Жизнь у Креста

XIV. ЖЫЦЬЦЁ ЛЯ КРЫЖА

Крыж вучыць нас правільна ставіцца да саміх сябе. Ісус Хрыстос кажа пра гэта кожнаму з нас, калі кліча да Сябе. Нагадаем яшчэ раз словы нямецкага пастара Банхёфэра: «Калі Хрыстос заклікае чалавека, Ён загадвае яму прыйсьці і памерці». Памерці для сябе, каб жыць для Ісуса Хрыста. Бо менавіта Крыж вучыць нас адносінам да Госпада і да саміх сябе. Атаясамляць сябе з укрыжаваным Хрыстом – гэта тое, што патрабуецца кожнаму хрысьціяніну. Так кажа Новы Запавет і ў ім апостал Павал, які глядзеў на сьмерць Хрыста як на асабістую сьмерць: «Праз закон я памёр для закона, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваўся з Хрыстом» (Гал 2:19).

Заўважым, што Павал кажа пра сябе як пра Хрыста, бо яны, на думку апостала, укрыжаваліся разам. Апостал Павал адрасаваў гэтае сьведчаньне галятам, але яно тычыцца кожнага з нас. Што мы павіны адчуваць, бачачы Крыж Ісуса Хрыста? Тое, што і Павал: «Я ўкрыжаваўся з Хрыстом», бо Ісус навучыў гэтаму ня толькі сваіх апосталаў, але вучыць гэтаму і кожнага чалавека, які паверыў у збаўленьне праз Крыж Ісуса Хрыста.

Апостал Павал кажа: «Бо вы памерлі, і жыцьцё вашае схавана з Хрыстом у Богу» (Кал 3:3). Перакладзем гэта на саміх сябе: «Бо мы памерлі». Як часта мы разважаем і кажам пра гэта? Пра сваю асабістую сьмерць разам з Ісусам Хрыстом? У пятым разьдзеле пасланьня да рымлянаў Павал кажа, што ўсе мы былі ў Адаме (Ці не застаемся мы ў ім і сёньня?). Але далей ён дае нам накірунак нашага жыцьця: «Мы памерлі для грэху, як жа нам жыць у ім? Няўжо ня ведаеце, што ўсе мы, хрышчаныя ў Ісуса Хрыста, у сьмерць Ягоную хрысьціліся? Дык вось, мы і пахаваныя з Ім хрышчэньнем у сьмерць, каб, як Хрыстос уваскрэс з мёртвых славаю Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцьці» (Рым 6:2-4). Мы пахаваныя з Ім, разам з Ім. І таму мы павінны разумець, што сьмерць Ісуса Хрыста на Крыжы – гэта нашая сьмерць разам з Ім. Але і нашае вызваленьне, як нашае жыцьцё: «Бо хто памёр, той вызваліўся ад грэху. Калі ж мы памерлі з Хрыстом, дык верым, што і жыць будзем у Ім, ведаючы, што Хрыстос, уваскрэсшы з мёртвых, ужо ня ўмірае: сьмерць ужо ня мае над Ім улады» (Рым 6:7-9).

Чаму так кажа апостал? Ці не таму, што ён жадае дапамагчы людзям спазнаць сябе? І таму ён кажа: «Гэтак сама і вы лічыце сябе мёртвымі для грэху, а жывымі дзеля Бога ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым» (Рым 6:11). Апостал Павал паказвае кожнаму чалавеку ягоны шлях ад Адама да Хрыста. Вось прыклад з жыцьця. Нейкая дзяўчына вырасла ў воўчай зграі і апынуўшыся ў асяродзьдзі людзей яна не разумела, хто яна на самой справе, бо будучы чалавекам яна адчувала сябе дзікай жывёлінай. Як да гэтага ставіцца і як вярнуць яе ў чалавечы стан і чалавечае разуменьне? Цярпліва і крок за крокам паказваць ёй, хто яна ёсьць на самой справе. Ці ня той жа шлях праходзіць чалавек ад Адама да Хрыста. Шлях ад воўчай зграі да разуменьня сваёй чалавечай годнасьці.

