Иоанн 4 1-54
Ян 4:1-54
Мы падыходзім да той кропкі аповяду Яна, калі Ісус, з вучнямі, праходзіць Самарыю – своеасаблівую мясьціну сярод Юдэі. Своеасаблівую не геаграфічна ці кліматычна, але толькі тым, што там жылі самаране. Не памылюся, калі скажу, што большасьць людзей хрысьціянскага сьвету ведаюць прыпавесьць Ісуса Хрыста пра добрага самараніна. І, калі і ня ведаюць дакладна, дык чулі пра тое, што добры самаранін – гэта добры чалавек ці сінонім яго, які заўсёды дапаможа ў цяжкую хвіліну. На сёньня ў сьвеце існуе міжнародная суполка пад назваю «Самаране», якая дапамагае людзям, якія апынуліся ў цяжкім становішчы. Але, як гэта ня дзіўна, гэтая суполка носіць назву народа, які ня меньш за шэсьць стагодзяў да нараджэньня Ісуса Хрыста жыў у варожасьці да гебрайскага грамадства. Так было і ў часы Ісуса Хрыста. Але Ісус ідзе ў Галілею менавіта праз гэтую зямлю.
Ян:4:1-15
«Калі ж даведаўся Госпад, што пачулі фарысэі, што Ісус больш вучняў здабывае і хрысьціць, чым Ян, - пакінуў Юдэю і пайшоў зноў у Галілею. Мусіў жа Ён праходзіць праз Самарыю. І вось, прыходзіць Ён у горад Самарыйскі, называны Сыхар, недалёка поля, якое даў Якуб Язэпу, сыну свайму. Была ж там крыніца Якуба. Дык Ісус, стомлены падарожжам, сеў ля крыніцы. Было каля шостае гадзіны» (Ян 4:1-6).
Самарыя – мясьціна ў Юдэі на мяжы з Галілеяй. Палітычна, гэта была частка Юдэі і кіравалася рымскім намесьнікам. Жыхары Самарыі мелі, на той час, зьмяшанае этнічнае паходжаньне, а рэлігія самаранаў, як і паходжаньне, была напалову паганскай. Горад Сыхар знаходзіўся недзе паміж гарой Эвал і гарой Гэрызім. Старажытняя ж крыніца і сёньня вядомая ў гэтай мясьціне, магчыма і ёсьць той самы калодзеж, які быў дадзены Якубам свайму сыну Язэпу. Ісус, стаміўшыся ад хады, сеў каля гэтага калодзежу каля шостае гадзіны, што па рымскай сістэме часу азначала каля шасьці гадзінаў увечары. Маючы сапраўдную чалавечую прыроду, Ісус, як і кожны чалавек, ведаў стомленасьць, смагу, голад і боль. Але, разам з тым, Ён меў у Сабе усе ўласьцівасьці Айца, уключаючы ўсякае веданьне і Божую магутнасьць. І вось, у адсутнасьці вучняў, Ён зрабіў, на погляд тагачасных юдэяў, нешта неверагоднае. Ён загаварыў з жанчынай самаранкай.
«Прыходзіць жанчына з Самарыі начэрпаць вады. Гаворыць ёй Ісус: “Дай Мне піць”. Бо вучні Ягоныя адыйшлі ў горад набыць ежы. Жанчына самаранка кажа Яму: “Як Ты, Юдэй, просіш піць у мяне, жанчыны самаранкі?” Бо юдэі ня маюць зносін з самаранамі. Адказаў Ісус і сказаў ёй: “Калі б ты ведала дар Божы і Хто кажа табе: дай Мне піць, то ты прасіла б у Яго, і Ён даў бы табе вады жывое”. Гаворыць Яму жанчына: “Пане! У Цябе і зачарпнуць няма чым, а калодзеж глыбокі. Дык адкуль у Цябе вада жывая? Няўжо ты большы за бацьку нашага Якуба, які даў нам гэты калодзеж і сам з яго піў, і сыны ягоныя, і статак ягоны?” Адказаў Ісус і сказаў ёй: “Усякі, хто п’е гэтую ваду, зноў будзе смагнуць. Хто ж вып’е ваду, якую Я дам яму, станецца ў ім крыніцаю вады, якая цячэ ў жыцьцё вечнае”. Гаворыць Яму жанчына: “Пане! Дай мне гэтай вады, каб я ня смагнула і не прыходзіла сюды чэрпаць”» (Ян 4:7-15).
