Мае настаунiкi

Мае настаўнікі

Тэрапеўтычным аддзяленнем Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бальніцы, дзе я праходзіла інтэрнатуру, кіравала ўрач першай кваліфікацыйнай катэгорыі Вашчэвоз Лілея Андрэеўна. Кантынгент аддзялення – "зборная салянка": нефралогія, гематалогія, эндакрыналогія*, хворыя з невыразным дыягназам. Вось ім і надавала загадчык аддзялення самую пільную ўвагу. Збірала сведкі аб гісторыі хваробы, умовах жыцця хворага, перанесеных захворваннях, старанна праводзіла агляд і прызначала абследаванне.

У васьмідзясятыя гады ўрач меў абмежаваны спектр дыягнастычных магчымасцяў: агульнаклінічны і біяхімічны аналіз крыві, электракардыяграфія, фонакардыяграфія, рэнтгенаскапія, рэнтгенаграфія і флюараграфія, фібрагастрадуадэнаскапія.

Атрымаўшы першыя вынікі даследаванняў, Лілея Андрэеўна “сыходзіла ў сябе”: нешта мармытала, нярэдка прамаўляла ўслых свае думкі. Раздражнялася, калі хто-небудзь адцягваў яе ад “дум”. На другі-трэці дзень “выспяваў” клінічны дыягназ, які, як правіла, супадаў з заключным дыягназам.

На праводзімых у іншых аддзяленнях бальніцы кансіліумах**  доктар Вашчэвоз паводзіла сябе аналагічна. У ліку першых пасля сумеснага медычнага агляду пацыента яна брала гісторыю хваробы, падрабязна яе вывучала і, перадаўшы медыцынскую дакументацыю калегам, у дыскусіі не ўдзельнічала. Выслухаўшы ўсе меркаванні, выносіла свой вердыкт, як правіла – канчатковы.
 
Адзін істотны недахоп быў у выдатнага дыягноста – яна вельмі негатыўна ставілася да любімай нацыянальнай стравы беларусаў і ўкраінцаў – салу. Разгарнуць або, Божа ўратуй, з’есці ў яе прысутнасці гэты ненавісны прадукт – абразіць калегу ў лепшых пачуццях. Чырвонай ніткай праз усе семінарскія заняткі, якія праводзіліся Лілеяй Андрэеўнай, праходзіла перакананасць доктара аб непапраўнай шкодзе для чалавека спажывання сала.

Не магла дапусціць настаўніца, што праз нейкія тры-чатыры дзясяцігоддзя жывёльны тлушч будзе цалкам рэабілітаваны.

***
Перад накіраваннем практыкантаў у рэўматалогію кіраўнік урачэй-інтэрнаў Аляксандр Аляксандравіч Аўсянік папярэдзіў:

– Каб у гэтым аддзяленні паводзілі сябе ціха і сціпла! Па сумяшчальніцтве ў ім працуе галоўны ўрач бальніцы!

Загадчык рэўматалагічнага аддзялення Людміла Мікалаеўна Долмат, урач вышэйшай кваліфіцыйнай катэгорыі, выбудавала раўнапраўныя адносіны з дактарамі-пачаткоўцамі. Маючы вялізарны досвед урачэбнай практыкі, яна звярталася да інтэрнаў з “несур’ёзнымі” пытаннямі:

– Як сучасныя навукоўцы бачаць першасную прафілактыку рэўматызму?

– Парацэтамол – гэта афіцынальная (стандартызаваныя па складзе гатовыя аптэчныя прэпараты – заўв. аўт.) ці магістральная (прыгатаваныя па рэцэпце ўрача – заўв. аўт.) лекавая форма?

Маладыя спецыялісты і не падазравалі, што гэтыя пытанні – карэктнае тэсціраванне. Загадчык аддзялення не “муштравала” урачэй-інтэрнаў семінарскімі заняткамі, напісаннем рэфератаў і здачай залікаў.

Людміла Мікалаеўна ўзнагароджана мноствам ганаровых грамат: ад Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта да міністэрства аховы здароўя СССР. Выдатнік аховы здароўя СССР.

Дасведчаны лячэбнік і пасля выхаду на заслужаны адпачынак кансультуе пацыентаў, якія падтрымліваюць з ёй добрыя адносіны.

Больш за чвэрць стагоддзя працавала галоўным пазаштатным тэрапеўтам Баранавіцкага гарадского аддзела аховы здароўя.

