Божий план

I. БОЖЫ ПЛАН


Тэма адкупленьня – гэта ня толькі важная, але і практычная тэма. Бо што ёсьць адкупленьне, як ня выкуп сродкам аплачанага кошту. Бог не цураецца практычнасьці, бо ўсё створанае Ім дасканалае, а значыць і практычнае. Але, для чаго ўсё гэта? Чаму Бог хоча адкупіць нас? З чаго, увогуле, складаецца Божы план і што гэта такое?

Па-першае – гэта адзінства Божага замысла, які складаецца з пасьлядоўных і лагічных дзеяньняў.

Па-другое – гэта падкрэсьленьне Божых справаў і Божай волі, а ня тое, што чалавек павінен рабіць ці тое, што можа здарыцца з чалавекам па волі Божай.

І па-трэцяе – гэта склад мудрых Божых рашэньняў, якія ня могуць быць па настрою і па за праўдай.

Мы вызначаем Божы план, як Ягонае нязьменнае рашэньне, па якому здараецца ўсё, што павінна здарыцца. Божы план, нейкім чынам, можна параўнаць з планам архітэктара, які будуе сваю ідэю ў сваім розуме, потым пераносіць свае думкі на паперу і толькі пасьля гэтага ідэя архітэктара ўвасабляецца ў канкрэтны і рэальны будынак.

Мы ня можам спасьцігнуць тайну ўзьнікненьня Божага плана, але мы дакладна ведаем, што Бог адкрывае нам яго праз Біблію – пачынаючы ад першай і завяршаючы апошняй старонкай. Асноўная частка Бібліі – гэта гісторыя нашага збаўленьня, але гэта толькі частка плана, бо план Божы можна ўмоўна падзяліць на тры часткі: стварэньне; гісторыя збаўленьня праз адкупленьне і жыцьцё пасьля адкупленьня. І гэта ёсьць наш шлях ад вечнасьці тварэньня да вечнага жыцьця ў Новым Ерусаліме з Ісусам Хрыстом.

Калі мы разгарнем Біблію і ўважліва пачнем чытаць, разважаючы над Словам Божым, дык убачым, што тая першая частка Бібліі, якая кажа нам пра стварэньне, займае крыху болей за тры старонкі, бо ўжо з трэцяга разьдзелу і пятнаццатага верша, пачынаецца наступная і самая вялікая частка Пісаньня – гісторыя адкупленьня чалавека: «І варожасьць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе. Яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту» (Быц 3:15). Далей ідзе гісторыя збаўленьня праз адкупленьне Богам чалавека, якая закончваецца за два апошніх разьдзела Бібліі: «І паказаў мне чыстую раку вады жыцьця, сьветлую, як крышталь, якая выходзіла з пасаду Бога і Ягняці» (Адкр 22:1). Апошняя частка Бібліі займае ня больш за дзьве старонкі і паказвае нам будучае вечнае жыцьцё з Ісусам Хрыстом. Але чаму так падзелена Біблія?

Ці не таму, што наш шлях да грэху такі ж кароткі, як мы бачым ў першай частцы Бібліі? Ці не такі доўгі і цяжкі шлях да збаўленьня праз адкупленьне кожнага з нас Ісусам Хрыстом, як гэта пададзена ў самай вялікай частцы Пісаньня: ад кнігі Быцьця (3:15) да Янавага Адкрыцьця (22:1)? І ці не таму апошняя частка Бібліі найкарацейшая, што наперадзе ў нас вечная і радасная будучыня ў прысутнасьці Госпада нашага Ісуса Хрыста.? Няхай кожны разважыць сам.

