Иоанн 13 1-38

ЭВАНГЕЛЬЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЯНА


Ян 13:1-38

Мы назіраем апошнюю Пасху ў зямным жыцьці Ісуса Хрыста. Наогул, апостал Ян больш за іншых аўтараў паказвае служэньне Ісуса менавіта на гэтае галоўнае сьвята Ізраіля. Ян хоча, каб мы разважылі пра тое, як Ісус прыкладае сымболіку гэтага сьвята да Сябе. І мы бачым, што галоўным сымбалем Эвангельля паводле Яна, ад самога пачатку, была менавіта Пасха. Ужо на пачатку Эвангельля (Ян 1:29) Ісус названы Ягнём Божым, Які бярэ на Сябе грахі сьвету. Далей, таксама на Пасху (Ян 2:13-21), Ісус выганяе мялаў з сьвятыні і прарочыць пра разбурэньне і аднаўленьне Храма, маючы наўвазе Цела Сваё. І вось, апошняя Пасха і апошняя вячэра. Дэталі гэтай вячэры, у адрозьненьні ад іншых эвангелістаў, Ян не паказвае. Але, эпізод з абмыцьцём ног паказвае нам, што ў ім ужо захоўвалася зерне падзеяў, якія разгарнуцца нам на наступны дзень.


Ян 13:1-11
«А перад сьвятам Пасхі Ісус, ведаючы, што прыйшла Яго гадзіна перайсьці з гэтага сьвету да Айца, палюбіўшы Сваіх, якія ў гэтым сьвеце, да канца ўзьлюбіў іх. І калі была вячэра і д’ябал улажыў ужо ў сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта выдаць Яго, Ісус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя і што Ён ад Бога выйшаў і да Бога ідзе, устае ад вячэры, скідвае з Сябе адзеньне і, узяўшы ручнік, падпярэзаўся. Потым налівае вады ва ўмывальніцу і пачынае абмываць ногі вучням і выціраць ручніком, якім быў падпярэзаны» (Ян 13:1-5).

Гадзіна прыйшла. У папярэднім разьдзеле Ісус бачыць, як набліжаецца той момант, да каторага было накірована зямное служэньне Хрыста. Але зараз Ян кажа пра гэтую «гадзіну» вельмі дакладна, бо настаў час, калі Ісус павінен пакінуць гэты сьвет і вярнуцца да Айца. Сьмерць наблізілася да Яго і Ён прыймаў яе па волі Свайго Айца, таму што любіў чалавецтва і Сваіх авечак. Усю сваю любоў Ён выявіў Сваім пакорным служэньнем людзям, Сваім вучэньнем і Сваёй сьмерцю за ўсіх нас. Ісус ведаў, што прыйшла Ягоная гадзіна, але што да гэтага Юда?

Пад час вячэры д’ябал улажыў у сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта выдаць Ісуса Хрыста. Пра што гэта? Толькі пра той момант, што калі любоў ідзе да канца, зло знаходзіць хоць маленькую шчолку, каб прасклізнуць у наш сьвет. І ня сьлед насычаць гэтую сцэну нейкай рамантыкай, бо перад намі гісторыя адданай любові Хрыста да ўсіх нас. Слова , што ёсьць Бог, стала Целам і таму склала з Сябе адзеньне славы. Яно сталася чалавечай прыродай, каб паслужыць нам. Як? Каб абмыць нам ногі. Ісус скідвае з Сябе адзеньне, каб зрабіць гэта і гэта ёсьць той спосаб паказаць, які ёсьць наспраўдзе Бог. Наступным разам, калі Ён будзе без адзеньня, мы ўбачым Яго ужо на Крыжы і Які адкрые сьвету сэрца Айца, аддаючы жыцьцё дзеля сьвету.

Наогул, абмыцьцё ног пры ўваходзе ў дом, было ў Юдэі неабходнай працэдурай, бо вуліцы і дарогі былі пыльнымі, а людзі насілі на босых нагах сандалы. Таму і пыл на нагах. А таму знакам павагі лічылася абмыцьцё ног гасьцям і наадварот, праяваю непавагі да госьця было б гэтага не зрабіць. Але, калі вяртацца да традыцыяў, дык варта ведаць, што мужам, як правіла, ногі абмывалі жонкі, а бацькам – дзеці. Але тут усё ня так, бо Ісус, падпярэзаўшыся ручніком пачынае абмываць ногі Сваім вучням.

