Иоанн 1 1-51

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЯНА


Ян 1:1-51

Эвангельле паводле Яна – адзін з самых любімых, а таму і цытуемых тэкстаў Новага Запавета. Чытаючы гэтую кнігу, мы адчуем, што аўтар быў вельмі блізкім да Ісуса чалавекам і які ўсё, сваё доўгае жыцьцё, памятаў многія дэталі свайго, сумесна з Ісусам, служэньня. Ён, разважаючы, яшчэ і яшчэ раз перажываў усё сказанае і зробленае Ісусам. Ян шмат маліўся пра асабістае разуменьне падрабязнасьцяў служэньня Ісуса, каб дапамагчы іншым людзям зразумець місію Ісуса Хрыста на гэтай зямлі. І можна быць упэўненымі, што вялікая колькасьць людзей, на працягу ўсіх вякоў, пасьля напісаньня гэтага твору, знаходзілі для сябе рэальнага і жывога Ісуса! І, як вынік гэтага, іхняе жыцьцё напаўнялася цяплынёй, радасьцю і сьвятлом асабістага збаўленьня. Разгарнем жа гэтую цудоўную кнігу, каб пазнаць Слова і сьвятло праўды, якая зыходзіць ад Яго.

Ян 1:1-8
«На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога спрадвеку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не было з таго, што сталася. У Ім жыцьцё было, і жыцьцё было сьвятлом для людзей. І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго. Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яго Ян. Ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыў пра сьвятло, каб усе мелі веру праз яго. Ня быў ён сьвятлом, але каб сьведчыў пра сьвятло» (Ян 1:1-8).

«На пачатку было Слова». Чытаючы гэты радок, мы разумеем, што апынуліся ў нейкім знаёмым і, ў той жа час нязвыклым месцы. Мы як бы апынаемся на першай старонцы Кнігі Быцьця, дзе сказана: «На пачатку стварыў Бог неба і зямлю». Мы бачым тут Бога-Творцу, Які робіць нешта новае для Свайго найлепшага стварэньня. Гэта гісторыя жыцьця чалавецтва, якая пачалася ў Кнізе Быцьця і дасягнула ў Яна сваёй кульмінацыі. Дасягнула Словам. У першым разьдзеле Кнігі Быцьця мы бачым стварэньне чалавека на вобраз Божы, а ў першым разьдзеле Эвангельля паводле Яна кульмінацыя ў тым, што зьяўляецца Чалавек ад Бога.

Слова Божае азначае ў Старым Запавеце Ягонае дзеяньне: «І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася так» (Быц 1:3); «Словам Божым створаны нябёсы» (Пс 33:6); «Трава жухне; кветка вяне, а слова Бога нашага жыве вечна» (Іс 40:7). Слова зыходзіць ад Бога, прыносячы жыцьцё, ацаленьне і надзею ня толькі Ізраілю, але і ўсяму сьвету. Гэта тое, што, у большым сэнсе, азначае слова «Слова» і якім Ян намагаецца, такім чынам, патлумачыць нам, хто такі Ісус Хрыстос. Слова мае катэгорыю вечнасьці, бо знаходзіцца ў вечным яднаньні і вечных зносінах з Богам-Айцом. Яно Самое і ёсьць Бог. Адкуль узялося ўсё тое, што існуе на зямлі? Пытаньне гэта вечнае і філасофскае. Хрысьціянская думка кажа, што ўсё існуе ў Богу. А дзейсная сіла гэтага – Слова, каб адкрыць нам Айца і праславіць Яго ў кожным стварэньні: «Нябёсы прапаведаюць славу Божую, і пра дзею рук Ягоных абвяшчае цьвердзь. Дзень дню перадае слова, і ноч ночы адмыкае веды. Няма мовы і няма гаворкі, дзе ня чуўся іхні б голас. Па ўсёй зямлі праходзіць іхні гук, і па край сьвету словы іхнія» (Пс 18:2-5).

