Иоанн 15 1-27
Ян 15:1-27
«Я ёсьць сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой - вінаградар». Сэнс гэтага выказваньня ў наступным: мы бязплодныя і сухія па прыродзе, калі ня прыўемся да Хрыста і ня будзем чэрпаць ад Яго новую сілу. Гэта выказваньне Жана Кальвіна і яно вельмі добра падыходзіць да нашага разуменьня таго, што адбывалася пасьля вячэры ў слове, якое казаў Ісус Сваім вучням па дарозе за струмень Кедрона, дзе быў той самы сад.
Ян 15:1-8
«Я ёсьць сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой – вінаградар. Усякую галіну ў Мяне, якая не дае плоду, Ён адсякае; і ўсякую, што дае плод, абчышчае, каб больш пладоў давала. Вы ўжо ачышчаныя праз слова, якое Я гаварыў вам. Заставайцеся ў-ва Мне, і Я ў вас. Як галіна ня можа даваць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе, так і вы, калі не застанецеся ў-ва Мне. Я – вінаградная лаза, вы – галіны; хто застаецца ў-ва Мне, і Я ў ім, той прыносіць мноства пладоў, бо без Мяне вы ня можаце рабіць нічога. Хто ня будзе ў-ва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне; і іх зьбіраюць, і кідаюць у агонь, і яны згараюць. Калі застанецеся ў-ва Мне, і словы Мае ў вас застануцца, то што хочаце прасіце, і станецца вам. У гэтым будзе праслаўлены Айцец Мой, калі вы прынясеце мноства пладоў і будзеце Маімі вучнямі» (Ян 15:1-8).
Калі хто садзіў ружу, той ведае, што яе трэба штогодна вельмі шчыльна падразаць, бо ў іншым выпадку мы атрымаем шыпшыну. Так і з вінаградам, бо калі мы хочам мець добрыя плады, мы вымушаны яго падразаць і ачышчаць. А калі прыслухацца да Ісуса, мы павінны бачыць гэтае пытаньне ў гістарычнай плоскасьці. У юдэйскай традыцыі вінаградная лаза была сымбалем Ізраіля, бо гэтую лазу Госпад вынес з Егіпту і пасадзіў ў зямлі абяцанай: «З Егіпта перанёс Ты лазу вінаградную, выгнаў народы, і пасадзіў яе; ачысьціў пад яе месца, і ўгрунтаваў карэньне яе, і яна напоўніла зямлю» (Пс 79:9-10). Але, што ўбачыў Ісус? Замест ружаў шыпшыну?
Таму Ісус і выяўляецца, як сапраўдная вінаградная лаза. І гэта азначае, што Ён – гэта сапраўдны Ізраіль на Якім засяроджаны план Бога. Ягоныя ж пасьлядоўнікі – гэта і ёсьць народ Божы, які прыналежыць Яму і знаходзіцца ў Ім. Вобраз жа вінаграднай лазы – ня проста метафара з садаводчага дзеяньня, але найбольш дакладнае пазначэньне таго, кім на самой справе зьяўляецца Ісус. Ды і ня толькі, бо з Ім на гэтай лазе прысутнічае і народ Божы. Мы бачым нейкае новае вымярэньне і таму пачынаем разумець, што жадае Ісус сказаць Сваім вучням перад тым, як Ён пойдзе на крыжовую сьмерць.
Вінаградар – Айцец Нябесны жадае атрымаць плод і таму Ён даглядае Свой вінаграднік, адсякаючы ўсё, што гэтаму перашкаджае. ІсусХрыстос – гэта лаза, а Ягоныя вучні ёсьць галінамі, якія жывуць ад гэтай лазы, на якіх і павінен быць плод. А калі плоду няма? Дык у гэтым выпадку вінаградар наўпрост адсякае ад лазы няплодныя галіны. Што гэта азначае? Толькі тое, што ня ўсякі, хто называе сябе хрысьціянінам, сапраўды зьяўляецца Ягоным вучнем і пасьлядоўнікам. Галіна, якая не прыносіць плоду ня вартая жыцьця і таму яна адсякаецца. Дзеля таго, каб іншыя галіны мелі больш жыцьця і давалі Госпаду плод у імя і ў славу Яго. Пладаноснасьць жа вучня Хрыста абумаўляецца кожнадзённым знаходжаньнем ў ім жыцьця Сына Божага. І гэта, у сваю чаргу, сур’ёзная адказнасьць, бо быць галінаю Ісуса Хрыста – азначае служыць Яму ўсім сваім жыцьцём, даючы плод свайго служэньня Хрысту. А зараз некалькі кропак погляду.
