Труд крови Иисуса
Мы не зразумеем каштоўнасьці Ісуса Хрыста, пакуль не зразумеем чаму менавіта кроў зьяўляецца вялікай каштоўнасьцю для Самога Хрыста. Чаму, наогул, кроў – гэта каштоўнасьць? Чаму Хрыстос прыходзіць да Айца са Сваёю Крывёю? У чым сэнс гэтага дзеяньня Хрыста? Ісус разумеў гэта, а ці разумеем гэта мы? Тэма гэтага нашага разважаньня вельмі важная, бо мае сваёй мэтаю раскрыць, у той ці іншай ступені, сутнасьць працы Крыві Ісуса Хрыста. Дух Сьвяты дапаможа нам у гэтым. Амэн.
Наогул, тэма Крыві Ісуса Хрыста даволі няпростая для ўспрыманьня. І можа таму многія ня згодны з «цяжкімі» вучэньнямі Ісуса Хрыста, прапануючы «лёгкія» пропаведзі ці пасланьні адносна ачышчэньня чалавека ад грэху. Такія пропаведзі, па сутнасьці сваёй, пазьбягаюць ачышчальнай дзейнасьці Крыві Хрыста, прапануючы замест гэтага маральны асьпект дзейнасьці і жыцьця Ісуса Хрыста. Прапануецца прыклад таго, што Ісус ня меў грэху будучы Сынам Божым, бо выконваў усе запаведзі Свайго Айца. Няхай кожны возьме прыклад з Ісуса і будзе няўкосна выконваць Божыя запаведзі. «Калі можаш не грашыць, не грашы» - гэта той прынцып, які закладаецца «лёгкімі» пасланьнямі. Але ці працуе гэта ў жыцьці? Пытаньне. І таму атрымліваецца, што тыя, хто шукаюць ці прапануюць лёгкія шляхі па ачышчэньню ад грэху, наадварот ускладняюць сітуацыю, бо накіроўваюць чалавека на вельмі працяглую і практычна безсэнсоўную барацьбу з грэхам сваімі асабістымі высілкамі.
Біблія цалкам супраць такога падыходу да збаўленьня ад грэху, бо спадзяваньне на сябе базуецца на тым жа самым непаслушэнстве Богу, якое ўчынілі Адам і Ева ў раі Эдэмскім. Чалавек сам набыў сабе грэх, а за гэта і сьмерць і толькі Бог, па міласьці Сваёй, можа збавіць грэшніка ад гэтага праклёну. Але для гэтага ёсьць пэўныя ўмовы, якія павінен выканаць грэшнік. Што гэта за ўмовы? Па-першае паверыць, што толькі Бог, па Сваёй міласьці і ўсемагутнасьці, можа даць нам дар збаўленьня. І па-другое, паверыць, што толькі ахвярная Кроў Ісуса Хрыста ачышчае нас ад таго бруду, якім мы заплямлены з галавы да ног. Апостал Павал кажа менавіта пра гэта ў сваім звароце да Эфесянаў: «У Якім мы маем адкупленьне Крывёю Ягонай, дараваньне грахоў, паводле багацьця ласкі Ягонай, якую Ён ў вялікай шчодрасьці даў нам ва ўсякай мудрасьці і разуменьні» (Эф 1:7-8). Павал кажа пра тых, хто прыняў Кроў Хрыста як ахвяру за сваё збаўленьне, што яны мудрыя і разумныя, бо толькі мудры і разумны можа ўбачыць ненадзейнасьць чалавечага і непарушную надзейнасьць Божага.