Стары Запавет поўны ўяўленьня пра сілу слова. Калі Ісак памылкова дабраславіў Якуба, ён ужо нічога ня мог зрабіць, каб вярнуць гэтае дабраславеньне. Для гебраяў слова не было проста гукам. У іхнім уяўленьні слова існавала самое па сабе і выконвала пэўныя задачы. Слова юдэяў было насычана сілаю і лётала не заўсёды бясьпечнай. Можа таму гебраі былі сквапнымі на словы, а таму ў старажытнай гебрайскай мове было ня больш за 10000 словаў, калі ў тагачаснай грэцкай - болей за 200000. На ўсходзе словы заўсёды аказвалі і аказваюць вялікі ўплыў на ўзаемаадносіны, бо зьяўляюцца моцнаю сілай. Кажуць, што аднойчы караван мусульманаў сустрэўся ў пустыні з ангельскімі вандроўнікамі і прывітальнымі словамі: «Мір з вамі», але калі яны зразумелі, што гэта хрысьціяне, якім яны абвесьцілі дабраславеньне, яны зьвярнуліся да іх з просьбаю вярнуць ім гэтыя словы. Слова, ў іхнім разуменьні, ёсьць нешта рэальнае, якое можна паслаць для нейкага дзеяньня, а потым, калі гэта патрэбна, вярнуць і назад. І з гэтага мы можам уявіць, што ў усходніх народаў слова мела сваё незалежнае і напоўненае сілай жыцьцё.

Апостал Ян ужо ня меньш за дваццаць гадоў жыў у Эфэсе, дзе грэцкая культура пераважала, а таму і стаяла праблема, як зацьвердзіць хрысьціянства ў грэцкім сьвеце, дзе таксама быў свой падыход да слова. Так сталася, што менавіта ў Эфэсе, пяць стагодзяў таму, жыў філосаф Геракліт, які выказаў думку пра тое, што ўсё цячэ і ўсё зьмяняецца (і што нельга ўвайсьці двойчы ў адну і тую ж раку). Але гэта ня хаос, бо ўсё кантралюецца логасам - словам і розумам Божым. Логас, у разуменьні Геракліта, быў нічым іншым, як розумам Божым, які кіруе сьветам і кожным чалавекам у ім. Грэкі захапіліся гэтай ідэяй, а асабліва стоікі, які былі захопленыя існуючым парадкам у сьвеце. Грэцкая філасофія ведала пра логас, як пра ствараючую Божую сілу, якая стварыла сусьвет і ўсё, што ў ім. І вось Ян прыйшоў да грэкаў і сказаў: «Вы вякамі разважалі пра логаса, як пра сілу, якая стварыла сьвет і захоўвае ў ім парадак, і якая дала здольнасьць чалавеку разважаць і ведаць пра гэтую сілу, праз якую людзі і сустрэліся з Богам. Ісус і ёсьць Логас, Які зыйшоў на зямлю». Такім чынам Слова стала Целам, а гэта азначае, што розум Божы ўвасобіўся ў Чалавеку.

Але Логас  гэта яшчэ і сьвятло, а Ісус і ёсьць сьвятлом для людзей. Ян Хрысьціцель быў пасланы, каб сьведчыць пра сьвятло, якое было ў Хрысьце, Які і кажа, што Ён сьвятло сьвету. Сьвятло, якое нясе Ісус, прымушае хаос да зьнішчэньня, бо сьвятло, якое прыносіць Хрыстос - гэта пуцяводнае сьвятло, бо чалавек прыняўшы яго, не блукае больш у цемры. Ян кажа нам, што жыцьцё Слова было сьвятлом для людзей, мэта якога – знішчыць цемру. Сьвятло ўварвецца ў валадарства цемры і выцісьне яе. Так, д’ябал і яго памагатыя будуць супрацівіцца сьвятлу, але перамагчы яго яны ня здольны. Слова – і ёсьць пераможца. І вось, на гістарычнай сцэне зьўляецца чалавек па імяні Ян (не аўтар гэтага Эвангельля), які быў пасланы ад Бога, каб выканаць пастаўленую перад ім канкрэтную задачу – сьведчыць пра Сьвятло, каб усе мелі веру праз Яго.