Першае. Той, хто належыць спаленьню – гэта тыя хрысьціяне, якія адступіліся ад Хрыста і таму згубілі збаўленьне.
Другое. Гэта тыя хрысьціяне, якія ў Божым судзе не атрымаюць узнагароды, але не пазбавяцца збаўленьня.
І трэцяе. Спальваемыя галіны – гэта ілжэхрысьціяне, бо як мёртвая сухая галіна, так і мёртвы духоўна чалавек, калі ня мае ў сабе Ісуса Хрыста. Мы ж бачым, як той жа Юда Іскарыёт хадзіў з Ісусам і выглядаў, як «галіна», але Божага жыцьця ў ім не было. Адсюль і далейшае жыцьцё Юды – адсячэньне ад жыцьця.
Але мы павінны адказаць на яшчэ адно пытаньне: «Якім чынам мы знаходзімся ў Ім і як гэта можа быць у штодзённым жыцьці?» Мы павінны быць у суполцы, якая вызнае Ісуса Хрыста і лічыць Яго сваім Госпадам і Збаўцам. Хрысьціянін ня можа быць сам па сабе, як тая галіна, што, як і многія, вырастае ад лазы Ісуса Хрыста. Мы павінны быць разам у малітве і ў праслаўленьні Госпада. Мы павінны штодзённа падтрымліваць сваю сувязь з Ісусам Хрыстом. Каб мы ведалі Яго, а Ён нас, бо каб не было, як сказана ў Яна: «Хто ня будзе ў-ва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне; і іх зьбіраююць, і кідаюць ў агонь, і яны згараць».
Нож прычыняе боль, але збаўляе да жыцьця. Гэта ў добрым сэнсе. Наш добры плод праслаўляе Госпада і дае дабраслаўленьне асабіста нам. Але, каб прынесьці гэты плод, трэба каб залішнія галіны былі адсечаны Госпадам. І Ён робіць гэта Сваім Сьвятым Духам. Ён мае ў руках той нож, з якім Ён клапоціцца пра Свой будучы ўраджай і Сваю славу. Дух Бога асьвятляе нас і скарае ў домыслах нашага сэрца, бо не дарма кажа Ісая: «І вось, запавет Мой з імі, кажа Госпад: “Дух Мой, які на табе, і словы Мае, якія ўклаў я ў вусны твае, не адступяць ад вуснаў тваіх і ад вуснаў нашчадкаў тваіх і ад вуснаў нашчадкаў нашчадкаў тваіх, кажа Госпад, ад сёньня і да веку”» (Іс 59:21).
Ян 15:9-17
«Як палюбіў Мяне Айцец, і Я палюбіў вас; заставайцеся ў любові Маёй. Калі захаваеце прыказаньні Мае, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў прыказаньні Айца Майго і застаюся ў Яго любові. Гэтае сказаў Я вам, каб радасьць Мая ў вас была, і каб радасьць вашая была поўная. Гэта прыказаньне Маё, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто ня мае любові большае за тую, калі хто аддасьць душу сваю за сяброў сваіх. Вы – сябры Мае, калі робіце тое, што Я загадваю вам. Я больш не называвю вас слугамі, бо слуга ня ведае, што робіць гаспадар ягоны, а Я назваў вас сябрамі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, паведаміў вам. Ня вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш заставаўся; каб тое, што папросіце ў Айца ў імя Маё, Ён даў вам. Гэта загадваю вам, каб вы любілі адзін аднаго» (Ян 15:9-17).
