Крест жизни
Асноўны сэнс адкупленьня зьвязаны з нашым жаласным і незайздросным становішчам, а дакладней з нашым зьняволеньнем грахом, ад якога і ёсьць неабходнасьць пазбавіцца звыш. Мы ўжо шмат казалі пра адкупленьне, як нешта тое, што дае нам збаўленьне. Праз сьмерць Ісуса Хрыста на крыжы, бо менавіта крыж Хрыста – гэта тое, што мае вынік ў тым вялікім дзеяньні Госпада дзеля нашага збаўленьня.
Крыж Хрыста. Шмат што пачалося ад яго. Царква Ісуса Хрыста, як і тое, што завецца хрысьціянствам. І мы – хрысьціяне, якія пачалі сваё хрысьціянскае існаваньне гледзячы на крыж Хрыста. Іншая справа, што шмат хто з нас перастае памятаць пра гэта на працягу далейшага часу нашага хрысьціянства. Мы не павінны гэтага рабіць, але павінны заўсёды бачыць перад сабою крыж і Ісуса Хрыста на ім за нас і за нашую свабоду ад грэху. Яшчэ мы павінны разглядаць сьмерць Ісуса Хрыста на крыжы як перамогу над уладамі цемры, якіх крыж пазбаўляе і выводзіць на Сваё сьвятло. Бо Ён узыйшоў на крыж для ўсіх грэшных і дзеля іх Ён пакутаваў на крыжы.
Крыж – гэта ня толькі сымбаль нашай прыналежнасьці да Госпада і ня толькі сьцяг пад якім мы маршуем. Гэта компас, які дае нам правільны накірунак у гэтым разбэшчаным сьвеце. Пад узьдзеяньнем крыжа самым сур’ёзным чынам перамяняецца нашыя адносіны да Бога, як да сябе, так і да іншых людзей. Нашае збаўленьне, наогул, неадназначнаае, бо мае чатыры складаючыя гэтага дзеяньня. Асноўнае з іх (гэта ад аўтара) адкупленьне, але побач з ім ідуць і такія іхнія браты: ўмілажальваньне, апраўданьне і прымірэньне. Гэтыя сымбалі збаўленьня сьведчаць пра нашыя адносіны да Бога. Мы былі апраўданыя ў Ім, калі пакаяліся і прымірыліся з Ім. Мы сталі блізкія да Яго, яле якія якасьці сталі прывабнымі нашаму характару і наогул нашаму жыцьцю.
Сьмеласьць. Мы больш не баімся прыходзіць да Айца і таму можам у кожны момант свайго жыцьця сьмела зьвяртацца да Яго. Такі свабодны доступ і адкрытасьць пры зьвяртаньні да Бога ў малітве непадзельна ад пакоры, бо гэта выключна заслуга Ісуса Хрыста, а не чалавека. Ягоная Кроў ачышчае нашае сумленьне і дазваляе глядзець у будучае. Адкупленьне – гэта вяртаньне да Бога, у Ягоную сям’ю. Праз гэта нас усынавілі і таму мы маем спадчыну – вечнае жыцьцё і Новы Ерусалім. Але што тычыцца спадчыны? Вось прыклад з нашага жыцьця. Калі нехта ўсынаўляе сірату, дык апошні ня толькі набывае бацькоў, але і становіцца спадчыньнікам маёмасьці гэтых добрых людзей. Так Бог робіць і з намі, бо прымае нас у Сваю сям’ю і дае нам спадчыну.
Дзякуючы Ісусу Хрысту мы маем сьмеласьць і надзейную магчымасьць прыходзіць у Божую прысутнасьць: «І вось, браты, маючы адвагу ўваходзіць у сьвяцілішча праз Кроў Ісуса Хрыста, шляхам новым і жывым» (Геб 10:19). Гэты вольны доступ і шчырасьць пры зьвяртаньне да Госпада ў малітве вельмі цесна зьвязаныя з пакорай, таму што яны зьяўляюцца выключна заслугай Ісуса Хрыста, а не чалавека. І зараз, будучы «у Хрысьце», мы ўпэўнены, што Бог дае нам Свае дабраславеньні і нічога ня можа адлучыць нас ад Ягонай любові.
