Иоанн 5 1-47

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЯНА


Ян 5:1-47

Чытаючы Эвангельле паводле Яна мы бачым, што апостал жадаў падкрэсьліць жыцьцёвую неабходнасьць веры ў Ісуса Хрыста. Наогул, Эвангельле можна ўмоўна падзяліць на некалькі частак. І вось зараз, мы знаходзімся на тэрыторыі другой частцы, якую часта называюць «часткай (кнігай) знакаў» (1:19 – 12:50). Калі першая частка (1:1-18 – пралог) адпавядае уступу багаслоўскага характару, з якога мы разумеем, што словы і справы Ісуса – гэта словы і справы Бога, дык другая частка паказвае нам сем цудаў, якія сьведчаць пра тое, што слава Айца дзейнічае ў Сыне. Пасьлядоўна паказваючы цуды і прамовы Ісуса, Ян паказвае, як умацоўваліся ў веры сваёй веруючыя і як яшчэ болей разьлютваліся няверуючыя. І мы ўбычым напрыканцы гэтай частцы Эвангельля, як служэньне Ісуса выклікала неразумнае нявер’е з боку большасьці юдэяў. Але, пакуль мы будзем, у гэтым месцы Эвангельля, ўважліва назіраць і разважаць пра тое, што ўбачылі і пачулі.

Ян 5:1-9
«Пасьля гэтага было сьвята юдэйскае, і ўзыйшоў Ісус у Ерусалім. Ёсьць жа ў Ерусаліме ля Авечае брамы сажалка, якая завецца па-гебрайскі Бэтэзда і якая мае пяць прысенкаў. У іх ляжала вялікае мноства нядужых, сьляпых, кульгавых, ссохшых, якія чакалі руху вады; бо анёл Госпадаў у пэўны час зыходзіў у сажалку і каламуціў ваду; і хто першы ўваходзіў у яе пасьля ўскаламучаньня вады, той ставаўся здаровым, на што б ні хварэў» (Ян 5:1-4).

Сажалка Бэтэзда ў Ерусаліме знаходзілася крыху на поўнач ад Храмавай гары і вызначалася сярод народа, як месца аздараўленьня. У выніку археалагічных раскопак выяўлены рэшты пяці прысенкаў, што пацьверджвае праўдзівасьць напісанага Янам у Эвангельлі. Выяўлена таксама, што сама сажалка складалася з дзьвух паловаў, канфігурацыя якіх знайшла сваё адлюстраваньне ў праведзенай рэстаўрацыі сажалкі. Як «працавала» сажалка Бэтэзда для аздараўленьня хворых, якіх было вель шмат, Ян паказвае нам даволі падрабязна, але вось тое, што ўбачыў Ісус, калі прыйшоў у гэтае месца.

«І быў там нейкі чалавек, які меў нядужасьць трыццаць восем гадоў. Ісус убачыў яго, што ён ляжаў, і, даведаўшыся, што ён ляжыць доўгі час, кажа яму: “Ці хочаш стацца здаровым? Нядужы адказаў Яму: “Пане, я ня маю чалавека, які спусьціў бы мяне ў сажалку, калі ўскаламуціцца вада; калі ж сам прыходжу, другі ўжо зыходзіць раней за мяне”. Кажа яму Ісус: “Устань, вазьмі свой ложак і хадзі”. І адразу стаўся здаровым той чалавек, і ўзяў ложак свой, і пайшоў. Была ж субота ў той дзень» (Ян 5:1-9).