Пра ўсё гэта кажа Біблія, бо яна распавядае ня толькі пра Бога, але і пра чалавека. Пра ягоныя радасьці і няшчасьці. Пра лёсы людзей, бо недарма сярод кніг Старога Запавету ёсьць кніга, у якой нават няма і ўспаміну пра Госпада. Гэта кніга Эстэр, якая дае нам цудоўную гісторыю перамогі гебрайскага народа над тымі, хто намагаўся зьнішчыць яго. Гэта безумоўна не азначае, што гэтая гісторыя адбылася бяз Божай прысутнасьці, бо Ён заўсёды з намі і нашая гісторыя, што б з намі не адбывалася, заўсёды пад Ягонай увагаю. Бо гэта Ягоная гісторыя. Чалавек створаны для Госпада і таму Бог, у Ісусе Хрысьце, намагаецца навярнуць кожнага створанага Ім чалавека ў Сваю прысутнасьць. Сьмерцю Ісуса Хрыста. Але як мы павінны разважаць?

Так, як разважае апостал Павал: «Бо любоў Хрыстовая абдымае нас, а мы разважаем так: калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі. А Хрыстос за ўсіх памёр, каб тыя, што жывуць, ужо ня дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрэслага» (2 Кар 5:14-15). Ці часта мы думаем пра гэта? І разважаем? Ісус кожнае імгненьне кажа нам: «Я быў мёртвы, а зараз жывы. Так і вы, што былі мёртвымі ў сваім жыцьці, можаце ажыць разам са Мною, калі паверыце ў Маю сьмерць дзеля вас і ўваскрасеньне разам са Мною ў жыцьцё вечнае». Але навошта Яму прыводзіць нас у Сваю прысутнасьць, збаўляючы нас? І што ёсьць Крыж для жыцьця нашага сеняшняга і будучага?

Служэньне Госпаду. Ня толькі дзеля таго, каб не апынуцца ў пекле, але шчыра і верна служыць Таму, Хто ёсьць нашым Збаўцам і Госпадам: «Каб бяз страху, пасьля збавеньня ад рук ворагаў нашых, мы служылі Яму ў сьвятасьці і праўдзе перад Ім ва ўсе дні жыцьця нашага» (Лук 1:74-75). Калі мы паверылі, што ня будзем жыць у пякельнай вечнасьці, дык адчуваем нашмат і нашмат большае – Валадарства Божае. Гэта там, дзе прысутны Сам Бог і ёсьць Ягонае кіраваньне. І ўсё гэта мы можам бачыць праз сьмерць і Кроў Ісуса Хрыста. Дзеля нас. Спачатку мы бачым сьмерць Ісуса Хрыста, а потым і сваю. Як жыцьцё вечнае ў Божым Валадарстве: «І нічога ўжо ня будзе праклятага; а пасад Бога і Ягняці будзе ў ім, і рабы Ягоныя будуць служыць Яму. І ўгледзяць аблічча Ягонае, імя Ягонае будзе на лобе ў іх. І ночы ня будзе там, і ня будуць мець патрэбы ні ў сьветачы, ні ў сьвятле сонечным, бо Госпад Бог асьвятляе іх; і будуць валадарыць ва векі вечныя» (Адк 22:3-5).

Спазнаньне Госпада. Вось што кажа апостал Павал: «Але што мне было перавагаю, тое дзеля Хрыста я палічыў марнасьцю. Ды і ўсё лічу марнасьцю дзеля перавагі пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго: дзеля Яго я ад усяго адмовіўся, і ўсё лічу сьмецьцем, каб здабыць Хрыста, і знайсьці сябе ў Ім не з маёй праведнасьцю, якая ад закона, а з тою, якая праз веру ў Хрыста, з праведнасьцю ад Бога па веры; каб спазнаць Яго, і сілу ўваскрэсеньня Ягонага, і мець удзел у пакутах Ягоных, прыпадобніцца да Яго ў сьмерці, каб дасягнуць уваскрасеньня з мёртвых» (Філ 3:7-11).

