Иоанн 9 1-41
Ян 9:1-41
Прарок Ісая яшчэ за шэсьцьсот год да служэньня Ісуса прадказваў, што часы Мэсіі будуць азначаны шэрагам знакаў. Мэсія, у прыватнасьці, будзе размыкаць вочы сьляпым: «Я, Госпад, паклікаў Цябе ў праўду, і буду трымаць Цябе за руку і ахоўваць Цябе, і пастаўлю цябе запаветам народу, сьвятлом паганам, каб разамкнуць вочы сьляпым» (Іс 42:6-7). Як жа гэтыя словы падыходзяць да тых падзеяў, што адбываліся ў восьмым разьдзеле гэтага Эвангельля, асабліва да той частцы, калі юдэі ўзнамерыліся каменаваць Ісуса. Цуд жа, які мы ўбачым у разьдзеле 9, быў зьдзейсьнены неўзабаве пасьля таго, як Ісус казаў пра Сябе: «Я – сьвятло сьвету» (Ян 8:12). І вось, пацьверджваючы Свае словы, Ён дае зрок сьляпому ад нараджэньня.
Ян 9:1-12
«І, праходзячы, убачыў чалавека, сьляпога ад нараджэньня. І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: “Раббі! Хто саграшыў: ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сьляпы?” Адказаў Ісус: “Не саграшыў ані ён, ані бацькі ягоныя, але каб былі выяўленыя праз яго справы Божыя. Мне трэба рабіць справу Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль дзень; прыходзіць ноч, калі ніхто ня можа рабіць. Пакуль Я ў сьвеце, - сьвятло сьвету”. Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сьліны балота і памазаў балотам вочы сьляпому, і сказаў яму: “Ідзі, абмыйся ў сажалцы Сілаам, - што перакладаецца Пасланы”. Тады той пайшоў, і абмыўся, і прыйшоў відушчы» (Ян 9:1-7).
Праходзячы па Ерусаліму, Ісус убачыў чалавека, які быў сьляпым ад нараджэньня. Тое, што позірк Ісуса спыніўся на гэтым чалавеку, вельмі паказальна, бо становішча сьляпога было безнадзейным. І ў сувязі з гэтым узьнікае цікавы дыялог паміж вучнямі і Ісусам. Вучні выказваюць думкі свайго юдэйскага асяродзьдзя наконт прычынаў становішча гэтага сьляпога. Некаторыя юдэі лічылі, што чалавек, зграшыўшы ў сваім папярэднім існаваньні ці тое адбылося ва ўлоньні маці, можа быць пакараны за гэта ў сваім цяперашнім жыцьці. Версія абсурдная, але яна, тым ня меньш, выліваецца з першай частцы пытаньня вучняў Ісуса. Іншыя ж людзі лічылі, што гэты чалавек пацярпеў сьлепатою з-за грахоў сваіх бацькоў. Вучні перабіраюць гэтыя абставіны, гледзячы на сьляпога чалавека, якога мае быць аздаравіць Ісус.
Ісус адказвае вучням даволі нечакана для іх: «Не саграшыў ані ён, ані бацькі ягоныя». Словы Ісуса зусім не адмяняюць таго, што ўсе людзі грэшнікі, як і сказана ў апостала Паўла: «Бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божае» (Рым 3:23). Ісус мае наўвазе тое, што сьлепата гэтага чалавека не зьяўляецца наступствам нейкага канкрэтнага грэху. Гэта ня так, бо перад намі разварочваецца нейкая іншая гісторыя, больш таямнічая і дзіўная, але разам з тым і суцяшальная. З хаоса і гаротнасьці гэтага сьвету, мудры, любячы і справядлівы Бог стварае нешта новае. Ян, з усёй відавочнасьцю, паказвае нам гэтае аздараўленьне сьляпога як адзін з ярчэйшых эпізодаў свайго Эвангельля, калі Божая праўда супадае з патрэбамі гэтага сьвету. Мы маем убачыць Божы клопат пра нас як і тое, што чым больш безнадзейная трагедыя, тым ярчэй зазьзяе на гэтым фоне творчая і збаўляльная слава Госпада: «Госпад сказаў: “Хто даў вусны чалавеку? Хто робіць нямым, альбо глухім, альбо відушчым, альбо сьляпым? Ці ня Я Госпад?”» (Вых 4:11).
