Иоанн 12 1-50

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЯНА


Ян 12:1-50

Мы назіраем апошнія падзеі, зьвязаныя са служэньнем Ісуса Хрыста. Памазаньне Ісуса мірам Марыяй, сястрой уваскрэшанага Лазара. Мы пабачым і ўрачысты ўваход Ісуса ў Ерусалім, як і прадказаньне Ісусам Сваёй сьмерці. Накіруемся ж, разам з іншымі паломнікамі ў Ерусалім, на вялікае юдэйскае сьвята. Сьвята Пасхі.

Ян 12:1-8
«За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Бэтанію, дзе быў Лазар нябожчык, якога Ён уваскрасіў з мёртвых. Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марта паслугавала, а Лазар быў быў адным з тых, што ўзьлягалі з Ім. Марыя ж, узяўшы фунт міра нардавага, чыстага і каштоўнага, памазала ногі Ісусу і выцерла валасамі сваімі ногі Ягоныя, а дом напоўніўся водарам ад міра. Кажа тады адзін з вучняў Ягоных, Юда Сымонаў Іскарыёт, які меўся выдаць Яго: Чаму не прадалі гэтае міра за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?” Казаў жа ён гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, але таму, што быў злодзей і меў каліту, і браў тое, што туды кідалі. Ісус тады сказаў: “Пакіньце яе. Яна захавала яго на дзень пахаваньня Майго, бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мяне не заўсёды”» (Ян 12:1-8).

Адлік часу становіцца ўсё больш вызначаным. Мы ня ведаем дакладна, колькі часу знаходзіўся ў Эфраіме Ісус, бо Ян кажа толькі тое, што Пасха набліжалася, але зараз ён кажа: «За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Бэтанію». Відавочна, што Ян быў сьведкам служэньня Ісуса ў час паміж сьвятам Ханукі і Пасхай, бо калі ён кажа: «А дом напоўніўся водарам ад міра», дык гэта можа даводзіць чалавек, які адчуў гэта асабіста. Але цікава і тое, што Ян не дае падрабязнасьцяў у часе для гэтага перыяду жыцьця Ісуса. Можа ён хоча даць нам магчымасьць нейкага дасьледваньня гэтага часу? Паспрабуем?

Ісус быў у Ерусаліме на сьвяце Ханукі, якое пачынаецца з 25 дня месяца «кісьлева», што супадае з сучасным сьнежнем і працягваецца 8 дзён. Пасьля даволі войстрага дыялогу Ісуса з фарысэямі, дзе апошнія хацелі ўкаменаваць Яго, Ісус з вучнямі выйшаў з Ерусаліма за Ярдан, дзе і знаходзіўся да моманту сьмерці Лазара. І вось, за шэсьць дзён да Пасхі, Ісус ідзе ў Бэтанію, каб зноў сустрэцца з Лазарам, Мартай, Марыяю, ды і ня толькі з імі. Што гэта быў за час, колькі ён доўжыўся і што ў ім адбывалася?

• Знаходжаньне і служэньне Ісуса за Ярданам;

• Уваскрасеньне Лазара ў Бэтаніі;

• Знаходжаньне ў Эфраіме;

Калі Ян кажа: «За шэсьць дзён да Пасхі», дык гэта азначае, што ўжо пачаўся месяц нісссан (авіў) – першы вясновы месяц гебрайскага каляндара, які вызначаўся новым лунным цыклам руху вакол зямлі і ў якім з 14 на 15 дзень гэтага луннага месяца і адзначалася самае вялікае сьвята Ізраіля – Пасха. Так што ад адыходу Ісуса з Ерусаліма пасьля сьвята Ханукі і да прыходу Яго на сьвята Пасхі будзе час, які роўны прыкладна дзьвум месяцам. І вось зараз мы зноў ідзем за Ісусам, разам з Ягонымі вучнямі, у Бэтанію, каб пабачыць Ягонае прыжыцьцёвае памазаньне мірам.

