Иоанн 18 1-40

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЯНА


Ян 18:1-40

Ісус, разам з вучнямі, выйшаў з памяшканьня, дзе праходзіла апошняя вячэра і накіраваўся за струмень Кедрон. Іншымі словамі, Ісус накіраваўся ва усходнім напрамку ад Ерусаліма. Кедрон – гэта назва тагачаснай ракі, якая зараз мае назву «Вадзі-эн Нар». Гэта вялікі струмень, які мае свой пачатак ад поўначы Ерусаліма, дасягаючы Мёртвага мора. Трэба, пры гэтым, заўважыць, што шлях праходжаньня Кедрону ляжыць паміж Храмавай і Элеонскай гарою. Гэта той самы шлях, калі валадар Давід, накіроўваючыся на гару Элеон, займеў здраду ад свайго сябра Ахіятэла. Ці ня ў гэтым сэнсе Ісус паймеў здраду  і ад Юды? Ці ня той той-жа шлях мы маем і сёньня, калі гэтым шляхам ідзем?


Ян 18 1:14
«Сказаўшы гэта, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за струмень Кедрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Ягоныя. Ведаў жа гэтае месца і Юда, які выдаў Яго, бо Ісус там часта зьбіраўся з вучнямі Сваімі. Дык Юда, узяўшы кагорту і паслугачоў ад першасьвятароў і фарысэяў, прыходзіць туды з ліхтарамі, лямпамі і зброяй. Ісус жа, ведаючы ўсё, што з Ім будзе, выйшаў і сказаў ім: “Каго шукаеце?” Адказали Яму : “Ісуса з Назарэту”. Кажа ім Ісус: “Гэта Я”. Стаяў жа з імі і Юда, які выдаў Яго. Калі ж Ён сказаў ім: “Гэта Я”, яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю. Тады ізноў спытаўся ў іх: “Каго шукаеце?”. Яны сказалі : “Ісуса з Назарэту”. Адказаў Ісус : “Я сказаў вам, што гэта Я: калі ж Мяне шукаеце, дазвольце ім адыйсьці”, каб споўнілася слова якое Ён сказаў: “З тых, якіх Ты даў Мне, Я не згубіў нікога”. Сымон жа Пётр, маючы меч, выцягнуў яго і ўдарыў слугу першасьвятара, і адсёк яму правае вуха; а імя таго слугі было Малах. Але Ісус сказаў Пятру: “Укладзі меч твой у похвы. Ці ж Я ня вып’ю келіха, які даў Мне Айцец?” Тады кагорта і тысячнік, і паслугачы юдэйскія схапілі Ісуса, і зьвязалі Яго, і павялі Яго спачатку да Анны, бо ён быў цесьцем Каяфы, які быў у той год першасьвятаром. Гэты Каяфа парадзіў юдэям, што карысьней аднаму Чалавеку загінуць за народ. (Ян 18 1-14).

Мы памятаем той самы сад, дзе Адам спазнаў першародны грэх і гэты сад мы ўсьведамляем, як тэрыторыю здрады. Сад за струменем Кедрон – гэта таксама сад здрады, бо Ян, як мы казалі раней, піша новую кнігу Быцьця. І ў гэтым моцным і дзіўным эпізодзе Ян паказвае нам, што гэта азначае. Слова стала целам, нашым целам, целам Адама, целам новага Быцьця. Ролі зьмяніліся. Грахоўныя і ўзброеныя людзі зьяўляецца ў сад і шукаюць Госпада. Мы ж памятаем, што ўжо грэшны Адам хаваўся ад Госпада, а тут усё наадварот. Грэшнікі шукаюць Госпада, каб схапіць Яго. Так, яны ня ведаюць, што твораць, бо, як яны разумеюць, робяць сваю справу. Ісус і не хаваецца ад іх, як калісьці хаваўся ад Бога грэшнік Адам. І вось, Юда прыводзіць у знаёмае месца рымлянаў, і гэта так, бо Ян кажа пра кагорту, што ёсьць сьпецыфічна рымская назва вайсковага падразьдзелу. Ісус добра ведаў, што павінна было здарыцца і для Яго гэта не было нечаканасьцю. Юда прывёў вайскоўцаў і тых, каго паслалі першасьвятары з тым, каб узяць сілаю Ісуса. І вось сітуацыя. Ён стаяў перад імі безабаронны, але ўсё ж такі Ён заставаўся «Гаспадаром сітуацыі». І таму спакойна выйшаў ім насустрач, бо ахвяра, якую Ён прыносіў была дабраахвотнаю. Ці паверыў бы хто, што Ён ня мог пазьбегнуць гэтай сустрэчы?. Але Ён спакойна выйшаў ім насустрач.

