Иоанн 10 1-42

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЯНА


Ян 10:1-42

Упадабленьне людзей авечкам, якія ідуць за сваім пастырам, было заўсёды папулярным на Сярэднім Усходзе. Пастырамі называлі сябе валадары і сьвятары, якія мелі ўладу над сваімі падданымі. Сустракаецца гэтая аналогія і ў Бібліі, напрыклад ў псальмах: «Госпад – Пастыр мой; я ніякай нястачы ня маю. Ён пасьвіць мяне на пашах зялёных, на ціхія воды водзіць мяне. Ён душу маю мацуе, кіруе мяне на сьцежкі праўды дзеля імя Свайго» (Пс 22:1-3). Стары Запавет паказвае нам такіх мужоў як Абрагам, Ісак, Якуб, Майсей і Давід, якія, ў літаральным сэнсе, былі пастырамі – пастухамі. Але, акрамя гэтага, яны сталіся і духоўнымі пастырамі Ізраіля. Ісус Хрыстос выкарыстоўвае гэтую аналогію і ў Новым Запавеце, каб паказаць людзям, што менавіта Ён, будучы сапраўдным Пастырам, прыйшоў шукаць Свае авечкі, якія, чуючы і пазнаючы Ягоны голас, ідуць да Яго.


Ян 10:1-10
«Сапраўды, сапраўды кажу вам: “Хто не дзьвярыма ўваходзіць у авечы двор, але ўлазіць іначай, той злодзей і разбойнік. А хто ўваходзіць дзьвярыма, той – пастыр авечак. Яму прыдзьвернік адчыняе, і авечкі слухаюць голас ягоны, і ён кліча сваіх авечак па імёнах, і выводзіць іх. І калі выведзе сваіх авечак, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць голас ягоны. За чужым жа ня пойдуць, але ўцякуць ад яго, бо ня ведаюць чужога голасу”. Гэтую прыказку сказаў ім, але яны не зразумелі, што такое Ён гаварыў ім» (Ян 10:1-6).

Мы бачым ранішнюю працэдуру працы пастыра – пастуха. Пастух заходзіў праз дзьверы у авечы загон – прасторнае памяшканьне, дзе ўтрымліваліся, як правіла, некалькі статкаў авечак. Адпаведна і пастухі, у гэтым выпадку, былі розныя. Кожны на свой статак. Дык вось, пастухі, якія ўваходзілі сюды, клікалі кожны сваіх авечак па імёнах. І авечкі, чуючы знаёмы голас, ішлі толькі да свайго пастыра. Пастух выводзіў свой статак і вёў яго пасьвіцца, ідучы наперадзе статка. Авечкі ня толькі ня ідуць на незнаёмы голас, яны бягуць ад яго.

Думка гэтай прыказкі Ісуса ў тым, што людзі павінны імкнуцца да Бога, Які кліча іх. Голас жа Госпада яны павінны адрозьніваць ад усіх іншых галасоў. Але, на жаль, людзі не пазнаюць (ці ня хочуць пазнаваць) у Ісусе голас Госпада – сапраўднага Пастыра Сваіх авечак. Чаму ўсё ж юдэі не зразумелі Ісуса? Не выклікае пытаньняў тое, што слухачы Ісуса добра ведалі пра ўзаемаадносіны пастухоў і авечак. Яны не разумеюць, чаму Ісус гаворыць ім пра тое, што ім і так добра вядома. Ісус жа кажа ім пра ўзаемаадносіны Госпада і імі самімі. А гэтага яны як раз і не зразумелі. Ісус, бачачы ўсё гэта, намагаецца патлумачыць сутнасьць сказанага Ім.

«Тады ізноў сказаў ім Ісус: “Сапраўды, сапраўды кажу вам, што Я – дзьверы авечак. Усе, якія прыходзілі раней за Мяне, - злодзеі і разбойнікі, але авечкі не паслухаліся іх. Я – дзьверы. Хто ўвойдзе праз Мяне, збаўлены будзе, і ўвойдзе, і выйдзе, і пашу знойдзе. Злодзей прыходзіць, каб толькі ўкрасьці, забіць і загубіць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыцьцё і мелі ўдосталь”» (Ян 10:7-10).

