Иоанн 3 1-36
Ян 3:1-36
У папярэднім разьдзеле Эвангельля Ян паказвае нам практычна ўсе тэмы свайго пасланьня, даючы, пры гэтым, дастаткова ежы для разважаньня. І нам трэба зразумець, да чаго ўсё гэта вядзе, а Ян дае нам накірунак гэтага шляху кажучы, што трэба даверыцца Хрысту, Які ведае ўсіх нас наскрозь. Ян відавочна дэманструе гэтую праўду, калі паказвае сапраўдную патрэбу Нікадэма.
Ян 3:1-13
«Быў жа сярод фарысэяў чалавек на імя Нікадэм, начальнік юдэйскі. Ён прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: “Раббі! Мы ведаем, што Ты Настаўнік, Які прыйшоў ад Бога, бо ніхто ня можа рабіць такіх знакаў, якія Ты робіш, калі б ня быў з ім Бог”. Адказаў яму Ісус і сказаў: “Сапраўды, сапраўды кажу табе: “Калі хто не народзіцца звыш, ня можа ўбачыць Валадарства Божага”. Кажа Яму Нікадэм: “Як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? Няўжо ж ён другі раз можа ўвайсьці ў чэрава маці сваёй і нарадзіцца?” Адказаў Ісус: “Сапраўды, сапраўды кажу табе: “Калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Валадарства Божае”. Народжанае з цела ёсьць цела, а народжанае з Духа ёсьць дух» (Ян 3:1-6).
Нікадэм. Што ведаем мы пра гэтага чалавека? Юдэйскі начальнік, чалец сынедрыёна, які прыйшоў да Ісуса з пэўным усьведамленьнем і пэўнымі пытаньнямі. Забягаючы наперад можна сказаць, што Нікадэм, пасьля сустрэчы з Ісусам, стаўся Ягоным пасьлядоўнікам, бо менавіта ён заступаўся за Ісуса перад першасьвятарамі: «Кажа ім Нікадэм, адзін з іх, які прыходзіў да Яго ў начы: “Няўжо судзіць наш Закон чалавека, ня выслухаўшы яго спачатку і не даведаўшыся, што ён робіць?”» (Ян 7:50-51). Ён жа дапамагаў Язэпу з Арыматэі пахаваць Ісуса пасьля ўкрыжаваньня: «Прыйшоў і Нікадэм, які перш прыходзіў да Ісуса ўначы, несучы мешаніну сьмірны і алёэ фунтаў каля ста. Яны ўзялі цела Ісуса і абгарнулі Яго ў прасьціну з духмянасьцямі, як ёсьць звычай хаваць у юдэяў» (Ян 19:39-40). І вось, Нікадэм прыходзіць да Ісуса ўначы. Чаму?
Чаму Нікадэм прыйшоў да Ісуса ўначы? Можа таму, што ён, будучы фарысэем і чальцом сынедрыёну, ня вырашаўся зрабіць гэта відавочна пры людзях? Ці можа так і было прынята – прыходзіць да размовы ўначы? А можа Нікадэм жадаў пагутарыць з Ісусам так, каб ніхто не перашкодзіў гэтай размове, бо ў дзённы час, у прысутнасьці натоўпаў, гэта было мала магчымым? Мы гэтага ня ведаем і Ян нам на гэта адказу не дае. Але, як бы тое не было, Нікадэм прыйшоў да Ісуса кажучы: «Раббі! Мы ведаем, што Ты Настаўнік, Які прыйшоў ад Бога». Нікадэм кажа: «Мы ведаем», а гэта безумоўна азначае тое, што нават і ў сынедрыёне погляд і вучэньне Ісуса падзяляе ня толькі Нікадэм. Дастаткова прыгадаць імёны Гамаліэля і Язэпа з Арыматэі, вельмі паважаных юдэйскіх начальнікаў, якія, на той момант, адчувалі, што знакі дадзеныя Ісусам могуць мець месца толькі з дазволу Бога і з Ягонай сілаю. Але Нікадэм кажа: «Настаўнік» і гэта кажа пра тое, што Нікадэм хацеў пагутарыць з Ісусам, як настаўнік з настаўнікам. Ісус жа, ведаючы ўсіх наскрозь, бачыў і сардэчныя патрэбы Нікадэма. Менавіта таму Ісус, нечакана для Нікадэма, кажа яму пра нараджэньне звыш. Але, што гэта азначае?
