После написанного
Вось і ўсё. Жыцьцё найвялікшага з апосталаў згасла і, разважаючы па зямному, мы бачым даволі ганебны гэты канец. Можна толькі выказаць здагадку на тое, што некалькі мясцовых хрысьціянаў, а можа і не хрысьціянаў, пахавалі яго паблізу ад месца пакараньня сьмерцю ў невядомай магіле. Як мала яны ведалі, ды ці адчуваў сам Павал, што такая ўяўная няўдача сваёй працы і жыцьця ў рэчаіснасьці была бязьмежным посьпехам. Хто мог нават і падумаць, што той самы Рым, які забіў апостала, ня бачачы ў ім нічога вялікага, ў даволі хуткім гістарычным часе атрымае ад ягонага пакутніцтва, разам з пакутніцтвам Пятра, вялікую славу ў вачах хрысьціянскага сьвету? А людзі - як жа мала яны ўсьведамлялі сапраўдную веліч гэтага чалавека. Між тым жа, гэта быў чалавек, да якога ня можна было прыраўнаваць каго-небудзь з людзей на зямлі - ні раней яго, ні пасьля. Калі паглядзець на Паўла - пісьменьніка, які ствараў свае творы не з патрэбы выліваць у сьвет свае пісьменьніцкія здольнасьці, але з неабходнасьцю сітуацыяў, што ствараліся ў хрысьціянскім асяродзьдзі, дык, у сваіх нешматлікіх пасланьнях, ён значна вышэй за вялікіх аўтараў, што былі да яго і пасьля. І ня мае значэньня постаці гэтых аўтараў - хрысьціянскіх ці паганскіх.
Марк Аўрэлі дае нам найчыстыя і найвысакароднейшыя вобразы стаічнай узьнёсласьці думкі, але словы апостала пра чалавекалюбства стаяць вышэй за ўсё, што калі-небудзь было напісанае людзьмі. Пліні малодшы быў вельмі вядомы майстэрствам сваіх лістоў, але і ён не стварыў ні воднага, гэтак вытанчанага, ліста, як пасланьне да Філімона. Калі мы паглядзем на хрысьціянскі сьвет, дык самы выбітны дзеяч хрысьціянскага служэньня можа ўяўляць сабою толькі адну ці некалькі бакоў разнастайных перавагаў апостала Паўла. Калі мы адшукаем яму параўнаньне ў вялікіх прапаведніках, місіянэрах і будаўніках царкоўнага жыцьця хрысьціянскага сьвету, дык усе яны ****неюць прад зьзяючым вобразам вялікага апостала народаў. Многім і многім сьвятым даваў Бог вялікія здольнасьці, але ні водны з іх не дасягаў такой вышыні і ніколі не атрымліваў столькі дароў Сьвятога Духа і ня меў у сваім сэрцы такую відавочную пячатку Госпада. На працягу ўсяго свайго жыцьця ён быў зусім ня з-заду іншых апосталаў Хрыста і, безумоўна, велічна ўздымаецца над найвялікшымі з усіх сьвятых, якія калі-небудзь з таго часу намагаліся трымацца ягонага прыкладу ў служэньні і адданасьці Госпаду.
Бог хавае сваіх служыцелей, але працягвае іхнюю справу. Ягоныя служыцелі не шукаюць зямной узнагароды, а нават і не спадзяюцца на пасьлясьмяротны посьпех справы, на якую яны прысьвяцілі значную частку свайго жыцьця, бо ўсякі свой посьпех ці няўдачу яны цалкам аддавалі ў рукі Госпада. Яны не клапоцяцца пра свой асабісты дабрабыт і ўсё сваё спадзяваньні аддаюць Богу. Асабіста Павал не выказаў ніводнай скаргі на свае няўдачы і безумоўна верыў, што гэтыя няўдачы ў Божай справе - азначалі той посьпех, што будзе перавышаць усякія мары зямнога славалюбства. Вера апостала ніколі не хісталася сярод жорсткіх выпрабаваньняў і калі ён падыйшоў да эшафоту, як да вянца праведнасьці, дык пакінуў пасьля сябе жыцьцё, якое пасеяна было для таго, каб волею Божай адрадзіцца на ніве сусьветнай гісторыі, дзе яна будзе прыносіць плод да канца часоў сярод падзякі пакаленьняў яшчэ не народжаных.
Менавіта пра такіх служыцеляў і кажа Пісаньне: «Усе яны памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцаньняў, але толькі здалёк бачачы іх, і маючы пэўнасьць, і вітаючы іх, і прызнаючы, што яны - чужынцы і вандроўнікі на зямлі. Бо тыя, што гэтак кажуць, паказваюць, што яны бацькаўшчыну шукаюць. І, калі б яны памяталі тую, з якое выйшлі, мелі б час вярнуцца. Але яны лепшага жадалі, гэта ёсьць нябеснага; дзеля гэтага Бог не саромеецца іх, каб іхнім Богам называца, бо Ён падрыхтаваў ім горад».
Павал - сымбаль навяртаньня гебраяў да Бога і іхняга стаўленьня да паганаў. Ягонае служэньне Хрысту красамоўным чынам выявіла ўсе праблемы, з якімі сутыкнулася Эвангельская вестка пра збаўленьне ад самога пачатку свайго пераможнага шэсьця па гэтаму сьвету. Пра гэта і казаў Павал, калі казаў на гэтую тэму наступнае: «У ва мне першым Ісус Хрыстос паказаў усё доўгацярпеньне, дзеля прыкладу тым, якія будуць верыць у Яго да жыцьця вечнага». Павал - сымбаль хрысьціянскага вучэньня, але, як усё ж гэтае адбылося?
