Иоанн 16 1-33

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЯНА


Ян 16:1-33

Апошнія часы перад арыштам Ісус кажа вучням тое, што не казаў раней. Ён разварочвае перад імі новую рэчаіснасьць – тую, дзе яны будуць існаваць без Ягонай фізічнай прысутнасьці. Ён ня будзе ўжо тым жывым шчытом, Які абараняў Сваіх авечак і адводзіў ад іх розныя непрыемнасьці і перасьлед гэтага сьвету, бяручы гэта на Сябе. І вось, Ісус даводзіць вучням тое, што будзе адбывацца ва ўзаемаадносінах Ягоных пасьлядоўнікаў і сьвету.Але, усё па парадку.


Ян 16:1-11
«Гэта сказаў Я вам, каб вы ня згоршыліся. Будуць выключаць вас з сынагогаў; нават прыходзіць гадзіна, калі кожны, хто заб’е вас, будзе думаць, што выконвае служэньне Богу. І гэтак учыняць вам, бо не пазналі ані Айца, ані Мяне. Але Я сказаў вам гэта, каб, калі прыйдзе тая гадзіна, вы памяталі, што Я сказаў вам; а не казаў вам гэтага спачатку, бо быў з вамі. Цяпер жа Я іду да Таго, Хто паслаў Мяне, і ніхто з вас не пытаецца ў Мяне: “Куды ідзеш?” Але ад таго, што Я сказаў вам, смутак напоўніў сэрца вашае. Але Я праўду кажу вам: “Карысьней для вас, каб Я адыйшоў, бо калі Я не адыйду, Абаронца ня прыйдзе да вас, а калі пайду, пашлю Яго да вас, і Ён, прыйшоўшы, будзе дакараць сьвет у грэху, прведнасьці і судзе; у грэху, што ня вераць у Мяне; у праведнасьці, што Я да Айца Майго іду, і ўжо ня ўбачыце Мяне; а ў судзе, што князь сьвету гэтага асуджаны”» (Ян 16:1-11).

Ісус кажа вучням пра нянавісьць да іх гэтага сьвету і пра той перасьлед, што чакае іх у далейшым. Чаму Ён гэтае робіць? Таму што павінен, бо гэта ёсьць важнай часткаю па стварэньню Божага Валадарства. Ён бачыць іхняе зьдзіўленьне. Як так? Усё ж было добра. Яны хадзілі разам з Ім па розных месцах тагачаснага Ізраіля, чулі прыповесьці, што адкрывалі ім праўду жыцьця, бачылі розныя цуды, а нават і ўдзельнічалі ў розных дзеях Ісуса. Усё было добра ды бясьпечна.

І вось зараз Ісус кажа ім такія жахлівыя рэчы. Яны будуць выгнаны з сынагогаў і гвалтоўная сьмерць стане для іх рэальнай перспектывай. Мы ведаем з Дзеяў Апосталаў пра сьмерць Стэфана і Якуба – роднага брата эвангеліста Яна. Мы ведаем, як фарысэй Саўл (будучы апостал Павал) зьдзекваўся над хрысьціянамі тагачаснага Ізраіля, ды яшчэ намагаўся дацягнуцца да іх нават і ў Сірыі. І ўсе гэтыя ганіцелі-фарысэі думалі, што яны выконваюць служэньне Богу, а на самой справе яны, не пазнаўшы Ісуса Хрыста, не пазналі Бога. Гэты ланцуг цягнецца і далей – у хрысьціянскае асяродзьдзе, бо мы памятаем, як быў спалены на вогнішчы адзін з прадвесьнікаў Рэфармацыі Ян Гус. Мы ўзгадалі толькі адзінкавыя і адметныя выпадкі ахвярнасьці ў вернасьці Ісусу Хрысту, але важна тут узгадаць, што людзі, якія катавалі хрысьціянаў (юдэі ці самі хрысьціяне – гэта ня так важна) думалі, што яны, гэтым самым, служаць Госпаду. Але Бог адказвае такім: «Я сказаў: “Гэта народ, які заблудзіўся сэрцам; яны не спазналі дарог Маіх”» (Пс 94:10).

