Иоанн 1 1-71
Ян 6:1-71
Цуд насычэньня пяці тысячаў чалавек – адзіны, пра які мы чытаем ва ўсіх чатырох Эвангельлях, што кажа пра вельмі важнае і адмысловае значэньне. Гэты цуд, на самой справе, вырабіў вялікае ўражаньне на юдэяў, узьняўшы іхнія чаканьні мэсіянства да вышэйшай кропкі. І ўсё ж, нават пасьля зьдзяйсьненьня Ісусам гэтага цуда, многія з Яго пасьлядоўнікаў адыйшлі ад Яго.
Ян 6:1-15
«Пасьля гэтага адыйшоў Ісус на другі бок мора Галілейскага, значыцца, Тыбэрыядзкага. І ішоў за Ім шматлікі натоўп, бо бачылі знакі, якія Ён учыняў адносна нядужых. І ўзыйшоў Ісус на гару, і там сядзеў з вучнямі Сваімі. А была блізка Пасха, сьвята юдэйскае. Тады Ісус, падняўшы вочы і ўгледеўшы, што вялікі натоўп іде да Яго, кажа Філіпу: “Дзе мы купім хлеба, каб яны пад’елі?” Казаў жа Ён гэта, спакушаючы яго, бо Сам ведаў, што меўся зрабіць. Адказаў Яму Філіп: “Ім на дзьвесьці дынараў ня хопіць хлеба, каб кожны з іх атрымаў хоць нешта”. Кажа Яму адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра: “Тут ёсьць адзін хлопчык, які мае пяць хлябоў ячменных і дзьве рыбы; але што гэта для такога мноства?” (Ян 6:1-9).
Не магу ўтрымацца, каб не прывесьці параўнаньне паміж мастацкім творам дэтэктыўнага накірунку і Эвангельлем ад Яна, якое выказаў адзін вядомы багаслоў і пісьменьнік. Калі мы чытаем такі мастацкі твор, мы заўважаем мноства розных дэталяў, якія вядуць нас у розных напрамках аповяду. І толькі адна дэталь вядзе нас да развязцы. Астатнія ж вядуць у тупік. Эвангельле ад Яна таксама напоўнена дэталямі, але ўсе яны вядуць да цэнтру аповяда і ні адна не вядзе ў нікуды. Але, сярод гэтых пуцяводных нітак заўсёды ёсьць тая, якая мае найкарацейшы шлях у самы цэнтр таго ці іншага эпізода Эвангельля і таму мае найбольш глыбокі сэнс. Безумоўна, што ў дадзеным выпадку гэта тое, што набліжалася вялікае юдэйскае сьвята – Пасха. Але, усё па парадку.
Ян кажа: «Пасьля гэтага адыйшоў Ісус на другі бок мора Галілейскага». Храналагічна мы разумеем, што гэта адбылося пасьля цудоўнага аздараўленьня безнадзейна хворага чалавека на сажалцы Бэтэзда, пад час юдэйскага сьвята. Што гэта было за сьвята і колькі часу прайшло паміж Бэтэздай і Галілейскім морам дакладна невядома, але з іншых Эвангельляў мы можам даведацца, што менавіта ў гэты прамежак часу Ірад Анцыпа забіў Яна Хрысьціцеля. Гэта пацьвярдждаецца эвангелістамі Маркам і Лукой, якія апісвалі гэты час як найвышэйшую кропку служэньня Ісуса ў роднай Галілеі: «І пачуў валадар Ірад пра Яго, бо імя Ягонае сталася вядомым, і сказаў: “Гэта Ян Хрысьціцель уваскрос з мёртвых, і таму цуды дзеюцца праз Яго”» (Мар 6:14). Так што гэты прамежак часу мог складаць некалькі месяцаў, а можа і паўгады. Безумоўна і тое, што за гэты час зьдзяйсьняліся шматлікія цуды Ісуса Хрыста, але Эвангельле паводле Яна тым і адрозьніваецца ад іншых Эвангельляў, што вызначае толькі сем асноўных цудаў, створаных Ісусам:
• Ператварэньне вады ў віно ў Кане Галілейскай (2;1-11);
• Аздараўленьне сына ўрадоўца ў Капернауме (4:46-54);
• Аздараўленьне нядужага пры сажалцы Бэтэзда ў Ерусаліме (5:1-18);
• Насычэньне 5000 чалавек каля Галілейскага мора (6:5-14);
• Хаджэньне па вадзе Галілейскага мора (6:16-21);
• Аздараўленьне сьляпога ў Ерусаліме (9:1-7);
• Уваскрашэньне Лазара ў Бэтаніі (11:1-45).
І вось, у гэты час, Ісус прыйшоўшы зь Ерусаліма да Галілейскага мора, пераходзіць на другі бок, дзе яно мае назву Тыбэрыядзкага, - па назве горада Тыберыяды, пабудаванага Ірадам Анцыпай (адчуваецца ўплыў на Ірада цезара Тыбэрыя). Народ жа і туды ішоў за Ім, ведаючы пра цудоўныя аздараўленьні, якія Ён рабіў.