Ян 1:9-18
«Было Сьвятло праўдзівае, якое прасьвятляе ўсякага чалавека, што прыходзіць у сьвет. Было Яно ў сьвеце, і сьвет праз Яго стаўся, і сьвет Яго не пазнаў. Да сваіх прыйшло, і свае Яго не прынялі. А тым, што прынялі Яго, дало Яно ім сілу дзецьмі Божымі стацца, тым, якія вераць у імя Яго, тым, што не ад крыві, не ад жаданьня цела, не ад жаданьня мужа, але ад Бога нарадзіліся. І Слова целам сталася, і пасялілася між нас, поўнае ласкі і праўды, і мы бачылі славу Яго, славу, як адзінароднага ў Айца. Ян сьведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: “Гэта Той, пра Якога я сказаў: “Той, Які пасьля мяне ідзе, наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў”. І ад поўнасьці Яго ўсе мы прынялі ласку на ласку. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста. Бога ня бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, Які ва ўлоньні Айца, Той зьявіў» (Ян 1:9-18).

Так, Ян Прадвесьнік быў прарокам ад Бога, але ён ня быў сьвятлом. Сьвятлом жа быў Хрыстос, Які прасьвятляе ўсякага чалавека і таму гаворка ідзе пра збаўленьне ўсяго сьвету. Ян кажа, што Ісус - гэта і ёсьць сапраўднае сьвятло, якое прыйшло ў сьвет, каб асьвятліць кожнага чалавека. Прышэсьце Ісуса падобна выбліску сьвятла – адзінага сапраўднага сьвятла, якое асьвятляе сапраўдны шлях чалавека. Адзін вандроўнік распавядаў пра тое, як ён стаяў на ўзгорцы перад нейкім горадам. Было вельмі цёмна, але раптам выбліск маланкі асьвятліў усё. Ісус прыйшоў у сьвет, як і гэтая маланка, асьвятліўшы ўсё. Справа ж у тым, што ўбачыў гэта той, хто вочы не заплюшчыў. А хто не? Ці не таму мы і бачым вельмі сумную карціну. Сын Божы прыйшоў да Ізраіля, а той, у большасьці сваёй, не пазнаў Яго і таму не прыняў Божага дабраславеньня. А ці не пра тое шмат гадоў таму казаў прарок Ісая: «Госпадзе! Хто паверыў чутаму ад нас, і каму адкрылася сіла Госпадава?» (Іс 53:1). Тым ня меньш, некаторыя людзі прынялі заклік Ісуса Хрыста як Ахвяру за грахі сьвету і таму, нарадзіўшыся звыш, сталі дзецьмі Божымі. І вось, гэтае новае жыцьцё ёсьць вынікам працы Бога, і калі сам чалавек адказвае вераю і паслушэнствам, дык Сьвяты Дух пачынае ў ім цудоўнейшую працу па аднаўленьню чалавека.

Але вось цікавыя словы Яна Прадвесьніка: «Той, Які пасьля мяне ідзе, наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў». Ад Лукі мы ведаем, што Ісус быў маладзейшы за Яна і значна пазьней пачаў Сваё служэньне, але Ян чамусьці кажа, што Ісус быў раней за яго і таму ідзе наперадзе яго. Ісус – Слова ад Бога, Якое было раней за ўсё стварэньне і было Стваральнікам усяго стварэньня. Слова прыйшло з вечнасьці ў фізічнае цела Чалавека пазьней за нараджэньне Хрысьціцеля таму, што, па плану Бога, менавіта Ян павінен быў абвесьціць Таго, Хто ішоў за ім, але быў раней за яго. Слова было заўсёды і, калі Яно сталася целам, сталася і крыніцаю ласкі, якая складаецца з усіх духоўных дабраславеньняў, якія зыходзяць ад Бога. Ласку на ласку дае Ён і гэта падобна таму, як набягаюць на бераг мора хвалі адна за адной. Менавіта так мы атрымліваем, штодня, міласьці ад Госпада.

