Иоанн 7 1-53

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЯНА


Ян 7:1-53

Тое, што мы будзем бачыць у гэтым разьдзеле, між тым, гатуе глебу для новага канфлікту Ісуса з тымі, хто сустрэў Яго ў Ерусаліме. Гебрайскае грамадзтва ва ўсім сьвеце адзначае сьвята Намётаў. Намёты – гэта лёгкія збудаваньні з тканіны, якія выратоўвалі людзей ад сьпякотнага сонца. Намёты ж гэтага сьвята ня мелі ў сабе верхняй частцы, каб былі бачныя зоркі ў начным небе. Чаму? Як напамін пра тое, што пад зорным небам знаходзіліся іхнія продкі ў пустыні пад час саракагадовага вандраваньня. А як жа Ісус і якія далейшыя шляхі Ягоныя?

Ян 7:1-9
«І хадзіў Ісус пасьля гэтага па Галілеі, бо не хацеў хадзіць па Юдэі, таму што Юдэі шукалі забіць Яго. Было ж блізка сьвята юдэйскае Намётаў. Тады браты Ягоныя сказалі Яму: “Выйдзі адсюль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі справы Твае, якія Ты робіш. Бо ніхто нічога таемна ня робіць, і сам імкнецца быць вядомым. Калі робіш гэткае, зьяві Сябе сьвету”. Бо і браты Ягоныя таксама ня верылі ў Яго. Ісус жа кажа ім: “Час Мой яшчэ не прыйшоў, а для вас заўсёды час. Вас сьвет ня можа ненавідзець, бо Я сьведчу пра яго, што справы ягоныя злыя. Вы ідзіце на гэтае сьвята, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ ня споўніўся”. Сказаўшы ім гэта, застаўся ў Галілеі» (Ян 7:1-9).

Сьвята Намётаў – адно з важных сьвятаў Ізраіля. Яно стаяла побач з Пасхай ды Пяцідзясятніцай і сьвяткавалася восем дзён, - ад суботы да суботы. Тагачасны гебрайскі гісторык Язэп Флавій, у сваёй кнізе «Юдэйскія старажытнасьці», называў яго самым вялікім сьвятам гебрайскага народу. У гэтыя дні юдэі ўрачыста дзякавалі Богу за сабраны ўраджай. Дзясяткі тысячаў паломнікаў зьбіраліся ў Ерусаліме, каб праводзіць сяточныя абрады. Запальваньне сьвяцільнікаў, танцы пры сьвятле факелаў і ўрачыстае шэсьце да Храма, дзе ўзьліваліся віно і вада, - усё гэта адбывалася ў Ерусаліме на працягу васьмі дзён. Сьвята Намётаў сымбалізавала той факт, што Бог знаходзіцца сярод Свайго народу.

Толькі апостал Ян успамінае гэтае сьвята ў сваім Эвангельлі, пры чым гэты разьдзел пачынаецца з цікавых пытаньняў. Пойдзе Ісус у Ерусалім на сьвята ці не? Што азначаюць Ягоныя словы: «Мой час яшчэ не прыйшоў?» І чаго дамагаюцца Ягоныя браты?

