Результаты греха
Грэх – гэта стан чалавека, які парушыў тую рэальнасьць, якую стварыў Бог для чалавека. І менавіта ўзьнікненьне грэху, які адарваў чалавека ад Бога, дало пачатак Божаму дзеяньню па вяртаньню лепшага Свайго стварэньня да Сябе, у Сваю прысутнасьць. Грэх даў пачатак трагедыі падзеньня чалавека ў глыбіню, якая называецца пеклам. У Эдэме здарылася трагедыя – грэхападзеньне Адама, якога Бог, разам з усімі намі, стварыў для Сябе. Але, чаму Бог зрабіў гэта і ці меў Ён у гэтым якую-небудзь патрэбу?
Некаторыя саманадзейныя людзі кажуць пра тое, што калі Бог стварыў чалавека, дык гэта азначае, што Ён меў для гэтага нейкую патрэбу, а гэта азначае нейкую практычную накіраванасьць самога факта стварэньня. Але гэта ня так, бо Бог, Які валодае вечнасьцю, ня меў ніякай патрэбы ў чалавеку як нейкай значнай велічыні ў існаваньні вечнасьці. Мы ведаем, што Бог – гэта Айцец. Эвангельле паводле Яна дае нам зварот Сына да Айца, які тычыцца ўсіх нас: «Ойча! Тыя, якіх Ты даў Мне, хачу, каб і яны, былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо Ты палюбіў Мяне раней заснаваньня сьвету» (Ян 17:24). Падкрэсьлім асобна словы: «Бо Ты палюбіў Мяне раней заснаваньня сьвету». Ці не таму мы кажам, што Бог ёсьць любоў? Любоў – гэта той спрадвечны і натуральны стан існаваньня Айца і створанага Ім сьвету.
І вось, Бог вырашае падзяліцца з нейкім Сваім стварэньнем гэтымі дасканалымі адносінамі. І гэтым стварэньнем, па волі Божай, становіцца чалавек, які ўводзіцца ў Божую прысутнасьць і падзяляе тыя дасканалыя адносіны Божай прысутнасьці, якія вызначаюцца любоўю: «І сказаў Бог: “Створым чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага”» (Быц 1:26). Бог дае жыцьцё чалавеку, каб падзяліцца з ім тымі дасканалымі адносінамі, якія існавалі, існуюць і вечна будуць існаваць паміж імі – адносінамі любові. Чалавек, які быў уведзены ў Божую прысутнасьць, атрымаў свабодную волю зьяднацца з гэтым выбарам вечнай Божай любові і знаходзіцца ў дасканалай Божай прысутнасьці. І гэта ёсьць тое месца, якое Бог запланаваў для кожнага з нас. Гэта ёсьць рай.
Эдэмская трагедыя скасавала гэты рай, бо чалавек, маючы свабоду выбару паміж жыцьцём у асяродьдзі Бога, выконваючы адзіную ўмову-запавет Госпада і невыкананьнем гэтага запавету, выбраў здраду і тым самым пазбавіў сябе духоўнага жыцьця, бо згубіў важнейшую складаючую рая – Божую прысутнасьць. Так Адам набыў першародны грэх, згубіўшы першародную праведнасьць, якая была ў яго ад пачатку. Зло запоўніла сэрца чалавека і перадалася ўсім наступным пакаленьням, бо ўсе мы нарадзіліся ў Адаме.
У жыцьці чалавека, амаль што кожнага, сустракаецца неабходнасьць запаўняць анкету ці пісаць аўтабіяграфію, дзе вызначаюцца два асноўных пункта – месца нараджэньня і прафесія. Гэта ў зямным вымярэньні. Але Біблія кажа ўвогуле пра чалавека наступнае:
• Месца нараджэньня – у Адаме.
• Прафесія – грэшнік ад нараджэньня.