Ян захаваў для нас дастаткова размоваў Ісуса, якія, акрамя прамога дзеяньня, маюць яшчэ і падтэкст. Ён кажа неяк «загадкава» і таму людзі ці не разумеюць Ісуса, ці разумеюць няправільна. Мы ўжо бачылі размову Ісуса з Нікадэмам, а зараз вось прысутнічаем пры размове Ісуса з жанчынай самаранкай, якая таксама не разумее тое, што кажа ёй Ісус. Але, як і Нікадэм, яна зацікаўлена размовай, пачынаючы разважаць пра сказанае Ісусам. Ісус казаў ім на нябесным узроўні, а яны ўспрымалі на ўзроўні зямным. І такія непаразуменьні падаюцца натуральнымі, бо місія Ісуса з таго і складалася, каб прынесьці на зямлю нябеснае жыцьцё. Ісус кажа жанчыне, што Ён здольны даць ёй вады жывое. Трэба сказаць, што тагачасныя людзі пад гэтым словам мелі на ўвазе ваду звычайную, але праточную з крыніцаў ці ручаёў. І таму жанчына зьдзіўлена, бо яны стаялі калі калодзежу, дзе праточнай вады няма. Безумоўна, што самаранка заінтрыгавана: «Што ж хоча прапанаваць ёй Гэты Незнаёмец?»
І калі Ісус пачынае падрабязьней казаць пра тую ваду, якую дасьць Ён, становіцца зразумелым, што Ісус кажа пра нешта незвычайнае, а Ягоныя абяцаньні пакуль што застаюцца загадкавымі, але ўплывовымі на ўяўленьне. Жанчына яўна не зразумела нябеснага, але ёй хапіла і гэтага, каб у ёй узькла імкненьне даведацца больш. Мы ня ведаем думкі гэтай жанчыны, але яе чакае абуджэньне, як і кожнага чалавека, хто намагаецца зразумець Ісуса, бо Ён і ёсьць вада жывая, глыток якой пачынае перамяняць жыцьцё чалавека. І Ісус дае жанчыне гэты глыток, калі працягвае іхнюю размову.
Ян 4:16-26
«Гаворыць ёй Ісус: “Ідзі, пакліч мужа твайго і прыходзь сюды”. Адказала жанчына і сказала: “Я ня маю мужа”. Гаворыць ёй Ісус: “Добра ты сказала, што ня маеш мужа, бо мела ты пяць мужоў, і той, якога цяпер маеш, ня муж табе. Гэта ты праўдзіва сказала”. Гаворыць Яму жанчына: “Пане! Бачу, што Ты – прарок. Бацькі нашыя пакланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерусаліме месца, дзе павінны пакланяцца”. Гаворыць ёй Ісус: “Жанчына, павер Мне, што прыходзіць час, калі ані на гэтай гары, ані ў Ерусаліме ня будзеце пакланяцца Айцу. Вы ня ведаеце, каму пакланяецеся; а мы ведаем, Каму пакланяемся, бо збаўленьне ад Юдэяў. Але прыходзіць час, і ён ужо прыйшоў, калі сапраўдныя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе, бо гэткіх паклоньнікаў Айцец шукае Сабе. Бог ёсьць Дух, і тыя, якія пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца Яму ў духу і праўдзе”. Гаворыць Яму жанчына: “Ведаю, што прыходзіць Мэсія, называны Хрыстос, і калі Ён прыйдзе, абвесьціць нам усё”. Гаворыць ёй Ісус: “Гэта Я, Які гавару з табою”» (Ян 4:16-26).