Эвангеліст Ян кажа, што Бога ніхто ніколі ня бачыў і з гэтым пагадзіцца кожны чалавек. Гебраі добра ведалі, што Бог казаў Майсею: «І потым сказаў Ён: “Аблічча Майго табе нельга ўбачыць, бо чалавек ня можа ўбачыць Мяне і застацца жывым”» (Вых 33:20). Нават і старажытны філосаф Платон казаў наступнае: «Чалавек і Бог ніколі ня могуць сустрэцца». Гэта, нейкім чынам, супярэчыць словам прарока Ісаі: «У год сьмерці валадара Азіі бачыў я Госпада, Які сядзеў на пасадзе высокім і ўзьнесеным, і краі шатаў Ягоных напаўнялі ўвесь храм» (Іс 6:1). І яшчэ: «І сказаў я: “Гора мне! Загінуў я! Бо я чалавек з нячыстымі вуснамі, і жыву сярод люду таксама з нячыстымі вуснамі, - і вочы мае бачылі Валадара, Госпада Саваофа» (Іс 6:5). Але, ў сутасьці Сваёй і паўнаце, Бог недаступны воку чалавека: «Адзіны, Які мае несьмяротнасьць, жыве ў сьвятле недаступным, Якога ніхто з людзей ня бачыў і бачыць ня можа. Яму пашана і ўлада вечная. Амэн» (1 Цім 6:16). Гэта сьцьвярджэньне апостала Паўла. І таму мы можам зрабіць выснову, што калі адзінкі з людзей нешта і бачылі, дык толькі славу Божую ў вобразах анелаў і людзей, а нават і палаючага куста. Унутраная ж сутнасьць ці прырода Бога была зьяўлена людзям толькі ў Ісусе Хрысьце.

Ян 1:19-28
«І вось сьведчаньне Яна, калі Юдэі з Ерусаліма паслалі сьвятароў і лявітаў, каб спыталіся ў Яго: “Хто ты?” І ён прызнаў, і ня выракся, і прызнаў: “Я – не Хрыстос”. І спыталіся ў яго: “Дык што? Ты – Ільля?” І гаворыць: “Не”. “Прарок?” І адказаў; “Не”. Дык сказалі яму: “Хто ж ты? Каб нам даць адказ тым, якія нас паслалі, што ты кажаш пра самога сябе?” Ён сказаў: “Я – голас таго, хто кліча ў пустыні: Прастуйце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая”. А пасланыя былі з фарысэяў» (Ян 1:19-24).

Тут і пачынаецца апавядальная частка Эвангельля паводле Яна. Спачатку быў паказаны агульны план, што Ісус - гэта розум і Слова Божае, Які прыйшоў у сьвет у целе Чалавека. Але, па-перш, мы бачым «дзіўнага» чалавека Яна, які прыцягнуў да сябе вялікі інтарэс грамадзтва, бо, сабраўшы вакол сябе пасьлядоўнікаў, адмовіўся ад громкіх імёнаў, якія яму «прапанавалі» фарысэі. Ян сьвядома кажа: «Я – не Хрыстос», бо ведае, як і іншыя гебраі, тую вялікую месіянскую задачу Хрыста, якую Ён павінен вырашыць у адносінах да Ізраіля. Ян больш падобны на Ільлю, бо таксама, зьявіўшыся знянацку, заклікаў людзей навярнуцца да Бога. Ян і апранаўся як Ільля, але ён адмаўляецца ад Ільлі і кажа фарысэям: «Не». Пытаньне ж фарысэяў да Яна наконт Ільлі выпадковым не было, бо яны добра ведалі словы прарока Малахіі: «Вось, Я пашлю да вас Ільлю прарока перад наступленьнем дня Госпада, вялікага і страшнага» (Мал 4:5). Ян, як і іншыя, ведаў, што гебраі лічылі вышэй за прарока Ільлю – Майсея, як ведалі і тое, што Бог абяцаў у будучым даць Ізраілю прарока, падобнага Майсею: «Я пастаўлю ім Прарока спасярод братоў іхніх, такога як ты і ўкладу словы Мае ў вусны Ягоныя, і Ён будзе гаварыць ім усё, што Я загадаю Яму» (2 Зак 18:18). Таму пытаньне да Яна адносна прарока таксама не выпадковае. Ян не прымае і гэты тытул. Ён кажа пра сябе, што ён ёсьць «голас», які гатуе шлях Госпаду і таму хрысьціць у Ярдане людзей.

«І яны спыталіся ў яго: “Дык чаму ты хрысьціш, калі ты не Хрыстос, ані Ільля, ані прарок”. Адказаў ім Ян, кажучы: “Я хрышчу вадой, але паўстаў сярод вас Той, якога вы ня ведаеце; гэта Той, Які ідзе за мною, але наперадзе мяне быў, Якому я ня варты развязаць рамень сандалаў Ягоных”. Сталася гэта ў Бэтабары, за Ярданам, дзе хрысьціў Ян» (Ян 1:25-28).

