От воли до неволи ч. 6

Дзень праходзіў за днём, зіма паціху саступала вясновым вятрам, якія ўсё больш і больш несьлі цяпло, абуджаючы зямлю і гатуючы яе да нараджэньня ўсяго жывога ад маленькага зерня, што вырасьце ў сонечнай цяплыні зямлі. Павал адчуваў гэтае набліжэньне цяпла так, як адчуваў гэта і кожны год свайго жыцьця. Ён памятаў свой Тарс і той прыход вясны, калі ён, разам з бацькам, ішоў да прачнуўшага ад зімовага сну порту, каб набыць неабходныя для іхняга рамяства тавары. Прачынаўся порт і тут, у Нікапале. Павал добра ўяўляў гэтую падрыхтоўчую партовую мітусьню, калі каманды караблёў гатуюць іх да выхаду ў мора. Да пачатку навігацыі заставалася яшчэ некалькі тыдняў і Павал добра ведаў, што ўжо гатаваліся сьпісы і неабходныя паперы для адпраўцы вязняў з Нікапаля ў Рым. Ён са шкадаваньнем думаў пра тое, што больш ужо ня ўбачыць Цімафея, які не пасьпеў прыйсьці да зімы, ды і зараз наўрад ці пасьпее. Хутка ня будзе каля яго і Лукі, якому не было дазволена суправаджаць апостала. Усё гэта не дадавала радасьці, але Павал, па ранейшаму, заставаўся ў супакоі і дзейнасьці. З усіх куткоў Македоніі і Ахаі прыходзілі да яго хрысьціяне для настаўленьня і ўзрастаньня ў веры. Прыходзілі да знакамітага прапаведніка і тыя, сэрца якіх шукала Госпада. Зіма давала добры плод Божаму Валадарству і многія, пачуўшы Паўла, навярнуліся, знайшоўшы для сябе Ісуса Хрыста. Тыдзень таму прыходзіў з Дальматыі Ціт, каб атрымаць апошнія настаўленьні і даручэньні на далейшае служэньне. Павал ведаў, што гэта іхняя апошняя сустрэча, але ніяк не выказваўся на гэта. Усё ішло сваёй чаргою і апостал, спадзяючыся на Бога, працягваў сваё служэньне Госпаду Ісусу Хрысту.

Яшчэ да прыходу Ціта ён, аднойчы, запрасіў Луку прачытаць што-небудзь са сваіх запісаў пра жыцьцё і служэньне Ісуса Хрыста. Лука, з радасьцю адгукнуўшыся, выбраў са свайго сьвітку месца, дзе Ісус кажа вучням прыповесьць пра вінагарадараў: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, і здаў яго вінаградарам, і выехаў на доўгі час. І ў свой час паслаў да вінаградараў слугу, каб яны далі яму пладоў з вінаградніку, але вінаградары, зьбіўшы яго, адаслалі ні з чым. Яшчэ паслаў іншага слугу, але яны і гэтага, зьбіўшы і зьняважыўшы, адаслалі ні з чым. Яшчэ паслаў трэцяга; але яны і таго, зраніўшы, выгналі. І сказаў гаспадар вінаградніку: “Што мне рабіць? Пашлю сына майго ўлюбёнага. Можа, убачыўшы яго, пасаромеюцца”. Убачыўшы ж яго, вінаградары разважалі між сабою, кажучы: “Гэта спадкаемца; пойдзем, заб’ем яго, каб нашаю сталася спадчына”. І, выгнаўшы яго вон з вінаградніку, забілі. Дык што зробіць з імі гаспадар вінаградніку? Прыйдзе і выгубіць вінаградараў гэтых, і аддасьць вінаграднік другім. Тыя, што чулі гэтае, сказалі: “Няхай ня станецца”».

Паўла вельмі ўразіла гэта гісторыя з вінаградарамі, хаця ён і разумеў сэнс пасланьня Ісуса да Сваіх вучняў. Яго зацікавіла дасьледаваньне гэтай няпростай і вельмі трывожнай гісторыі. Што ж жадаў перадаць у гэтай прыпавесьці Ісус Хрыстос? Безумоўна тое, што мы бачым злачынцаў, якія ня хочуць аддаваць пладоў і нават, потым, забіваюць сына гаспадара. Пытаньне простае і разам з тым складанае. Хто ёсьць вінаградарамі і хто ёсьць іхнімі ахвярамі? Хто ёсьць вінагарадары і хто ёсьць мы? А праўда ў тым што злачынцы вінаградары – гэта мы, людзі. І гэтая прыпавесьць Ісуса Хрыста пра нас. Гэтыя разважаньні не давалі спакою апосталу і ён вырашыў падзяліцца гэтым з хрысьціянамі, з якімі арганізаваў яму сустрэчу Лука.

Бог даў нам гэтую зямлю, але замест таго, каб аддаць належнае Госпаду, чалавек адвярнуўся ад Яго. Але і гэта чалавеку мала, бо ён патрабуе яшчэ і даплочваць за ягоную працу на гэтай зямлі. Як быццам бы Бог нешта павінен яму за гэта, бо адказны за чалавека і таму Ён павінен даць яму ўсё, што той хоча. Бог даў нам усё неабходнае для жыцьця і менавіта мы і ёсьць тыя самыя вінаградары-арэндатары, бо атрымалі ў карыстаньне тое, што самі не стваралі. Ці стваралі мы неба і зямлю? І ўсё, што ў іх? Ці самі сабе мы далі розум і здольнасьці? Ці стварылі мы сонца і зоркі ў небе? Ці наогул сусьвет? Не, не стваралі, але як мы паводзім сябе ў адносінах да таго, што дадзена нам бясплатна? Ды яшчэ і адмаўляем аддаць належнае Таму, хто даў нам усё гэта.