Ісус папярэджваў вучняў пра тое, што іх чакае наперадзе для таго, каб умацаваць іхнюю веру. І гэта адбудзецца ня зараз, але калі яны ўсьвядомяць, што Яму была вядомая будучыня, яны ўмацуюцца ў веры да Яго. Раней Ён гэтага не казаў, таму што ўся нянавісьць сьвету была накірована на Яго і Ён быў жывым шчытом для іх, але зараз яны заставаліся на зямлі як Ягонае Цела: «І ўсё Ён скарыў пад ногі Ягоныя і даў Яго за галаву над усімі ў Царкве, якая ёсьць Цела Ягонае, поўня Таго, Які ўсё ў-ва ўсім напаўняе» (Эф 1:22-23).

Безумоўна ўсьведамленьне таго, што Ісус хутка пакіне іх прыводзіла іх у вялікі смутак. Сама думка пра тое, што жывога і блізкага Ісуса хутка ня будзе з імі, вельмі прыгнятала. Яны не разумелі чаму Ісус пакідае іх, але вельмі хутка Ісус прадкажа ім, што іхні смутак абернецца вялікай радасьцю. Ісус кажа ім: «Я іду да Таго, Хто паслаў Мяне» і заўважым, што ніхто з вучняў (нават і Тамаш) не ўзьняў ніякага пытаньня, бо пад гнётам таго незразумелага, што насоўвалася на іх, яны не ўсьвядамлялі значнасьці таго, што мае адбыцца ў бліжэйшым часе.

Ісус настойліва тлумачыць вучням, што Ягонае адышэсьце – рэч неабходная, бо накірована на добрае ўсяму сьвету. Чаму? Таму што без адышэсьця Ісуса Хрыста, якое пачалося Ягонай сьмерцю і завершылася ўзьнясеньнем, не было б пропаведзі Эвангельля ўсяму сьвету і якое дасьць магчымасьць збаўленьня кожнаму, хто прыйдзе да Яго. І, каб гэта сталася магчымым, Ісус, Сваёй сьмерцю, павінен быў адкупіць усе грахі гэтага сьвету. Больш таго, калі б Ён не адыйшоў, дык не прышоў бы да веруючых у Хрыста Абаронца – Сьвяты Дух, каб растлумачыць ім тое, што яны не разумелі ў вучэньні Ісуса, навучыць іх быць Целам Ісуса Хрыста і падтрымаць іх у цяжкія часы іхняга хрысьціянскага жыцьця, а нават і ў сьмерці. Адным са служэньняў Сьвятога Духа станецца дакора гэтага сьвету ў грэху, няправеднасьці і судзе.

Па-першае, Сьвяты Дух пакажа, што сьвет вельмі памыляецца ў сваіх адносінах да грэху і ня хоча прызнаць, што грэх – гэта бунт супраць Бога. І вышэйшай сваёй кропкі ён дасягнуў у момант укрыжаваньня і сьмерці Ісуса Хрыста. Сьвет вельмі грахоўны, але найвялікшым грэхам пасьля сьмерці Ісуса зьяўляецца нявер’е ў Хрыста, а людзі, вельмі ўпарта, лічаць, што свае шляхі маюць перавагу над Божымі. Больш таго, людзі наогул не ўсьведамляюць сваёй віны ў грэху, прызнаючы тоькі свае нейкія слабасьці і недахопы і такім чынам бунтуючы супраць Госпада, стрымліваючы праўду неправеднасьцю: «Бо адкрываецца гнеў Божы з неба на ўсякую бязбожнасьць і няправеднасьць людзей, якія праз няправеднасьць праўду стрымліваюць» (Рым 1:18).