Малады Саўл, як ён быў і настаўлены бацькамі, гатаваў сябе да пасады фарысэйскага рабіна. Дзеля гэтага ён, па жаданьню бацькоў, вучыўся ля ног Гамаліэля ў Ерусаліме. Сам Гамаліэль быў пасьлядоўнікам яшчэ больш знакамітага рабіна Гілеля. Вучань Саўл выявіў сябе моцным абаронцам фарысэйскіх традыцыяў увогуле, а потым, праз дзесяць гадоў, і ганіцелем хрысьціянскага супольства. Малады і адукаваны фарысэй, атрымаўшы ўладу ад першасьвятара, многіх пасьлядоўнікаў Хрыста пачаў прымушаць адрачыся ад Яго, адводзячы іх у вязьніцы, а нават і на забойствы падаваў свой голас. Кандыдат у члены сынэдрыёну вырашыў бліскуча працягнуць сваю кар’еру праз ганеньні назарэяў у іншых месцах, каб прыцягнуць іх на суд сынэдрыёну. Але гэтым яго надзеям не было накавана спраўдзіцца, а ягоная імклівая першасьвятарская кар’ера нечакана перарвалася і, пры чым, назаўсёды. На падыходзе да Дамаску ён меў незвычайную сустрэчу з Ісусам Хрыстом, якая перавярнула ўсё ягонае далейшае жыцьцё.
Пасьля свайго хросту ад простага хрысьціяніна Ананіі і пасьля паразы пачатку свайго служэньня ў Дамаску, ён адыходзіць у Арабію, дзе выяўляе сваё пакліканьне і усьведамленьне Божага плану збаўленьня ў сьвятле Новага Запавету. Пасьля гэтага ён прыступае да зьдзяйсьненьня асноўнага плану - прапаведаваць Вестку збаўленьня ўсім людзям. І гэтую місію ён будзе зьдзяйсьняць на працягу ўсяго свайго жыцьця. Знаходзячыся ў Арабіі Павал пачаў усьведамляць тое, якім чынам ён можа зьдзейсьніць пастаўленую перад ім задачу навяртаньня ў хрысьціянства ня толькі гебраяў, але і паганаў. Да гэтага часу тое падавалася нечым немагчымым, але Павал выконваў загад Госпада, а калі гэта так, спрытны выканаўца павінен рабіць гэтую справу добра. Такім Павал і быў.
Разважаючы над фактам місіі Хрыста, Павал прыйшоў да высновы, што яна носіць характар духоўнага збаўленьня і ніяк не матэрыяльнага. Больш таго, яна складалася са збаўленьня ня толькі грэшнікаў з юдэяў, але і з іншых народаў. Падмуркам гэтай магчымасьці было абвяшчэньне сканчэньня часу паганскага няведаньня, таму што вяршыняй Божага Адкрыцьця стаў Сам Хрыстос Мэсія. Згодна ж гэтаму новаму Адкрыцьцю, прынесенага Хрыстом Ісусам, Бог адкрыў Сябе ня як Вышэйшы Судзьдзя, а ўжо як любячы Айцец. Гэтая любоў да сьвету апынулася настолькі вялікай і праўзыходнай над усімі чалавечымі заслугамі сьвету, што была прапанованай ня толькі гебраям, але і ўсім, без выключэньня, людзям. Павал зразумеў, што пагане зусім не былі непапраўнымі грэшнікамі, як гэта лічылі гебраі, якія ня верылі ў тое, што Творца гэтага сьвету дапаможа ім Сваёй любоўю выканаць маральны закон і атрымаць прабачэньне. А калі б пагане спазналі Божую любоў і прабачэньне, дык з радасьцю пакінулі свае грахі, пайшоўшы за Богам Ізраіля. Зразумеў Павал і тое, што гебраі не былі лепшымі за паганаў, бо, на самой справе, былі вельмі сапсаванымі ўнутры сваёй паказной набожнасьцю. Павал пачаў бачыць тое, над чым раней нават і не задумваўся. Юдэі апынуліся ў такім стане таму, што шукалі праведнасьці ня ў веры, а ў справах закону, аддаючы перавагу не матывам сваіх учынкаў, але ім самім, у выніку чаго сэрца іхняе было далёка ад Бога. Хто хто, а Павал вельмі добра разумеў сваё нядаўняе фарысэйскае мінулае, калі за зьнешнімі дасягненьнямі хавалася ўнутраная сапсаванасьць.
Чаму ж Ісус Хрыстос павінен быў прыйсьці на зямлю? Павал разумеў, што для гэтага павінна быць асаблівая прычына, але чаму Ён прыйшоў менавіта ў гэты час, а не раней ці пазьней яго? Знаўца Пісаньня Павал ведаў, што Божы народ, у сваёй гісторыі, неаднаразова адступаўся ад Госпада, але Мэсія, дзеля гэтага, на зямлю не прыходзіў. Дапытлівы Павал расшукаў у сваім асабістым Пісаньні прарока Езэкііля, дзе той кажа, што прыйдзе час, калі пошукам Сваіх авечак будзе займацца Сам Бог, бо рэлігійныя правадыры Ізраіля не выконваюць гэтай задачы: «Так кажа Госпад Бог: “Вось Я - на пастыраў, і спаганю авечак Маіх з рук іхніх і ня дам ім болей пасьвіць авечак, і ня будуць болей пастыры пасьвіць саміх сябе, і вырву авечак Маіх з пашчанак іхніх, і ня будуць яны ежаю ім”. Бо так кажа Госпад Бог: “Вось, Я Сам знайду авечак Маіх і агледжу іх”. Я буду пасьвіць авечкі Мае і Я буду пакоіць іх, кажа Госпад Бог. Якая згубілася, тую знайду і адагнаную вярну, і параненую перавяжу і хворую ўмацую, і ўтлусьцелую і буйную зьнішчу; буду пасьвіць іх на праўдзе». Зразумела тое, што ў дадзенай сітуацыі Ізраіль ніяк ня мог быць сьвятлом для паганаў, а да часу прыходу Хрыста сітуацыя на зямлі і наогул стала небясьпечнай. Для Паўла гэта стала відавочным, што ўмяшальніцтва Госпада ў гісторыю чалавецтва не было выпадковым, але было выклікана крытычным духоўным упадкам усяго Ізраіля.