За шэсьць дзён да Пасхі, Ісус пакінуў Эфраім і прыйшоў у Бэтанію, дзе жыў памерлы Лазар. Ян ня кажа, дзе канкрэтна прыгатавалі Яму вячэру, але пра гэта кажа эвангеліст Марк (і гэта кажа пра тое, што ўсе Эвангельлі дадаюць адно да аднога), які кажа : «Праз два дні была Пасха і сьвята праснакоў, і шукалі першасьвятары і кніжнікі, як узяць Яго падступам і забіць, але казалі: “Не на сьвята, каб не было зьмяшаньня ў народзе”. І калі Ён быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажонага, і ўзьляжаў за сталом, прыйшла жанчына з алябастравы збанком міра нардавага, чыстага і каштоўнага, і, пабіўшы алябастар, выліла Яму на галаву» (Мар 14:1-3). Ня будзем спрачацацца на тое куды выліваўся гэты мір, бо відавочна тое, што Марк ня быў сьведкам гэтага дзеяньня, а Ян быў, і таму будзем рухацца ў рэчышчы аповяду апостала Яна. Але зьвесткі Марка даюць нам дзейсныя уяўленьні таго, што Ісуса прымалі ў доме Сымона пракажонага, дзе былі Марта, Марыя і Лазар. Невядома, што зьвязвала Сымона і сям’ю Лазара, але тое, што слугавала гэтай вячэры Марта, кажа пра тое, што яны былі блізкімі ў адносінах.

Фунт каштоўнага міра. Рэч ідзе пра духмяны алей, які атрымлівалі з каранёў і сьцябла духмянай травы, якая вырастае ў паўночнай Індыі. Гэта была вельмі каштоўная духмянасьць, якую прывозілі ў Юдэю ў запячатаных алябастравых збанках і якія адкрываліся толькі ў самых асаблівых выпадках. Марыя зрабіла гэта, як доказ таго, што яна прызнала Ісуса, Як свайго Госпада і Збаўцу, і, можа быць, як падзяку за ўваскрашэньне свайго брата Лазара. Але, што далей?

Юда Сымонаў Іскарыёт абвяшчае пра тое, што гэта ёсьць непатрэбная, марная страта, як і тое, што можа стацца карысным продаж гэтага міра, каб гэтымі грашамі падтрымаць убогіх. Калі мы зноў зьвернемся да Марка, дык мы пабачым і падтрымку пазіцыі Юды: «І былі некаторыя, якія абураліся ў сабе і казалі: “Навошта такое марнаваньне гэтага міра? Можна ж было прадаць яго даражэй, чым за трыста дынараў, і раздаць убогім”. І наракалі на яе» (Мар 14:4-5). Ян жа кажа пра нешта іншае. Ён тлумачыць паводзіны Юды з кропкі погляду далейшага веданьня, але важнае для нас тут тое, што Марыя адкрыта ахвяравала каштоўнае міра, тады калі Юду таемна прываблівалі грошы для асабістага ўзбагачэньня.

Але адказ Ісуса выходзіць за рамкі практычнага і таемнага. Словы Ісуса нясуць нам сэнс таго, што ўчынак Марыі – гэта нешта нашмат большае (як і словы Каяфы), чым яна яго разумее. Яе выраз любові да Ісуса ёсьць несьвядомае прароцтва, бо вельмі хутка Ён памрэ, а часу памазаць Яго мірам ужо ня будзе.

Ісус добра ведаў, што станецца так, як і напісана ў Ісаі: «Яму выраклі магілу са зладзеямі, але Ён пахаваны ў багатага, бо ня ўчыніў грэху, і не было маны ў вуснах Ягоных» (Іс 53:9). Ён павінен будзе прайсьць праз боль, сьмерць і пахаваньне. І таму Ён заступаецца за Марыю, якая зьявіла Яму сваю любоў і адданасьць. А Ягоныя словы: «Бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою», ня сьлед разумець, як на ўхвалу Госпадам убогіх і нежададаньне, каб убогім дапамагалі. Ісус мае на ўвазе тое, што ў сьвеце вельмі шмат прычынаў для галечы, як і шмат магчымасьцяў дапамагаць убогім. Але вось магчымасьць зьявіць сваю любоў да Яго, пакуль Ён на зямлі, вельмі абмежаваная.


