Иоанн 20 1-31
Ян 20:1-31
«На пачатку стварыў Бог неба і зямлю. А зямля была нябачная і пустая і цемра над безданьню, і Дух Божы лунаў над вадою. І сказаў Бог, хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло» (Быц 1:1-3).
Цемра над безданьню, пустэча. Дух Божы і слова Бога, як пачатак быцьця таго, чаго яшчэ не было ніколі. Жыцьцё і сьвятло. Першы дзень тварэньня.
«На пачатку было Слова і слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога спрадвеку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не было з таго, што сталася. У Ім жыцьцё было, і жыцьцё было сьвятлом для людзей; І Слова Целам сталася, і пасялілася між нас, поўнае ласкі і праўды, і мы бачылі славу Яго, славу, як Адзінароднага ў Айца» (Ян 1:1-4; 14).
І вось, Цела памірае. Зноў настае хаос. Цемра апусьцілася на невялікую групу вучняў Ісуса. Ужо перад зьмярканьнем таго дня, Язэп з Арыматэі і Нікадэм зрабілі тое, што і павінны былі зрабіць. І настала бясконцая субота – сон у халоднай магіле.
Ян 20:1-10
«У першы ж день пасьля суботы Марыя Магдалена прыходзіць раніцаю, калі яшчэ было цёмна, да магілы і бачыць, што камень адвалены ад магілы. Тады бяжыць і прыходзіць да Сымона Пятра і другога вучня, з якім сябраваў Ісус, і кажа ім: “Узялі Госпада з магілы, і ня ведаем, дзе палажылі Яго”. Тады выйшаў Пётр і другі вучань і прыйшлі да магілы. Беглі ж абодва разам, і другі вучань бег хутчэй за Пятра, і прыйшоў першы да магілы, і, нахіліўшыся, бачыць, што ляжыць прасьціна, але не ўвайшоў. Тады прыходзіць Сымон Пётр, ідучы за ім, і ўваходзіць у магілу, і бачыць, што ляжыць прасьціна і хустка, што была на галаве Ягонай, не разам з прасьцінаю, але асобна скручаная ў адным месцы. Тады ўвайшоў і другі вучань, які першы прыйшоў да магілы, які і ўбачыў, і паверыў. Бо яны яшчэ ня ведалі Пісаньня, што Ён мусіць уваскрэснуць з мёртвых. Тады вучні ізноў адыйшлі да сябе» (Ян 20:1-10).
Усё яшчэ цёмна, але ўжо займаецца першы дзень пасьля суботы. Першы дзень новага тыдня і новага тварэньня. Дзень восьмы. Вочы чырвоныя ад плачу і суботняй начы бяз сну. Марыя Магдалена (і, па ўсёй верагоднасьці, не адна) пайшла да магілы каб проста паплакаць, бо куды яшчэ было ім ісьці? Наогул, Марыя Магдалена ўпершыню зьяўляецца ў аповесьці Яна толькі каля Крыжа Хрыста, калі Ён паміраў. І вось зараз яна першай прыйшла да магілы, дзе быў пакладзены Ісус. Да магілы, якая была закрытая вялікім камянём і запячатана пячаткай Понція Пілата (а можа першасьвятара, калі такая была?): «Пілат жа прамовіў да іх: “Маеце варту; ідзіце, вартуйце, як ведаеце”. Яны ж, пайшоўшы, вартавалі магілу з вартаю, запячатаўшы камень» (Мац 27:65-66). Зьдзіўленьне Марыі ва ўбачаным абуджае яе бегчы да іншых вучняў Хрыста. Роля Марыі ва ўсім гэтам даволі незвычайная. Яна – гэта першы апостал Ісуса Хрыста, бо менавіта яна абвяшчае вучням вестку пра пустую магілу. Апостал апосталаў, але гэта яшчэ ня ўсё, што падаруе ёй яе Госпад і яе Збаўца – Ісус Хрыстос.
