Иоанн 2 1-25

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЯНА


Ян 2:1-25

Мы ўжо зайшлі ў гэтую чыстую раку Эвангельля паводле Яна, убачыўшы цудоўнейшы багаслоўска-філасофскі пралог. Мы ўбачылі ўжо Яна Хрысьціцеля, які паказаў вучням Мэсію Хрыста. Мы ўбачылі і першых вучняў, якія прыйшлі і былі пакліканымі да Яго. Аўтар Эвангельля як бы растаўляе знакі на плыні гэтай ракі, каб мы пасьлядоўна прайшлі па ім. І такім знакам ёсьць любая сітуацыя, калі Ісус зьдзяйсьняе абяцанае Натанаэлю. Гэта моманты, калі людзі, якія маюць хоць крышку веры, ужо здольныя бачыць, як зыходзяць і ўзносяцца анёлы, бо гэта моманты, калі нябёсы адчыняюцца і бясконцая Божая любоў праліваецца ў гэты сьвет.

Ян 2:1-12
«На трэці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай, і маці Ісуса была там. Быў таксама запрошаны і Ісус, і вучні Ягоныя на вясельле. І, як не хапіла віна, маці Ісуса кажа Яму: “Віна ня маюць”. Кажа ёй Ісус: “Што Мне і табе, жанчына? Гадзіна Мая яшчэ не прыйшла”. Гаворыць маці Ягоная слугам: Што Ён вам скажа, зрабіце”. Было ж там шэсьць каменных глякаў, якія стаялі дзеля ачышчэньня юдэйскага і зьмяшчалі дзьве ці тры меры. Кажа ім Ісус: “Напоўніце вадою глякі”. І напоўнілі іх да верху. І кажа ім: “Чэрпайце цяпер і нясіце да маршалка”. І панесьлі. Калі ж маршалак пакаштаваў вады, якая сталася віном, - а ён ня ведаў, адкуль яно, слугі ж, якія налівалі ваду, ведалі, - кліча жаніха і кажа яму: “Кожны чалавек перш падае добрае віно, а як нап’юцца, тады горшае; ты ж добрае віно захаваў дагэтуль”. Так зрабіў Ісус у Кане Галілейскай пачатак знакам і выявіў славу Сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя» (Ян 2:1-11).

Гісторыя вясельля ў Кане Галілейскай, як знак на плыні Эвангельля, мае ўсе часткі іншых знакаў, якія мы яшчэ пабачым на сваіх шляху вывучэньня гэтага твору. Цуд ад Ісуса, калі людзі выконваюць Ягоны загад – гэта тое, калі ў звычайнае жыцьцё чалавека ўрываецца новае вымярэньне. Вымярэньне, якое гаворыць нам, што вясельле ў Кане – гэта прадчуваньне таго нябеснага сьвята, што чакае народ Божы, а напаўненьне юдэйскіх рытуальных каменных глякаў – гэта знак таго, што Госпад творыць унутры юдэйскай веры, даючы ўсяму сьвету зусім новае ачышчэньне.

Вясельныя піры ў гебраяў звычайна працягваліся даволі доўгі час, - да сямі дзён. Маці Ісуса магла прысутнічаць на вясельлі і ад пачатку, бо Назарэт знаходзіўся побач з Канай Галілейскай. А вось Ісус з вучнямі маглі прыйсьці ў Кану пазьней, бо шлях ад Ерыхона да Каны складаўся з некалькіх дзён хады. Гэта першае, а другое – гэта тое, што іхні магчымы прыход, нейкім чынам, супадаў з недахопам вясельнага віна. Ці чакала маці Ісуса, што Ён дапаможа гаспадарам вясельля? Магчыма і не. Але яна, як ніхто іншы, ведала незвычайнасьць Ягонага нараджэньня і таму сэрца маці нешта падказвала ёй. А што Ісус? Ён кажа ёй: «Што Мне і табе, жанчына? Гадзіна Мая яшчэ не прыйшла». Ці пажадаў Ісус пакрыўдзіць маці Сваю? Ніяк. Але Ён, як бы кажа гэтым, што ад гэтага дня Ён будзе падпарадкаваны ў Сваіх дзеяньнях толькі Свайму Нябеснаму Айцу. Зусім верагодна, што Марыя зразумела сэнс сказанага Ісусам і таму сказала наступнае слугам: «Што Ён вам скажа, зрабіце».

І вось, Ісус стварае першы цуд з трыццаці пяці. Шэсьць каменных глякаў умяшчалі ў сабе па 80-120 літраў вадкасьці кожны, а гэта кажа пра тое, што Ісус падараваў, такім чынам, вясельлю ня меньш за 480 літраў віна вышэйшай якасьці. Недарма ж маршалак вясельля зьдзівіўся, што гэтае віно лепш за тое, што падавалі да гэтага. Гэта, дарэчы, супярэчыла звычаю падаваць адразу лепшае віно і толькі потым горшае. Гэты цуд, у частцы якасьці ператворанага з вады віна, на думку многіх каментатараў, паказвае нам перавагу хрысьціянства над юдаізмам, бо прыйшоў у сьвет найлепшы Божы дар – Ісус Хрыстос.