Але як быць з законам ад Госпада? Ён даў яго Свайму народу і ці ня ведаў Бог усю няздольнасьць яго выкананьня? Ведаў, але патрабаваньне выкананьня закону было дадзена людзям з мэтай зьдзяйсьненьня падрыхтоўкі да прыняцьця збаўленьня ад Мэсіі Хрыста. Павал зразумеў, што Ахвяра Хрыста цалкам задаволіла патрабаваньне выкананьня закону, так што для атрыманьня збаўленьня сталася не абавязковым выкананьне закону. З гэтага ж часу стала вядома тое, што закон у-ва ўсе часы, па-першае, казаў пра тое, што немагчымы для выкананьня закон выклікаў у людзей запатрабаваньне да ласкі Божай, а, па-другое, сьведчыў пра тое, якім чынам чалавек мог быць удзячным Госпаду пасьля атрыманьня Божай ласкі. У рэшце, Павал павінен быў высьветліць яшчэ адно пытаньне: «Якім жа чынам людзі атрымлівалі збаўленьне да прыходу Ісуса Хрыста ў сьвет?» Адказ на гэтае пытаньне складаўся з таго, што збаўленьне старазапаветных людзей вызначалася той мерай веры ды пакаяньня, што адпавядала тым узроўнем духоўнага спазнаньня, якое было ім на той час даступна: для паганаў - закона сумленьня, для гебраяў - закона Майсея. Вестка ж збаўленьня, зьяўленая ў Эвангельлі Ісуса Хрыста, сталася вяршыняй Божага Адкрыцьця, і такім чынам пачало тычыцца ўсіх людзей часу Новага Запавету.
Закон ніколі не прызначаўся для таго, каб з яго дапамогаю заслужыць сабе збаўленьне. Бог патрабаваў ад гебраяў яго выкананьне для атрыманьня зямных абяцаньняў: эканамічных і палітычных. Для атрыманьня ж духоўнага збаўленьня гебраям, асабліва фарысэям, меркавалася як простае ўваскрасеньне з мёртвых, але ў рэальнасьці меліся на ўвазе больш духоўныя характарысьцікі. Тут патрабавалася сапраўдная духоўная ахвяра - сардэчная пакора, як поўная пасьвячонасьць Богу. Але шляхі і неабходнасьць гэтага гебраі маглі спазнаць толькі з прышэсьцем Мэсіі, Які і прыйшоў у Ісусе Хрысьце. Ізраіль жа апынуўся яўна не гатовым да гэтага і, такім чынам, аддаў перавагу адвяржэньню такога Мэсіі.
Арабійскія разважаньні Паўла прывялі яго да высновы, што закон, у сваіх фармальных патрабаваньнях, быў толькі часовых сродкам выхаваньня людзей, каб усьвядоміць асабістую грахоўнасьць і няздольнасьць выставіць Бога ў якасьці даўжніка за свае заслугі перад законам. Усё павінна быць ня так і таму Бог не ўскладаў на паганаў таго цяжару, які не дапамог нават і гебраям. Ён прапанаваў усім збаўленьне на умовах ня толькі простых, але і нашмат больш эфектыўных. Гэтай умоваю была асабістая вера грэшніка ў Божую міласьць, якую Ён прапанаваў дарма, каб быць апраўданым перад Госпадам. Пры гэтым Госпаду пасьвячалася самое сэрца чалавека, а добрыя справы натуральным чынам выліваліся з ягонай новай прыроды. Такі веруючы рабіў добрае ня дзеля таго, каб забясьпечыць збаўленьне, а каб праявіць сваю любоў да Бога без усякай для сябе выгады. Такім чынам Павал канчаткова парваў з папярэднім шляхам самаапраўданьня ды самаадкупленьня і быў гатовым для нясеньня Эвангельля Ісуса Хрыста, як і загадаў яму Госпад, усім людзям, якія былі вакол яго.
Далейшае жыцьцё і служэньне апостала - гэта шэраг дзеяньняў, якія вызначаліся ня толькі шчырасьцю, але і цяжкасьцю ды небясьпечнасьцю на ўсіх этапах свайго служэньня. Павал дакладна ведаў мэту сваёй дзейнасьці - будаўніцтва Царквы Божай сярод паганскіх народаў. І гэтая Царква, успадкаваўшы ранейшую назву «выбранага народу Божага», будзе складацца ня толькі з прабачанных, але і з народжаных звыш людзей усіх нацыяў сьвету. З гэтага часу Царква - інструмант Госпада на зямлі і зараз, з яе дапамогай, Бог будзе зьдзяйсьняць Свае мэты ў гэтым сьвеце. Час цяжарнасьці і падрыхтоўкі прайшоў, настаў час новай эры, новага Адкрыцьця, новых адносінаў з Богам. Стары Запавет, як стары даведнік да Бога, саступіў сваё месца новаму - месіянскаму Валадарству Ісуса Хрыста.
Царква толькі для паганаў? Ніяк, бо існавала ерусалімская царква, якая складалася цалкам з юдэяў. Але Павал добра ведаў і тое, што вельмі значную ролю ў жыцьці ерусалімскага хрысьціянства вызначалі юдэі з дыяспары. Дастаткова прыпамятаць імёны Стэфана і Барнабы, які яшчэ згуляе вялікую ролю ва умацаваньні Паўла, як кіраўніка хрысьціянства сярод паганаў. Павал ужо для сябе вызначыў тое, як можна ўпэўніць гебраяў у духоўным характары ўзьнікшага ў Хрысьце Божага Валадарства. Бог прадугледзеў ня толькі мэту збаўленьня ўсіх людзей, але і сродкі, неабходныя для дасягненьня гэтае мэты. Адным з іх і быў фенамен юдэйскай дыяспары, якая здаўна акліматызавалася ў паганскім асяродку, актыўна шукаючы шляхоў зьдзяйсьненьня празэлітызму сярод іншых культураў. Да гэтай катэгорыі юдэяў прыналежаў і сам Павал, зразумела што не выпадкова. Бог выбраў яго ад нараджэньня, бо загадзя зрабіў годным для выкананьня гэтай задачы менавіта яго - знаўцу закона ды юдэйскіх звычаяў з аднога боку і прадстаўніка юдэйскай дыяспары, які ведае ўсе праблемы выкананьня гэтых патрабаваньняў у паганскім асяродку - з боку іншага. На прыкладзе Паўла Бог жадаў паказаць тое, што Ён патрабаваў ад усяго Ізраіля - не супрацівіцца Божаму замыслу ўваходжаньня ў Ягоную Царкву людзей розных нацыянальнасьцяў.