Ян ня кажа з якой перыядычнасьцю каламуцілася вада ў сажалцы; ён кажа: “У пэўны час”. Было гэта адзін раз на тыдзень, на месяц ці на які яшчэ тэрмін, мы ня ведаем. Як ня ведаем і тое, колькі ж гадоў ляжаў у прысенку гэты нядужы чалавек. Але вельмі магчыма, што даволі працяглы час, бо маючы спадзяваньне на магчымасьць аздараўленьня, ён павінен быў імкнуцца гэтую магчымасьць выкарыстаць. Мы бачым і тое, што ў прысенках, каля сажалцы, было вялікае мноства нядужых людзей. І гэта лагічна, бо хто ня хоча вызваліцца ад хваробы такім цудоўным чынам? Існуе ж і такая думка, што гэтая вялікая колькасьць хворых людзей сымбалізуе вельмі дрэнны духоўны стан гэтага сьвету.

У тую суботу Ісус выбраў безнадзейна хворага чалавека, які знаходзіўся ў хваробе трыццаць восем гадоў. Тое, што Ісус даведаўся пра хворага, ня кажа, што нехта Яму гэта падказаў. Зусім не. Ісус ведаў пра ўсіх хворых, бо меў звышнатуральную здольнасьць ведаць пра чалавека ўсё. Ісус запытвае ў яго: «Ці хочаш стацца здаровым?» Але, чаму менавіта такое пытаньне ставіць перад нядужым чалавекам Ісус? Калі зыходзіць з таго, што Ісус бачыць сэрца чалавека, дык гэтае пытаньне няпростае. І тут ёсьць некалькі варыянтаў адказу. Першы варыянт можа складацца з таго, што хворы ня вельмі і разлічваў на аздараўленьне, а таму сваё ляжаньне ля сажалцы зрабіў спосабам свайго жыцьця. Другі ж варыянт у тым, што Ісус, Сваім пытаньнем, прыцягвае ўвагу да Сябе і гэтым самым стымулюе волю хворага і абуджае ў ім надзею на аздараўленьне. Гэта пацьвярджаецца адказам хворага. Ён, чамусьці, не дае простага адказу: «Так, хачу быць здаровым», але пачынае казаць пра немагчымасьць аздараўленьня па прычыне адсутнасьці дапамогі.

Ян ня кажа нам пра тое, што гэты чалавек паверыў у Ісуса Хрыста, але ён падпарадкаваўся Ісусу і ўбачыў вынік гэтага. І ўсё гэта дае надзею на тое, што гэты чалавек станецца веруючым. Ісус кажа яму: «Устань, вазьмі свой ложак і хадзі» і мы бачым, што Ён, словам Сваім, загадвае хваробе адыйсьці ад нядужага і, па-сутнасьці, дае новае жыцьцё гэтаму чалавеку. Усё ж гэта адбылося ў дзень суботні.


Ян 5:10-18
«Дзеля гэтага юдэі казалі аздароўленаму: “Сёньня субота, ня можна табе браць ложак”. Ён сказаў ім: “Той, Які мяне зрабіў здаровым, Ён мне сказаў: “Вазьмі ложак твой і хадзі”. Тады спыталіся ў яго: “Хто Той Чалавек, які сказаў табе: “Вазьмі ложак твой і хадзі?” Аздароўлены ж ня ведаў, хто Ён, бо Ісус зьнік у натоўпе, які быў у тым месцы» (Ян 5:10-13).

Прадмет спрэчкі – субота. Стары Запавет кажа, што субота дадзена для таго, каб вызначыць сёмы дзень – дзень, калі Бог-Творца адпачываў ад працы стварэньня. Адзін раз на тыдзень гебраі павінны былі кідаць усякую працу, а каб у гэтым не заблытацца, кніжнікі і законьнікі распрацавалі і даволі падрабязна вызначылі тое, што адносілася да «працы». Дык вось, Ісус робіць у суботу такія справы, якія лічацца «працай» і гэта не застаецца незаўважаным, а разглядаецца, як парушэньне закону.

