Искупление-путь к Богу
Калі мы кажам пра адкупленьне, дык ня можам не казаць пра Кроў Ісуса Хрыста, якая робіць няверагоднае ў нашым разуменьні. Яна ачышчае і адкупае нас ад таго цяжару грэху, які ціснуў на нас да сустрэчы з Ісусам Хрыстом. І якая дае нам цудоўную магчымасьць прымірэньня з Госпадам, каб заўсёды быць у Ягонай прысутнасьці. А калі дакладней, дык мы маем цудоўную магчымасьць уваходзіць да Бога бяз страху зьнішчэньня. І ўсё гэта дзякуючы Крыві Ісуса Хрыста, якая дадзена нам дзеля нашага прабачэньня і нашай бясьпецы.
Кроў Ісуса Хрыста. І наогул кроў. Мы мы ўжо казалі пра гэта і ведаем тое, што Біблія – гэта вельмі крывавая кніга. Ад пачатку і да канца. Ужо ў трэцім разьдзеле кнігі Быцьця мы ўжо адчуваем жывёльную кроў, якую пралівае Бог дзеля нейкага дабрабыту Адама і Евы: «І зрабіў Госпад Бог Адаму і жонцы яго вопратку скураную і апрануў іх» (Быц 3:21). Далей ужо чалавек робіць гэта, але ён робіць гэта не з жывёлаю, а з чалавекам. Каін забівае Абэля, кроў якога крычыць да Госпада: «І сказаў Госпад: што ты зрабіў? голас крыві брата твайго крычыць Мне з зямлі; і сёньня пракляты ты ад зямлі, якая разьзявіла вусны свае прыняць кроў брата твайго ад рукі тваёй» (Быц 4:10-11). Кроў пралітая Каінам – гэта толькі пачатак, бо ўся далейшая гісторыя разьвіцьця чалавецтва складаецца з бясконцага праліцьця чалавечай крыві. Але Кроў Хрыста – гэта нешта асаблівае, бо гэта Кроў Сына Божага, Які прыйшоў у чалавечае асяродзьдзе, каб праліцьцём Сваёй Крыві вярнуць нас у тую Божую прысутнасьць, якую згубіў Адам, калі зграшыў перад Госпадам.
Мы кажам пра Кроў Ісуса Хрыста, мы вывучаем сутнасьць праліцьця Крыві Хрыста, мы пяем пра яе ў гэтым сваім жыцьці. Мы будзем гэта рабіць і ў далейшым – у вечнасьці, дзе мы будзем пець новы сьпеў падзякі за нашае адкупленьне: «І сьпяваюць новы сьпеў, кажучы: «Ты годны ўзяць кнігу і адчыніць пячаткі яе, бо Ты быў забіты, і Ты Крывёю Сваёю адкупіў нас Богу з кожнага калена, і мовы, і племені, і народу, і зрабіў нас валадарамі і сьвятарамі Богу нашаму; і мы будзем валадарыць на зямлі» (Адк 5:9-10). Мы бачым, што на нябёсах будзе гучаць сьпеў пра Кроў Ісуса Хрыста. Чаму Ён дастойны гэтага? Таму што менавіта Ён, Сваёю Крывёю, адкупіў нас ад сьмерці вечнай, дзеля вечнага жыцьця ў Божай прысутнасьці.
А калі мы разглядаем апошнюю кнігу Бібліі, дык павінны зьвярнуць увагу на адзеньне Ісуса Хрыста. Вось што мы бачым: «Ён быў апрануты ў адзеньне акрываўленае. Імя Яму: Слова Божае»; « І мае на шатах і на сьцягне Сваім напісанае імя: «Валадар валадароў і Пан паноў» (Адк 19:13; 16). Адзеньне Ісуса Хрыста заплямлена Крывёю, але з надпісам, што Ён ёсьць Пан паноў. Чыёй Крывёю заплямлена адзеньне Хрыста? Крывёю Ісуса Хрыста. Ягонай Крывёю. Апостал Павал кажа пра Кроў Ісуса Хрыста, якая набывае для нас вечнае адкупленьне: «І не праз кроў казлоў і цялят, але праз уласную кроў, адзін раз увайшоў у сьвятыню, знайшоўшы вечнае выбаўленьне. Бо калі кроў валоў і казлоў і попел каровы, пакрапіўшы апаганеных, асьвячае іх дзеля чыстасьці цела, наколькі больш кроў Хрыста, Які праз Духа вечнага прынёс Сябе беззаганнага Богу, ачысьціць сумленьне вашае ад мёртвых справаў дзеля служэньня Богу Жывому? І дзеля гэтага Ён — Пасярэднік новага запавету, каб, як станецца сьмерць дзеля адкупленьня парушэньняў, што былі пры першым запавеце, тыя, якія пакліканыя да вечнае спадчыны, атрымалі абяцаньне. Бо дзе запавет, трэба, каб прыйшла сьмерць таго, хто заключыў яго, бо запавет набывае моц ад памёршых; ён ня мае сілы, пакуль жыве той, хто заключыў яго» (Геб 9:12-17).
