Вялiкае сэрца

Вялікае сэрца
------------------------
Маленькі хлопчык з надта сур’ёзным тварам купляў у краме на Нямізе,  мядзведзіка, відаць, у падарунак сваёй паненцы. Хлопчыку было гадоў дзевяць.

Прадаўшчыца на касе, прывыклая да перадсвяточнай мітусні, міжволі запаволіла рух. На прылаўку перад ёй ляжаў белы мядзведзік з кароткімі лапкамі, а побач акуратна разкладзеныя  купюры, кожная разгладжаная па краях, нібыта маленькі гаспадар рыхтаваў іх да вялікай дарогі. Хлопчык, насупіўшы бровы, уважліва сачыў, як прадаўшчыца лічыць грошы. У гэтым позірку не было дзіцячай гарэзлівасці, толькі глыбокае ўсведамленне важнасці моманту.

- упакоўваць у святочную паперу? - ціха спытала яна,  перайшоўшы на змоўніцкі шэпт.

Хлопчык на хвілінку задумаўся, прыкусіўшы губу.

- не, - адказаў ён упэўнена, - яму трэба дыхаць. І каб яна адразу ўбачыла яго вочы. У яго ў вачах… ну, вы разумееце, там усё адразу зразумела.

Ён узяў мядзведзіка на рукі, кіўнуў прадаўшчыцы так, як ківаюць дарослыя калегі па вельмі важнай справе, і выйшаў на вуліцу, залатую ад вясновага сонца.

Горад вакол ужо поўным ходам рыхтаваўся да Восьмага сакавіка. Мужчыны неслі ахапкі мімозаў, што пахлі снегам і жоўтым пылком, у вітрынах мігцелі святочныя агенчыкі. Але хлопчык не глядзеў па баках. Ён ішоў да сваёй мары.

"Паненкай" як высветлілася ,  была дзяўчынка ў ярка-чырвоным берэце, якая чакала яго ля ўваходу ў парк Горкага, старанна вычэрчваючы носкам ботаў кругі на падталым лёдзе. Убачыўшы мядзведзіка, яна спынілася, нібыта нехта націснуў на нябачную кнопку "паўза".

- Гэта табе, - сказаў хлопчык, працягваючы падарунак, - выбраў самага спакойнага. Каб ён не шумеў, калі ты будзеш рабіць урокі ці спаць.

Дзяўчынка прыціснула мядзведзіка да шчакі. Штучнае футра было халаднаватае ад вуліцы, але ўнутры, здавалася, хавалася ўсё цяпло гэтага маленькага чалавека з вялікім сэрцам.

- ведаеш, - прашаптала яна, - я думала, ты запамятаеш. Бо мы ж яшчэ не зусім дарослыя.

Хлопчык паправіў шалік і паглядзеў на яе з той самай сур’ёзнасцю, з якой выбіраў цацку ў краме.

- каб дарыць радасць, не трэба чакаць, пакуль вырасцеш. Трэба проста… каб мядзведзік быў правільны.

Яны пайшлі па алеі ўдваіх, маленькая паненка ў чырвоным берэце, сур’ёзны кавалер і белы мядзведзік, які глядзеў на свет сваімі гузікамі-вочкамі і, здаецца, быў цалкам згодны з тым, што вясна гэта калі чыёсьці сэрца робіцца крыху цяплейшым.


Рецензии