І сказаў: «Гэта Я». Рэакцыя непрадказальная, бо нават і рымляне адступіліся і ўпалі на калені. Безумоўна, што першымі на калені маглі ўпасьці юдэі, бо яны не маглі ня чуць пра цуды і знакі Ісуса, а таму і асьцярагаліся нейкай Ягонай рэакцыі. Але нічога такога ня здарылася, бо Пастыр добры аддаваў жыцьцё за Сваіх авечак. Ён імкнуўся захаваць усіх Сваіх вучняў, бо менавіта ім належала выконваць на гэтай зямлі Ягоную справу ў адпаведнасьці з волей Айца. А што вучні?

Пётр, які выказваў намер памерці за Ісуса, наспраўдзе і кінуўся абараняць Яго. Але, як пажартаваў нехта, рыбаком ён быў лепшым, чым ваяром, паколькі думаючы зьнесьці галаву аднаму з ворагаў, адсёк таму толькі правае вуха. Ян і кажа, як клікалі таго слугу першасьвятара – Малах. Гэта, між тым, кажа пра гістарычную пэўнасьць эвангельскіх апавяданьняў. Лука дадае да Яна, што Ісус аднавіў вуха гэтаму слузе: «І, дакрануўшыся да вуха ягонага, аздаравіў яго» (Лук 22:51). Гэта кажа толькі пра тое, што Ісус меў любоў нават і да ворагаў Ягоных. Сьляпая вернасьць Пятра безумоўна была праявай адданасьці, але гэта ніяк ня ўзгодніваецца з Божым планам. Як пра гэта і казаў апостал Павал: «Бо сьведчу ім, што маюць руплівасьць Божую, але не паводле пазнаньня» (Рым 10:2).

Калі арыштавалі Ісуса, была ўжо ноч, бо недарма кагорта і паслугачы прыйшлі з ліхтарамі і лямпамі. І вось, зьвязаны Ісус знаходзіцца ў руках Сваіх ворагаў і застаецца адзін, бо ўсе Ягоныя вучні разьбегліся: «А гэта ўсё сталася, каб споўніліся Пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго паўцякалі» (Мац 26:56). Але, усё ж, як кажа Ян, двое з вучняў пайшлі за Ім і, нават, увашлі на панадворак цесьця першасьвятара Каяфы, Анны. Акрамя Пятра з ім увайшоў вучань, які быў знаёмы з першасьвятаром. Хто гэта за вучань? Кажуць, што гэта быў сам Ян, які быў самым маладзейшым з апосталаў і меў яшчэ юнацкі ўзрост, а таму і не атрымаў такіх пытаньняў, як Пётр. Але гэта толькі адна са здагадак, бо, напрыклад, Жан Кальвін лічыць, што гэта быў не апостал Ян, а нейкі вучань, які прыняў Ісуса Хрыста. Бо як мог сярэдняй рукі рыбак з Галілеі, ды яшчэ ў такім маладым узросьце, быць знаёмым з галавою вышэйшага садукейскага роду і проста ўваходзіць сярод ночы ў дом Анны? Але, як бы тое не было, падзеі пачынаюць разьвівацца.