Павал кажа пра вечнае адкупленьне і гэта азначае ня што іншае як тое, што Ісус Хрыстос адкупіў нас назаўсёды, даўшы нам Новы і вечны Запавет. Мы атрымліваем гэты Запавет адкупленьня як спадчыньнікі. Але любую спадчыну ніхто ня можа атрымаць пакуль не памёр той, хто завяшчае яе. Бяз сьмерці завяшчальніка ня можа ўступіць у сілу завяшчаньне. Але як мы атрымліваем абяцанае ад Хрыста? Дарма. Адзін чалавек, разглядаючы часопіс «ФОРБС», заўважыў цікавую акалічнасьць. У сьпісе часопіса фігуравалі тры браты з аднолькавай лічбай – 3,7 млрд. Чаму? Таму што яны не зарабілі гэтых грошай, але атрымалі іх як спадчыну, ў роўнай долі, ад памерлага бацькі. Так і з хрысьціянамі, якія атрымалі новае вечнае жыцьцё і багацьце Божай прысутнасьці ў Ісусе Хрысьце. І гэтае вялікае духоўнае багацьцё падзяляецца на ўсіх тых, хто верыць у Ісуса Хрыста. Кроў Хрыста – спадчына наша, якую дае нам Той, Хто Сваёю сьмерцю хоча падараваць нам гэтае багацьце.
Новы Запавет распавядае пра Майсея, які кропіць увесь народ крывёю цяляці, як сымбаль Божага запавету: «Таму і першы запавет быў уцьверджаны не бяз крыві, бо і Майсей, прамовіўшы ўсе запаведзі паводле закону перад усім народам, узяў кроў цялят і казлоў з вадою і воўнай чырванёнаю і ісопам, і акрапіў як самую кнігу, так і ўвесь народ, кажучы: “гэта кроў запавету, які запавядаў вам Бог”. Таксама акрапіў крывёю і скінію і ўвесь посуд богаслужбовы». (Геб 9:18-21). Дададзім да гэтага яшчэ адзін верш з пасланьня да гебраяў: «Ды і ўсё амаль паводле закону ачышчаецца крывёю, і без праліцьця крыві ня бывае дараваньня» (Геб 9:22).
Майсей кропіць кнігу і ўвесь народ. Колькі трэба крыві? І якая праца Майсея? Як ён здолеў акрапіць усё: увесь народ, скінію і посуд? Са скініяй і посудам больш меньш зразумела, але як быць з народам, які скаладаўся прыкладна з трох мільёнаў чалавек? Гэта неверагодная праца, якую немагчыма зрабіць бяз Божай дапамогі. Так і з намі, бо атрымалася неверагоднае. Сам Бог акрапіў нас Крывёю Ісуса Хрыста. Дзеля нашага збаўленьня. Кожнага, хто паверыў у Ісуса Хрыста. Бог кропіць нас і абмывае нас гэтай крывёю. Майсею хапіла крыві на тры мільёны чалавек, а ці ня хопіць Госпаду Крыві Ісуса Хрыста і на мільярды? А зараз вернемся ў час Майсея, калі Бог гатаваў выхад Свайго народу з Егіпецкага палону.
Тры мільёна чалавек – гэта прыкладна трыста тысячаў хат, насельнікі якіх павінны былі збавіцца ад рабства. Пастаўлена канкрэтная мэта – абмазаць папярэчыну і абодва кушакі дзьвярэй крывёю ахвярных ягнятаў і нікуды не выходзіць у гэтую ноч. Мы ня будзем разважаць пра тое, што ў складзе гэтага народу былі і недастойныя гэтага збаўленьня. Але Бог выводзіў Свой народ, каб даць яму спадчыну ў абяцаньне Абрагаму. Бог бачыць кроў. Ён ня зьвяртае ўвагі на дзеі чалавека, але Ён бачыць Кроў Ісуса Хрыста, якою нам і даецца прабачэньне. І Ён не кране нас гневам Сваім па Крыві Ісуса Хрыста, як не крануў гебраяў пад час пасхі і выхаду іх з Егіпта. Але што азначае верыць у Кроў Ісуса Хрыста, як ня тое, што мы павінны спадзявацца на яе, таму што Бог прымае яе і толькі яе.
