Иоанн 14 1-31

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЯНА


Ян 14:1-31

Дом Айца! Менавіта гэты вобраз Ісус прапануе вучням, які намагаюцца зразумець, куды гэта Ён накіроўваецца і ці змогуць яны пакрочыць за Ім? Ісус кажа пра «дом Айца». Але, ці гэта ня Храм, пра які казаў Ісус на пачатку гэтага Эвангельля? Вось гэтыя радкі: «Забярыце гэта адсюль і не рабіце дом Айца Майго домам гандлю» (Ян 2:16). Не, не пра тое кажа Ісус, а пра нешта новае – пра нейкі новы адноўлены сьвет, дзе месца хопіць усім. Пачуем Ісуса.


Ян 14:1-11
«Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і верце ў Мяне. У доме Айца Майго жытла шмат, бо калі б гэтак не было, Я сказаў бы вам. Іду падрыхтаваць вам месца. І, калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду ізноў, і вазьму вас да Сябе, каб і вы былі, дзе Я. І куды Я іду, вы ведаеце, і шлях ведаеце. Кажа Яму Тамаш: “Госпадзе! Ня ведаем, куды ідзеш, дык як можам ведаць шлях?” Кажа яму Ісус: “Я ёсьць шлях, і праўда, і жыцьцё. Ніхто не прыходзіць да Айца, калі не праз Мяне. Калі б вы пазналі Мяне, пазналі б і Айца Майго. І ад цяпер пазналі Яго і бачылі Яго”. Кажа Яму Філіп: “Госпадзе! Пакажы нам Айца і хопіць з нас”. Кажа яму Ісус: “Гэтулькі часу Я з вамі, і ты не пазнаў Мяне, Філіп? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца; дык як ты кажаш: “Пакажы нам Айца?” Ці ж ты ня верыш, што Я ў Айцу, і Айцец у-ва Мне? Словы, якія Я гавару вам, не гавару ад Сябе. Айцец, Які ў-ва Мне, Ён робіць гэтыя справы. Верце Мне, што Я ў Айцу, і Айцец у-ва Мне; калі ж не, дзеля самых гэтых справаў верце Мне» (Ян 14:1-11).

Абяцаньне прыйсьці ізноў тычыцца не Ягонага ўваскрасеньня і ня сьмерці кожнага з веруючых, а да вяртаньня Ісуса Хрыста да Сваёй Царквы: «Ойча, тыя, якіх тыў Ты даў Мне, хачу, каб і яны былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо Ты палюбіў Мяне раней заснаваньня сьвету» (Ян 17:24). Ісус не сказаў пра асаблівасьці таго месца, куды Ён уходзіць, але дастаткова вучням і таго, што яны будуць разам з Ім у доме Айца. Але вось, Тамаш. Ягонае пытаньне – не ягонае асобнае, але Адзінаццаці. У такім стане яны будуць заставацца да сьмерці Хрыста, Ягонага ўваскрасеньня і да таго моманту, калі Сьвяты Дух увойдзе у іхнія сэрцы ветрам і агнём. Так, уся неабходная інфармацыя была дадзена Ісусам, але, да пэўнага часу, яны не маглі лагічна зьвязаць паміж сабою ўсё, што было ім было паведамлена.

«Я ёсьць шлях і праўда і жыцьцё» - гэта шостая заява з сямі, што мы можам бачыць у Эвангельлі паводле Яна. Што хоча сказаць гэтым Ісус? Толькі тое, што, нягледзячы на погляд чалавека шматлікіх шляхоў да збаўленьня не існуе. Акрамя аднаго. Прыйсьці да Айца можна толькі праз Ісуса Хрыста, паколькі Ён прыйшоў ад Айца. Ёсьць толькі адзіны шлях і гэты шлях - Ісус Хрыстос. І вось Філіп: «Госпадзе! Пакажы нам Айца, і хопіць з нас». У словах Філіпа адлюстрована адвечнае жаданьне чалавецтва – убачыць Бога, бо многія ведалі словы прарока Ісаі: «У год сьмерці валадара Азіі бачыў я Госпада, які сядзеў на пасадзе высокім і ўзьнесеным, і краі шатаў Ягоных напаўнялі ўвесь храм» (Іс 6:1). Філіп з вучнямі, па ўсёй верагоднасьці, хацелі стаць сьведкамі так званай «тэафаніі» - зьяўленьня Бога ў відзьмай форме. Хаця ведалі яны ад Майсея і тое, што гэта ёсьць занятак вельмі небясьпечны: «І потым сказаў Ён: “Аблічча Майго табе нельга ўбачыць, бо чалавек ня можа ўбачыць Мяне і застацца жывым”» (Вых 33:20). Сьмелыя, з-за сваёй цікавасьці людзі. Але Ісус кажа ім, што ў «тэафаніі» сэнсу няма, бо перад імі Той, у Якім і ёсьць Айцец.