Выяўленьне абставінаў затрыманьня Ісуса пачалося на тэрыторыі Анны. Чаму не адразу ў Каяфы?. Ці не таму, што Анна захоўваў негалосную першасьвятарскую ўладу? Наогул, Анна быў прызначаны першасьвятаром у 6 годзе па Р.Х. кіраўніком Сірыі Квірыніем і заставаўся на гэтай пасадзе пакуль ня быў звольнены пракуратарам Юдэі Валеры Гратам. Мы ведаем, што першасьвятары павінны былі займаць свае пасады пажыцьцёва, што зусім не падабалася ўладзе Рыма, каб не дапушчаць канцэнтрацыю ўлады ў руках аднаго чалавека. Такім чынам пераемнікамі Анны былі па чарзе пяць ягоных сыноў і вось зараз – першасьвятаром быў зяць Каяфа, які, калісьці, і сказаў «прароцкія» словы: «Адзін жа з іх, нехта Каяфа, які быў той год першасьвятаром, сказаў ім: “Вы нічога ня ведаеце, і ня думаеце, што карысьней для нас, каб адзін чалавек памёр за народ, чым, каб увесь народ загінуў”» (Ян 11:49-50). Але вернемся на панадворак Анны, цесьця першасьвятара Каяфы.


Ян 18:15-27
«А за Ісусам ішоў Сымон Пётр і другі вучань. Вучань той быў знаёмы з першасьвятаром, і ён увайшоў з Ісусам на панадворак першасьвятара. А Пётр стаяў ля дзьвярэй звонку. Тады другі вучань, які быў знаёмы  з першасьвятаром, пайшоў, і сказаў прыдзьверніцы, і ўвёў Пятра. Тады кажа служка прыдзьверніца Пятру: “Ці і ты ня з вучняў Гэтага Чалавека?” Ён кажа: “Не”. А слугі і паслугачы, распаліўшы вуглі, бо было сьцюдзёна, стаялі і грэліся. Пётр таксама стаяў з імі і грэўся. Першасьвятар жа спытаў у Ісуса пра вучняў Ягоных і вучэньне Ягонае. Адказаў яму Ісус: “Я адкрыта гаварыў сьвету, Я заўсёды навучаў у сынагозе і ў сьвятыні, дзе заўсёды зьбіраюцца юдэі, і таемна не гаварыў нічога. Чаму пытаешся ў Мяне? Папытайся ў тых, хто слухаў, што Я гаварыў ім. Вось яны ведаюць, што Я гаварыў”. Калі Ён сказаў гэта, адзін з паслугачоў, які стаяў побач, ударыў Ісуса па шчацэ, кажучы: “Так Ты адказваеш першасьвятару?” Адказаў яму Ісус: “Калі Я сказаў кепска, засьведчы, што кепска, а калі добра, за што б’еш Мяне?” Анна паслаў Яго зьвязанага да першасьвятара Каяфы. А Сымон Пётр стаяў і грэўся. Тады сказалі яму: “Ці і ты ня з вучняў Ягоных?” Ён адрокся і сказаў: “Не”. Кажа адзін са слугаў першасьвятара, сваяк таго, якому Пётр адсёк вуха: “Ці ж ня бачыў я цябе з Ім у садзе?” Пётр і зноў адрокся, і адразу прапяяў певень» (Ян 18:15-27).

Гэта даволі сумная сцэна, калі Пётр тройчы адракаецца ад Ісуса. Але, учынак Пятра мае быць асэнсаваны больш глыбока, чым проста дзеяньне чалавека ў нейкай небясьпечнай для яго сітуацыі. Мы ня можам адмовіць Пятру ў тым, што ён сапраўды быў лідарам сярод апосталаў, бо недарма ж Ісус назваў яго «камянём», на якім Ён пабудуе Сваю Царкву. Хутка ж, пасьля ўваскрасеньня, Ісус скажа Пятру і наступнае: «Пасьві авечкі Мае» Ян (21:17). Мы ўжо чулі і словы Пятра, што былі сказаныя за некалькі гадзінаў да арышту Ісуса: «Я душу маю палажу за Цябе» (Ян 13:38). Мы ўжо бачылі, як працяг гэтага, сьмеласьць Пятра, калі ён адсякае вуха, абараняючы Ісуса, слузе першасьвятара. Да таго ж трэба было мець і немалую адвагу, каб, пасьля гэтага, прыйсьці на панадворак першасьвятара. Як жа ўсё гэта зразумець? Дзевяць з адзінаццаці апосталаў у страху разьбегліся і, пахаваўшыся, як бы і не адракаліся ад Ісуса Хрыста. А Пётр, выказаўшы немалую сьмеласьць, пайшоў за Ісусам і, у рэшце рэшт, прычым у прысутнасьці Ісуса, тройчы адмовіўся ад Яго. І тут ёсьць тэма для разважаньня. Як і некалькі варыянтаў.

