Иоанн 8 1-59

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЯНА


Ян 8:1-59

«Тады прыйшлі дзьве жанчыны блудніцы да валадара і сталі перад ім» (3 Вал 3:16). Паміж імі ішла вельмі жорсткая спрэчка за дзіцяці, якога кожная з іх лічыла сваім. Справа ў тым, што адна з іх свайго дзіцяці прыспала і ён памёр. Падмяніўшы ж мёртвае дзіця на жывое, яна сьцьвярджала, што гэта дзіця яе. Спадзяюся, што ўсе пазналі ў валадары маладога Саламона, якому трэба было правільна вырашыць у гэтай няпростай сітуацыі. Вынік гэтай гісторыі вядомы, а хто гэтага ня ведае, няхай разгарне Біблію (3 Вал 3:16-28), каб ўбачыць, у выніку, знакамітае «Саламонавае рашэньне». Нешта падобнае мела быць і з Ісусам, але, усё па парадку.


Ян 8:1-11
«Ісус жа пайшоў на гару Аліўную. Нараніцы Ён ізноў прыйшоў у сьвятыню, і ўвесь народ ішоў да Яго. І сеўшы, Ён вучыў іх. Тут кніжнікі і фарысэі прыводзяць да Яго жанчыну, злоўленую на чужаложстве, і, паставіўшгы яе пасярэдзіне, кажуць Яму: “Настаўнік, гэтая жанчына злоўленая на чужаложстве. Майсей жа ў Законе загадаў нам гэткіх каменаваць. А Ты што скажаш?” Казалі ж яны гэта, спакушаючы Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. А Ісус, нізка нахіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі. Калі ж яны працягвалі пытацца ў Яго, Ён выпрастаўся, сказаў ім: “Хто з вас бязгрэшны, няхай першы кіне камень у яе” І, зноў нізка нахіліўшыся, пісаў на зямлі. Яны ж, пачуўшы гэтае і дакараныя сумленьнем, павыходзілі адзін за адным, пачаўшы ад старшыняў, аж да апошніх. І застаўся адзін Ісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне. Ісус выпрастаўся і, ня бачачы нікога, акрамя жанчыны, сказаў ёй: “Жанчына! Дзе тыя, хто абвінавачваў цябе? Ніхто не асудзіў цябе? Яна сказала: “Ніхто, Госпадзе!” Ісус жа сказаў ёй: “І Я не асуджаю цябе; ідзі і больш не грашы”.» (Ян 8:1-11).

Вучэньне Ісуса ў сьвятыні нечакана перапынілі нейкія кніжнікі і фарысэі. Яны прывялі з сабою жанчыну, якая, па іх словам, была злоўленая на чужаложстве. Згодна літары Закона павінны быць прадстаўлены, як мінімум, двое сьведкаў, якія б пацьвердзілі гэтае злачынства. Падыходзіць гэта і ў дадзеным выпадку, бо акрамя непасрэднага саўдзельніка чужалоства павінен быў быць і той, хто выкрыў усё гэта. Але, перад Ісусам паставілі толькі адну жанчыну, якую абвінавачвалі ў чужалостве. І ніякіх сьведкаў. Што ж гэта, як ні пастка ад фарысэяў і кніжнікаў? Малаверагодна, каб гэтую жанчыну сапраўды «выпадкова» выкрылі ў гэтым злачынстве, бо хутчэй за ўсё ахоўнікі Закона ўсё гэта старанна «падрыхтавалі». Мы, безумоўна, гэтага ня ведаем, але ўсё гэта ведаў і бачыў Ісус. І, у адрозьненьні ад Саламона, Ісус ведаў наперад усю гэтую гісторыю і таму ведаў, як Сябе паводзіць у дадзеным выпадку. Тым больш, што Ён ведаў і пра тыя загатаваныя камяні, якімі павінны былі быць пабітыя ня толькі жанчына, але і Ісус.

