Трагедия Эдема

II. ТРАГЕДЫЯ ЭДЭМА


Біблія – гэта гісторыя адкупленьня, ў якой вызначана мэта Бога – прывесьці чалавека ў той першапачатковы духоўны стан, які быў ад пачатку і які чалавек згубіў у Адаме. Бог стварыў чалавека для Сябе і калі чалавек зграшыў, дык ён пазбавіўся ня проста раю, але прысутнасьці Госпада. І таму Божы план – гэта вяртаньне чалавека да Госпада. Але якім чынам Ён вяртае нас? Апостал Пётр кажа, што толькі праз ахвярную сьмерць Хрыста мы здольныя вярнуцца да Госпада: «Бо і Хрыстос, каб прывесьці нас да Бога, раз пацярпеў за грахі, Праведны - за няправедных, быўшы забіты целам, але ажыўлены Духам» (1 Пят 3:18). Таксама і Сам Хрыстос кажа, што кожны, хто прыйдзе да Яго будзе ўваскрэшаны, а значыць і збаўлены: «Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе, і таго, хто прыходзіць да Мяне, ня выганю прэч, бо Я зыйшоў з неба ня дзеля таго, каб чыніць Маю волю, але волю Таго, Хто паслаў Мяне. А гэта ёсьць воля Айца, Які паслаў Мяне, каб з таго, што Ён Мне даў, нічога не загубіць, але ўваскрасіць ўсё ў апошні дзень» (Ян 6:37-39).

Мы кажам пра збаўленьне чалавека ад грэху і сьмерці, але што ж такое здарылася з чалавекам, што ён апынуўся ў такім цяжкім становішчы, з якога яго можа вызваліць толькі Бог?

Трагедыя падзеньня чалавека ў Эдэмскім садзе азначаецца ня вельмі прыемным словам – грэхападзеньне. Гэта ёсьць той стан чалавека, калі ён здрадзіў Госпаду. Бог бачыў і чуў размову Евы са зьмеем, але даўшы чалавеку свабодную волю выбіраць, Ён не прыпыніў працэс спакушэньня, але чакаў выбару чалавека: праявіць любоў і паслушэнства да першага Божага запавету ці аслухацца і здрадзіць Таму, Хто стварыў для іх неба і зямлю, як і ўсё, што ў іх. На жаль, чалавек выбраў другое. Але міласэрны і любячы Бог, Які так палюбіў гэты сьвет і галоўнае Сваё стварэньне – чалавека, дае там, у Эдэме, самае галоўнае абяцаньне – вярнуць чалавека назад, у Сваю прысутнасьць. Як? Ён пашле Збаўцу, каб вызваліць чалавека з палона грэху і вярнуць яго ў першапачатковую рэальнасьць.

Грэх парушыў рэальнасьць, якую стварыў Бог і каб аднавіць гэтую рэальнасьць, трэба зьнішчыць першапрычыну Эдэмскай трагедыі – грэх. Сучасны сьвет кажа, што хрысьціяне перабольшваюць з праблемай грэху, калі выстаўляюць грэх на адмоўную вышыню, каб усе, бачачы яго, адварочваліся ў адваротны бок, да Ісуса Хрыста. Але грэх – гэта рэальны факт і таму мы павінны рэальна разважаць пра тое, што адбылося ў Эдэмскім садзе і як паўплывала ўзьнікненьне грэху на далейшае жыцьцё ўсяго чалавецтва.

Хрысьціяне кажуць, што ёсьць два погляды на грэх: біблійны і ўсе астатнія. Біблійны погляд – гэта разгляданьне грэху, як ня проста нешта дрэннае, але як злачынства супраць Госпада, якое вядзе да сьмерці. Сучасны сьвет ня хоча з гэтым пагаджацца, бо малюнак грэху выглядае вельмі трагічна. Людзі думаюць пра грэх, як пра свае не зусім правільныя дзеяньні ці паводзіны. Ім падаецца, што яны не такія ж ужо і дрэнныя, а таму ніяк не заслугоўваюць сьмерці. Яны, па большасьці, разглядаюць сваё «невялічкае» зло як выпадкова-часовыя паводзіны, якіх можна лёгка пазбавіцца. І ня трэба сябе абцяжарваць думкаю, што грэх вядзе да сьмерці, бо гэта ніяк не прыносіць радасьці ў і без таго не заўсёды радаснае жыцьцё.