Па-першае, каб зразумець словы Ісуса да Нікадэма, трэба ўвогуле мець на ўвазе тагачасную культуру юдаізма адносна нараджэньня чалавека. «Правільнае» нараджэньне, бо для кожнага юдэя было прынцыпова важным тое, што ён – нашчадак Абрагама. Зараз жа Ісус абвяшчае, што Бог стварае новую сям’ю, дзе паходжаньня ад Абрагама ўжо недастаткова, бо трэба нарадзіцца наноў, нарадзіцца звыш. Іншымі словамі Ісус кажа пра духоўнае ператварэньне, у выніку якога чалавеку адкрываецца доступ з валадарства цемры ў Валадарства Божае, што ёсьць дабраславёная тэрыторыя Божага быцьця. Якая, дарэчы, нябачна сёньня, але прыйдзе дзень, калі Валадарства Божае будзе на зямлі, бо недарма мы прамаўляем ў сваёй малітве, дадзенай нам Госпадам: «Прыйдзі Валадарства Тваё; будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі» (Мац 6:10). Пытаньні ж у адказ Нікадэма, які наўрад ці думаў, што Ісус кажа нешта абсурднае адносна другога нараджэньня, тым ня меньш паказваюць, што сэнсу і значэньня духоўнага адраджэньня чалавека ён не разумеў.
Калі Ісус кажа: «Калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Валадарства Божае», Ён кажа пра падвойны хрост. Хрост вадою ўводзіць чалавека ў новую Божую сям’ю, а хрост Духам дае новае жыцьцё, якое ўздымаецца ўнутры чалавека. І гэта ёсьць той галоўны дар ад Ісуса Хрыста, які даецца чалавеку не па ягоных заслугах, але па міласьці Божай.
«Не зьдзіўляйся, што Я сказаў табе: “Трэба вам нарадзіцца звыш. Дух дыхае дзе хоча, і голас Яго чуеш, але ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды адыходзіць; гэтак і ўсякі, народжаны з Духа”. Адказаў Нікадэм і сказаў Яму: “Як гэта можа стацца?” Адказаў Ісус і сказаў яму: “Ты – настаўнік Ізраіля, і гэтага ня ведаеш? Сапраўды, сапраўды кажу табе: Мы гаворым пра тое, што ведаем, і сьведчым пра тое, што бачыліНе зьдзіўляйся, што Я сказаў табе: Трэба вам нарадзіцца звыш. Дух дыхае, дзе хоча, і голас Яго чуеш, але ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды адыходзіць; гэтак і ўсякі, народжаны з Духа». Адказаў Нікадэм і сказаў Яму: «Як гэта можа стацца?» Адказаў Ісус і сказаў яму: «Ты — настаўнік Ізраіля, і гэтага ня ведаеш? Сапраўды, сапраўды кажу табе: Мы гаворым пра тое, што ведаем, і сьведчым пра тое, што бачылі, і вы сьведчаньня Нашага не прыймаеце. Калі Я сказаў вам пра зямное, і ня верыце, як паверыце, калі буду гаварыць пра нябеснае? І ніхто не ўзыйшоў у неба, толькі Сын Чалавечы, Які ў небе, Які з неба зыйшоў» (Ян 3:7-13).
Існуюць дзьве вельмі розныя сфэры існаваньня сьвету: сфэра існаваньня грэшнага чалавека – сфэра цела і Божая сфэра – сфэра Духа. Грэшны чалавек ня здольны адрадзіць сябе сам і таму мае патрэбу ў Божай дапамозе. Толькі Сьвяты Дух можа адрадзіць дух чалавечы. І таму словы Ісуса маюць вялікае значэньне. Чалавек павінен нарадзіцца звыш і іншага шляху да Божага Валадарства няма. Але, як гэта можа быць? Нікадэм як бы кажа: «Якім жа чынам можа быць ператвораны чалавек?» Ісус папракае Нікадэма ў тым, што ён, будучы настаўнікам Ізраіля, ня ведае прарокаў Старога Запавета, якія казалі пра наступ часу служэньня Сьвятога Духа: «І акраплю вас чыстаю вадою, - вы ачысьціцеся ад усіх пахібаў вашых, і ад усіх ідалаў вашых ачышчу вас. І дам вам сэрца новае і дух новы дам вам; і вазьму з цела вашага сэрца каменнае і дам вам сэрца цялеснае. Укладу ў сярэдзіну вас дух Мой і зраблю так, што вы хадзіцьмеце ў запаведзях Маіх і пастановы Мае будзеце захоўваць і выконваць» (Ез 36:25-27). Як жа Нікадэм не разумеў, што Бог, па міласьці Сваёй, можа даць чалавеку новае сэрца?