Марыя Магдалена бяжыць у горад, каб знайсьці Пятра (і знайшла, бо напэўна ведала, дзе ён хаваецца), а таксама каб паведаміць вучню, з якім сябраваў Ісус, пра тое, што яна ўбачыла ў магіле, калі прыйшла да яе. Адчуем, што было ў пачуцьцях і на сэрцы Марыі ў той ранішні час першага дня новага тыдню пасля суботняй Пасхі. Пустая магіла – гэта рана на рану, хаос сярод хаоса. Хто Яго забраў? Садоўнік, вартаўнік ці яшчэ хто? Трэба тэрмінова даведацца, куды Яго пераклалі. Так тэрмінова, што Марыя бяжыць за дапамогаю ў горад.
Пётр і Ян адразу ж пабеглі да магілы. Ян, прыбегшы першым, не адважыўся ўвайсці ў яе, але Пётр, у сваёй звычайнай рашучасьці, адразу ўвайшоў у магілу, каб убачыць рэчы неверагодныя. Прасьціны, якімі быў укручаны Ісус, ляжалі як і раней. Больш таго, хустка з галавы нябожчыка ляжала асобна ад прасьцінаў. Што першае можа прыйсці на розум? Нехта забраў Яго. Але чаму зьнялі з Яго, пры гэтым, прасьціну і з галавы хустку? Так, гэта, пакуль што, застаецца нявызначаным, але вельмі хутка ўсё гэта станецца адкрытым і зразумелым. А пакуль што зьвярнем увагу на вучня-юнака, які разам з Пятром прыбег да магілы Ісуса.
Юнак, вучань Ісуса, усьлед за Пятром увайшоў у магілу, каб убачыць тое, што там ёсьць, а дакладней няма. Нешта новае абуджаецца ў сэрцы гэтага вучня. Захапленьне і пакланеньне пачынае запаўняць сэрца вучня перад дзеяньнем і ўладаю Госпада. Ян будзе памятаць гэта заўсёды, зноў і зноў успамінаючы пра ўбачанае ўсё сваё далейшае жыцьцё, каб працаваць і служыць Госпаду свайму Ісусу Хрысту. Але зараз фармуецца ягоная сапраўдная вера. Так, ён і раней верыў, што Ісус ёсьць Мэсія, Які пасланы Богам для Божага народу. Але зараз гэтая вера стала іншай, бо ён сам пра сябе гэта і сказаў: «І ўбачыў і паверыў». Ян паверыў, што пачалося новае тварэньне. Што пачалася новая вясна замест доўгай зімы. Ян паверыў, што Ісус зноў жывы.
Мы памятае, як Ісус уваскрасіў Лазара, які вярнуўся да свайго звычайнага жыцьця. Нешта падобнае мы можам бачыць і ў выпадку з уваскрашэньнем Ісуса Хрыста. Але толькі нешта падобнае, бо Лазар вярнуўся ў сьвет, каб праз некаторы час усё роўна памерці. Ня так жа з Ісусам, Які прайшоў сьмерць наскрозь і выйшаў у новы сьвет, у новае тварэньне, у новае жыцьцё па другі бок сьмерці, дзе сьмерці няма і дзе пачынаецца новае жыцьцё ў чыстым выглядзе і ў-ва ўсёй сваёй паўнаце. Вось што нясе ў сабе сьмерць Ісуса Хрыста. І калі ўзьняць пытаньне, што важнейшае ў сьвяткаваньні – Раство ці Пасха Ісуса Хрыста, дык асабіста аўтар гэтых радкоў лічыць, што гэта ёсьць Пасха, бо бяз Пасхі не было б і сэнсу сьвяткаваць нараджэньне Ісуса Хрыста. Пасха – першы дзень новага тыдня. Цемра зышла і ўзыйшло сонца.
Ян 20:11-18
«А Марыя стаяла звонку каля магілы, плачучы. Калі ж яна плакала, нахілілася да магілы і бачыць двух анёлаў у белым, што сядзелі адзін ля галавы і другі ля ног, дзе ляжала цела Ісуса. І яны кажуць ёй: “Жанчына! Што ты плачаш?” Яна кажа: “Забралі Госпада майго, і ня ведаю, дзе палажылі Яго”. І сказаўшы гэта, яна павярнулася назад, і бачыць, што стаць Ісус, і ня ведала, што гэта Ісус. Кажа ёй Ісус: “Жанчына! Што ты плачаш? Каго шукаеш?” Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: “Пане! Калі Ты вынес Яго, скажы мне, дзе Ты Яго палажыў, і я вазьму Яго”. Кажа ёй Ісус: “Марыя! Яна, павярнуўшыся, кажа Яму: “Раббуні!”, што значыць Настаўнік. Кажа ёй Ісус: “Не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ не ўзыйшоў да Айца Майго, а ідзі да братоў Маіх і скажы ім: “Узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і да Бога Майго і да Бога вашага”. Марыя Магдалена прыходзіць, абвяшчаючы вучням, што бачыла Госпада і што Ён сказаў ёй» (Ян 20:11-18).