Прыповесьць Ісуса Хрыста мае даволі абвінавачвальны кірунак, але не адносіцца да ўсіх без выключэньня ў роўнай ступені, бо, напэўна, ня ўсе вінаградары, якія былі, ёсьць і будуць - маюць такі няўдзячны і жорсткі характар. Але ў той ці іншай ступені прыповесьць Хрыста тычыцца кожнага з нас. Ісус зьвяртае ўвагу на тое, што чалавек не жадае падпарадкоўвацца Госпаду і аддаваць Яму належную частку. І гэта тычыцца ня толькі матэр’яльнага здабытку, бо калі чалавек хлусіць ці крадзе, дык ён таксама ёсьць злачынцам перад Богам. Ісус распавядаў гэтую гісторыю юдэям, якія, дарэчы, прызнавалі і баяліся Бога. Але, звяртаючыся да іх, Ён, ад імя Бога, зьвяртаўся і да ўсіх пакаленьняў створанай Ім зямлі, разумеючы, што паганскі сьвет ня той - юдэйскі, дзе пакланеньне Госпаду было адзінадушным. І тым ня меньш яны паводзілі сябе так, як быццам бы Бог павінен быць для іх замест слугі, а таму плаціць за ягоныя паслугі зусім неабавязкова. Многія людзі хочуць толькі атрымліваць ад Яго на свае асабістыя патрэбы, а не служыць Яму, аддаючы належнае. На жаль такія мы і ёсьць ў большасьці сваёй. Вялікі падман, калі будуецца жыцьцё чалавека бяз Бога. І што ладнага ў тым, што зьвяртаючыся да Госпада з чым-небудзь, мы і не зьбіраемся адказаць ці паслужыць Яму? Альбо намагаемся ўступіць з Богам у нейкія камерцыйныя адносіны, каб патрабаваць ад Яго нашмат больш таго, што даем Яму мы.

Можна шмат чуць пра тое, што жыцьцё веруючага чалавека - гэта даволі спрошчанае і нярадаснае жыцьцё. Цемра блытаецца са сьвятлом. Нібыта вера нешта адбірае ў чалавека і абмяжоўвае яго. Аддаваць Богу? Навошта, бо і самім не хапае. Я, па сутнасьці, бедны і няшчасны, а Бог нешта хоча яшчэ і адабраць. А калі я нешта і адшкадую Яму, дык Ён за гэта павінен тройчы адпрацаваць. А мо і болей. Чаму так адбываецца? Таму што мы ворагі Богу, але куды мы можам уцякчы ў сваёй варжасьці да Яго? Мы зноў зьвяртаемся да Ісуса Хрыста, Які для таго і прыйшоў, каб пытаньне жыцьця і сьмерці чалавека магло вырашыцца. Каму да сьмерці, а каму да жыцьця. Кожны няхай выбірае сам. Сын Божы, як і сын гаспадара вінаградніку, прыйшоў да нас (ліхіх вінагарадараў), каб абвесьціць праўду гаспадара. І даць прабачэньне. І вось выбар. Ці мы з вінаградарамі, якія ўчынілі ліхое, ці мы з Сынам Божым, Які дае нам спадчыну Айца і жыцьцё вечнае. Альтэрнатыва перад намі. Заб’ем Яго ў сэрцы сваім, як вінаградары забілі сына гаспадара, каб завалодаць спадчынай Айца ці скарымся перад Ім, аддаўшы Яму належнае. Але ці могуць мець спадчыну забойцы? І што зробіць Айцец з тымі, хто забіў Сына ў сэрцы сваім? Прыповесьць Ісуса адказвае на гэта. Сьмерць - гэта тое, што чакае бязбожніка, бо гэта і ёсьць той ліхі вінагарадар, які ўзбунтаваўся супраць гаспадара вінаградніку.

І Павал, узьняўшыся над усімі, зьвярнуўся ў малітве да Госпада: «Калі мы паверылі ў Ісуса Хрыста, дык атрымалі надзею ў адзіную магчымасьць мець жыцьцё і пазбавіцца сьмерці вечнай, нягледзячы на тое, што ліхія вінаградары могуць нас пабіць, а нават і пакалечыць. І калі мы прыходзім у сьвет (да вінаградараў), каб несьці праўду Айца, Сына і Сьвятога Духа, дык ня факт, што мы не пацерпім ад гэтага. І таму мы зьвяртаемся да Госпада з тым, каб ліхія вінаградары пакаяліся перад Ім і прынялі з радасьцю тое, што даў ім Бог, для жыцьця вечнага. І з Ім. Амэн».

Сакавік 65 году ўжо гатаваўся саступіць сваё месца братняму красавіку. Прырода абуджалася і палеткі віталі сваіх земляробаў, якія ўжо засумавалі па сваёй звыклай працы. Прачынаўся і марскі порт, які напружана гатаваўся да таго моманту, калі першыя караблі выйдуць у марскую прастору, каб дасягнуць іншага порту, як мэты свайго плаваньня. Унутрана гатаваўся да гэтага і Павал, які, у хуткім часе, ступіць на палубу прызначанага карабля, каб зноў апынуцца ў Рыме і прайсьці праз вязьніцу на суд цэзара. А пакуль што працягвалася актыўная праца апостала на ніве Божага Валадарства. Ён па-ранейшаму сустракаўся з рознымі людзьмі, каб павялічваць яго ня толькі колькасна, але і якасна. Настаўленьні і разважаньні настаўніка прыходзілі паслухаць як хрысьціяне, так і тыя, хто сэрцам імкнуўся да Госпада.