І Госпад пачынае дзейнічаць, бо час адведзены Ісусу для служэньня на зямлі мае свой адлік. Бо ноч, пра якую кажа Ісус – гэтая тая мяжа, за якою бачыцца сьмерць Ісуса Хрыста на Крыжы. Ісус зноў кажа, што Ён – сьвятло сьвету і ў якасьці гэтага сьвятла – Крыніца збаўленьня для тых, хто пойдзе за Ім. Прыйдзе ж час, калі даваць сьвятло сьвету павінны будуць Ягоныя вучні, прыводзячы да Хрыста ўсё новых людзей: «Вы – сьвятло сьвету. Ня можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары» (Мац 5:14). Аповяд Яна гатуе сэрцы і розум людзей да новага Божага тварэньня, - да тога часу, калі Бог стварае ўсё наноў, ствараючы Божае Валадарства.
Сумесь сьліны і зямлі – гэта тое, што аздаравіла сьляпога чалавека. Мы памятаем, што чалавек быў створаны Богам з зямлі: «І стварыў Госпад Бог чалавека з пылу зямнога» (Быц 2:7). Ісус і выкарыстоўвае гэтую жыватворчую сумесь, але найперш для таго, каб абудзіць у сьляпым чалавеку веру. Памазаўшы сьляпому вочы, Ісус пасылае яго да сажалцы Сілаам, што перакладаецца як «Пасланы». Сажалка Сілаам знаходзілася ў паўднёва-усходняй частцы Ерусаліма. Вядома, што вада ў гэтую сажалку прыходзіла з патоку Гіхон па тунэлю, які быў пабудаваны яшчэ валадаром Эзэкіей. Сымбалічна і тое, што Ісус быў Пасланым Айцом Нябесным для прасьвятленьня і збаўленьня людзей ад цемры грэху. Сьляпы ж пайшоў да сажалцы і, абмыўшыся, прыйшоў маючы зрок. А было гэта ў суботу.
«Суседзі ж і тыя, што бачылі яго раней, як быў сьляпы, казалі: “Ці ж ня той гэта, які сядзеў і жабраваў?” Адны казалі: “Гэта ён”, а іншыя: “Падобны да яго”. Ён жа сказаў: “Гэта я”. Тады сказалі яму: “Як адчыніліся вочы твае? Адказаў ён і сказаў: “Чалавек, названы Ісус, зрабіў балота, памазаў вочы мае і сказаў мне: “Ідзі да сажалкі Сілаам і абмыйся”. Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць”. Тады сказалі яму: “Дзе Ён?” Ён кажа: “Ня ведаю”.» (Ян 9:8-12).
Калі людзі бачаць нешта новае, дык гэта іх ня толькі зьдзіўляе, але нейкім чынам і зьбянтэжвае. Аздароўленага Ісусам чалавека не пазнаюць знаёмыя і суседзі, але гэта і ня дзіўна, бо калі Добрая вестка ўрываецца ў жыцьцё чалавека, дык перамяняе яго да такой ступені, што знаёмыя і блізкія пытаюць адзін аднога: «Ці той гэта чалавек, якога мы ведалі?» Але гэта так і гэта праўда. Нараджаецца новы чалавек. Адбываецца цуд ацаленьня ад старога. Жыцьцё перамяняецца. І пытаньне, якое напрошваецца, тое ж самае, што пачуў аздароўлены і маючы зрок чалавек: «Як адчыніліся вочы твае?» Адказ, ад кожнага з нас, больш чым відавочны: «Праз Ісуса Хрыста.» І вось той самы момант, калі ўзьнікае наступнае пытаньне: «Дзе Яго адшукаць?» Той чалавек ня мог адказаць на гэтае пытаньне, бо калі ён разьвітаўся з Ісусам, каб ісьці да сажалцы Сілаама, быў яшчэ сьляпым. Але Эвангельле паводле Яна адказ на гэтае пытаньне дае, бо дзеля гэтага яно і было напісанае. Пакрочым жа далей разам з Янам і мы.
Ян 9:13-23
«Вядуць гэтага былога сьляпога да фарысэяў. А была субота, калі Ісус зрабіў балота і адчыніў яму вочы. Тады ізноў спыталіся ў яго фарысэі, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: “Балота палажыў Ён на вочы мае, і я абмыўся і бачу”. Сказалі тады некаторыя з фарфсэяў: “Не ад Бога гэты Чалавек, бо Ён не захоўвае суботы”. Іншыя казалі: “Як можа чалавек грэшны рабіць гэткія знакі?” І быў падзел між імі. Зноў кажуць сьляпому: “Што ты скажаш пра Яго, бо Ён адчыніў табе вочы?” Той гаворыць: “Гэта прарок”» (Ян 9:13-17).