Уваскрэсшы Ісус першай зьявіўся Марыі Магдалене, з якой Ён раней выгнаў сем дэманаў. І вось мы бачым, што Ян з Пятром адыйшлі да сябе, а Марыя, між тым, засталася каля магілы, плачучы. Магчыма Ян, у сваім адкрыцьці, не падзяліўся з Марыяю сваім пачуцьцем і таму яна засталася каля пустой магілы. Але, выпадкова ніхіліўшыся да магілы, яна ўбачыла двух анёлаў, якія выслухалі яе перажываньні наконт зьнікненьня Цела Ісуса. Смуткуючая Марыя не заўважыла ў сідзячых анёлаў нічога незвычайнага. Але пытаньне анёлаў і адказ Марыі – гэта пачатак размовы з уваскрослым Ісусам Хрыстом, Які зьявіўся перад ёю пасьля гэтай перамовы з анёламі. Марыя не пазнала Яго. Адкуль зьявіліся анёлы і адкуль гэты Чалавек, Які кажа: «Жанчына! Што ты плачаш? Каго шукаеш?». Марыя мае здагадку: «Гэта садоўнік, які пералажыў Цела Ісуса ў нейкае іншае месца».
Марыя памылілася, але, збольшага, гэтая здагадка мае месца для існаваньня. Мы бачым новае тварэньне і пачатак гэтаму – Ісус Хрыстос. Вось Ён – новы Адам, садоўнік, Які зьменіць хаос нашага жыцьця ў новы парадак, вырасьціўшы новыя кветкі і плады. Ён прыйшоў, каб выбраць хмызьняк грэху і каб замест іх прарастаў і квітнеў добры Божы ўраджай. Ісус кажа ёй: «Марыя!» Як добры Пастыр, Ён кліча Сваіх авечак па імені, а яны ведаюць Ягоны голас. Так і Марыя. Яна пазнала Ісуса, сказаўшы: «Раббуні! - Настаўнік». Яна ўбачыла жывога Госпада, Які быў па другі бок ад сьмерці, праз якую прайшоў Ісус Хрыстос. Ён жывы новым жыцьцём і няхай Ён пакліча многіх з нас, як паклікаў Марыю. Няхай пакліча ўсіх, хто мае патрэбу ў Ягонай любові і духоўным аздараўленьні. І каб наш зварот да Яго, стаўся той размоваю, якая патрэбная нам сёньня і назаўсёды.
Па ўсёй верагоднасьці, Марыя кінулася да Хрыста, каб ухапіцца за Ягоныя ногі, але, чамусьці, Ён не дазваляе ёй гэтага і кажа наступнае: «Ідзі да братоў Маіх і скажы ім: “Узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і да Бога Майго і Бога вашага». Гэта ёсьць новая адказнасьць, якую Ісус даручыў выканаць Марыі Магдалене. Тры асобных дабраславеньні атрымала ад Госпада гэтая жанчына: яна ўбачыла анёлаў; яна першай ўбачыла ўваскросшага Ісуса; і менавіта ёй наказаў Ён данесьці гэтую Добрую Вестку Ягоным «братам». Тую ж самую адказнасьць маюць у-ва ўсе вякі хрысьціяне – сьведчыць пра Ісуса Хрыста ўсяму сьвету: «Дык ідзіце і вучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына, і Сьвятога Духа, навучаючы іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось, Я з вамі ў-ва ўсе дні да сканчэньня веку. Амэн» (Мац 28:19-20).
