ісуса Хрыста і зараз, менавіта яны, канваіруючы апостала, былі тымі, хто выпраўляў Паўла ў апошняе сваё марское падарожжа. Яны не маглі выказваць свае неабыякавыя пачуцьці адносна апостала, але хто ведаў гэта, дык той разумеў. Пагрузка на карабель не заняло шмат часу і, ужо хутка, белыя ветразі карабля пачалі губляць свой памер, усё больш і больш адыходзячы ў мора. У Паўла не было ніякай магчымасьці разьвітацца з берагам Грэцыі, бо, разам з ішымі вязьнямі, яго накіравалі ў трум карабля. Змрок падпалубнага труму сустрэў апостала, але паступова ён пачаў адрозьніваць сваіх ланцуговых спадарожнікаў. Слова Бога не пакідала яго, бо трэба было даць слова супакою тым, хто ня ведаў ніколі мора і хваляваўся за бясьпеку ў гэтым вандраваньні. Вопытны марскі вадроўнік Павал ведаў, што, ў гэты вясновы час, ніякай рызыкі марской пагібелі няма, а таму, як мог, суцяшаў арыштантаў і заклікаў іх да любові Божай.

Побач ужо не было Лукі, які слухаў яго і раіўся з ім па сваіх рукапісах адносна жыцьця і служэньня Ісуса Хрыста. Але ніхто з людзей ня мог пазбавіць яго думкаў і разважаньняў пра Бога Творцу і Ягонага Сына Хрыста. Хрыстос сустрэў яго каля Дамаску, даўшы яму служэньне, і зараз Госпад не пакінуў Паўла, бо быў з ім. Апостал бачыў побач згубленыя душы такіх жа закаваных людзей. Невядомыя былі яму іхнія злачынствы, але Павал і тут павінен быў выкарыстоўваць сваё прызначэньне, дадзенае яму Ісусам Хрыстом яшчэ ў Дамаску. Цемру трума перасякаў сур’ёзны сонечны прамень, калі, пасьля начы, адкрываўся палубны люк. Але гэты прамень асьвятляў прастору іхняга памяшканьня, а слова ад Бога Паўла асьвятляла сэрцы прысутных з ім вязьняў. Ён і казаў пра Бога Творцу і Ягонага Сына Ісуса Хрыста.

Шмат хто ў няволі задумваецца пра сваё жыцьцё, пра Бога і пра тое, як з гэтым жыць. Павал добра разумеў, што людзі, у вельмі непрыемных абставінах, здольны зьвяртацца да Госпада, каб мець ад Яго нешта, а можа і патрабаваць ад Яго таго, што немагчыма дасягнуць самому. Але ён ня вельмі зьвяртаў на гэта ўвагу, бо ведаў тое, што Бог даў яму аднойчы справу прыводзіць да Яго заблукаўшыя душы. Ён і павінен гэтае рабіць, а таму чулі прысутныя ягонае слова супакою і настаўленьне да пакаяньня. Некалькі дзён марскога шляху адкрылі перад імі італійскі порт Таранта, дзе іх ужо сутракала варта, каб суправаджаць у вязьніцу Рыма.

Была першая палова дня, калі рымская варта прыняла арыштаваных і падсьледчых, каб суправадзіць іх да рымскага правасудзьдзя. Адміністрацыйныя працэдуры зацягнуліся да вечара і, пасьля пэўнага адпачынку, з самога ранку, пешаходная працэсія, з вязьняў і ахоўнікаў, накіравалася да Рыму. Павал ведаў гэты шлях, бо ішоў тут два гады таму, але вольным чалавекам і ў адваротным напрамку. Па канвойнаму распарадку ўсё было разлічана да дробязяў: як хуткасьць ходу, так і месцы адпачынку. На первым жа адпачынку нехта з нявольнікаў, які ўважліва слухаў апостала яшчэ на караблі, запытаў Паўла пра тое, што ёсьць шлях чалавека на гэтай зямлі. Павал узрадаваўся гэтаму пытаньню, бо адчуў, што ягонае служэньне Хрысту дзейснае і тут. Ён узгадаў словы прарока Ераміі перад тым, каб адказаць на пытаньне, якое было на сэрцы людзей атачаючых яго: «Так кажа Госпад: Спыніцеся на шляхах вашых і разгледзьце, і распытайце пра шляхі старажытных, дзе шлях добры, і ідзеце па ім, і знойдзеце супакой душам вашым».

Жыцьцё - гэта нейкі пэўны час. Час, які пачынаецца і які закончваецца. Безумоўна тое, што гэта тычыцца кожнага Божага стварэньня. Жыцьцё рухаецца за часам і разам з часам, бо немагчыма жыць і ня рухацца. Мы нараджаемся ў гэты сьвет і ўпэўнена рухаемся да сьмерці. І на гэтай дарозе, у кожнага з нас, ёсьць пэўныя патрэбы і пэўныя клопаты. Так праходзіць жыцьцё. І яно бяжыць ад нараджэньня да сьмерці вельмі і вельмі хутка. Так ня скажа чалавек малады, але сталы чалавек пацьвердзіць гэта даволі ўпэўнена. Чаму? Чалавек малады толькі пачынае адлік і таму не разумее хуткага бегу часу. Іншая справа чалавек сталы, які глядзіць на мінулы час, як на нешта вельмі хуткаплыннае, бо не пасьпеў адчуць свае першыя крокі, як адчуваеш ужо і апошнія. А далей час як быццам бы спыняецца. Для цябе, а для кагосьці ён толькі пачынаецца. І так да бясконцасьці? Гэта так, але толькі для тых, хто не сустрэў у сваім жыцьці Госпада Ісуса Хрыста. Ці не таму Бог кажа: «Спыніцеся на шляхах вашых» Бог кажа нам, што ў нейкі вызначаны час нам трэба спыніцца. І гэты час - Раство Ісуса Хрыста, як час усьведамленьня той надзеі, якая адбылася пад час нараджэньня нашага Збаўцы. Бог адкрыўся нам у Хрысьце, Які перамог сьвет. І гэта той час, з якога і пачынаецца нашае служэньне. Бог прапануе нам спыніцца на шляхах сваіх і для гэтага ёсьць, як мінімум шэсьць прычынаў.

Адносіны з Госпадам. Якія яны былі на працягу твайго жыцьця? Бог кантралюе час, бо Ён яго і стварыў. Час, у якім мы жывем, належыць Богу. Ён даў яго для нас. Але як мы адносімся да часу нашага жыцьця? Як выкарыстоўваем яго ці як марнуем? Што нас цікавіць? Бог глядзіць на ўсё гэта. Дарма ці не дарма мы выкарыстоўваем свой час? Так, мы павінны ведаць, што адбываецца ў сьвеце, але толькі з кропкі погляду Госпада. Чаму? Таму што ў гэтым выпадку мы ніколі не памылімся ва ўсьведамленьні тых ці іншых падзеяў, бо Бог кіруе ўсім і ўсімі намі. Адносіны з Госпадам вельмі важная рэч у жыцьці чалавека, бо калі мы прачынаемся ці засынаем з Госпадам, дык нашыя адносіны з Ім удасканальваюцца, а час праведзены з Богам мае вечны адлік і ніяк не ўплывае на час сьвецкага жыцьця. Чаму так? Таму што жыцьцё ў Госпадзе, яно вечнае, а фізічная сьмерць азначае ня больш таго, што пачынаецца галоўная частка нашага жыцьця - вечнае жыцьцё ў Валадарстве Божым, дзе Божая прысутнасьць - гэта рэальнае дзеяньне.

