Книга Бытия. Четыре события

КНІГА БЫЦЬЦЯ

ЧАТЫРЫ ПАДЗЕІ



«А зямля была нябачная і пустая і цемра над
безданьню, і Дух Божы лунаў над вадою» (Быц 1:2).

Кніга Быцьця - гэта кніга, якая паказвае пачатак ці паходжаньне ўсяго, што мы бачым, ці адчуваем у сабе і вакол сябе. Паходжаньне сьвету, чалавека і сям’і, грэху і сьмерці, народаў, якія насялілі зямлю, гебрайскай нацыі, як выбранага Богам народа - усё даецца і разглядаецца ў гэтай кнізе. Вытокі збаўленьня, як плана Божага, выцякаюць з гэтай цудоўнай кнігі, якую даў нам Бог праз прарока Свайго Майсея, каб мы ведалі з чаго ўсё пачалося, як мы апынуліся там, дзе мы ёсьць і як атрымаць надзею на вяртаньне да Айца і Творцы.

Сэнс Кнігі Быцьця ў тым, каб даць чалавеку разуменьне праўды Божай пра пачатак разьвіцьця чалавецтва ад стварэньня сьвету да стварэньня народа Божага, праз якога і павінен быў прыйсьці да нас Мэсія і Збаўца - Ісус Хрыстос. Кніга Быцьця зьмястуе для нас чатыры асноўныя падзеі ў гісторыі чалавецтва, бо менавіта гэтыя падзеі вызначылі далейшае разьвіцьцё розных народаў і па сёняшні дзень.


ПАДЗЕЯ ПЕРШАЯ – СТВАРЭНЬНЕ СЬВЕТУ.

Пісаньне дае нам гэтыя зьвесткі ў першым і другім разьдзелах Бібліі, якія простай моваю распавядаюць пра працэс стварэньня. Пісаньне кажа нам пра тое, што сусьвет узьнік не выпадкова, а ў адпаведнасьці з Божым планам, які вызначае ў сваю чаргу чатыры асноўныя разьдзелы Божае праўды.


• Бог стварыў сусьвет з нічога.

«На пачатку стварыў Бог неба і зямлю» (Быц 1:1).
На пачатку Пісаньня Сьвяты Дух праз Майсея адкрывае нам Бога ў паўнаце Ягонага быцьця. Заўважым, што мы адразу сустракаемся з Богам. Праз адкрыцьцё Бога, мы чуем, як Ягоны голас працінае цішыню сусьвету, як Ягонае сьвятло пранікае ў першабытную цемру, як Ён стварае з адзінаю мэтай зьявіць Сваю ўсеўладнасьць і найвялікшую магутнасьць. Ён адкрывае Сябе праз Свае стварэньні: «Нябёсы прапаведуюць славу Божую, і пра дзею рук Ягоных абвяшчае цьвердзь» (Пс 18:2).

Каб вызначыць час працягу тварэньня, Пісаньне выкарыстоўвае гебрайскае слова «берэшыт», якое перакладаецца як «на пачатку». У кантэксьце першага разьдзелу кнігі Быцьця яно вызначае тое, што стварэньне пачалося на пачатку часу. Калі, ў момант часу, азначаным як «пачатак», Бог ужо існуе, дык Ягонае быцьцё знаходзіцца па-за часам і не было часу, калі б Ён не існаваў. Стварэньне дня і ночы, сьвятла і цемры, а таксама адліку дзён стварэньня - усё гэта сьведчыць толькі пра зьяўленьне часу, таго часу, які ведаем мы, бо Пісаньне праз апостала Пятра кажа нам пра іншы, невядомы нам час: «Прадвызначанага яшчэ да стварэньня сьвету, але зьяўленага ў апошнія часы дзеля вас» (1 Пят 1:20). Калі мы кажам: «Яшчэ да стварэньня сьвету», дык гэта можа азначаць толькі тое, што нейкія падзеі адбываліся ў часе, які мы зразумець ня можам.

Гебраі верылі, што ў пачатковы момант часу Бог стварыў нябёсы і зямлю з нічога. Бог стварае неба і зямлю без якіх-небудзь матэр’ялаў, бо Ён самадастатковы і Яму не патрэбна энэргія звонку, бо Ён мае крыніцу жыцьця ў Сабе. Яму не патрабуецца дапамога кагосьці мудрага, бо мудрасьць Яго бясконцая. Такім чынам, пра самадастатковасьць Бога сьведчыць Пісаньне ў сваім першым разьдзеле.

«Неба і зямлю». У гебраяў не было асобнага слова для азначэньня сусьвету і выраз «неба і зямля» - гэта той мерызм, дзе гэтыя процілегласьці азначалі ў сабе ўсё. І гэта азначае тое, што Бог, ствараючы неба і зямлю, такім чынам сфармаваў увесь сусьвет.


• Бог стварыў усё Сваім Словам.