Любоў да Госпада. Мы пачынаем любіць Яго не з-за страху, бо Ён першы палюбіў нас. Раней мы баяліся Бога, але Ягоная любоў зьнішчыла наш страх. Любоў Бога выклікала зваротную любоў да Яго. Але тут ёсьць і вельмі цікавая акалічнасьць. Божая любоў, якая праявілася ў Хрысьце, з аднога боку выбавіла нас, а з іншага – паставіла ў безвыходны стан, бо не пакінула нам іншага выбару, як жыць у далейшым сваім жыцьці для Яго і пасьвячаць сябе служэньню ў пакланеньні і падзякі Богу.
Радасьць. Гэта яшчэ адна адметная рыса тых, хто быў збаўлены крыжом. Наогул радасьць заўсёды насычана духам пераможцы. Усе мы ведаем розныя спартовыя спаборніцтвы. Калі, напрыклад, мы глядзім футбольную сустрэчу, дык можам бачыць паводзіны футбалістаў пасьля пераможнай сустрэчы. Пераможцы радуюцца ускідваючы рукі, абдымаючыся і нават падкідваючы свайго трэнера. А як паводзяць сябе тыя, хто прайграў гэтую гульню? Яны хутчэй зыходзяць, апусьціўшы пры гэтым галаву. І гэта тычыцца кожнага віду спорта. Безумоўна радасьць, яна для тых, хто перамагае ці дасягае нейкага станоўчага і пераможнага выніку. Што ніяк нельга сказаць пра тых, хто церпіць паразу. Гэта ў сьвеце, але не ў Хрысьце, бо хто ў Ім, той паразы не пацерпіць. Пабачым выхад гебраяў з Егіпта. Радасьць і весялосьць прыдбалі яны, калі выходзілі з таго стану, які ёсьць зьняволенасьць. Ці гэта не пра нас, што знаходзяцца ў палоне грэху і маюць магчымасьць выйсьці з гэтага стану толькі дзякуючы дзеяньню Госпада Ісуса Хрыста?
Так і хрысьціяне. Яны радуюца і лікуюць, бо збаўлены ад грэху. Радасьць Айцу, бо толькі Ён клапоціцца пра нас. Радасьць у Хрысьце – гэта натуральная радасьць чалавека. Калі ўзяць веравызнаньне рыма-католікаў, дык восьць цікавае назіраньне. Калі адбываецца кананізацыя якой-небудзь асобы, дык адна з складаючых гэтага – радасьць, бо бяз гэтага ня можа быць сьвятасьці. А зараз невялікае адступленьне ад тэмы. Мы ўважліва глядзім на праваслаўную ікону. Гэта пра радасьць. Ці бачым мы Ісуса ў радасьці, Як гэта мы бачым у Новым Запавеце? Здаецца што не. Чаму? Ці не таму, што гэта стан мастака, які гэта малюе. Так ён адчувае, а потым верыць. У храме Будды мы не пачуем воклічу хвалы. Мусульмане ніколі не пяюць, а іхнія вышэйшыя малітвы напоўнены пакорай і прашэньнем. З іхніх вуснаў мы не пачуем радаснага сьпеву прабачанага грэшніка. Але ў адрозьненьні ад мусульманаў, хрысьціяне радасна пяюць як толькі зьбіраюцца разам, бо грамадзтва хрысьціянаў – гэта грамадзтва радасьці. Па сутнасьці ўсё жыцьцё хрысьціянскага грамадсзтва трэба ўспрымаць як сьвята, на якім мы з любоўю і радасьцю славім тое, што Бог зрабіў дзеля нас у Хрысьце Ісусе, бо праслаўленьне Госпада – гэта прызнаньне Ягоных дастоінстваў. І мы аб’дноўваемся з нябесным хорам, каб апяваць Яго як Збавіцеля.