Сам Павал усьвядоміў , што зусім не выпадкова паходзіў з юдэяў, бо толькі на асабістым вопыце ён мог упэўніцца ў бескарыснасьці закона Майсея ў справе збаўленьня заганага чалавека, кім бы ён і ня быў - юдеем ці паганінам, маючы вялікія духоўныя спазнаньні ці малыя. Павал зразумеў і тое, што для выкананьня Божага загаду трэба быць вольным ад нацыянальнай юдэйскай антыпатыі да паганскага сьвету, якая асабліва праглядалася сярод юдаізма Палестыны. Будучы два гады ў Арабіі ён здолеў разгледзець сярод ідалапаклонства схаванае жаданьне паганаў падпарадкоўвацца Богу Ізраіля, але бяз цяжкіх рытуалаў і цырымоній. І, у рэшце рэшт, толькі жывучы сярод паганаў, Павал здолеў зразумець іхнія душэўныя пакуты і страхі перад пакланеньнем выключна справядліваму Богу Ізраіля. Такім чынам, мы можам зрабіць выснову, што іншыя апосталы былі меньш падгатаванымі для выкананьня мэты пропаведзі Эвангельля сярод паганаў, чым Павал. Таму ён і стаяў у авангардзе фармаваньня новазапаветнага вучэньня пра збаўленьне.
Значная частка пасланьняў апостала былі вызначаны неабходнасьцю войстрай палеміцы, а нават і барацьбы з навязваньнем паганам юдаізму. Але на колькі гэта было радыкальным? У некаторых пытаньнях ён быў рэфарматарам юдаізма, але не радыкльным яго адмаўляльнікам. Вельмі ж паказальным бачыцца тое, што Павал вельмі жорстка супрацівіцца вучэньню юдэйствуючых хрысьціянаў, хаця яно выглядае меньш радыкальным, чым юдаізм. І гэта сьведчыць пра тое, што ён бачыў у Эвангельлі мноства несумяшчальных з законам Майсея элементаў вучэньня. Геразь юдэйствуючых хрысьціянаў уяўляла сабою спалучэньне юдаізма з хрысьціянствам, як безумоўнае іх аб’яднаньне. Па іхняй думцы, хрысьціянства зьяўлялася толькі паляпшэньнем і натуральным працягам вучэньня Старога Запавету. Нічога новага. Хрыстос прыйшоў дзеля аднаўленьня і выпраўленьня старога, не мяняючы нічога кардынальным чынам.
Павал ня мог пагадзіцца з такім спрошчаным поглядам на Новы Запавет, бо гэта вельмі абмяжоўвала ўнікальны характар вучэньня Ісуса Хрыста. Ісус прынёс на зямлю тое Валадарства, падобных якому ніколі раней не было. Хаця многія дэталі гэтага былі прадказаны ў прароках, юдэі, тым ня меньш, ня мелі разуменьня пра тое, што ёсьць духоўнае адраджэньне ці праява Божай ласкі да грэшніка. Паўла не магло задаволіць вучэньне юдэйствуючых хрысьціянаў пра тое, што Ісус Хрыстос прыйшоў у гэты сьвет, каб даць збаўленьне толькі юдэям, а таму жадаючыя збаўленьня пагане абавязаныя стаць спачатку юдэямі, прыняўшы абразаньне і пачаўшы выконваць усе пункты закона Майсея. І таму ён сфармуляваў асабістае вучэньне, заснаванае на ягоным апостальскім аўтарытэце, якое сьцьвярджала тое, што Хрыстос прыйшоў для збаўленьня ўсіх людзей, а ня толькі юдэяў. Самое ж збаўленьне выяўляецца ў прыняцьці вераю замяшчальнай Ахвяры Ісуса Хрыста, даруючы ўсякаму грэшніку прабачэньне грахоў і сілу для адноўленага жыцьця.
Чаму ж для Бога так важная чалавечая вера? Таму што асабістая вера чалавека перавышае ня толькі абрадавае, але і любое паслушэнства, якое знаходзіцца пад страхам пакараньня. Павал упэўнены ў тым, што абрадавае ці нават маральнае паслушэнства не пранікае глыбока ў сэрца чалавека, але падманным чынам супакойвае яго зьнешнімі заслугамі. Гэта ілжывая надзея, калі нехта намагаецца высілкамі цела дагадзіць Богу, бо гэта робіць чалавека меньш успрымальным да патрабаваньняў Сьвятога Духа, Які жадае кантраляваць ня толькі дзеяньні чалавека, але і ягоныя думкі ды сардэчныя імкненьні. Менавіта такое адухаўлёнае збаўленьне цалкам адпавядае вучэньню Ісуса Хрыста, разважаючага ня толькі пра сьвятасьць Ягоных пасьлядоўнікаў, але і пра апраўданьне іх перад Богам.