На адной такой сустрэчы нехта запытаў Паўла пра тое, што ёсьць дзеці Божыя? Апосталу вельмі спадабалася гэтае пытаньне і ён пачаў сваю пропаведзь, прыгадаўшы свае словы, якія ўжо былі адрасаваны калісьці да галятаў: «А калі прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына Свайго, Які быў з жанчыны і быў пад Законам, каб адкупіць тых, якія пад Законам, каб нам атрымаць усынаўленьне. А як вы - сыны, Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, які кліча: “Абба Ойча”! Так што ты ўжо не слуга, але сын; а калі сын, дык і спадкаемца Бога праз Хрыста».

Ісус Хрыстос прыйшоў у гэты сьвет, каб, праз збаўленьне, мы атрымалі ўсынаўленьне Айца. Тыя, хто прымаюць Слова Божае, прымаюць ўсынаўленьне і становяцца сынамі ці дочкамі Божымі. І ў гэтым праяўляецца велічная ды самаадданая любоў Бога да тых, хто праз веру ў Ісуса Хрыста вяртаецца да Яго. Ня мы палюбілі Бога, бо ці можа чалавек, які бунтуе супраць Госпада любіць Яго? Госпад любіць нас і толькі Ён праяўляе міласьць да нас, калі дае цудоўную магчымасьць збаўленьня праз ахвярную сьмерць Свайго Сына. Бог дае нам Збаўцу, каб мы, атрымаўшы жыцьцё вечнае, сталі спадкаемцамі Божымі праз Ісуса Хрыста. Але што гэта азначае,- быць сынам Божым?

Па-першае, быць упэўненымі ў прысутнасьці Айца, што зьнішчае ўсялякі страх перад рознымі небясьпечнымі абставінамі гэтага сьвету. Госпад упэўнівае нас у тым, што ня сьлед баяцца, бо мы каштоўныя для Яго і Ён ня толькі абараняе нас, але і папярэджвае ад сьмерці ў грэху. Ён наш Айцец, а мы Ягоныя дзеці. Як любячы Айцец, Ён падтрымлівае Сваіх дзяцей ў той ступені, якую мы можам трываць. І вось, давайце ўявім сабе, якую моцу мае Бог, а якую мы? Ён не зьнішчае нас, але папярэджвае, калі мы намагаемся выйсьці за межы дазволенага. Айцец любіць нас і добра бачыць усё тое добрае, што ёсьць у нас, бо ўсё гэта ад Яго. Мы маем цудоўную магчымасьць у любы час прыйсьці да Яго, бо Ён ведае нас, любіць нас, заўсёды чакае і шкадуе нас. Калі мы ўпершыню прыходзім да Айца, дык вельмі ўдзячны і за тое, што маем магчымасьць сядзець у далекім канцы стала і асьцярожна туды садзімся. Але, даўшы нам прабачэньне, Ён запрашае нас на ганаровае месца каля Сябе. Мы ж адказваем Яму ў шчырай малітве праслаўленьнем і падзякай за запрашэньне быць разам з Ім на ганаровым месцы каля Яго.

Упэўненасьць наша ў Госпадзе нашым. Мы ўпэўнены, што Ісус Хрыстос адкрывае нам славу сьвятасьці і радасьць перамогі над грахом. Мы ўпэўнены, што любоў Бога да нас настолькі глыбокая, наколькі мы можам гэта зразумець. Мы ўпэўнены, што дзеці Божыя - дастойныя субяседнікі Ісуса Хрыста. Мы ўпэўнены, што Госпад радуецца, калі мы ядзім хлеб у Ягоным Валадарстве разам з Ім. Мы ўпэўнены, што будзем знаходзіцца ў самых блізкіх зносінах з Госпадам, але будзем у пакоры падпарадкоўвацца Яму ў-ва ўсім. Мы ўпэўнены, што будзем з радасьцю служыць Яму і, з захапленьнем, пакланяцца Яму. Мы ўпэўнены ў тым, што мы - браты і сёстры з дабраславёнай сям’і, у якой першынец - Ісус Хрыстос. На жаль, гэтыя словы ўпэўненасьці ня тычацца няверуючага чалавека, бо хто ня верыць у Сына, той ня мае жыцьця і таму ня можа прыпадобіцца жывому Хрысту. Але няхай бачыць грэшнік дзіўную міласьць Бога, бо калі мы прыходзім да Яго, Ён прымае нас і робіць нас Сваімі сынамі і дочкамі, даўшы нам духа ўсынаўленьня. Слава Богу!