У рэшце рэшт, ці абавязкова было аздараўляць нядужага ў гэты сьвяты дзень? Хворы чалавек шмат гадоў праляжаў тут, дык пацярпеў бы і яшчэ адзін дзень. У чым праблема? Таксама парушальнік і нядужы, бо не павінен быў ён кудысьці несьці свой ложак. Усьведамляючы гэта аздароўлены чалавек вымушаны ўхіліцца ад адказнасьці, спасылаючыся на тое, што ён выканаў дадзены яму загад. Кім? Гэтага ён пакуль што ня ведаў, бо Ісус зьнік у натоўпе. Што ж тычыцца гэтага цуда, дык гэта, па ўсёй верагоднасьці, выпадак аздараўленьня, які стаіць па-за межамі веры. Бездапаможны хворы быў выбраны Ісусам для дараваньня міласьці, каб праз гэта праславіць Госпада. Менавіта дзеля гэтага Ісус адразу і зьнік у натоўпе. Але на гэтым гэтая гісторыя не закончваецца.

«Пасля гэтага Ісус знаходзіць яго ў сьвятыні і кажа яму: “Вось, ты стаўся здаровым, не грашы больш, каб ня сталася з табою нешта горшае”. Чалавек гэты пайшоў і абвясьціў юдэям, што гэта Ісус аздаравіў яго. І дзеля гэтага пачалі юдэі перасьледаваць Ісуса, і шукалі, каб забіць Яго, бо Ён учыніў гэткае ў суботу. Ісус жа адказваў ім: “Айцец Мой дагэтуль робіць, і Я раблю”. Дзеля гэтага юдэі яшчэ больш шукалі, каб забіць Яго, бо Ён ня толькі парушаў суботу, але і Айцом Сваім называў Бога, робячы Сябе роўным Богу» (Ян 5:14-18).

Заўважым, што Ян процістаўляе юдэяў і Ісуса, Які паходзіў з Галілеі. Агульная назва «гебраі» падзелена ў Яна на юдэяў – жыхароў Юдэі і гебраяў з Галілеі. Ісус і Ягоныя вучні (у тым ліку і Ян) таксама гебраі, але не юдэі, што Ян і паказавае на пачытку сёмага разьдзелу свайго Эвангельля: «І хадзіў Ісус пасьля гэтага па Галілеі, бо не хацеў хадзіць па Юдэі, таму што юдэі шукалі забіць Яго» (Ян 7:1). Можа таму мы і ня бачым пакуль што ні фарысэяў, ні кніжнікаў, ні законьнікаў, што ёсьць паняцьце агульнае як для Юдэі, так і для Галілеі. А пакуль што менавіта юдэі пачынаюць перасьлед Ісуса, які скончыцца, у выніку, арыштам, абвінавачваньнем і ўкрыжаваньнем.

І вось Ісус сустракае аздароўленага чалавека ў Храме. Выпадкова? Безумоўна што не, бо Ісус ведае наперад, што гэты чалавек пойдзе да юдэяў, каб назваць імя Таго, Хто яго аздаравіў і тым самым зьняць з сябе абвінавачваньне ў парушэньні суботы. Так, Ісус адкрываецца юдэям праз гэтага чалавека, бо гэта і ёсьць частка шляху на Крыж за нас з вамі. Але чаму Ісус кажа яму: «Не грашы больш, каб ня сталася з табою нешта горшае?» Папярэджаньне Ісуса не азначае, што трыццаць восем год таму невылечная хвароба напаткала гэтага чалавека за нейкі грэх, хаця мы ведаем, што ўсякая хвароба ёсьць следствам грэху. А можа, у гэты кароткі прамежак часу, гэты чалавек ўжо пасьпеў награшыць? Можа і так, але найбольш верагодна, што Ісус як бы кажа яму, што доўгія ягоныя пакуты, - нішто ў параўнаньні з вечнымі пакутамі ў пекле. Аздараўляючы цела чалавека, Ісус Хрыстос мае мэту нашмат больш важную, чым непасрэдна аздараўленьне. Ён хоча аздаравіць душу чалавека ад грэху. Але вернемся ў Ерусалім і пабачым, бадай што першую сур’ёзную сутычку Ісуса з юдэямі.