Марыя з радасьцю ўспрыняла загад Ісуса Хрыста. Яна зноў зьяўляецца апосталам з апосталаў, бо першай кажа вучням Хрыста пра тое, што бачыла Госпада і што Ён наказаў ёй сказаць ім пра гэта. Яе сьведчаньне мае праўдзівую сілу і ў сёньняшні час, бо калі б хто-небудзь вырашыў скласьці гісторыю пра тое, хто першым убачыў Ісуса пасьля ўваскрасеньня, дык ў гэтай напісанай гісторыі не знайшлося б месца для жанчыны ўвогуле, а тым больш для Марыі Магдалены.
Ян 20:19-23
«А ўвечары таго першага дня пасьля суботы, калі дзьверы там, дзе сабраліся вучні Ягоныя, былі замкнёныя дзеля страху перад юдэямі, прыйшоў Ісус, і стаў пасярэдзіне, і кажа ім: “Супакой вам!” І сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок Свой. Тады ўзрадаваліся вучні, убачыўшы Госпада. Тады Ісус сказаў ім ізноў: “Супакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, і Я пасылаю вас”. І, сказаўшы гэта, дыхнуў і кажа ім: “Прыміце Духа Сьвятога. Каму адпусьціце грахі, таму будуць адпушчаны, на кім затрымаеце, на тым будуць затрыманыя”» (Ян 20:19-23).
Калі арыштоўвалі Ісуса, амаль што ўсе вучні разьбегліся, каб не падзяляць долю свайго Настаўніка. Каля Крыжа мы бачылі толькі Яна, які стаяў побач з маці Ісуса, сястрой маці Марыяй Кляопавай і Марыяй Магдаленай. Чаму не арыштавалі гэтых прыхільнікаў Ісуса Хрыста? Па-першае, жанчын не прынята было ўвогуле чапаць, а па- другое, Ян быў вельмі малады і таму ніякае пагрозы з боку Яна рымляне ня бачылі. Але іншыя вучні Ісуса хаваліся ад помсты з боку юдэяў і таму мы бачым зачыненыя дзьверы таго пакою, дзе таемна сабраліся вучні Хрыста. Дык вось, яны сабраліся, замкнуўшы дзеля страху дзьверы, але раптоўна сярод іх зьявіўся Ісус, прайшоўшы праз замкнёныя дзьверы.
Першыя словы Ісуса: «Супакой вам», адпавядалі гебрайскаму прывітаньню – «шалом». Але зараз яны несьлі ў сабе нашмат большы сэнс, бо Ісус прынёс вучням мір у нейкім іншым разуменьні: «Дык, апраўдаўшыся вераю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста» (Рым 5:1). Гэта словы апостала Паўла, але ці зразумелі ў тую хвіліну вучні прывітальнае пасланьне Ісуса? Па-першае, яны былі былі зьдзіўлены праходам Ісуса праз замкнёную дзьвер і па-другое, яны, па ўсёй верагоднасьці, разважалі пра новае і своеасаблівае Цела Хрыста. Ісус жа, каб яны паверылі, паказвае вучням працятыя рукі і бок (і чым жа яны адрозьніваюцца ад Тамаша, які паверыў толькі пасьля таго, як паглядзеў на гэтыя ж самыя раны?). Узрадаваныя вучні ўбачылі па сапраўднаму свайго Настаўніка Ісуса Хрыста. Але далей размова набывае вельмі сур’ёзны заваротак.
«Як паслаў Мяне Айцец, і Я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў і кажа ім: “Прыміце Духа Сьвятога. Каму адпусьціце грахі, таму будуць адпушчаны, на кім затрымаеце, на тым будуць затрыманыя”».
Уявім сабе прызначэньне на адказную пасаду чалавека, які ня мае пэўнага вопыту і ведаў, каб выконваць тыя абавязкі, якія на яго ўскладаюцца. Бяз значнай падтрымцы з боку кіраўніцтва гэтага прадпрыемства ў яго нічога не атрымаецца. Так сталася і з вучнямі Ісуса Хрыста. Ісус дае ім вельмі адказнае даручэньне – самае адказнае з даручэньняў, што можа быць у гэтым сьвеце. Ці былі здольныя вучні самастойна выканаць даручэньне Ісуса? Безумоўна што не. Ім не хапала духоўнай сілы, якую мог ім даць толькі Госпад. І мы бачым, як Ісус дае ім гэтую сілу: «І, сказаўшы гэта, дыхнуў і кажа ім: “Прыміце Духа Сьвятога”». Мы памятаем з кнігі Быцьця, як Бог, Сваім дыханьнем, даў жыцьцё чалавеку Адаму. Зараз жа, пасьля ўваскрасеньня, подых Ісуса азначаў новую ступень у працэсе стварэньня, таму што вучні станавіліся новым «тварэньнем»: «Бо мы - твор Ягоны, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя ўчынкі, якія Бог загадзя прыгатаваў, каб мы ў іх хадзілі» (Эф 2:10).