«Тады падыходзіць да Сымона Пятра, і той кажа Яму: “Госпадзе! Ці ж Табе абмываць ногі гэтыя?” Адказаў Ісус і сказаў яму: “Што Я раблю, ты цяпер ня ведаеш, але даведаешся пасьля”. Пётр кажа Яму: “Не абмыеш ног маіх да веку”. Адказаў яму Ісус: “Калі не абмыю цябе, ня будзш мець часткі са Мною”. Кажа Яму Сымон Пётр: “Госпадзе, ня толькуі ногі мае, але і рукі, і галаву”.  Кажа яму Ісус: “Памытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ён увесь чысты; і вы чыстыя, але ня ўсе”. Бо ведаў, хто выдасьць Яго, таму сказаў: “Ня ўсе вы чыстыя”» (Ян 13:6-11).

Дыялог зь Пятром, які, як заўсёды, не разумее ўчынкаў Ісуса, зьнешне даволі сьмешны, але, на самой справе, ён напоўнены вялікім сэнсам. Ісус павінен абмыць нас, каб мы цалкам прыналежалі Яму. Так, Ён нас ужо абмыў, калі паклікаў да Сябе і зараз нам патрабуецца абмываць сябе ў Хрысьце тыя часткі нашага цела, якія забрудзяцца ў дарозе. Пётр, дарэчы, супрацівіцца таму, што Госпад абмые ягоныя ногі. І гэта, можа быць, і не выпадкова, бо, ні ён, ні іншыя вучні не зразумелі, што Ісус зьбіраецца зрабіць і чаму гэта так неабходна.

Пётр кажа: «Не абмыеш ног маіх да веку». Ён вельмі паважаў Ісуса і таму не разумеў, як Госпад можа прынізіцца да слугі адносна сябе. Ды і ня толькі. Пётр не зразумеў, пакуль што, той духоўнай сутнасьці гэтага дыялогу, але ён, безумоўна, жадаў быць з Ісусам. Можа таму Пётр і прапанаваў Ісусу абмыць яму ня толькі ногі, але рукі і галаву? Гэта можна абмяркоўваць да бясконцасьці, але галоўнае ў тым, што Пётр імкнуўся да Ісуса. Ісус і ня быў супраць але Ён бачыў «чалавечае» Пятра, і ня толькі зараз, але і усё ягонае жыцьцё. Пётр супрацівіцца абмыцьцю ног, але і іншыя вучні не зразумелі таго, што робіць Ісус і чаму гэта неабходна. Яны наўпрост аддаліся той сітуацыі, якая склалася, калі Ісу апярэзаў Сябе ручніком. І адказаў Пятру.

«Памытаму трэба толькі ногі абмыць». Так адказаў Ісус Пятру, бо памытаму ўвогуле няма ў гэтым ніякай патрэбы. У чым сэнс? У тым, што збаўленыя Ім пасьлядоўнікі ўжо чыстыя, але яны маюць патрэбу ў абмыцьці сваіх ног, якія ходзяць па грэшнаму сьвету і сярод нязбаўленых людзей. Але вось словы Хрыста: «Ня ўсе вы чыстыя». Пра што яны? Пра Юду, які здрадзіць Яму ці пра нас, якія, так ці інакш, здраджваюць Хрысту? Няхай пра гэта кожны разважыць сам.



Ян 13:12-20
«Калі ж Ён абмыў ногі іхнія і ўзяў адзеньне Сваё, узьлёгшы ізноў, сказаў ім: “Ці разумееце, што Я зрабіў вам? Вы клічаце Мяне “Настаўнік” і “Госпад”, і слушна кажаце, бо гэта Я і ёсьць. Дык калі Я Госпад і Настаўнік, абмыў вашыя ногі, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму, бо Я даў вам прыклад, каб, як Я зрабіў, і вы рабілі. Сапраўды, сапраўды кажу вам: слуга ня большы за гаспадара свайго, і пасланец ня большы за таго, хто яго паслаў. Калі гэтае ведаеце, шчасьлівыя вы, калі гэта робіце. Не пра ўсіх вас кажу. Я ведаю тых, каго выбраў, але каб споўнілася Пісаньне: ”Той, хто есьць са Мною хлеб, падняў на Мяне пяту сваю”. Цяпер кажу вам, раней, чым гэта сталася, каб, калі станецца, вы паверылі, што гэта Я ёсьць. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто прыймае таго, каго Я паслаў, Мяне прыймае, а хто Мяне прыймае, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне”» (Ян 13:12-20).