Ян 12:9-19
«Тады вялікі натоўп з юдэяў даведаўся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, але і каб Лазара пабачыць, якога Ён уваскрасіў з мёртвых. А першасьвятары пастанавілі забіць і Лазара, бо деля Яго шмат юдэяў прыходзілі і паверылі ў Ісуса. На заўтра вялікі натоўп, які прыйшоў на сьвята, пачуў, што Ісус прыходзіць у Ерусалім, і ўзялі пальмавыя галінкі, і выйшлі на спатканьне Яму, і крычалі: “Гасанна! Дабраславёны Той, Які прыходзіць у Імя Госпада, Валадар Ізраіля!” Ісус жа, знайшоўшы маладога асла, сеў на яго, як напісана: “Ня бойся дачка Сыёну! Вось, Валадар твой прыходзіць, седзячы на асьляняці”. Вучні Ягоныя сьпярша не разумелі гэтага, але калі Ісус быў праслаўлены, тады яны яны ўзгадалі, што гэтак было напісана пра Яго і гэтак зрабілі Яму. Натоўп жа, які быў з Ім, сьведчыў тады, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрасіў яго з мёртвых. Таму і пераняў Яго натоўп, бо чуў, што Ён зрабіў гэты знак. Фарысэі ж гаварылі між свабою: “Глядзіце, нічога не атрымліваецца! Вось, сьвет пайшоў за Ім”» (Ян 12:9-19).


Пачалася Пасха – вялікае вясновае сьвята, галоўнае ў рэлігійным жыцьці гебраяў, як памяць пра Выхад, калі Госпад вызваліў Свой народ з егіпецкага палону. Ахвярнае ягняці і пераход праз Чэрмнае мора – асобныя сымбалі вызваленьня і Ян узгадняе для нас вобраз Ісуса як Ахвярнага Ягняці. Але, што вельмі важна, Ян даносіць да нас і іншы сэнс уваходу Ісуса ў Ерусалім. Чаму? Таму што мы бачым пальмавыя галінкі ў руках сустракаючых Ісуса, Як Валадара Ізраіля. А гэта ўжо сымбаль сьвята Ханукі, на якім мы бачылі Ісуса ня так ужо і даўно. Калі Юда Макабэй перамог паганаў і ачысьціў Храм, ягоныя прыхільнікі ўвайшлі ў Ерусалім, размахваючы пальмавымі галінкамі і сьвяткуючы гэтую падзею. І вось зараз, у гэтае вясновае сьвята, Ісуса сустракаюць, як калісьці зімовае сьвята Ханукі – пальмавымі галінкамі.

Прычына такога «накладу» сымбаляў відавочная. 164 гады да Р.Х. людзі пальмавымі галінкамі сустракалі пераможцу – Юду Макабэя, які заснаваў новую дынастыю валадароў Юдэі. Пасьлядоўнікі Ісуса намагаюцца аб’яднаць Хануку з Пасхай, бо бачаць у Ім новага Валадара, Які дасьць Ізраілю новае збаўленьне. Той жа сэнс мае і асёл на якім Ісус уваходзіць у Ерусалім, бо многія гебраі добра ведалі спасылку Пісаньня на прарока Захарыю 9:9. Таксама і Лазар, што быў, па ўсёй верагоднасьці, недзе побач з Ісусам, вельмі спрыяў для многіх і многіх людзей для ўзьнікненьня іхняй веры ў Ісуса. Але тут ёсьць і негатыўны момант, бо, з-за гэтага, першасьвятары пастанавілі забіць таксама і Лазара. І, як бы тое не было, гэта быў дзень вялікага народнага прызнаньня Ісуса, але, на жаль, яно было пазбаўлена духоўнага падыходу і асэнсаваньня.

І вось, фарысэі. Яны скардзяцца адзін адному, кажучы: «Глядзіце, нічога не атрымліваецца! Вось, сьвет пайшоў за ім». З аднаго боку яны, з-за натоўпу, ня здольныя схапіць Ісуса і канстатуюць гэта. З другога ж боку яны згаджаюцца з тым, што сьвет пайшоў за Ім. Што яны маюць на ўвазе? Ці ня тое, што гэта ёсьць неадукаваны натоўп, які крыху ведае Тору, ды і тое ня больш чым ад іх – знаўцаў Закона, якія вышэй за гэты сьвет і таму ня будуць вітаць Ісуса пальмавымі галінкамі і воклічам: «Гасанна!». Але ня толькі гебраі былі сярод натоўпу, які вітаў Ісуса.