Падобна на тое, што піць Ісусу самаранка так і не дала. Магчыма яна была ўзбуджана размоваю, да і Ісус, заклапочаны яе духоўнай патрэбаю, запамятаваў пра Сваю патрэбу фізічную. І зусім нечакана Ён адсылае яе за мужам. Чаму? Каб яна зразумела, што Ён ведае пра яе ўсё. І тое, што ў яе было пяць мужоў, і тое, што зараз яна жыве ў граху і таму мае патрэбу ў пакаяньні. І вось, вельмі цікавая рэакцыя самаранкі, якая пераключае непрыемную для сябе размову на «багаслоўскую» тэму: «Дзе і у якім месцы правільна пакланяцца Богу, - на Сыёне ці Гэрызіме?» Самаранка ўбачыла, што гэта ня просты Юдэй, але Той, Хто бачыць усё. Але, ці ня ў нашай чалавечай уласьцівасьці пазьбягаць таго, што нам не зусім прыемна? Ісус бачыць усё гэта, але Ён выкарыстоўвае гэтую сітуацыю, каб давесьці Сваю праўду да гэтай жанчыны.
Жывы і сапраўдны Бог ня можа быць прывязаны да якой-небудзь геаграфічнай кропцы ці архітэктурнаму будынку. Ён – Дух, Які не адцураецца фізічнага сьвету, бо Сам гэты сьвет і стварыў. Ён паўсюдны, а таму і галоўны. Жанчыне цяжка гэта зразумець і таму яна зьвяртаецца да апошняга выкруту: «Вось, калі прыйдзе Мэсія, дык Ён абвесьціць нам усё». Самаране, як і юдэі, чакалі прышэсьця Мэсіі, але яны, хто не прымаў Стары Запавет акрамя Пяцікніжжа, не маглі бачыць Яго памазаным Валадаром з дома Давідавага. Яны чакалі Мэсію, як кагосьці падобнага Майсею, які, прыдзячы, вырашыць усе іхнія праблемы. Менавіта пра гэта і кажа Ісусу самаранка. А што Ісус?
Ісус кажа ёй: «Гэта Я, Які гавару з табою». І гэта падаецца незвычайным, бо мы ня бачылі да гэтага і ня ўбачым яшчэ пэўны час і пасьля, калі Ісус так адкрываўся пра Сябе людзям. Ён казаў пра Сябе: «Сын Чалавечы». Але чаму так? Можа таму, што не жадаў, каб юдэі ўкладалі ў гэта палітычны сэнс? Можа і так. А можа і таму, што жанчына самаранка была далёкая ад палітычных жарсьцяў, якія былі ў розуме і сэрцах большасьці юдэяў. Ісус кажа ня толькі гэтай жанчыне, але зьвяртаецца да кожнага з нас: «Гэта Я, Які гавару з табою». І Ён будзе паўтараць гэта зноў і зноў, нават калі мы будзем казаць, як тая самаранка: «Вось прыйдзе Той і абвесьціцьць нам усё». Ісус жа адказвае кожнаму з нас: «Гэта Я». І калі мы чакаем Яго, дык Ён з намі.
Ян 4:27-42
«У гэты час прыйшлі вучні Ягоныя і зьдзівіліся, што Ён гаварыў з жанчынаю, але ніводзін не сказаў: “Што шукаеш?” ці : “Што гаворыш з ёю?” Тады жанчына пакінула свой гляк, і адыйшла ў горад, і гаворыць людзям: “Пайдзіце, пабачце Чалавека, Які сказаў мне ўсё, што я зрабіла. Ці не Хрыстос гэта? Яны выйшлі з гораду і пайшлі да Яго» (Ян 4:27-30).