Ян 19-29
«Тады адказваў Ісус і сказаў ім: “Сапрўды, сапраўды кажу вам: Сын нічога ня можа рабіць Сам ад Сябе, калі ня бачыць Айца, Які робіць, бо што Ён робіць, тое і Сын робіць таксама. Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, і большыя за гэтыя пакажа Яму справы, ажно вы зьдзівіцеся. Бо як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе, каго хоча. Бо Айцец і ня судзіць нікога, але ўвесь суд аддаў Сыну, каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, не шануе і Айца, Які паслаў Яго» (Ян 5:19-23).

У сучасным сьвеце ўжо няшмат месцаў, калі сын пераймае бацьку ў ягоных справах. Але яны ёсьць і калі гэта адбываецца, дык сын павінен вельмі ўважліва назіраць за тым што і як робіць бацька. Наогул, вершы (19-23) можна, ў нейкай ступені, аднесьці да прыповесьці, як прыклад навучаньня сыноў у свайго бацькі. Але тут мы бачым незвычайныя адносіны – адносіны Айца і Сына, Які пераймае у Айца і незвычайную дзейнасьць. Бог Ізраіля стварае зараз нешта новае, а Ісус уважліва сочыць за гэтым, каб працягнуць гэтую працу разам з Айцом у адпаведнасьці з Божым планам. Але, што гэта за новая справа Госпада?

Уваскрашаць мёртвых, бо менавіта пра гэта і кажа Ісус. Улада над жыцьцём і сьмерцю – гэта прэрагатыва Бога, як сказана ў Старым Запавеце валадаром Ізраіля, адносна аздараўленьня Нэемана: «Валадар Ізраільскі, прачытаўшы ліст, падраў вопратку на сабе і сказаў: “Хіба я Бог, каб усьмерчваць і ажыўляць, што ён пасылае да мяне, каб я зьняў з чалавека праказу ягоную?”» (4 Вал 5:7). Даваць жыцьцё ёсьць адно з найвялікшых справаў Ісуса Хрыста і ў межах гэтай справы Ён ажыўляе каго хоча, выбіраючы, для гэтага, чалавека па Свайму разуменьню. Мы ўбачылі ўжо, як Ісус, «пажадаўшы», выбраў з цэлага натоўпу ля сажалцы безнадзейна хворага чалавека і аздаравіў яго.

Праца ўваскрашэньня пачалася і Ісус робіць яе побач з Айцом, але гэта яшчэ ня ўсё. Ісусу дадзена Айцом «эсхаталагічнае» права судзіць чалавецтва, каб мець ушанаваньне роўнае Айцу. Адзінства Сына з Айцом настолькі поўнае, што шанаваньне Бога немагчыма без шанаваньня Ісуса Хрыста. У эвангельскай аповесьці Яна тэма ўваскрашэньня знойдзе свой працяг у ажыўленьні Лазара і дойдзе да сьмерці Ісуса, Які выйдзе з межаў сьмерці ва ўсёй славе ўваскрэшанага жыцьця. Чытаючы гэтыя радкі, мы, як бы, гатуемся да далейшага разьвіцьця гэтай гісторыі.

«Сапраўды, сапраўды кажу вам: “Хто слухае слова Маё і верыць у Таго, хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае і на суд не ідзе, але перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё. Сапраўды, сапраўды кажу вам: Прыходзіць гадзіна, і яна ўжо прыйшла, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць. Бо як Айцец мае жыцьцё ў Сабе, так і Сыну даў жыцьцё мець у Сабе. І даў Яму ўладу чыніць суд, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы. Не зьдзіўляйцеся гэтаму: бо прыходзіць гадзіна, калі ўсе, што ў магілах, пачуюць голас Ягоны, і выйдуць тыя, што чынілі добрае, на ўваскрашэньне жыцьця, а тыя, што чынілі благое, - на ўваскрэшэньня суду» (Ян 5:24-29).