А зараз дазвольце выказаць пэўнае назіраньне. Чытаючы іншыя Эвангельлі і кнігу Дзеі Апосталаў, асабіста для аўтара гэтых радкоў, узьнікалі непазьбежныя пытаньні: «Як гэтыя адзінаццаць чалавек, якія хаваліся ад нянавісьці юдэяў і баяліся, як кажуць, “асабістай цені”, здолелі на дзень Пяцідзясятніцы сабраць вялікі і рознанацыянальны сход пасьлядоўнікаў Ісуса Хрыста? Як той жа Пётр сьмела выступае перад грамадою, лікам калі ста дваццаці імёнаў, яшчэ да таго, як вецер Сьвятога Духа напоўніў сэрцы людзей, якія сабраліся разам на дзень Пяцідзясятніцы?» Эвангельле паводле Яна і дае адказы гэтыя пытаньні. Разьдзел 20 вельмі дакладна кажа, што дзесяць апосталаў (пры адсутнасьці Тамаша, але з магчымай прысутнасьцю некаторых іншых людзей), атрымаўшы непасрэдна ад Ісуса Сьвятога Духа, адразу ж пачалі зьдзяйсьняць даручэньне Госпада: «Як паслаў Мяне Айцец, і Я пасылаю вас».
Вынікі гэтага служэньня мы ўжо бачым на дзень Пяцідзясятніцы, калі прыняўшыя Духа Сьвятога ахрысьцілі на вуліцах Ерусаліма каля трох тысячаў чалавек. Зьдзяйсьняліся словы і даручэньне Ісуса: «Каму адпусьціце грахі, таму будуць адпушчаны, на кім затрымаеце, на тым будуць затрыманыя». Прабачэньне грахоў – гэта галоўнае дабраславеньне дадзенае людзям, дзякуючы сьмерці Ісуса Хрыста. Гэта ёсьць сутнасьцю Новага Запавета. З кнігі Дзеі Апосталаў мы бачым, што прабачэньне грахоў ня толькі спадарожнічала пропаведзі апосталаў, але і была непарыўнай часткаю гэтай пропаведзі. Прывілей адпускаць грахі, на ўмовах веры ў збаўленьне ў Ісусе, Хрыстос даў Сваёй Царкве і кожнаму хрысьціяніну, які аддаў сваё сэрца Госпаду. Такі чалавек мае права ад імя Ісуса Хрыста абвесьціць грэшніку пра прабачэньне грахоў. І наадварот, калі чалавек не прымае ахвяру Ісуса Хрыста – абвесьціць таму, што ягоныя грахі на ім і застануцца.
Ян 20:24-31
«А Тамаш, адзін з дванаццаці, называны Блізьнюк, ня быў з імі, калі прыходзіў Ісус. Іншыя вучні тады сказалі яму: “Мы бачылі Госпада” А ён сказаў ім: “Калі ня ўбачу на руках Ягоных ранаў ад цьвікоў і не ўткну пальца майго ў раны ад цьвікоў, і не ўлажу рукі маёй у бок Ягоны, не паверу”. І праз восем дзён ізноў былі ў доме вучні Ягоныя, і Тамаш з імі. Прыходзіць Ісус пры замкнёных дзьвярах, і стаў пасярэдзіне, і сказаў: “Супакой вам!” Потым кажа да Тамаша: “Дай сюды палец твой і паглядзі рукі Мае; дай руку тваю і ўткні ў бок Мой; і ня будзь няверным, але верным”. І адказаў Тамаш, і сказаў Яму: “Госпад мой і Бог мой!” Кажа яму Ісус: “Ты паверыў Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчасьлівыя тыя, якія ня бачылі і паверылі”. Тады шмат іншых знакаў учыніў Ісус перад вучнямі Сваімі, пра якія не напісана ў гэтай кнізе. А гэта напісана, каб вы паверылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і каб, веруючы, мелі жыцьцё ў імя Яго» (ян 20:24-31).