Па-другое, сыноўства дазваляе служыць Госпаду. Тут трэба сказаць тое, што Богу служаць усе: і веруючыя, і няверуючыя. Але ёсьць істотная розьніца паміж служэньнем веруючага чалавека і службай няверуючага. Веруючы служыць як сын, бо калі сын служыць на карысьць Валадарства Божага, дык ён, дабраславеньнем Божым працуе на сябе,- на сваю спадчыну. Няверуючы таксама служыць, але гэтая служба прымусовая і таму ён спадчыны не атрымае, бо ня мае Божага Валадарства. І тут Павал нагадаў прысутным прыповесьць Ісуса Хрыста, якую ён чуў ад Лукі і дзе гаворка ішла пра блуднага малодшага сына, які ўзяў сваю частку маёмасьці ад бацькі і, пайшоўшы ў далёкі край, распусьціў яе, жывучы распусна: «У аднаго чалавека былі два сыны. І сказаў малодшы з іх бацьку: “Бацька, дай мне належную частку маёмасьці”. І падзяліў ім маёмасьць. І праз некалькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, выправіўся ў далёкі край, і там змарнаваў маёмасьць сваю, жывучы распусна. Калі ж выдаткаваў усё, стаўся вялікі голад у тым краі, і ён пачаў мець нястачу. І пайшоўшы, прыстаў да аднаго з грамадзянаў таго краю, і той паслаў яго на поле сваё пасьвіць сьвіняў. І ён жадаў напоўніць жывот свой шалупіньнем, якое елі сьвіньні, і ніхто не даваў яму. Апамятаўшыся, ён сказаў; “Колькі парабкаў у бацькі майго маюць лішак хлеба, а я паміраю з голаду! Устаўшы пайду да бацькі майго і скажу яму: “Ойча! Я саграшыў супраць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім; зрабі мяне адным з парабкаў тваіх”. І, устаўшы, прыйшоў да бацькі свайго. Калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зьлітаваўся, і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і цалаваў яго. Сын жа сказаў яму: “Ойча! Я зграшыў супраць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім”. А бацька сказаў слугам сваім: “Прынясіце найлепшыя шаты, і апраніце яго, і дайце пярсьцёнак на руку ягоную і сандалы на ногі. І прывядзеце кормнае цяля, і закалеце, і, паеўшы, будзем весяліцца. Бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца. А старэйшы сын ягоны быў у полі. І калі варочаючыся, падыйшоў да дому, пачуў сьпевы і скокі. І, паклікаўшы аднаго са слугаў сваіх, спытаўся: “Што гэта адбываецца?” Той жа сказаў яму: “Брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў кормнае цяля, бо атрымаў яго здаровым”. Загневаўся ён і не хацеў увайсьці. Тады бацька ягоны, выйшаўшы, клікаў яго. А ён адказваючы, сказаў бацьку: “Вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не адступіў ад прыказаньня твайго, і ты ніколі ня даў мне і казьляняці, каб мне павесяліцца з сябрамі маімі. А калі гэты сын твой, пажоршы маёмасьць тваю з распусьніцамі, прыйшоў, ты закалоў для яго кормнае цяля”. Ён жа сказаў яму: “Дзіця! Ты заўсёды са мною, і ўсё маё -  тваё. А з таго трэба цешыцца і радавацца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся».

Гэтая гісторыя пра ўсіх нас, пра ўсіх тых, хто пайшоў ад Айца з тым, што даў яму Бог. Розум і здольнасьці - вось нашая доля маёмасьці Божай. Але што мы зрабілі з гэтай маёмасьцю і як яго распусьцілі ў краіне грэху? Сумная гісторыя амаль што для кожнага з нас, бо прыпадобіліся да малодшага сына, які распусьціў дадзенае яму і які быў вымушаны есьці разам са сьвіньнямі. А што старэйшы сын? Ён працаваў на бацькавым полі, але быў па сутнасьці нявольнікам, бо ў сэрцы сваім быў разам з малодшым ў той «вясёлай» і распуснай краіне. І таму зусім ня дзіўна, што ён абурыўся такім пакаяным вяртаньнем свайго малодшага брата. Зьвярнем увагу на два наступных моманты. Старэйшы сын ня радуецца вяртаньню гінучай душы. І па-другое, ён папракае бацьку за тое, што той ня даў яму магчымасьці павесяліцца з сябрамі ў той час, калі малодшы меў «гэтага вясельля» звыш меры.

Старэйшы брат працаваў на бацьку, але марыў пра той дзень, калі ён атрымае магчымасьць весяліцца з сябрамі. І вось вяртаньне блуднага сына перакрэсьлівае ягоныя мары сэрца. Не, ня меў старэйшы брат спадчыны, бо зайздросьціў меньшаму і марыў пра тое, што зьдзейсьніў малодшы. Але мабыць ня ведаў ён галоўнага: «Чаму малодшы вярнуўся да бацькі свайго?» Ці не таму, што дайшоў да таго, што вымушаны быў есьці разам са сьвіньнямі? Абодва браты - людзі грэшныя і кожны з іх ня верыў у бацькоўскую ласку. Але малодшы брат зразумеў свае памылкі і вяртаецца сумленна ды сьвядома да бацькі свайго. Ён зноў стаў сынам свайго бацькі, каб працаваць на бацькавым полі і памнажаць сваю спадчыну. Сапраўдныя сыны і дочкі нашага Нябеснага Айца - тыя, хто служаць Яму, працай сваёй пашыраючы Валадарства Божае, як спадчыну, што дае нам Бог.

Трэба быць годным свайго Айца, бо калі мы ёсьць дзеці Божыя, дык мы ёсьць прадстаўнікі Бога на гэтай зямлі. Можна зьвярнуць увагу на тое, што калі нейкія людзі зьвяртаюцца па нейкім патрэбам да Госпада і не атрымліваюць дапамогі ці адказу, дык яны зьвяртаюцца менавіта да нас, веруючых людзей: ці з заклікам да малітоўнай дапамогі, ці наогул са скаргай на Бога. І гэта адбываецца менавіта таму, што няверуючыя людзі прызнаюць нашае дачыненьне да Госпада, як Ягоных прадстаўнікоў у гэтым сьвеце. Але гэта накладае на нас і вялікую адказнасьць, бо прадстаўнік Божы павінен жыць у чысьціні і праведнасьці свайго Айца. Калі мы глядзім на чужых дзяцей, дык абавязкова складаем пэўнае ўражаньне пра іхніх бацькоў. Вось так глядзяць і на нас - дзяцей Божых. І менавіта гэта накладае на нас пячатку адказнасьці за прыналежнасьць да дому Айца.