Шмат хто з людзей імкнуліся адгадаць, што ж, на самой справе, пісаў Ісус на замлі. Але, ці мае гэта нейкае істотнае значэньне? Важны, на наш погляд, Ягоны адказ тым, хто абвінавачваў гэтую жанчыну: «Хто з вас бязгрэшны, няхай першы кіне камень у яе». І ніхто ня кінуў, бо сумленьне было і ў фарысэяў ды кніжнікаў, якія першымі і пайшлі з месца гэтай правакацыі. Ці быў шанец у фарысэяў і кніжнікаў перамагчы Ісуса? Ніякіх не было. І гэта кажа толькі пра тое, што яны так і не зразумелі нічога пра Ісуса Хрыста. Пра тое, што Ён і ёсьць сапраўдны Мэсія і Госпад.

Але вось, мы бачым Ісуса і гэтую жанчыну. Безумоўна, што Ісус бачыў усе грахі жанчыны. Магчыма і тое, што было ў яе жыцьці і чужалоства. Ісус, маючы ўладу прабачаць, кажа ёй: «І Я не асуджаю цябе; ідзі і больш не грашы». Прабачэньне ад Ісуса ня ёсьць проста прабачэньне, але яно яно нясе ў сабе вышэйшую міласьць і ласку. Ня сьлед жа рабіць з гэтай гісторыі выснову, што можна чужаложыць і за гэта табе нічога ня будзе. Зусім не, але яшчэ раз зьвярнем увагу на апошнія словы Ісуса: «Я не асуджаю цябе; ідзі і больш не грашы». Яна прабачана, яна збаўлена ад немінуючай сьмерці і зараз, як кажа Ісус, яна павінна жыць у сьвятле прабачэньня. Гэта ж не азначае, што грэх ня мае ніякага значэньня. Наадварот, прабачэньне падкрэсьлівае вялікае наступства грэху. Так, таго самога грэху, які Госпад пажадаў змыць і зьнішчыць.

Але гэта ня ўсё. Грэх, пра які мы разважаем зараз, як і іншы грэх у сэрцах людзей існуе. І ад гэтага мы нікуды ня дзенемся, а дадзены Богам Закон існуе для таго, каб праліць сьвятло Божага суду ў самыя цёмныя куткі сэрца чалавека. Ісус асуджае грэх, але, тым ня меньш, літаральна прыкрывае Сваім Целам гэтую жанчыну і, замест яе, становіцца пад камяні «законавучыцеляў». І вось настала тая хвіліна, калі мы пачынаем разумець, як ажыцьцяўляецца дзеяньне Божага Ягняці, Які бярэ на Сябе грахі гэтага сьвету.


Ян 8:12-20
«Тады ізноў сказаў Ісус да іх, кажучы: “Я – сьвятло сьвету. Хто ідзе за Мною, той ня будзе хадзіць у цемры, але будзе мець сьвятло жыцьця”. Тады фарысэі сказалі Яму: “Ты Сам пра Сябе сьведчыш, непраўдзівае сьведчаньне Тваё”. Адказаў Ісус і сказаў ім: “Калі Я і Сам пра Сябе сьведчу, праўдзівае сьведчаньне Маё, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, адкуль Я прыходжу і куды іду”» (Ян 8:12-14).

Ісус кажа ў працяг таго вучэньня, якое перапынілі кніжнікі і фарысэі, прывёўшы жанчыну з цяжкім абвінавачваньнем: «Я – сьвятло сьвету». Гэтыя словы прагучалі з асобным чынам, бо цемра, якая асягнула сьвет – гэта сымбаль зла, грэху і невуцтва. Сьвятло ж – гэта Бог і Ягоная сьвятасьць. І ня дзіўна тое, што Бог паслаў сьвету сьвятло ў Ісусе Хрысьце, Які і ёсьць адзінае сьвятло праўды. Ісус запрашае ісьці за Ім (у духоўным сэнсе), бо гэта дае збаўленьне. І мы разумеем, што прыйсьці да Хрыста за збаўленьнем – гэта азначае зьмяніць грахоўны лад жыцьця і жыць ужо ня ў цемры, але ў сьвятле. Як і напісана: «Бо ў Табе крыніца жыцьця; у сьвятле Тваім мы бачым сьвятло» (Пс 35:10).