Ісус, даючы Сваім вучням прыклад пакоры ў служэньні, зараз Сваім пытаньнем прываблівае іх да разуменьня таго што зроблена. А што зроблена? Госпад і Настаўнік прынізіў Сябе да такога служэньня ім, а гэта кажа толькі пра тое, што і яны павінны рабіць гэтак жа. Але Ён застаецца пры гэтым, Госпадам і Тым, хто вядзе іх да жыцьця вечнага. Ён прынізіў Сябе да служэньня ім. Дык як жа павінны рабіць яны, каб ахвярна ісьці насустрач патрэбам іншых людзей?

Прыклад Ісуса – гэта прыклад унутранай пакоры, але ніяк не пастанова да прызначэньня адпаведнага абраду сярод хрысьціян будучых пакаленьняў. Безумоўна, што многія хрысьціянскія служыцелі практыкуюць перайманьне Ісуса Хрыста і абмываюць у перадпасхальны чацьвер ногі хрысьціянам. Мы ведаем, што нават першая асоба каталікоў папа Францыск распачаў такую традыцыю ў Ватыкане, калі асабіста абмыў ногі дванаццаці вернікам. І нічога дрэннага ў гэтым няма, калі толькі гэтае дзеяньне нясе ў сабе Хрыстовую любоў і пакору ў адносінах да блізкіх. Абмыцьцё ног сымбалізуе ня толькі побытавыя і «нізкія» абавязкі, якія мы павінны выконваць, не патрабуючы за гэта хвалы, але і больш моцны заклік, з якім Ісус зьвяртаецца да Пятра ў апошнім разьдзеле гэтага Эвангельля. Ён прапануе Пятру ісці за Ім да канца і аддаць жыцьцё, служачы Богу і сьвету, які Ён прыйшоў збавіць. Калі мы хочам па сапраўднаму пераймаць Хрыста, нам трэба, Як Ён, адвярнуцца ад сябе і стаць тварам да сьвету, якому мы пакліканы служыць для збаўленьня ў Ісусе Хрысьце. Мы павінны заняць тое месца, дзе сутыкаюцца патрэбы сьвету і нашае пакліканьне ў служэньні Ісусу Хрысту.

Але ці лёгка пераймаць Хрыста? І чаму Ісус так жорстка падкрэсьлівае няроўнасьць слугі і гаспадара? Таму што нас адольвае гордасьць. Таму што абмыцьцё ног, у асобных выпадках, ператвараецца ва ўзвышэньне статуса служыцеля: «”Я” раблю як Ісус Хрыстос». Так можа «нарадзіцца» духоўны правадыр. Ісус кажа, што Ён гэта робіць як слуга іншым слугам. І таму ня сьлед узвышаць сябе да ўзроўню гаспадара, бо думаючы пра сябе, што ён больш за гаспадара свайго, а значыць ідучы за сваёй гордасьцю, безумоўна ж, прыкладу Ісуса ня крочыць. Бог жа дабраслаўляе Сваіх слугаў не за веданьне таго, што яны павінны ведаць, але за выкананьне таго, што яны ведаюць ад Яго. І таму будзе шчасны той, хто робіць так, як гэтага хоча Бог.

Ісус хоча чалавеку добрага калі кажа, што шчасьце – гэта плод паслушэнства Госпаду. Але, у той жа час, з сумам дадае, што ня ўсе здольныя да гэтага, а Сваіх, пакліканых, Ён ведае добра. Як ведае і таго, хто здрадзіць Ісусу. Так, Ісус меў наўвазе Юду Іскарыёта, выбранага ў ліку дванаццаці і якому Ісус, як і іншым, абмываў ногі. Выбраньне Юды ў лік дванаццаці не было, аднак жа, выпадковасьцю ці памылкай у Божым плане. Здрада Ісусу была запланавана волею Айца, як гэта выказана ў Пісаньні. Ісус выказвае верш 10 з Псальма 40 (не даслоўна), у якім прадказваецца доля Мэсіі. Ісус ведаў усё пра Юду, як ведаў і тое, што далейшы Ягоны крыжовы шлях – гэта выкананьне волі Айца. Ісус выконваў даручанае Айцом, а значыць прыймаў Яго. Вучні прыймалі Ісуса. І ўсё гэта азначае тое, што прыймаючыя вучняў Ісуса, прыймаюць і Ісуса, а значыць і Айца.