Нашае хрысьціянства залежыць ад Крыві Ісуса Хрыста, бо толькі Кроў Хрыста дае нам прабачэньне ад Бога. І перамогу. Наогул, перамога мае вялікае значэньне ў жыцьці кожнай істоты. Але перамога складаецца з правільнасьці складаньня стратэгіі з тактыкай. Калі мы возьмем за прыклад войска, дык без стратэгіі і тактыкі яно ня будзе бояздольным. Правільная пазіцыя – гэта вялікі шанец на посьпех. Мы маем добры прыклад такога сьцьвярджэньня, калі разгледзем абарону гебраямі гары Масад ад рымскага войску пад час разбурэньня храма ў Ерусаліме. Тры з половай году рымляне не маглі перамагчы гебраяў і толькі выпадковасьць дала перамогу войску рымскага цэзара. Але гэта ў сьвеце. А як у хрысьціянстве? І што ёсьць абарона ад ваяўнічасьці гэтага сьвету? Правільная пазіцыя, а гэта азначае, што мы павінны шукаць праўду праз сьмерць і Кроў Ісуса Хрыста. А гэта і ёсьць нашая абарона і нашая перамога. Ня крыжык, які носяць на шыі многія людзі, але Кроў Хрыста, што і ёсьць нашай абаронаю.
Нашае ўпэўненае становішча ў Ісусе Хрысьце – гэта нашая ўпэўненасьць ва ўсім. Ня будзем блытаць гэта з самаўпэўненасьцю, але мы павінны быць упэўненымі ў Хрысьце. І ў гэтым сэнсе можна прывесьці прыклад працы інспектара ДАІ. Многія з нас могуць вызначыць упэўненасьць міліцыянта ад жэсту прыпынку да праверкі дакумантаў і нават да вызначэньня пакараньня. Ці ня ня так у хрысьціянстве? Бог дае нам славу, а таму і ўпэўненасьць ва ўсіх сваіх дзеях. Чаму так? Кроў Ісуса Хрыста робіць нас такімі. І ня толькі ўпэўненымі, але і прыміранымі. А таксама і блізкімі адзін да аднога Крывёю Хрыста: «Дзеля гэтага памятайце, што вы, некалі пагане целам, называныя неабрэзанымі праз тых, якія завуцца абрэзанымі целам [абразаньнем], зробленым рукамі, што вы былі ў той час без Хрыста, адлучаныя ад грамадзянства Ізраіля і чужыя запаветам абяцаньня, ня маючы надзеі і бязбожнікі ў сьвеце. А цяпер у Хрысьце Ісусе вы, што былі некалі далёка, сталіся блізкімі праз кроў Хрыста» (Эф 2:11-13). Што ж Кроў Ісуса Хрыста робіць для нас?
Яна дае доступ да Айца: «Бо праз Яго і тыя і другія маем доступ да Айца, у адным Духу» (Эф 2:18). І вось пытаньне: «Ці можам мы заўтра, калі захочам, папасьці на сустрэчу з прэзідэнтам краіны?». Вельмі цяжка паверыць у гэта. У сьвеце. Але ня так з хрысьціянамі, бо калі мы молімся да Бога, дык існуе ўпэўненасьць, што мы дасягаем Яго, дзякуючы толькі Крыві Ісуса Хрыста: «Дык, апраўдаўшыся вераю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз Якога таксама маем вераю доступ да тае ласкі, у якой стаім і хвалімся надзеяй славы Божай» (Рым 5:1-2). Таксама і ў звароце да гебраяў апостал Павал кажа пра доступ да Бога: «І вось браты, маючы адвагу ўваходзіць у сьвяцілішча праз Кроў Ісуса Хрыста, шляхам новым і жывым» (Геб 10:19).
Кроў Ісуса Хрыста дае нам доступ прыходзіць да Айца. Але як мы выкарыстоўваем гэта? Як часта мы прыходзім да Яго? Сам Бог адкрываецца нам. А як мы? Ці прыходзім мы да Яго? Моцная вера – гэта вельмі частае зьвяртаньне да Яго, а калі не, дык не. Давайце ж зьвярнем увагу на гэта і калі мы заўважым тое, што ня вельмі часта зьвяртаемся да Яго ў малітве, дык усьвядомім простую праўду – Бог чакае нашага звароту да Яго. Нашай малітвы. Прывядзем прыклад з сямейнага жыцьця. Ці будзе яно нармальным, калі муж і жонка ня маюць ці маюць вельмі мала зносінаў паміж сабою? У размовах ці ў нейкіх сумесных дзеях? Ці дзеці ніяк ці вельмі мала зьвяртаюцца да сваіх бацькоў? Наўрад ці нехта скажа, што гэта нармальна. Так і з Богам, бо калі Ён ёсьць наш Айцец, дык Яму вельмі прыемна, калі мы як мага часцей зьвяртаемся да Яго. І калі веруючы чалавек не зьвяртаецца да Бога ў малітве, дык абкрадае сам сябе, бо не атрымлівае ад Госпада шмат якіх дабраславеньняў. Бог кажа: прыходзьце ў Маю прысутнасьць і будзе вам мір ды супакой.