Тады фарысэі сказалі Яму: «Ты Сам пра Сябе сьведчыш, непраўдзівае сьведчаньне Тваё». Мы зноў апынуліся на нейкай судовай працэдуры. Але, каго тут, на гэты раз, абвінавачваюць? Фарысэі ня здолелі замацаваць абвінавачваньне Ісуса ў парушэньні Закона Майсея і, вось зараз, яны заходзяць з другога боку, разглядаючы незвычайныя словы Ісуса. Як мы бачым, размова будуецца па пэўных юрыдычных правілах, дзе разглядаецца пытаньне правамоцтва сьведчаньня падсуднага ў сваю абарону. Ісус адстойвае Сваё права сьведчыць пра Сябе, кажучы, што Ягонае сьведчаньне пацьверджваецца Айцом, Які паслаў Яго. Гэта, дарэчы, пацьверджваў і Нікадэм кажучы, што бяз Божай дапамогі немагчыма зьдзяйсьняць цуды, якія рабіў Ісус.

«Вы судзіце паводле цела; Я не суджу нікога. А калі Я і суджу, суд Мой праўдзівы, бо Я не адзін, але Я і Айцец, Які паслаў Мяне. І ў Законе вашым напісана, што сьведчаньне двух чалавек праўдзівае. Я Сам сьведчу пра Сябе, і сьведчыць пра Мяне Айцец, Які паслаў Мяне. Тады сказалі Яму: “Дзе Айцец Твой?” Адказаў Ісус: “Вы ня ведаеце ані Мяне, ані Айца Майго. Калі б вы ведаля Мяне, ведалі б і Айца Майго”. Гэтыя словы гаварыў Ісус ля скарбніцы, калі навучаў у сьвятыні; і ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не прыйшла гадзіна Ягоная» (Ян 8:15-20).

Слухаючы Ісуса мы, паступова, пачынаем разумець, што, хаця фарысэі і патрабуюць сьведкаў, абвіначваемы тут не Ісус, а тыя, хто Яму процістаіць. Ён і Айцец ясна сьведчаць, што Ісус – Мэсія, а гэта азначае, што Ён нясе сьвятло сьвету, ад якога ніхто не схаваецца. Сьвятло Ісуса пранікае ва ўсе цёмныя закуткі жыцьця, нясучы з сабою справядлівасьць і суд. Так, Ісус не прыйшоў, каб судзіць сьвет, асобных людзей ці Ізраіля, але сам факт зьяўленьня Ісуса Хрыста, Які дае збаўленьне, надзею і жыцьцё, небазьбежна нясе ў сабе і асуду тым, хто стаіць на пазіцыі зла і хаваецца ў цемры, не прымаючы ніякага сьвятла. Чытаючы гэтыя радкі мы адчуваем пэўны парадокс. Ізраіль быў выбраны Богам, каб несьці сьвятло сьвету, але ад Ізраіля зыходзіць цемра, і вось зараз, калі Ісус Сваім сьвятлом разганяе цемру, мы бачым жорсткі супраціў тых, хто ў цемры.

Мы бачым, што юдэі былі вельмі зьдзіўленыя Ягоным вучэньнем пра Сваю блізкасьць да Бога. Таму яны і пытаюцца ў Ісуса: «Дзе Айцец Твой?», жадаючы ўдакладніць пра якога Айца кажа Ён. Можа пра айца зямнога? Ісус жа кажа ім пра Нябеснага Айца, Які пазнаецца праз Яго – Ісуса Хрыста.


Ян 8:21-29
«Зноў жа сказаў ім Ісус: “Я іду, і будзеце шукаць Мяне; і паўміраеце ў грэху вашым. Куды Я іду, вы прыйсьці ня можаце”. Юдэі ж сказалі: “Ці не заб’е Ён Сябе Сам, бо кажа: “Куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці”?” І сказаў Ён ім: “Вы - з нізу, а Я - з вышыні; вы – з гэтага сьвету, Я – ня з гэтага сьвету. Таму сказаў Я вам, што вы паўміраеце ў грахах вашых, бо калі не паверыце, што Я гэта, паўміраеце ў грахах вашых”.» (Ян 8:21-24)

