Сон 373678. Жоуты палiтон

Сон №373678. Жоўты  палітон
------------------------

...Сніўся гандлёвы цэнтр, з тых, дзе эскалатары заўсёды рухаюцца не туды, куды табе трэба, а святло такое цьмянае, быццам лямпы не мянялі ўжо цэлае стагоддзе.

Ты смяялася. Круціла ў руках ажурныя панчохі, глядзела на святло, ці не пойдзе стрэлка? А потым выбрала мне палітон. Жоўты. Уцэнены. За восемсот дзевяноста рублёў. Я яшчэ падумаў: такіх коштаў нават у снах не бывае, а калі і з'яўляюцца, то гэта да перамены надвор'я ці да чагосьці больш сур'ёзнага. Пад столяй цвыркалі вераб'і.
Потым пілі гарбату. Пластыкавыя шкляначкі, духмяная зялёная гарбата, пірожнае-«кошык», як калісьці ў дзяцінстве. Ты ўсё смяялася. Смех быў тваім спосабам дыхаць у гэтым недарэчным сне. Паказала пярсцёнак, тонкі, шлюбны. З выклікам зазірнула мне ў вочы. Верабьева какашка пліснулася ў яе папяровую  філіжанку.  Мы пырскнулі.

Я спытаў:
-Як там, замужам?
Ты зарагатала яшчэ гучней, ледзь гарбату не расплюхала, прыкрываючы рот далоняй. Адказала:
-А муж аб’еўся груш.
І так проста гэта прамовіла. Быццам не пра мужа, а пра суседскага ката. Ці пра надвор’е. А я раптам зразумеў: грушы ёсць фрукт цяжкі, ад іх пучыць. Значыць, і ў яе рэальнасці ўсё распірае ад нейкай няправільнай сытасці. Ці наадварот, ад пустэчы.
Палітон мы так і не набылі. У сне ніколі не купляеш тое, што табе сапраўды трэба. Прачнуўся і думаю: чаму ў сне ўсё зразумела, а наяве - не? Пра тыя ж грушы. Пра смех. Пра жоўты палітон, якога не існуе. І пра тое, што ты смяялася, а я глядзеў і думаў, як жа даўно я не чуў твайго смеху. Як жа даўно я наогул нічога не чуў. Быццам мяне і зусім няма.

Ачуняў у шпіталі. Столь белая, лямпы старыя, ртутныя, гудуць. Пад коўдрай пустэча. Дзве пустэчы.
Медсястра сказала: пашанцавала, табе, што жывы.

А я думаю пра палітон. Жоўтага колеру . Цёплы.  Са зніжкай. Восемсот дзевяноста. Усяго толькі.

Цяпер бы і за тысячу купіў, ды няма на чым выйсці.


Рецензии