Мая хімера, я цябе прагну. Бо мае пачуцці — як начныя жахі — існуюць толькі ў цемры. Мяне захапляе да цябе не дакранацца, існаваць з табою побач, глядзець на мару, як матылёк праз шкло — на волю. Заўтра я магу не ўспомніць рысы твайго твару, але сёння… Сёння я праз іх не сплю. Выбач мне мяне і дазволь за цябе пакутаваць, дазволь жадаць цябе так хвора, як жадаюць вады ў сухой пустыні. Дазволь мне гэтую хвіліну вар'яцтва, хвіліну забыцця. Бо ўжо ў наступную я зацісну, задушу цябе ў сабе. Ты ніколі не пабачыш мае лісты, не дазнаешся, як я забываю дыхаць, калі ты заплюшчыш вочы — а я гляджу, гляджу, гляджу... Якімі пошлымі, вульгарнымі мне здаюцца гэтыя радкі... Але ж ты — маё катаванне, салодкае, забароненае і невыноснае.
Ніколі. Ніколі не кажы "ніколі". І з лёсам ты не грай — ён за цябе хітрэйшы. Я змагла прадбачыць усё, акрамя Цябе. Апантаная, хачу цябе выпіць, паглынуць, праглынуць і выплюнуць. Разам з кроўю і апошнімі пачуццямі, апошнімі слязьмі. Да нашай сустрэчы заставаўся тыдзень, а хмары ўжо зацягвалі небасхіл. У паветры ўжо пахла крывёю і недзе за спінай па-гамэраўску рагатаў д'ябал. Так няўжо я ўсё ж адчувала Цябе? Але ж усё гэта дарма, усё гэта — трызненне ў глыбокай начы, ліст, які зранку разарвеш, але ніколі, ніколі не забудзеш.
Мы используем файлы cookie для улучшения работы сайта. Оставаясь на сайте, вы соглашаетесь с условиями использования файлов cookies. Чтобы ознакомиться с Политикой обработки персональных данных и файлов cookie, нажмите здесь.