Першае. У сэрцы звычайнага чалавека вельмі шмат блытаніны, дзе добрае перамешана са злым. Гэты хаос, у бліжэйшым будучым, будзе ўпарадкаваны Сьвятым Духам, але зараз сэрца Пятра пакуль што звычайнае. Пра тое і кажа апостал Павал: «Бо добрае, якое хачу, не раблю, а благое, якое не хачу, раблю. А калі я раблю тое, што не хачу, ужо ня я раблю гэта, але грэх, які жыве ў-ва мне» (Рым 8:19-20). Звычайнае сэрца Пятра цягнулася да Госпада і, нават, можа больш за іншых, бо, у адрозьненьні ад іншых апосталаў, ён не схаваўся, але, нейкім чынам, пайшоў за Ісусам. Але, што далей? А далей, як у Паўла. Добрае застаецца ў сэрцы, але пачуцьце самазахаваньня (не надзея на Госпада, а на самога сябе) выціскае з сэрца Пятра грэх ілжы. І ўсё гэта адбываецца на фоне таго, што Ісус праўдзіва адказвае першасьвятару. Ён адкрыты перад усімі, у той час, як Пётр «хаваецца» на вачах усіх, адракаючыся ад Ісуса Хрыста.

І другое. Тое, што Пётр прыйшоў за Ісусам на панадворак Анны, безумоўна кажа пра ягоную вернасьць Хрысту. Але справа ў тым, што Пётр не разумеў цалкам Ісуса, бо калі і разумеў, дык ня больш чым на палову. І вось гэтае недапаразуменьне і вызначыла паводзіны Пятра ў гэты вельмі адказны для яго момант. Адной сваёй паловай Пётр адчуваў Ісуса Мэсіяй, Які прыйшоў зьмяніць гэты сьвет і таму праяўлялася адданасьць да Яго і сьмеласьць у сваіх учынках. Другой жа паловай ён убачыў безабароннага Чалавека, Якога пачалі ўжо біць слугі першасьвятароў. Што ж будзе з ім, тым больш што ён ужо размахваў сваім мечам у прысутнасьці гэтых людзей? Пятру, хутчэй за ўсё, прыйдзецца падзяліць долю Ісуса. А ён марыў зусім не пра гэта. Дык якімі словамі можна ахарактарызаваць становішча Пятра ў гэтую ноч? Страх, паніка, падман і адмаўленьне Ісуса.

На ўсе ж гэтыя довады можна сказаць і тое, што Ісус ніяк не жадаў згубіць ніводнага са Сваіх апосталаў, бо недарма Ён казаў Айцу пра гэта ў Сваёй малітве: «Калі Я быў з імі ў сьвеце, Я захоўваў іх у імя Тваё; тых, якіх Ты Мне даў, Я захаваў, і ніхто з іх не загінуў, акрамя сына згубы, каб споўнілася Пісаньне» (Ян 17:12). І ня дадзена было Пятру загінуць у той дзень разам з Ісусам. Ён добра ведаў сэрца Пятра, з ягоным хаосам і недапаразуменьнем і таму дапусьціў гэтую сардэчную рану, каб у хуткасьці аздаравіць яго і зрабіць Пятра тым сапраўдным «Камянём», на якім і пабудуецца Царква Ісуса Хрыста.