Чаму так адбываецца, што чалавек недастаткова часта мае зносіны з Госпадам? Цела. Менавіта яно ўплывае на гэта і аказвае даволі сур’ёзны супраціў жаданьню чалавека зьвяртацца ў малітве да Бога. І ня толькі маліцца, але і вывучаць слова Божае. Цела падбухторвае чалавека прыдумляць розныя прычыны, каб гэтага не рабіць. І гэтых прычын, як «аргументаў», можна пачуць і прывесьці вельмі шмат. Мы безумоўна разумеем, што за ўсім гэтым стаіць д’ябал, які і намагаецца кіраваць целам. Так, цела ня хоча маліцца і чытаць Пісаньне. Але мы павінны ніколі не адкладваць сустрэчы з Богам, бо ніколі гэты час не бывае марным і задарма страчаным. Усе аўтааматары ведаюць, што час як бы згублены на аўтазапраўцы (калі ёсьць чарга) дае ўпэўненасьць на дарозе і магчымасьць своечасова дасягнуць нейкай кропкі назначэньня. А калі ня так? Уявім сабе, якія праблемы ўзьнікаюць у кіроўцы (і ў тых, хто з ім), калі выяўляецца, што паліўны бак пусты, а да бліжэйшай запраўцы яшчэ далёка.
Бог – крыніца нашага жыцьцёвага паліва і яго Ён дае толькі пры асабістай сустрэчы. У малітве да Яго. Бог запраўляе нас сілаю, мудрасьцю, любоўю, міласэрнасьцю і яшчэ шмат чым добрым. Час малітвы аказвае вельмі добры ўплыў на чалавека, які пасьпее ў канкрэтны дадзены Богам дзень нашмат болей, чым той, хто прыслухаўся да цела і адклаў сустрэчу з Госпадам на больш позьні тэрмін. Сустрэча з Богам дае нам магчымасьць добра служыць Яму і любіць кожнага чалавека ў гэтым сьвеце. Бог гэтага хоча і таму дае нам Кроў Ісуса Хрыста, каб мы мелі заўсёдны доступ да Свайго Айца. Іншымі словамі мы маем ВІП-запрашэньне да Госпада, дзякуючы Крыві Хрыста і якое дае нам вялікі ды цудоўны прывілей уваходзіць да Яго ў любы момант нашага жыцьця як з радасьцю праслаўленьня, так і з тымі жыцьцёвымі праблемамі ды пытаньнямі, якія патрабуюць правільнага вырашэньня. Прыходзь да Яго, як мага часьцей. Прыходзь і бяры жывую ваду жыцьця. Дарма, як Божае дабраславеньне.
Нам трэба ў малітве, як мага часьцей, прыходзіць у прысутнасьць Госпада праз Кроў Ісуса Хрыста. Як гэта рабіла маці прапаведніка Джона Уэсьлі. Безумоўна не літаральна, але малітоўны прыклад гэтай жанчыны ўражвае і па сёньня. Гадуючы адна дзесяцёх дзяцей, яна зьвярталася да Бога даволі незвычайным чынам. Мы ня ведаем жыцьцёвыя ўмовы гэтай сям’і, а колькасьць дзяцей у сям’і кажа сама за сябе. Дык вось, калі падыходзіў час малітвы, яна заварочвала свой фартух на галаву, каб быць адной у Божай прысутнасьці. І ўсе прысутныя ведалі, што гадзіну яе чапаць нельга. Яна зьвярталася да Бога маючы Кроў Хрыста. Якія былі гэтыя маленьні можна здагадацца, бо яна выхавала ўсіх дзесяцёх дзяцей, у тым ліку і вялікага прапаведніка Джона Уэсьлі.
І вось мы маем выснову. Шлях да Бога магчымы толькі праз Кроў Ісуса Хрыста, якую Ён праліў за нас, каб кожны, хто верыць у гэта мог уваходзіць да Госпада ў кожны момант свайго жыця. Каб атрымаць тыя дабраславеньні, якія Бог падгатаваў нам для паўнаты жыцьця і жыцьця вечнага. На вякі вякоў. І ў гэтым ёсьць сэнс адкупленьня. Амэн.
Свидетельство о публикации №226031201793