Спiс

Спіс 

Мы сядзелі ў майстэрні. Пілі моцную перуанскую каву.
Потым палілі. Размаўлялі. Размаўлялі. Палілі зноў. За вакном дзявятага паверха сонца разгарнула аблокі. Апошні дзень высакоснага года. Што дасць нам гэты год? Намагаемся рабіць нейкія прагнозы, але аналітыка спаўзае паціху ў прарэхі памяці.

Са сценаў на нас пазіраюць твары засяроджаных людзей. Кветкі. Мінскія шэрыя краявіды. Анёлы. Котка і адчыненая дзверца грубкі, дзе палымнеюць сухія дровы.
Возера і лодка. Старая Данілаўна з кіёчкам на адвечным шляху, нейкага ратаваць, ахвяраваць жыццём свайго гаротнага пеўня з залатымі лапамі, на якіх ужо зацягнуты чырвоныя матузы лёсу.

Мой Сябар ёсць чалавекам творчым. Мэтанакіраваным. Жорсткім. Падыйшоў да падваконніку, узяў у руку старую блешню.
Раптам прамовіў:
-Ведаеш, што для поўнага шчасця вось зараз патрэбна?
Я разгубіўся.
Такі чалавек, які дабіўся ў жыцці вяршыні, зрабіўся маленькім хлопчыкам з колішняга  пажоўклага фотаздымку. Вось такія мары.

Дзесяць пунктаў. Толькі дзесяць.
Набор пэндзляў, фарбы, блешні, жылка... З адпаведнымі назвамі вытворцаў.
Я разгубіўся. І... сам праваліўся ў дзяцінства.
Паветраны змей, люстэрка за восем капеек у лесгасаўскай краме.
Спінінг з рапіры, як у суседа, вайсковага пенсіянера дзядзькі Сашы.
І блешні: "Норыч" , "Байкал" , набор кручкоў на карася...

Так адразу захацелася ў дзяцінства, у вёску, на Палессе, да Прыпяці,дзе лета, дзе бегаеш басанож. І ўсе твае сябры і родныя яшчэ жывыя.

А цяпер  застаўся толькі доўгі-доўгі спіс, які падаеш кожны год у царкву і касцёл. На Радуніцу і Дзяды.

Мы сядзелі ў майстэрні. Кава і цыгарэты скончыліся. З невялічкай акварэлі на нас пазіраў Святы Пятро з ключамі. Ён нібы пытаўся, ці гатовыя мы аддаць свой "спіс" і ці не засталося ў ім яшчэ чагосьці, што трымае нас тут, у гэтым шэрым Мінску.


Рецензии