Эвангеліст Ян бачыць на прыкладзе гэтага цуда, - зьяўленьне славы Ісуса Хрыста. Калісьці Майсей ператварыў ваду ў кроў, як знак Божага гневу. Ператварэньне ж Ісусам вады ў віно павінна разглядацца, як знак радасьці, якую Ён дае людзям праз Духа Сьвятога. Ісус Хрыстос – Сын Бога, Які стварыў для нас нашую прыроду. Ён стварыў і вінаградную лазу, даючы ёй і яе пладам ваду для росту і пасьпяваньня, каб потым, паступова, праз працэс закісаньня, вада ператваралася ў віно. Зараз жа, Ён зрабіў гэта ў адно імгненьне і ў гэтым ёсьць сіла Творцы і слава Ісуса Хрыста.

Першы цуд Ісуса паказвае нам на тое, што Ягонае служэньне будзе мець менавіта такі ж самы характар, - характар ператварэньня: «Так што хто ў Хрысьце, той новае стварэньне; старое мінула, вось, сталася ўсё новае» (2 Кар 5:17). Ператварэньне вады ў віно – гэта сымбаль ператварэньня, якое Ісус зьдзяйсьняў і зьдзяйсьняе ў жыцьцях людзей, бо Ён прыйшоў для таго, каб мы мелі жыцьцё ў-ва ўсёй сваёй поўні. Мы можам па рознаму разглядаць і асэнсоўваць першы цуд Ісуса Хрыста, але, памаліўшыся, мы павінны памятаць, што ператварэньне нашых сэрцаў магчыма для тых, хто сур’ёзна ўспрыме словы маці Ісуса: «Што Ён вам скажа, зрабіце». Вучні паверылі ў Ісуса і гэта азначае, што іхнія сэрцы пачалі ператварацца, як ператварылася вада ў віно.

І вось, з Каны Галілейскай Ісус ідзе ў Капернаум, дзе, хутчэй за ўсё, некалькі дзён адпачывае перад вандроўкай у Ерусалім: «Пасьля гэтага прыйшоў Ён у Капернаум, Сам і маці Ягоная, і браты Ягоныя, і заставаліся там некалькі дзён» (Ян 2:12).

Ян 2:13-25
«І была блізка Пасха юдэйская, і ўзыйшоў Ісус у Ерусалім. І знайшоў у сьвятыні тых, што прадавалі валоў, авечак і галубоў, і мянялаў, якія там сядзелі. І, зрабіўшы біч з вяровак, Ён выгнаў са сьвятыні ўсіх, а таксама авечак і валоў, і грошы мянялам рассыпаў, і сталы іх абярнуў; і сказаў тым, што прадавалі галубоў: “Забярыце гэта адсюль і не рабіце дом Айца Майго домам гандлю”. І ўзгадалі вучні Ягоныя, што напісана: “Руплівасьць пра дом Твой зьядае Мяне”.» (Ян 2:13-17).

Храм – гэта сэрца Ізраіля, бо менавіта тут засяроджвалася культурнае і грамадзка-палітычнае жыцьцё людзей. Але, галоўным сэнсам Храма было тое, што ў гэтым месцы Бог Ізраіля абяцаў жыць сярод Свайго народа. Ахвярных жывёлаў у сьвятыні хапала заўсёды, а тым больш у пасхальныя дні, калі вялікія натоўпы паломнікаў прыходзілі сьвяткаваць збаўленьне Ізраіля з егіпецкага рабства. Паломнікам не абавязкова было весьці з сабою ахвярных жывёлаў. Яны маглі купіць гэта, на спецыяльныя храмавыя грошы і непасрэдна ў сьвятыні. Адсюль храмавыя гандляры і мянялы, якіх убачыў Ісус пры ўваходзе ў сьвятыню. І ня проста ўбачыў, але выгнаў іх зробленым бічом. Уявім сабе гэтую карціну. Мянялы абменьваюць паломнікам іхнія грошы на храмавыя, тыя ж, далей, купляюць ахвярную жывёлу і гэтак далей, да ахвярнай крыві. Звыклы працэс, да якога ўсе даўно прызвычаіліся. І тут прыходзіць незнаёмы прарок з Галілеі і пачынае разбураць традыцыі і звычкі народа. Шакуючае дзеяньне і як гэта можна патлумачыць?