Тое, што самаранка пакінула свой гляк і пабегла ў горад, кажа пра тое, што яна была вельмі ўсхваляваная гэтай сустрэчаю і тым, што яна пачула ад Ісуса. Нешта перамянілася ў ёй, бо як бы яна не ўхілялася ад праўды погляду Хрыста, нешта падказвала ёй, што яна павінна казаць пра гэтае незвычайнае людзям, якіх яна раней, магчыма, пазьбягала. Жанчына ўсхваляваная і незвычайным чынам радасная. Яна не зусім разумее, хто такі Ісус – Мэсія ці прарок, але гэтая размова дае ёй дастаткова сілаў, каб абвесьціць пра гэта суседзям. Але і Ісусу паводзіны самаранкі пацьвердзілі нешта важнае. За межамі выбранага народу пануе той жа духоўны голад, што і ў Ерусаліме. І, ня гледзячы на тое, што гэты голад у Самарыі прымае пэўным чынам скажоную форму, людзі аднолькава жадаюць чуць Ягонае слова. Але, што вучні Ісуса?
«Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: “Раббі! Еш”. Ён жа сказаў ім: “Я ем ежу, якой вы ня ведаеце”. Тады вучні гаварылі паміж сабою: “Няўжо нехта прынёс Яму есьці? Гаворыць ім Ісус: “Мая ежа ў тым, каб выканаць волю Таго, Хто Мяне паслаў, і скончыць справу Яго. Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і прыйдзе жніво? Вось, Я кажу вам: “Падыміце вочы вашыя і паглядзіце на нівы, як яны пабялелі да жніва. Хто жне, атрымлівае плату і зьбірае плён дзеля жыцьця вечнага, каб і сейбіт, і жнец разам радаваліся”. Бо ў гэтым спраўджваецца слова: “Адзін сее, а другі жне”. Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі, а вы прыйшлі на працу іхнюю”.» (Ян 4:31-38)
Вучні Ісуса адчулі, што нешта ў іх адсутнасьці здарылася. Ён хацеў есьці і піць, а зараз Ён кажа пра нешта іншае, бо адказвае ім даволі дзіўна: «Я ем ежу, якой вы ня ведаеце». Матэрыялістычны погляд вучняў дае пра сябе ведаць, калі яны, на гэтыя словы, разважаюць пра тое, што нехта ўжо накарміў Настаўніка. Як самаранка зразумела словы Ісуса пра «жывую» ваду, так і вучні зразумелі звычайны сэнс пра «ежу» Ісуса ад Айца. І вось, нечакана, Ісус прапануе вучням уявіць вобраз поля, якое ўжо прыдатнае для жніва. Ісус узрос у вясковым асяродзьдзі і добра ведаў час ад сеяньня да жніва, як і прымаўку: «Яшчэ чатыры месяцы і прыйдзе жніво». Але Ён хоча сказаць вучням нешта іншае: «На гэты раз чакаць ня прыйдзецца», бо жніво ўжо перад вамі: «Адзін сее, а другі жне». Так, сейбіты зрабілі сваю справу, а жаць даручана вучням, а гэта значыць і ўсім нам.
Вобраз новага поля, які гатовы для жніва, хваляваў сэрцы ў той час, хвалюе і зараз. І гэта незвычайна, бо сейбіт і жнец будуць радавацца разам. Безумоўна, што Ісус меў на ўвазе Яна Хрысьціцеля – сейбіта, а Ён з вучнямі прыйшлі зьбіраць жніво. Але ня толькі Ян меўся на ўвазе, але і ўсе папярэднія прарокі і праведнікі Ізраіля. Настаў час жніва і дзіўная размова ў сьпякоту каля калодзежа з жанчынай, якая ня здолела пабудаваць пэўным чынам сваё жыцьцё, дапамагла Ісусу адчуць гэты час жніва. Як адчула гэта і самаранка, якая яшчэ гадзіну да гэтага адчувала сябе закладніцай свайго амаральнага жыцьця. Яна жыла ўвесь гэты час без таго, што было і таго, што будзе. Яна і да калодзежу ішла ў сьпякоту, каб не сустракацца з суседзямі і ня чуць нечага нядобрага. І вось, усё перамянілася і яна – першы апостал, які прынёс вестку пра Ісуса самаранам, бо раней за вучняў Хрыста абвесьціла Яго Мэсіей.