Ісус дае Сваім суайчыньнікам юдэям апошнюю магчымасьць апамятацца і паверыць у Яго. Але чаму Ён кажа: «Паўміраеце ў грэху вашым?». Не ў грахах, а ў грэху. Малаверагодна, што гэта памылка аўтара Эвангельля і Ісус менавіта так і хацеў сказаць. Хутчэй за ўсё Ісус меўся гэтым сказаць пра грэх непрыняцьця імі Таго, хто нясе ім збаўленьне. Яны «памруць», таму што не схацелі выйсьці з асяродзьдзя зла і працягвалі жыць пад гэтым узьдзеяньнем. І пры гэтым усім іхняя фізічная сьмерць будзе толькі пачаткам аддзяленьня ад Бога на вякі, якое і ёсьць сьмерць у вечнасьці.

Неразуменьне юдэяў выліваецца, у некаторым сэнсе, у «іранічную» здагадку: «Ці не заб’е Ён Сябе Сам і ці ня хоча Ён, такім чынам, стацца недасягаемым для іх?» Яны ўжо выказвалі сваю думку пра тое, што Ісус зьбіраецца ісьці да грэцкага расьцярушэньня, каб навучаць элінаў. І, як бы тое не было, Ісус не зьбіраўся забіваць Самога Сябе, але жыцьцё Сваё Ён сапраўды «паклаў» за Свае авечкі. У адказ на недавер і «іранічнасьць» Ісус проста кажа пра Сваё нябеснае паходжаньне: «Вы – зьнізу, а Я – з вышыні».

«Тады яны сказалі Яму: “Хто ж Ты?” І сказаў ім Ісус: “Адпачатны, як і кажу вам. Шмат маю казаць пра вас і судзіць, але Той, Які паслаў Мяне, праўдзівы, і што Я чуў ад Яго, тое і кажу сьвету”. Яны не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца. Тады сказаў ім Ісус: “Калі падымеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я і што нічога не раблю ад Сябе, але як навучыў Мяне Айцец Мой, так і кажу. І той, Які паслаў Мяне, разам са Мною. Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што падабаецца Яму”» (Ян 8:25-29).

Размова з Ісусам не прыйшлася даспадобы юдэям, якія ў раждражненьні пытаюць Яго: «Хто ж Ты?» А Ён ёсьць Адпачатны. Коратка і ясна. Безумоўна, што Ісус мог сказаць нашмат болей, але, бачачы ўсё як ёсьць, ня судзіць іх, а нясе да сьвету тое, што даручыў Яму Айцец, Які паслаў Яго ў сьвет. Вестка Айца, з якой прыйшоў Ісус – гэта праўда і таму сапраўдны Той, Хто паслаў Ісуса. Але ці зразумелі гэта юдэі? Ян кажа, што не. Яны так нічога і не зразумелі.

Ісуса яны так і не пазналі, але многія пазнаюць Яго, калі падымуць Сына Чалавечага на Крыж. Гэта адкрые людзям вочы на тое, Хто Ён. Але не на тое, што дзякуючы гэтаму, усе людзі будуць збаўлены, а на тое, што толькі праз Крыж пазнае Яго сьвет і што менавіта Ён казаў не ад Сябе, але як навучыў Яго Айцец Нябесны, бо адзінства Ісуса і Айца вызначаецца любоўю і паслушэнствам.


Ян 8:30-36
«Калі Ён гаварыў гэтае, многія паверылі ў Яго. Тады сказаў Ісус юдэям, якія паверылі ў Яго: “Калі застанецеся ў слове Маім, дык сапраўды вы – вучні Мае. І спазнаеце праўду, і праўда вызваліць вас”. Яму адказалі: “Мы – насеньне Абрагама і нікому не былі нявольнікамі ніколі. Як жа Ты кажаш: “Станьцеся вольнымі”?”. Адказаў ім Ісус: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: усякі, хто робіць грэх, ёсьць нявольнік грэху. Але нявольнік не жыве ў доме вечна, сын застаецца вечна. Дык вось, калі Сын вызваліць вас, праўдзіва станецеся вольнымі”» (Ян 8:30-36).