Мы бачым і чуем, як Ісус раскрывае нам яшчэ адну таямніцу Свайго служэньня. Ён дае разуменьне таго, што здараецца з тымі, хто, прымаючы Ягонае служэньне, набывае веру. Яны нараджаюцца звыш і набываюць новае духоўнае жыцьцё, дзе Сьвяты Дух дзейнічае як «жывая вада», ператвараючы сэрца чалавека, які, такім чынам, пераходзіць ад сьмерці ў жыцьцё. Цуд уваскрашэньня ўваходзіць у чалавека і таму, пасьля фізічнай сьмерці, сьмерць ужо ня можа пазбавіць веруючага чалавека новага жыцьця. Тое, што Бог робіць зараз, Ён скончыць у будучым, калі сёняшняе ўваскрашэньне ў новае жыцьцё, будзе вызначана поўным уваскрашэньнем цела, як гэта было з Ісусам пасьля Ягонай сьмерці.

Але што азначае мець жыцьцё ў Сабе? Гэта не азначае залежнасьць ад нейкай зьнешняй крыніцы, бо ўсякае стварэньне залежыць ад Творцы, Які даў права Сыну судзіць гэты сьвет. Жыцьцё ў Сабе – гэта жыцьцё Бога і таму, ў будучым, менавіта па Ягонаму загаду, здарыцца ўсеагульнае фізічнае ўваскрашэньне памёрлых. Як і сказана ў Старым Запавеце: «І многія, якія сьпяць у пыле зямлі, прачнуцца, адны на жыцьцё вечнае, другія на вечнае паганьбеньне і пасрамленьне» (Дан 12:2). Будзе суд над няпраўдай і сфармулявана гэта будзе такім чынам, што мы ўразумеем Божую працу, калі ўразумеем нараджэньне новага Божага стварэньня – веруючага чалавека ў Ісуса Хрыста.


Ян 5:30-38
«Я нічога не магу рабіць Сам ад Сябе. Як Я чую, так і суджу, і суд Мой праведны, бо Я не шукаю Маёй волі, але волі Айца, Які паслаў Мяне. Калі Я сьведчу Сам пра Сябе, сьведчаньне Маё ня ёсьць праўдзівае. Ёсьць Другі, Які сьведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае тое сьведчаньне, якім Ён сьведчыць пра Мяне» (Ян 5:30-32).

Мы бачым адзінства Айца і Сына, Які знаходзіцца ў заўсёдных зносінах з Айцом Нябесным. Сын слухае і чуе Яго. Таму і дзейнасьць Ісуса ёсьць праўдзівая, бо ў ёй адлюстроўваецца воля Айца. Наогул, чытаючы Эвангельле паводле Яна адчуваецца нейкае судовае паседжаньне, бо недарма кажа Ісус: «Як Я чую, так и суджу, и суд Мой праведны». І мы бачым сьведкаў ці сьведчаньні таго, што Ісус мае паўнамоцтвы судзіць гэты сьвет судом праведным. Ян Хрысьціцель кажа пра Яго, што Ісус ёсьць Мэсія і што ён сам прыйшоў дзеля сьведчаньня гэтага факту: «Ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыў пра Сьвятло, каб усе мелі веру праз яго» (Ян 1:7).

Мы бачылі цуды ад Ісуса як сьведчаньні таго, што Ён ёсьць Мэсія. А зараз мы чуем словы Ісуса, што Ён ёсьць Сын Свайго Нябеснага Айца. І Сам Айцец сьведчыць пра Яго дзеямі Ісуса, якія зыходзяць ад Айца. Менавіта пра гэта Ісус і кажа.