«А была блізка Пасха, сьвята юдэйскае». Ян адкрывае нам, кажучы пра гэта, функцыю больш багаслоўскую, чым храналагічную. Справа ў тым, што юдэі, у гэтыя дні, думалі і разважалі ў катэгорыях пасхальных сымбаляў, - крыві, плоці, ягняці і апраснокаў. І пры ўсім гэтым, яны яшчэ болей напаўняліся надзеяй на зьяўленьне новага «Майсея», які вызваліць іх ад рымскай няволі. Напамін Яна пра Пасху ўжо другі ў ягоным аповядзе і паколькі ён давядзе нам пра яшчэ адну Пасху пад час служэньня Ісуса (у разьдзеле 13), напрошваецца выснова, што разглядаемыя намі дзеі Ісуса адбываліся прыкладна за год да ўкрыжаваньня Хрыста. Наогул, увесь шосты разьдзел Эвангельля паводле Яна напоўнены тэмаю Пасхі, дакладней адным з асьпектаў гэтай тэмы, дзе Бог карміў Ізраіля пад час іхняга вандраваньня ў пустыні «хлебам нябесным». І вось, Ісус глядзіць на натоўп людзей, які сабраўся, ідучы за Ім, у пустэльным месцы каля Галілейскага (Тыбэрыядзскага) мора
Ісус, Філіп, Андрэй і невядомы хлопчык, што паклапаціўся прынесьці з сабою ежу. Мы бачым гэтую карціну, як бы з боку, але перанясемся ў думках сваіх у той час і станем сярод гэтага натоўпу, як мага бліжэй да Ісуса, каб бачыць і чуць Ягоныя словы і дзеі. У адрозьненьні ад іншых Эвангельляў Ян здолеў абмаляваць розныя асобы і ролі вучняў. Філіп у разгубленасьці, калі Госпад выпрабоўвае ягоную веру. У невялікіх весках навакольля Тыбэрыяды немагчыма было набыць такую колькасьць хлеба, каб накарміць вялікі натоўп людзей. Гэта першае, а другое тое, што нават і дзьвесце дынараў не хапала, каб накарміць такое мноства народу. А дзьвесьце дынараў – даволі вялікія грошы, калі зыходзіць з таго, што дынар складае, прыкладна, дзённы заробак аднаго чалавека. Але ці ёсьць нешта немагчымае для Госпада?
Філіп у разгубленасьці і Андрэй ня ведае што рабіць, але, ён, прынамсі, зьвярнуў увагу Ісуса на хлопчыка з хлябамі і рыбай. Мараль гэтага эпізоду відавочная, бо калі мы ня ведаем, што нам рабіць, дык заўсёды карысна пачынаць з аднаго – прыцягнуць увагу да нашай патрэбы Ісуса Хрыста. Бездапаможнасьць чалавека служыць тут тым фонам, на якім мы бачым усемагутнасьць Госпада і Ягонае спачуваньне да людзей. Пяць ячменных хлябоў даюць нам напамін пра тое, калі прарок Елісей накарміў дваццацьцю ячменнымі хлябамі сто чалавек, але тут дзейнічаў Той, Хто непараўнальна больш за Елісея.
«Ісус сказаў: “Скажыце людзям узьлегчы”. Было ж на тым месцы шмат травы. Тады ўзьлеглі мужчыны лікам каля пяці тысячаў. І ўзяў Ісус хлябы, і, падзякаваўшы, раздаў вучням, а вучні – тым, якія ўзьляглі, падобным чынам і рыбы, колькі хто хацеў. Калі ж яны насыціліся, Ён кажа вучням Сваім: “Зьбярыце кавалкі, якія засталіся, каб нічога не прапала”. Тады сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі ад пяці ячменных хлябоў, што засталіся ў тых, якія елі. Людзі ж, убачыўшы знак, які ўчыніў Ісус, казалі: “Гэта сапраўды Прарок, Які прыходзіць у сьвет”. Ісус жа, даведаўшыся, што яны маюць прыйсьці і ўзяць Яго, каб зрабіць Яго валадаром, ізноў адыйшоў на гару адзін» (Ян 6:10-15).
Заўвага Яна пра тое, што на тым месцы было шмат травы як бы падкрэсьлівае, што Ісус – гэта добры Пастыр, Які дае ежу сваім авечкам: «І, выйшаўшы, Ісус убачыў вялікі натоўп, і зьлітаваўся з іх, бо яны былі як авечкі, што ня маюць пастуха» (Мар 6:34). Так, гэта той жа эпізод, але ў Эвангельлі паводле Марка. А зараз пра колькасьць гэтага натоўпу. Ян кажа пра колькасьць мужчынаў лікам каля пяці тысячаў. Мацьвей удакладняе гэтую лічбу, кажучы: «А тых, што елі, было каля пяці тысячаў мужчынаў, акрамя жанчынаў і дзяцей» (Мац 14:21). Так што можна здагадацца, што Ісус, гэтым часам, накарміў ня меньш за дзесяць тысячаў чалавек.