Ян 12:20-26
«Былі ж некаторыя грэкі сярод тых, якія прыйшлі пакланіцца на сьвята. Яны падыйшлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскае, і прасілі яго, кажучы: “Пане, мы хочам бачыць Ісуса”. Філіп ідзе і кажа Андрэю; і пасьля Андрэй і Філіп кажуць Ісусу. А Ісус адказаў ім, кажучы: “Прыйшла гадзіна, каб быў праслаўлены Сын Чалавечы. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, дык застанецца адно, а калі памрэ, дык прыносіць шмат плоду. Хто любіць душу сваю, згубіць яе; а той, хто ненавідзіць душу сваю ў гэтым сьвеце, захавае яе ў жыцьцё вечнае. Хто Мне служыць, няхай ідзе за Мною; і дзе Я, там і служыцель Мой будзе; і хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец”» (Ян 12: 20-26).

Андрэй і Філіп абвясьцілі Ісусу, што некаторыя грэкі маюць жаданьне бачыць Яго. Ніякі не сакрэт, што менавіта грэкі былі самымі вядомымі ў сьвеце шукальнікамі праўды. І тое, што грэкі прыйшлі ў Ерусалім на сьвята Пасхі, кажа пра гэтае шуканьне. Але ёсьць яшчэ адзін бок гэтага здарэньня – шлях, які адкрывае паганам доступ да Бога для пакланеньня Яму праз Ісуса Хрыста. Але, чаму грэкі зьвярнуліся, дзеля гэтага, да Філіпа? Можа таму, што ён меў грэцкае імя? Ці таму, што Філіп быў з Бэтсаіды – тэрыторыі Галілеі, дзе грэцкі ўплыў на грамадзтва быў даволі значны? І тое і другое, але самае галоўнае тое, што Ісус прыйшоў ня толькі для гебраяў, але і для ўсіх іншых народаў. Ісус, у Сваім адказе, і кажа пра гэта. Цікава ж і тое, што Ісус ня кажа Андрэю і Філіпу пра тое, каб яны, тэрмінова, прывялі да Яго гэтых грэкаў, але адказвае ўсім і адказвае своеасабліва.

Рашучы момант у зямным жыцьці Ісуса Хрыста хутка набліжаўся. На гэта паказвала прышэсьце грэкаў і іхняе зьвяртаньне да Ісуса, як час праслаўленьня Сына Чалавечага. Яны ня проста «убачаць» Яго, але і «прыйдуць» да Яго, каб убачыць, разам з Ім, новае жыцьцё. Шмат людзей гэтае адчуюць і ўбачаць. Як? Праз словы Ісуса пра пшанічнае зерне, якое павінна памерці, каб прынесьці шмат плоду. Ісус зноў кажа вельмі важнае: «Сапраўды, сапраўды кажу вам». Гэта вельмі важная заява пра вобраз пшанічнага зерня, якое «памірае», будучы кінутае ў зямлю, каб прынесьці шмат плоду, неабходнага для набыцьця жыцьця з лішкам. Сьмерць, як шлях да жыцьця. Мы разумеем, што Ісус кажа пра Сваю сьмерць, якая несла славу і жыцьцё ня толькі Яму, але і ўсім нам, бо кожны, хто паверыў у Ісуса Хрыста, павінен памерці разам з Ім для свайго старога жыцьця, каб атрымаць жыцьцё новае ў Ісусе Хрысьце. Але, што гэта азначае?

Тое, што кожны вучань Ісуса Хрыста павінен узьненавідзець сваю душу ў гэтым сьвеце, каб набыць такую адданасьць Хрысту, у якой не было б месца асабістаму эгацэнтрызму і ўшанаваньню самога сябе. Бо, кажа Ісус, што той, хто любіць душу сваю, загубіць яе. Думка тут тая, што ў жыцьці чалавека ўсё што заўгодна можа стацца ідалам, нават асабістыя мэты і інтарэсы, калі ў іх няма Ісуса Хрыста. Чалавек павінен памерці для сябе (як тое зерне), каб узрасьці ў Хрысьце і даць плод – шмат плоду (як той колас). І, каб быць слугою Хрыста, нам неабходна крочыць за Ім, гледзячы на тых першых пасьлядоўнікаў Хрыста, якіх не спынялі пакуты, а нават і сьмерць. Такім чынам прароцкія словы Ісуса Хрыста былі для кожнага з Ягоных вучняў і абяцаньнем, бо хто будзе аддана служыць Хрысту, той будзе ўшанаваны Айцом. На вякі вякоў.