Ян 18:28-32
«Тады вядуць Ісуса ад Каяфы ў прэторыю. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не зьнячысьціцца, але каб маглі есьці пасху. Дык выйшаў да іх Пілат і сказаў: “Якое абвінавачваньне вы выстаўляеце адносна Чалавека гэтага?” Яны адказалі і сказалі: “Каб Ён ня быў ліхадзеем, мы ня выдалі б Яго табе!” Тады сказаў ім Пілат: “Вазьміце Яго і паводле вашага Закону судзіце Яго”. Тады юдэі сказалі яму: “Нам нікога ня можна забіваць”, каб споўнілася слова Ісуса, якое Ён сказаў, даючы знак, якою сьмерцю мае памерці» (Ян 18:28-32).

Ян кажа нам пра допыт Ісуса ў доме Анны і нічога ня кажа пра сынедрыён, дзе Ісуса абвінавацілі ў блюзьнерстве, як бы дапаўняючы тое, што напісана ў іншых Эвангельлях. Але зразумела, што без сьмяротнай пастановы сынедрыёна, Ісуса не павялі б да рымскага пракуратара, ад якога залежала выкананьне сьмяротнага прысуду. Пракуратар Понці Пілат, які займаў гэтую пасаду з 26 па 36 год па Р.Х., звычайна жыў у Цэзарэі, але пад час вялікіх юдэйскіх сьвятаў наязжаў у Ерусалім, бо пры вялікім наплыву юдэяў і празэлітаў у Ерусалім, узьнікала магчымасьць непарадкаў ці, наогул, бунту. Пасха ж, у гэтым сэнсе, была асабліва небясьпечнай, бо давала людзям напамін пра вызваленьне з егіпецкага рабства. Дзе ж знаходзілася прэторыя – рэцыдзенцыя пракуратара Пілата, дасканала невядома. Яна магла быць на тэрыторыі крэпасьці Антонія, што зноходзілася крыху на поўнач ад Храма, а можа знаходзілася ў адным з палацаў Ірада ў заходняй частцы Ерусаліма.

І вось Ісуса прыводзяць у прэторыю: «Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб незьнячысьціцца, але каб маглі есьці пасху». Яны не ўвайшлі ў прэторыю, таму што гэта быў дом паганіна, а ўжо настаў дзень, калі трэба будзе есьці пасху. Але, па-першае. Закон Майсея не прадугледжваў такой нормы, як не ўваходзіць у дом паганіна, бо гэта было прыдумкай першасьвятароў і кніжнікаў, каб хто-небудзь не прынёс з дома паганіна нейкай нечыстаты. Няхай і не па асьцярожнасьці. І па-другое. Яны хацелі захаваць сябе чыстымі, каб законна есьці пасху, але бачачы нячыстасьць у мурах і падлозе прэторыі, яны ня бачылі і не адчувалі, што аддаюць на сьмерць нявіннага Чалавека. Юдэі, якія стаялі ля прэторыі, неслі ўнутры сябе нашмат большую брыдоту, чым баяліся займець, ступіўшы на тэрыторыю Пілата. Менавіта пра такіх і казаў апостал Павал у сваім лісьце да Ціта: «Яны кажуць, што ведаюць Бога, а ўчынкамі адракаюцца, яны – брыдотныя і непакорныя, і на ўсякую добрую справу няздольныя» (Ціт 1:16). Але вось, мы бачым і Пілата, які сам выйшаў да свайго падначаленага народу.