У гэтым сьвеце пастыр і авечкі вельмі зьвязаныя і такую ж сувязь належала захоўваць паміж валадаром і ягоным народам. З дапамогаю гэтага вобраза Ісус тлумачыць Сваё прызначэньне як сапраўднага Валадара Ізраіля. Заўважым, што Ён кажа пра Сябе ў параўнаньні з ілжывымі пастухамі. Але хто яны – гэтыя злодзеі і разбойнікі? Безумоўна што тыя, хто прыходзілі да Ісуса і прыйдуць пасьля, але якія не ад Бога. Адна справа – падбіваць народ на бойку з Рымам ці наадварот, умацоўваць свае адносіны з цэзарам дзеля ўмацаваньня сваёй асабістай улады. Ісус адкрывае яшчэ адну старонку сапраўднага пастыра. Пастыр – гэта жывая дзьвер, якая дае бясьпеку авечкам і, падобна Госпаду ў знакамітым псальме, назірае за тым, як яны ўваходзяць і выходзяць: «Дапамога нашая ў імені Госпада, Які стварыў неба і зямлю» (Пс 123:8). Пастыр не свае інтарэсы абараняе, бо авечкі – вось што галоўнае. І мы бачым праз гэта Ісуса Хрыста.

Абяцаньне ад Ісуса паўнавартаснага жыцьця – жыцьця з лішкам, праходзіць праз усе часы. Яно тычыцца і нас з вамі, бо мноства злодзеяў і разбойнікаў распавядала няпраўду, уводзіла авечак у падман, пакідаючы ім пагібель. Але, як раней так і сёньня, гучыць заклік Эвангельля да авечак Ісуса: «Прыслухайцеся да голасу Хрыста, шукаючы жыцьцё толькі ў Ім, каб мець жыцьцё і мець удосталь.» 


Ян 10:11-18
«Я – Пастыр добры. Добры пастыр аддае душу сваю за авечак, а найміт, які ня пастыр, для якога авечкі не свае, бачыць, што прыходзіць воўк, і пакідае авечак, і ўцякае, і воўк хапае іх, і разганяе авечак. Найміт жа ўцякае, бо ён найміт і ня рупіцца пра авечкі. Я Пастыр добры і ведаю, хто Мае, і Мае ведаюць Мяне. Як Айцец ведае Мяне, і Я ведаю Айца, і душу Маю аддаю за авечак. Маю Я і іншых авечак, якія ня з гэтага двара, і іх Я мушу прывесьці. І яны пачуюць голас Мой, і станецца адзін статак і адзін Пастыр. За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю душу Маю, каб ізноў узяць яе. Ніхто не забірае яе ў Мяне, але Я Сам аддаю яе. Маю ўладу аддаць яе і маю ўладу ізноў узяць яе. Гэтае прыказаньне атрымаў Я ад Айца Майго» (Ян 10:11-18).

Ісус раскрывае Сябе і Сваё служэньне для збаўленьня тых, хто пазнае Ягоны голас. Ён паказвае людзям вобраз пастыра і авечак з некалькі іншым разуменьнем. Добры пастыр – гэта той, хто не шкадуе свайго жыцьця за сваіх авечак. Вызначыць сапраўднасьць пастыра дапаможа сітуацыя, дзе той апынецца перад выбарам. Прыходзіць люты драпежнік і ўсё стаецца на свае месцы, бо добры пастыр не зьбяжыць, захоўваючы сябе, а аддана і адважна, як Давід, будзе абараняць свой статак: «І сказаў Саўлу Давід: “Раб твой пасьвіў авечкі ў бацькі свайго, і калі, бывала, прыходзіў леў, або мядзьведзь і задзіраў авечку ў статку, дык я гнаўся за ім і нападаў на яго і адбіраў з пашчы ягонай; а калі ён кідаўся на мяне, дык я браў яго за касмачы і біў яго і забіваў яго» (1 Вал 17:34-35). Нават і да сьмерці, бо добры пастыр прыме гэта за бясьпеку свайго статку. Ісус, да таго ж, раскрывае вялікую перспектыву, калі кажа, што Ягоны статак павялічыцца авечкамі ня з гэтага двара. Але, пра што гэта Ён?