Зьвярнем увагу на словы Ісуса юдэям, якія паверылі ў Яго: «І спазнаеце праўду, і праўда вызваліць вас». Гэтыя словы, так ці інакш, гучаць у шмат якіх хрысьціянскіх думках і разважаньнях, бо воля – вельмі важная з’ява ў жыцьці чалавека. Мы жадаем быць вольнымі ад грэху, вольнымі ад рабства, вольнымі ад несправядлівасьці і гэтак далей. Мы маем у гэтым вялікую патрэбу. І так было ва ўсе часы. Шлях да праўды ляжыць праз волю, а нам вельмі неабходнае пазнаньне праўды. Таму мы і павінны быць вольнымі. Ісус і прапануе юдэям волю праз праўду, якую агучвае Ён.

Але, як гэта ня дзіўна, юдэі не разумеюць волі, якая б не была зьвязаная з паўстаньнем супраць Рыма. Больш таго, яны, па нараджэньню ад Абрагама, ніколі не лічылі сябе нявольнікамі, маючы наўвазе, што ў духоўным сэнсе яны паганам не падпарадкаваліся, а тут, праз слова Ісуса, ім прапануюць набыць волю. Нешта не зразумелае. Юдэі не зразумелі, што Ісус казаў ім пра волю ад грэху. Ісус ня кажа ім, што грунтам нацыянальнага жыцьця і веры не зьяўляецца Абрагам, які даў гебрайскае насеньне і што гэта ёсьць Выхад з егіпецкага рабства. Замест гэтага Ён кажа, што ёсьць рабства нашмат хужэйшае, чым рабства іхніх продкаў у Егіпце ці сучасны рымскі прыгнёт. І гэтае рабства мае сваю канкрэтную назву. Гэта ёсьць грэх. Ісус тлумачыць, што самое «стварэньне» грэху сьведчыць пра падпарадкаваньне чалавека ўладзе грэху, які, як бы, прыпадабняецца да жорсткага гаспадара. Ці ёсьць тут шлях да праўды, а значыць і праведнасьці? Апостал Павал кажа, што толькі ў Хрысьце гэты шлях і толькі ў Ім праведнасьць і жыцьцё вечнае: «Бо калі вы былі слугамі грэху, вы былі вольнымі ад праведнасьці. Дык які плод вы мелі тады, што цяпер гэтага саромецеся? Бо канец гэтакіх – сьмерць. А цяпер, вызваліўшыся ад грэху і стаўшыся слугамі Бога, вы маеце плод свой на сьвятасьць, а канец – жыцьцё вечнае. Бо плата за грэх – сьмерць, а дар ласкі Божай – жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым» (Рым 6:20-23).

Дык вось, па словах Ісуса, юдэі не адрозніваюць два статусы сваячнай прыналежнасьці: статус сыноў Абрагама і статус сыноў Божых. Прыналежнасьць да сыноў Абрагама зусім не дае права аўтаматычна залічвацца да сыноў Божых. Дзеці Абрагама вельмі хворыя на грэх, ад якога пакутуюць ня толькі юдэі, але і ўвесь сьвет. Людзі ж, пакліканыя несьці сьвету Божае сьвятло, самі апынуліся ў цемры. Але надзея ёсьць, бо калі толькі людзі прыслухаюцца да Ісуса і павераць у Яго, яны будуць здольнымі вызваліцца ад рабства грэху. А да таго часу яны нават і не ўсьведамляюць, што знаходзяцца ў рабстве.

Гэта належыць памятаць і сёньня, бо шмат каму падаецца, што быццам бы намінальная прысутнасьць у хрысьціянскай царкве «аўтаматычна» дазваляе забясьпечыць міласьць і неабходны статус у вачах Госпада. І як яны зьбіраюцца несьці сьвету Божае сьвятло, калі самі знаходзяцца ў цемры?