Браты Ісуса, на той час, ня верылі ў Яго і пра гэта кажа ня толькі Ян, але і Марк: «І, пачуўшы гэта, сваякі Ягоныя пайшлі ўзяць Яго, бо казалі, што Ён зьдзівачэў; І прыходзяць браты Ягоныя, і, стоячы вонкі, паслалі да Яго клікаць Яго» (Мар 3:21; 31). І вось, браты Ісуса заклікаюць Яго ісьці ў Ерусалім. Але што тут сказаць? З пазіцыі сваёй зямной логіцы, яны мелі рацыю сцьвярджаючы, што пытаньне пра Мэсію ня можа быць вырашана ў правінцыйнай Галілеі, таму што рэлігійным цэнтрам краіны ёсьць Ерусалім. Бо толькі там, на іх погляд, Ісус можа прыцягнуць да Сябе новыя натоўпы прыхільнікаў, якія сыйдуцца на гэтае сьвята ў Ерусалім. І найбольш спрыяльным часам, каб Ісус абвесьціў у поўны голас Сябе Мэсіей, і быў час вялікага юдэйскага сьвята Намётаў. Чалавеку ўласьціва шукаць сабе вядомасьць, менавіта так і разважалі браты Ісуса. Які сэнс зьдзяйсьняць цуды ў правінцыі, калі можна абвясьціць пра Сябе ў Ерусаліме і паказаць Сябе Тым, за Каго Ён Сябе выдае. З сумам кажа Ян, што нават браты Ісуса ня верылі ў Яго. Блізказьць да Ісуса, ці то родных, ці то тых, хто «крочыў» за Ім, яшчэ не гарантавала сапраўднай веры ў Яго. Браты не разумелі, што служэньне Ісуса завершыцца тым, што навекі зьменіць воблік ня толькі Ізраіля, але і ўсяго сьвету.

Ісус кажа братам, што гэта яшчэ не Яго час. У Яго ёсьць задума, якая будзе раскрывацца паступова. І гэтая задума не была зьвязаная са сьвятам Намётаў, якім бы вялікім яно не было. Задума Ісуса зьвязаная з ключавымі тэмамі Пасхі, да якой было яшчэ паўгады. Што ж тычыцца братоў, дык яны вольныя ісьці куды хочуць і таксама вяртацца, калі пажадаюць. Але ня так з Ісусам, бо Ён Свой шлях вызначае згодна волі Айца. Сьвет ні чым не пагражаў братам Ісуса, паколькі, на той час, яны былі часткаю яго («Вас сьвет ня можа ненавідзець»). Але сьвет ужо ненавідзеў Ісуса, таму што Ён быў «як ня з гэтага сьвету». Ён прыйшоў у гэты сьвет як Сьвятло і прымусіў яго ўбачыць сваю грахоўнасьць і сваё непадпарадкаваньне Богу. У сьвета ёсьць шмат рэлігійных падыходаў, шмат праграмаў, планаў і свае сістэмы каштоўнасьцяў, у адпаведнасьці з якімі ён і дзейнічае. Але Ісус Хрыстос засьведчыў сьвету, што справы ягоныя злыя і менавіта таму, Ён вымушаны быць асьцярожным – дзеля таго, каб у вызначаны Айцом час выканаць Ягоную волю.

«Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята». Слова «яшчэ» у гэтым сказе Ісуса ёсьць вельмі важным, бо калі б яго не было, атрымалася б так, што Ісус сказаў братам няпраўду, бо, як мы даведаемся пазьней, Ён усё ж такі пайшоў на гэтае сьвята ў Ерусалім. Ісус, кажучы так, меў на ўвазе пайсьці ў больш позьні час (незаўважаным), чым пайшлі туды Ягоныя браты. Але, так ці інакш, Ён яшчэ некаторы час заставаўся ў Галілеі, узгадняючы Свае дзеяньні з воляю Айца Нябеснага.

Ян 7:10-18
«Калі ж пайшлі браты Ягоныя, тады і Ён пайшоў на сьвята, ня яўна, але як быццам таемна. А юдэі шукалі Яго на сьвяце і гаварылі: “Дзе Ён?” І шмат размоваў было адносна Яго ў натоўпах: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: “Не, бо Ён падманвае грамаду”. Аднак ніхто не гаварыў адносна Яго яўна дзеля страху перад юдэямі» (Ян 7:10-13).

Таемнае зьяўленьне Ісуса на сьвяце Намётаў тлумачыцца веданьнем Ісуса, што юдэі шукаюць забіць Яго. Між тым, калі ворагі Ісуса шукалі Яго, безумоўна што з нядобрым намерам, у натоўпах ішлі супярэчлівыя размовы пра Яго. Для адных Ён добры, а для іншых – падманшчык. Справа ў тым, што юдэі падыходзяць да гэтага пытаньня не з таго боку. Спачатку яны павінны ўзважыць вучэньне Ісуса, а потым вырашыць, ад Бога Ён ці не. І, на першы погляд, нічога дзіўнага ў гэтым няма, але, паперш чым узважыць вучэньне Ісуса, многія юдэі загадзя вырашылі, што не павінен казаць ім Бог. І калі Ісус казаў ім, ад імя Бога, непрыемныя для іх словы, дык яны адварочваліся ад Яго і ставіліся да Яго вельмі варожа.