Ісус кажа Нікадэму: «Мы гаворым пра тое, што ведаем, і сьведчым пра тое, што бачылі, і вы сьведчаньня Нашага не прымаеце». І гэта ёсьць горкі папрок Ісуса юдэям, якія мелі мала веры і мала веданьня. Але Ісус, тым самым, кажа і пра тое, што настаў час новага веданьня, якое зыходзіць з нябёсаў, бо недарма Ён кажа: «сьведчаньня Нашага», маючы на ўвазе Айца, Сына і Сьвятога Духа. Ад Нікадэма патрабуецца значная пакора, каб пакласьці на сэрца словы Ісуса, бо ён, як настаўнік Ізраіля, чалавек ужо сталы і выхаваны ў фарысэйскім асяродзьдзі. І існуе вялікая верагоднасьць таго, што Нікадэм, як і Язэп з Арыматэі, прынялі ад Ісуса Хрыста гэтае новае веданьне таго, што Ён станецца лесьвіцай паміж дзьвума вымярэньнямі Божага сьвету – нябеснага і зямнога. Каб спасьцігнуць ня толькі нябёсы, але і той своеасаблівы спосаб, якім Бог аб’ядноўвае неба і зямлю, трэба паслухаць Ісуса і пайсьці за Ім па Ягонаму шляху.
Ян 3:14-21
«І, як Майсей падняў зьмея ў пустыні, так мусіць быць паднятым Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае. Бо так палюбіў Бог сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго не судзіцца, а хто ня верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага» (Ян 3:14-18).
Народ Ізраіля, пры выхадзе з Егіпту, у нейкі момант пачаў маладушнічаць, наракаючы на Бога і Майсея за тое, што яны вывелі іх з рабства. Бог жа, за нараканьні, пакараў Ізраіля наступным чынам: «І паслаў Госпад на народ ядавітых зьмеяў, якія джгалі народ, і памерла мноства народу з Ізраілевых» (Лік 21:6). Людзі ж, убачыўшы свае правіны перад Госпадам і пакаяўшыся, прасілі Яго праз Майсея спыніць гэтае пакараньне: «І памаліўся Майсей за народ. І сказаў Госпад Майсею: “Зрабі сабе зьмея і выставі яго на сьцяг, і укушаны, зірнуўшы на яго, застанецца жывы”» (Лік 21:7-8).
Гэта адзінае месца ў Новым Запавеце, дзе ўспамінаецца бронзавы зьмей. І тут, безумоўна, гаворка ідзе пра будучую сьмерць Ісуса. Падобна таму, што Майсей высока ўзьняў зьмея, як сродак збаўленьня Ізраіля ад пакараньня, таксама і Сын Чалавечы будзе ўзьнесены на Крыж, каб кожны, хто паглядзіць на Яго з вераю, не загінуў за свае грахі, але меў жыцьцё вечнае. Увесь сьвет хворы на грэх і адзіны спосаб для ацаленьня – зьвярнуць з вераю свой погляд на ўкрыжаванага Ісуса Хрыста і атрымаць, з прабачэньнем, жыцьцё вечнае.
Мы бачым любоў Бога. Ян кажа пра тое, што ўкрыжаваны Ісус – гэта найвышэйшая і відавочная праява Божай любові да нас. Крыж становіцца той новай рысай Бога, якую малюе нам Ян, бо Сын Божы зьяўляе Сябе сьвету ў той самы час, калі Ён памірае пад цяжарам грэху ўсяго сьвету. Крыж – гэта і ёсьць тая самая лесьвіца паміж небам і зямлёю. І калі мы верым у гэта, мы не загінем, але будзем мець жыцьцё вечнае. Але і тут патрабуецца ўдакладненьне. Слова «загінуць» зусім не азначае абсалютнае «зьнішчэньне» у сэнсе зьнікненьня. Загінуць у пекле, мае сэнс існаваньня там ва ўмовах вечнай аддзеленасьці ад Бога. Наадварот, жыцьцё вечнае – гэта якасна іншае, новае жыцьцё, якое ўжо тут, на зямлі, даецца ад Госпада і якое веруючы ў Ісуса Хрыста ня страціць на вякі вякоў.