Мы ўсе маем пабытовую тэхніку з вялікай коласьцю кнопак, якія вызначаюць пэўны рэжым ягонага выкарыстаньня. Гэта разумее кожны дарослы чалавек, але, калі на гэтую тэрыторыю прыходзіць дзіця, дык невядома на якую кнопку ён націсьне. Гэта пра тое, што кожнаму чалавеку трэба ўбачыць тое, што ён павінен убачыць і націснуцць на правільную кнопку – паверыць у Ісуса Хрыста. Які, між тым, кажа даволі дзіўныя словы: «Ніхто ня мае любові большае за тую, калі хто аддасьць душу сваю за сяброў сваіх». Хрысту заўгодна, каб веруючыя былі ў любові адзін да аднога. Але, мы павінны ведаць наступнае. Любові да блізкага пяпярэднічае любоў да Бога, а паколькі пацьверджаньне гэтага ёсьць любоў да блізкага, дык пра тое Ісус і кажа. Больш таго. Ён дае нам гэты прыклад, калі абвяшчае любоў да ўсіх Сваім, якія, у сваю чаргу, павінны любіць адзін аднога.
Радасным стымулам у жыцьці кожнага веруючага чалавека ёсьць усьведамленьне цудоўнай любові да яго Ісуса Хрыста, якая, па сваёй бязьмежнасьці, такая ж як і любоў Айца да Хрыста. Ад хрысьціянаў патрабуецца тая ж пакора да запаведзяў Айца, як да гэтага ставіўся і Ісуса: «І што мы пазналі Яго, даведваемся з таго, што захоўваем прыказаньні Ягоныя» (1 Ян 2:3). Шчырая надзея на Бога і паслухмянасьць Яму ў любові – гэта і ёсьць тое, што трэба кожнаму з нас, каб быць у любові Ісуса Хрыста. Ісус дае нам запавет любіць адзін аднога і быць у любові, таму што Ён выконвае і выканае да канца Свой найвялікшы подзьвіг любові. Ісус жадае, каб мы прынесьлі плады сваёй любові. Якія плады? Ды тая перамена, якая можа быць у нас, калі мы палюбім кагосьці, як Ісус любіць нас. Любоў робіць неверагоднае, бо зьмяняе ўсіх – як любячага, так і таго, каго ён любіць.
Ісус дае нам запаведзь пра ўзаемную любоў, бо падтрымліваючы адзін аднога хрысьціяне ўзрастаюць духоўна. І прыклад сапраўднай любові дае нам Ісус Хрыстос, Сваім пакорным і ахвярным служэньнем усім нам. Ісус кажа Самае большае, што можа чалавек зрабіць для свайго сапраўднага сябра – гэта ахвяраваць сваім жыцьцё дзеля таго. Ці ня тое зрабіў Ісус, калі аддаў Сваё жыцьцё за тых, каго вельмі любіў? А любіў Ён усіх нас. Але вось, што тычыцца сяброў і сяброўства.
Асноваю сяброўства паміж Богам і чалавекам зьяўляецца, безумоўна, падпарадкаваньне чалавека свайму Творцу. Абрагам, як мы ведаем, быў названы сябрам Бога: «А ты, Ізраіле, рабе Мой, Якаве, якога Я выбраў, насеньне Абрагама, сябра Майго» (Іс 41:8). Убачым розьніцу. Раб выконвае даручэньне па абавязанасьці, а сябра – па любові. Дык вось, Ісус чакае ад Сваіх пасьлядоўнікаў выкананьня Свайго пасланьня гэтаму сьвету не ў агульнапрынятым разуменьнем рабства, але ў разуменьні ахвярнай любові да свайго блізкага, як да Ісуса Хрыста.
Як мы бачым далей, Ісус дае напамін вучням, што, у адрозьненьні да існуючых традыцыяў, не яны выбралі Настаўніка, але Ён выбраў іх. І выбраў не дарма, а дзеля таго, каб яны прыносілі плод – распаўсюджвалі Ягоную Добрую Вестку пра магчымасьць збаўленьня. Ён зьвяртаецца да іх, як да сяброў, бо сяброўства з Ісусам Хрыстом абавязвае да братэрскай ўзаемнай любові, бо не дарэмна Ісус неаднаразова дае ўсім нам напамін: «Гэта прыказаньне Маё, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас». Але тут трэба браць выбар, бо той, хто сябра Госпаду (як Абрагам), той ня можа быць сябрам гэтага сьвету, а гэта прыводзіць да пэўных непрыемнасьцяў у жыцьцьці такога чалавека. Той, каго сьвет любіць, ня любіць Госпада і таму сябраваць з гэтым сьветам, азначае варагаваць супраць Бога: «Ці ня ведаеце вы, што сяброўства са сьветам ёсьць варожасьць супраць Бога? Дык хто хоча быць сябрам сьвету, той робіцца ворагам Богу» (Як 4:4).