Таксама і апостал Пётр кажа пра марнасьць чалавечых высілкаў і каштоўнасьць Крыві Хрыста, Які выкупіў нас для Сябе: «І калі вы называеце Айцом Таго, Які бяз увагі на асобы судзіць кожнага паводле дзеяў, дык са страхам праводзьце час вандраваньня вашага, ведаючы, што ня прахлым срэбрам ці золатам выкуплены вы з марнага жыцьця, перададзенага вам ад бацькрў, а каштоўнай Крывёю Хрыста, як беспахібнага і чыстага Ягняці, Які наканаваны быў яшчэ да стварэньня сьвету, але зьявіўся ў апошні час вам, якія ўверавалі праз Яго ў Бога, Які ўваскрэсіў Яго з мёртвых і даў Яму славу, каб вы мелі веру і надзею на Бога» (1 Пят 1:17-21). Ісус Хрыстос адкупіў нас, калі Сваім жыцьцём і сьвятой Крывёю Сваёй паслужыў нам. Ён паслужыў нам, аддаўшы за нас Сваё жыцьцё. Дык ці не павінны і мы аддаць сваё жыцьцё на служэньне Ісусу Хрысту? Галоўная думка Эвангельля ў тым, што мы ўжо больш не прыналежым сабе, а прыналежым Хрысту, бо зьяўляемся галінамі на дрэве Ісуса Хрыста.
Кроў Ісуса Хрыста – гэта кошт нашага выкупу, бо толькі так мы можам пазбавіцца таго становішча ў якім апынуліся. Уявім сабе, што нехта аднёс нейкую каштоўную рэч у ламбард. Па існуючых правілах, ён можа выкупіць яе за абумоўленыя сродкі. Гэта магчыма чалавеку. А як быць, калі чалавек заклаў сам сябе ў ламбард грэху? Якім чынам ён здольны выкупіць сам сябе? Ці магчыма гэта? Ніяк. Але магчымасьць выкупу існуе. Божая магчымасьць і Божы сродак – гэта Кроў Ісуса Хрыста. Кроў Хрыста – адзіны сродак нашага выкупу. Але праліцьцё крыві нясе ў сабе сьмерць. Сьмерць Таго, Хто яе пралівае. Дзеля нас з вамі і для нашага адкупленьня. Але як адчуць важнасьць і значнасьць крыві, якая зьяўляецца носьбітам жыцьця?
Кроў мае голас: «Але вы падступіліся да гары Сыёна і да горада Бога жывога, да нябеснага Ерусаліма і да процьмы анёлаў, да пераможнага сабора і Царквы першынцаў, напісаных на нябёсах, і да Судзьдзі ўсіх Бога, і да духаў праведнікаў, якія дасягнулі дасканаласьці, і да Заступніка новага запавета Ісуса, і да Крыві крапленьня, якая гаворыць лепей, ніж Абэлева» (Геб 12:22-24). Каін забіў Абэля, які і праліў першую кроў. Але пра што казала кроў Абэля? Так, пра помсту і пакараньне: «І сказаў Госпад Каіну: дзе брат твой? Ён сказаў: ня ведаю; хіба я вартаўнік брату майму? І сказаў Госпад: што ты зрабіў? голас крыві брата твайго крычыць Мне з зямлі; і сёньня пракляты ты ад зямлі, якая разявіла вусны свае прыняць кроў брата твайго ад рукі тваёй; калі ты будзеш урабляць зямлю, яна ня будзе болей даваць сілы сваёй табе; ты будзеш выгнанец і бадзяга на зямлі» (Быц 4:9-12). А Кроў Хрыста? Пра што кажа яна? Павал кажа, што яна гаворыць лепей ніж Абэлева. І з гэтага мы разумеем, што яна кажа пра Божую міласьць і Божае прабачэньне. Амэн.
Мы бачым, што Кроў Ісуса Хрыста працуе на адкупленьне чалавека з таго безнадзейнага становішча, у якое ён патрапіў дзякуючы грэху, які быў набыты ім асабіста. А гэта ёсьць віна перад Богам. Але што ёсьць віна? Гэта вынік асуджэньня, якое прыходзіць да нас ня без удзелу д’ябла, які паклёпнічае на нас Госпаду дзень і ноч. І каб пазбавіцца гэтага, трэба прыняць Кроў Ісуса Хрыста як нашую абарону ад д’ябальскай асуды і паклёпніцтва. Апостал Ян кажа пра гэта ў кнізе Адкрыцьця: «І пачуў я гучны голас, які гаварыў на небе: цяпер настала збавеньне і сіла і валадарства Бога нашага і ўлада Хрыста Ягонага, бо скінуты паклёпнік братоў нашых, які паклёпнічаў на іх перад Богам нашым дзень і ноч; яны перамаглі яго крывёю Ягняці і словам сьведчаньня свайго і не палюбілі душаў сваіх нават да сьмерці» (Адк 12:10-11).