І доказаў таму, як мінімум, тры:

• Ісус - той жа прыроды, што і Айцец: «Я ў Айцу, і Айцец у-ва Мне».

• Словы Ісуса – гэта словы Айца: «Словы, якія Я гавару вам, не гавару ад Сябе».

• Цуды і справы Ісуса – гэта тое, што Бог тварыў праз Яго: «Айцец, Які ў-ва Мне, Ён робіць гэтыя справы».

Ісус кажа вучням: «Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец у-ва Мне». Гэта і ёсьць той накірунак да ўсіх людзей, які вядзе да збаўляльнай веры.


Ян 14:12-21
«Сапраўды, сапраўды кажу вам: “Хто верыць у Мяне, будзе рабіць тыя справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я да Айца Майго іду. І што папросіце ў імя Маё, тое зраблю, каб быў праслаўлены Айцец у Сыне. Калі што просіце ў імя Маё, Я зраблю. Калі любіце Мяне, захоўвайце прыказаньні Мае. І Я ўпрашу Айца, і Ён дасьць вам другога Абаронцу, каб заставаўся з вамі на вякі, Духа праўды, Якога сьвет ня можа прыняць, бо ня бачыць Яго і не пазнаў Яго, а вы пазналі Яго, бо Ён з вамі застаецца і ў вас будзе. Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас. Яшчэ трохі, і сьвет ужо ня ўбачыць Мяне, а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце. У той дзень даведаецеся, што Я ў Айцу Маім, і вы ў-ва Мне, і Я ў вас. Хто мае прыказаньні Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне, будзе любіць Айцец Мой, і Я палюблю яго, і зьяўлю яму Сябе» (Ян 14:12-21).

Калі нехта шкадуе, што ягоным жыцьці не было ці няма яўнага Ісуса Хрыста, дык гэта ёсьць звычайны самападман. Як было б добра, разважаюць яны, хадзіць з Ім і, уважліва слухаючы, удасканальваць сваё духоўнае жыцьцё, а галоўнае – хутка вучыцца ад Настаўніка, Які і пакажа, і раскажа. Але, трэба ўяўляць настунае. Усе чатыры Эвангельлі кажуць нам, што сучасьнікі Ісуса не ўспрымалі Яго так, як мы можам падумаць гэта пра сябе. Адзін вучань здрадзіў Яму, другі тройчы адрокся ў двары першасьвятара, а астатнія, пад час арышту, (у тым ліку і любімы вучань) наўпрост разьбегліся. Большасьць людзей увогуле не разумела Яго, а некаторыя нават лічылі Яго напоўненым нячыстым духам. Ён прыцягваў да Сябе, але, у той жа час, заставаўся і загадкавым. Але вось, Ён абяцае вучням, што не пакіне іх а дасьць ім новую форму зносінаў – Духа праўды, які будзе для іх Абаронцам і Настаўнікам. Прыняўшы ж Духа ад Бога, вучні змогуць рабіць тое, што рабіў Ісус, а нават і больш за тое. У імя Ісуса.

У гэтых словах нічога магічнага няма. Проста Ісус Хрыстос абяцаў адказваць на малітвы веруючых, якія будуць выконваць на зямлі Ягоную справу. Ян будзе працягваць разьвіваць гэтае вучэньне і далей: «І вось адвага, якую мы маем дзеля Яго, што калі нешта просім паводле волі Яго, Ён слухае нас. І калі мы ведаем, што Ён слухае нас, чаго б мы не прасілі, ведаем, што маем прошанае, якое прасілі ў Яго» (1 Ян 5:14-15). Прасіць нешта «у імя Ісуса Хрыста» азначае прасіць у адпаведнасьці з Ягонай волей. Часьцей за ўсё, у сваіх малітвах, мы зьвяртаемся Айца Нябеснага, але такую ж самую сілу мае і зьвяртаньне да Сына. Мы памятаем апошнюю малітву Стэфана: «І каменавалі Стэфана, які прызываў Бога і казаў: “Госпадзе Ісусе, прымі дух мой”» (Дзеі 7:59). Праз адказаныя малітвы Айцец праслаўляецца ў Сыне, як праслаўляецца Ён і ў справах веруючых людзей.