Павал вызначае марнасьцю дзеі сьвету, але ставіць на першы план свайго жыцьця спазнаньне нашага Госпада. Гэтым ён зьвяртаецца ня толькі да філіпянаў, але і да ўсіх нас, бо калі так ня будзе, дык сьмерць Ісуса Хрыста на Крыжы за ўсіх нас падаецца марным здарэньнем у сусьветнай гісторыі. Мы павінны ведаць гэта і калі ў нашае сэрца пастукаўся Хрыстос, мы павінны ісьці за Ім, слухаючы тое, што Ён кажа нам. Апостал Павал падказвае нам, просячы за нас: «Таму і мы з таго дня, як гэта пачулі, не перастаём маліцца за вас і прасіць, каб вы дайшлі да поўнага спазнаньня волі Ягонай ва ўсякай мудрасьці і разуменьні духоўным, каб жылі годна Бога, ва ўсім дагаджаючы Яму, родзячы плод ва ўсякай працы добрай і ўзрастаючы ў спазнаньні Бога» (Кал 1:9-10).

Жыцьцё з Госпадам. Апостал Павал зьвяртаецца да кожнага з нас у сваім звароце да тэсалонцаў: «Мы ж як сыны дня, будзем цьвярозіцца, апрануўшыся ў браню веры і любові і ў шалом надзеі на збавеньне, таму Бог вызначыў нас не на гнеў, а на атрыманьне збавеньня праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які памёр за нас, каб мы, ці то чуваем, ці то сьпім, жылі разам з Ім» (1 Тэс 5:8-10). Што мы павінны зразумець з гэтага? Толькі тое, што мы павінны быць з Хрыстом ва ўсіх дзеях свайго жыцьця. Няхай гэта будзе праца, адпачынак, нейкія захапленьні ці што іншае. Ва ўсім сваім жыцьці мы павінны быць разам з нашым Госпадам Ісусам Хрыстом.

Калі ж мы зразумелі гэта, мы павінны шукаць Госпада ва ўсіх момантах нашага жыцьця, каб жыць у славе Ісуса Хрыста: «І вось, калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, дык шукайце вышыняў, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога; пра вышыннае думайце, а не пра зямное. Бо вы памерлі, і жыцьцё вашае схавана з Хрыстом у Богу; калі зьявіцца Хрыстос, жыцьцё вашае, тады і вы зьявіцеся з Ім у славе» (Кал 3:1-4).


Хвала Госпаду. Павал кажа, што нікому з нас няма чым хваліцца, апроч Хрыста: «А я не хачу хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, Якім да мяне сьвет укрыжаваны, а я для сьвету» (Гал 6:14). Гэта кажа Павал, але ці кожны з нас ўспрымае гэта менавіта так, як кажа апостал? Шмат хто хваліцца сваімі заробкамі, вядомасьцю ці сваёю ўладаю. Нават той, хто хваліцца сваёй адданасьцю Хрысту, хваліцца сваёю асобай. Шмат хто верыць у свае добрыя якасьці, але Бог забараняе нам хваліцца чым-небудзь апроч Крыжа. Крыж выключае магчымасьць хваліцца чымсьці акрамя Крыжа: «Дзе ж тое, чым пахваліцца? Зьнішчана. Якім законам? Законам учынкаў? Не, а законам веры» (Рым 3:27).

Апостал Павал зьвяртаецца да ўсіх пакліканых Госпадам з тым, што любая пахвала павінна быць накірована адзіна Госпаду: « Бо паглядзіце, браты, на пакліканьне вашае, што ня шмат сярод вас мудрых паводле цела, ня шмат магутных, ня шмат высакародных, але Бог выбраў дурноту сьвету, каб асароміць мудрых, і слабое сьвету выбраў Бог, каб асароміць магутных, і бязроднае сьвету, і пагарджанае, і тое, што ёсьць нічым, выбраў Бог, каб зьнішчыць тое, што нечым ёсьць, каб ніводнае цела не хвалілася перад Ім. А вы — з Яго ў Хрысьце Ісусе, Які стаўся для нас мудрасьцю ад Бога, і праведнасьцю, і асьвячэньнем, і адкупленьнем, каб было, як напісана: «Хто хваліцца, няхай у Госпадзе хваліцца» (1 Кар 1:26-31).