Вывучэньне шляху Божага чалавека на старонках Бібліі дае нам разуменьне, што нашае адкупленьне не зьяўляецца галоўнай мэтаю Бога, бо гэта ёсьць сродак для выкананьня Божага плана, як канчатковай мэты. Калі мы пачынаем чытаць Біблію, мы бачым цудоўную стваральную працу Госпада, Які стварае тую частку рэальнасьці, якая напоўнена небам і зямлёю, і ўсім, што ў іх: «І сказаў Бог: “Хай утворыць зямля душу жывую паводле роду яе, быдла і гадаў, і зьвяроў зямных паводле роду іх”. І сталася так» (Быц 1:24). Але да гэтага Ён стварыў розныя расьліны, птушак і сьвяцілы на небе: «І ўбачыў Бог, што гэта добра» (Быц 1:21). І гэтую частку стварэньня мы назвалі прыродай.

Але гэта толькі частка рэальнасьці і таму Бог працягвае Сваю стваральную працу: «І сказаў Бог: “Створым чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага. І хай валадараць яны над рыбамі марскімі і над птушкамі нябеснымі, і над быдлам, і над усёю зямлёю, і над усімі гадамі, што поўзаюць па зямлі”» (Быц 1:26). Усё, кропка. Рэальнасьць створана і складаецца яна з трох частак: прырода, чалавек, як вобраз ці падабенства Бога і Сам Творца, Які непасрэдна прысутнічае ў жыцьці чалавека сярод прыроды. Бог даў чалавеку Эдэмскі сад, як паказчык рэальнага, бо калі няма Бога, дык няма і рэальнасьці. Што і сталася, бо калі чалавек узбунтаваўся, зграшыўшы перад Богам, дык рэальнага сьвету ня стала, бо ня стала прысутнасьці Госпада.

Бог стварыў чалавека на падабенства і вобраз Свой. І тут трэба заўважыць, што ня трэба значна падзяляць сэнс гэтых словаў, бо вобраз і падабенства нясуць у сабе ідэю люстэрка. Калі, напрыклад, чалавек (вобраз) глядзіцца ў люстэрка, дык ён бачыць у ім сваё адлюстраваньне (падабенства). Чалавек зграшыў і страціў магчымасьць бачыць твар Божы, але ён, чамусьці, ня страціў свайго падабенства да Госпада і па ранейшаму зьяўляецца адлюстраваньнем (падабенствам) Божым.

Чалавек створаны маральнай істотай і калі адбылося грэхападзеньне, ён згубіў сваю маральнасьць, але ня гледзячы на сваё падзеньне, чалавек захаваў свой розум і інтэлект. Вось гэтым і застаўся быць падобным на Госпада чалавек. Але пытаньні застаюцца. Калі мы створаны Богам, дык дзеля якіх мэтаў? Навошта Ён гэта зрабіў? Ці не таму, што Ён не зьбіраўся толькі Сам кіраваць Сваім тварэньнем гэтага сьвету? Ён стварае чалавека, як прадстаўніка Госпада, каб кіраваць Ягоным тварэньнем на зямлі: «Неба – неба Госпаду, а зямлю Ён даў сынам чалавечым» (Пс 113:24).

Але, якое сапраўднае становішча чалавека ў той створанай Богам рэальнасьці, у якой апынуліся Адам з Еваю?:


• Чалавек створаны адлюстраваньнем Бога і зьзяньнем Ягонай славы.

• Бог стварыў чалавека, каб той браў удзел у кіраваньні ўсім тварэньнем на створанай Богам зямлі.

• Чалавек знаходзіцца ў гармоніі з Творцам, бо Адам размаўляе з Госпадам, атрымлівае ад Бога памочніка ў створанай Еве і кіруе той прыродай, якую даў нам Госпад: «І назваў чалавек імёны ўсяму быдлу і птушкам нябесным і ўсім зьвярам польным» (Быц 2:20).