Многія людзі не пагаджаюцца з тым, што чалавек нараджаецца грэшнікам і сьцьвярджаюць, што чалавек нараджаецца, як чысты ліст паперы – бязгрэшным. І толькі зьнешнія ўмовы далейшага жыцьця чалавека накладаюць на гэты чысты ліст нейкія плямы грэху, бо разбэшчанасьць чалавека залежыць ад многіх фактараў жыцьця: асяродьдзя і выхаваньня ў ім; магчымасьці атрымаць адукацыю ці не; узроўня маральнай разбэшчанасьці грамадзтва і гэтак далей. Але гэта зусім ня так, бо Пісаньне кажа пра тое, што калі Адам зграшыў, ён памёр для духоўных зносінаў з Богам. І мы ўсе разам з ім: «Бо як у Адаме ўсе паміраюць, гэтак у Хрысьце ўсе ажывуць» (1 Кар 15:22). Падкрэсьлім словы апостала Паўла: «Як у Адаме ўсе паміраюць». Павал кажа, што гэта тычыцца ўсіх людзей, якія прыходзяць у гэты сьвет. Усе нараджаюцца мёртвымі для духоўнага і адкрытымі да злога. Апостал Павал кажа пра пераемнасьць грэху ў Адаме, але і кажа пра той адзіны шлях да Хрыста, як шлях апраўданьня за грэх Адама: «Таму, як праз грэх аднаго ўсім людзям асуджэньне, гэтак і праз праведнасьць аднаго ўсім людзям апраўданьне на жыцьцё» (Рым 5:18).
Першародны грэх Адама вельмі моцна паўплываў на прыроду кожнага з нас, бо перадаў усім нашчадкам Адама усю глыбіню ягонага падзеньня. Існуе даволі паказальны прыклад з сучаснага жыцьця, які дэманструе перадачу грэху Адама на кожнага з нас. Мы маем кампутарны дыск з запісам нейкай важнай інфармацыі. Але, дыск мае нейкі дэфект запісу той інфармацыі, якая зьмешчана на гэтым дыску. І калі мы робім копіі з гэтага дыску, дык кожная копія будзе мець той-жа дэфект, які меў дыск першапачатковы. І так да бясконцасьці. Усе мы – гэта копіі з Адама і таму нарадзіліся з тым дэфектам і той праблемай, якую набыў Адам, дзякуючы свайму злачынству. Назва гэтай праблемы – грэх.
Усе мы нараджаемся грэшнікамі і таму ўсе мы маем патрэбу ў збаўленьні. Нават, калі бацька і маці, па міласьці Божай, атрымалі праведнасьць ад Ісуса Хрыста, дык гэта ніяк не ўплывае на духоўную якасьць народжаных дзяцей. Яны нараджаюцца грэшнікамі і таму, таксама, як і ўсе астатнія людзі, маюць патрэбу ў збаўленьні. Якое б выхаваньне ні атрымалі яны – добрае ці ня вельмі, які б шлях яны ні выбралі – дабрачынны ці злачынны адносна законаў грамадзтва, яны – грэшнікі і таму маюць патрэбу ў збаўленьні. Але што грэх зрабіў з намі? Якія вынікі грэхападзеньня Адама адчувае кожны народжаны ў Адаме?
Віна
Грэх Адама прылічваецца да кожнага з нас і таму быць грэшным, значыць быць вінаватым. Першародны грэх – гэта адсутнасьць першароднай праведнасьці і калі мы ёсьць копія з Адама, дык гэта азначае, што мы нараджаемся з адсутнасьцю першароднай праведнасьці, а гэта, у сваю чаргу, азначае, што мы нараджаемся вінаватымі перад Богам, як стаўся вінаватым перад Богам Адам. Адам згубіў праведнасьць і мы згубілі яе разам з ім. Увесь сьвет стаўся вінаватым перад Госпадам, бо праблема віны Адама ляжыць на ўсіх нас, а наяўнасьць зла – гэта наяўнасьць віны перад Богам.