Але што ёсьць крыж? Перамога! Перамога адвергнуць самога сябе. Крыж – гэта сымбаль сьмерці. Сьмерці нашага «Я», самага галоўнага нашага ворага, ідэял якога – гэта мы самі. Да гэтага трэба дадаць, што апостал Пётр тройчы здрадзіў Хрысту, але ягонае пакаяньне вярнула яго да Ісуса. І нават да таго, што гэты «камень» вызначыўся пачаткам Царквы Ісуса Хрыста. Але што ёсьць перамога?
Адвергнуць сябе. Гэта значыць выбраць паміж сабою і Хрыстом. Крыж Хрыста нясе кардынальныя зьмены ня толькі ў адносінах да Бога, але і саміх сябе. Наогул, людзі аб’яднаныя крыжом заўсёды імкнуцца да самапазнаньня, мэта якога – адвяржэньне самога сябе на карысьць іншых людзей. І па-першае Ісуса Хрыста, Які кажа нам: «Хто хоча ісьці за Мною, зрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і ідзі за Мною сьледам» (Мк 8:34). Што гэта азначае? Толькі тое, што ўзяць свой крыж і ісьці сьледам за Ісусам – азначае прыйсьці да месца пакараньня свайго асабістага «Я». Менавіта пра гэта казаў нямецкі пастар Банхёфер пад час эпохі Гітлера: «Калі Хрыстос заклікае чалавека, Ён загадвае яму прыйсьці і памерці». І гэта азначае толькі тое, што наш крыж – гэта сымбаль сьмерці для свайго «Я».
Але што азначае нашае асабістае «Я»? Гэта пытаньне няпростае, бо сутнасьць нашага «Я» складаная і супярэчлівая. Яна складаецца з добрага і злога, сумленьня і ганьбы. Гэта азначае тое, што нашае «Я» складаецца з дзьвух умоўных паловаў. Часткова нашае «Я» - гэта асоба, як вынік Божага стварэньня на Ягоны вобраз і Ягонае падабенства, а часткова – гэта вынік грэхападзеньня, скажоны вобраз. І вось тую скажоную частку свайго «Я» мы і павінны ўкрыжаваць, бо яна ніяк не сумяшчальная з Ісусам Хрыстом. Пра гэта і кажа апостал Павал зьвяртаючыся да галятаў: «А тыя, якія Хрыстовыя, укрыжавалі цела з пажадлівасьцю і пахацінствамі» (Гал 5:24). Гэта можна ўявіць так, што нехта бярэ малаток і прыбівае да крыжа нашую зваротлівую чалавечую сутнасьць. Гэта перажываюць усе, хто пакаяўся і стаў вучнем Ісуса Хрыста, бо чалавечая прырода абсалютна заганая і таму ад яе трэба адрачыся і «фактычна» яе ўкрыжаваць.
Крыж вучыць нас гэтаму, бо з аднога боку ён ёсьць крытэр годнасьці нашага сапраўднага «Я», бо менавіта за гэта Ісус Хрыстос, любячы нас памёр за нас. З другога ж – гэта прыклад адмаўленьньня ад асабістага «Я» (горшай яе часткі), бо мы павінны прыбіць яе да крыжа і тым самым даць ёй памерці. І вось выснова. Стоячы перад крыжом мы адначасова бачым і нашую годнасьць, і нашую заганасьць. Чаму? Таму што мы ўсьведамляем як веліч Ягонай любові, выяўленай у сьмерці за нас, так і сур’ёзнасьць нашага грэху, які стаў чыньнікам сьмерці Ісуса Хрыста.
Але ня ўсё так проста з самаадвяржэньнем і прыклад гэтага мы знаходзім у Новым Запавеце, калі Якуб і Ян зьвяртаюцца да Ісуса Хрыста з даволі звычайным сьвецкім прашэньнем за сваю будучыню: «Тады падыйшлі да Яго сыны Зэбядэевыя, Якуб і Ян, і сказалі: Настаўнік! мы хочам, каб Ты зрабіў нам, чаго папросім. Ён сказаў ім: чаго хочаце, каб Я зрабіў вам? Яны сказалі Яму: дай нам сесьці ў Цябе, аднаму праваруч, а другому леваруч, у славе Тваёй» (Мк 10:35-37). Якуб і Ян гандлююць сваімі адносінамі з Ісусам Хрыстом, просячы галоўныя месцы ў Валадарстве Хрыста. Гэта прыклад найвялікшага сябелюбства і тут трэба сказаць, што такіх Якубаў і Янаў хапае і сярод хрысьціянаў у царкве, якія прагнуць шанаваньня і ўлады.
