Иоанн 11 1-57
Ян 11:1-57
Цуд з цудаў стварыў Ісус, калі ўваскрасіў з мёртвых Лазара. І гэта ёсьць самы вялікі доказ Ісуса, як і Ягонае сьцьвярджэньне: «Я ёсьць уваскрасеньне і жыцьцё». Мы ведаем, што самае жахлівае наступства грэху – сьмерць. Брат Хрыста Якуб кажа пра гэта: «Грэх, як яго давесьці да канца, спараджае сьмерць» (Як 1:15). Фізічная сьмерць падзяляе жыцьцё людзей, але сьмерць духоўная аддзяляе чалавека ад Бога. Ісус прыходзіў на зямлю дзеля таго, каб даць чалавеку поўнае жыцьцё: «Я прыйшоў, каб вы мелі жыцьцё і мелі ўдосталь» (Ян 10:10). Калі ж мы адкідваем Госпада, дык гэта вядзе да згубы вечнага жыцьця, што ёсьць вечнае пяклянае быцьцё: «І калі хто ня быў знойдзены запісаным у кнізе жыцьця, той быў кінуты ў возера агню» (Адк 20:15). Але, ўсё па парадку.
Ян 11:1-16
«Быў жа нейкі хворы Лазар з Бэтаніі, мястэчка Марыі і Марты, сястры ейнай. А Марыя, якой брат Лазар быў хворы, была тая, якая памазала Госпада мірам і абцерла ногі Ягоныя валасамі сваімі. Дык сёстры паслалі да Яго, кажучы: “Госпадзе! Вось той, з кім Ты сябруеш, нядужы”. Ісус, пачуўшы, сказаў: “Гэтая нядужасьць не на сьмерць, але на славу Божую, каб Сын Божы быў праслаўлены праз яе. А Ісус любіў Марту, і сястру ейную, і Лазара. Калі ж пачуў, што той хворы, дык заставаўся два дні ў тым месцы, дзе знаходзіўся» (Ян 11:1-6).
Бог ніколі не гуляе з намі і Ягоныя шляхі – ня нашыя шляхі. Але, ўявім сабе тых сёстраў, якія заклікалі Ісуса да дапамогі. Сітуацыя адчаю. Ісус ужо пайшоў ад Ерусаліма, але ці лягчэй ад гэтага блізкім, якія глядзяць на паміраючага Лазара. Яны, спадзяючыся на Яго, паслалі ад сябе спадзяваньне на апошнюю надзею. Бэтанія знаходзілася на ўсходнім схіле гары Элеон, што непадалёк ад Ерусаліма. Назва «Бэтанія» літаральна азначае «дом бедных». Гістарычныя сьведкі пацьверджваюць гэтую назву, бо тут, непадалёк ад Ерусаліма, знаходзілася месца, дзе прымалі і даглядалі хворых і тых, хто меў у гэтым патрэбу. Але, што мы бачым? Ісус не кранаецца з месцу два дні, замест таго, каб хутчэй рухацца да Свайго хворага сябра і дапамагчы яму. А Марта і Марыя плакалі ў Бэтаніі, бо перад імі паміраў іхні брат. Што ж Ісус?
«Пасьля гэтага кажа вучням: “Пойдзем ізноў у Юдэю”. Вучні кажуць Яму: “Раббі! Толькі што юдэі шукалі ўкаменаваць Цябе, і Ты зноў ідзеш туды?” Ісус адказаў: “Ці не дванаццаць гадзінаў мае дзень? Хто ходзіць у дзень, не спатыкаецца, бо бачыць сьвятло гэтага сьвету, а хто ходзіць уначы, спатыкаецца, бо сьвятла няма ў ім” Сказаў гэта, і пасьля кажа ім: “Лазар, сябра наш, заснуў, але Я іду пабудзіць яго” Сказалі вучні Ягоныя: “Госпадзе! Калі заснуў, будзе здаровы”. Ісус жа гаварыў пра сьмерць ягоную, а яны думалі, што Ён кажа пра сонны супачынак. Тады Ісус сказаў ім адкрыта: “Лазар памёр; і Я радуюся дзеля вас, што Я ня быў там, каб вы паверылі; але пойдзем да яго”. Тады Тамаш, называемы Блізьнюк, сказаў таварышам-вучням: “Пойдзем і мы, каб памерці з ім”» (Ян 11:7-16)
Вучні Ісуса ўсьвядамлялі небясьпечнасьць зьяўленьня Ісуса ў Юдэі і ня дзіўна тое, што яны намагаліся ўтрымаць Яго. Але Ён, кажучы ім пра зямное казаў ім, наспраўдзе, пра духоўнае. Як бы тое і не было, Ён крочыць па волі і плану Айца. І нічога ня можа здарыцца з Ім паперад вызначанага тэрміну, прызначанага Айцом. Гэта ведаем мы. Але, у дачыненьнее да людзей таго часу, словы Хрыста належыць разглядаць, як заклік да іхняга карыстаньня Ягонага сьвятла, пакуль Ён знаходзіцца ў гэтым сьвеце. Ісус, як бы, кажа, што адзіны спосаб ісьці і не спатыкацца – гэта ісьці за Ім. Бо калі чалавек намагаецца выбраць шлях па асабістаму разуменьню, дык гэта ёсьць шлях у цемры, а ў цемры, як вядома, лёгка спатыкнуцца.