Асабістая малітва. Колькі мы выкарыстоўваем свайго часу на малітву? Вельмі важна адзначыць, што мы не губляем час, калі молімся. Наадварот, мы знаходзім яго, бо гэта час Божы. Час размовы з Госпадам - гэта набытак і набытак вельмі каштоўны, бо дае нам самую вялікую каштоўнасьць - Божую прысутнасьць. Бог патрабуе нашага жыцьцёвага часу для Сябе, бо Ён Гаспадар часу. Таго часу, які мы атрымалі ад Госпада пры нашым нараджэньні. Бог даў нам запавет дзесяціны і гэта тычыцца ня толькі нейкага матэр’яльнага здабытку, але і пэўнага часу нашага жыцьця. Гэта азначае, што духоўнае жыцьцё чалавека павінна базавацца на тым, што, як мінімум, дзесяць адсоткаў часу нашага жыцьця мы павінны аддаваць Госпаду. А колькі аддаем мы? Няхай кожны падлічыць сам і параўнае свой малітоўны час з тым, які чакае ад нас Бог. Чаму гэта трэба? Каб усьвядоміць той узровень увагі кожнага з нас у дачыненьні да Госпада.

Служэньне. Гэта прывілей для кожнага хрысьціяніна. Але давайце параўнаем наступнае. Колькі такіх магчымасьцяў служэньня дае нам Бог і колькі мы выкарыстоўваем гэтых магчымасьцяў? І тут зноў узьнікае пытаньне часу. Як мы выкарыстоўвае яго? Аддаем яго для служэньня Госпаду ці наўпрост марнуем яго ў нейкіх неабавязковых ці безсэнсоўных занятках? Амаль што ніхто ня будзе спрачацца з тым, што страта часу - гэта грэх. Але, як Бог глядзіць на тое, што ёсьць стратаю часу? Для Яго страчаны намі час - гэта час, калі мы не зьдзяйсьняем Ягоныя задумы і мэты ў адносінах да нас. Безумоўна і тое, што нам патрэбны і адпачынак, бо так вызначыў нам Бог пры нашым стварэньні. І гэта ёсьць часткай Ягонага замыслу адносна аднаўленьня сілы нашага цела, нашага розума і нашага духа. А вось час страчаны на нешта лёгкадумнае ці, наадварот, «сур’ёзнае» адданьне асноўнага часу на ўзрост сваёй кар’еры, не зьвяртаючы ўвагі на сям’ю - гэта тое, што Госпаду зусім не падабаецца. Ніякія нашыя справы нельга лічыць стратай часу, калі гэта - гарманічная частка плану, распрацаванага для зьдзяйсьненьня Божых мэтаў з найбольшай карысьцю і найбольшым выкарыстоўваньнем нашых талентаў ды здольнасьцяў. Узьняўшыся, Павал выказаў прысутным пра час жыцьця чалавека: «Дык глядзіце, хадзіце дакладна, ня як бязглуздыя, але як мудрыя, выкупляючы час, бо дні злыя. Дзеля гэтага ня будзьце неразумныя, але пазнавайце, якая ёсьць воля Госпада».

Узрастаньне ў Госпадзе. Мы павінны планаваць свой час, каб паглыбляцца ў Божую праўду і ўзрастаць у Госпадзе. Што гэта азначае? Толькі тое, што шмат якія абставіны нашага жыцьця здаюцца нам тэрміновымі і неадкладнымі. Але ня трэба кідацца тэрмінова іх выконваць, не абдумаўшы суадноснасьць гэтых мэтаў з тымі мэтамі, якія ставіць перад намі Бог. Жыцьцё падказвае, што гэтыя мэты вельмі рэдка супадаюць, а таму верагоднасьць памылкі вельмі і вельмі вялікая. І таму, каб узрастаць у Госпадзе, мы павінны засяродзіць сваю ўвагу на тым, што нам для гэтага сапраўды неабходна і важна. І вось на што. Мы павінны цаніць свае ўзаемаадносіны з Богам і аддаваць Яму свой час. Мы павінны цаніць Слова Божае і праводзіць пэўны час за яго чытаньнем і разважаньнем пра прачытанае. Мы павінны цаніць тыя здольнасьці і таленты, якія даў нам Бог. І аддаваць свой час на тое, каб разьвіваць свае здольнасьці і таленты для мудрага выкарыстоўваньня. Так, мы павінны быць мудрымі і каб узрастаць у Госпадзе, павінны прыняць сказанае Богам Ісусу сыну Нава: «Толькі будзь цьвёрды і вельмі мужны, і старанна захоўвай і выконвай увесь закон, які наказаў табе Майсей, раб Мой; не ўхіляйся ад яго ні направа, ні налева, каб чыніць разумна ў-ва ўсіх пачынаньнях тваіх».

Адносіны паміж людзьмі. Гэта цудоўная магчымасьць паглядзець на жыцьцё іншых людзей, каб спыніцца і мажліва паўдзельнічаць ў нейкіх справах сваіх блізкіх, бо калі мы шукаем слова да блізкага, мы глядзім і на сваё жыцьцё праз Слова Божае. Ісус Хрыстос казаў пра гэта, як пра вельмі і вельмі важнае: «І ўсё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, тое і вы ім рабіце; бо ў гэтым Закон і Прарокі». Апостал нагадаў таксама выказваньне Ісуса ад Лукі: «Дык будзьце ж міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны. І ня судзіце, і ня будзеце асуджаныя; не асуджайце, і ня будзеце асуджаныя; даруйце, і вам будзе даравана; давайце, і вам будзе нададзена: меру добрую, націсьненую, стрэсеную і з верхам дадуць вам ва ўлоньне вашае; бо якою мераю мераяце, такою вам і будзе адмерана» Бог бачыць нашыя сэрцы, а нашыя сэрцы зьвернуты да іншых людзей і да Бога. Нашыя паводзіны маюць той-жа накірунак. Бог разглядае ня толькі нашыя сэрцы, але і нашыя ўчынкі, бо большасьць нашых учынкаў, у той ці іншай ступені, кранае іншых сярод нас людзей. Тое, як мы адносімся да іншых людзей вельмі зьвязана з Божым словам пра сеяньне і жатву.