«І шмат самаранаў з гораду таго паверылі ў Яго праз слова жанчыны, якая сьведчыла: “Ён сказаў мне ўсё, што я зрабіла”. І вось, калі прыйшлі да Яго самаране, то прасілі Яго застацца ў іх, і Ён застаўся там на два дні. І яшчэ больш паверыла ў слова Яго. А жанчыне гэтай казалі: “Ужо ня дзеля твайго аповяду верым, бо мы самі чулі і даведаліся, што гэта праўдзіва Збаўца сьвету, Хрыстос”» (Ян 4:39-42).
Самаране азначылі тытул Ісуса, як «Збаўца сьвету», які, дарэчы, пачаў выкарыстоўваць у гэты час цэзар у далёкім і грозным Рыме. Але, ці можна параўнаць гэта? Ісус кажа, што збаўленьне ад юдэяў, але гэта толькі напрамак, бо збаўленьне выходзіць далёка за межы Ізраіля і юдаізма. Яно ахоплівае ўвесь сьвет і ўсё гэта пачалося з размовы каля калодзежа Якуба.
Ян 4:43-54
«Праз два дні выйшаў Ён адтуль і пайшоў у Галілею. Бо Сам Ісус сьведчыў, што прарок ня мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне. Калі ж прыйшоў Ён у Галілею, галілейцы прынялі Яго, бо бачылі ўсё, што зрабіў у Ерусаліме ў часе сьвята; бо і самі яны хадзілі на сьвята» (Ян 4:43-45).
Слова сталася Целам і пасялілася сярод нас. Так кажа Ян пра Ісуса Хрыста, Які прыйшоў на зямное служэньне ад Айца, каб выканаць Божы план па збаўленьню чалавецтва. Але што, калі людзі так любяць цела, што не разумеюць і ня «чуюць» Слова? Менавіта з гэтай небясьпекай сутыкнуўся Ісус ужо на пачатку Свайго служэньня. Ён зьвяртаецца і да нас, і да Сваіх сучасьнікаў, калі паступова паказвае ўсім пэўныя «дарожныя знакі», якія вядуць да таго, каб усьвядоміць ня толькі сутнасьць служэньня Ісуса, але і зразумець саміх сябе.
І вось мы бачым, як Ісус вяртаецца ў родную Галілею. Наогул, Ян няшмат кажа нам пра дзейнасьць Ісуса ў Галілеі, але яна вельмі значная. Мы ўжо бачылі пакліканьне Філіпа і Натанаэля, мы бачылі і першы знак Ісуса ў Кане Галілейскай, убачым у хуткім часе і памнажэньне хлябоў. Але, чаму Ісус кажа вучням, што прарок ня мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне, калі галілейцы прынялі Яго? Многія з іх, таксама як і Ісус, былі ў пасхальныя дні ў Ерусаліме, дзе бачылі і чулі Яго. Дык як жа, наспраўдзе, прынялі Яго ў Галілеі? Ушанавалі ці не?
«І вось Ісус ізноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе зрабіў з вады віно. І быў у Капернауме нейкі ўрадовец, у якога занядужаў сын. Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў з Юдэі ў Галілею, прыйшоў да Яго і прасіў Яго прыйсьці і аздаравіць сына ягонага, бо ён канаў. І сказаў яму Ісус: “Вы не паверыце, калі ня ўбачыце знакаў і цудаў”» (Ян 4:46-48).