Больш таго, юдэі памяталі, што напісана ў Старым Запавеце: «Калі паўстане сярод цябе прарок, альбо той, хто бачыць сны, і пакажа табе знак, альбо цуд, і збудзецца знак, альбо цуд, пра што ён казаў табе, і скажа пры тым: “Хадзем сьледам за багамі іншымі, якіх ты ня ведаеш, і будзем служыць ім”, - дык ня слухай слоў прарока гэтага; бо праз гэта выпрабоўвае вас Госпад, Бог ваш, каб даведацца, ці любіце вы Госпада, Бога вашага, ад усяго сэрца вашага і ўсёй душы вашай»; «А прарока таго альбо тлумача сноў таго трэба аддаць сьмерці» (2 Зак 13:1-3; 5). Ісус жа заклікае іх да нечага новага, што не ўкладаецца ў тыя правілы і пастановы, якія патрабуюць ад іх фарысэі і кніжнікі. З гэтага і ня дзіўна, што многія юдэі прылічылі Яго да ілжэпрарока і падманшчыка. Ісус ведае ўсё гэта, але, ўсё ж, зьяўляецца на сьвяце Намётаў.

«Але ў палове сьвята Ісус увайшоў у сьвятыню і навучаў. І зьдзіўляліся юдэі, кажучы: “Як Ён ведае Пісаньні, не вучыўшыся? Адказаў ім Ісус і сказаў: “Маё вучэньне не Маё, але Таго, Хто паслаў Мяне. Калі хто хоча выконваць волю Яго, той зразумее адносна вучэньня гэтага, ці ад Бога яно, ці ад Сябе Я гавару. Хто гаворыць сам ад сябе, той шукае сваёй славы, а Хто шукае славы Таго, Хто паслаў Яго, Той праўдзівы, і няма ў ім няправеднасьці”.» (Ян 7:14-18).

Ісус вучыў з глыбокім веданьнем і духоўнай праніклівасьцю. І гэта таксама выклікала ў юдэяў пытаньні, бо яны ведалі, што Ісус нідзе не вучыўся, каб так добра вучыць і дасканала ведаць Пісаньне. Звычайна настаўнікі юдаізму спачатку самі вучыліся ў знакамітых настаўнікаў і, на працягу многіх гадоў, удасканальваліся ў ведах і грунтоўных тлумачэньнях Закона. Дастаткова ўзгадаць апостала Паўла, які, будучы яшчэ фарысэем Саўлам, значны час вучыўся ў самога Гамалііла. Як жа Той, Які нідзе не вучыўся, так дасканала ведае Пісаньне і тлумачыць яго сьвежым і зразумелым чынам? Адкуль гэтыя веды і здольнасьці?

З гэтага ж ўзьнікае яшчэ большае пытаньне: «Ісус кажа ад Бога ці дзейнічае па асабістаму разуменьню?» Ісус кажа, што Ён пасланы Богам, каб казаць ім гэта, але праблема ў тым, што юдэі закрылі свой розум і сэрца ад усяго таго, што Бог сапраўды хоча сказаць ім. Чалавек павінен спачатку зразумець, што ён гатовы выконваць волю Госпада, якой бы яна не была і калі ён будзе мець такі настрой, дык словы Ісуса стануць для яго сьвежым і прахалодным напоем у сьпякотны дзень. Гэта тычыцца і ўсіх нас, бо калі гэта так, мы зразумеем, што Ягонае вучэньне – ад Бога. Гэты выклік гучна гучаў пад час служэньня Ісуса Хрыста, гучыць ён і сёньня, для кожнага з нас.