Тагачасныя авечкі – гэта народ Ізраіля. Ісус зьбірае іх і тыя, хто пазнаў гэты заклік, прыходзяць да Яго. Прарокі і мудрацы Ізраіля ня раз ужо казалі, што інтарэсы Госпада выходзяць за межы самога Ізраіля. Збаўленьне Ізраіля зьдзяйсьняецца як частка збаўленьня ўсяго сьвету. Іншая справа, што гэтая частка павінна была быць першай. Ісус кажа: «Маю Я і іншых авечак, якія ня з гэтага двара», а гэта ёсьць вялікая грамада з усіх народаў, якую мае Бог збавіць праз Ісуса. Гебрайскі Мэсія станецца Госпадам і Пастырам для ўсіх. І сапраўды, вось ўжо амаль што дзьве тысячы год Ісус працягвае збаўляць людзей, якія чуюць і пазнаюць Ягоны голас праз Эвангельле. Мы можам бачыць гэта на прыкладзе служэньня апостала Паўла, калі Госпад кажа яму пра Свой статак у Карынце: «Госпад жа сказаў Паўлу ў відзежы ў начы: “Ня бойся, але гавары і не маўчы, бо Я з табою, і ніхто ня ўчыніць табе зло, бо шмат Майго народу ў горадзе гэтым”» (Дзеі 18:9-10). І будзе адзін Пастыр і адзін статак, які складаецца як з юдэйскага, так і з паганскага «двара», якія аб’яднаюцца ў адным целе, Галава якога – Ісус Хрыстос.

Ахвярнасьць служэньня Свайму статку Ісуса, выліваецца ў словы пра Сваю хуткую і немінучую сьмерць. Але Ён, пры гэтым, тлумачыць пра дабраахвотнасьць гэтай ахвяры, як і пра тое, што Ён мае ўладу як над сьмерцю, так і над жыцьцём. Калі ж авечкі ўсьвядомяць, што Ён памёр за іх, яны будуць вельмі ўдзячныя за сваё збаўленьне і скажуць: «Добры Пастыр, Які ахінае нас Сваёй бязьмежнай і ахвярнай любоўю».


Ян 10:19-30
«Тады зноў стаўся падзел між юдэямі дзеля гэтых словаў. Многія з іх казалі: “Ён мае дэмана і вар’яцее; што вы слухаеце Яго?” Другія казалі: “Гэта словы не апанаванага дэманам. Ці ж можа дэман адчыняць вочы сьляпым?” І сталася ў Ерусаліме сьвята Абнаўленьня, і была зіма. І хадзіў Ісус у сьвятыні у прысенку Салямонавым» (Ян 10:19-23).

Напружанасьць і небясьпека ўжо зусім яўна адчуваецца пасьля заявы Ісуса, што Ён ёсьць Добры Пастыр Ізраіля. Гэта выглядае ў вачах фарысэяў, як непасрэднае пасягальніцтва на іхнюю ўладу сярод юдэяў. І таму зноў уздымаецца вялікі лямант: «Ён мае дэмана і вар’яцее». А што іншага чакаць ад людзей, якія бачылі Ягоныя цуды і слухалі Яго, але цьвёрда вырашылі не прызнаваць у гэтым дзеі Бога жывога? Але, на гэты раз, адказвае на абвінавачваньні ня Сам Ісус, а даволі ўпэўненыя воклічы з натоўпу: «Гэта словы не апанаванага дэманам. Ці ж можа дэман адчыняць вочы сьляпым?» Нейкія авечкі пачулі Ягоны голас, адгукнуліся на яго і пайшлі за Ім.