Дык ці ушанавалі Ісуса ў Галілеі? І так і не, бо недарма Ісус сказаў прысутным: «Вы не паверыце, калі ня ўбачыце знакаў і цудаў». Ён бачыць, што пры ўсёй дабразычлівасьці галілеянаў, іхняя рэакцыя застаецца павярхоўнай. Яны сядзяць, чакаючы знакаў і цудаў, замест таго, каб ісьці да Яго і з Ім у Божае Валадарства. Ім быў патрэбны Мэсія, Які творыць цуды, але яны і кроку ня робяць да сапраўднай веры і да разуменьня служэньня Ісуса, Слова, якое сталася Целам. Правільны ж адказ дае нам нейкі ўрадовец з Капернаума, які прыйшоў у Кану Галілейскую да Ісуса.
«Урадовец кажа Яму: “Госпадзе! Прыйдзі, пакуль не памёр хлопчык мой”. Кажа яму Ісус: “Ідзі, сын твой жывы!” І паверыў чалавек той словам, якія сказаў яму Ісус і пайшоў. І калі ён ужо вяртаўся дадому, перанялі яго слугі ягоныя і паведамілі, кажучы: “Сын твой жывы”. Ён спытаўся ў іх: “А якой гадзіне палягчэла яму?” І сказалі яму: “Учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго”. Дык даведаўся бацька, што гэта была тая гадзіна, калі Ісус сказаў яму: “Сын твой жывы”. І паверыў ён сам і ўвесь дом ягоны. Гэта ўжо другі знак учыніў Ісус, вярнуўшыся з Юдэі ў Галілею» (Ян 4:49-54).
Урадовец паверыў слову Ісуса і адразу пайшоў дадому, не настойваючы на тым, каб Ісус пайшоў з ім з высокагорнай Каны ў Капернаум, які знаходзіўся на беразе Галілейскага мора. Яму дастаткова было слова Ісуса. І калі рэальнае аздараўленьне хлопчыка супала з часам размовы ўрадоўца з Ісусам, паверыў ня толькі ён, але і ўся яго сям’я.
На працягу свайго Эвангельля Ян неаднаразова падкрэсьлівае пра два віда веры: верыць сваімі вачамі і верыць слову Ісуса. Мы яшчэ ўбачым кульмінацыю гэтага назіраньня, калі Ісус мякка папракне апостала Тамаша: «Ты паверыў, Тамаш, таму, што ўбачыў Мяне. Шчасьлівыя тыя, якія ня бачылі і паверылі» (Ян 20:29). Сям’я ўрадоўцы ня бачыла, але паверыла ў Ісуса, бо пачула слова Ісуса ад галавы сям’і і зьвязала аздараўленьне хлопчыка са Словам. Выснова ж гэтага ацаленьня ў тым, што сіла Хрыста, збаўляючая ад хваробы і сьмерці, дзейнічае на любой адлегласьці. Слова Яго дзейнае заўсёды, і таму людзям трэба толькі цалкам давяраць слову Госпада.
Гэты ж выклік ад Эвангельля накірованы і да ўсіх нас. Мы не павінны верыць у нейкую ідэю ці ў мутную духоўнасьць, але адзіна ў Слова, якое сталася Целам. Сапраўдная вера заўсёды шукае схаванае ў целе Слова, а не выкарыстоўвае Слова, каб узьдзейнічаць на цела. Па меры чытаньня Эвангельля паводле Яна, мы ўпэўніваемся ў тым, што неразумна абмяжоўваць жыцьё чалавека гэтым сьветам, нягледзячы на тое, што Бог вельмі любіць створаны Ім сьвет. І калі Бог абдымае сьвет Сваёй любоўю, дык толькі таму, каб мы, жывучы ў гэтым грэшным сьвеце, навучыліся любіць і вяртаць сваю любоў Госпаду, Які нас вельмі любіць. І верыць Яму.
Свидетельство о публикации №226031701818