***

Галоўны ўрач гарадской бальніцы Сіцько Генадзь Уладзіміравіч, лекар-сумяшчальнік рэўматалагічнага аддзялення, уяўляў сабой узор для пераймання калег не толькі сваім знешнім відам. У бездакорна белых медыцынскім халаце і шапачцы галоўны ўрач прыходзіў у аддзяленне, аглядаў хворых у замацаваных за ім палатах, афармляў гісторыі хваробы і сыходзіў кіраваць самай буйной установай аховы здороўя Баранавіцкага рэгіёна. Ніколі не падвышаў голас; яго вусныя загады насілі характар просьбы ці пажадання; заўсёды абараняў дактароў перад незлічонымі камісіямі, якія складаліся з кабінетных “знаўцаў” праблем практычнай аховы здароўя.

Настаўленні кіраўніка інтэрнаў Аўсяніка А.А аб неабходнасці быць у рэўматалагічным аддзяленні “ціхімі і сціплымі” здаліся нам залішнімі; мы і ў іншых структурных падраздзяленнях бальніцы адрозніваліся належнымі паводзінамі. Статус абавязваў: што дазволена студэнту, не дазволена ўрачу.

У рэўмалагічным аддзяленні інтэрны спачатку размаўлялі напаўголаса. Затым асвоіліся і нерэдка дэманстравалі акцёрскія здольнасці, гумарыстычна абыгрываючы выпадкі са сваёй нядоўгай медычнай практыкі.

Адразу абмоўлюся: табу было накладзена на сітуацыі, якія зневажаюць чалавечую годнасць. Без указання прозвішчаў пераказваліся цікавыя паводзінскія рэакцыі, асаблівасці мовы і вызначэнне сваіх хвароб самімі пацыентамі. З ліку дыягназаў, не зарэгістраваных у міжнароднай класіфікацыі хвароб, часцей за ўсё сустракаліся: “войстры хандроз”, “недабрыня”, “у нутрах свярбiць”, “у клубе балiць”, “хварэла грыпаю, дала ўскладненне” і г.д.

Падчас аднаго такога “тэатральнага” перапынку выпускніца Мінскага медінстытута Яніна распавяла пра хворага, якога назірала. Адстаўны вайсковец, моцны спартовы мужчына, па канчатку ўрачэбнага агляду кожны раз паўтараў:

– Доктар, я чалавек ваенны, да сябе ніколі не прыслухоўваюся. Але калі я пальцам націсну сюды (паказвае на цемянную вобласць), то мне – баліць.

Першы час Яніна абмяжоўвалася словамі:

– Абследуем, паназіраем, паглядзім…

На другім тыдні не ўтрымалася і выслухаўшы скаргу, якая парадкам надакучыла, удакладніла:

– А калі пальцам не націскаеце, то не баліць?

– Не, не баліць, – задуменна адказаў адстаўнік.
 
– Дык Вы і не націскайце! – парэкамендавала доктар.

Мяркуючы па мінорным настроі Яніны пасля ўрачэбнага абыходу, яе адказ расчараваў пацыента; іх адносіны разладзіліся. Выдатніце Яне, якая пастаянна нагадвала калегам аб атрыманым ёю чырвоным дыпломе, хацелася быць самай лепшай ва ўсім. І вось, калі ласка, такая няўдача – шчырая незадаволенасць пацыентам “выдатным” доктарам!

Засмучэнне калегі было такое вялікае, што прышлося мне, уладальніцы сіняга дыплома, некалькі парушыць наша пагадненне аб карэктным выкладанні  назіранняў. Сваімі словамі я перасказала эпізод з рамана чэшскага пісьменніка Яраслава Гашэка “Прыгоды бравага салдата Швейка”:

– “Нічога не зробіш, – сур’ёзна адказаў Швейк. – Мяне за ідыятызм вызвалілі ад вайсковай службы. Асобай камісіяй я афіцыйна прызнаны ідыётам. Я – афіцыйны ідыёт”.

Усе прысутныя засмяяліся, абстаноўка ў ардынатарскай разрадзілася. Я параіла падбадзёранай Яніне чытаць больш класічнай мастацкай літаратуры, у якой ёсць адказы на ўсе складаныя жыццёвыя пытанні.

***

Аддзяленнем гастраэнтэралогіі загадваў урач вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Аўсянік А.А. Уладальнік выдатнага пачуцця гумару і прызнаны знаўца беларускага эпасу, Аляксандр Аляксандравіч быў любімцам урачэй-інтэрнаў. Усе пацыенты лічылі доктара Аўсяніка калі не сваім сябрам, то прыяцелем. Разам з тым, кіраўнік структурнага падраздзялення бальніцы заўсёды трымаў дыстанцыю, не дазваляючы яе парушаць. Пацыент, які дазволіў сабе фамільярнасць у адносінах да загадчыка аддзялення, адразу ж адчуваў ледзяную халоднасць лекара; гэта дысцыплінавала не толькі хворых, але і калегаў.