Ян 8:37-47
«“Ведаю, што вы – насеньне Абрагама, але вы шукаеце, каб забіць Мяне, бо слова Маё не зьмяшчаецца ў вас. Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага”. Яны адказалі і сказалі Яму: “Бацька наш Абрагам”. Кажа ім Ісус: “Калі б вы былі дзеці Абрагама, дык рабілі б справы Абрагама. А цяпер вы шукаеце, каб забіць Мяне, Чалавека, Які сказаў вам праўду, якую чуў ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў. Вы робіце справы бацькі вашага”. Тады сказалі Яму: “Мы не з распусты народжаныя; аднаго Айца маем, Бога”. Ісус тады сказаў ім: “Калі б Бог быў ваш Айцец, дык вы любілі б Мяне, бо Я з Бога выйшаў і прыходжу; бо Я ня Сам ад Сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне”» (Ян 8:37-42).

Так, у фізічным сэнсе, юдэі былі нашчадкамі Абрагама. Але, тым ня меньш, яны шукалі забіць Ісуса, што сьведчыць пра тое, што духоўнымі нашчадкамі Абрагама яны не былі, бо ўсё як раз наадварот: «А калі вы Хрыстовыя, дык вы – насеньне Абрагама і паводле абяцаньня - спадкаемцы» (Гал 3:29). Юдэі ж у адказ кажуць Ісусу, што іхні бацька – Абрагам, прэтэндуючы і на духоўную спадчыну ад яго. Але, калі б яны сапраўды былі духоўнымі нашчадкамі Абрагама і ў праўдзе падпарадкаваліся Госпаду, дык, у гэтым выпадку, з вераю прынялі б і словы Таго, хто прыйшоў ад Бога. Мы памятаем, што і Ян Хрысьціцель папярэджваў юдэяў пра небясьпечнасьць спасылкі толькі на сваё паходжаньне ад Абрагама: «Зрабіце плады годныя навяртаньня, і не пачынайце гаварыць у сабе: “Бацьку маем Абрагама”, бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых падняць дзяцей Абрагаму» (Лук 3:8). Юдэі ж адкінулі Таго, Хто дае ім праўду ад Бога. Абрагам, на якога так горача спасылаліся юдэі, так не рабіў і падпарадкаваўся слову ад Бога: «Абрагам паверыў Госпаду, і Ён залічыў яму гэта ў праведнасьць» (Быц 15:6).

Ісус абвінавачвае юдэяў у жаданьні забіць Яго і гэтае дзеяньне наводзіць на пэўныя разважаньні. Крыважэрнасьць, як жаданьне забіць чалавека, можа сьведчыць толькі пра тое, што гэтыя людзі ня ведаюць Таго, Каго яны лічаць сваім Айцом. А гэта, у сваю чаргу, выклікае пытаньні адносна духоўнага спадкаемства ад Абрагама. Замысьліўшы забойства, чалавек адкідвае сваю сувязь з сапраўдным Богам і ціхенька вызнае сваю сувязь з сіламі цемры і як бы мы не ўяўлялі сабе д’ябла, у любым выпадку – гэта ёсьць сіла, накіраваная супраць Госпада, а таму і падштурхоўвае чалавека на злыя справы, нават і на забойства.

У адказ юдэі кажуць наступнае: «Мы не з распусты народжаныя». Гледзячы на гэтыя словы мы разумеем, што юдэі ведалі пра дзіўныя абставіны Ягонага зачацьця і нараджэньня. Апостал Ян не распавядае гісторыю нараджэньня Ісуса, як пра гэта казалі Мацьвей і Лука, але мяркуем, што Ян ведаў пра гэта, бо праз Яна мы бачым, як юдэі выкарыстоўваюць гэтыя чуткі супраць Ісуса. Але Ісус, не зьвяртаючы ўвагі на гэтыя словы, кажа ім, што тых, хто знаходзіцца ў адной сям’і з Айцом, павінна зьвязваць узаемная любоў. І калі б яны сапраўды мелі сваім Айцом Бога, дык любілі б і Хрыста, Які прыйшоў ад Бога. У сувязі з гэтым Ісус, яшчэ і яшчэ раз, паўтарае «асабліва непанятлівым» (а такіх, на жаль, было большасьць), што Ён пасланы да іх Богам. І ня толькі гэта, але і тлумачыць юдэям, чаму яны знаходзяцца ў варожасьці да Яго.