Адбылося неверагоднае. Сьляпы ад нараджэньня атрымаў зрок. І ўсё гэта адбылося ў суботу. І няма нічога дзіўнага ў тым, што звычайныя людзі вядуць гэтага былога сьляпога да фарысэяў, якія былі аўтарытэтнымі рэлігійнымі знаўцамі і таму маглі патлумачыць гэтую суботнюю дзею з кропкі погляду Закона. Суботні супакой, безумоўна, быў парушаны, бо аздараўляць, калі жыцьцё хворага чалавека не падвяргаецца сьмяротнай небяспецы, як і мясіць нешта з мэтаю аздараўленьня – гэта парушэньне Закона. І вось, дазнаўшыся пра Ісуса, некаторыя фарысэі робяць сваю асабістую выснову: «Не ад Бога гэты Чалавек». Але думкі сярод фарысэяў падзяліліся, бо некаторыя з іх сьцьвярджалі, што грэшны чалавек ня здольны рабіць такія знакі. Не атрымаўшы адзінства сярод свайго ж асяродзьдзя, фарысэі вырашылі зьвярнуць увагу на былога сьляпога і запытаць яго пра Таго, Хто адчыніў яму вочы. Яны чуюць у адказ, што гэта прарок, але гэта іх не задавальняе і яны працягваюць сваё дасьледваньне.
«Юдэі тады не паверылі, што ён быў сьляпы і стаў бачыць, пакуль не паклікалі бацькоў гэтага чалавека, які стаў бачыць, і спыталіся ў іх: “Ці гэта сын ваш, пра якога вы кажаце, што ён нарадзіўся сьляпы? Як жа ён цяпер бачыць?” Бацькі ягоныя адказалі: “Мы ведаем, што ён – наш сын, і што ён нарадзіўся сьляпы. А як цяпер бачыць, ня ведаем, таксама, хто адчыніў яму вочы, мы ня ведаем. Ён дарослы, яго спытайцеся; няхай сам пра сябе скажа”. Так казалі бацькі ягоныя, таму што баяліся юдэяў, бо юдэі ўжо дамовіліся, каб калі хто прызнае Яго за Хрыста, адлучыць ад сынагогі. Дзеля гэтага бацькі ягоныя сказалі: “Ён дарослы, яго спытайцеся”» (Ян 9:18-23).
Казаць, што фарысэі не напужаліся гэтай цудоўнай зьяве – нічога не казаць. Яны напужаныя зьяўленьнем нейкай новай плыні ў юдаізьме. І сапраўды, усё было як было, а тут такое. Сьляпы стаў бачыць. І ў нейкай надзеі, што гэта нейкі падман, фарысэі патрабуюць паклікаць бацькоў гэтага чалавека. Фарысэі звыклі да таго, што зьнешні сьвет і паганскія рэлігіі зьяўляюцца ворагамі выбранага народу. Але вось, сярод гэтага народу зьяўляецца чалавек, які дзейнічае ад імя адзінага і сапраўднага Бога. І зьдзяйсьняе ўчынкі, ад якіх існуючая сістэма юдэйства трашчыць па швах. А з гэтым яны мірыцца не зьбіраюцца. І таму мы бачым бацькоў аздароўленага на сьляпату чалавека. І страх!
І вось, той жа страх. Класічны страх перад невядомым, якое ніяк не ўкладаецца ў сістэму юдаізма. Бацькі былога сьляпога мелі той пэўны страх для назвы Ісуса Мэсіей, бо гэта магло мець працяг у ўзаемаадносінах паміж імі і «законапаслухмянымі» юдэямі. Яны так напужаліся, што вырашылі перакласьці ўсю адказнасьць за гэтае на свайго сына. І гэта так, бо паўналетні чалавек павінен вырашаць свае праблемы самастойна. Безумоўна, што, па Закону, дарослы сын вырашае свае дзеі сам, але ці такая любоў бацькоў да свайго сына? Сам жа Ян і адказвае на гэтае пытаньне ў іншай сваёй кнізе: «Страху няма ў любові, але дасканалая любоў прэч выганяе страх, бо ў страху ёсьць мучэньне; а хто баіцца, той у любові недасканалы» (1 Ян 4:18). Як бы тое не было, але бацькі гэтага аздароўленага чалавека вырашылі за лепшае адыйсьці ў бок ад гэтага цуда. Для Яна ж гэта ня так, бо для яго любоў і аздараўленьне – неад’емная частка новага стварэньня ад Ісуса і праз Яго. Але, які адказ ад фарысэяў?
