Иоанн 17 1-26

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЯНА


Ян 17:1-26

Пасьля абмыцьця ног Сваім вучням і дадзенага ім настаўленьня, Ісус зьдзяйсьняе малітву, якую часта называюць «першасьвятарскай». Мы памятаем, як Ісус завяршыў Сваё настаўленьне да вучняў. Ён сказаў: «Я перамог сьвет» (Ян 16:33), што, па сутнасьці, было абвяшчэньнем Ягонай будучай перамогі на Крыжы. Мы бачылі, што, на працягу ўсяго Свайго служэньня, Ісус выконваў волю Айца. І вось зараз, перад вяртаньнем да Айца, Ён узносіць малітву за Сябе, потым за апосталаў і, нарэшце, за ўсіх хрысьціянаў будучых часоў.


Ян 17:1-8
«Гэта сказаў Ісус, і падняў вочы Свае да неба, і прамовіў: “Ойча! Прыйшла гадзіна, Праслаў Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе, бо Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб усяму, што Ты даў Яму, Ён даў жыцьцё вечнае. А гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і Таго, Каго Ты паслаў, - Ісуса Хрыста. Я праславіў Цябе на зямлі, скончыў справу, якую Ты даў Мне зрабіць. Дык цяпер праслаў Мяне Ты, Ойча, у Цябе Самога той славаю, якую Я меў у Цябе раней, чым сьвет быў. Я зьявіў імя Тваё людзям, якіх Ты Мне даў са сьвету. Яны былі Твае, і Ты іх даў Мне, і яны захавалі слова Тваё. Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, гэта ад Цябе. Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны ўзялі і сапраўды зразумелі, што Я ад Цябе зыйшоў, і паверылі, што Ты Мяне паслаў» (Ян 17:1-8).

Як Сын Свайго Айца, Ісус, безумоўна, меў асаблівы доступ да Бога ў малітве. Таму Ён і зьвяртаецца да Бога словам «Ойча» і гэты зварот у малітве будзе прамоўлены чатыры разы. Больш таго, у працягу гэтай малітвы, Ісус будзе казаць «Ойча Сьвяты» і «Ойча Праведны». Прыйшла гадзіна. Гадзіна выкананьня Божага плану адкупленьня, што было вызначана Самім Айцом. Мы памятаем, як, пад час Свайго служэньня, Ісус неаднаразова казаў, што час Ягоны яшчэ не настаў, але вось зараз гэты час ужо тут, - перад Ім і Ягонымі вучнямі. Ісус моліць Айца пра праслаўленьне і гэта азначае дапамогу Айца ў пакутах, ахвярнай сьмерці на Крыжы, уваскрашэньні Яго і аднаўленьні ў першапачатковай і вечнай славе. Канчатковая ж мэта гэтага прашэньня Ісуса была ў праслаўленьні Айца ў Сыне. Гэта азначае, што словы малітвы накірованы на ўсьведамленьне таго, што ў Ім былі зьяўлены сьвету Божая мудрасьць, сіла і бясконцая любоў. Гэта тычыцца і кожнага веруючага чалавека ў-ва ўсе стагодзьдзі, бо асноўнае прызначэньне хрысьціяніна – праслаўляць Бога так, каб Бог праславіўся ў ім: «Бо ўсё з Яго, і праз Яго, і для Яго. Яму слава на вякі. Амэн» (Рым 11:36).

Ісус кажа, што менавіта Айцец даў Яму ўладу па над усім, бо гэта адпавядае плану Айца: «Я абвяшчу пастанову: “Госпад сказаў Мне: “Ты Сын Мой; Я сёньня Цябе спарадзіў; прасі ў Мяне, і дам народы ў спадчыну Табе, і ўладаньне Тваё – аж па край зямлі”» (Пс 2:7-8). Адсюль і права Сына судзіць тых, хто не прымае Яго і даваць жыцьцё вечнае тым, каго Айцец даў Яму. Па вызначэньню Ісуса вечнае жыцьцё адпавядае кожнадзённаму спазнаваньню адзінага і сапраўднага Бога праз Ягонага Сына, якое адбываецца праз блізкія зносіны з Ім: «Усё Мне аддадзена Айцом Маім, і ніхто не спазнаў Сына, акрамя Айца; і ніхто не спазнаў Айца, акрамя Сына і каму Сын пастанавіў адкрыць» (Мац 11:27). Але тут трэба сказаць, што вечнае жыцьцё – гэта ня толькі бясконцае існаваньне, бо кожны чалавек, так ці інакш, будзе існаваць бясконца. Справа ж у тым, дзе і як ён будзе існаваць: «І пойдуць гэтыя на пакараньне вечнае, а праведнікі – у жыцьцё вечнае» (Мац 25:46).