«Сьвет» у Эвангельлі паводле Яна – гэта сінонім сістэмы сьвету, якая, па сваёй арганізацыі, варожая Госпаду. Веруючыя ў-ва ўсе часы могуць зьдзіўляцца нядобрым адносінам да іх з боку сьвету, але ім ня трэба і забываць, што сьвет узьненавідзеў Ісуса папярод іх.
Ян 15:18 -27
«Калі сьвет вас ненавідзіць, зразумейце, што раней Мяне раней за вас зьненавідзеў. Калі б вы былі са сьвету, сьвет любіў бы сваё, а як вы не са сьвету, але Я выбраў вас са сьвету, дык за гэта ненавідзець вас сьвет. Памятайце словы, якія Я сказаў вам: “Слуга ня большы за гаспадара свайго”. Калі Мяне перасьледавалі, і вас будуць перасьледаваць; калі Маё слова захавалі, і вашае захаваюць. А ўсё гэтае зробяць вам дзеля імя Майго, бо ня ведаюць, Хто паслаў Мяне. Калі б Я не прыйшоў і не гаварыў ім, ня мелі б грэху, а цяпер ня маюць адгаворкі ў грэху сваім. Хто Мяне ненавідзіць, ненавідзіць і Айца Майго. Калі б Я не ўчыніў сярод іх справаў, якіх ніхто іншы не рабіў, ня мелі б грэху, а цяпер і бачылі, і зьненавідзелі і Мяне, і Айца Майго. Але каб споўнілася слова, напісанае ў Законе іхнім: “Зьненавідзелі Мяне дарэмна”. Калі ж прыйдзе Абаронца, Дух Праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьведчыць пра Мяне. І вы таксама будзеце сьведчыць, бо ад пачатку са Мною» (Ян 15:18-27).
З самога пачатку свайго існаваньня хрысьціянская царква падвяргалася ганеньням. Мы ўжо бачылі перасьлед апосталаў за цуды ў імя Ісуса Хрыста і вучэньне ўваскрасеньне Ісуса. Хутка мы ўбачым і хужэйшае, калі будзе дзейнічаць Саўл – будучы апостал Павал. Ён люта перасьледаваў пасьлядоўнікаў Хрыста, але потым, калі навярнуўся, сам адчуе на сябе такі ж жорсткі перасьлед і ягонае жыцьцё неаднаразова будзе ў вельмі небясьпечных сітуацыях. Наогул, першыя тры стагодзьдзі ў гісторыі хрысьціянскай царквы – гэта ланцуг безперапыннага перасьледу. З тых часоў многае зьмянілася, але ў розных краінах і ў розных гістарычных перыядах, хрысьціянскае вучэньне знаходзілася і знаходзіцца ва умовах жорстага палітычнага перасьледу. На жаль, было і адваротнае, бо і хрысьціяне, у пэўны гістарычны час, дазваліялі сабе пераслед тых, хто не пагаджаўся з імі. Вялікая недарэчнасьць у тым, што Эвангельле можна распаўсюджваць з дапамогаю сілы і навязваць пад страхам сьмерці любоў Хрыста. Нічога добрага ў гэтым няма, бо прайграе ад гэтага толькі самое Эвангельле. Але тое, што казаў Сваім вучням Ісус, не выглядае з кропкі погляду сёньняшняга часу нейкім незвычайным. Сьвет, які не прымае Ісуса і Ягонае ўваскрасеньне, не прымае, па вялікім рахунку, і веруючага ў Ісуса Хрыста. Так, на жаль, уладкаваны сьвет і так будзе да новага прышэсьця Ісуса Хрыста.