І вось мы новае стварэньне ў Хрысьце. Безумоўна недасканалае, але ўжо каштоўнае для Госпада, бо залатая манета ў брудзе – яна ўсё ж застаецца быць каштоўнай і залатой. Мы каштоўныя для Бога каштоўнасьцю Крыві Ісуса Хрыста. Бог даў нам гэтую каштоўнасьць Сваім прабачэньнем, бо асудзіў наш грэх у Сыне Сваім. І таму мы Хрыстовыя, бо Ён здабыў нас для Сябе Сваёю Крывёю: «Дык вось, пільнуйце сябе і ўвесь статак, у якім Дух Сьвяты паставіў вас ахавальнікамі, пасьвіць Царкву Госпада і Бога, якую Ён здабыў Сабе Крывёю Сваёю» (Дзеі 20:28).
Бог апраўдвае нас і прымірае з Сабою адзіна праз ахвярную Кроў Ісуса Хрыста: «А Бог Сваю любоў даказвае нам тым, што, калі мы былі яшчэ грэшнікамі, Хрыстос памёр за нас. Таму тым болей цяпер, калі мы апраўданыя Крывёю Ягонаю, ратуемся ім ад гневу. Бо калі мы, будучы ворагамі, прымірыліся з Богам сьмерцю Сына Ягонага, дык тым болей, прымірыўшыся, уратуемся жыцьцём Ягоным; і мала таго, але і хвалімся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз Якога мы атрымалі цяпер і прымірэньне» (Рым 5:8-11).
Кроў Хрыста і ачышчае нас, ачышчаючы нашае сумленьне ад мёртвых дзеяў гэтага сьвету: «Бо, калі кроў цялят і казлоў і попел ялаўкі праз акрапленьне асьвячае апаганеных, каб чыстае было цела, дык наколькі ж болей Кроў Хрыста, Які Духам Сьвятым прынёс Сябе, бездакорнага, Богу, ачысьціць сумленьне нашае ад мёртвых дзеяў, на служэньне Богу жывому і Сапраўднаму» (Геб 9:13-14).
Кроў Хрыста асьвячае нас і мы ў радасьці лічым сябе сьвятымі Ісуса Хрыста, таму што адчуваем Ягоную прысутнасьць у сэрцы сваім, рухаючыся да Яго і разам з Ім у вечную будучыню: «Бо целы жывёлін, кроў з якіх, на ачышчэньне грэху, уносіцца першасьвятаром у сьвяцілішча, спальваюцца за табарам,- дык і Ісус, каб асьвяціць людзей Крывёю Сваёю, пацярпеў па-за брамаю. Дык выйдзем жа да Яго за табар, нясучы Яго паганбеньне; бо ня маем тут сталага горада, а шукаем будучага» (Геб 13:11-14).
А зараз падсумуем і пералічым тое, што Кроў Ісуса Хрыста робіць для нашага збаўленьня і вяртаньня нас у Божую прысутнасьць:
Кроў Хрыста выкупае нас, здабываючы нас для Госпада;
Кроў Хрыста даруе нам Божае апраўданьне;
Кроў Хрыста прымірае нас з Богам;
Кроў Хрыста ачышчае нас, робячы нас Сваімі сьвятымі;
Кроў Хрыста дае нам вечную будучыню ў прысутнасьці Госпада.
Кроў Ісуса Хрыста дзейнічае перад Богам. Яна дзейнічае і перад нашым сумленьнем. Ды так, што розум чалавека пачынае адмаўляцца ад марнасьцяў гэтага сьвету, каб здольнасьцямі сваімі служыць адзіна Ісусу Хрысту.
