Иоанн 21 1-25

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЯНА


Ян 21:1-25

Нарэшце мы прыступаем да разгляданьня эпілогу гэтага цудоўнага Эвангельля. Якія ж асноўныя мэты гэтага апошняга разьдзелу кнігі? На наш погляд іх дзьве. Па-першае – паказаць, як Ісус «аднавіў» Пятра і па-другое – выправіць суръёзную памылку ва ўяўленьнях пра другое прышэсьце Ісуса Хрыста. Акрамя таго мы можам даведацца і пра асобу аўтара гэтага Эвангельля. Дык вось.


Ян 21:1-8
«Пасля гэтага ізноў зьявіўся Ісус вучням Сваім ля мора Тыберыядзкага. Зьявіўся Ён вось як: былі разам Сымон Пётр і Тамаш, называны Блізьнюк, і Натанаэль з Каны Галілейскай, і сыны Зэбэдэявы, і двое другіх з вучняў Ягоных. Кажа ім Сымон Пётр: “Іду лавіць рыбу” Кажуць яму: “Пойдзем і мы з табою”. Яны выйшлі і адразу ўвайшлі ў човен, і не злавілі ў тую ноч нічога. Калі ўжо настала раніца, Ісус стаў на беразе, але вучні не пазналі, што гэта Ісус. Кажа ім Ісус: “Дзеці! Ці маеце што ядомае?” Яны адказалі Яму: “Не”. Ён жа сказаў ім: “Закіньце нерат на правы бок чаўна і зловіце”. Тады яны закінулі, і ўжо не маглі яго выцягнуць дзеля мноства рыбы. Тады той вучань, якога любіў Ісус, кажа Пятру: “Гэта Госпад”. Сымон жа Пётр, пачуўшы, што гэта Госпад, падперазаўся кашуляю, бо быў голы і кінуўся ў мора. А іншыя вучні прыплылі ў чаўне, бо не былі далёка ад зямлі, локцяў каля двухсот, цягнучы нерат з рыбаю» (Ян 21:1-8).

Мы зноў вяртаемся да таго месца, дзе, па сутнасьці, і пачалося служэньне Ісуса Хрыста, пасьля Янавага хросту. Мы вяртаемся да Тыберыядзкага (Галілейскага) мора, дзе, каля, ці паблізу яго, Ісус сустрэў Сваіх першых апосталаў. Браты Андрэй і Сымон Пётр, Натанаэль, Філіп, а таксама сыны Зэбэдэевы Ян і Якуб, у ліку шасьці чалавек, першымі адгукнуліся на заклік Ісуса Хрыста. Зараз жа, ля мора Тыберыядзкага, мы бачым ужо сем апосталаў, бо сярод іх прысутнічае яшчэ і Тамаш, называны Блізьнюк. Хто ж былі гэтыя неназваныя два другіх вучня? Логіка падказвае нам, што гэта былі Андрэй і Філіп. Але гэта толькі нашая здагадка, бо сапраўдны адказ на гэтае пытаньне ведае толькі аўтар гэтага Эвангельля, дзеючыя асобы гэтай гісторыі і, безумоўна, Сам Бог.

Чаму вучні Ісуса, разам з Пятром, выправіліся ў мора, каб налавіць рыбы? Выпадковасьць ці жыцьцёвы разьлік у сэнсе матэрыяльным? Выпадковасьць? Не, бо гэта ня ёсьць Божай катэгорыяй. Жаданьне матэрыяльна падтрымаць сябе і свае сем’і? Найбольш верагодна, але тут сутыкаецца чалавечая прырода з Божым дзеяньнем і гэта азначае, што Бог запланаваў іхнюю рыбалку. Так, Пётр вырашыў (як, дарэчы, і ўсе прысутныя тут вучні), што трэба неяк жыць і неяк зарабляць на гэтае жыцьцё. А як зарабляць? Звыклаю справай, што безумоўна віталася сям’ёю Пятра (ды і ня толькі). Галілейскае мора – знаёмы для гэтых людзей сьвет, бо менавіта яно заўсёды прыносіла ім здабытак. І вось, усе разам, яны выйшлі ноччу ў мора, каб налавіць рыбы. Пётр добра ведаў, дзе, лепш за ўсё, можна закінуць нерат. Але. Яны працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі. Страціўшы ўсякую надзею нешта злавіць, яны паплылі да берега, бо добра ведалі правіла гэтага мора – калі нічога не злавіў ноччу, на дзённую рыбалку разьлічваць не прыходзілася.