Ян 9:24-34
«Тады другі раз паклікалі таго чалавека, які быў сьляпы, і сказалі яму: “Аддай славу Богу. Мы ведаем, што Чалавек Той – грэшнік”. Ён жа адказаў і сказаў: “Ці Ён – грэшнік, ня ведаю. Адно ведаю, што я быў сьляпы, а цяпер бачу”. Дык ізноў сказалі яму: “Што Ён зрабіў табе? Як Ён адчыніў твае вочы?” Адказаў ім: “Я ўжо казаў вам, і вы ня слухалі. Што яшчэ хочаце пачуць? Няўжо і вы хочаце стацца вучнямі Ягонымі?” (Ян 9 24:27).
Яны прымаюць довад бацькоў і намагаюцца ціснуць на аздароўленага чалавека, каб ён засьведчыў супраць Ісуса. Словы фарысэяў, што Ісус ёсьць грэшнік ня простыя, як і заклік праславіць Бога, бо яны нясуць у сабе ня што іншае як вызнаньне асабістай віны, калі аздароўлены чалавек возьме бок Ісуса. Фарысэі ведалі што казалі, бо зьвярталіся да Старога Запавета: «Узьнясеце славу Госпаду Богу нашаму, пакуль Ён яшчэ не навёў цемры, і пакуль яшчэ ногі вашыя не спатыкаюцца на горах мораку: тады вы будзеце чакаць сьвятла, а Ён абярне яго ў цень сьмерці і зробіць цемраю» (Ерам 13:16). І тут вельмі цікавы працяг. Аздароўлены чалавек пацьверджвае, што ён атрымаў зрок такім цудным чынам, а не прыкідваўся сьляпым увесь гэты час. Фарысэі не супакойваюцца і намагаюцца падлавіць яго на нейкіх дробных дэталях.
Цікавая сітуацыя. Фарысэі, як, дарэчы, і аздароўлены чалавек, зьвяртаюцца да Госпада. Гэта нечым падобна на ваенны канфлікт паміж хрысьціянскімі краінамі, дзе абодва бакі заклікаюць да Госпада, каб атрымаць перамогу. Фарысэі намагаюцца аддзяліць Ісуса ад Бога. Калі і здарыўся гэты цуд, дык гэта Божая справа, але толькі не Ісуса, Які ёсьць грэшнік. Аздароўлены ж чалавек, разгублены і настрашаны, настойвае на рэальнасьці гэтага цуда Ісуса. Для яго гэта азначае, што праз Ісуса дзейнічае Бог. Як усё няпроста ўспрымаецца гэта сучасьнікамі Ісуса і як цяжка вызначыць ім на чыім баку знаходзіцца Госпад. Юдэі ўпэўнены, што Ісус парушыў суботу, а гэта азначае што Ён – грэшнік і таму ня можа зьдзяйсьняць волю Бога. Ян дае зразумець нам, што суботнія абмежаваньні не заўсёды правільныя. Бог стварае ўсё новае – новы сьвет надзеі і аздараўленьня. Але фарысэі ўпарта чапляюцца за асабістае тлумачэньне Закона, не пагаджаючыся з былым сьляпым чалавекам.
«Тады насварыліся на яго і сказалі: “Гэта ты – Ягоны вучань, а мы – вучні Майсея. Мы ведаем, што з Майсеем гаварыў Бог, а гэтага ня ведаем, адкуль Ён”. Адказаў той чалавек і сказаў ім: “Гэта і дзіўна, што вы ня ведаеце, адкуль Ён, а Ён адчыніў мае вочы. Мы ж ведаем, што грэшнікаў Бог ня слухае; але хто пакланяецца Богу і волю Ягоную выконвае, таго слухае. Ад веку не чуваць было, каб хто адчыніў вочы народжанаму сьляпым. Калі б Ён ня быў ад Бога, ня мог бы нічога ўчыніць”. Адказалі і сказалі яму: “У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты нас вучыш?” І выгналі яго прэч» (Ян 9:28-34).
«Мы – вучні Майсея»- кажуць фарысэі. А калі гэта так, дык яны павінны былі ведаць ня толькі тое, што Майсей даў Ізраілю Закон ад Бога. Майсей, да таго ж, паказаў і гісторыю ўзаемаадносінаў Бога і Ізраіля, дзе ёсьць пачатак і працяг, але няма кульмінацыі. Ян жа паказвае ўсім, што Ісус і ёсьць тая сапраўдная кульмінацыя, да якой гэта гісторыя і імкнецца. І калі фарысэі лічаць сябе вучнямі Майсея, яны павінны былі паразважаць і над гэтым пытаньнем, каб на прыкладзе гэтага цуда (ды і ня толькі гэтага) высьветліць сапраўдную прыроду Ісуса Хрыста. Дык хто тут сьляпы? Гэты чалавек, які «разглядзеў» Ісуса ці фарысэі, якія апроч сябе нічога ня бачаць? Яны ўпэўненыя, што і без Ісуса ведаюць адказ на пытаньне пра гэтага сьляпога: «Раббі! Хто саграшыў: ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сьляпы?» Фарысэі ня маюць сумненьня ў тым, што ён нарадзіўся цалкам у грахах. А таму і выганяюць яго прэч.