Мы ўжо пабачылі, як Кроў Хрыста працуе дзеля нас, для нашага збаўленьня і ўваходжаньня ў Божую прысутнасьць. Гэтая праца базуецца на ўладкаваньні ўзаемаадносінаў паміж грэшнікамі і Богам. Па плану Божаму, бо ніякай іншай магчымасьці для атрыманьня жыцьця вечнага ў Божай прысутнасьці не існуе. Але існуе яшчэ адзін бок дзейнасьці Крыві Ісуса Хрыста, які паказвае нам узаемаадносіны паміж Сынам і Айцом. Чытаем з Эвангельля ад Лукі: «І ўзяўшы хлеб і падзякаваўшы, пераламаў і падаў ім, кажучы: гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас аддаецца, гэта выконвайце на ўспамін пра Мяне. Таксама і чару пасьля вячэры, кажучы: гэтая чара ёсьць новы запавет у Маёй Крыві, якая за вас праліваецца» (Лук 22:20).
Біблія кажа, што Бог даваў Свайму народу не адзін запавет, але запавет, пра які кажа Ісус ёсьць апошні, бо ўсе папярэднія запаветы заключаліся паміж Богам і Сваім народам. Але апошні запавет, пра які кажа Ісус вучням Сваім, заключаны паміж Айцом і Сынам, грунтуючыся на пралітай Крыві Ісуса Хрыста. А гэта азначае, што запавет паміж Айцом і Сынам ня можа быць зьменены на векі вечныя.
Ісус запрашае кожнага чалавека ў гэты новы і вечны запавет, але іншая справа, што ня кожны адгукнецца на прапанову Ісуса Хрыста. Гэта азначае, што Кроў Хрыста, як сродак збаўленьня, прапануецца кожнаму чалавеку, але ня кожны чалавек прыме чару Хрыста і таму Кроў Хрыста пралілася за многіх, але не для ўсіх. Мы чытаем у Мацьвея: «І ўзяўшы чару, і падзякаваўшы, падаў ім і сказаў: пейце з яе ўсе; бо гэта кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная дзеля дараваньня грахоў» (Мац 26:27-28).
Калі мы чытаем Біблію, дык ад пачатку бачым зьяўленьне бязгрэшнага чалавека. Мы бачым гэта літаральна на другой старонцы ў першым разьдзеле. Але ўжо ў трэцім разьдзеле адбываецца грэхападзеньне і, як сьледства, адыход чалавека ад Бога. Што далей? Першая кроў і першае забойства. Грэх пачаў множыцца па зямлі ў геаметрычнай прагрэсіі. Грэх множыцца і па сёньня, нягледзячы на тое, што Бог адкрыў Сябе людзям у Ісусе Хрысьце дзьве тысячы годоў таму, каб людзі спазналі Хрыста праз Ягонае цудоўнае нараджэньне, бездакорнае жыцьцё, цуды і слова. А галоўнае праз Ягоную сьмерць на крыжы і Ягонае ўваскрэсеньне на трэці дзень. Спазналі і паверылі ў Ягоную місію Збаўцы. Кроўю Сваёй адкупіць нас ад грэху. Але вернемся на кароткі час у трэці разьдзел кнігі Быцьця і пачуем, што Бог сказаў зьмею: «І варожасьць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе; яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту» (Быц 3:15).
Такім чынам Бог упершыню адкрыў д’яблу і людзям пра будучага Збаўцу. Хутчэй за ўсё людзі не зразумелі нічога з гэтага Божага адкрыцьця, але д’ябал зразумеў усё. І таму мы бачым на працягу ўсёй Бібліі (да сьмерці Ісуса Хрыста) шматлікія намаганьні д’ябла не дапусьціць нараджэньня Збаўцы Ісуса Хрыста. Але адбылося тое, што і павінна было адбыцца. Кроў Хрыста працуе дзеля нас, даючы збаўленьне тым, хто прыме яе, як ахвяру за нашыя грахі і паверыць у Ягонае ўваскрэсеньне. І калі мы кажам пра Кроў Хрыста, мы кажам пра ўпэўненасьць будучага нашага жыцьця ў вечнасьці з Госпадам нашым Ісусам Хрыстом. Амэн.
Свидетельство о публикации №226031200819