Гнеў Ісуса быў выкліканы тым, што сьвятыня Ізраіля, як дом Айца, быў ператвораны ў дом гандлю. Ісус ня быў супраць ахвярапрынашэньня, але Яго глыбока кранала тое, што камерцыйная складаючая гэтага працэсу знішчала сэнс і мэту ахвяраваньня. Эвангельле паводле Яна кажа нам, што менавіта з гэтага эпізоду пачынаецца публічнае грамадзкае служэньне Ісуса. Але, пра такое «нечаканае» дзеяньне Госпада па ачышчэньню веравызнаньня казаў нашмат раней да гэтага прарок Малахія: «Вось, Я пасылаю анёла Майго, і ён падрыхтуе шлях перад Мною, і нянаджана прыйдзе ў храм Свой Госпад, Якога вы шукаеце, і анёл запавету, якога вы жадаеце; вось, ён ідзе, кажа Госпад Саваоф. І хто вытрымае дзень прышэсьця Яго, і хто ўстоіць, калі Ён явіцца? Бо Ён – як агонь, што расплаўляе, і як шчолак, што ачышчае, і сядзе пераплаўляць і ачышчаць срэбра, каб прыносілі ахвяру Госпаду ў праўдзе» (Мал 3:1-3). Вучням жа Ісуса прыйшлі на памяць словы псальма 68:10, дзе гаворка ідзе пра Праведніка, Якому прыдзецца заплаціць вялікую цану за руплівасьць па дому Госпада і цана гэта – сьмерць за ўсіх нас.

«Адказалі тыды юдэі і сказалі Яму: “Які знак пакажаш нам, што гэтак робіш?” Адказаў Ісус і сказаў ім: “Зруйнуйце гэтую бажніцу, і Я ў тры дні адбудую яе”. Сказалі тады юдэі: “Сорак шэсьць гадоў будавалася бажніца гэтая, а Ты ў тры дні адбудуеш яе?”А Ён гаварыў пра бажніцу цела Свайго. Калі ж Ён уваскрос з мёртвых, узгадалі вучні Ягоныя, што Ён казаў гэтае, і паверылі Пісаньню і словам, якія сказаў Ісус. Калі ж Ён быў у Ерусаліме на Пасху ў сьвяты, многія паверылі ў імя Яго, бачачы знакі, якія Ён чыніў. Але Сам Ісус не даверыўся ім, бо ведаў усіх і ня меў патрэбы, каб хто сьведчыў пра чалавека, бо Ён ведаў, што было ў чалавеку» (Ян 2:18-25).

Юдэі, а гэта маглі быць старшыні народу ці нават гандляры, патрабавалі ад Ісуса якім-небудзь чынам пацьвердзіць Сваё права ўзьдзейнічаць на ўсталёваныя звычаі гандлю ў сьвятыні. Але, замест знака, Ісус кажа ім нешта дзіўнае: «Зруйнуйце гэтую бажніцу, і Я ў тры дні адбудую яе». Гебраі добра ведалі гісторыю рэканструкцыі Храма, якая працягвалася сорак шэсьць гадоў. Гэтую справу пачаў Ірад Вялікі, бо, на той момант, Храм значна саступаў у прыгажосьці і велічы Храму часоў Салямона. Сыны Ірада завершылі рэканструкцыю, якая дала новае жыцьцё Храму Ерусаліма. І вось зараз, юдэі чуюць ад Ісуса, што Ён здольны, у выпадку разбурэньня, адбудаваць Храм за тры дні. Яны зразумелі Ісуса літаральна, але сэнс Ягоных словаў быў іншы і гэты сэнс, на той момант, не зразумеў ніхто. Зразумелі гэта вучні Хрыста, але значна пазьней, пасьля сьмерці і ўвасрасеньня Ісуса.

Ён – Храм сапраўдны, Ён – Слова, якое сталася целам і ў якім засяродзілася слава Божая. Ён – тая рэальнасьць, на якую ад пачатку накіроўваў свой погляд Храм Ерусаліма. Сьмерць і ўваскрасеньне Ісуса стануць рэальнасьцю, на якую паказвае Пасха і ўвесь абрад яе сьвяткаваньня.

У Ерусаліме, пад час сьвяткаваньня Пасхі, Ісус зьдзяйсьняе знакі, сэнс якіх Ян не раскрывае. І гэтыя дзеяньні прывялі многіх да веры ў тое, што Ісус ёсьць Мэсія, Хрыстос. Але мы ўсьведамляем і тое, што гэта ёсьць слабая вера, якая не збаўляе. Чаму? Таму што людзі бачылі ў Ім Цудатворцу і Настаўніка, але ня бачылі ў Ім Збаўцу ад сваіх грахоў. Вера, узьнікшая ў сэрцах людзей не была глыбокай і таму няшмат каштавала ў вачах Госпада. І гэта сапраўды так, бо, у далейшым, было шмат расчараваньня ў тым, што Ісус ня выказаў палітычнага жаданьня стаць Валадаром Ізраіля, каб аднавіць валадарства Давіда і атрымаць свабоду ад Рыма.

Валодаючы звышнатуральным веданьнем Ісус ня меў патрэбы ў тым, каб Яму характарызавалі таго ці іншага чалавека, бо бачыў сэрца чалавека ў самай яго глыбіні. Гэта тычыцца і ўсіх нас, бо калі мы сустракаем Ісуса і бачым Ягоныя знакі, мы павінны даверыцца Яму і паверыць у Яго. І памятаць словы маці Ісуса ў Кане Галілейскай: «Што Ён вам скажа, зрабіце».


Рецензии