Калі б мы былі там ці ўявілі гэта, дык убачылі б, як занімаецца сьвітанак і тых расчарованых рыбакоў, якія кіруюць да берагу. І тут, як кажа Ян, на беразе перад імі стаіць Ісус, але, як і Марыя Магдалена, яны, ад пачатку, не пазналі яго. Можа ранішняя смуга, можа яшчэ што перашкодзіла ім, але вось, яны пачулі голас гэтага Чалавека: «Дзеці! Ці ёсьць што ядомае?» Мы разумеем, што Ісус, стаяўшы на беразе, ведаў адказ, як і тое, што яны нічога не злавілі. І вось, яшчэ адзін цуд Ісуса, які Ён агучыў пасьля гэтых словаў: «Закіньце нерат на правы бок чаўна і зловіце». Мы бачым і вынік гэтага цуду: «Тады яны закінулі, і ўжо не маглі яго выцягнуць дзеля мноства рыбы».

Склаўшы ў адзінае голас з берагу і нечакана напоўнены нерат, Ян першым пазнае Ісуса і таму кажа Пятру: «Гэта Госпад». Рэакцыя Пятра, як заўсёды, вельмі хуткая. Ён, кінуўшы човен, адразу ж паплыў на бераг, каб сустрэць Госпада. Але чаму, ўсё ж так раптоўна, шасьцёра вучняў (у тым ліку і Тамаш, які нідзе ня вызначыўся ў якасьці рыбака) вырашыліся скласьці кампанію Пятру ў гэтым рыбацкім мерапрыемстве? Мы ня будзем казаць пра тое, што зусім не выпадкова Ісус зьявіўся на тым беразе і ў тым месцы, дзе павінен быў прычаліць човен Пятра. І з гэтага зразумела, што зусім ня проста так Ян распавядае нам пра гэта, як і тое, што Пётр, які паплыў насустрач Госпаду, мае вельмі важнае значэньне.

У папярэднім разьдзеле свайго Эвангельля, Ян кажа пра вельмі сур’ёзнае даручэньне Ісуса да Сваіх вучняў. З гэтага дня ім належала працаваць усім сваім жыцьцём на Яго. Ён даў ім дзеля гэтага Духа Сьвятога і калі яны паспрабуюць дзейнічаць на свой асабісты чалавечы лад, іх чакае няўдача. І вось, навочны прыклад – яны працавалі ўсю ноч, але з нулявым вынікам. А вынік такі, што вучням трэба прызнаць асабістую недастатковасьць, прыслухацца да Ісуса Хрыста і дзейнічаць так, як Ён гэтага хоча для ўсіх нас. І, калі будзе так, дык чаго мы толькі не дасягнем. Мы павінны пераносіць гэты прыклад і на сябе, бо мы – тыя ж самыя вучні Ісуса ў чаўне Пятра. Магчыма і мы чым-небудзь займаемся ці працуем над нечым, а мэта нашае працы не набліжаецца. Ня будзем адчайвацца, бо настане ранак і на ўмоўным беразе мы ўбачым знаёмую постаць. Гэта Ён – наш Ісус. Паслухаемся Яго і будзе наш нерат поўным. Будзем рабіць, як кажа Ён і ўсё ў нашым жыцьці складзецца правільна. І ўсё будзе добра.


Ян 21:9-14
«Калі ж выйшлі на зямлю, бачаць раскладзены агонь і рыбу, што ляжала на ім, і хлеб. Кажа ім Ісус: “Прынясіце з тае рыбы, якую вы цяпер злавілі”. Сымон Пётр пайшоў і выцягнуў на зямлю нерат, поўны вялікіх рыбаў, якіх было сто пяцьдзясят тры, і пры колькасьці нерат не падраўся. Кажа ім Ісус: “Ідзіце, абедайце”. З вучняў жа ніхто не адважыўся даведвацца ў Яго: “Хто Ты?”, бо ведалі, што гэта Госпад. Прыходзіць тады Ісус, і бярэ хлеб, і дае ім; таксама і рыбу. Гэта ўжо трэці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім пасьля ўваскрасеньня з мёртвых» (Ян 21:9-14).