Бог стварыў чалавека для Сябе. Ён не ствараў чалавека для грэхападзеньня. Бог ведаў, што яно адбудзецца, але ніяк не спрыяў гэтаму. Безумоўна тое, што Бог мог прыпыніць імкненьне Адама і Евы да непаслушэнства, бо няма ніякага сумненьня, што Ён бачыў і чуў іхнія крокі да грэху. Але не зрабіў гэтага, бо даў чалавеку свабодную волю выбіраць паміж паслушэнствам і злачынствам перад Богам. На наш жаль, чалавек выбраў бунт і таму Адам, як і мы ў ім, страціў створаную Богам рэальнасьць, бо згубіў непасрэдную прысутнасьць Госпада, а з ёй і магчымасьць безумоўнага ўдзелу ў кіраваньні Божым тварэньнем на зямлі. Так, Бог ведаў пра падзеньне Адама і таму Ён Сам ідзе да Адама, каб абвесьціць пра пачатак наступнай часткі Свайго плана – адкупленьне ягоных нашчадкаў і вяртаньне іх да Сябе, у Сваю прысутнасьць.

Наступная частка Божага плана – адкупленьне і гэта, безумоўна, самая вялікая ягоная частка, якая адкрываецца нам на пачатку кнігі Быцьця і завяршаецца напрыканцы Адкрыцьця апостала Яна. Барацьба Госпада за сэрца чалавека – гэта вялікая барацьба, бо падняць гэты камень, якім зьяўляецца сэрца чалавека, ня можа нават і Бог, калі ў гэтым Яму не дапаможа сам чалавек, а дакладней тая свабодная воля, якую даў яму Бог. У гэтым сутнасьць Бібліі, бо ўсе мы жывем і знаходзімся ў гэтай частцы Пісаньня – паміж пачаткам кнігі Быцьця і заканчэньнем кнігі Адкрыцьця. І той, хто дазволіў ператварыць сваё каменнае сэрца ў плацяное, не застанецца ў гэтай частцы Бібліі, але пойдзе далей – у вечнае жыцьцё з Ісусам Хрыстом.

Іншымі словамі мы павінны памерці ў Адаме і нарадзіцца ў Ісусе Хрысьце, бо толькі так мы можам вярнуць сабе тую рэальнасьць, якую мы згубілі ў грэхападзеньні Адама: «Бо як у Адаме ўсе паміраюць, гэтак у Хрысьце ўсе ажывуць, але кожны - ў сваім парадку: Першынец - Хрыстос, пасьля Хрыстовыя, у прыйсьце Ягонае, а пасьля канец, калі Ён перадасьць Валадарства Богу і Айцу, калі зьнішчыць ўсякае начальства, і ўсякую ўладу і сілу, бо Яму належыць валадарыць, пакуль пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі Свае. Апошні вораг будзе зьнішчаны – сьмерць, бо усё падпарадкаваў пад ногі Яго. А калі сказана, што ўсё падпарадкавана, зразумела, што акрамя Таго, Які падпарадкаваў Яму ўсё. А калі усё будзе падпарадкавана Яму, тады і Сам Сын падпарадкуецца Таму, Які падпарадкаваў Яму ўсё, каб быў Бог усё у-ва ўсім» (1 Кар 15:22-28). Пісаньне кажа, што ўсё падпарадкавана Ісусу Хрысту, як і тое, што нашае збаўленьне не азначае заканчэньне запланаванага Богам.

Ісус Хрыстос, будучы ўкрыжаваным, паміраючы сказаў: «Зьдзейсьнілася!» (Ян 19:30), але гэта ніяк не азначае, што план Божы падыйшоў да завяршэньня, бо гэтаму ёсьць працяг. Мы бачым уваскрасеньне Ісуса Хрыста, Ягоныя настаўленьні і Ягонае ўзьнясеньне да Айца. Гэта ж тычыцца і кожнага з нас, бо калі мы пакаяліся, дык гэта не азначае, што ўсё зьдзейсьнілася, бо наперадзе ў нас вучэньне Ісуса Хрыста, уваскрасеньне і вечнае жыцьцё разам з Ім у Новым Ерусаліме. Усё толькі пачынаецца і таму мы не прыпынемся недзе ў сярэдзіне Бібліі, але пройдзем з Ісусам Хрыстом да апошняй старонкі Пісаньня, каб увайсьці разам з Ім у жыцьцё вечнае, бо толькі Ён дае нам усё гэта: «У Якім мы маем адкупленьне праз кроў Яго, адпушчэньне грахоў, паводле багацьця ласкі Яго, якую Ён шчодра зьявіў нам ва ўсякай мудрасьці і разуменьні, даўшы нам ведаць таямніцу волі Сваёй, паводле ўпадабаньня Свайго, што Ён раней пастанавіў у Сабе, дзеля ўпарадкаваньня поўні часоў, каб усё, што ў небе і што на зямлі, было пад галавою - Хрыстом» (Эф 1:7-10).