Такім мы бачым Яна Хрысьціцеля ва ўсім Новым Запавеце. Ён не прапаведаваў нейкае сваё новае вучэньне. Ён прапаведаваў Таго, Хто прыйшоў за ім, але быў раней за яго. Ён прапаведаваў Ісуса Хрыста. Прыклад Яна Хрысьціцеля – гэта прыклад да ўсіх нас, бо ўсе мы, у пакоры Яна, павінны прапаведаваць Збаўцу і Госпада Ісуса Хрыста: «Бо мы не саміх сябе абвяшчаем, але Хрыста Ісуса, Госпада; а мы – слугі вашыя дзеля Ісуса» (2 Кар 4:5). Кажучы словамі Хрысьціцеля: «Я – толькі голас, які абвяшчае Ісуса Хрыста». Менавіта ў гэтай пакоры і праяўляецца веліч постаці Яна Хрысьціцеля.
Ян заклікаў людзей ісьці за Ісусам, а не за сабою. І ён ніколі гэтага не выракаўся. Безумоўна, што Ян меў шматлікіх вучняў, як безумоўна і тое, што ня ўсе ягоныя вучні адразу прынялі Ісуса Хрыста. Лука, напрыклад, распавядае нам у кнізе Дзеі Апосталаў выпадак, калі апостал Павал сустрэў у Эфесе дванаццаць вучняў Яна Хрысьціцеля: «І ён сказаў да іх: “Дык у што вы хрысьціліся? Яны ж сказалі: “У хрышчэньне Янавае” А Павал сказаў: “Ян хрысьціў хрышчэньнем навяртаньня, кажучы народу, каб верылі ў Таго, Які ідзе за ім, значыць у Хрыста Ісуса”. Пачуўшы ж, яны былі ахрышчаныя ў імя Госпада Ісуса» (Дзеі 19:3-5). Там жа мы бачым і Апалёса, які да сустрэчы з Акілай і Прыскілай, ведаў толькі хрышчэньне Янава. Нават і сёньня, недалёка ад Багдада існуе рэлігійная секта мандаінаў, якая варожа ставіцца да хрысьціянаў, сьцьвярджаючы, што яны бяруць свой пачатак ад Яна Хрысьціцеля.

«Сталася гэта ў Бэтабары за Ярданам, дзе хрысьціў Ян». Дзе дакладна знаходзілася гэтае мястэчка зараз невядома. Кажуць, што мястэчка Бэтабар ня змог ужо знайсьці Арыген, які наведаў Юдэю ў 2оо годзе па Р.Х. Дасьледчыкі мяркуюць, што Бэтабар знаходзіўся недзе побач з Ерыхонам.

Ян 1:29-34
«На наступны дзень бачыць Ян Ісуса, Які ішоў да яго, і кажа: “Вось Ягня Божае, Які бярэ на Сябе грахі сьвету. Гэта Той, пра Якога я сказаў: “Ідзе за мною Муж, Які наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў”. І я ня ведаў Яго; але дзеля таго, каб Ён быў зьяўлены Ізраілю, прыйшоў я, хрысьцячы вадою”. І засьведчыў Ян кажучы: “Я бачыў Духа, Які зыходзіў з неба як голуб і застаўся на Ім. І я ня ведаў Яго, але Той, Які паслаў мяне хрысьціць вадою, сказаў мне: “На Кім угледзеш Духа, Які зыходзіць і застаецца на Ім, Ён і ёсьць Той, Які хрысьціць Духам Сьвятым”. І я ўбачыў і засьведчыў, што Ён і ёсьць Сын Божы» (Ян 1:29-34).

У сьвеце існуе шмат мастацкіх карцін з выяваю Яна Хрысьціцеля і на некаторых з іх мы можам пабачыць Яна побач з маленькім ягняці. Напэўна мастакі жадалі гэтым падкрэсьліць, што Ян паказвае гледачам ахвярнае ягня і зьвязаць гэта з радкамі Эвангельля паводле Яна. Але тут ёсьць некаторыя моманты, якія трэба ўдакладніць. Ягняткі прыносіліся ў ахвяру ў Храме штодня, але не на адпушчэньне грахоў. Гэтую ролю бралі на сябе «казлы адпушчэньня» у Дзень адкупленьня: «І панясе казёл на сабе ўсе беззаконьні іхнія ў зямлю непраходную, і пусьціць ён казла ў пустыню» (Ляв 16:22). Магчыма вобраз Ягняці прыйшоў да Яна Хрысьціцеля з разважаньня пра пасхальнае ахвярнае ягняці і параўнаньня Месіі з Ягняці ў прарока Ісаі. Але, як бы тое не было, пад узьдзеяньнем Сьвятога Духа, Ісус прадстае перад Янам як Ахвяра за грахі ўсяго сьвету.