Павал засяродзіў увагу сваіх слухачоў словамі, якія ён калісьці зьвяртаў да галятаў: «Ня падманвайцеся, з Бога не пасьмяешся. Бо што чалавек сее, тое і будзе жаць.: Хто сее ў цела сваё, з цела будзе жаць сапустасьць; а хто сее ў Дух, з Духа будзе жаць жыцьцё вечнае. А робячы дабро, ня будзем журыцца, бо ў свой час, калі не саслабеем. Дык пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш сваім у веры». Павал навучаў галятаў, але гэта адносілася да кожнага, бо з таго моманту, як мы атрымалі збаўленьне, кожная нашая добрая справа і кожная праява служэньня зьяўляюцца дзеяньнем Божай узнагароды ў нябёсах. Мы можам ня бачыць відавочных вынікаў нашага сеяньня ў Дух пры нашым жыцьці, але нашая ўзнагарода чакае нас у вечнасьці, дзе мы будзем карыстацца ўзнагародай і дабраславеньнем Божым. Павал аглядзеў прысутных і, убачыўшы зацікаўлена слухаючых жаўнераў, з задавальненьнем адзначыў, што ягонае служэньне Хрысту працягваецца і зусім магчыма тое, што некаторыя з гэтых людзей прыйдуць да Яго з пакаяньнем. Але Павал яшчэ ня скончыў, вызначыўшы яшчэ адну прычыну кіравацца Госпадам.

Спадзяваньне на Госпада. Ісус сын Нава, які быў вызначаны Госпадам кіраваць народам Ізраіля пасьля Майсея, казаў народу слова ад Бога: «А ты дай загад сьвятарам, якія нясуць каўчэг запавету, і скажы: “Як толькі ўвойдзеце ў воды Ярдана, спыніцеся ў Ярдане”. Ісус сказаў сынам Ізраілевым: “Падыдзеце сюды і выслухайце словы Госпада Бога вашага”». Зьвярнем увагу на тое, што Бог не прапанаваў бегчы і хутка пераадольваць рознымі сродкамі даволі вялікую раку. Наадварот, Ён кажа спыніцеся. Чаму? Каб людзі неабдумана ня беглі, але спыніліся і зьвярнуліся ў спадзяваньні на свайго Бога, Які можа ўсё і Які абавязкова абароніць Свой народ ад непатрэбнай небясьпекі.

І вось час сёньняшні. Жыцьцёвая мітусьня, барацьба за дабрабыт, няпросты асабісты стан, нават і няволя. Але гэта і даволі карысны час, каб спыніцца, паслухацца Госпада і пачаць у спадзяваньні служыць Яму. Але як навучыць таго, хто спыніўся? І хто гэта зробіць? Бог дасьць нам іх. Абавязкова. Як даў юдэям, якія вярнуліся ў Ерусалім і апынуліся ў даволі складанай сітуацыі, прарока Эздру: «І прыйшоў ён у Ерусалім у пяты месяц - у сёмы год валадара. Бо ў першы дзень першага месяца быў пачатак выхаду з Бабілона, і ў першы дзень пятнаццатага месяца ён прыйшоў у Ерусалім, бо дабрадзейная рука Бога ягонага была над ім, бо Эздра прыхіліў сэрца сваё да таго, каб вывучаць закон Госпадаў і выконваць яго, і вучыць у Ізраілі закону і праўдзе».
Бог дае нам такіх людзей, каб навучыць нас Божай праўдзе. А мы павінны трымацца гэтай праўды, каб быць прыкладам іншым людзям у нашым служэньні. Сьведчаньні гісторыі кажуць нам пра тое, што, спыніўшыся, мы не згубілі часу і не змарнавалі яго. Так хоча Бог, а дзеі Госпада ў нас ня могуць быць марнымі па вызначэньню. Бо хто можа сказаць, што, чытаючы Біблію ці праслаўляючы Госпада ў царкве, мы марнуем час? Правільна, толькі чалавек няверуючы, для якога больш важна ў нядзелю пабэўтацца на базары ці папрацаваць на сваім полі. Але Бог ня хоча бачыць нас такімі, якія некуды бягуць, не заўважаючы Госпада. Гэта і ёсьць сапраўднае марнаваньне часу. Бог кажа нам: «Супыніцеся і паглядзеце на Мяне, на Мае дзеі і на Мае словы. Не марнуйце час і не мітусіцеся, бо вашая мітусьня - гэта праява вашай волі, але не Маёй. Павінна ж быць наадварот, бо воля Бога - гэта тое галоўнае і важнае, што павінна быць у жыцьці кожнага чалавека. Толькі ў гэтым выпадку будзе супакой у вашых сэрцах» Таму кожны веруючы павінен маліцца на тое, каб наш Бог даў нам супыньне ў тым жыцьці, якое мы маем сёньня. Каб яшчэ і яшчэ раз зьвярнуцца да Яго з надзеяй і падзякаю. Каб убачыць тое, што прызначыў для нас Бог. І каб вызначыліся правільныя шляхі нашыя. Амэн.

Яны ішлі па знакамітаму Апіеваму шляху праз квітнеючыя даліны. Аліўкавыя гаі і дагледжаныя сялянскія палеткі сустракалі і выпраўлялі іх да новых месцаў на іхнім шляху. Мінуўшы Бэнэвэнт, працэсія спынілася на запланаваны адпачынак, разьмясьціўшыся на тэрыторыі карчмы, што знаходзілася на заходнім ускрайку горада. Горы на захадзе ўжо прыгатаваліся схаваць сонца за сваімі вяршынямі, калі, пасьля вячэры, нехта з ахоўнікаў запытаў Паўла: «Што ёсьць вечнасьць і дзе тыя дзьверы, каб туды ўвайсьці?»

Ісус Хрыстос, як дзьверы уваходу ў сьвятло вечнага жыцьця. Цудоўнейшая тэма для разважаньня. Цудоўнейшая Божая праўда. Але і таямніца, бо як можа чалавечы розум, абмежаваны ўзьдзеяньнем гэтага сьвету і які разумее найбольш матэр’яльныя катэгорыі жыцьця, уявіць сабе гэтае дзіўнае спалучэньне? Так, гэта таямніца, якая дадзена нам, але дадзена для таго, каб мы напружылі свой розум і зразумелі гэтую даволі нескладаную праўду. Як жа спазнаць гэтую праўду і раскрыць таямніцу гэтых «цудоўных дзьвярэй», якая ёсьць Ісус Хрыстос? Менавіта так думаў Павал, калі гатаваўся з думкамі да адказу на гэтае пытаньне. Павал, дачакаўшыся калі ўсе зацікаўленыя размясьціліся вакол апостала на пляцоўцы каля будынку карчмы, пачаў сваю пропаведзь.