Па-другое, Сьвяты Дух пакажа, што скрыўлена і справядлівасьць сьвету. Сьвет мяркуе, што справядлівасьць і праведнасьць на яго баку і таму, укрыжоўваючы Ісуса, юдэі дэманстравалі сьвету неправеднасьць Ісуса, таму што толькі неправедны можа памерці на дрэве і такім чынам адчуць праклён Госпада. Але, уваскрасеньне Ісуса Хрыста і Ягонае ўзьнясеньне паказваюць, што Ён – Праведнік Божы: «На подзьвіг душы Сваёй Ён будзе глядзець з прыемнасьцю; праз спазнаньне Яго Ён, Праведнік, Раб Мой, апраўдае многіх і грахі іх на Сабе панясе» (Іс 53:11). Сьвяты Дух, Які прыйдзе замест Хрыста, выкрые людзей у памылковасьці іх адносінаў да Ісуса, калі яны пачуюць Добрую Вестку пра сьмерць і ўваскрасеньне Ісуса Хрыста. Менавіта пра гэта і казаў людзям апостал Павал: «Бо я найперш перадаў вам тое, што і сам прыняў, што Хрыстос памёр за грахі нашыя паводле Пісаньняў, і што Ён быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень, паводле Пісаньняў» (1 Кар 15:3-4).

І па-трэцяе. Тое, што выкрывае Сьвяты Дух – гэта ёсьць суд. Сьмерць і ўвасрасеньне Ісуса Хрыста – гэта абвінаваўчы прысуд д’яблу як князю гэтага сьвету, бо на крыжы пераможаны быў не Ісус, а менавіта д’ябал. Які, дарэчы, пакуль працягвае актыўна дзейнічаць у сьвеце, але, як асуджанаму злачынцу, яму ня збавіцца ад выкананьня вынесенага прысуду: «І д’ябал, які падманваў іх, быў кінуты ў возера агню і серкі, дзе зьвер і фальшывы прарок; і будуць яны мучыцца ўдзень і ўначы на вякі вякоў» (Адк 20:10).


Ян 16:12-22
«Яшчэ шмат, што маю сказаць вам, але вы цяпер ня можаце перанесьці. Калі ж прыйдзе Ён, Дух Праўды, то будзе весьці вас да ўсякае праўды, бо не ад Сябе гаварыць будзе, але будзе гаварыць тое, што пачуе, і абвесьць вам, што мае прыйсьці. Ён праславіць Мяне, бо з Майго возьме і вам абвесьціць.Усё, што мае Айцец, ёсьць Маё; таму Я сказаў, што з Майго возьме і вам абвесьціць. Крыху, і ня будзеце бачыць Мяне, бо Я да Айца іду» (Ян 16:12-16).

Дзіўныя і, разам з тым, жахлівыя словы кажа Ісус. Сэрцы вучняў Ісуса не гатовыя ўспрымаць гэтыя новыя духоўныя адкрыцьці. Яны не жадалі сьмерці Ісуса, бо іхні розум быў заняты марамі пра валадарства зямное, у якім кожны з іх мог бы заняць заўважнае і пачэснае месца. Смутак запаўняў іхнія сэрцы ад таго, што Ісус хоча пакінуць іх, але Ён супакойвае іх тым, што Дух Сьвяты, застаўшыя з імі, будзе весьці іх так, як трэба. Дух Сьвяты, тлумачыць Ісус, будзе казаць не ад Сябе, але тое, што чуе ці пачуе ад Айца. Айцец будзе даводзіць Духу пра што казаць і як вучыць вучняў Ісуса Хрыста. Акрамя ж гэтага, Сьвяты Дух абвесьціць ім пра будучае, бо абвесьціць тое, што мае прыйсьці. Такім чынам Ісус абяцае апосталам, што іхняе частковае разуменьне Ягонай Асобы і дзейнасьці, як Мэсіі, будзе папаўняцца Духам Сьвятым, Які дасьць ім здольнасьць пранікненьня ў глыбіні такіх духоўных таямніц, як Крыж і Ўваскрасеньне. Як і вяртаньне на зямлю Ісуса Хрыста ў будучым: «А нам Бог адкрыў праз Духа Свайго, бо Дух усё дасьледуе, і глыбіні Божыя» (1 Кар 2:10).

Ад будучай працы Сьвятога Духа Ісус пераводзіць увагу вучняў на тое, што чакае іх у бліжэйшым будучым. Так, настане дзень, калі Ісус зноў прыйдзе на гэтую зямлю, але да гэтага вучні павінныя будуць прайсьці шматлікія выпрабаваньні, вынікам якіх будуць скруха, боль, а ў некаторых выпадках і духоўнае падзеньне. Але ўсім ім падгатаваны супакой у малітве, радасьць і мір, якія, у рэшце рэшт, прыйдуць замест шматлікім выпрабаваньням.