Мы наноў створаныя ў Ісусе Хрысьце і Бог дабіваецца ад нас толькі таго, каб у будучым мы атрымалі славу Хрыста Ісуса: «Бог, багаты міласэрнасьцю, праз вялікую любоў Сваю, якою палюбіў нас, і нас, мёртвых праз праступкі, ажывіў разам з Хрыстом, - ласкай вы збаўленыяныя, і ўваскрасіў і пасадзіў на нябёсах у Хрысьце Ісусе, каб зьявіць у вяках, якія прыходзяць, бязьмернасьць багацьця ласкі Сваёй у ласкавасьці да нас у Хрысьце Ісусе» (Эф 2:4-7).

Бог мае план і да гэтага няўмольна рухаецца чалавечая гісторыя. Але чым усё скончыцца? Апостал Ян адказвае на гэтае пытаньне: «І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля прамінулі, і мора ўжо няма. І я, Ян, убачыў горад сьвяты новы Ерусалім, які зыходзіў ад Бога з неба, падрыхтаваны як нявеста, аздобленая дзеля мужа свайго. І пачуў я голас вялікі з неба, які казаў: “Вось, намёт Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі; і яны будуць народам Ягоным, і Сам Бог будзе з імі Богам іхнім”. І абатрэ Бог кожную сьлязу з вачэй іхніх; і сьмерці ўжо ня будзе, і ня будзе ўжо ані плачу, ані крыку, ані болю ўжо, бо ранейшае прамінула» (Адк 21:1-4). Новае неба і новая зямля – вось тая рэчаіснасьць і тая рэальнасьць, якая чакае хрысьціяніна.

Існуюць розныя погляды на гэтую рэальнасьць. Адны кажуць, што будзе абсалютна новае неба і новая зямля. Другія кажуць, пра адноўленую зямлю і неба, якія будуць бяз грэху. Але гэта нічога істотна не зьмяняе, бо больш істотна тое, што мы будзем фізічнымі, як і сказана: «І я, Ян, убачыў горад сьвяты новы Ерусалім». Біблія апісвае нават ягоныя фізічныя параметры, якія складаюцца з роўных памераў даўжыні, шырыні і вышыні – 1,4 мілі (у сучасным вымярэньні). Дадзеная вышыня кажа пра тое, што ня будзе сонца, бо сьвятлом будзе Бог: «І ночы ня будзе там, і ня будуць мець патрэбы ў сьветачы і ў сьвятле сонца, бо Госпад Бог асьвятляе іх, і будуць валадарыць на вякі вякоў» (Адк 22:5). Мы будзем жыць у новым Ерусаліме і гэта будзе на новай зямлі і пад новым небам. Адбудзецца ўсё тое, што запланаваў для нас Бог ад пачатку тварэньня – мы будзем валадарыць разам з Ісусам Хрыстом, падзяляючы Божае Валадарства на зямлі.

Але што гэта за цудоўнае месца, дзе мы будзем знаходзіцца ў славе Божай? Паміраючы на крыжы, Ісус Хрыстос адказвае злачынцу, укрыжаванаму разам з Ім: «І сказаў Ісусу: “Узгадай пра мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Валадарства Тваё!” І сказаў яму Ісус: “Сапраўды кажу табе: сёньня ж будзеш са Мною ў раі”» (Лук 23:42-43). Ісус Хрыстос называе будучае месца Сваёй прысутнасьці разам з чалавекам – раем.