Біблія вучыць, што гэтую праўду можна пазнаць. Бог ведае ўсю праўду, а праўда, у сваю чаргу, адкрывае Яго ў любой сферы жыцьця. Наогул, любая таямніца - гэта прамежак паміж тым, што ведае Бог і тым, што ведаем мы. І таму, каб скараціць гэты прамежак, нам даецца Слова Божае як крыніца мудрасьці і ведаў. Вобраз Ісуса Хрыста дае нам разуменьне ўваходу праз Яго да збаўленьня. Але сьвет разумець гэтага ня хоча і жыве так, як быццам бы яму збаўленьне зусім і не патрэбна. Людзі не разумеюць, а па большасьці і ня хочуць разумець, што Ісус Хрыстос - гэта наш Збаўца. Чаму? Таму што яны не разумеюць сваю безнадзейную сітуацыю. Чалавек ня думае пра асабістае збаўленьне ў глабальным, вышэйшым плане, бо вельмі заклапочаны штодзённым жыцьцём, з упэўненасьцю ў ягонай адноснай бязгрэшнасьці. Д’ябал вельмі лоўка карыстаецца невуцтвам чалавека і больш таго, ён робіць усё, каб адхіліць нашае ўсьведамленьне адказнасьці за сваю будучыню, а таму ня верыць у гэтую праўду.

На жаль, чалавек - асоба прызямлёная і таму ня здольная бачыць далёка, а тым больш глядзець у вечную будучыню, калі толькі ён ня верыць у Божае стварэньне сьвету. Такі чалавек ня верыць у жыцьцё вечнае і таму не імкнецца да гэтага, але ён імкнецца як-небудзь і больш-меньш добра пражыць у гэтым сьвеце. Вышэйшай мэтаю такога жыцьця, зьяўляецца намаганьне жыць ня ў чым сабе не адмаўляючы. Гэта вялікая і нават жахлівая памылка, бо на самой справе мы - патэнцыяльныя злачынцы, якіх чакае суд Божы.

Стары Запавет кажа пра тое, як Бог загадаў Ізраілю праз Майсея выбраць для сябе гарады-сховішчы: «Сынам Ізраілевым і прыхадням і пасяленцам сярод вас будуць гэтыя шэсьць гарадоў сховішчам, каб уцякаць туды кожнаму, хто забіў чалавека ненаўмысна». Уявім сабе жаданьне чалавека, які знаходзіцца пад пагрозаю сьмерці, як мага хутчэй дабегчы да збаўляльнай дзьверы горада-сховішча, каб захаваць сваё жыцьцё. Злачынца, які бёг ад пакараньня, добра ведаў пра гэтую цудоўную магчымасьць, бо Сам Бог падараваў яму збаўленьне ад сьмерці. І ён верыў у гэтую магчымасьць. Таксама і Новы Запавет, які дае нам, наўмысным злачынцам у праявах грэху і таму тысячы разоў заслугоўваючых сьмерці, ня проста горад-сховішча, але Валадарства-сховішча. Заўважым, што Стары Запавет даваў права на збаўленьне толькі ненаўмысным злачынцам. Дык наколькі ж большая ласка Божая дадзена нам - злачынцам наўмысным. Валадарства гэтае прыналежыць Ісусу Хрысту, а Сам Ён - дзьверы гэтага Валадарства. І няма ніякай іншай магчымасьці збавіцца ад сьмерці, як толькі заклікаць да Ісуса Хрыста і запрасіць адчыніць дзьверы збаўленьня ад вечнай сьмерці.

Кожны чалавек разумее, што жыцьцё ў яго адно, але далёка ня кожны разумее, што жыцьцё не закончваецца ў 60-70-80 гадоў, бо яно можа працягнуцца ў вечнасьці з Госпадам, а можа скончыцца ў пекле, - калі будзе працяг салодка-сьмяротнага танцу з д’яблам. Многія людзі наогул не клапоцяцца пра вечныя справы. Яны клапоцяцца пра сваё зямное. Клопат пра раскошу можа значна перавышаць клопат пра асабістую душу чалавека. Па сваёй прыродзе мы ня вельмі схільныя ўяўляць ці баяцца змрочнага будучага сваёй душы і таму імкнемся адмахнуцца ад гэтай дакучлівай праблемы, бо, як гаворыцца, хапае іншых, штодзённых праблемаў. І гэта ёсьць вар’яцтва, бо мы знаходзімся пад пагрозаю вялікай небясьпекі, таму што сьмерць вельмі блізка і суд Божы непазьбежны.

Чалавек сьвету заўсёды мае праблемы і яму, ад гэтага, заўсёды кепска. Большасьць людзей ня вельмі задумваецца над тым, дзе сапраўдныя вытокі ўзьнікненьня жыцьцёвых праблемаў, бо лічаць, што вінаватыя ў гэтым зьнешнія абставіны ці іншыя людзі. Мала хто лічыць сваю асобу той самай крыніцай, з каторай і выліваюцца большасьць праблемаў іхняга жыцьця. І гэта зусім ня дзіўна, бо чалавек свету шчыра верыць у тое, што ён і толькі ён - гаспадар свайго жыцьця і што ўсё ў жыцьці залежыць ад яго самога і можа нейкага шчаснага выпадку. Але трэба разумець, што чалавек ад нараджэньня - вельмі недасканалая істота, з наяўнасьцю ў сэрцы вялікай здольнасьці да праяваў грэху ў самым розным ягоным выглядзе. І калі чалавек жыве бяз Бога, сам па сабе, дык ім будзе кіраваць д’ябал, асноўнай задачай якога як раз і зьяўляецца рэалізацыя найхужэйшых якасьцяў чалавека.

Чалавек павінен жыць на зямлі для жыцьця вечнага ў Нябёсах. Але, на жаль, гэтая праўда не дамінуе ў сьвеце, які мае іншыя прыярытэты. Чалавек зьбірае скарбы на зямлі для сябе, ня думаючы пра тое, што трэба зьбіраць скарбы духоўныя для вечнасьці. Трэба жыць у вымярэньні вечнасьці разумеючы, што цябе чакае пасьля сьмерці фізічнай і таму мае сэнс вучыцца, жаніцца, гадаваць дзяцей, працаваць, адпачываць і гэтак далей. Каб вынікам такога жыцьця на зямлі, было жыцьцё вечнае ў нябёсах. І калі чалавек нясе ў сэрцы сваім такое імкненьне, дык ён, па прыроде сваёй прагны ці злы, будзе перамяняцца, каб атрымаць вечнасьць. А ўвайсьці ў стан вечнага жыцьця можна толькі праз Ісуса Хрыста, Які і адкрывае нам гэтую праўду: «Я - дзьверы: хто ўвойдзе Мною, той уратуецца, і ўвойдзе і выйдзе, і пашу знойдзе». Ісус прапануе ўвайсьці ў жыцьцё вечнае праз Яго, а дакладней праз веру ў тое, што Ён памёр за нашае збаўленьне ад грэху і што Ён уваскрос, атрымаўшы перамогу над сьмерцю і злом гэтага сьвету. Дзьверы у жыцьцё вечнае не адчыняцца таму, хто ня мае веры. І толькі веруючы ўвойдзе Хрыстом, каб збавіцца ад сьмерці вечнай. Паверыць Ісусу Хрысту - гэта значыць паверыць у будучае вечнае жыцьцё. Няма надзеі таму, хто па-за Хрыстом. Грэшнікі загінуць. Імёны тых, каго ня будзе ў кнізе жыцьця, зьнікнуць назаўсёды. Яны зграшылі супраць Бога і таму будуць асуджаны на пагібель.