Але, чыю рэпутацыю адстойвае Ісус? Сваю асабістую ці Госпада? Мы ўжо чулі размову Ісуса з братамі, якія заклікалі Яго прыйсьці на сьвята ў Ерусалім, каб у голас абвесьціць пра Сябе. Чаму? Яны хацелі, каб Ён паклапаціўся пра асабістую славу. Яны заклікалі Яго, каб Ён прапаведаваў перад вялікімі натоўпамі і набыў вялікую вядомасьць і славу. Але ці дзеля гэтага прыйшоў Ісус ад Айца на гэтую зямлю? Ён намагаўся памножыць не Сваю асабістую славу, але Божую. І сапраўды, навошта было Яму рабіць тое, што прыносіла толькі бяду і пагражала асабістай бясьпецы. Канчатковы адказ мы атрымаем, калі ўбачым, як Ісус крочыць да сьмерці з-за вернай любові да Бога і самаадданай любові да чалавека гэтага сьвету. Чалавек, які думае толькі пра сваю асабістую славу, ня здольны ахвяраваць сваім асабістым жыцьцём. Ісус не шукаў славы Сабе. Ён быў і застаецца тым, чым павінны быць людзі, якія створаны для таго, каб праслаўляць Госпада і ў гэтым праслаўленьні шукаць духоўную асалоду.


Ян 7:19-30
«Ці ня даў вам Майсей Закона? І ніхто з вас не выконвае Закон. За што шукаеце забіць Мяне? Натоўп адказаў: “Дэмана Ты маеш. Хто шукае забіць Цябе? Адказаў Ісус і сказаў ім: “Адну справу Я зрабіў, і вы ўсе зьдзіўляецеся. Майсей даў вам абразаньне; хоць яно і не ад Майсея, але ад бацькоў, і ў суботу вы абразаеце чалавека. Калі ў суботу абразаецца чалавек, каб ня быў парушаны закон Майсееў, чаму ж вы незадаволеныя Мною, што Я ўсяго чалавека зрабіў здаровым у суботу? Не судзіце па зьнешнасьці, але судзіце судом справядлівым”.» (Ян 7:19-24).

Юдэі ганарыліся тым, што атрымалі Закон ад Майсея і лічылі сябе «ахоўнікамі» яго. Але Ісус выкрываў іхнюю рэлігійную ганарлівасьць, іхнія злыя сэрцы і крывадушнасьць. Тое ж кажуць і іншыя Эвангельлі. Чытаем у Марка: «Ён жа, адказваючы, сказаў ім: “Добра пра вас, крывадушнікаў, прарочыў Ісая, як напісана: Народ гэты губамі шануе Мяне, а сэрца іхняе трымаецца далёка ад Мяне, але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньняў і пастановаў чалавечых» (Мар 7:6-7). Ісус ведаў іх, як ведаў і тое, што яны, кіруючыся сваёй нянавісьцю, шукаюць забіць Яго.

«Адну справу Я зрабіў, і вы зьдзіўляецеся». Ісус кажа ім пра ацалённага Ім безнадзейна хворага чалавека на сажалцы Бэтэзда ў суботу, што выклікала даволі канфліктную сітуацыю. І тут Ісус кажа юдэям пра абразаньне, якое даў Ізраілю Майсей. Згодна гэтай пастановы кожнае немаўлятка мужскога роду павіна было быць абрэзанай на восьмы дзень пасьля свайго нараджэньня. Але, калі гэты дзень прыходзіўся на суботу, дык абразаньне ўсё роўна зьдзяйсьнялася, як бы ў парушэньне «супакоя суботы». Каб ня быў парушаны закон Майсея, зьдзясьнялася нешта такое, што тычыцца часткі чалавечага цела. Але, калі так, ацаленьне ўсяго чалавека ніяк не парушае суботу: «Чаму ж вы незадаволеныя Мною?»