І вось, што яшчэ цікава. Сучасныя хрысьціяне маюць нават і лепшыя пазіцыіі, чым вучні, якія хадзілі з Ісусам і дапамагалі Яму. Так, Ісус, у некаторых выпадках, даваў ім пэўныя «паўнамоцтвы». Мы памятаем, як Ён пасылаў семдзясят вучняў па вёсках Ізраіля, даючы ім здольнасьць аздараўляць людзей і выганяць дэманаў. Заўважым таксама, што гэтыя семдзясят не былі прызначанымі апосталамі. Але, ня ў гэтым справа, а справа ў тым, што, па большасьці, вучні Ісуса ня мелі паўнаты разуменьня і нават, калі Яго не было побач, дык нічога самі зрабіць не маглі: «І, зразумеўшы, Ісус кажа ім: “Чаму разважаеце, што ня маеце хлеба? Ці яшчэ ня цяміце і не разумееце? Ці яшчэ скамянелае маеце сэрца вашае? Маючы вочы ня бачыце? І маючы вушы ня чуеце? І ня памятаеце?» (Мар 8:17-18). І вось зараз Ісус абяцае ім Сьвятога Духа.

Гэта першае ўзгадваньне пра Сьвятога Духа на той апошняй вячэры са Сваімі вучнямі. Да гэтага часу пра Духа ў Яна было сказана няшмат і вось зараз ідзе вельмі канкрэтная размова. Абяцанае Ісусам будзе споўнена на дзень Пяцідзясятніцы для вялікай колькасьці людзей. І нічога істотна з тых часоў не зьмянілася і Сьвяты Дух у якімсьці сэнсе замяняе фізічную адсутнасьць Ісуса ў гэтым сьвеце. Сьвяты Дух ёсьць Пасярэднікам паміж Богам і веруючымі людзьмі і нязьменна прысутнічае ў сапраўдным хрысьціяніне. Гэта Дух Праўды, Які настаўляў апосталаў Ісуса і Які настаўляе хрысьціянаў у-ва ўсе вякі да нашага часу. Дух – нябачны, але Ён рэальны і актыўна дзейнічае ў жыцьці веруючых людзей, якія адчуваюць Ягоную прысутнасьць у сабе. Сьвет жа ня можа прыняць Духа Праўды, бо ня бачыць (не адчувае) Яго. Ды і ня хоча. Ня «бачаць» Сьвятога Духа людзі, якія ня вераць у Бога, а таму і ня маюць у сабе духоўнага жыцьця. Вучні ж Ісуса ўжо сустракаліся з праявамі Духа, Які дзейнічаў праз іхныя пропаведзі і тыя цуды, якія ім было даручана зьдзяйсьняць. Ісус дае вучням зразумець, што вельмі хутка дзейнасьць Сьвятога Духа ў іхнім жыцьці будзе моцным і яўным.

Калі Ісус кажа вучням: «У той дзень даведаецеся, што Я ў Айцу Маім, і вы ў-ва Мне, і Я ў вас», безумоўна тычыцца дня Пяцідзясятніцы, калі Сьвяты Дух даў ім сьведчаньне пра тое, што Ісус узьнёсься да Айца. Дух, увайшоўшы ў веруючых, будзе вучыць іх, што яны, з гэтага часу, адзіныя зь Ісусам: «Вы ў-ва Мне, і Я ў вас». Хрысьціянская любоў становіцца сапраўднай і дзейснай. Узнагарода ж любячаму Хрыста будзе вялікай, бо Айцец Нябесны палюбіць яго так, як любіць Ён Свайго Сына.