Ян 12:27-36
«Цяпер душа Мая ўстрывожана; і што Я скажу? Ойча, збаў Мяне ад гэтае гадзіны; але ж дзеля гэтае гадзіны Я і прыйшоў. Ойча, праслаў імя Тваё! Тады прыйшоў голас з неба: “І праславіў, і яшчэ праслаўлю”. Натоўп, які стаяў і чуў, казаў: “Былі грымоты”. Іншыя казалі: “Анёл прамовіў да Яго”. Адказаў Ісус і сказаў: “Ня дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас. Цяпер суд сьвету гэтаму; цяпер князь гэтага сьвету выгнаны будзе прэч. І Я, калі буду падняты з зямлі, усіх прыцягну да Сябе”. Сказаў жа Ён гэтае, даючы знак, якою сьмерцю мае памерці» (Ян 12:27-33).

Настаўляючы вучняў адносна пакоры Айцу, Ісус, у той жа час, не хавае асабістага хваляваньня. Ён устрывожаны думкаю пра тое, які цяжар грэху ляжа на Яго ў Ягонай сьмерці. За ўсіх нас. Вось, што кажа пра гэта апостал Павал: «Бо Таго, Які грэху ня ведаў, Ён зрабіў за нас грэхам, каб мы у Ім сталіся праведнасьцю Божай» (2 Кар 5:21). Нам, як чалавекам, зразумелая ўстрывожанасьць Ісуса, але ці мог Ён адступіцца ад крыжовага шляху, папрасіўшы пра гэта Свайго Нябеснага Айца? Не! І гэта Ісус абвяшчае ў словах: «Ойча, праслаў імя Тваё». Так павінны рабіць і хрысьціяне, бо якія б не былі цяжкія абставіны іхняга жыцьця, неабходна прымаць волю Бога і цьвёрда стаяць у ёй, жадаючы толькі таго, каб праславілася Божае імя.

І вось адказ. Адказ Айца. З нябёсаў гучыць голас – сапраўдны, чутны і выразны. Але, як на гэта рэагуюць людзі? Па рознаму і настолькі, што некаторыя прымаюць гэта за грымоту, а іншыя, якія бачылі, як Ён маліўся, прымаюць гэта як прамаўленьне анёла да Яго. Зразумела, што мы, маючы адлегласьць ад гэтага амаль што дзьве тысячы год і Эвангельле паводле Яна, ведаем, што гэта былі словы Бога. Але, калі б мы былі сярод тагачаснага гебрайскага аасяродзьдзя, невядома што б мы пачулі пад час прамаўленьня з нябёсаў Айца, Які адказаў на словы Ісуса. Па рознаму пачулі гэтыя словы людзі, але відавочна тое, што для ўспрымальных Хрыста духоўных людзей гэты голас безумоўна ўмацаваў веру. І наадварот, для людзей душэўных ён прагучаў, як незразумелы гук: «А душэўны чалавек ня прыймае таго, што ад Духа Божага, бо гэта глупства для яго, і ня можа зразумець, бо пра гэта судзіцца духоўна» (1 Кар 2:14).

Гэты сьвет, які асудзіў Хрыста на крыжовую сьмерць, тым самым асудзіў і сябе. Але Крыж Хрыста стаўся зброяй паразы д’ябла – князя сьвету гэтага, які будзе выгнаны прэч. Менавіта так кажа Ісус, як кажа і тое, што ўлада д’ябла, якая мацуецца на сьмерці і страху грэху, згубіць (і ўжо губляе) сілу, а таму людзі атрымаюць магчымасьць вырвацца з духоўнай цемры і вызваліцца з рабства грэху: «Дык калі дзеці сталіся супольнікамі цела і крыві, і Ён таксама мае ўдзел у іх, каб праз сьмерць зьнішчыць таго, хто мае ўладу над сьмерцю, гэта ёсьць д’ябла, і вызваліць тых, якія дзеля страху сьмерці праз усё жыцьцё падлягалі няволі» (Геб 2:14-15). Словы ж Ісуса: «І Я, калі буду падняты з зямлі, усіх прыцягну да Сябе» ніяк не адносяцца да Ягонага ўзьнясеньня, бо Ён кажа тут пра Сваю асабістую сьмерць на Крыжы.