«Вы пасылалі да Яна, і ён засьведчыў пра праўду. Але Я не ад чалавека прымаю сьведчаньне, але кажу гэта, каб вы былі збаўленыя. Ён быў сьвечкай, якая гарэла і сьвяціла, а вы хацелі часіну радавацца пры сьвятле ягоным. Я ж маю сьведчаньне, большае за Янава, бо справы, якія Айцец даў Мне скончыць, самыя гэтыя справы, якія Я раблю, сьведчаць пра Мяне, бо Айцец паслаў Мяне, і Айцец, Які паслаў Мяне, Сам засьведчыў пра Мяне. Але вы, ані голасу Яго ніколі ня чулі, ані аблічча Яго ня бачылі, і ня маеце слова Ягонага, якое ў вас было б, бо ня верыце таму, Каго Ён паслаў» (Ян 5:33-38).

Ян Хрысьціцель быў толькі сьвечкай, дзякуючы якой мы ўбачылі сапраўднае сьвятло – Ісуса Хрыста. Пропаведзь Яна выкрывала і «джаліла», але яе слухалі ў пэўным радасным абуджэньні, чакаючы прышэсьця новага Мэсіянскага часу. Ян не зьдзяйсьняў цудаў, але быў моцным «голасам Божым», які сьведчыў пра прышэсьце Хрыста Мэсіі. Але тыя справы, што Айцец даў стварыць Сыну сьведчылі нашмат больш за Яна пра тое, што Ісус сапраўды пасланы Богам, каб Ён паказаў тыя мэсіянскія знакі, пра якія мы бачым у Старым Запавеце. Так, пра Ісуса засьведчыў Сам Айцец Нябесны. Якім чынам? Мы памятаем хрост Ісуса ў Эвангельлі паводле Мацьвея, калі Сьвяты Дух зыйшоў на Яго з неба ў выглядзе голуба і голас Айца: «Гэта ёсьць Сын Мой у Якім маю ўпадабаньне» (Мац 3:17). Мы бачылі і перамену аблічча Ягонага, калі Ён гаварыў на гары з Майсеям і Ільлёй, як чулі і голас Айца: «Гэта Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне; Яго слухайце» (Мац 17:5). Мы бачылі цуды, якія ствараў Ісус. Слова Яго – гэта Дабравесьце пра збаўленьне, але, на жаль, большасьць юдэяў гэтаму не паверыла. Яны не паверылі Таму, Каго паслаў для іх Айцец.

Але, у гэтай гісторыі жахліва тое, што падобныя думкі ня скончыліся ў дні Ісуса Хрыста. Ян разумее, што з гэтай праблемай сутыкнецца ўвесь сьвет. Як толькі гісторыя Ісуса была абвешчана сьвету, суд пачаўся і гэта ня суд над Ісусам, але над усімі, хто пачуў пра гэтую вестку. Бог сьведчыць пра Ісуса, задаючы пытаньне да ўсіх нас: «Як мы ўспрымаем Ісуса? І калі настане час суду, ці не апынемся мы сярод тых, хто стаўся занадта «лёгкім», бо не паверыў у гэтае Дабравесьце?»


Ян 5 :39-47
«Дасьледуйце Пісаньні, бо вы думаеце праз іх мець жыцьцё вечнае, і яны сьведчаць пра Мяне. Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне, каб мець жыцьцё. Славы ад людзей не прыймаю, але ведаю вас, што любові да Бога ня маеце ў сабе. Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прымаеце Мяне, а калі другі прыйдзе ў сваё імя, таго прыймеце. Як вы можаце верыць, калі прымаеце славу адзін ад аднаго, а славы, якая ад аднаго Бога, не шукаеце»(Ян 5:39-44).