«Лазар, сябра наш, заснуў, але Я іду пабудзіць яго». Словы Ісуса вучні і зразумелі літаральна. І калі Лазар заснуў звычайным сном, дык гэта азначае, што ён здольны і стаць здаровым. Ісус бачыць, што вучні не зразумелі Яго і таму адкрывае ім ня толькі тое, што Лазар сапраўды памёр, але і тое, дзеля чаго Ён дапусьціў гэта: «Каб вы паверылі».
І вось Тамаш. Той самы Тамаш, якога часта клічуць «няверуючы» за ягоныя ваганьні і сумненьні. Але тут ён бярэ ініцыятыву ў свае рукі. У нейкай трагічна-іранічнай форме кажа астатнім вучням: «Пойдзем і мы, каб памерці з ім». Тамаш разумее небясьпечнасьць вяртаньня ў Юдэю, але заклікае вучняў да гэтага. Мы ведаем, што нічога ня здарыцца з вучнямі, але перад імі – невядомасьць. Тамаш жа, доўга не разважаючы, гатовы ісьці за Ісусам, нават і да сьмерці. І гэта самы правільны адказ на словы Ісуса. Ці ня так і ў нашым жыцьці? Мы шмат чаго не разумеем, не зьдзяйсьняюцца нашыя планы, жаданьні і мары, але, калі мы ідзем разам з Ісусам Хрыстом, мы ідзем пры сьвятле дня і маем надзею на бясьпеку, а калі мы асабістымі высілкамі «прабіваем» зьдзяйсьненьне сваіх надзеяў, мы ня маем сьвятла і таму спатыкаемся.
Ян 11:17-27
«Прыйшоўшы, Ісус знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле. Бэтанія ж была блізка ад Ерусаліма, нешта з пятнаццаць стадыяў. І шмат юдэяў прыйшлі да Марты і Марыі пацешыць іх па браце іхнім. Марта, калі пачула, што ідзе Ісус, выйшла напярэймы Яму, а Марыя сядзела ў доме. Тады Марта сказала Ісусу: “Госпадзе! Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой. Але і цяпер ведаю, што чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог”. Кажа ёй Ісус: “Уваскрэсьне брат твай”. Кажа Яму Марта: “Ведаю, што ўваскрэсьне ва ўваскрасеньне, у апошні дзень”. Ісус сказаў ёй: “Я ёсьць уваскрасеньне і жыцьцё. Хто верыць у Мяне, хоць і памрэ, жыць будзе. І ўсякі, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ на вякі. Ці верыш гэтаму?” Яна кажа Яму: “Так, Госпадзе! Я веру, што Ты – Хрыстос, Сын Божы, Які прыходзіць у сьвет”» (Ян 11:17-27).
«Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой». Як гэтыя словы Марты, у той ці іншай інтэпрэтацыі, знаёмыя ў нашым жыцьці. Можна прывесьці тысячы прыкладаў падобнай гаворкі: «Калі б толькі…».
Калі б толькі ён своечасова зьвярнуўся да доктара…
Калі б толькі не пачаўся своечасова дождж…
Калі б толькі я не апынуўся тут у гэты час…
Калі б толькі у нас былі свабодныя выбары…
Каб толькі ведаў, дзе ўпаду, дык падклаў бы саломы.