Бог так палюбіў сьвет, што аддаў за нашыя грахі Свайго Адзінароднага Сына. Таму, кажа Ян, нягледзячы на тое, што няверуючыя ў Хрыста наклікаюць на сябе асуду, Бог паслаў у сьвет Сына дзеля збаўленьня, але не асуды. Ён ня хоча сьмерці грэшнікаў, але жадае, каб усе людзі былі збаўленыя. Ян кажа пра тое, што на Крыжы Ісус Хрыстос завершыў Сваю працу па збаўленьню чалавецтва, што ёсьць сродак збаўленьня. Маючы ў гэта веру ня судзіцца: «Таму цяпер няма ніякага асуджэньня тым, што ў Хрысьце Ісусе не паводле цела, а паводле духа ходзяць. Бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Ісусе вызваліў мяне ад закону грэху і сьмерці» (Рым 8:1-2). Тыя ж, хто адмаўляе сьвятло Хрыста, застаюцца ў цемры і таму, ужо на зямлі, наклікаюць на сябе Божую асуду.
«Суд жа такі, што Сьвятло прыйшло ў сьвет, але людзі палюбілі цемру больш за сьвятло, бо ўчынкі іх былі злыя. Бо кожны, хто робіць благое, ненавідзіць сьвятло і не ідзе да сьвятла, каб не былі дакараныя ўчынкі ягоныя. А хто чыніць праўду, ідзе да сьвятла, каб відавочнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу ўчынены» (Ян 3:19-21).
Людзі палюбілі цемру ня самі па сабе, а адзіна таму, што яны маюць што хаваць у цемры. Зьдзяйсьняючы свае злыя справы, яны не жадаюць, каб іх «непакоілі» і таму не выстаўляюць іх на показ у сьвятле. Што ж тычыцца веруючых, дык і яны не пазбаўлены праяваў грэху, але ім уласьціва каяцца перад Богам у гэтых грахах, а значыць выносіць іх у сьвятло Ісуса Хрыста. Як фізічнае сьвятло робіць бачным тое, што захоўвае цемра, так і сьвятло Хрыста выяўляе злы характар чалавечых спраў. Гэта можна зразумець у тым сэнсе, што жыцьцё няверуючага чалавека ня мае сапраўднага сэнсу і дастойнай мэты, а гэта жыцьцё асуджанага. Чалавек, не жадаючы выкрыцьця сваіх спраў, ненавідзіць сьвятло і не ідзе да яго. Але ня так у веруючых людзей, бо, дзякуючы духоўнаму адраджэньню, іхняе жыцьцё кардынальна адрозьніваецца ад папярэдняга жыцььця ў цемры. Зараз яны жывуць па веры ў Ісуса Хрыста і Ягоны Дух, Які дзейнічае ў іх, дае ім новыя сілы, ставіць перад імі новыя мэты і абуджае ў іх новыя інтарэсы: «Бо мы – твор Ягоны, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя ўчынкі, якія Бог загадзя прыгатаваў, каб мы ў іх хадзілі» (Эф 2:10).
Ян 3:22-36
«Пасьля гэтага прыйшоў Ісус і вучні Ягоныя ў зямлю Юдэйскую, і там быў з імі, і хрысьціў. Ян жа таксама хрысьціў у Эноне, недалёка ад Салему, бо вады там было шмат, і прыходзілі туды, і хрысьціліся, бо Ян яшчэ ня быў кінуты ў вязьніцу. І сталася спрэчка ў Янавых вучняў з юдэямі пра ачышчэньне. І прыйшлі да Яна, і сказалі яму: “Раббі! Той, Які быў з табою за Ярданам, пра Якога ты сьведчыў, вось, Ён хрысьціць, і ўсе ідуць да Яго” Адказаў Ян і сказаў: “Ня можа чалавек нічога ўзяць, калі яму ня дадзена будзе з неба. Самі вы сьведкі мне ў тым, што я сказаў: “Я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім”. Хто мае нявесту, той жаніх, а сябра жаніха, які стаіць і слухае яго, радасьцю радуецца дзеля голасу жаніха. Вось гэтая радасьць мая споўнілася. Яму трэба расьці, а мне – малець”» (Ян 3:22-30).
Шлях назад у Галілею спачатку ідзе ўздоўж ракі Ярдан, дзе Ісус праводзіць нейкі час з вучнямі, праводзячы таксама і хрост сярод юдэяў. Недзе побач з Ісусам працягваў служыць і Ян Хрысьціцель. Ян прапаведаваў людзям набліжэньне Мэсіі, а Ісус прапаведаваў набліжэньне Валадарства Божага. І ўсё гэта адбывалася ў Эноне, які знаходзіўся недзе на палове шляху паміж Галілейскім і Мёртвым марамі. Вучні Хрысьціцеля спрачаюцца з юдэямі, якія, па ўсёй верагодгасьці казалі, што яны і без Янавага хросту спаўняюць розныя абрады абмыцьця. Але гэта не галоўнае, бо яны ідуць да свайго настаўніка з крыўдай і зайздрасьцю на тое, што ўсе ідуць хрысьціцца да Ісуса. Дарэчы, Сам Ісус не хрысьціў, бо гэта рабілі вучні пад Ягоным кіраўніцтвам. А што Ян?