Пытаньне разуменьня грэху – вельмі нялёгкае пытаньне, бо грэх, як і сьмерць, вельмі прыгнятае нас. Але яснасьць разуменьня грэху – у выніку, дае нам збаўленьне. Апостал Павал у Пасланьні да Эфэсцаў кажа, што пакуль мы ня ўбачым трагедыі грэху, мы ня здольныя ўбачыць велічы таго, што зрабіў Ісус Хрыстос. І таму ён паказвае ім нашыя грахі і толькі пасьля тое, што зрабіў для нас наш Збаўца: «І вас мёртвых праз праступкі і грахі вашыя, у якіх вы некалі хадзілі, паводле веку гэтага сьвету, па волі князя, які валадарыць у паветры, духа, які дзейнічае цяпер у сынах непакорнасьці, - між якімі і мы ўсе жылі некалі ў пажаданьнях цела нашага, выконваючы волю цела і былі па прыродзе дзецьмі гневу, як і іншыя, - Бог, багаты міласэрнасьцю, праз вялікую любоў Сваю, якою палюбіў нас, і нас, мёртвых праз праступкі, ажывіў разам з Хрыстом, - ласкай вы збаўленыя, - і ўваскрасіў, і пасадзіў у нябёсах у Хрысьце Ісусе, каб зьявіць у вяках, якія прыходзяць, бязьмернасьць багацьця ласкі Сваёй у ласкавасьці да нас у Хрысьце Ісусе» (Эф 2:1-7).

Апостал Павал вучыць нас бачыць грэх, бо вучэньне пра грэх, паказвае нам прыроду Бога, Які збаўляе нас ад грэху. Грэх – гэта вельмі сур’ёзнае пытаньне з вельмі сур’ёзнымі наступствамі, якія вядуць да вельмі сур’ёзных праблемаў. Грэх мае пэўны ўплыў на адносіны чалавека з Богам і людзьмі. Адам і Ева мелі вельмі добрыя зносіны з Богам да грэхападзеньня. Але, што потым? А потым мы бачым першы акт трагедыі Эдэма, які зьнішчыў тую рэальнасьць, якую стварыў Бог для чалавека. Гэты акт трагедыі зьнішчыў рай, які быў дадзены чалавеку ў прысутнасьці Госпада. Вяртаючыся да Адама і Евы, мы бачым, што грэх перамяніў іх і яны апынуліся па іншы бок ад Бога. Фактычна, яны сталі злачынцамі, а значыць і ворагамі да Бога. І тут трэба заўважыць, што ня Бог адступіўся ад людзей, а людзі адступіліся ад Бога.

Але сьвет і тут згладжвае войстрыя вуглы, бо тлумачыць грэхападзеньне Адама, як нядобры прыклад, які можа паўплываць на нейтральнага ад нараджэньня чалавека. Які, у сваю чаргу, пад уплывам прыкладу Адама, і сам, часам, становіцца нядобрым. Такое стаўленьне чалавека да грэху, аддаляе яго ад сапраўднага разуменьня трагічных наступстваў грэхападзеньня і разуменьня таго, што мы вельмі і вельмі хворыя на грэх.

У сваім Пасланьні да Рымлянаў, апостал Павал кажа пра грахі як дзеяньне і паводзіны і пра грэх як стан сэрца. Мы павінны зьвярнуць увагу на тое, што ў разьдзелах 1-5:11 апостал кажа непасрэдна пра дзеяньні грэху, але разьдзелы 5:12-7:25 кажуць пра грэх як стан чалавека. І тут Павал кажа пра крыніцы грэшнасьці і праведнасьці: «Таму, як праз грэх аднаго ўсім людзям асуджэньне, гэтак праз праведнасьць аднаго ўсім людзям апраўданьне на жыцьцё. Бо, як праз непаслухмянасьць аднаго чалавека многія зрабіліся грэшнымі, так і праз паслухмянасьць аднаго многія зробяцца праведнымі» (Рым 5:18-19). Мы бачым у гэтым, што гаворка ідзе пра Адама і Ісуса Хрыста, бо грэшнік – гэта той, хто нарадзіўся ў Адаме, а праведнік – той, хто нарадзіўся ў Хрысьце Ісусе. Кожны чалавек – грэшнік, бо гэта стан ягонага сэрца, народжанага ў Адаме. І таму, сьцьвярджэньне тых, хто кажа, што грэшнік той, хто грэшыць, крытыкі не вытрымлівае, бо ўсё якраз наадварот – грэшыць той, хто грэшнік. А ўсё гэта кажа пра тое, што кожны, хто народжаны ў Адаме, зьяўляецца грэшнікам.