«Раскладзены агонь» - магчыма што гэта ёсьць ключавое слова гэтага разьдзелу аповяду Яна. Пётр, які памятаў і, безумоўна, будзе памятаць пра гэта ўсё сваё жыцьцё, той самы раскладзены агонь на двары Каяфы, каля якога ён тройчы адрокся ад Ісуса Хрыста. Адрачэньне Пятра зьдзейсьнілася каля вогнішча Каяфы і вось, канчатковае пакаяньне і прымірэньне з Хрыстом зьдзяйсьняецца каля вогнішча Госпада Ісуса Хрыста. Калі яны былі яшчэ ў моры, Ісус запытаў іх пра тое, ці ёсьць у іх што паесьці. Для Сябе запытаў? Не, але для іх, няўдачлівых, без Яго, вучняў. І вось мы бачым, як тыя, якія казалі, што ў іх няма нічога ядомага, убачылі прыгатаваную для іх на агні рыбу і каля яго хлеб.

І вось, яшчэ адна дзіўная рэч. Ісус просіць прынясьці рыбы з таго цуднага ўлову. Мы бачым, што Пётр бяжыць да нерату і выцягвае яго на бераг, каб даць тое, што просіць Ісус. Заўважым, што шэсьць даросрослых мужчынаў ледзь трымалі гэты нерат, а Пётр адзін выцягнуў яго, каб прынесьці рыбы Ісусу. 153 рыбіны былі злоўлены нератам. Буйных рыбінаў, а гэта азначае, як мінімум, па кілаграму на адзінку. І тут мы можам уявіць, як адзін Пётар выцягвае на бераг як мінімум 1500 кілаграмаў рыбінаў, якія, дарэчы, яшчэ ня толькі супраціўляюцца, але іх трэба валачы і па зямлі. Асілак, ды і толькі. Так, асілак, але толькі з Ісусам. І гэтае пасланьне да ўсіх нас, бо калі толькі мы будзем слухацца Ісуса Хрыста, дык будзем такімі ж моцнымі, як Пётр, нягледзячы на нашыя відавочныя слабасьці. Бо нашая сіла ў Ісусе Хрысьце.

А далей, каля вогнішча, стаецца дзіўная размова паміж Ісусам і Пятром. Ісус смажыць прынесеную Пятром рыбу на агні для Сваіх вучняў. Заўважым , што Ён, як і раней, працягвае ім служыць. Самая ж ежа, асабіста Яму не патрэбна (хаця мы ня ведаем сапраўдныя патрэбы Ягонага адноўленага Цела), але Ён вельмі клапоціцца пра Сваіх вучняў, каб яны ня мелі клопату ў гэтых справах. Ён клапоціцца, але чаму яны паводзяць сябе так, калі яны ўбачылі ўваскросшага Хрыста і пабаяліся запытацца хто Ён? Адказ на гэтае наступны. Таму мы і чытаем гэтыя радкі, каб пачаць разважаць. Але зараз да галоўнага. Да размовы Ісуса і Пятра.


Ян 21:15-19
«Калі ж яны абедалі, Ісус кажа Сымону Пятру: “Сымон Ёнін, ці любіш ты Мяне больш, чым гэтыя?” Той кажа Яму: “Так Госпадзе! Ты ведаеш, што я сябрую з Табою”. Ён кажа яму: “Пасьві ягняткі Мае”. Зноў кажа яму другі раз: “Сымон Ёнін, ці любіш ты Мяне?” Той кажа Яму: “Так Госпадзе! Ты ведаеш, што я сябрую з Табою”. Ён кажа яму: “Пасьві ягняткі Мае”. Кажа яму трэці раз: “Сымон Ёнін, ці сябруеш ты са Мною?” Засмуціўся Пётр, што трэці раз спытаўся ў яго: “Ці сябруеш ты са Мною?, і сказаў Яму: “ Госпадзе! Ты ведаеш, што я сябрую з Табою!” Кажа яму Ісус: “Пасьві авечкі Мае”. Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў малады, дык падпаясваўся сам і хадзіў, куды хацеў, а як састарэеш, выцягнеш рукі твае, і другі цябе падпаяша і павядзе, куды ня хочаш. А гэта Ён сказаў, даючы знак, якою сьмерцяю той праславіць Бога. І, сказаўшы гэтае, кажа яму: “Ідзі за Мною”» (Ян 21:15-19).

Гэтая размова Ісуса і Пятра – найбольш моцная з усіх размоваў Новага Запавета. І самае адметнае з гэтае размовы тое, што Ісус дае Пятру новую (не рыбацкую) працу: «Пасьві авечкі Мае». Тры пытаньньні Ісуса, як тры адрачэньні Пятра ў тую памятную ноч. Пах вогнішча ільне да гэтае размовы. Яны, як быццам, вяртаюцца ў тую ноч выпрабаваньняў для іх абоіх – Пятра і Ісуса. Фізічныя пакуты Ісуса зараз канчаткова здымаюць духоўныя пакуты Пятра, бо Ісус – гэта пасхальнае Ягня, Які ўзяў на Сябе грахі сьвету. І грэх Пятра, і ваш грэх, а таксама і мой.