Нехта можа сказаць, што ён не такі ўжо і вялікі грэшнік, але вялікая памылка сказанага, бо няма ніякай розьніцы паміж вялікім і невялікім грэшнікам. Нават адно парушэньне не дае ніякага права на вечнае жыцьцё ў будучыні з Госпадам. Калі мы не прымаем Ісуса Хрыста, дык грэх наш, нават адзін, застаецца з намі і дзьверы у жыцьцё вечнае будуць зачыненымі. І таму, няхай кожны выбера сваё месца, - Валадарства Божае, дзе пануе сьвятло, радасьць і дзе няма грэху і сьмерці, альбо пекла, дзе пануе стан вечных пакутаў. Вера чалавека адчыняе гэтыя дзьверы, якія збаўляюць яго ад грахоў сьвету. Вера кранаецца Ісуса Хрыста і дабраславеньне выліваецца нават з краёў Ягонага адзеньня. Вера пераступае парог ласкі Божай і душа апынаецца ў бясьпецы. Дай Бог кожнаму чалавеку выратаваньня Ісусам Хрыстом, як уваход на тэрыторыю збаўленьня. Уваход неадкладны. І гэта будзе ня толькі нашай радасьцю, але і радасьцю вялікага Айца, Які, ў вякі вякоў, бачыць тое, што мы збаўлены ад пагібелі. Амэн.

З ранку яны зноў ішлі па Апіевым шляху, абмінаючы велічны Везувій і назіраючы яго зялёныя схілы. Маляўнічыя карціны палёў і гор супакойвалі сэрцы гэтых розных людзей, якія не хацелі заглядаць у будучае, тым больш, што яно не абяцала ім ніякай радасьці. Шлях накіроўваў іх у бок Нэапаля, якога яны дасягнулі ўжо ўвечары і, не заходзячы ў горад, варта размясьціла зьняволеных у прыдарожнай карчме, каб раніцай, пасьля адпачынку, працягнуць свой шлях да прысуду кожнаму з іх. Сонца толькі пачало паказваць свае першыя прамені з-за ўсходніх гор, калі працэсія, складзеная са зьняволеных і іхніх ахоўнікаў, рухалася ўжо ў бок Путэолаў. Апіевы шлях быў у гэты час яшчэ вольным ад падарожнікаў, а ранішняя прахалода і начны адпачынак рабілі хаду гэтай працэсіі больш хуткай, чым у сьпякотныя часы. Ужо хутка шлях пачаў напаўняцца рознымі людзьмі, якія рухаліся ў розныя бакі адносна групы нявольнікаў. Вазы з рознымі грузамі рухаліся ў процілеглых напрамках, каб пасьпець на рынкавую плошчу Нэапаля ці ў порт Путэолаў. Пасажырскія павозкі, даючы напамін пра сябе гучнымі галасамі кучараў, рухаліся ў розных накірунках, каб даставіць сваіх пасажырыў па месцах іхняга прызначэньня. Жыцьцё кіпела на дарозе Апія, а нашая працэсія нясьпешным крокам рухалася ўсё далей, каб бліжэй наблізіцца да сталіцы сьвету. Ужо паказіліся Путэолы, а з ім заблішчэла мора, чырванеючае ад апошніх прамянёў хаваючагася за ім сонца. Прыдарожная карчма ўжо чакала нявольнікаў, каб, пасьля адпачынку, ісьці далей, кожны да свайго фіналу.

Ранак сустрэў іх брызам - лёгкім ветрыкам, які ласкава дзьмуў з берагу на мора. Працэсія, не заходзячы у Путэолы, накіравалася да мястэчка Фарміе, дзе быў запланаваны апошні адпачынак перад тым, як дасягнуць Рыму. Сонца было яшчэ высока, калі нявольнікаў разьмясьцілі на гэты адпачынак перад апошнім пераходам. Жаўнеры прэтарыянцы падпарадкоўваліся строга вызначанаму графіку канваяваньня, па якому яны павінны былі перадаць нявольнікаў турэмнаму начальству толькі назаўтра і толькі ў вызначаны час. Усё было дакладна палічана, а таму і атрымаўся апошні, даволі працяглы адпачынак. Павал сядзеў у цені дрэва разам з пяцьцю нявольнікамі, якія, на працягу гэтага падарожжа, пакаяліся і прынялі ў сэрца сваё Ісуса Хрыста, як свайго Госпада і Збаўцу. Хрысьціяне з нявольнікаў трымаліся Паўла на працягу гэтага падарожжа, выкарыстоўваючы любую магчымасьць для таго, каб паслухаць ад апостала настаўленьні дзеля ўмацаваньня веры.

Вось і зараз, ён адказваў на іхнія пытаньні і бачыў вялікую зацікаўленасьць вучняў у слове Божым. Да іх падыйшлі яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек і адзін з іх, назіраючы за вучнямі апостала, запытаў Паўла: «Як гэта атрымліваецца, што ў чалавеку нараджаецца вера?» Апостал запрасіў усіх уладкавацца як мага зручней вакол яго і, калі ўсе разьмясьціліся, працытаваў з прарока Ісаі: «Бо дзіця нарадзілася нам; Сын дадзены нам; уладарства на плячах у Яго, і дадуць імя Яму: Дзівосны, Дарадца, Бог Моцны, Бацька вечнасьці, Князь Міру». Разважым над словамі прарока і паставім перад сабою пытаньне: «Чаму Ісус Хрыстос нарадзіўся нам і чаму Ён дадзены нам?» Дзіця Ісус Хрыстос быў зачаты Духам Сьвятым, быў вынашаны ва ўлоньні дзевы Марыі і народжаны, як кожны чалавек. Ісус, па чалавечай сутнасьці, быў народжаным дзіцём, але як Сын Божы Хрыстос быў дадзены нам. Ісус Хрыстос дадзены нам Богам, бо калі прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына Свайго, Які быў ад жанчыны і быў пад Законам. Сын Божы стаўся чалавекам. Ён быў народжаны і Яго, ў пялюшках, паклалі ў ясьлі.

Вось Ён, народжанае дзіця. Сын Божы, апрануты ў пялюшкі. Давайце ўявім сабе гэтую карціну. Сын Божы ў бездапаможным стане - немаўлятка ў пялюшках. Бог не прымае лёгкадумных учынкаў, а гэта значыць, што Госпад мае глабальна важныя прычыны для гэтага. І гэтая прычына ў тым, што Ён зрабіў гэта дзеля нас, бо ня Ён, а мы маем у гэтым патрэбу. Гэта любоў Бога да усіх нас, бо мы Ягоныя стварэньні. Бог даў нам Сына дзеля нашага збаўленьня. І калі мы прымаем тое, што гэтае дзіця ў Бэтлеемскім хлеве народжанае для нас; калі мы адчуваем, што гэта надзея на мір у сэрцы і збаўленьне душы, дык гэта значыць, што мы народжаныя звыш і што нарадзілася нашая вера. Дзіця ня можа нарадзіцца для нас, калі мы не народзімся для Яго. Толькі народжаныя звыш людзі могуць сьцьвярджаць, што дзіця ў Бэтлееме народжанае для іх. Але як усьвядоміць тое, што мы нарадзіліся звыш? На гэтае пытаньне можна адказаць пытаньнем: «Ці ёсьць перамены ўнутры нас, ці ненавідзім мы тую марнасьць жыцьця, якую раней любілі і ці перамяніліся імкненьні нашага сэрца ад прыхільнасьці грэху да набыцьця сьвятасьці?» Адкажам самі сабе на гэтыя пытаньні, але будзем памятаць, што посуд ня будзе чысты, калі ён будзе вымыты толькі з вонку і што нараджэньне звыш пачынаецца з ачышчэньня ўнутранага чалавека.