Ян 13:21-30
«Сказаўшы гэтае, Ісус усхваляваўся ў духу, і засьведчыў, і сказаў: “Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне!” Тады вучні паглядалі адзін на аднога, зьбянтэжаныя, пра каго Ён кажа. Адзін з вучняў Ягоных, якога Ісус любіў, узьлягаў на ўлоньні Ісуса. Яму дае знак Сымон Пётр, каб спытаўся, хто той, пра якога Ён кажа» (Ян 13:21-24).

Ісус усхваляваўся ў духу. І гэта азначае толькі тое, што, будучы Чалавекам, Ісус ня мог не перажываць з-за таго, што Юда здраджвае Яму. Будучы ж Сынам Бога, Ён добра ведаў, што гэта павінна здарыцца. Ісус бачыў сэрца Юды, ягоную духоўную мёртвасьць. І таму наступныя словы Ісуса: «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне» прасякнутыя Божым позіркам і нейкай урачыстай праўдаю. І вось настаў час ня толькі ўсхвалявацца, але і зьбянтэжыцца ўжо вучням Хрыста. Пра каго Ён кажа? Тое, што хто-небудзь з гэтага даволі вузкага кола вучняў Ісуса ёсьць здраднік, выходзіла за межы іхняга разуменьня. Што ж тычыцца Юды, дык ён у вачах астатніх вучняў быў паважаны і адказны чалавек, бо недарма ж яму былі даручаны іхнія агульныя фінансы.

І вось Сымон Пётр, які займаў займаў пазіцыю лідара сярод вучняў Ісуса, прычым лідара даволі эмацыйнага, вырашыў праз Яна дакладна вызначыць здрадніка і знішчыць яго. Як? Ці не чыталі мы ў Лукі 22:38; 49-50 пра наяўнасьць сярод вучняў зброі ў колькасьці двух мячоў? Выконваючы свой план Пётр падае знак Яну, які ўзьлягаў на ўлоньні Ісуса, каб той даведаўся пра гэтага здрадніка. Відавочна, што Пётр ня быў настолькі побач з Ісусам, каб асьцярожна вызначыць імя таго, хто меўся здрадзіць Ісусу. Мы вызначылі, што аднаго боку ўзьлягаў каля Ісуса сам Ян. А з другога? Па ўсёй верагоднасьці на гэтым месцы і знаходзіўся Юда Іскарыёт – паважаны сярод вучняў скарбнік. Але вернемся да Яна, які ўзьлягаў па другі бок ад Ісуса.

«Той жа, прыхіліўшыся да грудзей Ісуса, кажа Яму: “Госпадзе! Хто гэта?” Адказвае Ісус: “Гэта той, каму Я дам, абмачыўшы, лусту”. І абмачыўшы лусту, дае Юдзе Сымонаваму Іскарыёту. І за лустаю ўвайшоў у яго шатан. Тады кажа яму Ісус: “Што робіш, рабі хутчэй”. Ніхто з тых, якія ўзблягалі, таго не зразумеў, дзеля чаго Ён гэта сказаў яму. А як ў Юды была каліта, некаторыя думалі, што Ісус кажа яму: “Купі, што трэба нам на сьвята”, ці каб даў нешта ўбогім. Той жа, ўзяўшы лусту, адразу выйшаў; а была ноч» (Ян 13:25-30).

Луста хлеба, дадзены Ісусам Юдзе Іскарыёту, зьявілася знакам толькі для Яна, бо ўсе астатнія зразумелі гэта звычайна – на Ўсходзе было прынятым, калі гаспадар надзяляе гасьцей хлебам з верашчакай. Але гэтая дзея Ісуса ў бок Юды сталася ня толькі данінаю тагачаснай традыцыі, а і апошняю спробай абудзіць у таго добрыя пачуцьці. Сумнай і сымбалічнай атрымалася гэтая спроба, бо гэтае дзеяньне Ісуса сталася сігналам для зьдзяйсьненьня здрады з боку Юды. Ці зразумеў гэта Ян? Наўрад ці. Можа з-за свайго юнага ўзросту? Ва ўсякім выпадку пра гэта, ў сваім Эвангельлі, Ян ня піша.