Тыя абставіны, што месца, дзе сабраліся людзі было пустэльным, а час перадпасхальным, магчыма гэтыя абставіны і ўявілі Ісуса ў вачах натоўпу Майсея, які вёў Ізраіля ў пыстыні, дзе Госпад цудоўным чынам карміў яго. І сапраўды, хлеб і рыба памнажаліся ў руках Ісуса па меры таго, як Ён даваў іх вучням, а тыя раздавалі гэтую ежу ўзьлягаючым на траве. І вось вынік. Словы Яна: «Калі ж яны насыціліся» кажуць пра тое, што цуд сапраўды зьдзейсьніўся. Вучні Ісуса сабралі пасьля гэтага дванаццаць кашоў кавалкаў, якія засталіся пасьля гэтага абеду і гэта кажа пра тое, што Госпад гатовы з лішкам споўніць патрэбы Свайго народа.
Людзі, якія ўбачылі гэты цуд, што стварыў Ісус, прыпамяталі прароцтва Майсея, што Бог дасьць ім прарока падобнага да яго: «Прарока спасярод цябе, з братоў тваіх, як мяне, паставіць табе Госпад, Бог твой, - Яго слухайце» (2 Зак 18:15). Майсей карміў народ у пустыне, выводзячы яго з рабства. І вось зараз Ісус накарміў народ у пустэльным месцы. Ці не азначае гэта, што Ён здольны збавіць Ізраіля ад рымскага прыгнёту? Не, не зразумеў народ, як сьведка гэтага знаку, глыбіні яго значэньня. І таму ў натоўпу вызначылася думка: «Узяць Яго, каб зрабіць Яго валадаром». Заўважылі, што слова «валадаром» Ян не пачынае з загалоўнай літары? І гэта таму, што Ісус прыйшоў не для гэтага валадарства, але таго, што дае Яму Айцец, бо паперш чым узяць Валадарства як «леў з калена Юды», Ён павінен быў стаць Ягнём, Які возьме на Сябе грахі гэтага сьвету.
Ян 6:16-25
«Калі надыйшоў вечар, вучні Ягоны зыйшлі да мора і, увайшоўшы ў човен, паплылі на другі бок мора ў Капернаум. І было ўжо цёмна, і Ісус не прыйшоў да іх. А мора хвалявалася, бо дзьмуў моцны вецер. Праплыўшы каля дваццаці ці трыццаці стадыяў, яны бачаць Ісуса, Які ідзе па моры і ўжо недалёка ад чаўна, і спалохаліся. Ён жа кажа ім: “Гэта Я, ня бойцеся!” Яны хацелі ўзяць Яго ў човен, і адразу човен прыстаў да берагу, да якога плылі» (Ян 6:16-21).
Галілейскае (Тыбэрыядскае) мора мае 12 міляў (каля 19 км) у даўжыню і 7 міляў (каля 11 км) у шырыню. Горад Тыбэрыяда знаходзіўся не паўдзённа-заходнім березе мора, а Бэтсаіда (гэта мы ведаем з Эвангельля паводле Марка), куды накіраваў вучняў Ісус, на на паўночна-усходнім беразе гэтага мора. Гэта ёсьць дыяганаль адносна фармату галілейскага мора, а гэта азначае, што шлях ад Тыбэрыяды да Бэтсаіды складае ня меньш чым 14 км. Марк кажа пра тое, што сустрэчны вецер вельмі перашкаджаў гэтаму воднаму падарожжу, а таму яны былі недзе на сярэдзіне мора, калі яшчэ маліўся на гары Ісус: «І як надыйшоў вечар, човен быў на сярэдзіне мора, а Ён адзін на зямлі. І ўбачыў іх, як мучыліся, плывучы, бо вецер быў супраціўны, і каля чацьвёртай варты ночы прыходзіць да іх, ідучы па моры, і хацеў абмінуць іх»(Мар 6:47-48). Заўважым і тое, што Галілейскае мора вядомае сваімі нечаканымі і моцнымі штормамі. Мы ж разумеем, што вучні Ісуса, апынуўшыся на сярэдзіне мора, прайшлі толькі каля 7 км. з 14. І вось, Ісус пайшоў па ваде, і выйшаў насустрач ім, каб збавіць іх ад гэтых гаротаў. Гэта па-першае. А па-другое, Ён стварае цуд, які павінен быў быць заўважаны вучнямі, а потым і іншымі людзьмі ў Галілеі.
Ніхто не патрабуе непатрэбнага лёгкавер’я і цуды Эвангельля дадзены нам не для таго, каб уявіць Ісуса нейкім чараўніком, Які намагаецца зьявіць нейкі цуд. Гэтыя дзівосныя моманты, калі ў тэксьце Эвангельля праяўляецца незвычайная слава і сіла Слова, уражваюць ня толькі таму, што Ісус усё можа, але і таму, што Ён робіць тое ж, што рабіў Бог Ізраіля ў ключавыя моманты для выбранага народу. Ён дае ім ежу і заўсёды, у цяжкія хвіліны, прыходзіць ім на дапамогу. Два гэтых цуды – насычэньне пяці тысячаў чалавек і зьдзейсьненае Ім на вадзе нараджаюць яшчэ адзін цуд. Ян кажа, што пазнаўшы Ісуса, яны запрасілі Яго ў човен, але той, чамусьці, прыстаў да берагу. Заўважым, што на момант іх сустрэчы з Ісусам, да берагу было яшчэ каля 7 км. Ці гэта ня цуд? Гэта ж фіксуе таксама і натоўп, які ранкам перабраўся ў Капернаум і выйшаў насустрач Ісусу, Які ішоў разам з вучнямі ад Бэтсаіды.