Віну Ісуса першасьвятары фармулююць даволі расплывіста: «Калі б Ён ня быў ліхадзеем, мы ня выдалі б Яго табе». У самым тоне гэтага адказу адчуваецца непрыязнасьць да пракуратара паганіна, якая, дарэчы, была ўзаемнай. Безумоўна, што Пілат ведаў пра вучэньне і цуды Ісуса ня меньш за першасьвятароў, бо меў сваіх выведнікаў на ўсёй падкантрольнай яму тэрыторыі і разумеў, што небясьпекі нейкага бунту супраць імперыі Ісус Сваёй дзейнасьцю не нясе. Пілат разумеў, што жаданьне першасьвятароў зьнішчыць Ісуса прадыктавана зайздрасьцю: «Бо ведаў, што праз зайздрасьць выдалі Яго» (Мац 27:18). Але не разумеў, як жывучы па Закону Майсея, можна забіваць чалавека толькі за тое, што той аздараўляў хворых, выганяў дэманаў, вяртаў сьляпым зрок, мёртвым жыцьцё ды і яшчэ шмат чаго добрага? Таму Пілат і задумаў з першасьвятарамі своеасаблівую гульню, бо не жадаў выконваць патрабаваньне юдэяў – быць катам асуджанага імі Чалавека, тым больш ня маючы канкрэтных доказаў Ягонай віны.

А доказаў, на думку Пілата, не было, а таму ён і не лічыў што-небудзь у гэтым абвінавачваньні вартага сьмяротнага прысуду. Мы ведаем, што сынэдрыён, у некаторых выпадках, меў права на пабіцьцё асуджанага камянямі (напрыклад сьмерць Стэфана), але Ісус быў вельмі вядомы ў народзе і таму першасьвятары вырашылі забіць Яго рукамі рымлянаў. А пакараньне рымлянаў – гэта не пабіцьцё камянямі, а сьмерць на крыжы за бунт супраць Рыма. Ян тлумачыць, чаму юдэі прывялі Ісуса да Пілата: «Каб споўнілася слова Ісуса, якое Ён сказаў, даючы знак, якой сьмерцю мае памерці». Гэта зусім не азначае, што юдэі прыслухаліся да пажаданьня Ісуса і прывялі Яго да Пілата, каб той сваім рашэньнем выканаў слова Ісуса. Справа ж у тым, што дзьве палітычныя і юрыдычныя сістэмы, не разумеючы праўды, аб’ядналіся і зьдзейсьнілі гэтае злачынства, якое робіць гэтыя рымскія і юдэйскія сістэмы маральнымі банкрутамі. І над якімі стаіць Чалавек, Які памірае за грахі гэтых маральных банкрутаў, якім, па сутнасьці, і зьяўляецца сьвет.


Ян 18:33-40
«Дык Пілат ізноў увайшоў у прэторыю, і паклікаў Ісуса, і сказаў Яму: “Ты – Валадар Юдэйскі?” Адказаў яму Ісус: “Ці ты ад сябе гаворыш гэта, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?” Пілат адказаў: “Ці ж я юдэй? Твой народ і першасьвятары выдалі Цябе мне. Што Ты ўчыніў?” Адказаў Ісус: “Валадарства Маё ня з гэтага сьвету. Калі б з гэтага сьвету было Валадарства Маё, паслугачы Мае змагаліся б, каб Я ня быў выдадзены юдэям. Цяпер жа Валадарства Маё ня згэтуль”. Тады сказаў Яму Пілат: “Дык Ты Валадар?” Адказаў Ісус: “Ты кажаш, што Я – Валадар. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у сьвет, каб сьведчыць пра праўду. Усякі, хто з праўды, слухае голас Мой”. Кажа Яму Пілат: “Што ёсьць праўда?” І, сказаўшы гэта, ізноў выйшаў да юдэяў і кажа ім: “Я аніякай віны ў Ім не знаходжу. Ёсьць жа ў вас звычай, каб я некага адпускаў вам на Пасху. Хочаце, адпушчу вам Валадара Юдэйскага”. Тады ізноў закрычалі ўсе: “Не Яго, але Бараббу!” А Барабба быў разбойнік» (Ян 18:33-40).