Законьнікі і фарысэі дэталёва вывучалі старазапаветныя Пісаньні, бо меркавалі, што чым больш тэкстаў Старога Запавета яны ўмесьцяць у сябе, тым больш у іх ёсьць магчымасьцяў для жыцьця вечнага. Яны з пагардаю ставіліся да невукаў у Законе. Мы памятаем фарысэя Саўла, які, шмат гадоў пасьля, ужо як апостал Павал, зьвяртаецца да галятаў: «Бо вы чулі пра мой ранейшы лад жыцьця ў Юдэйстве, што я бяз меры перасьледаваў Царкву Божую і нішчыў яе, і апярэжваў у Юдэйстве многіх аднагодкаў у родзе маім, будучы найбольшым рупліўцам трыдыцыяў бацькоў маіх» (Гал 1:13-14). Такое вось нейкае спаборніцтва ў грамадзтве. Вывучы на памяць Тору і будзеш паважаным чалавекам. Саўл апярэжваў у гэтай навуцы аднагодкаў і, пры гэтым, нішчыў Царкву Хрыста, бо, праз свае веды, не спазнаў Мэсію. Павал спазнае Хрыста, але пазьней і ня праз Пісаньне. Нічога істотна не зьмянілася з таго часу. Мы бачым невукаў, хто ня хоча вывучаць Біблію, але ёсьць і такія, якія лічаць вывучэньне Бібліі самамэтаю, а ня сродкам, які вядзе да спазнаньня Бога і жыцьця ў Ім.

Так ці інакш, але веданьне фарысэйскае не адкрывала ім Хрыста Мэсію, Які стаяў перад імі: «Але скамянелі думкі іхнія, бо тая заслона да сёньня застаецца нязьнятай пры чытаньні Старога Запавета, таму што яна ў Хрысьце зьнішчаецца. Аж да сёньня, калі яны чытаюць Майсея, заслона ляжыць на сэрцы іхнім, а калі хто зьвернецца да Госпада, заслона здымаецца» (2 Кар 3:14-16). Ісус ня проста вучыць нас чытаць Біблію (ведаць дзеля ведаў), але патрабуе большага, а ня меньшага, намаганьня думкі. І вось што важна. Нашая думка, узьнікшая пры чытаньні Бібліі, павінна пераходзіць у асабістае веданьне, пакланеньне і малітву, а потым, усё гэта, вяртаецца зноў у думку. І так да бясконцасьці. Ад Бібліі да Хрыста і зноў да Бібліі, - зноў і зноў да вяршынаў разуменьня.

Ісус кажа юдэям, што не прымае славы ад чалавека. Але чаму так кажа Ісус? Ці не праслаўляем мы Яго ў асабістых малітвах і на нядзельных служэньнях? А мы ёсьць людзі. Трэба правільна разумець словы Ісуса, Які бачыць сэрца кожнага чалавека. І, калі Ён бачыць, што гэтае сэрца не прымае Хрыста, дык праслаўленьне ад такога чалавека Ісусу непатрэбна. Гэта актуальна і для сучаснасьці, нават і ў цэрквах. Што ж тычыцца юдэйскага асяродзьдзя Ісуса, дык большасьць гэтых сэрцаў не прынялі Хрыста Мэсію і таму ня мелі любові да Бога. Мы ведаем, што любіць Госпада ёсьць найвялікшая запаведзь і, адпаведна, найвялікшы грэх – адварочваньне свайго сэрца ад Госпада. Старшыні ж народа і фарысэі ня мелі любові да Бога, бо, па-першае, яны не прынялі Ісуса Хрыста, Які быў пасланы ад Бога, а гэта азначае, што юдэі не прымаюць Таго, хто паслаў Ісуса. І, па-другое, яны схіляліся да ілжэпрарокаў і ілжэнастаўнікаў, якія прыходзілі ў сваё асабістае імя, ня маючы паўнамоцтваў ад Госпада. І яшчэ пра адзін недахоп кажа Ісус юдэям, бо тыя любяць славу адзін ад аднога, а не шукаюць Божага ўзгадненьня. Адкуль жа было ўзяцца сапраўднай веры, калі ўвага людзей накірована на чалавека, а не на Бога?


Рецензии