«Назаўтра натоўп, які стаяў на другім баку мора, убачыў, што там не было другога чаўна, апрача аднаго, у які ўвайшлі вучні Ягоныя, і што Ісус не ўваходзіў у човен з вучнямі Сваімі, але адплылі адны вучні Ягоныя. Другія ж чаўны прыплылі з Тыбэрыяды, паблізу ад таго месца, дзе елі хлеб, за які дзякаваў Госпад. Калі натоўп убачыў, што там няма ані Ісуса, ані вучняў Ягоных, дык увайшлі ў чаўны і прыплілі ў Капернаум, шукаючы Ісуса. І, знайшоўшы Яго на другім баку мора, сказалі Яму: “Раббі, калі Ты сюды прыйшоў?”» (Ян 6:22-25).
Ян дабрасумленна перадае нам рэакцыю натоўпу, які сустрэў Ісуса ля Капернаума. Мы бачым зьдзіўленьне ад таго, што Ісус незвычайным чынам апынуўся тут. Усе бачылі, што Ісус не ўваходзіў у човен да вучняў, але апынуўся разам з імі на другім беразе Галілейскага мора. Люді, за выключэньнем вучняў, ня бачылі гэты цуд, але, па ўсёй верагоднасьці, даведаліся пра гэта ад вучняў Ісуса. Сам жа цуд хаджэньня па вадзе быў прызначаны для вучняў, каб яшчэ больш умацаваць іх у веры. Сэнс гэтага цуду вельмі карысны і для ўсіх нас, як сродак умацаваньня ўпэўненасьці ў тым, што, калі мы знаходзімся ў цяжкім ці небясьпечным становішчы; калі вакол нас бушуюць хвалі жыцьцёвых нягодаў, мы можам пачуць словы Ісуса Хрыста: «Гэта Я, ня бойцеся!» І калі мы гатовыя прыняць Хрыста ў наш жыцьцёвы човен, дык ён, нашмат хутчэй чым мы думаем, дасягне берагу, дзе мы зноў апынемся ў бясьпецы. Але паглядзем на тое, што сказаў Ісус у адказ на зьдзіўленьне натоўпу.
Ян 6:26-35
«Адказаў ім Ісус і сказаў: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі знак, але што елі хлеб і наеліся. Працуйце ж ня дзеля ежы, што зьнішчаецца, але дзеля ежы, якая застаецца ў жыцьцё вечнае, якое дасьць вам Сын Чалавечы, бо на Ім паставіў пячатку Айцец Бог”. Тады сказалі Яму: “Што нам рабіць, каб рабіць справы Божыя?” Адказаў Ісус і сказаў ім: “Гэта ёсьць справа Божая, каб вы верылі ў Таго, каго Ён паслаў”» (Ян 6:26-29).
Ісус не сказаў ім, як Ён перайшоў мора, але засяродзіў увагу на папярэднім цудзе, калі людзі елі хлеб і рыбу. Ісус кажа ім, што нельга ў гэтым знаку бачыць толькі фізічны вынік. Хлеб і рыба павінны былі накіраваць іхнія вочы і сэрцы да сапраўднага Божага дару. Тут і зараз, Бог дае кожнаму чалавеку хлеб жыцьця. Людзі павінны адкрыць свой розум новай Пасхе і новаму Выхаду, які зьдзяйсьняўся ўжо зараз, на вачах у народа і які ўзначаліў Ісус Хрыстос. Ісус заклікае людзей аддаваць перавагу ежы духоўнай, бо недарма сказана: «Ня хлебам адзіным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам, што выходзіць з вуснаў Божых» (Мац 4:4). Духоўную ж ежу здольны даць людзям толькі Сын Чалавечы, Які мае доступ да Айца. Ён, Ісус Хрыстос, і ёсьць гэтая ежа. Гэта засьведчана Самім Богам, бо менавіта Ён наклаў Сваю пячатку на Сына.
Юдэі, якія і самі імкнуліся да вечнасьці прасілі Ісуса растлумачыць ім пра тое, якія справы ім трэба рабіць, каб дагадзіць Богу. Заўважым, што яны пыталіся пра справы, але не пра веру. Чаму так? Таму што яны былі ўпэўненымі, што здольныя задаволіць Бога сваёй «праведнасьцю». Менавіта пра іх кажа апостал Павал у сваім звароце да рымлянаў: «Браты! Упадабаньне сэрца майго і просьба да Бога пра Ізраіль на збаўленьне. Бо сьведчу ім, што маюць руплівасьць Божую, але не паводле пазнаньня. Бо, разумеючы праведнасьці Божае і шукаючы паставіць сваю праведнасьць, яны не падпарадкаваліся праведнасьці Божай. Бо канец Закону – Хрыстос, дзеля праведнасьці кожнаму, хто верыць» (Рым 10:1-4).