Бог даў нам такое цудоўнае права - быць адказнымі за захаваньне і памнажэньне Ягонай славы сярод Ягоных стварэньняў. Зусім не дарма Ісус Хрыстос казаў дзецям Божым: «Вы - сьвятло сьвету. Ня можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. Ніхто не запальвае сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзінай, але на сьвечніку, і яна сьвеціць усім, хто ёсьць ў доме. Гэтак няхай сьвятло вашае сьвеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя справы і славілі Айца вашага, Які у небе». Бог жадае, каб мы былі Ягонаю славай у гэтым сьвеце. Але ня ўсё так проста, бо нашае жыцьцё складаецца з учынкаў ня толькі тых, якія славяць Госпада, але і з тых, якія Яго ганьбяць. І таму мы павінны вельмі сур’ёзна і ўважліва ставіцца да нашага жыцьця ўвогуле і да нашых кожнадзённых учынкаў у прыватнасьці.

Мы дзеці Госпада і гэта накладае на нас вялікую адказнасьць перад усім сьветам, бо з нас і спрос падвойны за дзеі нашыя. Любячы бацька заўсёды выхоўвае сына, бо калі гэта ня так, дык складаецца ўражаньне, што сын бацьку абыякавы. І тут Павал нагадаў свае ж словы, якія ён калісьці адрасаваў да гебраяў: «Бо каго любіць Госпад, таго выхоўвае, і бічуе ўсякага сына, якога прыймае. Калі вы зносіце выхаваньне, Бог ставіцца да вас, як да сыноў. Бо ці ёсьць гэтакі сын, якога не выхоўвае бацька? А калі вы без выхаваньня, удзельнікамі якога сталіся ўсе, дык вы - байструкі, а не сыны. Да таго, калі мы мелі бацькоў цела нашага, якія нас выхоўвалі, і саромеліся перад імі, ці ня шмат больш маем падпарадкоўвацца Айцу духаў і будзем жыць? Бо тыя выхоўвалі, як самі думалі, на некалькі дзён; а Ён - на карысьць нашую, каб нам удзельнічаць у сьвятасьці Яго. Усякае ж выхаваньне ў цяперашні час здаецца ня радасьцю, але смуткам; а пасьля дае навучанным праз яго мірны плод праведнасьці. Дзеля гэтага выпрастуйце рукі, што апусьціліся, і калені, што самлелі, і сьцежкі простыя рабіце нагам вашым, каб кульгавае нікуды ня збочыла, а лепш было аздароўленае. Імкніцеся да супакою з усімі і да сьвятасьці, без якое ніхто ня ўбачыць Госпада, гледзячы, каб хто ня страціў ласкі Божае; каб які корань горычы, вырасшы ўверх, не зрабіў шкоды, і каб праз яго не занячысьціліся многія».

Бог дае нам волю, але ў пэўных межах і калі мы набліжаемся да гэтай мяжы, дык Ён папярэджвае нас. А калі пераходзім гэтую мяжу, дык Бог выхоўвае нас за нашую непаслухмянасьць. Госпад вядзе нас - Сваіх дзяцей. Ён ня проста хоча скасаваць нашыя грахі і не выхоўваць нас, але Бог хоча бачыць нас сапраўднымі дзецьмі - выхаванымі і адказнымі, якія сьвядома працуюць у Ягоным вінаградніку і сьвядома пашыраюць Валадарства Божае. Як дзеці Божыя, мы павінны ўзносіць малітвы пра тое, каб наш Госпад неадкладна наведаў няверуючыя сэрцы і адкрыў ім праўду: каля Бога шмат ласкі, па-за Бога - пагібель. І няхай той, хто ўсьвядоміць гэтую праўду прыйдзе да Ісуса Хрыста і атрымае волю дзяцей Божых. Амэн.

Апошнія часы перад, будучым і нявольным, падарожжам у Рым, апостал праводзіў у пропаведзях і разважаньнях пра тую Божую праўду, якая і ёсьць сапраўднай. Павал ужо ведаў, што праз некалькі дзён яго, закаванага ў ланцугі, накіруюць у марскі шлях, які прывядзе яго, у рэшце рэшт, да Рыму. Ведалі гэта хрысьціяне Нікапаля, і ня толькі. З многіх месцаў Ахаі і Македоніі прыходзілі розныя людзі, каб паслухаць Паўла і развітацца з апосталам. Павал быў вельмі рады гэтым людзям і вось зараз ён вырашыў разьвітацца з прысутнымі пропаведзьдзю пра кроў Ісуса Хрыста. Яму гэтая тэма была блізкай і разважнай у сваіх думках, але і ня толькі.