Чалавек ня вельмі хоча з гэтым згаджацца і, каб апраўдаць наяўнасьць зла, прыдумляе розныя казкі пра невінаватасьць чалавека. Напрыклад тое, што сьвет падзяляецца на дзьве раўнаважныя часткі – добрага і злога. Калі чалавек выхоўваецца, трапляючы пад уплыў добрага пачатку сьвета, дык гэта і ёсьць добры чалавек. І калі колькасьць злога не перабольшвае колькасьць добрага, дык гэта ёсьць, увогуле, станоўчы чалавек гэтага сьвету. А калі наадварот, дык ці вінаваты чалавек, што трапіў пад уплыў нядобрага пачатку сьвета?
Існуюць і іншыя спробы зьбегчы ад адказнасьці перад Богам за наяўнасьць зла ў чалавеку. Усе мы чулі знакаміты выраз: «Любоў збавіць сьвет». Калі мы кажам, што Бог ёсьць любоў, дык гэта так і ёсьць, бо менавіта з-за любові Бога да гэтага сьвету, Ён паслаў Сына Свайго, каб праз ахвяру Сына прыжыцьцёва збавіць многіх з нас ад віны перад Ім. Але ня так разважаюць многія з людзей. Яны спадзяюцца на тое, што, нягледзячы ні на што, Бог прабачыць іх пасьля іхняй фізічнай сьмерці, няхай і крыху пажурыўшы, бо Бог любіць кожнае Сваё стварэньне. Іншыя ж думаюць, што пасьля сьмерці ўжо нічога ня будзе. Пыл ці попел. І таму, што б ты не рабіў у сваім жыцьці: добрае ці дрэннае, канец адзіны – небыцьцё. Чалавек бясьсьледна зьнікае пасьля сьмерці. Але, ці гэта так?
Безумоўна не, бо, па-першае, Ісус Хрыстос прыходзіць да кожнага з нас у нашым фізічным жыцьці, каб збавіць нас ад грэху і віны Адама. А па-другое, і Біблія сьцьвярджае гэта, што чалавек створаны для вечнага існаваньня. Іншая справа, якое яно будзе пасьля нашай фізічнай сьмерці? Не пасьля фізічнай сьмерці мы павінны нарадзіцца ў Ісусе Хрысьце, а да яе, бо толькі пры жыцьці, мы можам пазбавіцца сьмерці духоўнай і атрымаць жыцьцё вечнае. Жахліва памерці без Хрыста, бо калі гэта так, дык мы асуджаны пачуць ад Яго: «Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным» (Мац 25:41). Іншымі словамі, вельмі страшна сустрэцца з Госпадам пасьля сьмерці, калі не сустрэў Яго ў сваім жыцьці бо тая віна, якая ёсьць у нас ад Адама і ня зьнятая пры жыцьці, застанецца з намі ў вечнасьці і ня будзе нам прабачэньня, але будзе праклён і вечныя пакуты.
Сапсаванасьць
Грэх сапсаваў нас усіх і гэта азначае, што мы прыйшлі ў поўную нягоднасьць. Грэх – гэта адсутнасьць дабра і наяўнасьць зла. І калі мы грэшнікі ад нараджэньня, дык мы, жадаючы таго ці не, зьяўляемся носьбітамі зла. Наогул, зло – гэта ня што іншае, як разыходжаньне асабістай волі чалавека з воляю Бога. Бог не ствараў і не стварае зло, але яго ствараем мы. Мы бачым гэта з гісторыіі дабра Божай стваральнай працы і зла чалавечага грэхападзеньня.
Амаль што кожны дарослы чалавек ведае пра такую жывёліну дзікай прыроды як гіена. Многія ведаюць гэта з вельмі папулярнага тэлевізійнага канала «Animal Planet» (Планета жывелаў). Дык вось, разглядаючы жыцьцё гіенаў, нельга не заўважыць надзвычайную жорсткасьць ва ўзаемаадносінах сярод зграі. Самае нязначнае парушэньне парадку і герархіі ў зграі, караецца вельмі жорстка, нават да сьмерці. Але існуе агульнапрынятая думка, што гіена – ня самая жорсткая істота ў сьвеце, бо менавіта чалавек займае на гэтым п’едэстале першае месца. Трэба толькі дадаць, што гіена кіруецца ў сваёй жорсткасьці інстынктамі, ня маючы розуму, а чалавек па рознаму шкодзіць другому чалавеку маючы розум ад Бога. Чалавек нягодны ў вачах Бога, але Бог бачыць усю глыбіню нашага падзеньня і, спачуваючы, дае кожнаму з нас цудоўную магчымасьць пазбаўленьня гэтага стану сапсаванасьці праз ахвярную сьмерць Ісуса Хрыста.