Ян дае напамін, што ён не Мэсія, але толькі выконвае тое, што даручана яму Богам і ня больш за тое. Ён бачыць посьпех Ісуса ў служэньня і радуецца гэтаму, супастаўляючы свае пачуцьці з пачуцьцямі «сябра жаніха» на вясельлі. Згодна юдэйскай традыцыі сябра жаніха меў галоўную ролю ў падрыхтоўцы шлюбнай цырымоніі, але ня быў галоўным на вясельлі. Ім быў жаніх, а сябра знаходзіўся ў радасьці, чуючы голас жаніха і знаходзячыся разам з ім. Задача Яна Хрысьціцеля складалася з таго, каб усё прыгатаваць да прышэсьця Мэсіі Хрыста, сапраўднага «Жаніха». Ян хрысьціў толькі вадою, але ня Духам і таму Ісус Хрыстос павінен быў расьці, а Ян малець. Таму ён ахвотна і з радасьцю ўспрыняў вестку пра тое, што служэньне Ісуса пашыраецца і Ён становіцца ўсё больш вядомым сярод Ізраіля.
«Хто з вышыні прыходзіць, Той вышэй за ўсіх, а хто з зямлі, той зямны і з зямлі гаворыць. Хто з неба прыходзіць, Той вышэй за ўсіх, і што бачыў і чуў, пра тое сьведчыць, і ніхто не прымае сьведчаньня Ягонага. Хто ж прыняў Яго сьведчаньне, той запячатаў, што Бог праўдзівы. Бо Той, Каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя, бо ня мераючы дае Бог Духа. Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у руку Яго. Хто верыць у Сына, мае жыцьцё вечнае, а хто ў Сына ня верыць, ня ўгледзіць жыцьця, але гнеў Божы будзе на ім» (Ян 3:31-36).
Гэтыя вершы разглядаюць як працяг дыялогу Яна Хрысьціцеля з вучнямі, якія казалі яму пра служэньне Ісуса, але гэта больш падобна на аўтарскі каментар да ўсяго разьдзелу. І гэта вельмі лагічна, бо такія словы мог прамовіць чалавек, які, на працягу многіх гадоў пасьля сьмерці і ўваскрэсеньня Ісуса Хрыста, добра асэнсаваў тое, што бачыў і чуў. Што ж тычыцца Яна Хрысьціцеля, дык мы ня ўбачым у іншых Эвангельлях ягоных разважаньняў пра ўзаемаадносіны паміж Айцом, Сынам. Тым больш, што Хрысьціцель ня мог бачыць, што большасьць тых, да каго прыйшоў Божы Сын, ня прыме Яго. Наадварот, на той момант ён, у радасьці, бачыў адваротнае – пашырэньне служэньне Хрыста і Яго посьпех. Адзіная задача, якая стаяла перад Янам – пракласьці шлях Мэсіі Хрысту і якую ён цалкам выканаў.
Аўтар Эвангельля супрацьставіць Таго, хто прыйшоў з вышыні і таго, хто зямны. Яна Хрысьціцеля, у якасьці «зямнога» (хаця ён цалкам зямны) мы разглядаць ня будзем, бо ён, у адрозьненьні ад іншых людзей, пасланы Богам. Але ў сьвеце ёсьць мноства людзей, чыё жыцьцё і вучэньне заставаліся выключна «зямнымі», і якія працягвалі і працягваюць супернічаць спачатку з Янам і Ісусам, а потым з апосталамі Ісуса Хрыста. І так да сучаснасьці. На жаль, многія людзі слухаюць тых, чыя вестка не нясе ў сабе подых нябёсаў і таму, большасьць тых, да каго пасланы Ісус, не прымаюць Ягоныя словы. Кожны з людзей можа выбіраць паміж вераю ў Ісуса Хрыста і нявер’ем у Яго.
Але, што ёсьць нявер’е? Гэта плод трагічнага невуцтва ці сьвядомае адмаўленьне сьвятла. І таму Ян кажа пра гнеў Божы, як справядлівую рэакцыю Творцы на зло гэтага сьвету. Той гнеў, які ў поўнай меры праявіцца ў будучым, але, які і сёньня праяўляе сябе, бо неперапыненны грэх вядзе да вечнага пакараньня: «І пойдуць гэтыя на пакараньне вечнае, а праведнікі – у жыцьцё вечнае» (Мац 25:46).
Свидетельство о публикации №226031601930