Што ёсьць рай? Большасьць людзей укладае ў гэтае слова сэнс фізічны, зьвязаны з нейкім дабрабытам і асалодаю. Рай – гэта асалода. Так думае і кажа чалавек. «Рафаэла – райская асалода» - так абвяшчае рэклама. «Быў у Швайцарыі – гэта проста рай» - так кажа чалавек. Але, як бы не прыдумляла рэклама і ў захапленьні ні казаў чалавек, сапраўдны рай не параўнальны з уяўленьнем чалавека і тым больш з камерцыйнымі інтарэсамі таго ж чалавека. Гэта так жа непараўнальна, як непараўнальнае зло на гэтай зямлі з пеклам, як выразам вечных пакутаў.

Рай – гэта тая першапачатковая рэальнасьць, у якой быў створаны Адам, а потым і Ева. Іншая справа, што яны страцілі гэты рай, узбунтаваўшыся супраць Бога. Заўважым і тое, што, ўпаўшы, яны не былі аўтаматычна пазбаўлены гэтай рэальнасьці, але мелі час, каб усьвядоміць свой грэх і пакаяцца перад Богам, Які даваў ім гэтую магчымасьць. Зграшыўшы, Адам з Еваю пачалі хавацца ад Бога: «І пачулі голас Госпада Бога, Які хадзіў па раі ў час дзённай прахалоды. І схаваўся Адам і жонка ягоная ад аблічча Госпада Бога паміж дрэвамі ў раю» (Быц 3:8). Трэба заўважыць яшчэ і тую акалічнасьць, што Адам з Еваю зусім не жадалі губляць райскія ўмовы жыцьця. Яны хацелі быць «самастойнымі і незалежнымі» ад Бога і ў той жа час карыстацца ўсім райскім, а гэта значыць – Божым.

Ці не такі ж самы няверуючы чалавек? Ён заўсёды бяжыць ад Бога, як цемра бяжыць ад сьвятла. Пачынаючы ад грэхападзеньня Адама, ніколі чалавек ня ішоў сам да Бога. Бог першым зьвярнуўся да Адама: «І паклікаў Госпад Бог Адама і сказаў яму: “Дзе ты?”» (Быц 3:9). І таму не павінен падманвацца чалавек думкамі пра тое, што ён у любы момант свайго жыцьця можа першым зьвярнуцца да Бога. Гэта ёсьць самападман, бо чалавек здольны толькі адказаць Госпаду на ягонае пакліканьне. Бог заўсёды першы. Так было, так ёсьць і так заўсёды будзе. І няма іншага.

Апостал Павал, будучы фарысеем, жорстка гнаў хрысьціянаў выступаючы супраць Ісуса Хрыста, а значыць супраць Бога. Але Бог прыйшоў да яго Сам: «А калі ж ён ішоў, сталася, як ён наблізіўся да Дамаску, што неспадзявана агарнула яго сьвятло з неба. І ўпаўшы на зямлю ён пачуў голас, які гаварыў яму: “Саўле, Саўле, што ты перасьледуеш Мяне?” Ён жа сказаў: “Хто Ты, Госпадзе?” А Госпад сказаў: “Я Ісус, Якога ты перасьледуеш. Цяжка табе супраць ражна ўпірацца”. І ён, дрыжучы і жахаючыся сказаў: “Госпадзе, што хочаш, каб я рабіў?” І Госпад кажа да яго: “Устань і ідзі ў горад; і будзе табе сказана, што ты мусіш рабіць”» (Дзеі 9:3-6). Павал атрымаў такі моцны зарад Божага сьвятла, што нават часова асьлеп на вочы, але гэтае сьвятло зьнішчыла сьлепату Саўлавага сэрца, якое ўбачыла сапраўднага Госпада, Ісуса Хрыста. Так адбываецца і з кожным, каму Бог дасылае заклік Сваім сьвятлом, каб цемра сэрца адступіла пад уціскам духоўнага Божага сьвятла і, каб мы, падобна апосталу Паўлу, асьлеплі для дзеяў гэтага сьвету, але асьвятліліся сэрцам і атрымалі духоўны зрок, прыходзячы ў Божую прысутнасьць. І таму рай – гэта месца Божай прысутнасьці, дзе сьвятло Божае і зносіны з Ім – галоўная радасьць жыцьця.