«Натоўп адказваў Яму: “Мы чулі з Закону, што Хрыстос застаецца вечна. Дык як жа Ты кажаш, што мусіць быць падняты Сын Чалавечы?” Тады сказаў ім Ісус: “Яшчэ на кароткі час сьвятло з вамі. Хадзіце, пакуль маеце сьвятло, каб цемра вас не агарнула; а хто ходзіць у цемры, той ня ведае, куды ідзе. Пакуль маеце сьвятло, верце ў сьвятло, каб сталіся вы сынамі сьвятла”. Гэта сказаў Ісус і, адышоўшы, схаваўся ад іх» (Ян 12:34-36).

Народ у зьдзіўленьні: «Што Ён кажа?». Мэсія, што ёсьць Хрыстос, ня можа памерці, бо павінен жыць вечна. Вось і прарок Данііл казаў пра гэта: «Бачыў я ў начных уявах, вось, з аблокамі нябеснымі ішоў як бы Сын Чалавечы, дайшоў да Спрадвечнага днямі і падведзены быў да Яго. І Яму дадена ўлада, слава і Валадарства, каб усе народы, плямёны і роды служылі Яму; Валадарства Ягонае – Валдарства вечнае, яно не мінецца, і Валадарства Ягонае не разбурыцца» (Дан 7:13-14). І тут ёсьць вялікія сумненьні і размежаваньні ў разважаньнях, бо магчыма людзі лічылі, што Ісус не параўноўваў Сына Чалавечага і Мэсію адной і той жа Асобаю. Як жа гэта суадносіць з Даніілам? Ці мог Сын Чалавечы ў Данііла памерці?

Такія вось разважаньні тагачасных гебраяў, якія былі ў сферы мудрасьці і ведаў. Ісус зрабіў усё, каб данесьці да іх рэчы маральнага і духоўнага кшталту, але час шчаснай магчымасьці для іх мае сваё заканчэньне. Але надзея застаецца, бо Ён сьвятло для сьвету. Так, Ягонае грамадзкае служэньне падыходзіць да свайго фіналу, але галоўнае ў тым, што той, хто ходзіць у цемры нявер’я мае цудоўнейшую магчымасьць паверыць у тое сьвятло, што ёсьць Ісус Хрыстос, каб стаць сынамі сьвятла, а значыць Ягонымі вучнямі: «Ноч зыходзіць, а дзень наблізіўся, дык адкінем справы цемры і апранемся ў зброю сьвятла» (Рым 13:12). У той момант Ісус дае Сваім слухачам адзіны ключ, калі зноў кажа ім пра цемру і сьвятло. Сьвятло яшчэ нейкі час будзе з імі і таму трэба трымацца яго і хадзіць у ім. Больш таго, трэба бачыць, што сьвятло і ёсьць Ісус Хрыстос. Гэтая парада тычыцца і ўсіх нас.


Ян 12:37-43
«Хоць гэтулькі знакаў учыніў Ён перад імі, яны не паверылі ў Яго, каб споўніліся слова Ісаі прарока, якое той сказаў: “Госпадзе! Хто паверыў пачутаму ад нас, і каму было адкрытае рамяно Госпада?” Дзеля гэтага не маглі яны верыць, бо ізноў сказаў Ісая: “Ён засьляпіў вочы іхнія і сэрца іхняе скамяніў, каб ня ўбачылі вачыма і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх”. Гэта сказаў Ісая, калі бачыў славу Ягоную і гаварыў пра Яго. Аднак і з начальнікаў шмат хто паверыў у Яго, але дзеля фарысэяў не прызнаваліся, каб іх не адлучылі, бо яны палюбілі больш славу чалавечую, чым славу Божую» (Ян 12:37-43).