«Тады гаварылі некаторыя з вучняў Ягоных паміж сабою: “Што гэта Ён кажа нам: “Крыху, і ня будзе бачыць Мяне, і зноў крыху, і ўгледзіце Мяне”, і: “Я да Айца іду”? Тады гаварылі: “Што гэта значыць, што Ён кажа: “Крыху”? Ня ведаем, што гаворыць”. Тады зразумеў Ісус, што хацелі спытацца ў Яго, і сказаў ім: “Ці пра тое пытаецеся адзін у аднаго, што Я сказаў: “Крыху”, і ня будзеце бачыць Мяне, і зноў крыху, і ўгледзеце Мяне?” Сапраўды, сапраўды кажу вам: “Вы заплачаце і загалосіце, а сьвет узрадуецца; вы сумныя будзеце, але смутак ваш радасьцю станецца. Жанчына, калі нараджае, мае смутак, бо прыйшла яе гадзіна, але, калі народзіць дзіця, дык ужо ня памятае пра гора ад радасьці, бо нарадзіўся чалавек у сьвет. Так і вы цяпер маеце смутак, яле Я ўбачу вас ізноў, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасьці вашай ніхто не забярэ ў вас”» (Ян 16:17-22).

Народзіны – гэта заўсёды даволі цяжкая фізіялагічная працэдура. Войстрая боль, цяжкасьці ў дыханьні. Але, што потым? Жанчына, якая смуткавала на момант нараджэньня дзіцяці, чамусьці ўсьміхаецца, калі бачыць тое, дзеля чаго яна пакутавала. Яна радуецца нараджэньню новага жыцьця. Ісус не дарма прыводзіць гэты прыклад, бо ведае надзвычайна хваравіты перыяд у жыцьці вучняў, які, дарэчы, вельмі падобны да народзінаў. Ісус будзе забраны ад іх, але потым яны ўбачаць Яго зноў: «Крыху, і ня будзеце бачыць Мяне, і зноў крыху, і ўгледзеце Мяне». Гэта незвычайныя падзеі, з якімі яшчэ не сутыкаўся гэты сьвет. Безумоўна, што вучні ня могуць адразу падгатавацца да гэтага, але Ісус іх папярэдзіў.

Усё, што мы бачым, гэта тое, што са сьмерцю і ўваскрасеньнем Ісуса Хрыста нараджаецца новы сьвет. Ісус, вельмі своеасаблівы Настаўнік і разумее Сваіх зьбянтэжаных вучняў. Ён бачыць цяжкі час для Сваіх пасьлядоўнікаў, але ведае і тое, што яны ўсё зразумеюць, калі прымуць Духа Сьвятога. А пакуль што.

А пакуль што мы бачым нейкі недарэчны дыялог, у якім вучні перакідваюць туды сюды словы Ісуса, якія былі накірованыя да іх. Не разумеюць яны пакуль што Ісуса, бо бяз Духа Сьвятога гэта і немагчыма. Сьмерць Настаўніка зьявіцца сур’ёзным выпрабаваньнем для іх, але, неўзабаве пасля гэтага, станецца радасьцю. Ягонае ўваскрасеньне і праца Сьвятога Духа зробяць іх здольнымі да разуменьня, што Ён і павінен быў памерці дзеля прабачэньня іхніх грахоў і вызваленьня ад гэтага палону.


Ян 16:23-33
«І ў той дзень ня будзеце пытацца ў Мяне ні пра што. Сапраўды, сапраўды кажу вам, калі пра што папросіце Айца ў імя Маё, Ён дасьць вам. Да сёньня вы нічога не прасілі ў імя Маё. Прасіце, і атрымаеце, каб радасьць вашая была поўная. Гэта ў прыказках гаварыў Я вам, але прыходзіць гадзіна, калі ўжо ня буду гаварыць у прыказках, але адкрыта абвяшчу вам пра Айца. У той дзень будзеце прасіць у імя Маё, і не кажу вам, што Я будупрасіць Айца за вас, бо Сам Айцец сябруе з вамі, бо вы пасябравалі са Мною і паверылі, што Я ад Бога зыйшоў. Я зыйшоў ад Айца і прыйшоў у сьвет, і зноў пакідаю сьвет і іду да Айца» (Ян 16:23-28).