Заўважым, што Ян – апостал любові і гэта прызнаюць усе. Але ён не пачаў сваё служэньне з любові, бо шукаў свайго. Заява братоў Зэбядэевых – гэта найхужэйшая з малітваў чалавека, бо прасякнутая эгаізмам асабістага «Я». Напэўна яны разважалі пра тое, што за самыя высокія пасады ў Валадарстве Божым будзе вялікая бойка і таму мае быць патрэба ціхенька дамовіцца пра будучае з Ісусам Хрыстом. Безумоўная праява чалавечай ганарыстасьці. Ісус жа кажа ім: «Ня ведаеце чаго просіце; ці можаце піць чару, якую Я п’ю і хрысьціцца хрышчэньнем, якія Я хрышчуся? Яны адказвалі: можам. А Ісус сказаў ім: чару, якую Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца, а даць сесьці ў Мяне праваруч і леваруч – не ад Мяне залежыць, а каму ўгатавана» (Мк 10:38-40).
Трэба заўважыць з якой хуткай лёгкасьцю Ян з Якубам згадзіліся піць чару Ісуса Хрыста. Ці не пераблыталі яны застольную чару з чараю пакутаў? Якуб з Янам жадалі сядзець на пасадах у велічы і славе. Ісус жа ведаў, што Ён павінен вісець на крыжы ў немачы і ганьбе. І вось тут мы бачым поўную працілегласьць паміж жаданьнем Госпада і карысьлівай амбітнасьцю чалавека. Гэтыя вучні Хрыста марылі пра будучы камфорт і ўладу, у той час як Ісус казаў ім пра будучыя пакуты. І сапраўды, пасьля крыжовай сьмерці Ісуса Хрыста Якуб павінен будзе растацца са сваёй галавой ад рукі Ірада Анцыпы, а ягоны брат будзе адпраўлены ў выгнаньне на выспу Патмос. Трэба сказаць, што дух раньніх Яна і Якуба моцна сядзіць і ў нас, бо мы лічым, што маем права на ўпэўненасьць заўтрашняга дня ад нараджэньня. Але гэта несумяшчальна з крыжовым шляхам. І вось чаму. У Ісуа Хрыста не было іншай абароны, як толькі ад Айца. Так і ў нашым выпадку, бо «крочыць за Ісусам» - гэта азначае дапускаць нейкую невядомасьць, небясьпеку і адвяржэньне сябе дзеля Яго.
Якаў і Ян жадалі пашаны, улады і камфортнага жыцьця, у той час як служэньне Хрыста - гэта ахвярнасьць і пакуты. Просьба братоў Зэбядэевых дае нам ясны погляд на Крыж Хрыста. Слава Крыжа Ісуса асьвятляе непрывабнасьць і дробязную ганарыстасьць, выводзячы на сьвятло эгаістычныя амбіцыі, а таксама ставіць нас перад выбарам – ісьці за «каштоўнасьцямі» сьвету ці падпарадкоўвацца каштоўнасьцям Крыжа Ісуса Хрыста.
Крыж жыцьця хрысьціяніна – гэта ня зона камфорту, але штодзённая ахвярнасьць, праяўляючая сябе як у служэньні пакліканьня Ісусам Хрыстом, так і ва ўзаемаадносінах сярод вялікай хрысьціянскай сям’і. З-за Крыжа мы глядзім адзін на аднога як на брата ці сястру і гэтаму радуемся: «Браталюбства, між вамі няхай будзе» (Геб 13:1). Але што гэта за ахвярнасьць і як яна павінна ў нас выяўляцца?