Эвангельле паводле Яна, ад пачатку, паказвае нам разьвіцьцё нявер’я сярод юдэяў і якое выліваецца ва ўкрыжаваньне Ісуса Хрыста. Але мы бачым і адваротнае – узрастаньне ў веры вучняў Хрыста. Ян паказвае гэта на вельмі адметным прыкладзе з Тамашам. Мы ўжо бачылі, раней, самога Яна, які, прыбегшы разам з Пятром да магілы, паверыў, калі ўбачыў пустую магільную прасьціну Ісуса. Мы бачылі і іншых вучняў, якія паверылі пасьля таго, як Ісус, прышоўшы да іх праз замкнёныя дзьверы, паказаў ім Свае раны. І вось, кульмінацыя ад Яна – вера Тамаша.
Гэта ён, адказны і пануры Тамаш, прапанаваў аднойчы пайсьці за Ісусам і памерці разам з Ім: «Тады Тамаш, называны Блізьнюк, сказаў таварышам-вучням: “Пойдзем і мы, каб памерці з Ім”» (Ян 11:16). Нагадаем, што гэта той эпізод, калі Ісус узнамерыўся вярнуцца ў небясьпечную Юдэю, каб ажывіць Лазара. І вось Тамаш не паверыў радасным і ўзбуджаным вучням, што яны бачылі Госпада. Далейшае мы бачым з тэкста, але галоўнае ў гэтым адказ, які больш падобны на зварот да Ісуса: «Госпад мой і Бог мой». Адказ Тамаша ўяўляецца самым моцным па сваёй эмацыйнасьці ва ўсім Эвангельлі паводле Яна.
Што адчуваў Тамаш у размове з Ісусам? Па-першае – гэта разгубленасьць. Што за чалавек перад ім, а можа гэта ўжо і не чалавек? Але вось яны, раны ад цьвікоў і дзіды. Раны, у якія можна нават укласьці і пальцы. Не, не – гэта не прывід, гэта сапраўдны Ісус і ў тым Целе, якое вызвалілася ад магільнай прасьціны. Ён пакінуў ззаду Сябе сьмерць, магілу, прасьціну і хустку з галавы. Але гэта яшчэ ня ўсё. Ён зьяўляецца і зьнікае, як быццам бы прыналежыць і да гэтага сьвету, і да іншага, які ў некаторых кропках перасякаецца з нашым. Не, сумненьні прэч і гэта на самой справе Госпад мой.
Ісус мякка папракае Тамаша за ягонае папярэдняе нявер’е, калі кажа: «Ты паверыў Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчасьлівыя тыя, якія ня бачылі і паверылі». Але, з іншага боку – гэта ня столькі папрок да Тамаша, колькі заахвочваньне і дабраславеньне для ўсіх тых, хто прыйдзе да Ісуса, ня бачачы Яго. Мы ўсе дабраславёныя, таму што, ня бачачы ўваскросшага Госпада, усё ж паверылі ў Яго.
Ян завяршае гэты разьдзел Эвангельля вершамі (30-31), якія тлумачаць мэту напісаньня Янам усёй кнігі. Ён кажа, што Ісус ўчыніў яшчэ шмат знакаў перад Сваімі вучнямі і якія не апісаныя ў гэтай кнізе. Чаму? Таму што людзі павінны ведаць, што гэта было і таму разважаць пра гэта. Мы ведаем, што ўсе чатыры Эвангельлі даюць нам зьвесткі пра 35 цудаў ад Ісуса. Сам жа Ян паказвае нам толькі 7 з іх, як повад для глыбокага разважаньня, каб людзі ўбачылі і паверылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы. Галоўнае – гэта верыць у Ісуса і праз гэтую веру знайсьці новае жыцьцё ў імя Яго. «У Ім жыцьцё было, і жыцьцё было сьвятлом для людзей» (Ян 1:4) - і праз Ісуса Хрыста гэтае жыцьцё можа быць у табе і ў-ва мне.
Свидетельство о публикации №226033101957