Ня так і даўно ён звяртаўся з гэтым да эфэсцаў: «На пахвалу ласкі Сваёй, якой абдарыў нас ва Ўлюбёным, у якім маем адкупленьне праз кроў Яго, адпушчэньне грахоў, паводле багацьця ласкі Яго, якую Ён шчодра зьявіў нам ва ўсякай мудрасьці і разуменьні». Павал прапанаваў разважыць пра каштоўнасьць крыві Ісуса Хрыста. І, дзеля гэтага, каб пачаць разважаньні на гэтую тэму, ён вызначыў той факт, што для многіх і многіх людзей кроў Ісуса Хрыста, як дарэчы і іншая кроў, ня мае вялікага значэньня і таму ня мае вялікай каштоўнасьці. Але, чаму гэта так? Чаму мы ня бачым таго, што пралітая кроў азначае ня што іншае, як прабачэньне і вызваленьне ад грэху? І таму Павал прапанаваў зьвярнуцца да Слова Божага, каб вызначыцца ў гэтым пытаньні.

Калі Бог зьдзяйсьняў Свой план па выхаду Ізраіля з Эгіпту, было слова Божае: «І будзе ў вас кроў знакам на дамах, дзе вы знаходзіцеся, і ўбачу кроў і прайду міма вас, і ня будзе сярод вас пошасьці згубнае, калі буду караць зямлю Эгіпецкую». Так Бог захоўваў жыцьцё Свайго народа ў ранейшым, так Ён захоўвае і нашае жыцьцё, калі бачыць ахвярную Кроў Ісуса Хрыста. Бог павінен бачыць кроў. Кроў ахвяры. Але што гэта такое - кроў? У фізічным сэнсе, кроў - гэта той элемент, які сваім дзеяньнем трымае жыцьцё кожнай жывой істоты. Няма крыві, няма і жыцьця, бо менавіта кроў разносіць усім часткам нашага цела тую ежу, якая неабходная для існаваньня кожнага жывога Божага стварэньня. Кроў нясе ў сабе жыцьцё і мы жывём дзякуючы крыві. Кроў вельмі каштоўная для нас. Нашая кроў. Але пралітая Кроў Ісуса Хрыста. Што яна для нас? Якую каштоўнасьць мае яна для нас?

На жаль, для многіх людзей кроў Ісуса Хрыста ня мае вялікай каштоўнасьці. І мы не зразумеем гэтага да таго часу, пакуль не зразумеем, што кроў, сама па сабе, вельмі каштоўная для Бога, бо толькі праз кроў людзі ўсіх вякоў атрымлівалі прабачэньне за сваё грахоўнае жыцьцё. Нагадаем, як пралілася першая кроў і кім яна была пралітая. Адам і Ева зграшылі, наклікаўшы на сябе сьмерць. Але яны не памерлі, бо любячы Бог першым праліў кроў жывёлаў, каб пакрыць голыя целы Адама і Евы: «І зрабіў Госпад Бог Адаму і жонцы яго вопратку скураную і апрануў іх». Такім чынам, праліцьцём нявіннай крыві, былі памілаваныя першыя грэшнікі. Далей мы бачым, як кроў ахвярных ягнятаў дае бясьпеку і збаўленьне народу Ізраіля пры выхадзе яго з Эгіпту. Бог пастанавіў гэтую працэдуру, каб кроў ахвярнай жывёлы пакрывала грахі чалавека, бо ў момант прынашэньня ахвяры, накладаньнем рук, пераходзілі грахі чалавека на жывёлу, якая з бязьвіннай ператваралася ў грэх і таму павінна была праз праліцьцё крыві памерці. Так было ў Ізраілі, так было ў Юдэі, так было ў-ва ўсім Старым Запавеце. Сьвятар уваходзіў з гэтай крывёю ў сьвятая сьвятых і крапіў ёю каўчэг запавету.

І вось, Ісус Хрыстос прымае ўвесь грэх гэтага сьвету і Сам становіцца грахом, каб памерці, праліўшы Сваю Кроў за нас. Дасканалая і апошняя Ахвяра, каб даць нам магчымасьць вярнуцца да Айца і атрымаць тое, што ўсе мы згубілі ў Адаме - прысутнасьць Госпада і ўсе тыя дабраславеньні, якія мы згубілі праз грэх Адама. Уваскросшы Ісус уваходзіць да Айца са Сваёй Крывёю, як Сьвятар і Ахвяра адначасова. Нам трэба болей разважаць пра кроў, каб ведаць сьвятую сутнасьць і сьвятую каштоўнасьць Крыві Ісуса Хрыста. Кроў - гэта кошт выкупу, дзякуючы якому мы атрымліваем збаўленьне. Па сутнасьці, усе мы былі згубленыя для Бога, бо Бог згубіў нас бунтам Адама, таму што ня можа праведны Бог цярпець грэх. Плата за грэх - сьмерць.

Але Бог любіць нас і ня хоча нашай сьмерці. Ён хоча вярнуць нас да Сябе. Але як? На пачатку кроў беззаганных ягнятаў пакрывала грахі чалавека і такім чынам захоўвалася нейкая раўнавага ў адносінах паміж Госпадам і чалавекам. Чалавек, згублены Госпадам, вельмі падобны на нейкую каштоўную рэч, якую нехта аднёс у ламбард. З аднаго боку, яна прыналежыць яму, але з іншага боку, яна лічыцца страчанай да таго часу, пакуль гэты нехта ня прынясе ў ламбард выкуп і не набудзе яе зноў. Кроў Ісуса Хрыста, вось кошт нашага выкупу з ламбарду грэшнага сьвету. Але ніхто няхай ня думае, што гэта плата дъяблу за выкуп з ягонага рабства. Гэта плата Айцу за нас, за нашае збаўленьне і вяртаньне ў Ягоную прысутнасьць, бо без праліцьця крыві ня можа быць прабачэньня ад праведнага Айца. Што яшчэ мы павінны ведаць пра кроў?