Праблема ж юдэяў складалася з таго, што яны мелі павярхоўнае разуменьне Пісаньняў. Зьвяртаючы ўвагу на другасныя дэталі, яны вельмі часта ня бачылі глыбіннага сэнсу сказанага ў Бібліі: «Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што даяцё дзесяціну з мяты, аніжу і кмену, і пакінулі найважнейшае ў Законе: суд, і міласэрнасьць, і веру; гэтае трэба было рабіць і таго не пакідаць» (Мац 23:23). Не судзіце па зьнешнасьці, заклікае іх Ісус, але судзіце судом справядлівым. Павярхоўны падыход юдэяў да духоўнага і вызначыў іхнія варожыя адносіны да Сына Божага. Знаходзячыся ў духоўнай цемры яны памыляліся і таму Ісус, заклікаючы іх судзіць судом праведным, меў на ўвазе неабходнасьць пакаяньня для іх. Якая ж рэакцыя натоўпу?

«Казалі тады некаторыя з Ерусалімцаў: “Ці ж гэта ня Той, Якога шукаюць, каб забіць? І вось Ён яўна гаворыць, і нічога ня кажуць Яму. Ці не пераканаліся начальнікі, што Ён сапраўды Хрыстос? Але мы ведаем Яго, адкуль Ён. Калі ж прыйдзе Хрыстос, ніхто ня будзе ведаць адкуль Ён”. Усклікнуў тады Ісус у сьвятыні, навучаючы і кажучы: “І Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я, і Я прыйшоў ня Сам ад Сябе, але праўдзівы Той, Які паслаў Мяне, Якога вы ня ведаеце. А Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён Мяне паслаў”. І шукалі, каб схапіць Яго, і ніхто не ўзлажыў на Яго рукі, бо яшчэ не прыйшла гадзіна Ягоная» (Ян 7:25-30).

Мы бачым, што нейкая частка мясцовых жыхароў ведала пра змову фарысэяў забіць гэтага незвычайнага Настаўніка і таму збдзіўлялася сьмеласьці Ягонага вучэньня. І сапраўды, калі Ён Той, Каго шукаюць забіць, дык чаму начальнікі дазваляюць Яму так адкрыта і сьмела прапаведаваць? Ці яны пераканаліся? Ці прыйшлі да высновы, што Ён сапраўды Хрыстос? Гэтае зьдзіўленьне толькі ўзмацнялася, калі яны разважалі паміж сабою пра тое, што Ісус прыйшоў з Назарэта галілейскага. Яны, да гэтага часу, ведалі ад фарысэяў і кніжнікаў, што Мэсія прыйсьці павінен, але невядома адкуль. А тут? Цясьляр з Назарэта.

Сучасным чытачам Эвангельля паводле Яна няцяжка ўбачыць нейкую іронію гэтай сітуацыі. Ісус быў ня проста з Галілеі, але Слова, народжанае ад Дзевы ў Бэтлееме. І ў гэтай якасьці Ён сапраўды заставаўся неспазнаным для большасьці юдэяў (нават і для Сваіх братоў), але да таго часу, калі Ён адкрыўся сьвету на Крыжы і Сваім уваскрасеньнем.

Адказ Ісуса, нейкім чынам, нават і нелагічны. Ён не пачаў прыводзіць нейкія доказы, што Ён наспраўдзе Мэсія, як і тое, што Ягонае зямное паходжаньне – гэта толькі частка Божага плану. Ісус, як гэта часта мы бачым у гэтым Эвангельлі, бярэ ўзроўнем глыбей таго, чаго чакаюць ад Яго юдэі. Ён пагаджаецца, што прыйшоў з Галілеі, але папрок натоўпу Ён абарочвае супраць яго ж. Так, яны ня ўсё ведаюць пра Ісуса, але галоўнае ў тым, што яны ня хочуць усё ведаць пра Бога. Добра б калі яны ведалі Бога, але сумняваліся ў сапраўдным паходжаньні Ісуса Хрыста, - ці ад Бога Ён? Калі б так, дык сумненьне прайшло б, бо Ісус цудамі і ацаленьнямі паказваў ім гэта. Але праўда ў тым, што яны ня ведаюць Бога і таму ня здольныя паверыць у тое, што Ісус – Сын Божы. Безумоўна, што папрок Ісуса да юдэяў раззлаваў іх яшчэ больш і яны шукалі забіць Яго. Але, час і падзеі сьвету знаходзяцца ва ўладзе Госпада і ўсё здараецца па волі Айца. І таму ніхто з юдэяў не ўзлажыў рукі на Ісуса, бо на Ім былі рукі Айца. Час Ісуса яшчэ не прыйшоў.