Сьвет у Эвангельлі паводле Яна – гэта такое ўладкаваньне чалавечага грамадзтва, якая ня можа быць не варожай да Бога. Пасьлядоўнікі Ісуса Хрыста ў-ва ўсе вякі могуць зьдзіўляцца гэтаму, але прыслухаемся да апостала Пятра: «Але, як супольнікі ў пакутах Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў адкрыцьці славы Ягонай радавацца і весяліцца. Калі зьневажаюць вас за імя Хрыста, вы шчасьлівыя, бо Дух славы, Дух Божы спачывае на вас. Тыя блюзьняць на Яго, а вы славіце» (1 Пят 4:13-14).
Будзем памятаць словы Ісуса, што сьвет узьненавідзеў Яго папярод нас і гэтая нянавісць спадарожнічала Яму ад самога нараджэньня і да сьмерці на Крыжы. Галоўная ж прычына нелюбові да хрысьціянаў крыецца ў іхняй «адрозьненасьці» ад людзей сьвету, бо веруючы чалавек пакідае валадарства цемры і пераходзіць у Валадарства Сына Божага: «Які выбавіў нас ад улады цемры і перамясьціў у Валадарства Сына любові Сваёй, к Якім мы маем адкупленьне праз кроў Ягоную і адпушчэньне грахоў» (Кал 1:13-14). Гэтае перамяшчэньне дае іншую радасьць, мэты, надзею і любоў. Таму, будучы аддзеленымі ад сьвету Ісусам, хрысьціяне прыналежаць Яму, але ня сьвету. У гэтым і ёсьць прычына нелюбові сьвета.
Ісус прыходзіў у сьвет, як адкрыцьцё Айца. І, калі б гэтае адкрыцьцё не было дадзена людзям, дык грэх чалавецтва не выглядаў бы такім відавочным. Да зьяўленьня Ісуса людзі мелі надзею прабачэньня ў сваім невуцтве, але ўсё кардынальна зьмянілася: «Дык Бог, зважаючы на часы няведаньня, загадвае цяпер усім людзям паўсюль навярнуцца, бо прызначыў дзень, у які мае судзіць сусьвет паводле справядлівасьці праз Мужа, Якога вызначыў, даўшы ўсім пэўнасьць, уваскрасіўшы Яго з мёртвых» (Дзеі 17:30-31). Адкрыцьцё, зьяўленае ў Ісусе і праз Яго, настолькі цесна зьвязанае з Айцом Нябесным, што непрыняцьце Ісуса азначае непрыняцьце і Бога.
Ісус, Сваім служэньнем, зрабіў усё і больш таго, каб праз незвычайнасьць служэньня людзі ўбачылі Ягоную еднасьць з Айцом Нябесным, як гэта прызнаў Нікадэм: «Ніхто ня можа рабіць такіх знакаў, якія Ты робіш, калі б ня быў з ім Бог» (Ян 3:2). Але большасьць адкінула Яго, а разам з Ім і Айца, бо ў грахоўнасьці сваёй народ больш любіў цемру, а не сьвятло. Паколькі грэх, па сваёй прыродзе, ірацыянальны, людзі ўзьненавідзелі Ісуса бяз усякага розуму і таму не дарма Ён кажа падобна Давіду: «Зьненавідзелі Мяне дарэмна». Але праўда ёсьць і яна прад’яўляецца сьвету Сьвятым Духам, Які зыходзіць ад Айца. Праца ж Духа зьдзяйсьняецца ў сьвеце ў супрацоўніцтве з царквою. Першымі ж сьведчыць сьвету пра Сябе Ён даручыў апосталам. Праз іх спачатку і дзейнічаў Сьвяты Дух, бо калі яны прапаведавалі, Дух упэўніваў слухачоў у Божай праўдзе і тыя пачыналі верыць у Ісуса для свайго збаўленьня. Сьвету гэта і неабходна, каб у-ва ўсе часы дзейнічаў загад Бога паўсюль навярнуцца, які суадносіцца са сьведчаньнем Сьвятога Духа.
Свидетельство о публикации №226032501839