Сведчаньні нараджэньня звыш праяўляюцца ня толькі ў пераменах вонкавых і ўнутраных, але і ў зьменах асноўных прынцыпаў нашага жыцьця. Калі чалавек жыве ў грэху, дык ён жыве для сябе, але пры нараджэньні звыш, ён пачынае жыць для Бога. Нельга казаць пра чалавека, што ён народжаны звыш, калі гэты чалавек жыве толькі для сябе і сваіх патрэбаў. Зьмяніце свае прынцыпы і вы пераменіце адчуваньні і стан свайго жыцьця. Асноўная сутнасьць чалавека - гэта ўнутраныя прынцыпы, на якіх будуецца ўсё ягонае жыцьцё і калі перамяняецца душа чалавека, дык ён становіцца новым стварэньнем ў Ісусе Хрысьце.

Але, мы бачым і іншае. Шмат хто кажа пра тое, што ім зусім неабавязкова нараджацца звыш, бо яны і так прытрымліваюцца маральных асноваў жыцьця грамадзтва. Яны кажуць пра тое, што нараджэньне звыш патрэбна тым, хто відавочна жыве ў грэху, хто адкрыта дэманструе дрэнныя звычкі і іншыя праявы зла. Няшчасныя крытыкі і самалюбцы. Яны ня бачаць сябе і ня ведаюць сябе, бо ўпадабляюцца да той казачнай каралевы, якая глядзіцца ў люстэрка і кажа: «Святло маё люстэрка, ты скажы: “Хто на сьвеце самы прыгожы і самы добры?”» І паслухмянае люстэрка пацьверджвае словы каралевы. Але, паглядзіце ў люстэрка Божага Слова і вы ўбачыце жудаснае відовішча, бо вы ўбачыце заганы вашага сэрца і ўсю няпраўду, у якой існуеце. Грэхападзеньне так сапсавала нашую прыроду, што самая жудасная істота на зямлі - гэта ёсьць упаўшы чалавек. І таму мы маем вельмі вялікую патрэбу ў тым, каб убачыць тое, што дзіця ў Бэтлееме нарадзілася менавіта для нас, для нашага нараджэньня звыш, як пачатак нашага збаўленьня.

Прарок кажа: «Сын дадзены нам». Няхай кожны з нас задасьць сабе гэтае пытаньне: «Ці сапраўды Ён дадзены мне?» Калі мы адчуваем, што гэта так, дык і мы становімся сынамі Божымі, бо сказана, што ўсе, каго водзіць Дух Божы, - сыны Божыя». І калі Сын Божы дадзены нам, дык мы павінны пачаць самааддана служыць Яму ўсьведамляючы, што чэсьць Ягонага імя - нашая мэта, а Ягоная слава - гэта вялікае жаданьне нашага духа. Калі Сын дадзены нам, дык і мы, як сыны, дадзены Сыну, Які дадзены нам. Мы чуем паўсюдна вялікае і сапраўднае сьцьвярджэньне, што Ісус Хрыстос прыйшоў у гэты сьвет, каб збавіць грэшнікаў. І кожны чалавек, які чуе гэта, напэўна задаецца пытаньнем: «А ці буду збаўлены я?» Каб адказаць на гэтае пытаньне, трэба адказаць на некаторыя іншыя. Што ты думаеш пра рай і пекла? У якім з гэтых месцаў можаш апынуцца ты і чаму? Любіць цябе Бог ці не? Будзеш ты асуджаны за грахі ці апраўданы вераю ў Ісуса Хрыста?

Калі паверыш, што Ісус Хрыстос прыйшоў у сьвет, каб даць табе апраўданьне, дык дзіця нарадзілася табе і Сын дадзены табе. Мы павінны быць удзячнымі Госпаду за Ягоную вялікую ласку - збаўленьне і нараджэньне звыш у Хрысьце Ісусе. Як? Давайце аддадзім Яму самае каштоўнае, што ў нас ёсьць. Саміх сябе. Як у гісторыі пра дзень народзінаў грэцкага філосафа Салона, калі вучні віншавалі настаўніка з ягоным сьвятам. Адзін з вучняў прынёс золата, другі срэбра, яшчэ хтосьці багатае адзеньне. І толькі адзін вучань прыйшоў са словамі: «О, Салон, я бедны і мне няма чаго даць табе, але я дам табе нешта найлепшае за ўсе гэтыя падарункі: я аддаю табе сябе». Аддадзім і мы сябе Ісусу Хрысту.

Кожны, хто ўважліва слухае з сур’ёзным інтарэсам пра дзіця, якое нарадзілася ў начы Бэтлеема і ўяўляе Яго ў ясьлях хлеву, пачынае свой шлях да збаўленьня. Калі чалавек з увагаю ставіцца да Слова Божага, чытае Пісаньне і разважае над гэтай кнігай, дык у яго ёсьць надзея наблізіцца да Бога. І калі ён адчувае, што Эвангельле Ісуса Хрыста мае для яго вялікі сэнс, дык мы маем вялікую надзею, што такі чалавек будзе збаўлены праз ягоную веру ў тое, што «дзіця нарадзілася яму і Сын дадзены яму». Гэта пачатак веры і калі мы пройдзем шляхамі Эвангельля разам з Ісусам Хрыстом ад Ягонага нараджэньня да Янавага хросту ў Ярдане, ад пачатку Ягонага зямнога служэньня да пакутніцкага Крыжа за нас, дык мы падыходзім да таго моманту, калі мы паміраем для старога жыцьця разам з Ісусам Хрыстом і разам з Ім уваскрасаем для жыцьця новага - жыцьця ў Ісусе Хрысьце.