Папрок і выклік Ісуса Хрыста зьвернуты і да сучаснага грамадзтва. Вельмі часта сучасныя людзі глядзяць на Ісуса і разважаюць пра Яго зусім ня так, як трэба. Чаму так? Таму што іхнія разважаньні грунтуюцца на ілжывых прадумовах адносна Бога і сьвету. Хрысьціянская ж Вестка сьцьвярджае, што, гледзячы на Ісуса, людзям патрабуецца наноў усьвядоміць асноўнае: «Хто ёсьць Бог, што ёсьць сьвет і хто ёсьць чалавек у-ва ўсім гэтым».


Ян 7:31-39
«Многія ж з натоўпу паверылі ў Яго і казалі: “Хрыстос, калі прыйдзе, няўжо ўчыніць больш знакаў, чымсьці Гэты ўчыніў?” Пачулі фарысэі натоўп, які гэтак гаварыў адносна Яго; і паслалі фарысэі і першасьвятары паслугачоў, каб схапілі Яго. Ісус жа сказаў ім: “Яшчэ трохі часу Я буду з вамі, і пайду да Таго, Які паслаў Мяне. Будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце, і дзе Я буду, вы ня зможаце прыйсьці”. Гаварылі тады юдэі між сабою: “Куды Ён мае ісьці, што мы ня знойдзем Яго? Ці ня мае Ён ісьці да грэцкага расьцярушэньня і навучаць грэкаў? Што мае значыць гэтае слова, якое Ён сказаў: “Будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце, і дзе Я буду, вы ня можаце прыйсьці”?”» (Ян 7:31-36).

Так, шмат хто з юдэяў раззлаваліся і шукалі забіць Яго. Але многія, як кажа Ян, прыслухаліся да вучэньня Ісуса і паверылі ў Яго. Яны разважалі пра тое, што знакі, Якія Ён даў ім, сапраўды незвычайныя і наўрад ці Хрыстос стварыў бы болей. І гэта кажа пра тое, што «вера» натоўпу была нейкай адмысловай – меркаванаю і няцьвёрдай. Да сапраўднай жа веры ім было яшчэ далёка, бо яна мусіць адкрыцца ім толькі пасьля сьмерці і ўваскрасеньня Ісуса Хрыста. Але і такая вера была небясьпечнай для фарысэяў, паколькі ставіла пад пагрозу традыцыйнае фарысэйскае вучэньне. Фарысэі ж, як ахоўнікі трыдыцый, усьведамлялі, што ў адносінах да Ісуса неяк трэба вызначацца, а пажадана і радыкальна.

Але, нягледзячы на намер фарысэяў «схапіць Яго», Ісус працягвае вучыць у сьвятыні і кажа: «Яшчэ трохі часу Я буду з вамі, і пайду да Таго, Хто паслаў Мяне». І гэта азначае, што зусім ня шмат часу засталося ў народа Ізраіля, каб вызначыцца адносна Ісуса, бо прыйдзе дзень, калі гебраі заплачуць па Ім, як гэта сказана ў кнізе прарока Захарыі: «І Я выльлю на дом Давіда і на жыхароў Ерусаліму Дух ласкі і маленьня, і яны будуць глядзець на Таго, Якога яны прабілі, і будуць галасіць па Ім, як галосяць па адзіным сыне, і будуць горка плакаць па Ім, як горка плачуць па першародным» (Зах 12:10). А будзе ўжо позна, бо тым, духоўна спрыяльным, часам яны не схацелі скарыстацца. Забягаючы наперад мы ведаем, што Ісус у целе вярнуўся да Айца і туды ёсьць доступ для ўсіх Хрыстовых, але няма для няверуючых.