Паўла хвалявалі многія такія пытаньні і яму было зусім неабыякавым адносіны юдэяў да Мэсіі, да Якога, калісьці, ён ставіўся так, як і ўсе юдэі пасьля сьмерці Хрыста. У прававерных юдэяў склалася ўяўленьне пра тое, што Мэсія гебраяў і Мэсія хрысьціянаў - гэта зусім розныя асобы. Першы павінен быў вызваліць сьвет ад зьнешняга зла, другі ж прыйшоў ацаліць ад зла ўнутранага. Першы павінен быў узнагародзіць верных і паслухмяных закону, а Другі дае міласьць і прабачэньне ўсякаму, хто гэтага жадае. Дык чый жа вобраз Мэсіі быў правільным? Гэтыя пытаньні дастаткова непакоілі сучасьнікаў Паўла, а таму, разумеючы ўсё гэта, ён павінен быў адказаць на ўсе гэтыя пытаньні. Тым больш, што яму, апосталу паганаў, адрасавалася абвінавачваньне за заклікі пра збаўленьне паганаў нароўні з гебраямі. Калі б пагане ня ведалі гэтага закліку, дык ніякіх пытаньняў бы і не ўзьнікала, бо для збаўленьня ім патрэбна было б проста станавіцца гебрайскімі празэлітамі. Гэта было адмоўным для Паўла, але хвалявала яго і пытаньне пра тое, хто ж мае права прыналежыць да народу Божага?
Гэтая прыналежнасьць, тым ня меньш, выяўляла ня вечны, але зямны стан гэтага пытаньня: «Каго Бог выкарыстоўвае ў якасьці носьбіта Сваёй волі ў гэтым сьвеце і хто можа збавіцца, дзякуючы Ахвяры Хрыста?» Павал выказаў гэтую Божую задуму такімі словамі: «Праведнасьць Божая праз веру ў Ісуса Хрыста ва ўсіх і на ўсіх тых, якія вераць, бо няма розьніцы, бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божае, атрымліваючы апраўданьне дарма ласкай Ягонай праз адкупленьне ў Хрысьце Ісусе, Якога Бог пастанавіў быць ахвярай перамольнай у крыві Ягонай праз веру, дзеля выяўленьня праведнасьці Сваёй праз дараваньне грахоў, учыненых раней, у час цярплівасьці Божае, дзеля выяўленьня праведнасьці Сваёй у цяперашні час, каб быў Ён праведны і апраўдваў таго, хто верыць у Ісуса». Апостал тут сьмела выказаў думку, згодна якой, адкупленьне Хрыстовае мае два значэньні. Па-першае - гэта прабачэньне грахоў у мінулым часе як вызваленьне ад старазапаветных умоваў збаўленьня, а па-другое - зьдзяйсьненьне апраўданьня ў сучаснасьці як наданьне здольнасьці да праведнага жыцьця, заснаванай на збаўленьні па веры.
Павал цьвёрда лічыць і сьцьвярджае, што пагане маюць права быць выбранцамі Бога, паколькі магчымасьць іхняга збаўленьня была ўключана ў прадвечны Божы план на ўмове прадвызначанай веры: «А мы ведаем, што тым, якія любяць Бога, пакліканым паводле Яго вызначэньня, усё дапамагае на дабро. Бо тым, каго наперад ведаў, Ён і прадвызначыў быць падобнымі да вобразу Сына Ягонага, каб Ён быў Першародны між многімі братамі. А каго прадвызначыў, тых і паклікаў; а каго паклікаў, тых і апраўдаў; а каго апраўдаў, тых і ўславіў». Любячыя Бога - гэта пагане, што паверылі ў Хрыста і якія былі пакліканыя да збаўленьня на падставе прадвызначэньня іхняй веры і, як сьледства гэтага, прадвызначаныя да асьвячэньня. І калі яны былі прадвызначаныя да асьвячэньня таксама, як і гебраі, дык апынуліся роўнымі з імі і пакліканыя да збаўленьня, а таму апраўданыя перад законам і праслаўленыя з Хрыстом Ісусам. Пры гэтым жа ніякія незадавальненьні няверуючых у Хрыста гебраяў ня здольныя ніякім чынам адлучыць усіх выбраных, як гебраяў так і паганаў, ад любові Хрыста: «Бо я ўпэўнены, што ані сьмерць, ані жыцьцё, ані анёлы, ані начальствы, ані сілы, ані цяперашняе, ані будучае, ані вышыня, ані глыбіня, ані другое якое стварэньне ня зможа адлучыць нас ад любові Божае, што ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым».
Павал заўважае і тое, што прыналежнасьць да выбранага Богам народу вызначала магчымасьць збаўленьне ізраільцянаў, але ніяк не безумоўнае ўладаньне ім. Прыналежнасьць юдэяў да выбранага народу ўводзяць іх у збаўляльныя адносіны з Богам і вызначаюцца фізічным нараджэньнем сярод гэтага народу. Знаходжаньне ж у гэтым запавеце прадугледжвае выкананьне пэўных умоваў, якімі зьяўляюцца ня справы паслушэнства закону, але вера ў Божую міласьць і прабачэньне. Толькі той, хто мае гэта зараз ці меў такую веру ў Старым Запавеце, і быў сапраўдным выбранцам Бога. У доказ гэтага Павал зьвяртаўся да таго факту, што Божае абяцаньне пра збаўленьне не распаўсюджвалася на ўсіх нашчадкаў Абрагама. Незаконны нашчадак Абрагама Ізмаіл, як і нашчадкі Ісава, былі пазбаўлены права прыналежнасьці да народу Божага, хаця, па свайму паходжаньню, і заставаліся родам Абрагама. Вывад Паўла просты. Ён не лічыў аўтаматычна збаўленым кожнага гебрая, як і аўтаматычна загіблым кожнага паганіна, паколькі пытаньне збаўленьня знаходзілася ў залежнасьці ад паводзінаў кожнага чалавека і ягоных адносінаў у пазнаньні збаўленьня.