Сьведчаньне Хрыста. Мы збаўлены, каб хваліцца Госпадам, бо мы ёсьць непасрэдныя сьведкі Ісуса. Кожны з нас павінен паказваць перад позіркам людзей Хрыста ўкрыжаванага, каб яны маглі ўбачыць Яго і паверыць. Нават і так, як казаў апостал Павал галятам у сваім пасланьні да іх: «О, няцямныя галяты! Хто падбіў вас не скарацца праўдзе, вас, у каго перад вачыма накрэсьлены быў Ісус Хрыстос, як бы сярод вас укрыжаваны?» (Гал 3:1). Калі мы сьведчым пра Хрыста ўкрыжаванага, дык павінны гэта рабіць так, як кажа пра гэта Пісаньне, не выкідваючы з яго ўсё тое, што чапляе чалавечую гордасьць. Як бы тое не было, мы прапаведуем Крыж Ісуса Хрыста, а не чалавечыя заслугі. І гэта адзіны шлях да збаўленьня.

Калі ж у нас няма сьведчаньняў пра Ісуса Хрыста, дык першае, што трэба зрабіць,– гэта пакаяцца, бо няма ў нас новага жыцьця. Бо новае жыцьцё ў Ісусе Хрысьце - гэта цуд, што створаны Ім дзеля нас і таму ўжо гэта ёсьць вялікае сьведчаньне. А калі нехта хваліцца тым, што ён сам прыйшоў да Бога, будучы больш разумнейшым за іншых і меньш грэшным, дык гэта азначае толькі тое, што гэты нехта ня ёсьць Хрыстовы, але ёсьць падманшчык самога сябе.

Глыбіня малітвы. Яна ад шчырасьці і ад сэрца. Ад шчырасьці сэрца. Наколькі мы дапускаем Госпада ў сваё жыцьцё, такое і ёсьць нашае жыцьцё. Калі мы спадзяемся ў сваім жыцьці толькі на сябе ці на іншых людзей, а Бога запрашаем дапамагчы ў асобных выпадках, дык якіх вынікаў мы чакаем? Найлепшых? Гэта наўрад ці, бо дзеі чалавека бяз Госпада – гэта шлях вельмі небясьпечны і рызыковы, які вядзе да адмоўных вынікаў. Глыбіня ж узаемаадносінаў з Госпадам – гэта правільны накірунак жыцьця чалавека. А гэта і ёсьць крыжовы шлях чалавека разам з Ісусам Хрыстом: «Не турбуйцеся ні пра што, а заўсёды ў малітве і прашэньні з падзякаваньнем адкрывайце свае жаданьні Богу, і мір Божы, які найвышэйшы за ўсякі розум, ахавае сэрцы вашыя і помыслы ў Хрысьце Ісусе» (Філ 4:6-7).

І вось падсумаваўшы ўсё гэта, мы павінны зрабіць выснову, што калі мы ня ставім Крыж Ісуса Хрыста не першае месца, дык заслугоўваем вельмі непрыемнага і нават жахлівага вызначэньня – «ворагі Крыжа Хрыстовага». Менавіта так кажа апостал Павал: «Бо многія, пра каго я часта казаў вам, а цяпер нават са сьлязьмі кажу, робяць, як ворагі Крыжа Хрыстовага; іхні канец – пагібель, іхні бог – чэрава, і слава іхняя – у ганьбе: яны думаюць пра зямное» (Філ 3:18-19).

Але што значыць быць ворагамі Ісуса Хрыста? Гэта азначае процістаяць зьдзяйсьненьню Ягоных мэтаў. Самазадаволеньне (замест зьвяртаньня да Крыжа дзеля апраўданьня), патаканьне сваім жаданьням (замест іхняга ўкрыжаваньня, каб ісьці за Хрыстом), самарэклама (замест пропаведзі) і самаўхваленьне (замест ухваленьня Крыжа) – вось тыя асноўныя скажэньні, якія робяць нас «ворагамі» Хрыста. Ці для гэтага памёр Ісус Хрыстос і ці мы самі гэтага хочам?

Напэўна не, бо павінны разумець, што Крыж – гэта падмурак для нашага апраўданьня. Ісус Хрыстос збавіў нас ад гэтага разбэшчанага сьвету і ад праклёна закону. Ён збавіў нас ад гэтага падвойнага рабства, каб мы мелі магчымасьць сьмела ўваходзіць у Божую прысутнасьць, як Ягоныя сыны і дочкі, якія былі абвешчаны праведнымі і ў якіх знаходзіцца Сьвяты Дух. Амэн.


Рецензии