На адным з начных дзяжурстваў па гарадской бальніцы Аўсянік А.А. быў адказным лекарам; я – другім тэрапеўтам. Каля трох гадзін ночы ва ўзрастовага пацыента кардыялагічнага аддзялення рэзка пагоршыліся гемадынамічныя паказчыкі; разам з супрацоўнікамі аддзялення рэанімацыі ўдалося стабілізаваць стан хворага.

Каля пяці гадзін раніцы адправіліся ў ардынатарскую. Афармленне гісторыі хваробы было даручана мне. Сядаючы за пісьмовы стол, удакладніла ў адказнага ўрача:

– Аляксандр Аляксандравіч, апісваць праведзеныя рэанімацыйныя мерапрыемствы па хвілінах ці можна кангламератам****?

Загадчык аддзялення не чакаў падобнага пытання ад маладога калегі. Уважліва паглядзеўшы на мяне, адказаў:

– Не, калі ласка, па хвілінах! Кожнае наша дзеянне і рэакцыя на яго хворага павінны быць дэталёва апісаны! Да моманту яго прывядзення ў пачуццё і вяртання на грэшную зямлю!

 Старанна праверыўшы запісы ў гісторыі хваробы аб паслядоўнасці праведзеных медыкамі рэанімацыйных мерапрыемстваў, заўважыў:

– І запомніце, доктар: у такіх выпадках, калі пацыент “кідаецца” паміж жыццём і смерцю, апісанне прадпрынятых медыцынскіх дзеянняў павінна быць разгорнутым і падрабязным. Нельга прадбачыць, для каго пішам: для сябе і калег, ці для пракурора.

Заўважыўшы мой здзіўлены твар, дапоўніў:

– Так-так, і для пра-ку-ро-ра! Так што, выкарыстоўвайце ў падобных выпадках увесь свой багаты слоўнікавы запас!

І з усмешкай дадаў:

– Гэта ж трэба такое прыдумаць – “кангламератам”!

Пасля апісанага выпадку пры сустрэчы са мною Аляксандр Аляксандравіч, пераймаючы манеру вымаўлення галоўнага героя фільма Уладзіміра Матыля “Белае сонца пустыні” таварыша Сухава (“Паўліны, кажаш…”), нязменна ўдакладняў: “Кангламерат, гаворыце…”

Пасля прызначэння мяне праз тры гады загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі старэйшы калега даў параду, якая тычылася адносін з падпарадкаванымі:
 
– Вы маладыя, а ў аддзяленні працуюць вопытныя спецыялісты. Не супрацьпастаўляйце сябе ім, і яны ніколі Вас не падвядуць! – навучаў мяне настаўнік.

Меў рацыю старэйшы таварыш. За тры гады працы загадчыкам аддзялення стажыраваныя калегі ні разу мяне не падвялі…

*Нефралогія, гематалогія, эндакрыналогія – вобласці медыцыны, якія вывучаюць хваробы нырак, захворванні крыві і органаў крыватвору, хваробы жалёз унутранай сакрэцыі.

**Кансіліум (лац.) – нарада некалькіх лекараў, якая праводзіцца ў мэтах устанаўлення стану здароўя пацыента, дыягназу, вызначэння прагнозу і тактыкі медыцынскага абследавання і лячэння.

***Кангламерат (у медыцыне) – злучэнне якіх-небудзь клетак і тканін у адзінае цэлае.


Рецензии
Доброго дня Вам, уважаемая Нелли!

Да, наверное, для любого молодого специалиста, в какой бы области он не работал, крайне важно отношение тех людей, что дают своеобразную путевку в профессию. Ну, а для медиков подобное наставничество важно вдвойне, ведь окончание учебного заведения еще не означает получения разрешения на профессиональную деятельность. И от того, в чьих руках окажется интернатура или ординатура, зависит очень многое.
И самое главное - именно в этот момент формируется, в том числе и отношение к профессии в целом, равно как и отношение к пациентам.
И равнодушие наставников неминуемо приведет к не самому позитивному взгляду начинающего медика на профессию.
А еще подумалось о том, каким же профессионализмом отличались медицинские работники тех лет... Ведь и в самом деле, инструментов для получения полноты картины состоянии пациента было не так и много. Тем не менее, все равно ставили диагнозы, и ведь не ошибались чаще, нежели нынешние врачи, вооруженные, куда более солидным инструментарием.
Думаю иной раз, оказавшись на приеме у нынешних медиков - пишут, что "живот мягкий при пальпации", в то время как даже не подумали прикоснуться к пациенту. А ведь раньше эта пальпация давала доктору столько пищи для размышлений, и ведь все по делу.
Но, это лирическое отступление...

А вообще, вспомнилась строчка из известной песни -

"Да разве сердце позабудет
Того, кто хочет нам добра?
Того, кто нас выводит в люди,
Кто нас выводит в мастера."

С глубочайшим уважением,


Сергей Макаров Юс   15.03.2026 15:27     Заявить о нарушении