Два месяцы прайшло з таго часу, калі Ісус вучыў у Храме пад час сьвята Намётаў. І вось зараз прыйшоў час сьвята Абнаўленьня – Ханукі (Пасьвячэньне). Гэтае сьвята было напамінам ачышчэньня Храма Юдай Макабэем у 165 годзе да Р.Х. пасьля таго як Храм быў апаганены сірыйскім валадаром Антыёхам IV, які ўсталяваў у ім ідалаў. За тры гады да гэтага вораг, прыйшоўшы ў Ерусалім, акрамя разбурэньня гораду, апаганіў і Храм Ізраіля. І вось, зноў былі прынесеныя ахвяры, запаленыя сьвяцільні і ўзьнесена малітва Госпаду нябёсаў і зямлі. З гэтага часу і вызначана было сьвяткаваньне гэтай падзеі. Сьвята Ханукі прыходзіцца на 25 дзень гебрайскага месяца «кісьлева», што супадае з нашым сучасным снежнем. Восем дзён штогодна сьвяткавалася гэтая падзея ў жыцьці Ізраіля. Гэта быў той час, калі юдэі дзякавалі Богу за абнаўленьне Храма і разважалі над сэнсам валадарскай улады. І вось, прыходзіць Ісус і прапаведуе пра Пастыра – Валадара, Які выкрые злодзеяў і разбойнікаў, што зводзяць народ у бок ад Бога Ізраіля.

«Тады абступілі Яго юдэі і сказалі Яму: “Дакуль будзеш трымаць душу нашу? Калі Ты – Хрыстос, скажы нам адкрыта”. Адказаў ім Ісус: “Я казаў вам, і ня верыце; справы, якія Я раблю ў імя Айца Майго, яны сьведчаць пра Мяне. Але вы ня верыце, бо вы не з Маіх авечак, як Я сказаў вам. Авечкі мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю, і Яны ідуць за Мною. І Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць на вякі, і ніхто не выхапіць іх з рукі Айца Майго. Я і Айцец – адно”» (Ян 10:24-30).

Юдэі абступілі Ісуса з патрабаваньнем пацьверджаньня, што Ён – Хрыстос. Навошта? Ці мог звычайны чалавек зрабіць такую заяву? А паколькі яны лічылі Ісуса звычайным чалавекам, дык гэта магло выглядаць блюзьнерствам, а вынікі гэтага вядомыя. Звычайная чалавечая пастка. Ісус не вядзецца на гэта і зноў засяроджвае ўвагу на Свае справы, што пацьверджваюць Ягонае паходжаньне ад Айца. Айцец сапраўды паслаў Яго, але юдэі гэтага не прымаюць, бо Ён не падобны на Майсея ці на Юду Макабэя. Яны спатыкнуліся на Ісусе з-за сваёй духоўнай абмежаванасьці і недастатковасьці веры, як гэта і кажа Ісус: «Але вы ня верыце, бо вы не з Маіх авечак». Простая канстантацыя факту, але і не зусім, бо разам з тым – гэта словы пра Божае выбраньне. Але, пра што гаворка?

Вечнае жыцьцё – гэта дар ад Бога: «Бо плата за грэх – сьмерць, а дар ласкі Божай – жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым» (Рым 6:23). Вечнае жыцьцё – гарантыя бясьпекі веруючага ад Таго, Хто абараняе Свой статак. І дзе няма сумнёўнай здольнасьці саміх «авечак» абараніць саміх сябе, як і ўсьведамленьне таго, што ніхто ня выхапіць веруючага ад свайго Бога. Ісус зноў вяртаецца да тэмы пастыра і авечак, дзе кажа пра тое, што Ён будзе прыглядаць за імі нават і тады, калі фізічная сьмерць прыступіць да іх. Чаму Ісус упэўнены ў гэтым? Таму што Ягонае абяцаньне грунтуецца на непарыўнай сувязі з Айцом, бо Ягоны статак – гэта статак, які даў Яму Айцец.