Ісус узносіць да Айца малітву за Сябе, бо Ён выканаў даручанае Яму Айцом і гэтым праславіў на гэтай зямлі. Так, яшчэ маюць быць крыжовыя пакуты Хрыста, але Ён кажа пра гэта, як пра тое, што непазьбежна будзе. І таму Ісус зноў просіць пра аднаўленьне той славы, якую Ён меў да пачатку ўсяго. І вось тут, у малітве Ісуса, настае той момант, калі Ён пачынае прасіць за Сваіх апосталаў малітвай любові, якую Ён мае ў адносінах да іх. Ісус аддае належнае вучням за тое, што яны зразумелі сапраўднае паходжаньне Ісуса Хрыста – Сына Божага і захавалі слова Айца. Мы бачым безумоўную недасканаласьць апосталаў, бо не прыйшоў яшчэ іхні сапраўдны час. А малітва Ісуса за апосталаў трывае ўсё больш.


Ян 17:9-19
«Я за іх прашу, не за сьвет прашу, але за тых, якіх Ты даў Мне, бо яны Твае. І ўсё Маё – Тваё, і Тваё – Маё; і ў іх Я ўславіўся. І Я ўжо не ў сьвеце, але яны ў сьвеце, а Я да Цябе іду. Ойча Сьвяты! Захавай іх у імя Тваё, тых, якіх Ты Мне даў, каб яны былі адно, як і Мы. Калі Я быў з імі ў сьвеце, Я захоўваў іх у імя Тваё; тых, якіх Ты Мне даў, Я захаваў, і ніхто з іх не загінуў, акрамя сына загубы, каб споўнілася Пісаньне. Цяпер жа Я да Цябе іду і гэта кажу ў сьвеце, каб яны мелі радасьць Маю ў сабе поўную. Я даў ім слова Тваё, і сьвет зьненавідзеў іх, бо яны не са сьвету, як і Я не са сьвету. Не прашу, каб Ты ўзяў іх са сьвету, але каб захаваў іх ад зла. Яны не са сьвету, як і Я не са сьвету. Асьвяці іх у праўдзе Тваёй! Слова Тваё – праўда. Як Ты паслаў Мяне ў сьвет і Я паслаў іх у сьвет. І за іх Я пасьвячаю Сябе, каб і яны былі асьвечаны ў праўдзе» (Ян 17:9-19).

Ісус заклікае да Айца, ведаючы, што для Яго настаў час зыходзіць. І таму Ён просіць Айца пра захаваньне гэтых людзей, якіх Ён даў і даручыў Ісусу. Ісус любіў Сваіх вучняў і захоўваў іх, але зараз Ён перадае іх пад абарону Айца, Які паклапоціцца пра іх таксама, як і Ісус. І гэтае прашэньне зусім не дарэмнае, бо Ісус добра ведае пра тое, якія небясьпечнасьці пагражаюць Ягоным вучням. Сьвет узьненавідзіць іх, як узьненавідзеў і Яго. Яны не прыналежаць сьвету, але Ісусам яны пасланыя ў сьвет і таму маюць патрэбу ў дапамозе і абароне. Менавіта ў гэтым ёсьць сэнс малітвы Ісуса Хрыста.