Райская асалода – гэта магчымасьць сузіраць Божы твар усьведамляючы, што мэта Госпада заключана ў вяртаньні нас да Яго. Стары Запавет кажа, што зносіны з Госпадам – гэта і ёсьць найвялікшае дабраславеньне: «І наказаў Госпад Майсею сказаць: скажы Аарону і сынам ягоным: “Так дабраслаўляйце сыноў Ізраілевых, кажучы ім: “Хай дабраславіць цябе Госпад і захавае цябе! Хай паглядзіць на цябе Госпад сьветлым тварам Сваім і ўмілажаліцца з цябе! Хай паверне Госпад твар Свой да цябе і дасьць табе супакой!”» (Лік 6:22-26). Магчымасьць убачыць той момант, калі Бог паглядзіць на нас Сваім сьветлым тварам – гэта і ёсьць найвялікшая радасьць і дабраславеньне ў жыцьці кожнага чалавека. І таму рай, як найвышэйшая мэта і сутнасьць збаўленьня – гэта ня нейкая квітнеючая і прыгожая мясьціна, але сьвядомая і цудоўная магчымасьць сказаць Госпаду: «Ты мой Бог!»

Апостал Ян кажа пра новае неба і новую зямлю, дзе мы будзем вечна жыць разам з Ісусам Хрыстом у сваіх адноўленых фізічных целах. Але да гэтага будуць Нябёсы, дзе Госпад чакае Сваіх сыноў і дачок пасьля нашай фізічнай сьмерці: «Бо мы ведаем, што калі зямны наш дом, хаціна, зруйнуецца, мы маем пабудову ад Бога, дом, які не рукамі зроблены, вечны ў небе. Бо дзеля гэтага мы і ўздыхаем, жадаючы апрануцца ў нашае жытло з неба» (2 Кар 5:1-2). І так будзе да будучага веку калі прыйдзе Ісус Хрыстос у славе Сваёй, каб судзіць гэты сьвет і як кажа апостал Павал: «А потым канец, калі Ён перадасьць Валадарства Богу і Айцу». Але «канец» Паўла азначае «пачатак» Новага Ерусаліму Яна. Гэта будзе новае неба і новая зямля, дзе мы будзем вечна сузіраць Госпада, бо недарма казаў Ісус Хрыстос веруючым людзям у Сваёй нагорнай пропаведзі: «Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мац 5:8).

Мы ня ведаем дакладна памераў Эдэмскага саду, але мы ведаем памеры нашага будучага жытла – Новага Ерусаліма. Мы ведаем, што будзем знаходзіцца ў вечнай радасьці. Ведаючы, што Бог стварыў чалавека, як памочніка ў кіраваньні сьветам, не выключаем і такой цудоўнай магчымасьці, што будзем саўдзельнікамі і памочнікамі Бога ў стварэньні ды разьвіцьці нейкіх новых Божых задумаў.

Давід кажа пра вялікую славу і хараство нашага будучага дома: «Слава і веліч прад абліччам Ягоным, сіла і вялікае хараство ў сьвятыні Ягонай» (Пс 95:6). Гэта і ёсьць Божая мэта – вярнуць чалавека да Сябе, у Сваю прысутнасьць, каб адбылося прызначанае яму ад пачатку. Гэтым пачынаецца Біблія і гэтым яна закончваецца.


Рецензии