«Я ня ведаў Яго» - двойчы кажа Ян. І тут таксама ёсьць момант для разважаньня, бо, як вядома, Ян быў стрыечным братам Ісуса. Біблія ня кажа нам пра іхнія сустрэчы ў дзяцінстве ці ў больш позьні час. Магчыма, што яны сустракаліся і гэта хутчэй за ўсё. У чым жа сэнс Янавых словаў? Ян мог і ня ведаць, што Ісус ёсьць Той, Які ідзе за ім, але быў раней за яго. У нейкі момант Бог адкрыў Яну гэтую таямніцу і даў яму ўбачыць Сьвятога Духа, Які зыйшоў на Ісуса і застаўся ў Ім. Эвангеліст Ян нічога ня кажа пра водны хрост Ісуса, але ён падкрэсьлівае дадзеную магчымасьць Яну Хрысьціцелю бачыць тое, як Сьвяты Дух робіць сваю справу, выяўляючы Таго, Хто прыйшоў дзеля збаўленьня гэтага сьвету ад грэху.

Бог паказаў Яну, што прыйшоў Мэсія, і калі Ён прыйшоў, Дух зыйшоў на Яго голубам і быў на Ім. Такім чынам Ян зразумеў, што перад ім Той, Хто будзе хрысьціць Сьвятым Духам, што і адбылося ў дзень Пяцідзясятніцы, пасьля сьмерці і ўваскрасеньня Ісуса.


Ян 1:35-42
«На наступны дзень ізноў стаяў Ян і двое з вучняў ягоных. І, угледзеўшы, што ідзе Ісус, ён гаворыць: “Вось, Ягня Божае!” І пачулі двое вучняў ягоных, як казаў гэта, і пайшлі за Ісусам. Ісус жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа ім: “Што шукаеце?” Яны ж сказалі Яму: “Раббі, - што перакладаецца Настаўнік, - дзе жывеш?” Гаворыць ім: “Прыйдзіце і ўбачыце”. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго той дзень. Было ж каля дзясятае гадзіны» (Ян 1:35-39).

«На наступны дзень». Аўтар паказвае нам, як хутка разьвіваюцца падзеі і вось, двое з вучняў Яна, пачуўшы ад яго пра Ісуса, пайшлі за Ім, што азначала пайсьці стаць вучнямі Ісуса. Хрыстос заўважае нават і першыя парывы душы, накірованыя да Яго, а тым больш і першыя крокі. Кожны раз, калі паміж сэрцам чалавека і Хрыстом вызначаецца нейкая сувязь, размову пачынае Ён. Першыя ж словы, якія яны пачулі ад Ісуса былі: «Што шукаеце?» Ён ведаў, што скажуць Яму гэтыя людзі, бо бачыў, што іх не задавальняе толькі сустрэча, але яны хацелі быць з Ім. Пачуўшы адказ, Ісус, як Настаўнік, запрашае іх да Сябе, каб паказаць дзе і як Ён жыве. Вучні правялі з Ім пэўны час, гледзячы і слухаючы Яго. Яшчэ ніколі ў жыцьці, гэтыя маладыя людзі не ганараваліся такой магчымасьцю сядзець разам з Госпадам і слухаць Яго. Яны былі ў ліку першых юдэяў, якія распазналі Мэсію. Але, вось што потым.

«Адзін з двух, якія пачулі ад Яна і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра. Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: “Мы знайшлі Мэсію, - што перакладаецца Хрыстос”. І ён прывёў яго да Ісуса. Ісус жа глянуўшы на яго, сказаў: “Ты – Сымон, сын Ёны, ты будзеш называцца Кіфа, - што перакладаецца Камень”» (Ян 1:40-42).