Ян 14:22-31
«Кажа Яму Юда, не Іскарыёт: “Госпадзе! Што сталася, што маеш зьявіць Сябе нам, а ня сьвету?” Адказаў Ісус і сказаў яму: “Хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё; і Айцец Мой палюбіць яго; і Мы прыйдзем да яго і зробім жытло ў яго. Хто ня любіць Мяне, не захоўвае словаў Маіх, а слова, якое вы чуеце, ня ёсьць Маё, але Айца, Які паслаў Мяне. Гэтае сказаў Я вам, пакуль Я з вамі. Абаронца ж, Дух Сьвяты, Якога пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас усяго і нагадае вам усё, што Я казаў вам. Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам; ня так, як сьвет дае, Я даю вам. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не палохаецца. Вы чулі, што Я сказаў вам: “Зыходжу і прыйду да вас”. Калі б вы любілі Мяне, то ўзрадаваліся б, што Я сказаў: “Іду да Айца”, бо Айцец Мой большы за Мяне. І цяпер Я сказаў вам, перш, чым сталася, калі станецца, вы паверылі. Ужо няшмат буду гаварыць з вамі, бо прыходзіць князь гэтага сьвету, і ў-ва Мне ня мае нічога, але, каб сьвет даведаўся, што Я люблю Айца і, як загадаў Мне Айцец, так і раблю. Устаньце, пойдзем адгэтуль”» (Ян 14:22-31).
Юда запытваецца ў Ісуса: «Што сталася, што маеш зьявіць Сябе нам, а ня сьвету?» Ісус ужо процістаўляе вучнёўскае асяродзььдзе Хрыста і астатняга сьвету. І, як гэта бачыцца, ён ставіць Ісуса па над усім. Але, што ёсьць сьвет, калі не стварэньне Божае? Калі мы вернемся да першага разьдзелу гэтага Эвангельля, мы ўбачым пра дзеяньне Сьвятла, што ёсьць Ісус Хрыстос: «Было Яно ў сьвеце і сьвет праз Яго стаўся, і сьвет Яго не пазнаў» (Ян 1:10). Дык што, у рэшце рэшт, азначае слова сьвет? Усё створанае, а таксама і людзей, якія ўзбунтаваліся супраць свайго Творцы. Але Ісус прыйшоў у гэты бунтуючы сьвет, бо: «Бог так палюбіў гэты сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто верыць у Яго не загінуў, але меў жыцьцё вечнае» (Ян 3:16). Гэта праца Госпада, каб вызваліць Сваё стварэньне ад грэху, які прыйшоў аднойчы ў сьвет і кіруецца па дзень сёняшні князем, які захапіў сэрцы большасьці зь людзей.
Словы Ісуса, не Іскарыёта, як бы кажуць пра тое, што сьвет не прызнае іх, калі не прызнае Ісуса. А, калі гэта так, дык няма тут і ніякіх кампрамісаў. Мы ж бачым, вакол сябе, як людзі намагаюцца прыстасавацца да сьвету і быць «як усе». Наогул, падзел паміж пасьлядоўнікамі Ісуса і сьветам незгладжальныя. Безумоўна, што трэба шукаць магчымасьці жыць у сьвеце зь мірам, але факт застаецца фактам – па большай частцы, сёньняшні сьвет ня любіць Ісуса і не прымае Ягоных словаў. Але шлях да міру ляжыць праз канкрэтны канфлікт, абыйсьці які ніяк немагчыма, бо князь сьвету ўжо сьпяшаецца, каб схапіць і забіць Ісуса Хрыста. Але, што гэта за князь? Гэта тая цьмяная складаючая сьвету, якая апанавала ім і якая намагаецца ўвесьці кожнага чалавека падалей ад Ісуса Хрыста. Ян, у сваім Эвангельлі, паказвае сьвет негатыўна, таму што і сёньня ён застаецца пад уладаю цёмных сілаў. Але Ісус зьвяртаецца да кожнага з нас: «Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам; ня так, як сьвет дае, Я даю вам. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не палохаецца».
Ісус кажа вучням «дзіўныя» словы, якія наўрад ці ўкладаліся ў чалавечае разуменьне. Ён кажа пра нейкую бліжэйшую будучыню, у якую яны павінны паверыць, калі ўсё адбудзецца. Што павінна адбыцца? Ці разумелі яны словы Ісуса Хрыста? Здаецца, што ня вельмі. Але Ісус вучыць іх, як вучыць ўсіх нас і па-сёньня, бо Ягоная сьмерць і ўваскрасеньне аб’яднаныя зь Ягоным вучэньнем для таго, каб даць нам веру дзеля нашага ж збаўленьня. Усімі Сваімі справамі Ён сьведчыў сьвету пра любоў Айца. І мы, пакліканыя крочыць за Ім, павінны жыць так, каб сьвет бачыў нашую любоў да Яго.


Рецензии