«Сапраўды, сапраўды кажу вам». Зноў мы чуем урачыстую заяву Ісуса да Сваіх вучняў. А гэта азначае вельмі і вельмі важнае. З гэтага часу вучні маюць рэальную магчымасьць зьвяртацца да Айца ў імя Ісуса Хрыста са сваімі патрэбамі. І гэта вельмі важны момант, бо да гэтага дня вучні не маліліся ў імя Ісуса. А зараз гэтая магчымасьць адкрывалася перад імі (як маем гэта сёньня і мы з вамі), бо з зыходам Ісуса і прышэсьця да Ягоных пасьлядоўнікаў Сьвятога Духа, пачынаўся новы хрысьціянскі час, у межах якога, вучні Хрыста станавіліся выканаўцамі новай Божай праграмы.

Так, Ісус быў Настаўнікам і на працягу трох гадоў словам і справамі вучыў вучняў Божай праўдзе. Але іхняе ўспрыяцьце Айца заставалася даволі абмяжованым. Ці не таму многія словы Ісуса гучалі для іх даволі загадкава? Недарма ж раней Ён казаў пра гэта прыказкамі, але зараз Ён адкрыта кажа пра тое, што веруючыя ў Ісуса атрымалі дазвол да асабістага зьвяртаньня да Айца ў імя Ісуса на аснове любові і веры: «Дык апраўдаўшыся вераю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз Якога таксама маем вераю доступ да тае ласкі, у якой стаім і хвалімся надзеяй славы Божай» (Рым 5:1-2).

Менавіта так і ўладкована Божае Валадарства, калі кожны хрысьціянін, у любы момант свайго жыцьця, мае такую цудоўную магчымасьць зьвяртацца непасрэдна і напрамкі да свайго Бога. Параўнаем гэта з валадарствам зямным і ранейшым, як, дарэчы, і сучаснай сьвецкай дзяржаваю. Ці можа звычайны чалавек так проста, без папярэдняга дазволу ці запісу, прыйсьці да свайго валадара ці вышэйшага чыноўніка? Наўрад ці? Хаця і тут існуюць перакосы, бо многія хрысьціяне напрыдумлялі сабе пэўную іерархію, каб людзі не зьвярталіся непасрэдна да Бога, а прасілі пра сябе шматлікіх пасярэднікаў (розных «сьвятых і вялікапакутнікаў»), якія і павінны замовіць слова Нябеснаму Айцу. Але ўсё ня так. Ісус, звяртаючыся да вучняў, зусім недвухсэнсоўна кажа, што Ягоны народ мае непасрэдны доступ да Бога Жывога. Чаму так? Таму што гэты «незвычайны» зьвяз Сына і Айца азначае тое, што тыя, хто прыналежыць Ісусу, як галіны да сваёй вінаграднай лазы, маюць такую ж блізкасьць да Айца, як мае яе Ісус Хрыстос. І, калі мы молімся ў імя Ісуса (маючы на ўвазе Ягоную славу), Айцец тэрмінова «прымае» нас, каб даць нам усё.

А зараз вельмі важнае. Ісус падсумоўвае Сваё служэньне гэтаму сьвету ў трох фразах, якія мы бачым у вершы 28:

• «Я зыйшоў ад Айца» - гэта азначае, што Слова сталася Целам;

• «Я прыйшоў у сьвет» - Ісус спазнаў прыніжэньне і ганьбу дзеля нас з вамі.

• «Я зноў пакідаю сьвет і іду да Айца» - Ён кажа пра Сваё ўваскрасеньне, узьнясеньне і праслаўленьне.


Ісус кажа гэта ня толькі Сваім апосталам, але і ўсім нам, каб мы верылі, што служэньне Ісуса Хрыста – гэта тое, што дае нам свабоду ад грэху і сьмерці на вякі вякоў.