Бог бачыць нашыя сэрцы і ведае дні кожнага чалавека, нават калі ніводнага з іх яшчэ і не было. Ён не карыстаецца гэтай Сваёй якасьцю такім чынам, каб адмовіць у Сваёй ласцы тым, пра якіх ведае наперад, што яны не скарыстаюцца такой магчымасьцю. Божае прадбачаньне не падзяляе грэшнікаў на тых, каму будуць дадзены спрыяльныя ўмовы для збаўленьня, а каму ў гэтых умовах будзе адмоўлена. Бог у-ва ўсім чыніць шчыра і адкрыта, каб нікому, нават і д’яблу, не даваць повада для абвінавачваньня ва злоўжываньнях Сваімі паўнамоцтвамі. Воля Госпада зьдзяйсьняецца ў дакладнай адпаведнасьці з маральнымі якасьцямі Ягонай прыроды і ніяк ня можа быць парушанай. Ён, па вызначэньню, проста ня можа паводзіць Сябе несумленна ў адносінах да чалавека і таму што б Ён не рабіў людзям, Ён заўсёды мае на ўвазе толькі іхнюю духоўную выгоду. Менавіта па гэтай прычыне Бог прапануе магчымасьць збаўленьня абсалютна ўсім людзям, хаця і ў розны час, бо гэта залежыць ад ступені падгатаванасьці скарыстацца гэтай магчымасьцю. Так паганам быў дадзены закон сумленьня, гебраям - закон Майсея, а хрысьціянам - закон Хрыста, кожны з каторых абапіраўся на папярэдні і яго дадаваў.
Бог ведае наперад ня толькі веру, але і нявер’е чалавека, а таму выбірае да збаўленьня тых, хто ня толькі праяўляе веру, але і стаіць у ёй да апошняга дня свайго жыцьця. Таксама Ён вызначае да асуды тых, хто веры не праяўляе. Такім чынам Божае выбраньне да збаўленьня не вызначае веру чалавека, а наадварот асабістая вера людзей зьяўляецца повадам для зьдзяйсьненьня гэтага выбраньня. Таксама і выбраньне да пагібелі не вызначае сабою нявер’е, але абапіраецца на яго ў адпаведнасьці з воляй Божай, якая вызначае умовы збаўленьня. Усё ж гэта азначае, што Божае прадбачаньне ня мае прымусовага характару, хаця Бог і захоўвае за Сабою права ўмешвацца ў выбар чалавека непрымусовымі сродкамі. Чаму ж Богу так важна бачыць чалавечую веру? Таму што асабістая вера чалавека значна перавышае любое абрадавае ці нават маральнае паслушэнства. Па думцы Паўла абрадавае і маральнае паслушэнства не пранікае глыбока ў сэрца чалавека, але падманлівым чынам супакойвае яго нейкімі зьнешнімі заслугамі. Такая падманлівая надзея, высілкамі цела дагадзіць Богу, робіць чалавека меньш успрымальным да патрабаваньняў Сьвятога Духа, жадаючым кантраляваць думкі і сардэчныя імкненьні. Такая адухаўлёнасьць збаўленьня цалкам адпавядае вучэньню Ісуса Хрыста, разважаючага ня толькі пра сьвятасьць Сваіх пасьлядоўнікаў, але і пра апраўданьне іх перад Богам: «Народ гэты набліжаецца да Мяне вуснамі сваімі і губамі шануе Мяне; а сэрца іхняе далёка ад Мяне. Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньняў і пастановаў чалавечых».
Бог нічога ня робіць па прымусу, як і той факт, што не па прымусу спраўджваюцца ўсе Божыя прароцтвы. Ён будзе ўжываць усю разнастайнасьць Сваіх сродкаў і падыходаў да тога часу, пакуль не дасягне належнага выніку. У Госпада заўсёды існуе магчымасьць выбраць з розных жаданьняў і дзеяў чалавека толькі тыя, што ўзгадняюцца з Ягонай волей, даючы ім магчымасьць зьдзяйсьненьня. І хаця чалавечы фактар, нейкім чынам, можа ўзьдзейнічаць на характар зьдзяйсьненьня Божага прадказаньня, сам факт гэтага зьдзяйсьненьня адмяніць усё ж ня можа. Такіх прыкладаў шмат і можна паглядзець на найбольш паказальныя з іх.
Бог прадказваў Ізраілю чатырохсотгадовае рабства ў Эгіпце, але яно працягнулася чатыраста трыццаць гадоў, бо мера беззаконьняў ханаанскіх народаў яшчэ не пералілася праз край Божага цярпеньня. Данііл пачаў заклікаць да Госпада пра міласьць да свайго народу, калі ўбачыў, што тэрмін знаходжаньня гебраяў у Бабілоне, прадказаны прарокам Ераміяй, ужо скончыўся. Ісус прадказваў, што ад Храму не застанецца і камяня, але ж, пасьля яго разбурэньня Цітам, застаўся вялікі кавалак муру, які, дарэчы, захаваўся і ў сучаснасьці. Але, пры усіх гэтых дробязях, агульны замысел Бога адносна гэтых падзеяў застаўся непарушным: Ізраіль быў выведзены з Эгіпту, гебраі выйшлі ў Ерусалім са свайго палону, Ерусалім жа быў разбураны Цітам. Гістарычныя дробязі ніяк не паўплывалі на канчатковую мэту ад Госпада, і гэта ёсьць самым галоўным у гэтым пытаньні.