Няхай будзе ў нас вялікая радасьць нараджэньня Ісуса Хрыста як нараджэньне нашае веры. Бог аб’яднаўся з чалавекам. А што ёсьць чалавек? Пыл. Гэтым аб’яднаньнем Бог падкрэсьлівае сваё спачуваньне чалавеку ў ягоных нямоцах і хваробах. Ісус Хрыстос нарадзіўся ад жанчыны ў Бэтлееме, Ён адчуў на Сабе нашыя слабасьці, Ён быў спакушаемы як і мы ўсе, але застаўся бяз грэху. Але, навошта ўсё гэта дасканаламу Богу? Павінна быць вельмі важная прычына таго, што Бог даў нам Сына, Які пачынае Свой зямны шлях ад бездапаможнага стану народжанага дзіцяці. Бог любіць нас і таму зыходзіць да блізкай сувязі з чалавекам, каб збавіць яго і дабраславіць. Тое, што «Сын дадзены нам», ёсьць прароцтва пра збаўленьне. Бог праз Свайго Сына вырашыў навярнуць нас у першапачатковы стан і наблізіць да Сябе. Калі Бог зыходзіць да чалавека, дык і чалавек павінен узыйсьці да Бога. І ў гэтым вялікая радасьць для ўсіх нас. Мы згубленыя па сваёй прыродзе, бо грэх у нашым сэрцы падобны на цяжкую хваробу, якая вельмі непакоіць нас і калі мы адчулі ўвесь цяжар і ганьбу сваіх беззаконьняў, дык для нас будзе вялікай радасьцю і спадзяваньнем чуць пра Збаўцу, Якога паслаў Бог. Давайце глядзець на народжанага Хрыста, як на пачатак нашага збаўленьня. Давайце дасьледуем вялікую справу Ісуса Хрыста да канца, ухваляючы і ўзьвялічваючы імя Госпада, бо Ён - Збаўца ад нараджэньня. Ён - Збаўца па праву першародства і Свайго становішча, бо збаўляць згубленых - гэта справа Бога. Ён усклаў справу збаўленьня на Сына Свайго, «Які дадзены нам», каб Ён шукаў і збаўляў згубленае. І гэта ёсьць вялікая радасьць для ўсіх нас. Няхай узрадуюцца зямля і нябёсы, што Бог так відавочна і поўна зыйшоў да чалавека.

Калі нарадзіўся Ісус Хрыстос, анёл узьвесьціў гэтую вялікую падзею і заклікаў людзей да радасьці: «І вось, стаў перад імі анёл Госпадаў, і слава Госпадава асьвяціла іх; і спалохаліся страхам вялікім. І сказаў ім анёл: “Ня бойцеся! Бо вось, я дабравешчу вам вялікую радасьць, якая будзе ўсяму народу, бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Госпад. І вось вам знак: вы знойдзеце Немаўлятка ў пялюшках, Якое ляжыць у ясьлях”. І неспадзявана зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, якое славіла Бога і казала: “Слава на вышынях Богу, а на зямлі супакой, у людзях упадабаньне”». Давайце і мы заклічам адзін аднога да радасьці, бо нараджэньне Збаўцы нясе славу Богу ў вышынях, дае зямлі супакой і людзям упадабаньне. Нараджэньне Ісуса Хрыста прынесла Госпаду такую славу, як нішто іншае, бо ўсе Божыя справы не праслаўляюць Яго так, як тое, што Бог падараваў нам Свайго Сына, калі паслаў Яго ў сьвет, каб людзі мелі праз Ісуса Хрыста жыцьцё вечнае. Бог адкрывае Сваю вялікую мудрасьць у замысьле збаўленьня, бо цэнтр гэтага замысла - Ён Сам. Бог яўляе нам Сваю любоў, як і сілу Сваю, бо толькі гэта магло прывесьці Госпада славы ў хлеў Бэтлеема. Бог яўляе нам вернасьць Сваіх абяцаньняў і Свайго запавету, бо менавіта гэтае дзіця павінна было выканаць Закон і панесьці пакуты за нашыя грахі. Усе якасьці Госпада цудоўна зьяўленыя і захаваныя ў гэтым маленькім дзіцяці. Бог зьявіў Сябе людзям, каб яны маглі бачыць Яго. Творца ўсяго быў народжаны жанчынай і ў пялюшках быў пакладзены ў ясьлі. Які цуд! Слава Богу ў вышынях! Так нараджаецца і нашая вера, дадзеная нам звыш. Так нараджаецца і новы чалавек, калі ён памірае для грэху і ўваскрасае, разам з Ісусам Хрыстом, для жыцьця новага, у Ісусе Хрысьце, і каб жыць з Ім у вечнасьці. Амэн.

Ранак сустрэў Паўла звычайнымі зборамі і працягам шляху да Рыму. Наперадзе былі Тры Карчмы, але ня тое займала ўвагу апостала, бо ён, як многія з ім, разумеў тое, што для іх, гэта апошні, адносна спакойны і мірны дзень у іхнім жыцьці. Яны ідуць у Рым, дзе іх сустрэне вязьніца, адкуль выйсьце не зьяўляецца нечым уяўным. Прахалода ранку абадзёрвала ўсіх: вартаўнікоў і зьняволеных, ня гледзячы на тое, што кожнага з іх чакала на прыканцы гэтага вандраваньня. І вось гэтая працэсія кранулася ў свой апошні дзённы пераход, каб дасягнуць мэты свайго нявольнага вандраваньня - Рыму. Нарэшце яны праходзілі мястэчка Тры Карчмы, дзе, калісьці, некалькі гадоў таму, яго сустракалі тут мясцовыя хрысьціяне. Зараз жа ўсё было ня так і Павал разумеў, што нехта з хрысьціянаў зараз бачыць яго, але ня можа паказаць і выгляду гэтага. Павал уважліва углядаўся ў людзей, якія сустракаліся на іхнім шляху і, як яму падалося, бачыў сустракаючых яго хрысьціянаў. Але гэта не было громкагалосным і відавочным, бо ганеньні на хрысьціянаў з боку Нэрона працягваліся, а таму, адпаведна паводзілі сябе і хрысьціяне.

Яны ішлі па Апіеваму шляху, уздоўж якога стаялі ўпрыгожаныя магілы знакамітых людзей і раскошныя асабнякі, але яны ішлі моўчкі, бо кожны думаў пра сваё: зьняволеныя пра свой далейшы лёс, жаўнеры ж пра тое, каб хутчэй і без прыгодаў завершыць гэты этап ды атрымаць вольны час для адпачынку. Павал глядзеў на суровыя постаці ахоўнікаў і адзначыў, пры гэтым, даволі лагодныя адносіны гэтых суровых людзей да зьняволеных. Больш таго, ён бачыў і сур’ёзную зацікаўленасьць да ягоных разважаньняў і пропаведзяў, што не магло яго ня радаваць. Так гэтая, крыху дзіўная сваёй маўклівасьцю, працэсія набліжалася да Капенскае брамы сталіцы сьвету. Рым сустрэў іх звычна вясёлым гоманам дзённай мітусьні вуліц і плоўшчаў гэтага гораду. Ці ўспрымалі яны гэтую вясёлую мітусьню, каб адгукнуцца на яе? Ніхто б не адзначыў гэтага, бо, ішоўшы на сваю пагібель, яны не маглі радасна вітаць гэтую радасьць мітусьні. Павал зной ішоў па знаёмай яму дарозе гораду, каб сустрэць сваю долю ў турме цэзара. Ішоў спакойна, бо ведаў, што ён ідзе не адзін, але з Госпадам сваім Ісусам Хрыстом. Так і дайшлі яны да вязьніцы, дзе іх ужо чакалі, каб прыняць і разьмясьціць па камерах сьледчай турмы, для далейшага разьвіцьця працэсуальнай гісторыі кожнага з іх.