Ісус, у адказ, адкідае іхнія ўяўленьні, кажучы, што сваімі «добрымі справамі» яны Богу дагадзіць ня здольныя. Існуе ж толькі адна Божая справа, якую Ён і патрабуе ад кожнага чалавека, - верыць у Таго, Каго паслаў Бог. Людзі ж, па сваёй грахоўнасьці, ня здольны заслужыць збаўленьня сваімі асабістымі справамі. І таму Ён заклікае іх усьвядоміць гэта і прыняць збаўленьне як Божа дар: «Бо плата за грэх – сьмерць, а дар ласкі Божай – жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым» (Рым 6:23). А што ж юдэі?
«Тады яны сказалі Яму: “Які тады зробіш знак, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш? Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: хлеб з неба даў ім есьці”. Сказаў тады ім Ісус: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеба з неба, але Айцец Мой дае вам праўдзівы хлеб з неба, бо хлеб Божы ёсьць той, які зыходзіць з неба і дае жыцьцё сьвету”. Тады сказалі Яму: “Госпадзе! Давай нам заўсёды такі хлеб”. Ісус жа сказаў ім: “Я ёсьць хлеб жыцьця. Хто прыходзіць да Мяне, ня будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ня будзе смагнуць ніколі» (Ян 6:30-35).
Пытаньні юдэяў зводзяцца прыкладна да аднога: «Які можаш зрабіць знак, каб мы паверылі?» Яны былі ўпэўнены ў тым, што менавіта такі парадак угодны Госпаду: спачатку ўбачце, а потым паверце. Але Бог дае новы парадак: убачыць той, хто паверыць. Народ разважае такім чынам, што, калі Ён роўны Майсею ці вышэй за яго, дык няхай і знак Ягоны будзе большым за Майсеевыя. Відавочна, што цуд насычэньня пяці тысячаў чалавек яны такім не лічылі. Майсей, лічылі яны, даў іхнім продкам манну ад Бога аж на сорак гадоў. А іх, продкаў, было ў пустыні некалькі мільёнаў. Але юдэі, разважаючы так, ня ўлічвалі некалькі істотных рэчаў. Па-першае, большасьць з тых, хто спажываў гэтую манну, так і не паверылі Богу па сапраўднаму, бо важнымі павінны лічыцца не памер цуда, але ўспрыманьне людзьмі ягонага сэнсу і значэньня. А па-другое, і Майсей і Ісус, зьдзяйсьняючы Божай сілаю розныя знакі, сьведчылі пра сябе так, што трэба было верыць і таму і другому. Бог і толькі Бог дае ўсім нам тое, што мы маем. Бог ёсьць крыніцаю ўсякага жыцьця і Ісус, Які мае жыцьцё ў Самім Сабе, прыйшоў на гэтую зямлю, каб даць гэтае сапраўднае вечнае жыцьцё людзям. Таму Ісус Хрыстос і зьяўляецца сапраўдным хлебам Божым.
Ісус кажа юдэям, што Ён ёсьць хлеб жыцьця, калі яны сказалі Яму: «Госпадзе! Давай нам заўсёды такі хлеб». Прыпамятаем чацьвёрты разьдзел гэтага Эвангельля і размову Ісуса з самаранкай каля крыніцы Якуба. Жанчына таксама, як і юдэі, прасіла тое ж: «Пане! Дай мне гэтай вады, каб я ня смагнула і не прыходзіла сюды чэрпаць» (Ян 4:15). І з гэтага мы бачым, што духоўныя патрэбы людзей аднолькавыя. Няхай гэта будзе самаранка ці богабаязны гебрай, няхай гэта будзе сучасны веруючы ці няверуючы. Усім патрэбны духоўны хлеб і гэтым хлебам ёсьць Ісус Хрыстос. І ня толькі хлебам, але і пітвом, бо той, хто насычаецца Хрыстом, ня будзе смагнуць ніколі. Ісус ня скончвае гэтым, але працягвае.
Ян 6:36-46
«Але Я сказаў вам, што вы бачылі Мяне, і ня верыце. Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе, і таго, хто прыходзіць да Мяне, ня выганю прэч, бо Я зыйшоў з неба ня дзеля таго, каб чыніць Маю волю, але волю Таго, Хто паслаў Мяне. А гэта ёсьць воля Айца, Які паслаў Мяне, каб з таго, што Ён Мне даў, нічога не загубіць, але ўваскрасіць усё ў апошні дзень. Гэта ж ёсьць воля Таго, Хто паслаў Мяне, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень» (Ян 6:36-40).
Ісус папракае народ у тым, што яны не карыстаюцца бачаньнем Хрыста, каб набыць веру. Ісус кажа ім, што яны, на жаль, не прыналежаць да ліку тых, каго дае Ісусу Айцец, бо пазіцыя юдэяў, якую яны занялі ў адносінах да Госпада не задавальняе Божага Сына. Але Ісус не непакоіцца пра тое, што Ягоная праца будзе марнай. Айцец дасьць Яму неабходных людзей, але чаму ад Яго адварочваюцца юдэі?