Далейшыя словы Ісуса прагучалі для юдэяў даволі загадкава і яны не зразумелі пра тое месца, дзе яны не змаглі б Яго знайсьці, бо гебраі расьцерушыліся ня толькі па Рымскай імперыі, але і па-за яе. Ці не зьбяраецца Ісус ісьці да тых юдэяў, якія расьцерушыліся па-за межамі Ізраіля? Дарэмна разважалі яны пра гэтае месца, паўтараючы тое ж пытаньне: «Будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце, і дзе Я буду, вы ня можаце прыйсьці». Але вось, сьвята Намётаў падыходзіць да свайго завяршэньня.

«А ў апошні вялікі дзень сьвята Ісус стаяў і ўсклікнуў, кажучы: “Хто смагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е. Хто верыць у Мяне, як сказана ў Пісаньні, у таго з жывата пацякуць рэкі вады жывое”. Гэта сказаў Ён пра Духа, Якога меліся прыняць тыя, якія вераць у Яго, бо не было яшчэ Духа Сьвятога, бо ня быў яшчэ Ісус праслаўлены» (Ян 7:37-39).

Сьвята Намётаў складалася з выкананьня старажытных рытуалаў і адзін з іх – урачысты праход ад Храма да Сілуамскай крыніцы, дзе сьвятар напаўняў з яго залаты посуд, а хор пеў пра «крыніцу збавеньня»: «І ў радасьці будзеце чэрпаць ваду з крыніц збавеньня» (Іс 12:3). Гэты рытуал зьдзяйсьняўся ў напамін пра тое, як, пад час вандраваньня Ізраіля па пустыні, Бог даў ім піць ваду са скалы: «Расьсёк камень у пустыні, і напаіў іх, як з вялікай бездані; са скалы вывеў патокі, і пацяклі воды, як рэкі» (Пс 77:15-16). Апошні, сёмы дзень сьвята быў самым радасным. І ў гэты дзень, у адрозьненьні ад гебрайскіх сьвятароў, якія вучылі сідзячы, запрашаючы да сябе народ, як да той крыніцы, Ісус громкагалосна заклікаў народ да Сябе, кажучы: «Хто смагне, няхай прыходзіць да Мяне і п’е». Менавіта так Ісус прапанаваў збаўленьне.

Ян тлумачыць, што пад жывой вадою Хрыстос абяцаў дар Духа Сьвятога, Які, жывучы ў веруючым, задаволіць смагу ягонай душы па Богу. Менавіта Ён адраджае чалавека, кіруе ўсім, што чалавек робіць, і ўдасканальвае яго. Мы, мяж тым, мы павінны разумець, што Сьвяты Дух дзейнічаў і сярод людзей старазапаветных часоў, якія служылі Госпаду, будучы пад Ягоным непасрэдным узьдзеяньнем. На момант служэньня Ісуса, Сьвяты Дух яшчэ ня быў дадзены вучням Ягоным, але, Які будзе ў іх заўсёды пасьля дня Пяцідзясятніцы. Менавіта так будзе праслаўлены Ісус на вякі вякоў.


Ян 7:40-52
«Многія з натоўпу, пачуўшы гэта слова, казалі: “Ён, сапраўды, - прарок”. Другія казалі: “Ён – Хрыстос”. А іншыя казалі: “Хіба з Галілеі прыйдзе Хрыстос? Ці ж ня сказана ў Пісаньні, што з насеньня Давідавага і з Бэтлеема, мястэчка, адкуль быў Давід, прыйдзе Хрыстос?” І стаўся дзеля Яго падзел у натоўпе» (Ян 7:40-43).