Калі чалавек прыходзіць да Хрыста і аддае Яму сваё сэрца, ён звычайна імкнецца данесьці гэтую радасьць да сваіх родных і блізкіх. Збаўленьне занадта добрая рэч, каб захоўваць яе толькі для сябе і таму Андрэй хутка накіроўваецца да свайго брата Сымона з хвалюючай весткай: «Мы знайшлі Мэсію». Якое ўзрушаючае паведамленьне! Не адну тысячу год людзі чакалі абяцанага Хрыста Мэсію, Памазаніка Божага. І вось Сымон чуе ад роднага брата дзіўную вестку пра тое, што Мэсія побач. Тры простых слова ад Андрэя набываюць для Госпада Сымона Пятра. Гэты прыклад вучыць нас таму, што неабавязкова быць вялікім прапаведнікам, каб адкрываць людзям Хрыста. Дастаткова і простых словаў, а Бог паклапоціцца пра астатняе. Дзякуючы зацікаўленасьці Андрэя, Сымон, стаўшы дзякуючы Ісусу Пятром, будзе галоўным з апосталаў і вялікім «лаўцом чалавекаў».

Андрэй, брат Сымона Пятра, першым называе Ісуса - Мэсія, што па гебрайскі азначае «Памазаны». Ян перакладае гэта на грэцкую мову і кажа – Хрыстос. Мы памятаем са Старога Запавета практыку «памазаньня» алеем сьвятароў і валадароў і, як сьледства, зыход на іх Сьятога Духа, а таксама і напамін пра будучага Валадара Юдэйскага. Менавіта гэты будучы Валадар з дому Давідавага і павінен быў атрымаць тытул Мэсіі. І вось мы бачым перад Ісусам двух братоў – Андрэя і Сымона Пятра. Хто ж быў другім вучнем, які прыйшоў разам з Андрэем да Ісуса? Што тычыцца другога вучня, не названага тут па імяні, дык лічыцца, што гэта быў сам аўтар Эвангельля Ян. Які, дарэчы, як і Андрэй, паклікаў свайго брата Якуба. Гэта пацьверджвае Марк, які паказвае нам гэтых братоў, як адных з першых вучняў Ісуса.

Ян 1:43-51
«На наступны дзень Ісус захацеў ісьці ў Галілею, і знаходзіць Філіпа, і кажа яму: “Ідзі за Мною”. Філіп жа быў з Бэтсаіды, з гораду Андрэя і Пятра. Філіп знаходзіць Натанаэля і кажа яму: “Мы знайшлі Таго, пра Каго пісаў Майсей у Законе і Прарокі, - Ісуса, сына Язэпа, што з Назарэта”. І сказаў яму Натанаэль: “Ці ж можа быць што добрае з Назарэта? Гаворыць яму Філіп: “Прыйдзі і паглядзі”. Ісус убачыў Натанаэля, які ішоў да Яго, і кажа пра яго: “Вось, сапраўды, ізраільцянін, у якім няма подступу”.» (Ян 1:43-47).

Бэтсаіда - горад на беразе Галілейскага мора, дзе Ісус зьдзейсьніў шэраг Сваіх цудаў. Гэты горад быў родным для Філіпа, Андрэя і Пятра. Але гэты горад адпрэчыў Ісуса і вынікам ягонага лёсу сталася тое, што горад пасьля быў разбураны настолькі, што сучасныя дасьледчыкі ня здольныя нават і вызначыць ягонае дакладнае месцазнаходжаньне. Але гэта будзе пазьней, а зараз жа туды накіроўваецца Ісус, каб збіраць каля Сябе вучняў і будучых апосталаў.

Даволі хутка вучні зьбіраюцца вакол Ісуса. Вось ужо, на наступны дзень, Ісус знаходзіць Філіпа, кажучы таму: «Ідзі за Мною» і гэта кажа пра тое, што вучні, якія, на іх погляд, знайшлі Мэсію ці Хрыста не зусім разумеюць, што гэта Ісус шукаў і знайшоў іх. Ісус ведаў, каго клікаць і Філіп з радасьцю адгукнуўся на запрашэньне Госпада. Вялікія словы Госпада, як вялікі і прывілей для таго, да каго яны накірованы. Натуральна, што Філіп хацеў падзяліцца гэтай радасьцю з кім-небудзь яшчэ самымі простымі словамі. Сказана, што Філіп знайшоў Натанаэля і сказаў яму пра Ісуса з Назарэта, Мэсію, абяцанага Майсеем і прарокамі. Паведамленьне Філіпа не было дакладным, бо ён назваў Ісуса сынам Язэпа, у той час, як мы ведаем, што Язэп ня быў фізічным бацькам Ісуса, бо гэта быў Сын Божы. Гэта можна пракаментаваць наступным чынам. Хрыстос ніколі адразу не патрабуе безумоўнай веры і прымае людзей з той вераю, якую яны могуць Яму прапанаваць. Ён разумее, што гэта ёсьць іхні пачатак і ад гэтага пачатку Ён вядзе Сваіх сяброў наперад, як Ён вёў першых сваіх вучняў да сапраўднага разуменьня таго, Хто Ён ёсьць.