«Падступнае сэрца чалавечае найбольш і да краю сапсаванае, хто спазнае яго? Я, Госпад, пранікаю ў сэрца і выпрабоўваю ўсярэдзіне, каб даць кожнаму паводле шляху ягонага і паводле плёну дзеяў ягоных» (Ерам 17:9-10). Сам Бог кажа пра падступнасьць сэрца, бо яно сапсавана ў чалавеку ад нараджэньня. Але і тут чалавек ня хоча пагадзіцца з тым, што народжанае дзіця ня мае першароднай чысьціні, але мае сапсаванае сэрца. Больш таго, некаторыя людзі ўпэўнены, што і дарослы чалавек, які ня робіць відавочнага зла, таксама мае чыстае і несапсаванае сэрца. Справа ў тым, што чалавек глядзіць на справы і ня можа бачыць сэрца чалавека, але Бог бачыць кожнае сэрца і таму Ісус Хрыстос кажа: «Ваш бацька - д’ябал, і вы хочаце выконваць пажаданьні бацькі вашага. Ён быў чалавеказабойца ад пачатку і ня вытрываў у праўдзе, бо няма ў ім праўды. Калі ён гаворыць хлусьню, гаворыць сваё, бо ён – хлус і бацька хлусьні» (Ян 8:44).
І таму можна ўпэўнена сказаць, што калі чалавек думае, што ён добры і чысты сэрцам, дык гэта ёсьць тая хлусьня, якую ўкладае яму бацька хлусьні – д’ябал: «Бо з сэрца выходзяць злыя думкі, забойствы, распуснасьць, чужалоства, крадзяжы, фальшывыя сьведчаньні, блюзнерствы» (Мац 15:19). Д’ябал упэўнівае чалавека, што ён добры і чысты, бо гэта ягоная задача – не дапусьціць думкі чалавека да таго, каб ён убачыў сапраўдную глыбіню свайго падзеньня. Мэта д’ябла – не дапусьціць сустрэчы грэшніка з Ісусам Хрыстом, але прывесьці чалавека да пекла.
«І ўбачыў Госпад Бог, што вялікая разбэшчанасьць людзей на зямлі, і што ўсе думкі і помыслы сэрца іхняга былі ў-ва ўсе часы злыя» (Быц 6:5). Паміж Адамам і Ноем, а менавіта у гэты час Бог кажа гэтыя словы, было крыху болей за тясячу пяцьсот гадоў. І гэта пры тым, што людзі ў тыя часы жылі да тысячы гадоў. Бог кажа, што ў-ва ўсе часы сэрца чалавека было разбэшчаным і злым. Дарэчы Біблія кажа, што Ной быў нашчадкам Адама ў дзесятым пакаленьні, але ў-ва ўсе часы сэрца чалавека было сапсаванае ад грэхападзеньня Адама.
Вяртаючыся да Адама, трэба заўважыць вельмі важную акалічнасьць. Бог кажа Адаму: «А з дрэва пазнаньня дабра і зла, ня еж з яго, бо ў дзень, калі ты пакаштуеш з яго, сьмерцю памрэш» (Быц 2:17). І калі Адам зграшыў, Бог ужо зьвяртаўся да мёртвага чалавека – духоўна мёртвага, бо сэрца Адама было ўжо сапсаванае. Адам не пакаяўся за свой грэх, але пераклаў сваю віну на жонку ды і на Бога за тое, што Ён даў яму такую непаслухмяную жонку: «Адам сказаў: “Жонка, якую Ты даў мне, яна дала мне з дрэва і я еў”» (Быц 3:12).