Абмачыўшы лусту хлеба ў вершачку і падаць гэта госьцю – знак адмысловай блізкасьці. Зрабіўшы гэта Ісус ня толькі даў знак любаснаму вучню, але і паказаў схаваны сэнс гэтай здрады. Юда здрадзіў самаму вялікаму даверу, які толькі магчымы ў гэтым сьвеце. Ян ужо казаў пра тое, што думку здрады паклаў на сэрца Юды шатан і вось зараз ён кажа: «І з лустаю ўвайшоў у яго шатан». Так у гэтым сьвеце бывае. На разлютванае сэрца і сама любоў тых, супраць каго гэтая лютасьць накірована, выклікае адваротнае дзеяньне. І таму, пасьля гэтай лусты, увайшоў у Юду шатан. Гэтыя словы – адны з самых жахлівых ва ўсёй Бібліі, бо мы бачым, што з гэтага моманту шатан цалкам узяў у свае рукі кіраўніцтва над сэрцам Юды Іскарыёта. Ісус, бачачы гэта, прыспяшае Юду кажучы: «Што робіш, рабі хутчэй». Але, у рэшце рэшт, усё павінна было зьдзейсьніцца па раскладу, складзенаму Айцом.

Ніхто з прысутных, акрамя Ісуса і Юды, не зразумелі гэтага знаку і калі Юда выйшаў з пакою ў ноч, ніхто з вучняў і не падумаў пра яго нічога дрэннага. Усе вырашылі, што ён, як маючы каліту, пасланы нешта дакупіць да іхняй вячэры ці даць нешта ўбогім. «А была ноч» - заўважае Ян і гэта паказвае нам ня толькі час сутак, але і пэўнае сымбалічнае значэньне. Юда сыходзіў ад Сьвета ў «ноч грэху» і дабраахвотна пераходзіў на бок сілаў цемры. Дзьвер расчынілася ў цёмную ноч і цемра, фізічная і духоўная, паглынула Юду Сымонавага Іскарыёта.

Што ж мы ўбачылі на гэтай апошняй вячэры Ісуса са Сваімі Вучнямі? Мы ўбачылі Ісуса і, па розныя бакі ад Яго, любоў і здраду. Так бывае ў жыцьці, калі любоў і здрада ідуць побач з намі. Ісус Хрыстос цалкам быў адкрыты да любові і радасьці, як, дарэчы, да гора і здрады. І мы, пасьлядоўнікі Хрыста ва ўсе часы, павінны разумець, што так ідзе справа і з усімі намі. У сярэдзіне гэтага разьдзела мы чаталі наступны радкі: «Ісус усхваляваўся ў духу, і засьведчыў, і сказаў: “Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне!”». Нічога звышзвычайнага ў тым, што Ісус усхваляваўся духам няма, бо як можа адчуваць сябе чалавек, абмываючы ногі, шчодра аддаючы сваю любоў і будучы адкрытым ня толькі да глыбокага сяброўства, але і да тых глыбокіх ранаў, якія вырабляюць Яму сябры. І кажучы пра тое, што ў Юду ўвайшоў шатан, Ян памятае, што нават і намер шатана утрымліваецца ў межах збаўляльнай любові. Сьвятло будзе сьвяціць у цемры і цемра не агарне яго.


Ян 13:31-38
«Калі ён выйшаў, кажа Ісус: “Цяпер праслаўлены Сын Чалавечы, і Бог праслаўлены ў Ім. Калі Бог праслаўлены ў Ім, Бог праславіць Яго ў Сабе, і незаўбаве праславіць Яго. Дзеткі, яшчэ трохі Я ёсьць з вамі. Будзеце шукаць Мяне і, як Я сказаў юдэям: “Куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці”, - так кажу цяпер і вам. Новае прыказаньне даю вам, каб вы любілі адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго. Па гэтам даведаюцца ўсе, што вы – Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго”» (Ян 13:31-35).

Час прыйшоў. Менавіта так адказаў Ісус на пытаньне грэкаў праз Андрэя і Філіпа: «Прыйшла гадзіна, каб быў праслаўлены Сын Чалавечы» (Ян 12:23). Калі Юда сыйшоў у ноч, гэты час ня проста прыйшоў – ён насунуўся, як хваля прыліву. Мы бачым, што аповяд Яна становіцца ўсё болей і болей напружаным. Ісус намагаецца аб’яднаць і бліжэй прыцягнуць да Сябе адзінаццаць вучняў і таму кажа ім тое, што Ён не казаў ім, пакуль у цемру не сыйшоў Юда. Ды і часу, да таго ж, засталося зусім няшмат. Ісус пачынае «разьвітальную гутарку», якая будзе працягвацца да канца 16 разьдзелу Эвангельля ад Яна. Ісус паказвае вучням, што азначаюць падзеі, якія павінны адбыцца ў хуткім часе, чаму яны будуць радавацца, чаму смуткаваць і якая іхняя роля і місія ў гэтым сьвеце. Наогул, гэтыя разьдзелы самыя шчырыя ва ўсім Новым Запавеце, бо яны суцешваюць, даюць надзею і вызначаюць тыя выклікі, у якіх мы адчуваем усю глыбіню асабістых адносінаў з Госпадам нашым Ісусам Хрыстом.