Толькі канец чалавечай гісторыі пастаўлены Богам у залежнасьць ад чалавечай здольнасьці да пакаяньня. Першы з апосталаў Хрыста Пётр наступным чынам і кажа: «Не марудзіць Госпад з абяцаньнем, як гэта некаторыя за маруднасьць уважаюць, але Ён доўгацярплівы да нас, не жадаючы некага загубіць, але каб усіх прывесьці да навяртаньня». Прышэсьце Ісуса Хрыста, абвешчанае як хуткае будучае затрымалася да нашага часу, працягваючы магчымасьць пакаяньня. Па гэтай прычыне мы і ня ведаем тэрміну заканчэньня існаваньня гэтага сьвету. Дзьве тысячы гадоў падзяляюць нас ад сьмерці Ісуса Хрыста і ў гэтым ёсьць міласьць Госпада да грэшнага чалавецтва. Тэрмін існаваньня гэтага сьвету вызначаецца агульнай мэтай Бога збавіць усіх, каго толькі можна збавіць, а менавіта пра гэта і кажа Павал у сваім першым лісьце да Цімафея: «Дык перш за ўсё прашу ўзносіць просьбы, малітвы, умольваньні і падзякі за ўсіх людзей, за валадароў і за ўсіх, хто пры ўладзе, каб весьці нам жыцьцё ціхае і спакойнае ў-ва ўсякай пабожнасьці і сумленнасьці, бо гэта добра і прыемна перад Збаўцам нашым Богам, Які хоча, каб усе людзі былі збаўленыя і прыйшлі да пазнаньня праўды». Дастаткова паглядзець на адносіны Бога да жыхароў Нінэвіі каб убачыць, што ў сэрцы Госпада знаходзіцца вечнае жыцьцё кожнага чалавека, а не канчатковы тэрмін існаваньня ўсяго сьвету. Але гэтае жыцьцё пастаўлена ў залежнасьць ад адмоўнага жаданьня дабра самім чалавекам.
Як жа атрымліваецца ў Бога дасягаць Сваіх мэтаў пры наяўнасьці такіх ненадзейных выканаўцаў як людзі, што маюць свабоду выбара ад Госпада? Каб адказаць на гэтае пытаньне трэба ведаць, што свабода выбара людзей больш тычыцца іхніх перакананьняў, чым дзеяньняў. А калі сродкі дасягненьня пастаўленых чалавекам мэтаў усё роўна знаходзяцца ў Божых руках, Ён дасканала выкарыстоўвае іх такім чынам, каб яны сталіся часткаю Ягонага замыслу. Можа стацца і так, што Ён дапусьціць тое, чаго не жадае, але толькі ў тым выпадку, калі пераадоленьне зла гвалтоўным чынам будзе мець нашмат больш адмоўных наступстваў, чым самое гэтае зло, каб даць разуменьне выкарыстоўваньня супраць зла негвалтоўнымі сродкамі. Таксама і тое, што Божы план у гісторыі чалавецтва ажыцьцяўляецца шляхам адхіленьня непрыдатных выканаўцаў і замены іх на прыдатных. У адмысловых жа выпадках Бог выбірае Сабе верных выканаўцаў на падставе прадбачаньня іхняе вернасьці. Ён прадбачыў паслушэнства і прыдатнасьць для выкананьня Ягоных мэтаў Майсея ці Саўла, а таксама і ўпартасьць у граху фараона. Такім чынам Бог цалкам спраўляецца з тымі праблемамі, якія вызначаюцца чалавечым фактарам.
Што ж тычыцца навяртаньня Паўла, дык яно не было прымусовым, нягледзячы на відавочны цуд, які сам па сабе не зьяўляўся вырашальным фактарам у прыняцьці збаўленьня па веры. Але што ёсьць вырашальным фактарам ў збаўленьні: воля чалавека ці воля Бога? У збаўленьні прымаюць удзел чалавек і Бог, але розным чынам: Бог прапануе яго дарма, а чалавек прымае гэты дар. У пытаньні прыняцьця збаўленьня вырашальным фактарам зьяўляецца воля чалавека, а ў пытаньні прапановы збаўленьня - воля Бога. Што ж тычыцца выбраньня Паўла, дык яно было заснаваным на прадведаньні Богам ягонай вернасьці Яму. Непрымусовае навяртаньне Паўла мае два доказы з Пісаньня. Першае складаецца з таго, што сам Павал бачыў сваю асабістую адказнасьць у прыняцьці збаўленьня ад Госпада і гэта бачна з таго, што казаў Павал валадару Агрыпе: «Адгэтуль, валадару Агрыпа, я ня быў непаслухмяным відзежу нябеснаму». Другі доказ тычыцца слова «ражон», якое прагучала з вуснаў Ісуса Хрыста: «Цяжка табе супраць ражна ўпірацца». Слова «цяжка» не азначае нешта немагчымае, але што меў на ўвазе Хрыстос пад словам «ражон?» Безумоўна ж Свой уплыў на Паўла, як папярэднюю ласку. Няма сумневу ў тым, што сродкам гэтага ўплыву было сумленьне чалавека і тыя абставіны, якія сумленьне Саўла выкарыстала для ўплыву ад Госпада. Амаль што пяць дзён свайго карнага паходу з Ерусаліму да Дамаска далі яму добрую магчымасьць глыбока разважыць пра тое, што яго вельмі хвалявала. А што магло яго хваляваць? Дзеля гэтага трэба паспрабаваць акунуцца ва ўнутраны сьвет гэтага пасьпяховага абаронцы закону.
Першае, што можа цікавіць славалюбівага чалавека, дык гэта кар’ера, у дадзеным выпадку рэлігійная. Павал быў фарысэем і кандыдатам на прызначэньне ў сынедрыён. Але, як жа ён зьбіраўся апынуцца ў складзе гэтага сходу, калі яго ўзначальвалі непрымірымыя ідэялагічныя супернікі фарысэеў, садукеі? Выснова напрошваецца сама сабою. Гэта можна было зрабіць за кошт злачыннай угоды, ахвярай якой апынуліся хрысьціяне. Чаму? Саўл добра ведаў, што аднолькава можа цікавіць як фарысэя, так і садукея - пасьлядоўнікі Ісуса Назарэя. І Саўл выбірае надзейны варыянт, пачаўшы перасьлед іхніх агульных ворагаў, каб, такім чынам, заслужыць давер ды павагу ад кіраўніцтва сынедрыёну. Але гэтая злачынная змова і сталася грунтам для пакутаў ягонага сумленьня, якім ён заўсёды ганарыўся. І вось зараз, на шляху да Дамаску, гэтае сумленьне прыпамятала яму пра тое, што ягоная стараннасьць па ахове закону на самой справе апынулася несапраўднай, бо вельмі моцна разьведзена асабістым славалюбствам, якое, дарэчы, апусьцілася да такой ніжыны, каб схіліцца нават перад сваімі ідэйнымі ворагамі.