Гэта нашая хрысьціянская надзея на тое, што вечная будучыня па той бок ад фізічнай сьмерці ня проста нейкі сьляпы аптымізм на тое, што ўсё будзе добра. Нашая вера грунтуецца на зьвязе Ісуса Хрыста з Айцом, і гэты зьвяз – адна з асноўных тэмаў Эвангельля паводле Яна. Калі Ісус кажа: «Я і Айцец - адно», Ён ня мае на ўвазе, што гэта адна Асоба. Сэнс гэтых словаў у тым, што Ісусам сьцьвярджаецца адзінства мэты – збаўленьне статку, дадзенага Айцом Ісусу Хрысту.


Ян 10:31-42
«Тады ізноў юдэі ўзялі камяні, каб укаменаваць Яго. Адказаў ім Ісус: “Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго. За які з іх хочаце Мяне ўкаменаваць?” Юдэі адказалі Яму, кажучы: “Не за добры ўчынак хочам укаменаваць Цябе, але за блюзьнерства, і што Ты, будучы чалавекам, робіш Сябе Богам”. Ісус адказаў ім: “Ці не напісана ў Законе вашым: “Я сказаў: “Вы – богі”?” Калі Ён назваў багамі тых, да якіх было слова Божае, і ня можа быць парушана Пісаньне, як Таму, Каго Айцец асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце: “Блюзьніш”, таму што сказаў: “Я – Сын Божы”? Калі Я не раблю ўчынкаў Айца Майго, ня верце Мне. Калі ж раблю, калі Мне ня верыце, дык верце ўчынкам Маім, каб спазналі і паверылі, што Айцец у-ва Мне, і Я ў Ім”» (Ян 10:31-38).

Аднойчы я напаткаў гісторыю, якая найлепшым чынам адпавядае вось гэтаму «дыялогу» паміж Ісусам і юдэямі. Ня ведаю, сапраўдная гэтая гісторыя ці не, але гэта і ня так важна. Вось гэта гісторыя. У адным горадзе існавала суполка знакамітых музыкаў. І вось прыйшоў час, калі заснавальнік гэтай суполцы памёр. Сярод ягоных рэчаў знайшоўся аркуш нотнай паперы, на якой быў складзены нейкі складаны музычны твор. І самым нечаканым (і безумоўна прыемным) было тое, што гэты музычны аркуш прызначаўся як спадчына для гэтай суполцы. Твор быў прызначаны для сольнага выкананьня на скрыпцы. Лепшыя скрыпачы пачалі спробы выкананьня гэтага твору, але ў іх многае не атрымлівалася. Такая складаная была гэтая мелодыя. Пасьля шматлікіх спробаў, музыкі, паступова, закінулі гэты занятак і выконвалі тыя мелодыі ці творы, якія ім былі лёгкімі для выкананьня.

Прайшло шмат гадоў. І вось, у гэты горад, прыйшоў нейкі чалавек, які, з усёй маёмасьці, меў толькі скрыпку. Ён пасяліўся ў пакоі, які выходзіў на галоўную плошчу гэтага гораду. Праз нейкі час, людзі пачулі цудоўнейшую мелодыю, якая вылівалася праз край гэтага пакою на галоўную плошчу горада. Прыйшлі падзівіцца на гэта і сябры суполцы музыкаў, якія пачулі тую мелодыю, якую яны так і ня здолелі прайграць. Што тут пачалося. Некаторыя віталі такога віртуоза, але большасьць абурылася на яго, кажучы: «Гэта нашая мелодыя, якая ёсьць нашай спадчынай. Ці мае ён права на выкананьне гэтай мелодыі?»

Я – сын аўтара і навучыўся гэтай мелодыі ад бацькі. Больш таго, ён залічыў мяне ў вашую суполку перад сваёй сьмерцю, бо, як старшыня, ён меў на гэта права. Раз’юшаныя музыкі крычалі: «Гэта лухта і такога ня можа быць. Ня трэба нам гэтага ў нашым горадзе». У выніку, на наступны дзень, гэты чалавек сыйшоў з гэтага гораду і ніколі болей у ім не гучала гатая цудоўная мелодыя. Але, перасунемся ад гэтай драмы да Эвангельля.