А зараз перанясемся ў наш час, калі аднойчы, дзякуючы Ісусу Хрысту, адчыніліся нашыя вочы. Духоўныя вочы. І мы бачым, як фарысэйствуючы сьвет намагаецца патлумачыць гэта асабістымі вачамі і асабістым разуменьнем. Мала што зьмянілася з тых часоў, але мы, як і той чалавек, абавязаны трымацца цудоўнага дзеяньня Хрыста: «Адно ведаю, што я быў сьляпы, а цяпер бачу». І гэта, іншым разам, ня так лёгка, але лепш заплаціць за гэта пэўную цану, чым адмаўляць тую радасьць і дабро, якія, праз Ісуса Хрыста, стварыў нам Бог.
Ян 9:35-41
«Пачуў Ісус, што выгналі яго прэч, і, знайшоўшы яго, сказаў яму: “Ці верыш ты ў Сына Божага? Той адказаў: “А хто Ён, Пане, каб мне верыць у Яго? Ісус жа сказаў яму: “І ты бачыў Яго, і Той, Які гаворыць з табою,- гэта Ён”. Ён жа сказаў: “Веру, Госпадзе!” І пакланіўся Яму. І сказаў Ісус: “На суд прыйшоў Я ў сьвет гэты, каб тыя, што ня бачаць, бачылі, а тыя што бачаць, зрабіліся сьляпыя”. І пачулі гэта тыя фарысэі, якія былі з Ім, і сказалі Яму: “Няўжо і мы сьляпыя?” Ісус сказаў ім: “Калі б вы былі сьляпыя, ня мелі б грэху. Але цяпер вы кажаце, што бачыце, таму грэх ваш застаецца» (Ян 9:35-41).
Працу ўсталяваць у сьвеце Божы суд і прывесьці ўсё ў парадак – гэта, па думцы многіх гебрайскіх мысьліўцаў, галоўная задача Мэсіі, Якога Бог пашле ў сьвет. У кнізе Данііла мы чытаем пра Сына Чалавечага, Які ўзьнясецца і сядзе праваруч Бога, атрымаючы пры гэтым права судзіць гэты сьвет. Ці не пра гэта пытаньне Ісуса да народжанага сьляпым і аздароўленага, які, пры гэтым, быў выгнаны з сынагогі: «Ці верыш ты ў Сына Божага?» Адказ былога сьляпога не зьдзіўляе, бо гэта было з кожным, хто прыйшоў да Ісуса Хрыста: «А хто Ён, Пане, каб мне верыць у Яго?» Шлях гэтага чалавека зразумелы, бо ён ужо абвесьціў Ісуса прарокам і мужна сьведчыў пра тое, што менавіта Ісус адчыніў яму вочы. Застаецца толькі адзін крок, каб вызнаць у Ісусе ня толькі прарока, але і Таго, праз Якога прыходзіць Божае сьвятло, праўда і сьвятасьць. І гэты крок робіцца, калі мы чуем гэтыя словы і дзеяньне: «Веру, Госпадзе! І пакланіўся Яму.» Але ня так з фарысэямі.
Пазіцыя фарысэяў, якія чапляюцца за свае прынцыпы насуперак відавочным сьведчаньням, зусім іншая. Яны пабудавалі сваю асабістую сістэму, якая не дазваляе ўсьвядоміць сваю неправату. Адна справа – шчырая памылковасьць, якая, дарэчы, дае шанец прыняць праўду, але іншая справа – утрыманьне закрытага сьвету, дзе няма доступу да разуменьня праўды. Апостал Павал менавіта пра іх і кажа: «Яны, пазнаўшы пастанову Божую, што тыя, хто гэткае ўчыняе, вартыя сьмерці, ня толькі гэтае робяць, але і згаджаюцца з тымі, хто робіць» (Рым 1:32). Так, хто ж вырашае? Новы Запавет адказвае, што вырашае Ісус. І мы тое добра ведаем, што місія Ісуса працягнута Сьвятым Духам, але Ісус самастойна нясе ў сьвет праўду і сьвятло. Улада няпраўды вельмі моцная, але толькі з Ісусам мы здольныя ўпэўніцца, што, як і гэты сьляпы ад нараджэньня, мы набываем веру і адкрываемся Божаму сьвятлу.
Свидетельство о публикации №226032101959