Хваляваньне сумленьня Саўла яшчэ больш павялічвалася, калі ён бачыў рахманыя паводзіны тых людзей, якіх ён выбраў у якасьці сваіх ахвяраў. Безумоўна тое, што ён лічыў сябе правым, а гэтых нікчэмных пасьлядоўнікаў Ісуса няправымі, але ніяк ня мог зразумець тое, чаму гэтыя нікчэмныя людзі паводзяць сябе так высакародна. У ягоную галаву ніяк не ўкладалася гэтае непраціўленьне і міралюбства, бо ні праклёнаў, ні нейкага абурэньня ў свой адрас ён так і не пачуў. Гэта вельмі кантраставала з ягонай жорсткасьцю, якая дамаглася права прывесьці ў Ерусалім пасьлядоўнікаў Хрыста з іншых гарадоў дзеля пакараньня. Якім жа павінна было быць сэрца Саўла, калі ён аддаваў на жорсткія пакараньні хрысьціянаў, асабліва жанчын? І як быць з сумленьнем? Ня маючы болей магчымасьці сумяшчаць сваю жорсткасьць з пакорай гэтых няшчасных, сумленьне Саўла дайшло да поўнай зьнямогі, бо пачало абвінавачваць яго ў іншай несправядлівасьці - не рэлігійнай, але маральнай.
Таму і ня дзіўна тое, што калі Саўлу, каля Дамаску, зьявіўся Ісус Хрыстос, дадзеныя абставіны адразу ж адкрыліся. Хрыстос не сказаў яму: «Чаму ты перасьледуеш Маіх пасьлядоўнікаў?», але сказаў іншае: «Чаму ты перасьледуеш Мяне?» Ці ня гэта ж самае чуў Саўл ад тых людзей, якіх ён прымушаў адрачыся ад Хрыста? Такім чынам, калі ён пачуў гэтае пытаньне з вуснаў Госпада, дык адчуў непадкупны нястрымны дакор, які быў значна павялічаны ягоным сумленьнем. Магчымы і іншыя пытаньні, якія прымушалі Саўла паглядзець на тое, што ён рабіў, але і пералічаных дастаткова, каб зразумець тое, што прыпыніць уплыў Божага «ражна» зьяўляецца вельмі цяжкаю справай для кожнага чалавека, здольнага прыслухацца да голасу свайго сумленьня. Няма сумнёву у тым, што папярэдняя Божая ласка, якая вядзе чалавека да пакаяньня, супрацоўнічае з ягоным сумленьнем, паколькі аўтарам маральных каштоўнасьцяў зьяўляецца толькі Бог. Гледзячы ж на гэтае супрацоўніцтва можна упэўнена сьцьвярджаць, што навяртаньне Саўла да Бога было ажыцьцёўлена не прымусова, але пад уплывам дзеяньня Божай ласкі.
Пасьля ўсяго прачытанага пра жыцьцё і служэньне апостала Паўла, мы можам зрабіць і пэўныя высновы разуменьня Паўлам пытаньня збаўленьня чалавека па веры. Знаўца Пісаньня і хрысьціянін Павал яшчэ ў Арабіі прыйшоў да высновы, што Стары Запавет нічога ня кажа пра выключнасьць збаўленьня па веры і яе незалежнасьці ад справаў чалавека. Упершыню Павал пачуў гэта ад Стэфана, але, каб усьвядоміць гэта, яму патрабавалася сустрэча з Хрыстом і пэўны час для пераасэнсаваньня Слова Божага ад пачатку. Павал зразумеў, што Стары Запавет быў дадзены Богам у мэтах выхаваўчых, каб падгатаваць сьвядомасьць грэшнікаў любой нацыянальнасьці да неабходнасьці прыняцьця новазапаветнай Божай ласкі. Да таго ж часу, пакуль людзі заставаліся ў сваёй упэўненасьці, што здольныя зарабіць сабе збаўленьне, яны не былі гатовымі прыняць ласку Божую. Калі б на гары Сынай гебраі ўсьвядомілі сваю поўную няздольнасьць выканаць Божыя запаведзі асабістымі высілкамі, магчыма Божае Адкрыцьцё ў Ісусе Хрысьце было б дадзена людзям ужо ў тыя часы, бо ласка Божае можа быць дадзена толькі як адказ на выяўленьне ў ёй патрэбы. Але гэтага ня здарылася і да Галгофы людзі нічога ня ведалі пра выключнасьць збаўленьня па веры. Калі ж людзям гэтае адкрылася, яны ўсталі перад Пнеабходнасьцю адпавядаць ужо толькі зьместу гэтага закліку. Такім чынам Ізраіль быў адпрэчаны не па безумоўнай волі Бога, але па асабістаму нявер’ю. Падобным жа чынам пагане былі прынятыя Богам не безумоўным чынам, але па іхняй асабістай веры. Вышэйшае ж права Бога тычылася таго, каб, незалежна ад людзей, вызначыць час і магчымасьць закліку да збаўленьня: раней - праз Ізраіля, а з прыходам Ісуса Хрыста - непасрэдна да ўсіх людзей, каб сфармаваць сапраўдную грамаду Божага народу, якой зьяўляецца Царква Госпада нашага Ісуса Хрыста. Амэн.
«Змагаўся я добрым змаганьнем, бег зьдзейсьніў, веру захаваў. Нарэшце, вызначаны мне вянок праведнасьці, які дасьць мне Госпад, праведны Судзьдзя, у той дзень; і ня толькі мне, але і ўсім, якія зьўленьне Яго палюбілі» (2 Цім 4:7-8).
Свидетельство о публикации №226030200561