Нявер’еюдэяў – гэта тое, што мы чуем ад Яна, калі чытаем ягоны аповяд пра Ісуса Хрыста. Ці не таму Ён кажа гэтыя словы: «Ці гэтулькі знакаў учыніў Я перад вамі, а вы не паверылі ў Мяне». Ці ня ведаў гэга Ісус? Безумоўна, што ведаў усё. І, пры гэтым, Стары Запавет для ўсіх гебраяў ужо колькі стагодзьдзяў казаў пра тое, што казаў прарок Ісая: «Госпадзе! Хто паверыў чутаму ад нас, і каму адкрылася сіла Госпада?» (Іс 53:1). Ян працягвае цытаваць прарока Ісаю (6:10), каб паказаць, што Ізраіль, у сваёй большасьці, быў няздольным паверыць у Ісуса Хрыста, бо заўсёды адкідваў Божыя знакі і адкрыцьці. У выніку ж Бог пакараў Свой народ духоўнай сьлепатою і скамянеласьцю сэрца. Гебраі пад час Хрыста, як, дарэчы і ў часы прарока Ісаі, адмаўляліся верыць, а паколькі гэта так, дык яны страцілі і самую здольнасьць да гэтага. Большасьць натоўпу маюць каменныя сэрцы. Яны разважаюць пра сваё і нават крытыкуюць справы Госпада. Нават і тыя, хто, маючы больш мяккае сэрца, паверылі ў Ісуса-Мэсію, не адкрываюцца перад большасьцю, бо меркаваньне іншых людзей клапоціць іх нашмат больш, чым меркаваньне і слава Госпада.


Ян 12:44-50
«А Ісус закрычаў і сказаў: “Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, але ў Таго, Хто паслаў Мяне. І хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне. Я, Сьвятло, прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не застаўся ў цемры. І калі хто пачуе гэтыя словы і не паверыць, Я ня буду судзіць яго, бо Я прыйшоў не каб судзіць сьвет, але каб збавіць сьвет. Хто адкідае Мяне і не прыймае словаў Маіх, мае судзьдзю для сябе – слова, якое Я сказаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень; бо Я сказаў не ад Сябе, але Айцец, Які паслаў Мяне, даў мне прыказаньне, што казаць і што гаварыць. І Я ведаю, што прыказаньне Ягонае ёсьць жыцьцё вечнае. Дык тое, што Я гавару, як сказаў Мне Айцец, каб Я гаварыў”» (Ян 12:44-50).

Мы бачым, як апостал Ян вельмі ўзорна акрэсьлівае той выклік, які, ад пачатку, выказаў Ісус да Ізраіля. Сьвятло прыйшло ў сьвет і цемра сьвету яго ня зьнішчыла. Сьвятло было з людзьмі і яны мелі магчымасьць зрабіць гэтае Сьвятло сваім і быць у Ім. Ісус і ёсьць Сьвятло сьвету, бо дае зрок ня толькі фізічна сьляпым, але Ён хоча адчыніць духоўныя вочы ўсяму сьвету. Сьвятла дастаткова, каб убачыў праўду ўвесь сьвет, але далёка ня ўсе хочуць набыць гэты зрок. Крык Ісуса нечаканы і ў нейкім сэнсе жахлівы, бо ён бянтэжыць і зьбівае з ладу. Ён у дасканаласьці яўляе Сабою Бога, Які паслаў Яго: «Ён, будучы зьзяньнем славы і выразам існасьці Ягонай і ўсё словы моцы Сваёй трымаючы, учыніўшы праз Сябе ачышчэньне грахоў нашых, сеў у праваруч велічы на вышынях» (Геб 1:3). Ісус кажа, што ў людзей няма альтэрнатывы, бо верыць у Ісуса – гэта азначае верыць у Бога. Сын Божы прыйшоў на зямлю, каб вывесьці ўсіх людзей з цьмянага д’ябальскага валадарства ў Божае Валадарства любові і сьвятла.

Але і тым, хто любіць цемру, Ісус кажа пра тое, што Ён не прыйшоў судзіць сьвет, але каб збавіць яго. Чаму?. Таму што Бог так палюбіў гэты сьвет, што паслаў у яго не слугу ці нешта ў выглядзе вестцы ў бутэльцы. Ён прыйшоў Сам, у Сваім Сыне Ісусе Хрысьце, каб асабістым чынам збавіць гэты сьвет. У гэтым і ёсьць сутнасьць таго, што робіць і кажа Ісус. Усё зразумела. Ісус кажа словы любові, якія павінны ацаліць сьвет і тыя людзі, якія адкідваюць гэтыя словы будуць асуджаныя не Ісусам, а тымі словамі, якія яны адкінулі. Словы Ісуса маюць гэтую сілу, бо яны ад Айца і той, хто верыць Яму, верыць Айцу. Слова Ісуса жывое і дзейснае на ўсе часы і таму кожны з нас павінен выбраць – сьвятло Ісуса Хрыста ці цемру гэтага сьвету.


Рецензии