Згодна Эвангельлю паводле Лукі, юдэі абвінавачвалі Ісуса па трох пунктах: «Гэтага знайшлі мы, што Ён псуе народ і забараняе плаціць падаткі цэзару, называючы Сябе Хрыстом Валадаром» (Лук 23:2). Што тычыцца першага пункту, дык Пілат, будучы пракуратарам, глядзеў на гэты народ з пагардай, лічачы яго і так сапсаваным. Не, гэты пункт абвінавачваньня яго ня вельмі хваляваў. Па пункту падаткаў тое ж самае, бо, будучы кіраўніком адміністрацыі, Пілат добра ведаў як сістэму сбору падаткаў, так і іх колькасьць. І калі гэта задавальняла Рым, дык якія тут маглі быць праблемы? А вось пункт трэці – гэта ўжо сур’ёзна. Понці Пілат добра ведаў, што азначае ўлада цэзара, як і тое, што ён абавязаны не дапусьціць нават і думак пра пасягальніцтва на дзеючую ўладу, бо на тое ён і займае сваю пасаду ў гэтым рэгіёне. Безумоўна ж Пілат ніяк ня бачыў у Ісусе гэтай пагрозы, але абвінавачваньне ёсьць і ён, няхай і фармальна, павінен правесьці адпаведны допыт.

«Дык Пілат зноў увайшоў у прэторыю, і паклікаў Ісуса, іс сказаў Яму: “Ты – Валадар Юдэйскі?”» І, як было не адзін раз з іншымі суразмоўцамі, Ісус адказвае на пытаньне пытаньнем: «Адкуль у цябе такая думка?» Іншымі словамі Ісус пытае ў Пілата пра тое, ці ня лічыць той Яго нейкай палітычнай пагрозаю для Рыма? Безумоўна, што Пілат не лічыў гэтага беднага Галілейца, вучні Якога, самі па сабе, разьбегліся, нейкай палітычнай пагрозай і таму ён проста адмахваецца ад гэтага пытаньня, саркастычна кажучы: «Ці ж я юдэй? Твой народ і першасьвятары выдалі Цябе мне. Што Ты ўчыніў?» За гэтым сарказмам хаваецца і раздражненьне, бо на роўным месцы яго ўблытваюць у нейкі мясцовы канфлікт, удзел у якім яму зусім не патрэбны. Словы Пілата адгукваюцца болем у сэрцы Хрыста і мы памятаем, што гэты сумны матыў гучыць у першых жа радках Эвангельля паводле Яна: «Было Яно ў сьвеце, і сьвет праз Яго стаўся, і сьвет Яго не пазнаў. Да сваіх прыйшло, і свае Яго не прынялі» (Ян 1:10-11).

Ісус адказвае, але гэты адказ вельмі дзіўны для Пілата: «Валадарства Маё ня з гэтага сьвету». Цяжка паверыць, што Пілат зразумеў словы Ісуса, але, тым ня меньш, ён ухопіцца за тое, Ісус прызнае Сябе Валадаром, няхай і нейкага незвычайнага, а значыць і незразумелага Валадарства. І зараз трэба зрабіць пэўны адступ і вярнуцца да словаў Ісуса пра тое, што Ягонае Валадарства ня з гэтага сьвету. Справа ў тым, што некаторыя пераклады гэтага Эвангельля даюць гэтую фразу некалькі па іншаму, што, аднак, дае падставу няправільна разумець сэнс Божага Валадарства: «Валадарства Маё не ад сьвету гэтага» (В. Сёмуха). Тут можа скласьціся уражаньне, што Валадарства існуе ня ў гэтым сьвеце і ўяўляе сабою духоўную ці нябесную рэальнасьць, якая ня мае нічога агульнага з існуючым сьветам. Але гэта ня так, бо Сам Ісус вучыў нас маліцца: «Прыйдзі Валадарства Тваё; будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі». Трэба абавязкова падкрэсьліць, што Валадарства Хрыста фармуецца і існуе ў нябёсах, але прызначана яно і для сьвету, бо дзеля чаго прыходзіў у сьвет Ісус і дзеля чаго Ён пасылае ў сьвет Сваіх вучняў?. Валадарства Ісуса паходзіць ня з гэтага сьвету, але прызначана яно для гэтага сьвету. Але вярнемся да Пілата, які паўтарае сваё пытаньне, пачуўшы, што Ісус усё ж мае Сваё Валадарства.