Узаемаадносіны. Не сакрэт, што вельмі часта адносіны паміж веруючымі нават і адной царквы маюць выбарчы характар. Нам прыемна размаўляць ці сябраваць з тым, хто нам найбольш падабаецца. Мы часам крытычна глядзім на прысутных у служэньні і даем унутранюю адзнаку якасьці музычнага праслаўленьня. Спрацоўвае хужэйшая частка нашага асабістага «Я». А так не павінна быць. Мы павінны мець адносіны любові з усімі, хто стаў нам братам ці сястрой у Ісусе Хрысьце. І нашая прысутнасьць у царкве – гэта безумоўная падтрымка іншых прысутных на служэньні. Ці то членаў царквы, ці то тых, хто яшчэ на шляху да гэтага.
Уявім сабе наступны прыклад. Можа і неверагодны. На сходзе прысутнічае пастар і адзін ці два веруючых (гаворка ідзе пра больш меньш колькасную царкву). Пастар царквы ў любым выпадку будзе служыць ім у любові і настаўленьні, бо ён выконвае Божае даручэньне несьці Ягоную любоў і праўду нават і аднаму чалавеку. А што могуць падумаць тыя адзін ці два веруючых? Так, яны напэўна будуць разважаць наступным чынам: «Штосьці тут ня так». Дык вось, гэты амаль што неверагодны прыклад прыведзены на тое, каб кожны з нас разумеў і ведаў, што мы ходзім на служэньне ў царкву ня толькі для Бога, але і для сваіх братоў і сёстраў. Каб адчувалася падтрымка і любоў да кожнага ў той Божай сям’і, што ёсьць Царква Ісуса Хрыста.
Крыж Хрыста павінен вызначаць адносіны паміж усімі членамі цела Ісуса Хрыста, а ня толькі адносіны паміж пастарам і веруючымі. Нам належыць любіць адзін аднога, бо Бог ёсць любоў. Безумоўнае ўзьдзеяньне крыжа на нашае хрысьціянскае жыцьцё павінна быць відавочным у гэтым сьвеце. Сын Божы пасылае нас у сьвет таксама, як Ён быў пасланы Айцом у гэты сьвет. Крыж заклікае нас ня толькі да дабравесьця але і сацыяльнага прыкладу Хрыста: «Любоў спазналі мы ў тым, што Ён паклаў за нас душу Сваю: і мы павінны класьці душы свае за братоў. А хто мае дастатак у сьвеце, але бачачы брата свайго ў нястачы, зачыняе ад яго сэрца сваё, - як застаецца ў тым любоў Божая? Дзеці мае! будзем любіць ня словам альбо языком, а ўчынкамі і праўдаю» (1 Ян 3:16-18).
Нашыя малітвы. Зразумела тое, што асноўная частка нашых прашэньняў да Госпада тычыцца нас саміх. А колькі месца ў іх займае дабраславеньне грэшнікаў, а нават і ворагаў? І колькі мы просім пра саміх сябе? Ніхто ня можа падлічыць гэта, бо гэта рэч суб’ектыўная. Але тым ня меньш мы павінны маліцца за тых, хто ёсьць ворагам Ісусу Хрысту. І вось прыклад таго, як павіны мы маліцца за тых, хто прыносіць нам і зло.
Адзін пастар распавёў наступную гісторыю. Калі ён выходзіў ранкам з дому, дык пабачыў наступнае. Сусед па кватэры сядзеў у суме каля свайго аўто, з якога ў начы злодзеі зьнялі колы. Якая першая на гэта рэакцыя? Каб ім было «добра». Але калі прайшоў нейкі невялікі час, Бог прагаварыў ў ягонае сэрца: «Ня плачце пра колы, але плачце пра гэтых людзей» Вось яна праўда. Бог заклікае нас глядзець на грэшнікаў і спачуваць ім так, як Ён глядзіць на іх і спачувае ім. І дае ім Крыж, каб збавіць ад грэху і выратаваць іх. Менавіта так рабіў Ісус, калі ішоў дзеля нас на Крыж. Нашая малітва – гэта нашае пакаяньне і нашае спачуваньне тым, хто ў гэтым мае патрэбу. А патрэбу ў гэтым маюць усе.
Свидетельство о публикации №226031400504