Як, менавіта, будзе выдалены гэты грэх, залежыць ад канкрэтнага чалавека і ягонага канкрэтнага жыцьця. Нельга ўяўляць сабе, што Бог Сваім дэкрэтам (крыжовай сьмерцю Хрыста) сатрэ з дошкі жыцьця наш пазыковы запіс – запіс нашых грахоў. Нейкі юрыдычны падыход, але гэта так і ня так. Афіцыйна супраць нас няма ніякай юрыдычнай справы. Але. Ці не застаюцца ў нашай памяці нашыя нядобрыя дзеі, няўдачы і душэўныя раны? Калі ў нашым кампутэры зьяўляецца нейкі вірус, мы яго лечым, не прад’яўляючы да яго ніякіх прэтэнзіяў. Так і з намі. Ісус лечыць нас Сваёю сьмерцю і Сваім уваскрасеньнем, калі толькі мы прымаем гэта адказна і сьвядома, як самыя добрыя лекі для духоўнага (і ня толькі) аздараўленьня цябе і мяне. Але вернемся да размовы Ісуса з Пятром, дзеля якой Ён і прыйшоў сюды.

Ня так даўно, сідзячы каля агню, Пётр тройчы адрокся ад Ісуса. Зараз жа Ісус аднаўляе яго, як апостала. Заўважым, пры гэтым, што Ісус , зьвяртаючыся да Пятра, кажа яму: «Сымон Ёнін». Ці не нагадвае гэты зварот да першае сустрэчы Ісуса з Пятром? І воь Ісус зьвяртаецца да яго з пытаньнем: «Ці любіш ты Мяне больш, чым гэтыя?» Пад словам «гэтыя» Ісус, безумоўна, меў на ўвазе іншых Сваіх вучняў. І гэта не правакацыя да Пятра, але вось тое, што казаў перад той вызначальнай ноччу Пётр да Ісуса перад усімі вучнямі Хрыста: «Госпадзе! З Табою я гатовы ісьці і ў вязьніцу, і на сьмерць!» Высокая заява, а які вынік? Ніякі. Але і ніякае слова, як бы высока не стаяў чалавек, для Ісуса не бывае ніякім і таму Ісус вяртае Пятра да таго прызначэньня, да якога Ён яго і прызначыў: «Пасьві ягняткі Мае». Як бы высока не стаяў чалавек, ён няік і ніколі не застрахаваны ад падзеньня: «Так што, хто думае, што стаіць, няхай сьцеражэцца, каб ня ўпасьці» (1 Кар 10:12). Гэта словы апостала Паўла, які папярэджвае ўсіх нас, што пагібель чакае ўсіх нас, але толькі ў Ісусе Хрысьце нашае збаўленьне. Пётр жа, атрымаўшы горкі ўрок, ужо ня кажа пра сваю адданасьць, але ягоныя словы да Хрыста - гэта ягонае сапраўднае пакаяньне. Ісус заўсёды кажа нам пра нас.

Ісус кажа Пятру: «Другі цябе падпаяша і павядзе, куды ня хочаш». Так, мы ведаем як пайшой з гэтага жыцьця ў вечнасьць Пётр. Але Пётр – гэта мы, якія таксама маем патрэбу ў добрых словах Хрыста, Які падтрымае нас у-ва ўсіх нашых жыцьцёвых непрыемнасьцях. Слава Яму ва вякі вякоў. Але гэта яшчэ ня ўсё.


Ян 21:20-25
«Павярнуўшыся, Пётр бачыць, што ідзе за ім вучань, якога любіў Ісус і які на вячэры ўзьлёг ля грудзей Ягоных, і сказаў: “Госпадзе! Хто той, які выдасьць Цябе? Убачыўшыц яго, Пётр кажа Ісусу: “Госпадзе! А ён што? Кажа яму Ісус: “Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе? Ты ідзі за Мною! Тады прайшло слова гэтае між братоў, што вучань той не памрэ, але: “Калі Я хачу, каб Ён застаўся, пакуль прыйду, што табе?” Гэты вучань і сьведчыць пра гэтае, і напісаў гэта. І мы ведаем, што праўдзівае сьведчаньне ягонае. Ёсьць таксама шмат іншага, што ўчыніў Ісус, але, каб напісаць гэта асобна, дык, я мяркую, і самому сьвету не зьмясьціць бы напісаных кнігаў. Амэн. »