Далей жа можна чытаць нават і з усьмешкай, калі Натанаэль ня верыць, што з Назарэта можа выйсьці нешта падобнае Мэсіі. Сам Натанаэль паходзіў з Каны Галілейскай (Ян 21:2) і добра ведаў жыхароў Назарэту. Яму было незразумелым, што Мэсія жыве ў такім «дрэнным» месцы. Філіп не спрачаўся, бо ўжо ведаў, што самы лепшы адказ Натанаэлю - прадставіць чалавека непасрэдна Ісусу І вось, прыйшоўшы да Ісуса і, пачуўшы толькі некалькі словаў ад Яго, Натанаэль абвяшчае Яго Сынам Божым. Каштоўнейшы ўрок для тых, хто хоча заваяваць іншых людзей для Хрыста. Ня трэба спрачацца і ўключацца ў доўгія дыскусіі. Трэба проста прапанаваць пайсьці і паглядзець.

«Натанаэль кажа Яму: “Адкуль Ты даведаўся пра мяне? Адказаў Ісус і сказаў яму: “Раней, чым Філіп паклікаў цябе, калі ты быў пад дрэвам фігавым, Я бачыў цябе”. Адказаў Яму Натанаэль: “Раббі! Ты – Сын Божы! Ты – Валадар Ізраіля!” Адказаў Ісус і сказаў яму: “Ты верыш, бо Я сказаў табе: Я бачыў цябе пад дрэвам фігавым? Угледзіш больш за гэтае”. І кажа яму: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: ад цяпер угледзіце неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і зыходзяць да Сына Чалавечага”» (Ян 1:48-51).

Натанаэль вельмі зьдзівіўся, калі незнаёмы чалавек гаворыць з ім так, як быццам бы ведае яго. Ён сядзеў пад фігавым дрэвам, схаваны ад позірку людзей, але толькі не ад позірку Ісуса. Гэты факт упэўніў Натанаэля ў тым, што такая здольнасьць магла быць дадзенай Яму толькі звышнатуральным чынам. Натанаэль паверыў у Яго, кажучы: «Ты - Сын Божы! Ты - Валадар Ізраіля». На гэта Ісус паабяцаў, што ён убачыць яшчэ большыя доказы на сказанае Натанаэлем. Пасьля гэтага Ісус зьвяртаецца ўжо да ўсіх, пачынаючы словамі «Сапраўды, сапраўды кажу вам».

Дзіўную карціну назіраем мы ў Словах Ісуса. Як быццам пераносімся ў Кнігу Быцьця, калі Якубу, зьбёгшаму ад гневу Ісава, прысьнілася лесьвіца да нябёсаў. Анёлы Божыя зыходзілі і ўсходзілі па гэтай лесьвіцы, дзе Бог, сярод анёлаў, абяцаў Свой удзел у жыцьці Якуба і забеспячэньне ягонай канчатковай пасьпяховасьці. Карціна дзіўная і незвычайная і, безумоўна, цікава тое, як зразумеў словы Ісуса Натанаэль і тыя, што былі з ім. І як гэта зразумеем мы? Ісус кажа вучням, ды і ўсім нам, што ім належыць сутыкнуцца з той рэальнасьцю, на якую і паказвала лесьвіца Якуба. Жывая прысутнасьць Ісуса Хрыста – вось тая рэальнасьць, з якой сутыкаецца кожны вучань Госпада і Збаўцы. Так завяршаецца першы разьдзел Эвангельля паводле Яна, які дае нам магчымасьць асэнсаваньня дзейнасьці Слова, Якое, дзеля нашага збаўленьня, стала Целам, стала Чалавекам.


Рецензии