Ісус зноў кажа пра Сваё нябеснае паходжаньне і зноў тлумачыць пра тое, што Ён прыйшоў выконваць волю Айца, Які гарантуе, што ніводная душа, якая ад Яго дадзена Хрысту, не загіне, але будзе з Богам у вечнасьці. «Вечнае жыцьцё» - гэта ня колькасьць, але якасьць і дачыненьне да жыцьця Ісуса Хрыста даступна кожнаму, хто верыць. Гэта якасьць жыцьця сёньняшняга і якая не перапыняецца з фізічнай сьмерцю: «А мы ведаем, што тым, якія любяць Бога, пакліканым паводле Яго вызначэньня, усё дапамагае на дабро. Бо тым, каго наперад ведаў, Ён і прадвызначыў быць падобнымі да вобразу Сына Ягонага, каб Ён быў першародны між многімі братамі. А каго прадвызначыў, тых і паклікаў; а каго паклікаў, тых і апраўдаў; а каго апраўдаў, тых і ўславіў» (Рым 8:28-30).
«Тады юдэі пачалі наракаць на Яго, бо Ён сказаў: “Я ёсьць хлеб, які з неба зыйшоў”, і гаварылі: “Ці ж Ён не Ісус, сын Язэпаў, бацьку і маці Якога мы ведаем? Як жа Ён кажа: “Я зыйшоў з неба? Тады адказаў Ісус і сказаў ім: “Не наракайце між сабою. Ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі Айцец, Які паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень”. Напісана ў прарокаў: “І будуць усе навучаны Богам”. Дык кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне. Не таму, што нехта бачыў Айца, акрамя Таго, Які ў Бога, Ён бачыў Айца» (Ян 6:41-46).
Заўважым абурэньне юдэяў на заяву Ісуса, што Ён ёсьць Сын Божы, бо кіраваліся логікай сьвету. Яны ведалі зямных бацькоў Ісуса і таму не маглі сабе ўявіць, што дзіця зямных бацькоў можа стацца Тым, Хто зыйшоў з неба ад Бога. Але цікавая і рэакцыя Ісуса на гэтую заяву юдэяў. Ён не спрачаецца з імі, але дакарае іх у нараканьні паміж сабою і кажучы пра немагчымасьць прыйсьці да Яго без дапамогі Айца. Людзі занадта ўгразьлі ў багну грэху і нявер’я, каб паверыць у Сына, калі не прыцягне іх да гэтага Айцец.
«І ўсе сыны твае будуць навучаны Госпадам, і вялікі супакой будзе ў сыноў тваіх» (Іс 54:13). Магчыма менавіта на Ісаю спасылаўся Ісус, калі казаў, што ўсе будуць навучаны Богам. Але што азначае быць навучаным Богам і чаму Ісус кажа: «Усе»? Азначае гэта ўвесь народ Ізраіля ці таксама і пагане будуць навучаны і збаўлены Госпадам? Уяўляецца, што «усе» - гэта выбраныя Айцом для Ісуса Хрыста з усіх народаў зямлі. Менавіта яны будуць навучаны Богам. Пад навучэньнем жа трэба разумець тую працу, якую выконвае Бог у сэрцы чалавека, каб той, у шчырасьці сэрца, прыняў праўду пра Ісуса Хрыста. І таму кожны, навучаны Богам, прыходзіць да Ісуса з вераю ў Яго. Але Ісус папярэджвае, што навучаньне чалавека не выліваецца ў нейкую асабістую містычную сувязь з Айцом. Зусім не. Навучаньне чалавека Богам зьдзяйсьняецца толькі праз Ісуса Хрыста, Які ёсьць Слова Бога. Па меры слуханьня слова Ісуса і бачаньня Ягоных дзеяў, Бог Айцец зьдзяйсьняе ў сэрцы веруючага чалавека неабходную працу.
Аповяд Яна дае нам усьведамленьне таго, што менавіта Ісус вядзе нас да новага жыцья і таму спраўджваюцца абяцаньні таго, што новае жыцьцё атрымаюць усе, хто пакаштуе хлеба жывога.
Ян 6:47-59
«Сапраўды, сапраўды кажу вам: “Хто верыць у Мяне, мае жыцьцё вечнае. Я – хлеб жыцьця. Бацькі вашыя елі манну ў пустыне і паўміралі. Хлеб жа, які з неба зыходзіць, такі, што той, хто буде есьці яго, не памрэ. Я – хлеб жывы, які з неба зыйшоў. Хто будзе есьці хлеб гэты, жыць будзе на вякі. Хлеб жа, які Я дам, ёсьць Цела Маё, якое Я аддам за жыцьцё сьвету”. І спрачаліся між сабою юдэі, кажучы: “Як Ён можа даць нам есьці Цела Сваё?”» (Ян 6:47-52).