Ісус кажа вучням: «Дзеткі», што літаральна азначае «малыя дзеці мае». Мы бачым у гэтым кранальную любоў Ісуса да вучняў і заклапочанасьць у іхнім далейшым жыцьці. Ісус абвяшчае, што павінен сыйсьці ад іх і што яны, пакуль што, ня могуць прыйсьці да Яго, маючы наўвазе як Сваю сьмерць, так і Сваё ўзьнясеньне да Айца. Хутка Ісус скажа вучням, што да іх прыйдзе Сьвяты Дух і будзе настаўляць іх, як настаўляў іх Ён сам. Але спачатку Ён павінен даць ім галоўнае – простае і яснае прыказаньне: «Любіце адзін аднаго!», якое Ісус называе «новым». Мы разумеем і памятаем пра тое, што любоў як галоўнае прыказаньне гучыць на многіх старонках Старога Запавета. Кніга Лявіт, напрыклад, кажа: «Любі блізкага твайго, як самога сябе. Я Госпад» (Ляв 19:18).

Гебраям ужо даўно было прадпісана Госпадам любіць блізкага, як самога сябе. У чым жа навізна прыказаньня Ісуса? А навізна гэтага прыказаньня ня ў тым, што ніхто і ніколі пра гэта ня чуў, а ў тым, як перамянілася сама гэтая любоў і якую глыбіню яна набыла: «Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго». Хрыстовая любоў адзін да аднаго дасьць ім магчымасьць захавацца ў гэтым варожым сьвеце. Як Ісус увасобіў у Сабе любоў Айца, так і кожны Ягоны вучань павінен стаць увасабленьнем Хрыстовай любові да людзей. Любоў стане іхнім пасьведчаньнем сьвету і ўсякаму веруючаму: «Мы ведаем, што перайшлі ад сьмерці ў жыцьцё, бо любім братоў; хто ня любіць брата, застаецца ў сьмерці» (1 Ян 3:14).

«Кажа Яму Сымон Пётр: “Госпадзе, куды Ты ідзеш?” Адказаў яму Ісус: “Куды Я іду, ты ня можаш цяпер за Мною ісьці, але ўрэшце пойдзеш за Мною”. Кажа Яму Пётр: “Госпадзе! Чаму я не магу ісьці за Табою цяпер? Я душу маю палажу за Цябе”. Адказаў яму Ісус: “Душу сваю за Мяне паложыш? Сапраўды, сапраўды кажу табе: “не прапяе певень, як тройчы адрачэшся ад Мяне”» (Ян 13:36-38).

Хуткі на рэакцыю, эмацыйны Пётр адразу ж пытае Ісуса: «Госпадзе! Куды Ты ідзеш?». Яго, больш за словы Ісуса пра любоў паміж вучнямі, кранулі папярэднія словы Хрыста: «Куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці». Безумоўна што Пётр вельмі любіў Настаўніка і ніяк не жадаў растаньня з Ім. Эмацыйны Пётр не разумее чаму ён ня можа ісьці з Ісусам. Можа, нават і душу сваю паложыць за Ісуса. Гэта думка Пятра, але за эмацыйнай сілаю Пятра Ісус бачыў ў ім звычайную чалавечую слабасьць, якую ня здольны быў прызнаць (пакуль што) сам Пётр. Гэта па-першае, а па-другое – Ісусу патрэбны быў жывы Пётр, паколькі менавіта ён быў прызначаны Ісусам, каб даглядаць Ягоныя авечкі.

Пётр быў упэўнены, што яму хопіць любові да Ісуса і мужнасьці, каб не адступіць, нават і пад пагрозай сьмерці. Ісус жа кажа Пятру пра тое, што ён хутка адрачэцца ад Яго. Падаецца зусім магчымым, што гэтыя словы Ісуса чулі астатнія вучні і, як вынік, маглі нават і разважыць пра тое, што Пётр і ёсьць той здраднік, пра якога казаў ня так даўно сам Ісус. Але мы ведаем, што гэта ня так. Даведаюцца пра гэта, і зусім хутка, астатнія вучні Ісуса, бо час настаў і Юда ўжо пайшоў у цемру, каб рабіць сваю справу.


Рецензии