Кроў мае голас. Апостал зьвярнуўся да прысутных са словам, выказаным у звароце да гебраяў: «Але вы падыйшлі да гары Сыён і да гораду Бога жывога, да нябеснага Ерусаліму і да дзясяткаў тысячаў анёлаў, да вальнага зграмаджэньня і царквы першародных, якія запісаныя ў небе, і да Бога, Судзьдзі ўсіх, і да духаў праведных і дасканалых, і да Пасярэдніка Новага Запавету Ісуса, і да крыві пакрапленьня, якая лепеш за Абэлеву гаворыць».

Пра што ж казала пралітая кроў Абэля? Яна крычала з зямлі, патрабуючы адплаты: «І сказаў Госпад: што ты зрабіў? Голас крыві брата твайго крычыць Мне з зямлі; і сёньня пракляты ты ад зямлі, якая разьзявіла вусны свае прыняць кроў брата твайго ад рукі тваёй». Але ня так з Крывёю Ісуса Хрыста, бо яна кажа пра міласьць і прабачэньне тых, хто заслугоўвае сьмерці за свае грахі. Без праліцьця крыві не бывае прабачэньня за нашыя грахі, бо кожны грэх вядзе да сьмерці і толькі пралітая Кроў Ісуса Хрыста дае нам прабачэньне праведнага Айца. Але Кроў Хрыста ня будзе каштоўнай, калі мы не зразумеем, што яна робіць для нас.

Кроў Хрыста перамагае хлусьню д’ябла. Д’ябал ёсьць паклёпнік, які засмучае сэрцы людзей ўкладаючы ў іх пачуцьце віны. Віны перад Госпадам, віны перад роднымі, віны перад грамадзтвам і гэтак далей. Наогул мэта д’ябла ў тым, што ён, сваёй хлусьнёю, намагаецца адарваць чалавека ад Бога, процідзейнічаць вяртаньню чалавека ў прысутнасьць Госпада і такім чынам накіроўваць яго да пагібелі ў вечнасьці. І калі мы ня ведаем, як адолець гэтае пачуцьце, дык і набываем сабе дэпрэсію ды прыгнячэньне, а значыць губляем радасьць жыцьця. Просты прыклад. Мы згубілі грошы і грошы немалыя. Як мы сябе паводзім? Большасьць з нас пачынае абвінавачваць сябе ў тых абставінах ці тых асабістых недарэчнасьцях, пры якіх усё гэта здарылася. Але, ці павінны мы сябе так паводзіць? Ці не павінны мы разумець, што мы ёсьць для Госпада каўтоўшасьцю нашмат большай, чым любыя грошы сьвету.

Дзеля таго Ісус Хрыстос і праліў Сваю Кроў, каб мы былі свабодныя ад цяжару віны. Кроў Хрыста апраўдвае і прымірае нас з Богам: «Таму тым болей цяпер, калі мы апраўданыя крывёю Ягонаю, ратуемся Ім ад гневу. Бо калі мы, будучы ворагамі, прымірыліся з Богам сьмерцю Сына Ягонага, дык тым болей, прымірыўшыся, уратуемся жыцьцём Ягоным; і мала таго, але і хвалімся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз Якога мы атрымалі цяпер прымірэньне». Бог запрашае нас да прымірэньня, калі апраўдвае нас праз ахвяру Ісуса Хрыста, якую прыносіць Ён Айцу для нас і дзеля нас. Не за нашыя заслугі і нейкія добрыя справы апраўдвае нас Бог, але адзіна Крывёю Ісуса Хрыста, якая пралілася як пакараньне за грахі гэтага сьвету.

Кроў Хрыста ачышчае нас: «Бо, калі кроў цялят і казлоў і попел ялаўкі праз акрапленьне асьвячае апаганенных, каб чыстае было цела, дык наколькі ж болей Кроў Хрыста, Які Духам Сьвятым прынёс Сябе, бездакорнага, Богу, ачысьціць сумленьне нашае ад мёртвых дзеяў, на служэньне Богу жывому і сапраўднаму». Усьведамленьне нячыстага сумленьня аддаляе нас ад Бога. Але задача Крыві Хрыста ў тым, што акрапіўшы нас ёю, Ён ачышчае нашае сумленьне, каб наблізіць нас да Айца. Як Кроў Ісуса Хрыста акрапляе нашыя сэрцы, каб ачысьціць нас? Духам Сьвятым, Які жыве ў нас. Ісус Хрыстос акрапляе нас Сваёй Крывёю ў той момант, калі мы прымаем збаўленьне, якое прыходзіць да нас з Крыжа на Галгофе.

І гэта не фізічнае акрапленьне, але законны духоўны акт. Акрапленьне Крывёю Хрыста нашых сэрцаў - гэта адказ на нашую веру. Да таго часу, пакуль мы не паверым у сілу Ягонай ахвяры на Крыжы, Кроў Ісуса Хрыста ня можа даць нам збаўленьне: «Якога Бог прынёс у ахвяру ўмілажальваньня ў Крыві Ягонай праз веру, для паказу справядлівасьці Ягонай ў дараваньні грахоў, учынённых раней, у доўгім цярпеньні Божым, для паказу справядлівасьці Ягонай ў сёняшні час, - хай зьявіцца Ён справядлівы і апраўдае таго, хто веруе ў Ісуса». Але як нам ведаць, што Кроў Хрыста акрапляе нашае сэрца? Калі мы заклікаем да Сьвятога Духа і дазваляем Яму выкрываць цемру нашых сэрцаў, дык мы можам быць упэўненымі, што знаходзімся пад пакрывай Крыві акрапленьня. Калі мы, знаходзячыся пад уціскам д’ябла, з вераю абвяшчаем сілу і ўладу Крыві Ісуса Хрыста, дык таксама можам быць упэўненымі, што маем пакрыву крыві акрапленьня. Мірнае і чыстае сумленьне - гэта тая азнака крыві акрапленьня, якая ачышчае нашае сэрца.