Трэці раз ў гэтым разьдзеле мы чуем словы Ісуса: «Сапраўды, сапраўды кажу вам». Гэта кажа пра вялічэзную важнасьць таго, што прамаўляе Ісус. Ён, як бы, завайстрае нашую ўвагу на тое, што Ён будзе казаць. «Я – хлеб жыцьця»; «Я – хлеб жывы, які з неба зыйшоў»; «Хлеб жа, які Я дам, ёсьць Цела Маё». Сэрца веруючага чалавека напаўняецца ад гэтых словаў незвычайнай нябеснай цяплынёю, якую дае нам наш Госпад і Збаўца. І той, хто насычаецца гэтым нябесным і жывым хлебам, ужо сёньня мае жыцьцё вечнае. Але, вяртаючыся ў гэтую жывую размову Ісуса з натоўпам, мы чуем: «Як Ён можа даць нам есьці Цела Сваё?». Сярод юдэяў узьнікае спрэчка пра тое, што Ён мае на ўвазе, кажучы такія дзіўныя рэчы. Матэрыялістычная складаючая мысьленьня такіх людзей ня можа пераадолець тую мяжу, якая абасабляе іх ад нябеснага. Гэта ёсьць мысьленьне няверуючага чалавека, што мы назіраем і зараз, праз дзьве тысячы год пасля апісаных Янам падзеяў. Але на гэтым зьдзіўленьне юдэяў ня скончваецца. Наадварот, з наступнымі словамі Ісуса, яно толькі павялічваецца.
«Тады сказаў ім Ісус: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі ня будзеце есьці Цела Сына Чалавечага і піць Кроў Ягоную, ня будзеце мець жыцьця ў сабе. Хто есьць Цела Маё і п’е кроў Маю, мае жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. Бо Цела Маё сапраўды ёсьць ежа, і Кроў Мая сапраўды ёсьць пітво. Хто есьць Цела Маё і п’е Кроў Маю, у-ва Мне ёсьць, і Я ў ім. Як паслаў Мяне жывы Айцец, і жыву праз Айца, так і той, хто есьць Мяне, жыць будзе праз Мяне. Гэта і ёсьць хлеб, які з неба зыйшоў. Ня так, як бацькі вашыя елі манну і паўміралі. Хто есьць гэты хлеб, жыць будзе на вякі”. Гэта гаварыў Ён у сынагозе, навучаючы ў Капэрнауме» (Ян 6:53-59).
Паўтараючы сказанае раней, Ісус падкрэсьлівае важнасьць Сваіх словаў чацьвёртым па ліку ўпэўніваньнем: «Сапраўды, сапраўды кажу вам». Словы Ісуса пра тых, хто есьць Ягонае Цела і п’е Ягоную Кроў настолькі блізкія да словаў усталяваньня таемства апошняй вячэры, што Ян, праз некаторы час, апусьціць гэтыя словы пры апісаньні апошняй вячэры з Ісусам Хрыстом. Але з якой жахлівасьцю гэта слухалі юдэі, якія добра ведалі, што напісана пра кроў у кнізе Лявіт: «Калі хто з дому Ізраілевага і з прыхадняў, што жывуць сярод вас, будзе есьці якую-небудзь кроў, дык павярну аблічча Маё на душу таго, хто будзе есьці кроў, і зьнішчу яе з народу яе» (Ляв 17:10).
Матэрыяльнае народу заўсёды прасоўваецца наперад, але Ісус не заклікае іх да фізічных дзеяньняў у адносінах да Яго. Ён кажа пра Цела і Кроў у якасьці метафары веры, - веры ў дабратворнасьць Ягонай ахвярнай сьмерці і калі Ісус падзяляе Цела і Кроў, дык гэта толькі паказвае на гвалтоўны характар сьмерці Хрыста. Юдэі павінны былі ведаць (з той жа кнігі Лявіт), што кроў была сродкам адкупленьня, бо толькі праз праліцьцё крыві можна было адкупіць жыцьцё чалавека. Ісус жа, кажучы гэта, гатаваў Сябе да праліцьця Сваёй Крыві, не за адкупленьня аднаго чалавека, а за магчымасьць адкупленьня ўсяго чалавецтва.
Падобна таму, як добрая ежа і пітво, падтрымлівае фізічнае жыцьцё чалавека, Ісус, маючы ў Сабе духоўныя ежу і пітво, падтрымлівае ў чалавеку жыцьцё духоўнае. Менавіта ў гэтым сэнсе мы разумеем, як Ягоныя Цела і Кроў даюць вечнае жыцьцё тым, хто прымае Яго. Усякі чалавек, які прымае Ісуса Хрыста, мае асалоду ў зносінах з Ім, бо ён прысутнічае ў Хрысьце, а Ісус прысутнічае ў веруючым. Пра хлеб жыцьця, які зыходзіць з нябёсаў, Ісус вучыў у сынагозе Капэрнаума, дзе кожнаму, хто прыходзіў туды, дазвалялася тлумачыць тэксты Пісаньня і зьвяртацца да юдэяў з рознымі настаўленьнямі. Былі там і вучні Ісуса Хрыста.