Паўла разьмясьцілі ў камеры з некалькімі падсьледчымі, папярэдне закаваўшы таго ў ланцугі, што было патрэбна па пратаколу для зьняволеных падсьледчых. Пачаўся новы этап жыцьця апостала, дзе ён ня мог прымаць блізкіх да сябе людзей, але і ў гэтай камеры ён быў не адзін, а таму пропаведзь Паўла гучала і тут, бо менавіта такое было яму даручэньне ад Госпада. Ён павінен несьці слова Госпада і ён будзе яго несьці ў любым выпадку, і дзе б ён не знаходзіўся. У Паўла не было магчымасьці аглядзець увогуле ўсю турму, але ён ведаў пра яе ад Лукі яшчэ тры гады таму. Яна ўяўляла сабою дзьвухпавярховае падземнае збудаваньне ў падножжы Капітолія, створанае ў далёкім VI стагодзьдзі да Р. Х. і ў хуткім часе ўжо насіла імя шостага валадара Рыму Сэрвія Тулія - «Туліянум», што папросту азначала «Туліваяе падзямельле». Імператар Тыберый дабудаваў гэтую турму і менавіта ў гэтым сваім выглядзе яна і прыняла апостала. Як грамадзянін Рыму ён знаходзіўся на другім паверсе турмы і гэта была палёгка, бо першы паверх уяўляў сабою вельмі бруднае памяшканьне, уваход у якое зьяўляўся круглай дзіркай праз перакрыцьце. Дарэчы турма не была месцам адбыцьця пакараньня, але месцам утрыманьня чакаючых суду ці прысуду. Павал жа чакаў тут ня толькі суду, але і прысуду.

У паветры панаваў чэрвень са сваёй сьпякотай, але Павал не адчуваў гэтага, бо знаходзіўся ў каменным падземным мяху, дзе не было сонца, а толькі вільготная прахалода. Праз некалькі дзён апосталу абвесьцілі, што пачалося папярэдняе разгляданьне ягонае справы і што яму належыць адказваць на ўсе пытаньні, што могуць зьявіцца ў следства. Так праходзілі дні і ночы, каб адойчы пачуць сваё імя, як выклік на паседжаньне суду цэзара. У хуткім часе гэта і адбылося. Чэрвеньскім ранкам Паўла вывялі на суд цэзара. Яго не абвінавачвалі ў падпальваньні Рыму, бо ведалі тое, дзе ён быў у той час. Яго абвінавацілі ў прыналежнасьці да хрысьціянскага супольства, якое, у сувязі з рымскім пажарам, зьяўлялася ворагам цэзара. Павал жа абвяшчаўся адным з кіраўнікоў гэтага супольства, які найбольш актыўна распаўсюджваў забароненую веру, што мела на ўвазе абразу абагаўлёнай асобы імператара. Апостал не пагаджаўся з абразай цэзара, але і не адмаўляўся ад Госпада свайго Ісуса Хрыста. Справа для судзьдзяў была простай, а прысуд хуткі: «За распаўсюджаньне забароненай веры і абразу цэзара - сьмерць».

Прайшлі тры доўгіх дні і тры ночы, калі Нэрон, вярнуўшыся з Антыя, дзе ён быў на адпачынку, падпісаў сьмяротны прысуд рымскаму грамадзяніну Паўлу. Подпіс цэзара зьяўляўся адначасова і загадам, які належала выконваць неадкладна. 29 чэрвеня 65 года і стаўся днём выкананьня загаду цэзара. Паўла вывялі за гарадзкі мур і павялі па дарозе да Остыя, якая вяла да мора. Мінакі, якія ішлі да Остыя ці, наадварот, у Рым разумелі сэнс гэтай працэсіі, разумеючы, што нейкага асуджанага вядуць на пакараньне сьмерцю. Павольна ішлі ліктары, якія несьлі свае сякеркі са зьвязкамі дубцоў, ішоў за імі сам асуджаны, за ім ішоў кат, які нёс цяжкі меч, а замыкалі гэтую сумную працэсію некалькі жаўнераў, якія назіралі за парадкам. Дзіўна было толькі тое, што сталага ўзросту, закаваны ў ланцугі, асуджаны ішоў спакойна, ясны і спакойны позірк якога выказваў мір і любоў да ўсіх людзей. Ён ішоў на сьмерць, як да перамогі, як на сьвята, каб атрымаць вянец, да якога ён імкнуўся столькі гадоў. Яму, прапаведваючы заўсёды пра жыцьцё вечнае, дараванае нам Богам, пра вечнае жыцьцё ў Ісусе Хрысьце - чаго яму было баяцца? Прысутнасьць ката не вымушала яго забыцца пра прысутнасьць Ісуса Хрыста: ён быў з Ім зараз, ён будзе з Ім і заўсёды. Павал радаваўся, што хутка зноў убачыць Ісуса. Папярэднія ягоныя сустрэчы з Ім былі кароткімі і няпоўнымі - па дарозе ў Дамаск, Ерусаліме, Карынце… І вось зараз, толькі зараз ён сустрэнецца з Ім тварам да твару і даведаецца ад Яго нашмат болей, чым ён ведаў.

Каля трэцяга мільнага слупа па дарозе да Остыі працэсія збочыла да невялікага сасновага гаю, дзе знаходзілася месца за назваю Аквэ Сальвіэ ці Воды Ацаленьня. За імі пацягнуліся і разявакі, якіх заўсёды хапае пры публічным выкананьнем таго ці іншага прысуду. Сонца яшчэ не было высока, калі Паўла падвялі да эшафоту. Ён ня вельмі прыслухоўваўся да ліктараў, якія зачытвалі яму пастанову суду на сьмяротнае пакараньне, бо ў малітве зьвяртаўся да Госпада Ісуса Хрыста, дзякуючы Яго за хуткую сустрэчу з Ім. Побач стаяў напагатове кат, агаліўшы свой цяжкі меч, паміж гледачамі і месцам пакараньня сьмерцю стаялі ўзброеныя жаўнеры, пільна сочачы за прысутнымі людзьмі, каб у любы момант умяшацца ў магчымыя непажаданыя дзеяньні. Ланцугі былі зьнятыя і, пасьля таго як Паўла распранулі па пояс, яму закруцілі рукі за сьпіну і зьвязалі іх. Яго не бічавалі папярэдні прутамі і, як рымскага грамадзяніна, адразу падвялі да эшафоту. Апостал апусьціўся на калены і паклаў галаву на плаху. Бліснуў узьняты меч і ўсё было скончана. Ня ўсе прысутныя пачулі апошнія словы Паўла, але кат і стоячыя непадалёк ліктары маглі іх пачуць: «Хто адлучыць нас ад любові Божай? Галізна, ці небясьпека, ці меч? Цяперашнія часовыя пакуты нічога не каштуюць у параўнаньні з той славаю, якая адкрыецца ў нас».


Рецензии