«Кажуць Яму вучні Ягоныя: “Вось, Ты цяпер адкрыта гаворыш і прыказкі аніякай ня кажаш. Цяпер ведаем, што Ты ведаеш усё і ня маеш патрэбы, каб хто пытаўся ў Цябе. Дзеля гэтага верым, што Ты ад Бога зыйшоў”. Адказаў ім Ісус: “Цяпер верыце? Вось, прыходзіць гадзіна, і ўжо прыйшла, калі вы расьсеецеся кожны ў свой бок і пакініце Мяне аднаго. Але Я не адзін, бо Айцец са Мною. Гэта сказаў Я вам, каб мелі супакой у-ва Мне. У гэтым сьвеце гора мець будзеце, але будзе пэўныя, Я перамог сьвет”» (Ян 16:29-33).

Пачуўшы папярэднія словы Ісуса адносна іх, вучні вырашылі, што, у рэшце рэшт, Ён кажа пра Сябе і Айца вельмі адкрыта. Таму зразумелая і шчырасьць у адказе вучняў на словы Хрыста. Вучні ўбачылі, прынамсі, водблеск праўды ад Ісуса Хрыста, але за якую яны будуць трымацца ўсімі сваімі сіламі. І гэта мы, вельмі спадзяюся, убачым у наступных разьдзелах Эвангельля паводле Яна. А пакуль што Ісус кажа, што хутка яны расьсеюцца ад Яго, кожны ў свой бок.

У расьсеяньні вучняў, пра якое сказаў Ісус, павінны былі споўніцца словы прарока Захарыі: «О, меч! Падыміся на пастыра Майго, кажа Госпад Саваоф: пакарай пастыра і расьсеюцца авечкі!» (Зах 13:7). І сапраўды, нягледзячы на адданасьць вучняў Ісусу, іхнюю веру і любоў, ім мела быць пакінуць Яго аднаго. Даволі хутка мы ўбачым, як разьбягуцца вучні Ісуса, адчуўшы вялікую небясьпеку для свайго жыцьця. Мы ўбачым і Пятра, які здрадзіць Ісусу на двары Каяфы. Але, ці застанецца у адзіноцтве Ісус? Не, бо з Ім будзе Айцец. Хаця і тут ёсьць нейкая папраўка, бо і Айцец на нейкі час пакіне Яго, калі Ён будзе пакутаваць на Крыжы, стаўшыся грэхам за ўсіх нас. І ўсё, што Ісус зьдзейсьніць на Крыжы, Ён зьдзейсьніць у прысутнасьці і з дапамогаю Айца.

А зараз зьвярнем увагу на вельмі важныя словы Ісуса: «Гэта сказаў Я вам, каб мелі супакой ў-ва Мне». Супакой у Ісусе Хрысьце – гэта мір Божы. Нягледзячы на вялікія будучыя выпрабаваньні, вучні Хрыста набудуць гэты мір, і гэты мір дапаможа ім усё пераадолець. «Мір Божы» – гэта ня нейкая філасофскае адхіленьне ад болі і гора, але тая тэрыторыя сэрца, якую Ён ужо адваяваў: «У гэтым сьвеце гора мець будзеце, але будзьце пэўныя, Я перамог сьвет».

Так, «сьвет» будзе перасьледаваць, ненавідзець, а нават і сьмяяца над пасьлядоўнікамі Ісуса Хрыста, але Ісус не махнуў рукою на гэты сьвет і не адвярнуўся ад яго. Ён яго перамог, бо прыняўшы на Сябе ўвесь цяжар нашых грахоў, Ён прайшоў скрозь сьмерць у новае тварэньне. Ісус ня проста даў доказ нейкай філасофскай думцы, але Ён перамог гэты сьвет. Ісус ня проста падае нейкі добры прыклад жыцьця, але ўсталёўвае новую рэальнасьць. Дакладней сказаць, што Ён ня проста ўсталёўвае новую рэальнасьць, але аднаўляе тую першапачатковую рэальнасьць Эдэма, якую згубіў Адам пры грэхападзеньні. Ісус давёў пра гэта вучням на словах, але ўжо ў бліжэйшыя тры дні Ён замацуе гэтыя словы навекі – замацуе гэтыя факты Божага Валадарства, якія назаўсёды ўвойдуць у гісторыю чалавецтва і калі-небудзь стануць усеагульнымі.


Рецензии