Ісус кажа пра апосталаў, як пра тых, каго даў Яму Айцец, а значыць пра Сваіх. І вось гэтых людзей Ісус вяртае пад надзейную абарону Айца. Гэтыя людзі ўжо адрозьніваюцца ад сьвету, бо гэта новы народ, ачышчаны пакліканьнем і вучэньнем Ісуса. Таму яны і не ад сьвету. Гэтая думка ня вельмі простая, але паспрабуем патлумачыць яе больш падрабязна. Ісус добра ведае, што Ягоныя вучні маюць звычайнае зямное паходжаньне, як і тое, што ў кожнага з іх меліся дамы, бацькі і, у большасьці, свае асабістыя сем’і. Карацей кажучы, гэтыя звычайныя людзі былі пакліканы Ісусам у «іншы сьвет», сьвет Ісуса Хрыста. Няхай мы прыпамятаем, што сэнс слова «сьвет» ня мае на ўвазе толькі фізічную складаючую гэтага, бо па-першае гэта тое, што паўстала супраць Бога. Гэта асяродзьдзе, якое мае «перавагу» перад Богам, Які яго ж і стварыў і таму мае «нейкі досьвед», які ставіць цемру наперад сьвятлу, якое ад Госпада. Больш таго, з кропкі погляду гэтага сьвету, Ісус гэтаму сьвету не прыналежыць. І зараз мы разумеем, што вучні Хрыста таксама не ад гэтага сьвету, бо іхняя сутнасьць і прызначэньне не вызначаюцца сьветам, але іхнім пакліканьнем і служэньнем Ісусус Хрысту.

Ісус зыходзіць і вельмі важна, каб гэты сапсаваны сьвет не зацягнуў іх зноў да сябе. Пакуль было зямное служэньне Ісуса, Ён настаўляў іх, кіраваў імі і за імі прыглядаў. Як той пастыр за ягнятамі. Зараз жа, зыходзячы да Айца, Ісус аддае Айцу клопат пра Сваіх вучняў, каб яны не засталіся без Настаўніка.

«Ойча Сьвяты!» Так усклікае Ісус, кажучы, што, асьвяціўшы Сябе, Ён асвячае гэтым і вучняў Сваіх. Але што азначала сьвятасьць у часы Ісуса Хрыста? У першым стагодзьдзі словы «сьвятасьць» ці «сьвяты» - гэта ня меньш чым успрыманьне Храма ў Ерусаліме. Храм быў сьвятым месцам, дзе было абяцаньне прысутнасьці Госпада. У Храме заноходзілася Сьвятая Сьвятых – захаванае памяшканьне, куды толькі раз на год мог увайсьці першасьвятар, каб прынесьці ахвяру адкупленьня за ўвесь народ. Асобныя абрады падгатоўвалі яго да магчымасьці ўвайсьці ў памяшканьне Госпада. Ісус жа асьвячоны не абрадамі, але Айцом і Ён асьвячае Сабою вучняў Сваіх. Ён, як Першасьвятар, зьвяртаецца да Бога з просьбаю захаваць Ягоны народ ад зла гэтага сьвету. Ісус просіць Айца, каб Ягоныя пасьлядоўнікі сталі сьвятым народам у самым правільным сэнсе гэтага слова.

Ісус зрабіў для апосталаў, як і для нас, галоўнае. Ён захоўвае нас у імя Айца і калі Ён даручае нас Айцу, дык упэўнены, што новае нашае жыцьцё ня будзе хужэйшым, але будзе такім, што мы самі скажам: «Дзякуй Табе Госпадзе». І таму Ісус – гэта ўзор для ўсіх веруючых у Яго. Ён быў у сьвеце, але Ён быў не ад сьвету. Ён быў пасланы ў сьвет Айцом, а хрысьціяне ж пасылаюцца ў сьвет Сынам з той жа місіяй, якую выконваў і Ён – абвяшчаць чалавецтву пра Айца, Сына і Сьвятога Духа.