Ян 6:60-71
«Многія з вучняў Ягоных, якія чулі гэта, казалі: “Жорсткае гэта слова. Хто можа слухаць Яго?” Ісус жа, ведаючы ў Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць адносна гэтага, сказаў ім: “Ці гэта вас згаршае? А калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыходзіць туды, дзе быў раней? Дух ажыўляе, а цела не прыносіць аніякай карысьці. Словы, якія Я вам кажу, ёсьць дух і жыцьцё. Але ёсьць некаторыя сярод вас, што ня вераць”. Бо Ісус ад пачатку ведаў, што ёсьць тыя, што ня вераць, і хто выдасьць Яго. І сказаў: “Дзеля гэтага і сказаў Я вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі яму ня будзе дадзена Айцом Маім» (Ян 6:60-65).
Многія сталіся вучнямі Ісуса ў папярэдніх цудах і дзеях Хрыста. І вось, яны чуюць тое, што ніяк не адпавядае юдэйскаму погляду на імкненьне на жыцьцё вечнае. Зараз жа, ня толькі фарысэі, але і многія з галілейскіх вучняў зьдзіўляліся з таго, што казаў Ісус. Яны чакалі Мэсію, Які вызваліць іх ад рымскага прыгнёту, а яны чуюць нешта пра Цела і Кроў Хрыста, якія павінны ўзьдзейнічаць на іхняе збаўленьне. Юдэі пачалі ўсьведамляць, што Ён не зьбіраецца збаўляць іх ад залежнасьці Рыма. Магчыма Ён і ёсьць прарок, Які аздараўляе, але што за дзіўныя словы Ён прамаўляе і як можна такое слухаць?
Дзіўна ці ня дзіўна, але слухачы Ісуса бурчалі падобна таму, як наракалі іхнія продкі ў пустыні. Цуд Выхаду быў на іхнія ўласныя вочы тым, што Бог харчаваў іх маннай з нябёсаў, але яны, тым ня меньш, былі незадаволенымі ўсім гэтым. А зараз, перад імі, паўстае нешта новае, што патрабуе ня толькі фізічны розум, але і працу сэрца чалавека. Ісус добра ведаў тое, што ёсьць у сэрцах слухачоў. Ведаючы гэта Ісус заўважыў , што, калі гэтыя Ягоныя словы згаршаюць вучняў, дык як будзе, калі вучні ўбачаць Ягонае ўзьнесеньне да Айца. І ўзьнесены Ісус Хрыстос адчувае Сябе ў небе, як і на зямлі, бо Ён грамадзянін і таго і другога сьвету. Ён – Слова, якое стала Целам і таму цела і кроў маюць значэньне ва ўнутраньнім жыцьці Слова. Само па сабе цела не азначае нічога, але, калі ў целе вызначаецца жыцьцё Бога, дык Слова, якое ёсьць Бог, кажа пра тое, што мы не павінны ставіць сваё цела вышэй за ўсё, але бачыць Цела Хрыста, укрыжаванае за ўсіх нас. Гэта чулі вучні Ісуса, але як яны гэта ўспрыялі?
«З таго часу многія з вучняў Ягоных пайшлі назад і ўжо не хадзілі з Ім. Тады Ісус сказаў дванаццаці: “Ці ня хочаце і вы зыйсьці? Адказаў Яму тады Сымон Пётр: “Госпадзе! Да каго нам ісьці? Ты маеш словы жыцьця вечнага. І мы паверылі, і пазналі, што Ты – Хрыстос, Сын Бога Жывога”. Адказаў ім Ісус: “Ці ня вас дванаццаць Я выбраў? Але адзін з вас – д’ябал”. Гаварыў жа Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо той меўся выдаць Яго, хоць быў адзін з Дванаццаці» (Ян 6: 66-71).
Вельмі многае не задаволіла тых юдэяў, што пацягнуліся за Ісусам. Яны ішлі за збаўленьнем ад рымскага прыгнёту, а пачулі заклік пра немагчымасьць збаўленьня асабістымі намаганьнямі. Так казаў Ісус Сваім вучням. Ці пачулі Яго вучні? Так, але ня ўсе. Многія адыйшлі ад Яго і ня ёсьць факт, што тыя, адыйшоўшы, не працягвалі сваю дзейнасьць пад імем Ісуса Хрыста. І вось, апостал Пётр, як бы адказваючы за іншых апосталаў, вызнае веру ў Ісуса Хрыста.
«Ці не дванаццаць Я выбраў, але адзін з вас – д’ябал». У Эвангельлі паводле Яна нічога не сказана пра выбраньне дванаццаці апосталаў. Можа таму, што людзі ўжо ведалі пра ранейшыя Эвангельлі? Можа і так, але пра Юду Іскарыёта ніхто з тых, хто ведаў відавочна Ісуса Хрыста, няздольны быў пра гэта змаўчаць. Ян кажа, што Юда быў сынам Сымона Іскарыёта. І ў гэтым сэнсе, мы можам яшчэ і яшчэ раз сьцьвярджаць, што Ісус бачыў усё ад пачатку. Ён бачыў здрадніка яшчэ за год да Свайго ўкрыжаваньня. Але. Дванаццаць – гэта ўвасабленьне веры таго, што ў Ягоных дзеях зьдзяйсьняецца новы Выхад – вялікі рух, які вызваляе ўвесь сьвет ад грэху і сьмерці.
Свидетельство о публикации №226031901449