Вступление

УСТУП

Трагедыя чалавека, якая здарылася ў Эдэмскім садзе азначаецца словам – грэхападзеньне. Грэх парушыў тую рэальнасьць, якую стварыў Бог для чалавека. Але Бог мае план, каб аднавіць гэтую рэальнасьць. Як? Сродкам збаўленьня чалавека ад грэху – адкупленьнем. Адкупленьне – гэта той сродак, дзякуючы якому мы можам пазбавіцца залежнасьці ад грэху і навярнуцца ў Божую прысутнасьць, якую ўсе мы згубілі ў Адаме. Адкупленьне – гэта той сродак, якім валодае толькі Бог, бо чалавек ня мае ніякай магчымасьці сам сябе выкупіць. Адзінае, што можа чалавек, дык гэта толькі падаць, усё больш і больш паглыбляючыся ў прорву грэху.

Калі чалавек пачынае хоць як-небудзь усьведамляць сваё незайздроснае становішча і тую глыбіню свайго падзеньня ў тую, самую глыбокую прорву у сьвеце, якая мае кароткую назву – грэх, дык пачынае і разумець, што, апынуўшыся на дне, ён ня здольны асабістымі высілкамі выбрацца адтуль, калі ня здарыцца нейкі цуд. Але чалавек ня здольны тварыць цуды, бо гэта Божая прэрагатыва. А чалавек здольны толькі падаць і, ў рэшце рэшт, заклікаць да Госпада, каб атрымаць збаўленьне.

Бог заўсёды чуе заклікі гінучых і, па міласьці Сваёй, збаўляе ад гэтага палону. Гэта і ёсьць цуд, калі Сам Бог  выкупае нас з палону грэху, у якім мы апынуліся праз нараджэньне ў Адаме. Бог так палюбіў гэты сьвет, што аддаў Сына Свайго дзеля нашага адкупленьня. Кроў Ісуса Хрыста адкупае нас, калі толькі мы ня хочам гінуць вечнай сьмерцю ў гэтай прорве грэху і заклікаем да Яго, як да cвайго Збаўцы. А Ён нікога не пакіне бяз увагі і Свайго збаўленьня, калі толькі мы хочам скінуць увесь гэты цяжар грэху і ўвайсьці ў сьветлую, чыстую і радасную прысутнасьць Госпада.

Адкупленьне – гэта выкуп, а Біблія – гэта гісторыя адкупленьня чалавецтва. Якім Бог замысьліў чалавека і чалавецтва? Каб чалавек жыў у гармоніі з Ім. Але кожны чалавек, ад нараджэньня ў Адаме, упаў так нізка, што згубіў гэтую Божую прысутнасьць. Бог бачыў гэта і таму мэта Бога – вярнуць чалавека ў той першапачатковы стан, які ён меў ад пачатку і які ён згубіў грэхападзеньнем Адама. Бог стварыў чалавека для Сябе і калі чалавек зграшыў, дык ён згубіў ня проста рай – ён згубіў Божую прысутнасьць. Бог ня хоча, каб мы, страціўшы рай, атрымалі, у рэшце рэшт, пекла. І таму Бог, ахвяраваўшы Сынам і праліўшы Кроў, якая ня ведала грэху, прабачае нас, бо хоча вярнуць нас да Сябе, у Сваю прысутнасьць.

Няхай жа Сьвяты Дух прысутнічае пры чытаньні гэтай кнігі, бо прысутнасьць Сьвятога Духа – гэта ўжо таемства. І няхай кожнае сэрца шчыра прымае надыктованае ў гэтай кнізе Духам Сьвятым – праўду Божага адкупленьня.


Рецензии