Грэх мае ўсеагульны характар, бо ўсе мы нарадзіліся ў Адаме. Калі Адам здрадзіў Богу, дык усе мы знаходзіліся ў ім. І гэта ёсьць першародны грэх. Але, каб нам быў больш зразумелы прынцып пераемнасьці першароднага грэху, мы зьвернемся да якога-небудзь прыкладу з жыцьця тых ці іншых людзей. Муж і жонка, якія яшчэ дзяцей ня маюць, пераязджаюць з Беларусі ў іншую краіну і там нараджаюць сваіх дзяцей. Пад час пераезду фізічна дзяцей не было, але яны былі для іх у будучым. Дзеці былі ў іх як будучыя і таму яны зьехалі з Беларусі разам з імі. Яны паўтарылі пераезд бацькоў і апынуліся ў іхнім новым стане. Так і мы – пераймальнікі грэху ад нашых бацькоў, аж да Адама і Евы: «Усе вусны былі загароджаныя і ўвесь сьвет стаўся вінаватым перад Богам» (Рым 3:19).

Стан грэшнага чалавека – стан кожнага чалавека, пакуль ён ня зьменіць сваё жыхарства ў Адаме на жыхарства ў Ісусе Хрысьце. Апостал Павал кажа, што гэта тычыцца ўсіх людзей: грэкаў і паганаў, мудрацоў і невукаў: «Я вінаваты і грэкам і барбарам, і мудрым, і бяздумным. Дык што да мяне, я гатовы дабравесьціцьць і вам, якія ў Рыме. Бо я не саромлюся Эвангельля Хрыстовага, бо яно ёсьць моц Божая на збаўленьне кожнаму, хто верыць, перш юдэю, і грэку» (Рым 1:14-16). Многія людзі саманадзейна думаюць, што рэлігія патрэбна слабым і непасьпяховым, а адукаваным і таму «мудрым» гэта не патрэбна. Апостал Павал ня згодны з гэтым і таму кажа, што Эвангэльле патрэбна ўсім, бо ўсе аднолькавыя перад Богам, таму што ўсе грэшнікі, бо ўсе вельмі нізка ўпалі. Ісая кажа: «Усе мы блукалі, як авечкі, зьвярнулі кожны на сваю дарогу» (Іс 53:6).

Але, ўзьнікае пытаньне: «Ці адказныя мы за грэх Адама і ці ёсьць тут справядлівасьць?». Так, адказныя, бо мы былі ў гэты час у Адаме. Непаслушэнства аднаго (Адама) перайшло на ўсіх, але паслушэнства другога (Ісуса Хрыста) збаўляе нас ад грэху Адама. Мы павінны разумець, што значыць быць грэшнікам, бо кожны чалавек адказны за грэх Адама і няма апраўданьня таму, хто кажа: «А пры чым тут я?»

На жаль, людзі ня бачаць сябе здраднікамі і таму лічаць сябе пацярпеўшым бокам. І таму, няхай кожны з нас ўважліва паглядзіць на трагічную гісторыю Эдэма і запытае сябе: «А як жа Бог? Можа гэта Ён пацярпеў ад нас?»

Але існуе Добрая Вестка ў тым, што Бог адкрыўся нам у Ісусе Хрысьце, каб даць усім нам магчымасьць пераадоліць жахлівыя вынікі той трагедыі, якая адбылася ў Эдэмскім садзе. Мы павінны зразумець тое, што здарылася ў Эдэме, каб убачыць прыгажосьць і веліч Эвангельля, якое вядзе нас да збаўленьня ад грэху Адама і нашага ў Адаме. Мы павінны заўсёды бачыць перад сабою Крыж як тую ахвяру, якая прынесена за нас. Каб збавіць нас і даць нам выйсьце з грэху Адама, нарадзіцца ў Ісусе Хрысьце і вярнуць сабе Бога.


Рецензии