Кроў Хрыста дае нам Новы і вечны Запавет. Павал нагадаў прысутным словы Ісуса Хрыста, якія Ён казаў на апошняй вячэры вучням Сваім: «І ўзяўшы хлеб, падзякаваўшы, паламаў і даў ім, кажучы: “Гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас даецца. Рабіце гэта на ўспамін пра Мяне”. Гэтак сама і келіх узяў пасьля вячэры, кажучы: “Гэта келіх Новага Запавету ў Крыві Маёй, якая за вас праліваецца”». Калі мы прыходзім да Крыві Ісуса Хрыста, мы, Духам Сьвятым, зьвяртаемся да Слова Божага - Пісаньня. Навошта Сьвяты Дух распальвае ў нашых сэрцах агонь, які выклікае патрабавальную смагу да пазнаньня Старога і Новага Запаветаў? Упэўнены, што гэтая смага ўзьнікае як вынік акрапленьня нашага сэрца Крывёю Таго, Хто праліў яе за нас з вамі. І няхай мы гэтага, адразу, як сьлед, не разумеем, але мы, амаль што падсьвядома, імкнемся да вывучэньня Старога Запавету, як той глебы, на якой узыйшоў Новы і вечны Запавет, які адлюстроўвае вяртаньне згубленага народа да свайго Госпада. Вяртаньне няпростае, бо мы выкупленыя з няволі вялікім коштам - праліцьцём нявіннай ахвярнай Крыві Ісуса Хрыста.

Так, вяртаньне няпростае і знаўца Пісаньня Павал распавёў сваім слухачам тое, што далёка ня кожны з іх гэта ведаў. Стары Запавет кажа пра праведнае жыцьцё чалавека ня больш, чым на некалькіх старонках свайго апавяданьня. Даволі хутка, скончылася праведнае жыцьцё чалавека і з адпадзеньнем чалавека ад Бога, пачалася іншая гісторыя - гісторыя збаўленьня і вяртаньне чалавека ў прысутнасьць Госпада. Бог ня кінуў Сваіх неразумных стварэньняў, але накіроўваў іх пры дапамозе Сваіх запаветаў. Ён дае запаветы Ною, Абрагаму, Майсею, Давіду і гэтак далей. Мы ня будзем падрабязна разглядаць старазапаветныя пасланьні Госпада, але зазначым, што менавіта яны складаюць тую глебу, на якой і вырастае Новы ды вечны Запавет. Вечны - таму што непарушны. Але чаму?

Бог ёсьць па-над усім і таму мае вечную, незьмяняльную, а значыць і непарушную прыроду. Сувязь Айца і Сына - гэта непарушная сувязь, бо гэта сувязь Бога Айца і Сына. Новы Запавет заснаваны на Крыві Сына і таму мае вечны і непарушны характар. І ня будзе іншага. Павал, узьняўшыся, прамовіў да слухаючых яго людзей: «І дзеля гэтага Ён - Пасярэднік новага запавету, каб як станецца сьмерць, дзеля адкупленьня парушэньняў, што былі пры першым запавеце, тыя, якія пакліканыя да вечнае спадчыны, атрымалі абяцаньне. Бо дзе запавет, трэба, каб прыйшла сьмерць таго, хто заключыў яго, бо запавет набывае моц ад памёршых; ён ня мае сілы, пакуль жыве той, хто заключыў яго. Дык і першы запавет быў усталяваны не без крыві.

Бо Майсей, сказаўшы ўсе прыказаньні паводле Закону ўсяму народу, узяў кроў цялят і казлоў з вадою, і воўнай пунсовай, і ізопам, пакрапіў і саму кнігу, і ўвесь народ, кажучы: “Гэта кроў запавету, які даў вам Бог”». Іншымі словамі, Ісус Хрыстос запрашае нас да той вечнай спадчыны, што мы ўсе згубілі ў Адаме і таму мы становімся часткаю непарушнага Новага і вечнага Запавету. Аб’яднаныя і ачышчаныя Крывёю Ісуса Хрыста, бо ўсе мы сыны Божыя па веры ў Хрыста Ісуса; усе мы, хто хрысьціўся ў Хрыста, у Хрыста і апрануліся. Тыя, хто апрануўся ў Ісуса Хрыста, павінны ўсьведамляць, што мы выкупленыя Крывёю Хрыста і таму прыналежым Яму. Як Ён перамог сьмерць і грэх, так і мы ёсьць пераможцы ў Хрысьце Ісусе. Ён атрымаў перамогу для нас, бо Ягоная Кроў перамагла. І таму, мы павінны абвяшчаць перамогу Крыві Ісуса Хрыста. Мы ачышчаныя і апраўданыя, мы абароненыя і выкупленыя Крывёю Хрыста. Каб быць, па пастанове Новага і вечнага Запавету, разам з Ісусам Хрыстом. На вякі вякоў. Амэн.


Рецензии