Можна працягваць і працягваць. Усё ж гэта кажа пра нашую схільнасьць і жаданьне «адматаць» пэўны час назад, каб выправіць ці не дапусьць тую ці іншую сітуацыю з нашага жыцьця. Усё гэта гучыць і ў словах Марты: «Калі б Ты быў тут…». Яна ведае, што калі б Ісус быў у той час побач, дык Ён бы аздаравіў Лазара. Бо, ці ня чула яна пра цуды аздараўленьня ў Ерусаліме? Лазар ужо чатыры дні ў магіле, але, калі б Ісус быў у Бэтаніі своечасова…? Ісус не вядзецца на словы Марты, каб зазірнуць у мінулае, але Ён накіроўвае яе позірк у будучыню, калі кажа: «Уваскрэсьне брат твой». І тады, калі Марта адчула надзею ў будучыні, Ісус заклікае яе ўявіць, што будучыня прыходзіць у дзень сёняшні.
Так, Марта верыць у будучае ўваскарасеньне, аднак жа яе стрыманы адказ паказвае, што ў гэтую журботную гадзіну гэтая вера не занадта суцяшае. Але Ісус кажа, што будучае адбудзецца ўжо зараз, калі кажа: «Я ёсьць уваскрасеньне і жыцьцё». Будучыня паўстала тут – у сярэдзіне часоў, таго часу і жыцьця, якое напоўнена блытанінай і замяшаньнем. Уваскрасеньне – гэта ня проста вучэньне і ня толькі зьява будучыні. Гэта Асоба і гэтая Асоба стаіць зараз перад Мартай, прапануючы ёй паверыць у гэта. Ісус патрабуе ад Марты зьмяніць гэтае: «Калі б толькі…» на «калі Ісус Хрыстос…». Без усякіх «б». І Марта робіць гэты крок, кажучы: «Ты – Хрыстос, Сын Божы, Які прыходзіць у сьвет».
Марта – заўсёды актыўная і гаспадарчая жанчына, у адрозьненьні ад сваёй сястры Марыі. Мы бачым гэта ў Лукі: «А Марта завіхалася ва ўсякай паслузе і, стаўшы, сказала: “Госпадзе! Ці ж Цябе не клапоціць, што сястра мая пакінула мяне адну паслугаваць? Скажы ёй, каб дапамагла мне”» (Лук 10:40). Ян яшчэ пакажа нам размову Марыі з Ісусам. Зараз-жа мы назіраем за Мартай, якая выбегла насустрач Ісусу ня толькі з надзеяй, але і з папрокам. Большасьць з нас чыніць тое ж самае і з тымі ж словамі: «Калі б толькі Ты быў…». Але праўда і тое, што да Ісуса трэба бегчы, каб выказаць Яму свае праблемы. І быць гатовым да адказам нечаканым для нас, як гэта здарылася з Мартай. А мы ведаем, што Ісус адкрые нейкую частку Божага плану, калі будучае ўварвецца ў нашае сёньнешняе, даючы нам надзею і новыя магчымасьці. Ключ жа да ўсяго гэтага – вера, якая вядзе да новага Божага сьвету, але гэта не бывае неяк аўтаматычна ці супраць волі чалавека. Вера ў Ісуса дае нам уваскрасеньне ад сьмяротнага духоўнага ценю да жыцьця ў новым вечным сьвеце з Ісусам Хрыстом. Вяртаючыся ж непасрэдна да аповяду Яна, пакрочым разам з ім да сустрэчы Ісуса і Марыі.
Ян 11:28-37
«І, сказаўшы гэтае, пайшла і паклікала цішком Марыю, сястру сваю, кажучы: “Настаўнік прыйшоў і кліча цябе”. Яна, як толькі пачула, хутка ўстала і пайшла да Яго. Ісус жа яшчэ не ўвайшоў у мястэчка, але быў на тым месцы, дзе пераняла Яго Марта. Юдэі ж, што былі з ёю ў доме і пацяшалі яе, бачачы, што Марыя хутка ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, кажучы, што ідзе на магілу плакаць там. Марыя ж, калі прыйшла туды, дзе быў Ісус, убачыўшы Яго, упала да ног Ягоных, кажучы Яму: “Госпадзе! Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой”. Ісус, калі ўбачыў, што яна плача і плачуць юдэі, якія з ёй прыйшлі, уздыхнуў у духу, і усхваляваўся, і сказаў: “Дзе вы палажылі яго?” Кажуць Яму: “Госпадзе! Прыйдзі і паглядзі”. Ісус заплакаў. Казалі тады юдэі: “Глядзі, як Ён любіў яго”. А некаторыя з іх сказалі: “Ці ня мог Ён, Які адчыніў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?”» (Ян 11:28-37).