Кажуць, што калі чалавеку вызначыць ідэальныя ўмовы жыцьця ад нараджэньня, дык ён і будзе ідэяльны. Але, ці ня меў Адам ідэяльных ўмоваў жыцьця ад свайго стварэньня? У нейкай краіне, на тэлебачаньні, паставілі эксперымент у форме ток-шоў. Нейкай сям’і прапанавалі, ў неабмежаванае па часе карыстаньня, вялікую і шыкоўнейшую кватэру, дзе ёсьць і заўсёды будзе ўсё, што толькі можа пажадаць чалавек. Але толькі з адной умоваю. На стале пасярод кватэры аўтары шоў паставілі талерку з «нечым», якая была закрытая другой талеркаю. Умова была такая: кватэра ваша, але забараняецца глядзець, што знаходзіцца ў закрытай талерцы, бо як толькі вы адкрыеце талерку, вы губляеце ўсё. Вынік прадказальны. Праз некаторы час людзям стала нецікавым усё хараство гэтай цудоўнай кватэры, бо з цягам часу іх цікавіла ўжо толькі адно. Што знаходзіцца на талерцы? І гэты хворы інтарэс перамог. Яны пратрымаліся дзьве гадзіны. Колькі ж пратрымаліся Адам з Евай?
Сапсаванасьць – гэта той стан чалавека, які не адлюстроўвае духоўны вобраз Бога, бо калі Бог казаў: «Створым чалавека паводле вобразу нашага», дык Ён гэта, па-першае, і меў на ўвазе. Грэх апанаваў чалавекам і стаў нормаю ягонага жыцьця – рабскага жыцьця: «Адказаў ім Ісус: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: усякі, хто робіць грэх, ёсьць нявольнік грэху”» (Ян 8:34). Апостал Павал кажа: «І вас, мёртвых за праступкі і грахі вашыя, у якіх вы некалі хадзілі паводле веку гэтага сьвету, па волі князя, які валадарыць у паветры, духа, які дзейнічае цяпер у сынах непакорнасьці, - між якімі і мы ўсе жылі некалі ў пажаданьнях цела нашага, выконваючы волю цела і думак, і былі па прыродзе дзецьмі гневу, як і іншыя» (Эф 2:1-3).
Чалавек, які не нарадзіўся ў Хрысьце і не аддаў сьвядомым чынам сваё жыцьцё Хрысту, цалкам залежны ад гэтага сьвету, ня маючы ніякай самастойнай магчымасьці пераадоліць грэшны ўціск сьвету. Трагедыя чалавека ў тым, што ён плыве па плыні гэтага сьвету, жыве па ягонай дыктоўцы і нічога з гэтым зрабіць ня можа, ды і няздольны. Нехрысьціянін падпарадкоўваецца сьвету, а сьвет, у сваю чаргу, падпарадкоўваецца духу зла, які вельмі і вельмі актыўны. Настолькі актыўны, што чалавек самастойна ня здольны пераадоліць гэтую актыўнасьць. Бог бачыць гэта і таму дае нам Збаўцу, каб адкупіць нас і збавіць ад рабства грэху: «Дзякуючы Айцу. Які даў нам здольнасьць удзельнічаць у спадчыне сьвятых у сьвятле, Які выбавіў нас ад улады цемры і перамясьціў у Валадарства Сына любові Сваёй, у Якім мы маем адкупленьне праз кроў Ягоную і адпушчэньне грахоў» (Кал 1:12-14).
Няздольнасьць
Самі па сабе мы няздольныя што-небудзь зрабіць для таго, каб атрымаць збаўленьне і самастойна выбрацца з той ямы, у якой мы ўсе апынуліся. Апостал Пётр кажа, што Ісус Хрыстос для таго і прыйшоў, каб вырваць нас з рабства грэху і прывесьці ў Божую прысутнасьць: «Бо і Хрыстос, каб прывесьці нас да Бога, раз пацярпеў за грахі, Праведны – за няправедных, забіты целам, але ажыўлены Духам» (1 Пят 3:18).