«Чаму вы не разумееце гаворкі Маёй? Бо ня можаце чуць слова Маё. Ваш бацька – д’ябал, і вы хочаце выконваць пажаданьні бацькі вашага. Ён быў чалавеказабойца ад пачатку і ня вытрываў у праўдзе, бо няма ў ім праўды. Калі ён гаворыць хлусьню, гаворыць сваё, бо ён – хлус і бацька хлусьні. А калі Я кажу праўду, вы ня верыце Мне. Хто з вас давядзе Мой грэх? Калі ж Я кажу праўду, чаму вы ня верыце Мне? Хто ад Бога, той слухае словы Божыя; вы таму ня слухаеце, што вы не ад Бога» (Ян 8:43-47).

Ісус, вечнае Слова, зьвяртаецца да юдэяў, але іхні супраціў Яму перашкаджае ім разумець Яго. Мы бачым духоўную няздольнасьць юдэяў дакладна ўспрымаць сказанае Ім, бо яны людзі душэўныя, але не духоўныя. Пра гэта пазней скажа апостал Павал: «А душэўны чалавек ня прыймае таго, што ад Духа Божага, бо гэта глупства для яго» (1 Кар 2:14). Ісус паказвае ім сапраўднага ідэйнага бацьку – д’ябла. Менавіта гэты чалавеказабойца ад пачатку, гэта значыць ад моманту стварэньня чалавека і да нашага часу, ёсьць хлусам і бацькам хлусьні. Менавіта гэты хлус сее сярод людзей хлусьню і наводзіць, такім чынам, на іх сьмерць. Як духоўную, так і фізічную. Дык вось, гледзячы на настрой і дзеі юдэяў, якія шукалі забіць Яго, не прымаючы праўды і схіляючыся да няпраўды, яны былі зьвязаныя, і даволі цесна, з д’яблам.

Розныя абвінавачваньні выстаўляліся супраць Ісуса, але ніхто з юдэяў не адказаў на пытаньне Хрыста: «Хто з вас давядзе Мой грэх?» Чаму? Не было што казаць, бо не было грэху. І ўсё ж большасьць юдэяў не паверыла Яму. Адказ на гэтае нявер’е дае сам Ісус, калі кажа, што прычына ня ў Ім, але ў саміх юдэях. Праўда ж складаецца з таго, што яны не прыналежаць Госпаду, бо тыя, хто ад Бога, чуюць слова Божае і з вераю ўспрымаюць яго. Ісус кажа гэтым пра тое, што некаторыя гебраі і чуюць, і ўспрымаюць Яго. І гэта ня толькі бліжэйшыя вучні Ісуса, але і некаторыя фарысэі, а нават і тыя, хто ўваходзіў у кола першасьвятароў, што мы бачым на прыкладзе Нікадэма. Але Ісус прыйшоў да ўсіх гебраяў, а большасьць з іх не прыняла Яго.


Ян 8:48-59
«Адказалі тады юдэі і сказалі Яму: “Ці ж ня слушна мы кажам, што Ты – самаранін, і дэмана маеш?” Адказаў Ісус: “Я дэмана ня маю, але Я шаную Айца Майго, а вы зьневажаеце Мяне. Але Я не шукаю Сваёй славы; ёсьць Той, Хто шукае і судзіць. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто захавае слова Маё, ня ўбачыць сьмерці на вякі”. Тады сказалі Яму юдэі: “Цяпер мы ведаем, што маеш дэмана. Абрагам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: хто захавае слова Маё, не пакаштуе сьмерці на вякі. Няўжо Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр, і прарокі памерлі? Кім Ты Сябе робіш?” Адказаў Ісус: “Калі Я Сам Сябе праслаўляю, дык слава Мая – нішто. Мяне праслаўляе Айцец Мой, пра Якога вы кажаце, што Ён – Бог ваш. І вы не спазналі Яго, а Я ведаю Яго, і калі скажу, што ня ведаю Яго, буду падобны да вас хлус. Але Я ведаю Яго і захоўваю слова Ягонае. Абрагам, бацька ваш, рады быў бачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся”. Тады сказалі Яму юдэі: “Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і Ты бачыў Абрагама?” Сказаў ім Ісус: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: перш чым Абрагам быў, Я ёсьць”. Узялі тады камяні, каб кінуць у Яго, але Ісус схаваўся і выйшаў са сьвятыні, прайшоўшы між імі, і пайшоў далей» (Ян 8:48-59).