Розныя народы і культуры па рознаму развітваюцца са сваімі памерлымі. У культуры славянскай, як дарэчы і ў гебрайскай, плач – гэта даніна павагі да памерлага чалавека. У славянскіх народаў, нават і другой палове XX стагодзьдзя гэта было звычайным. Былі нават і «прафесыйныя плакальшчыцы», якіх запрашалі на абрад пахаваньня. Той жалобны фон, які яны стваралі сваім плачам, вельмі ўзьдзейнічаў на тых людзей, якія прыходзілі разьвітацца з памерлым. Яны і самі пачыналі плакаць па памерлым чалавеку. Магчыма, што і сёньня ёсьць такія месцы, але гэтая традыція выжывае сябе. Так, людзі стрыманыя, ціхенька гавораць, але, амаль што ніхто ня плача. Гэта прыкметы нашага часу. Нашага, але не таго часу Ізраіля, калі Ісус сустракае Марыю, якая плача, як і ўсе, што пайшлі за ёю.
Ісус жа, гледзячы на гэта, заплакаў. Госпад заплакаў. Ці можа такое быць з Сынам Бога? Давайце дасьледуем гэтае пытаньне. Многія старажытныя аўтары прымалі сьлёзы Ісуса як сьведчаньне Ягонай чалавечай прыроды. Безумоўна, што з аднога боку гэта так, бо сярод сучасьнікаў Ісуса ніхто не сумняваўся, што Ён – рэальны чалавек з цела і крыві, а таксама маючы такіж пачуцьці, як і ўсіх астатніх людзей. Але Ян, на ўсім працягу свайго аповяду, намагаецца засьведчыць нам нашмат большае. Ісус , нават і ў сьлязах, ня проста чалавек з цела і крыві. Ісус – гэта Слова, якое сталася целам. Слова, якім быў створаны сьвет, плача на магіле Свайго сябра.
Ісус заплакаў, калі ўбачыў Марыю і яе плакальных спадарожнікаў. Ён з імі , бо так і казаў прарок Ісая: «Але Ён узяў на Сябе нашыя немачы і забраў нашыя хваробы» (Іс 53:4). Ісус не паўстаў не нейкае ўзвышша, каб сьцешыць народ, кажучы пра тое, што Лазар не памёр, а толькі сьпіць. І вось зараз адбудзецца неверагоднае па ўзмаху Ягонай рукі. Але ўсё ня так і мы бачым перад сабою Ісуса – мужа скрухаў, Які знаёмы з нашымі пакутамі, і Які плача над гэтым разам з намі. Пытаньне Марыі нічым не адрозьніваецца ад пытаньня да Ісуса Марты, але адказ Яго зусім іншы: «Дзе вы палажылі яго?» Вельмі цікавы і адказ на гэтае пытаньне: «Прыйдзі і паглядзі».
Якую скруху, схаваную ў сэрцы Ісуса, абудзілі ў Ім? Мы можам толькі здагадвацца. Магчыма Ён аплакваў ня нейкую сьмерць, але Сваю? І сапраўды, Ён жа ведаў, што Лазар ажыве, а Ён плача па сьмерці. Але, як бы тое не было, прыслухаемся да пераклічкі паміж гісторыяй Лазара і гісторыяй самога Ісуса. Здаецца, што гэтыя супадзеньні – адна з прычынаў таго, якая абудзіла Яна давесьці нам гэта ў сваёй аповесьці.
«Прыйдзі і паглядзі», адказалі Ісусу, падобна таму, як Ён Сам казаў Сваім вучням, каб яны паглядзелі, дзе Ён жыве. Гэтыя простыя словы нясуць у сабе самую сутнасьць хрысьціянскай веры. «Прыйдзі і паглядзі» кажа і Сам Ісус, калі адказвае нам і вядзе ў сьвятло любові і ўваскрасеньня. Новы дзень займаецца і адступае ноч, калі мы з Ісусам, нашым Богам і Збаўцам.