Пад час заключнай часткі Эвангельля паводле Яна, мы бачым, акрамя Ісуса, толькі дзьвух чалавекаў. Давайце разам падумаем пра тое, хто гэта. А гэта, між тым, Пётр і Ян. Адзін вельмі дарослы, маючы сваю сям’ю, а другі – гэта зусім яшчэ юнак, але, які мае даручэньне ад Хрыста захаваць Ягоную маці і захавацца самому. Чаму? Каб выканаць тое служэньне, якое было даручана яму Ісусам Хрыстом на Крыжы. І вось Пётр, які атрымаў будучае служэньне ад Ісуса. Але яму гэтага мала і ён цікавіцца ў Хрыста будучыняй і таго, якога Ісус любіў і які сядзеў у непасрэднай блізкасьці ад Настаўніка пад час апошняй іхняй сумеснай вячэры, калі Пётр запытваўся ў Яна наконт здрадніка адносна Ісуса. Усё гэта так, але мы чытаем Эвангельле, дзе Ян аддае першынства таму, хто на самой справе мае права на гэтае месца ад Ісуса Хрыста. Але мы павінны да гэтага дадаць, што такое ж права быць першымі каля Хрыста маюць усе Ягоныя прыхільнік ва ўсе вякі. Таму Ян і кажа : «Пётр – гэта першы апостал», нягледзячы на ягоныя сёняшнія, а нават і заўтрашнія памылкі» Не чалавек вырашае, але Бог. Так было і так будзе заўсёды. Так думаем мы зараз, а як думалі яны ў тых умовах, у якіх яны апынуліся? Падаецца ўсё ж, што Пятру і Яну, на той момант, прыдзецца засвоіць на будучае, што Бог не памыляецца, калі вызначае Сваіх выканаўцаў (і гэта тычыцца кожнага з нас). Пётр і Ян - Ягоныя выканаўцы, а як Ён іх выкарыстае, і ў якой пасьлядоўнасьці, ці гэта галоўнае?

А зараз пра лёсы Пятра, Яна ды і нашыя з вамі. Пра лёс Пятра Ісус выказаўся бясспрэчна: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў малады, дык падпаясваўся сам і хадзіў куды хацеў; а як састарэеш, выцягнеш рукі твае, і другі цябе падпаяша і павядзе, куды ня хочацца». І мы ведаем пра тое, як скончыўся жыцьцёвы час Пятра. Менавіта так , як і казаў Ісус. А як з Янам? Нічога канкрэтнага пра лёс Яна Ісус не казаў. Але, ці ня ведаў Ён яго? Вядома што ведаў, як ведае Ён лёс кожнага з нас, бо хто з Ім, той лёс з Ім і знаходзіцца. Ісус абвяшчае словы, у якія закладзены сэнс на ўсе астатнія вякі.

Цяпер жа пра астатнія вершы гэтае кнігі. Янам ці ягоным адданым сябрам (калі так, дык хутчэй за ўсё пад дыктоўку) былі напісаныя гэтыя радкі – гэта ня так ужо і важна. Але важна тое, што Ян абвяшчае мэту напісаньня гэтага твору. Людзі павінны багаслоўскі разважаць над дзеямі і словамі Ісуса і гэтым самым спасьцігаць Яго. На жаль, у наш час, большасьць з людзей нават і не жадаюць задумвацца над тым, што зьявіў гэтаму сьвету Ісус. Некаторыя, наогул, адмаўляюць напісанае, а ёсьць і такія, хто намагаецца знайсьці ва ўсім гэтым сваё, чалавечае, тлумачэньне. Але, калі мы вернемся ў час зямнога жыцьця і дзейнасьці Ісуса, дык ігнараваці ці адмаўляць тое, што рабіў Ісус было немагчыма. Нават першасьвятары і фарысэі гэтага не рабілі. Шмат і іншых цудаў стварыў Ісус перад вучнямі, але гэта не было мэтаю пералічыць іх у гэтай кнізе. Як і ў астатніх Эвангельлях. Наогул жа мы ведаем пра 35 цудаў ад Ісуса Хрыста. Сам жа Ян выбраў толькі сем з іх – як нагоду да глыбокага разважаньня і з тае мэтаю, каб разважаючыя паверылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы.


Рецензии