Словы Ісуса, акрамя таго што былі дзіўнымі для юдэяў, былі яшчэ і вельмі непрыемнымі. Раззлаваныя юдэі залічваюць Ісуса да самаранаў, кажучы гэтым, што Ён герэтык і вучэньне Ягонае ілжывае. Больш таго, яны лічаць, што Ён ненавідзіць юдэяў так, як іх ненавідзяць самаране. І мае ў Сабе дэмана, а іншымі словамі, - Ён звар’яцелы, злы і нячысты. Між тым, у паводзінах і словах Ісуса няма нічога, што б казала пра Ягонае «вар’яцтва». Ён спакойна кажа, што шануе Айца, а юдэі, якія зьневажаюць Яго, па сутнасьці, зьневажаюць і Айца. Ісус з «урачыстасьцю» зьвяртаецца да юдэяў, кажучы: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: “Хто захавае слова Маё, ня ўбачыць сьмерці на вякі”». Ён мае на ўвазе, што ў гэтым выпадку людзі ў вечнасьці ня будуць аддзеленымі ад Бога. Але ці зразумелі Яго юдэі менавіта так? Не, не зразумелі. Бо думалі, што Ён кажа пра сьмерць фізічную, а між тым добра вядома, што Абрагам і прарокі памерлі. Дык як жа разумець Ягоныя словы пра бесьсьмяротнасьць? Не, гэта дакладна, што Ён мае ў Сабе дэмана. Гнеўная іранічнасьць гучыць у іхнім пытаньні: «Няўжо Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр і прарокі памерлі? Кім Ты Сябе робіш?»

Юдэі не разумеюць Ісуса і Ён, бачачы ўсё гэта, пераводзіць гэтую размову ў іншае рэчышча, якое павінна весьці да разуменьня сапраўднага Ісуса, Які ёсьць Хрыстос. Але ці зразумеюць яны і гэтым разам? Аргументы Ісуса застаюцца ранейшымі. Ён не імкнецца праславіць Сябе, бо праслаўляць Яго – справа Айца Нябеснага, Якога, варожа настроеныя юдэі, памылкова прымаюць за свайго Айца. Яны не пазналі Бога, а Яго зьвязваюць з Айцом самыя цесныя адносіны.

Ад Абрагама да Ісуса прайшло прыкладна столькі ж гадоў, колькі і ад Ісуса да нас. Да чаго гэта? Да таго, што спасылку Ісуса на Абрагама юдэі ўспрымаюць як нейкую вандроўку праз час. Гэткая машына часу. Ці тое Ісус вярнуўся ў мінулае для сустрэчы з Абрагамам, ці тое Абрагам прыходзіў з мінулага да Ісуса. Яны не разумеюць, што словы Ісуса тычацца іншага ўзроўню, іншай ступені рэальнасьці. Юдэі не разумеюць Ісуса, бо разважаюці па зямному, кажучы: «Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і Ты бачыў Абрагама?» І зноў Ісус надае Сваім словам урачыстасьць: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: “Перш, чым Абрагам быў, Я ёсьць”». І для юдэяў гэта было ўжо занадта, бо словы Я ёсьць – словы няпростыя. Гэта роўна тытулу Бога. І вось тут напруга дасягае сваёй вышэйшай кропцы, бо сказанае Ісусам прагучала для юдэяў як блюзьнерства (ці ж першы раз?), а гэты грэх настолькі цяжкі, што адкрываў магчымасьць пакараньня вінаватага камянямі. Але Ісус праходзіць мяж імі і ўходзіць далей, што кажа пра яшчэ адзін цуд. Што ж тычыцца нас з вамі, дык і мы пойдзем далей, па старонках Эвангельля паводле Яна.


Рецензии