Ян 11:38-46
«Ісус жа, ізноў ўздыхнуўшы ў духу, прыходзіць да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. Кажа Ісус: “Падыміце камень!” Кажа Яму сястра нябожчыка Марта: “Госпадзе, ужо сьмярдзіць, бо ўжо чацьвёрты дзень”». Кажа ёй Ісус: “Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, угледзеш славу Божую?” Тады паднялі камень, дзе ляжаў нябожчык. А Ісус падняў вочы ў гору і сказаў: “Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Бо Я ведаю, што Ты заўсёды чуеш Мяне, але Я сказаў дзеля натоўпу, які тут стаіць, каб яны паверылі, што Ты паслаў Мяне”. І, сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасам: “Лазар! Выйдзі вонкі!” І выйшаў нябожчык са сьвязанымі пахавальнай тканінай і рукамі, і твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Ісус: “Разьвяжыце яго і дайце хадзіць”. Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Ісус, паверылі ў Яго. А некаторыя з іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што ўчыніў Ісус (Ян 11:38-46).
Мы падыйшлі да самога драматычнага аповяду апостала Яна. Калі ў Марка мы бачым, што пры аздараўленьні дачкі Аіра Ісус забараніў бачыць усё гэта, дык тут зусім усё ня так. Ісус стаіць перад натоўпам і загадвае Лазару, які ляжыць ужо чатыры дні ў магіле, выйсьці адтуль жывым. І Лазар выходзіць. Жах і радасьць зьядноўваюцца ў адно, напаўняючыся пэўным сэнсам. Калі ж каго не кранае гэты цуд і не выклікае пэўнага страху, дык сэрца такога чалавека ня мае разуменьня гэтага ці яно каменнае ад адсутнасьці гэтага разуменьня. Усё гэта будзе, але вернемся крыху назад у Янавае апавяданьне. Марта кажа Ісусу, пра нямэтазгоднасьць адкрыцьця магілы, бо фізічнае ёсьць фізічнае (на гэты час ужо сьмярдзючае). Але заўважым, што Ісус не пярэчыць ёй, але абяцае, што яна ўбачыць славу Божую ў спадзяваньні, што яна паверыць у Госпада Збаўцу. Але застаецца і пытаньне: «Што сталася з целам Лазара і як яно ўсьцераглося ад прахненьня?» Чаму так сталася?
Ісус маліўся. І ня толькі на беразе Ярдана, але па дарозе ў Бэтанію і каля самой магілы Лазара. Ісус паклікаў Лазара і той выйшаў. Ён выйшаў на голас Ісуса, як тыя авечкі на голас пастыра, які кліча сваіх авечак. Лазар вярнуўся да жыцьця, але ў гэтым ёсьць нешта сымбалічнае адносна Самога Ісуса. Лазар вярнуўся да звычайнага чалавечага жыцьця і законы быцьця не былі для яго адмененымі. Ён будзе жыць, але калі-небудзь зноў захварэе і памрэ. Ад жыцьця ў сьмерць. Але ня так з Ісусам. Ён ведае пра Сваю сьмерць, але ведае і тое, што Ягонае ўваскрасеньне дасьць надзею і магчымасьць многім на жыцьцё вечнае разам з Ім. Ісус пройдзе ад сьмерці да новага жыцьця, а з тым таямніца новага жыцьця прыадкрыецца і перад намі, калі мы дабярэмся да апошніх разьдзелаў нашага Эвангельля.
Пакуль што прыпынімся і разважым над таямніцай Божай усемагутнасьці і веры ў малітве Ісуса Хрыста. Ці не бывае ў нашым жыцьці нейкіх складанасьцяў, а нават і такіх, як для Ісуса сьмерць Лазара? Але мы бачым Ісуса, Які моліцца не адзін дзень, каб здарылася тое, што Ён просіць у Айца. І калі нават Ісусу патрабаваўся час для малітвы і цярплівага чаканьня, дык чаму не пацярпець і не пачакаць і нам?