Ісус цытуе ўрывак з біблійнага верша псальма 81, які кажа: «Я сказаў: “Вы – багі, і сыны Ўсявышняга – усе вы; але вы памраце, як людзі, і ўпадзяце, як кожны з князёў» (Пс 81:6-7). Многія мысьліўцы казалі пра тое, што гэты псальм кажа пра сыноў Ізраіля, калі Бог даў ім Закон на гары Сыён, як спадчыну для іх. Ці ня бачым мы тое ж, калі заснавальнік суполцы музыкаў даў ім у спадчыну аркуш з нотамі цудоўнай мелодыі. Людзі зрабіліся багамі, толькі таму, што атрымалі Закон (ці спадчыну ў выглядзе мелодыі, якую ніхто ня здольны выканаць?). Калі б толькі сыны Ізраіля разумелі гэта і выконвалі волю Бога. Многія намагаліся выканаць Закон, але нічога з гэтага не атрымалася. Былі ж і тыя, што стаялі на варце гэтага Закона, назіраўшы за ягоным выкананьнем. І вось, прыйшоў Чалавек, Які не прыналежыў да суполкі законьнікаў, але Які рабіў справы, што давалі падставы думаць пра Ягоны сапраўдны статус. Ён быццам бы грае тую незвычайную мелодыю, якую так і не змаглі выканаць, нават і самыя знакамітыя, музыкі.

Зьвяз боскага і чалавечага, што ёсьць служэньне Хрыста, і ёсьць тое спалучэньне дзіўнай, упартай і дэлікатнай мелодыі Госпада ў нашую чалавечую сутнасьць. І мелодыя, дадзеная нашай чалавечай суполцы ня ёсьць безсэнсоўная, бо Кампазітар нашага быцьця ад самага пачатку прадугледзеў, што аднойчы Ягоны Сын прыйдзе да нас і пакажа нам тую музыку, якую ніхто з нас выканаць ня здольны. Ці павінны мы ўпарціцца і не прымаць тую цудоўную мелодыю, якую стварыў для нас Айцец?. Так, не павінны. Але і шмат тых, хто упарціцца, як тыя на плошчы перад дасканалейшай мелодыяй, якую яны ня здолелі выканаць, і таму, адмаўляючы нават і Госпаду.

Словам Ісуса верылі далёка ня ўсе, нягледзячы на тое, што Айцец засьведчыў пра Яго цудамі і цудоўнымі справамі, якія Ён стварыў праз Сына. Гэтыя знакі былі дадзены юдэям, як «інфармацыя для разважаньня», каб, праз гэта, зразумець, што Ісус ёсьць Сын адзінага Бога Ізраіля. Хтосьці і зразумеў. Нікадэм усьвядоміў гэта і таму сказаў: «Ніхто ня можа рабіць такіх знакаў, якія Ты робіш, калі б ня быў з Ім Бог» (Ян 3:3). Але сітуацыя становіцца быць яшчэ больш напружанай.
«Тады зноў шукалі схапіць Яго, але Ён выйшаў з рук іхніх і пайшоў ізноў за Ярдан, у тое месца, дзе раней хрысьціў Ян, і застаўся там. І многія прыйшлі да Яго, і казалі, што Ян не ўчыніў наводнага знаку, але ўсё, што сказаў Ян пра Яго, было праўдзівым. І многія там паверылі ў Яго» (Ян 10:39-42).

Калі ж афіцыйныя сябры сыполцы вядомых музыкаў не схацелі прызнаць статус Сына Божага, дык просты народ за Ярданам, што памятаў Яна Хрысьціцеля, ужо рабіў правільныя высновы. Яны не былі знакамітымі музыкамі і ім не было чаго губляць. Яны памяталі, што казаў пра Ісуса Ян Хрысьціцель і бачыў, як зьдзяйсьняюцца ягоныя словы. А зараз, пытаньне да ўсіх нас: «Ці зможам мы сёньня паглядзець на Ісуса, на Ягоныя словы і справы, такім адкрытым поглядам, каб зрабіць правільныя высновы для нашага жыцьця?» Калі так, дык цудоўная музыка Айца загучыць у нашыя сэрцы зараз і будзе гучаць у вечнасьці.


Рецензии