Ян 17:20-26
«Не за іх жа прашу, але і за тых, якія паверылі ў Мяне праз слова іх, каб усе былі адно, як Ты, Айцец, у-ва Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў нас адно, каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб яны былі адно, як Мы адно. Я ў іх, і Ты ў-ва Мне; каб былі злучаны ў адно, і каб пазнаў сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне. Ойча, тыя, якіх Ты даў Мне, хачу, каб і яны былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо Ты палюбіў Мяне раней заснаваньня сьвету. Ойча праведны! І сьвет Цябе не пазнаў, але Я пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне. І Я паведаміў ім імя Тваё і паведамлю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх» (Ян 17:20-26).

Ісус працягвае маліцца, але Ён ужо кажа не за Сябе і не за апосталаў, а за ўсіх нас. Ад часу апосталаў і да часу нашага. Усе, хто на працягу гісторыі Царквы будуць зьвяртацца да Яго па слову апосталаў, павінны ведаць, што за гэтым стаіць Ісус Хрыстос. Яму было вызначана Богам памерці і ўваскрэснуць, а потым паслаць Сваім пасьлядоўнікам Духа Сьвятога, каб тым пайсьці ў сьвет з пропаведзьдзю, дзякуючы якой люді зьвяртаюцца да Госпада нашага Ісуса Хрыста. Ён моліцца за Сваю Царкву, як пра адзінства Свайго слова і як пра тое, што пра гэта будуць прапаведаваць Ягоныя апосталы. Усе сапраўдныя веруючыя прыналежаць да «Цела Хрыста» і іхняе духоўнае адзінства выяўляецца ў вобразе жыцьця. Гэта да таго, што ідэялам гэтага служыць адзінства паміж Сынам і Айцом: «Каб усе былі адно, як Ты Айцец, у-ва Мне, і Я ў Табе». Гэтае духоўнае адзінства павінна быць у Царкве, бо бяз гэтага хрысьціяне ня змогуць нічога. Айцец творыць праз Сына, а Сын заўсёды робіць угоднае Айцу.

У Хрысце нам дадзена ласка Божая, бо Ён, нічога ня маючы ў гэтым сьвеце, мае шмат чаго для нас, хрыстовых. Ён дае нам аднаўленьне ў Божым Валадарстве. Каб мы былі з Тым, Хто нам дае усё тое, што прыналежыць ня толькі Госпаду, але і гэтаму сьвету. Неба і зямлю, і усё што ў іх. Ісус кажа пра гэта, бо ў Ім уся паўната праўды, як тая вада, што абрушваецца з вышыні і, якая мае права на далейшы рух жыцьця. Гэта і ёсьць заключная частка малітвы Ісуса, якая пасьвечана будуючым пакаленьням веруючых, якія будуць да гэтага вяртацца. Але гэта ня ёсьць усё, бо тая справядлівасьць пра якую мы молімся і той суд, якім Ісус зьявіць сябе сьвету, яшчэ наперадзе. Айцец зьявіць Сябе ў любові, што ёсьць Хрыстос, а хто з Хрыстом, той і ёсьць у любові. І няхай будзе з Ім назаўсёды.

Так завяршаецца малітва Ісуса за ўсіх, дзе любоў Айца ахоплівае Ісуса, і той жа любоўю, праз Яго, ахоплівае Ягоны народ. Дык гэтым жа мы разумеем тое, чаму Ісус прысутнічае сярод Сваіх, а праз іх у сьвеце. Ісус называў Айца «Сьвятым», а пасьля «Праведным». Чаму? Таму што Айцец – Судзьдзя ўсёй зямлі. Ісус разумеў, што сьвет будзе перасьледваць Ягоных пасьлядоўнікаў, але ўсё будзе прасочана і, у рэшце рэшт, справядлівасьць будзе ўшанаваная. Як у-ва ўсім Новым Запавеце, тая справядлівасьць, пра якую мы молімся, і той суд, які будзе аднойчы, адкрываецца ў любові. Таму што мы бачым гэты суд у Ісусе Хрысьце. І гэта ня проста так, бо Ісус – гэта Той, Хто маліўся за ўсіх нас. Гэта Першасьвятар, Які асьвяціўся дзеля радаснага служэньня Айцу, і вось зараз Ён ідзе да зьдзяйсьненьня Свайго зямнога канца - служэньне любові да ўсіх нас.


Рецензии