Ян 11:47-57
«Тады першасьвятары і фарысэі склікалі сінэдрыён і казалі: “Што нам рабіць? Гэты Чалавек робіць шмат знакаў. Калі пакінем Яго гэтак, дык усе павераць у Яго, і прыйдуць рымляне, і забяруць месца гэтае і народ”. Адзін жа з іх, нехта Каяфа, які быў у той год першасьвятаром, сказаў ім: “Вы нічога ня ведаеце, і ня думаеце, што карысьней для нас, каб адзін чалавек памёр за народ, чым каб увесь народ загінуў”. Гэтае ж ён сказаў не ад сябе, але, быўшы той год першасьвятаром, прарочыў, што Ісус мае памерці за народ, і ня толькі за народ, але і каб расьцярушаных дзяцей Божых сабраць у адно. Ад гэтага дня яны пастанавілі, каб забіць Яго» (Ян 11:47-53).
Тое, што фарысэі рабілі раней у барацьбе з Ісусам, відавочна было неэфектыўным. Усе іхнія дзеяньні ніякім чынам не спынілі распаўсюджваньня Ягонага ўзьдзеяньня на людзей. Страх ахапіў законьнікаў і фарысэяў, бо што будзе, калі ўсе павераць у гэтага Мэсію. Будзе бунт і сутычка з Рымам. А гэта, ў сваю чаргу, вядзе да згубы той невялікай, але ўсё ж улады. Зьвесткі ж пра ўваскрасеньне Лазара – гэта тая апошняя кропля, якая падштурхнула фарысэяў да барацьбы арганізаванай і на больш сур’ёзным узроўні. Сінэдрыён, пад кіраўніцтвам першасьвятара Каяфы і павінен быў даць дзейсныя адказы на пытаньні адносна Ісуса з Галілеі.
У той год першасьвятаром Ізраіля быў Каяфа, які, дарэчы, быў на гэтай пасадзе з 18 па 36 год па Р.Х. Калісьці гэтая пасада была пажыцьцёвая, але з прышэсьцем рымлянаў прыйшоў і новы парадак. Яны не хацелі канцэнтраваць даволі немалую ўладу ў адных руках на вельмі працяглы тэрмін і таму яна пацьверджвалася прызначэньнямі з Рыма. Прапанова Каяфы палітызаваная, вельмі цынічная, але і прароцкая: «Карысьней для нас, каб адзін чалавек памёр за народ, чым каб увесь народ загінуў». Ісус і загіне за народ, але Ён загіне ня толькі за гебрайскі народ, а за шмат большую грамаду – за ўсіх дзяцей Божых і ва ўсіх кутках зямлі. У словах Каяфы было тое, што было схаванае ад яго самога. Ён несьвядома паказаў на Ісуса, як на апошняга ахвярнага ягняці. Каяфа шукаў забіць Ісуса, але Бог уклаў у ягоныя вусны іншы сэнс і ягоныя словы прагучалі як словы пра зямяшчальную сьмерць Ісуса Хрыста. Але ёсьць тое, што ёсьць. Сінэдрыён вырашыў Ісуса забіць.
«Тады Ісус ужо не хадзіў адкрыта між імі, але пайшоў адтуль у краіну ля пустыні, у горад, называны Эфраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі. Была ж блізка Пасха юдэйская, і з усяго краю многія ўзышлі ў Ерусалім перад Пасхай, каб ачысьціцца. Тады шукалі Ісуса і, стоячы ў сьвятыні, гаварылі між сабою: “Як вы думаеце, ці ня прыйдзе Ён на сьвята? А першасьвятары і фарысэі далі загад, каб кожны, хто даведаецца, дзе Ён, паведаміў, каб схапіць Яго» (Ян 11:54-57).
Невялікі юдэйскі горад Эфраім знаходзіўся прыкладна ў 20 км. на поўнач ад Ерусаліма. Чаму Ён пайшоў у бясьпечнае месца? Каб да часу захаваць Сябе? Мяркую, што не. Усё было зроблена так, каб захаваць у бясьпецы вучняў Сваіх, пра якіх Ён старанна клапаціўся. У Эфраіме Ён мог адпачыць з вучнямі, а ў выпадку небясьпекі схавацца ў пустыні, якая была побач з горадам. Гебрайскія паломнікі ўжо, у вялікай колькасьці, ішлі ў Ерусалім на ачышчэньне перад Пасхаю. І многія шукалі Яго, каб паслухаць Ягонае вучэньне, а можа пабачыць і нейкі цуд. Але дзе Ён і ці прыйдзе да іх на гэты раз? Прыйдзе, але зараз Ягоны час яшчэ не настаў.
Свидетельство о публикации №226032201756