Навошта так пакутаваў Ісус Хрыстос? Толькі для таго, каб прывесьці нас да Бога, бо самі мы няздольныя гэта зрабіць. Чалавек няздольны і крока зрабіць сам у напрамку Бога, калі ў гэта не ўмяшаецца Ён. Таму апостал Павал і кажа: «І вас, мёртвых за праступкі і грахі вашыя». Калі чалавек мёртвы для Бога, дык як мёртвы можа сам ісьці да Яго? Толькі ў тым выпадку, калі Бог ажывіць нас і дасьць нам новае жыцьцё ў Хрысьце Ісусе.
Няздольнасьць грэшніка – гэта няздольнасьць апраўдацца перад Богам, нават і добрымі справамі. У бязбожніка няма ніякай будучыні, бо ён мёртвы для Бога і таму ніякія добрыя справы і дзеі ня могуць выратаваць яго ад грэшнага жыцьця, бо ў мёртвага чалавека могуць быць толькі мёртвыя справы: «Бо тыя, што паводле цела,- пра цялеснае думаюць; а тыя, што паводле духа,- пра духоўнае. Бо думкі цялесныя – сьмерць, а думкі духоўныя – жыцьцё і супакой. Бо думкі цялесныя – варожасьць да Бога, бо яны не падпардкоўваюцца закону Божаму, ды і ня могуць. Дык тыя, якія ў целе, Богу дагадзіць ня могуць» (Рым 8:5-8). Таксама і прарок Ісая кажа пра няздольную і незайздросную долю грэшніка: «Усе мы зрабіліся – як нячысты, і ўся праведнасьць наша – як запэцканая вопратка. І ўсе мы пабляклі, як ліст, і беззаконьні нашыя, як вецер, нясуць нас» (Іс 64:6). Але, калі мы атрымліваем новае жыцьцё ў Ісусе Хрысьце, дык тыя добрыя справы, якія выліваюцца з нас, зусім не азначаюць нашае імкненьне да збаўленьня, бо мы ўжо збаўленыя. Гэта паказчык таго, што працуе наша новая праведная прырода ў Ісусе Хрысьце.
Становішча грэшніка – гэта адсутнасьць Божага жыцьця і таму можна сьмела казаць пра тое, што грэшны і мёртвы – гэта адно і тое ж. І таму, справы мёртвага чалавека – гэта мёртвыя справы. Толькі ў Хрысьце мы здольныя рабіць праведнае, бо мёртвыя (без Хрыста) могуць рабіць толькі мёртвае. Многія рэлігіі ці рэлігійныя ўстановы прыдумляюць розныя шматлікія праграмы нейкіх крокаў (добрых спраў), каб прыйсьці да Бога ці стаць больш духоўным. Але, як гэта можа зрабіць духоўна мёртвы чалавек бяз Бога? Нехта вельмі мудра заўважыў, што мы атрымаем збаўленьне толькі на дне той глыбокай ямы грэху, у якой мы апынуліся, а ня там, дзе нам было б пажадана.
Калі мы зразумеем, у якой яме мы апынуліся і што грэх зрабіў з намі, мы зможам зразумець, які шлях прайшоў Бог, каб збавіць нас. Мы можам зразумець усю веліч ахвяры Ісуса Хрыста дзеля нашага збаўленьня. Бог ня кінуў нас. І калі мы зразумеем, што Ён збавіў нас, выцягнуўшы з гэтай глыбокай ямы грэху, дык будзем упэўнены, што і ў далейшым нашым хрысьціянскім жыцьці, Бог ніколі нас не пакіне і дасьць усё для паўнаты нашага жыцьця, бо жыцьцё веруючага чалавека – гэта жыцьцё па ласцы Божай. Амэн.
Свидетельство о публикации №226030402058