«Дык Ты Валадар?» Ісус не адмаўляецца ад сказанага Пілатам, але дае яму зразумець, што Ягонае Валадарства – гэта праўда, дзеля чаго Ён і нарадзіўся ў гэты сьвет. І ўсякі, хто ад праўды ці схільны да яе, будзе слухацца слова Ісуса Хрыста. І зусім няважна хто гэта: юдэй ці паганін. Ісус казаў і нёс у сьвет праўду. Тую праўду, якую прыдумаць ці вылічыць па формуле немагчыма. Юрысты і філосафы ня могуць сьцьвярджаць, што менавіта яны ёсьць носьбітамі праўды. Ніхто ня можа, бо праўда – гэта дар, і яна, падобна Божаму Валадарству, паходзіць ня з гэтага сьвету. Але жыве ў ім, бо Сам Ісус прыйшоў, каб сьведчыць пра праўду. Бо Ён і ёсьць праўдаю.

Ці зразумеў што-небудзь з гэтага Понці Пілат? Нарад ці, бо ягонае разуменьне праўды зусім іншае. Мая шабля ці мая ўлада – гэта і ёсьць мая праўда, а што Ты можаш зрабіць, калі я адпраўлю Цябе на крыж? Таму пытаньне Пілата: «Што ёсьць праўда?» - гучыць, не заміраючы, у вяках. Цяжка сказаць, што хацеў гэтым сказаць рымскі пракуратар Понці Пілат. Пра жаданьне спазнаць яе? Ці гэта быў цынічна-філасофскі адказ марнасьці гэтага занятку, так што гэта ніяк не магло паўплываць на ягоную дзейнасьць пракуратара Юдэі? А можа быць, гэта проста раздражнённая рэакцыя на незразумелыя словы Ісуса? Усе пералічаныя варыянты маюць права на жыцьцё, але важна тут тое, што Пілат не схацеў пачуць адказу і раптоўна адыйшоў ад Таго, Хто ёсьць Праўдаю, каб абвесьціць юдэям пра невінаватасьць Ісуса. Але гэтым, таго ня ведаючы, Пілат зрабіў яшчэ адзін крок, каб споўніліся Пісаньні, бо, пасьля гэтага, Ісусу належала памерці як Пасхальнаму Ягняці бяз усякай заганы.

Безумоўна, што Пілата мучыла пытаньне: «Як збавіць Ісуса ад сьмерці?» Але, бачачы раз’юшаны натоўп, ён вырашыў пайсьці шляхам хітрага кампрамісу, прапануючы, па пасхальнай традыцыі, выпусьціць на волю Ісуса ці разбойніка Бараббу. Разлік быў просты. З аднаго боку невінаваты Ісус, а з друга – забойца Барабба, які меў нянавісць сярод юдэяў з-за сваіх жорсткіх злачынстваў. І гэта лагічна, бо Пілат ня выставіў бы Бараббу, калі б той меў пэўную падтрымку сярод народа. Пілат хацеў збавіць Ісуса і таму прапанаваў Бараббу, каб на гэты вялічэзным кантрасьце паміж імі, юдэі выбралі для збаўленьня Ісуса. Але ўсё атрымалася наадварот і ў гэтым ёсьць рука Бога і Ягоны план. Праўда прымае на Сябе сьмерць, якая прызначалася разбойніку. Разбойнік жа атрымае жыцьцё. Безумоўна, што Пілат, у гэты момант, нічога не разумее, бо як можа народ узвысіць разбойніка замест невінаватага? Зразумела, што і Каяфа ня мог пракаментаваць увесь сэнс таго, што здарылася. Але апостал Ян жадае, каб мы з вамі бачылі і разумелі гэта. У гэтым – сутнасьць Крыжа, бо такое дзеяньне праўды, што ёсьць Ісус Хрыстос. Ісус памірае за Бараббу, за Ізраіля, за ўвесь сьвет. За цябе і мяне. За ўсіх нас.


Рецензии