Мы бачым, што ў народзе, між тым, працягваліся спрэчкі пра тое, хто ж ёсьць Ісус. Адны лічылі Яго прарокам, пра Якога казаў Майсей і ў Чыі вусны будуць укладзены словы Бога, бо менавіта гэтаму Прароку належала сказаць праўду, але ня так жахліва, як казаў Майсей каля гары Сынай. Другія казалі, што Ён і ёсьць Мэсія Хрыстос. Іншыя ж не прызналі Яго, кажучы: «Хіба з Галілеі прыйдзе Хрыстос?» Прарокі Самуіл і Ісая казалі, што Мэсія выйдзе з роду валадара Давіда, а прарок Міхей прадказаў, што Ён народзіцца ў Бэтлееме, горадзе Давіда: «І ты, Бэтлееме – Эфрата, ці ж малы ты сярод тысячаў Юдавых? З цябе пойдзе Мне Той, Які павінен быць Валадаром у Ізраілі, і Якога паходжаньне ад пачатку, ад дзён вечных» (Міх 5:2). Ісус жа на самой справе быў нашчадкам валадара Давіда і быў народжаны ў Бэтлееме, аднак жа народ гэтага ня ведаў і што самае дзіўнае – ня надта і намагаўся гэтае ведаць. І стаўся дзеля Яго падзел у натоўпе.

«Некаторыя ж іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не ўзлажыў на Яго рукі. Тады вярнуліся паслугачы да першасьвятароў і фарысэяў, і тыя сказалі ім: “Чаму вы не прывялі Яго?” Паслугачы адказалі: “Ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек”. Фарысэі тады адказалі ім: “Няўжо і вы падманутыя? Ці паверыў у Яго хто з начальнікаў ці з фарысэяў? Але гэты натоўп, які ня ведае Закона, ён пракляты”. Кажа ж Нікадэм, адзін з іх, які прыходзіў да Яго ўначы: “Няўжо судзіць наш Закон чалавека, ня выслухаўшы яго спачатку і не даведаўшыся, што ён робіць?” Адказалі і сказалі яму: “Няўжо і ты з Галілеі? Дасьледуй і пабач, што з Галілеі прарок не паўставаў”. І пайшоў кожны ў дом свой» (Ян 7:44-53).

Паслугачы, якія былі пасланыя схапіць Ісуса, вярнуліся да фарысэяў ні з чым, кажучы: «Ніколі чалавек не гаварыў так як Гэты Чалавек». І гэта кажа пра тое, што нават і гэтыя людзі бачылі, што Ён – больш за чалавека. І, калі фарысэі хваляцца пра тое, што яны павінны быць нейкім прыкладам нявер’я у Ісуса Хрыста, дык гэта ня што іншае, як гордасьць. Чаму? Таму што, пры ўсім сваім веданьні Закона, яны ня могуць прыняць вучэньне «падманьшчыка», Які, дарэчы, ведае ўсё. І, як мы бачым, некаторыя з іх становяцца прыхільнікамі Ісуса. Вядомасьць Ісуса ў народзе фарысэі тлумачылі неадукаванасьцю натоўпу, які можа лёгка спадзьвігнуцца да спакусы. Народ – невук у Законе і таму ён пракляты Богам, бо калі яны не вывучаюць Божыя пастановы, дык як жа яны могуць разлічваць на Божае дабраславеньне.

Згодна Закона Госпада праз Майсея, як і пастановы фарысэяў ды кніжнікаў, кажуць пра тое, што, па-перш чым абвінаваціць кагосьці, яго належала выслухаць і толькі потым выносіць нейкі прысуд. Нікадэм, разумеючы гэтую справу, паспрабаваў папярэдзіць памылковае рашэньне першасьвятароў. Але, як мы разумеем, Нікадэм не вызнаваў адкрыта сябе вучнем Ісуса Хрыста і таму ня мог паўплываць на рашэньне першасьвятароў. І гэта не патрабавалася ад яго. Ісус сьвядома ішоў на канфлікт з першасьвятарамі і нішто не магло перашкодзіць Ягонаму шляху на Крыж, які і адкрыў Ягонае сапраўднае служэньне дзеля ўсіх нас.


Рецензии