«І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло» (Быц 1:3).
Бог зьнішчыў цемру над безданьню трымя словамі. Ён сказаў - і фізічная зьява ўзьнікла па слову Бога. Але што гэта за сьвятло, калі пакуль яшчэ няма сонца? Новы Запавет кажа пра тое, што гэтае сьвятло, ёсьць адлюстраваньне Божай прысутнасьці - прысутнасьці ў Ісусе Хрысьце: «І ночы ня будзе там, і ня будуць мець патрэбы ў сьветачы і ў сьвятле сонца, бо Госпад Бог асьвятляе іх» (Адк 22:5).

Калі мы чытаем, як Бог стварае ўсё існае, дык павінны заўважыць і тое, што Бог спачатку кажа, каб нешта зьявілася і толькі потым стварае гэта. Мы бачым зьдзяйсьненьне Божага плану, які дасканалы і прадуманы Богам. Словам Сваім Ён стварае сьвет. І план Божы абавязкова зьдзейсьніцца, бо Ён выконвае яго Сваёю сілай, якая ня мае межаў і вымярэньня. Усё, пра што Бог сказаў: «Хай будзе», абавязкова будзе, як адбылося кожнае Ягонае стварэньне. І ўсё гэта будзе «добра вельмі».

• Бог стварыў усё добра.

«І ўбачыў Бог усё, што Ён стварыў, і вось, добра вельмі» (Быц 1:31).

Амаль што кожны дзень Бог кажа пра Сваё стварэньне «добра». Выключэньне з гэтага прыпадае толькі на другі дзень, але гэта не гаворыць пра тое, што штосьці было створана ня вельмі добра. Зусім не, бо калі мы палічым колькасьць слоў «добра», дык можам азначыць той факт, што агульная колькасьць слоў «добра» раўняецца сямі. Магчыма таму другі дзень стварэньня і не адрымаў гэтай цудоўнай адзнакі. І вось, семае «добра» на прыканцы шостага дня тварэньня атрымлівае яшчэ больш узмоцненае значэньне. Бог кажа: «добра вельмі» і гэта значыць, што ўсё створанае Ім, адпавядае Божаму замыслу. Усё атрымалася так, як гэтага пажадаў Бог.

• Бог стварыў чалавека.

«І сказаў Бог: створым чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага; і хай валадараць яны над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над быдлам, і над усёю зямлёю, і над усімі гадамі, што поўзаюць на зямлі» (Быц 1:26).

Тут ня маецца на ўвазе цела чалавека. Бог ёсьць Дух і ў Яго няма цела і гэта азначае, што чалавек быў створаны як духоўная істота, здольная мець зносіны з Богам. І таму, чалавеку была дадзена ўлада над Божымі стварэньнямі.

Чалавек быў створаны на падабенства Божае і гэта азначае тое, што ён павінен быў выконваць вельмі важную ролю ў жыцьці створанага сьвету. Ён павінен быў глядзець на Бога і рабіць даручанае яму так, як гэта рабіў Бог. Бог утаймаваў і падпарадкаваў хаос. Ён стварыў упарадкаваны сьвет і кіруе ім. Чалавек жа падпарадкоўвае сабе Божыя стварэньні і таксама кіруе імі. Дзьвюмя спосабамі. Па-першае, ён даглядае і абрабляе створаны Богам сад: «І ўзяў Бог чалавека, якога стварыў, і пасяліў яго ў садзе Эдэмскім, каб урабляць і захоўваць яго» (Быц 2:15). І па-другое, ён дае імёны Божым стварэньням: «Госпад Бог утварыў з зямлі ўсіх жывёл польных і ўсіх птушак нябесных, і прывёў іх да чалавека, каб бачыць, як ён іх назаве, і каб, як назаве чалавека кожную душу жывую, так і было імя ёй» (Быц 2:19). Такім чынам, чалавек, завалодаўшы сьветам і пачаўшы кіраваць ім, таксама пачаў ствараць інтэлектуальна, як рабіў гэта Бог на пачатку.

У апошнія тры дні стварэньня, Бог напоўніў нябёсы воінствам Сваім, а зямлю - жыцьцём. Адам павінен быў па прыкладу Бога напоўніць зямлю людзьмі праз нараджэньне. Гэта павінны былі зрабіць Адам і Ева разам - яны павінны былі напаўняць зямлю носьбітамі свайго вобразу. Акрамя гэтага, яны павінны былі працаваць, каб напаўняць зямлю вынікамі сваёй працы. Вось галоўны сэнс таго, што чалавек зьяўляецца вобразам Божым.

Стварэньне сьвету за сем дзён згрупавала дні на тыдні і з тых часоў кожны тыдзень дае нам напамін пра тое, што сьвет мае пачатак, што сьвет створаны Богам, што Бог стварыў сьвет за сем дзён і што семы дзень асобны, бо гэта дзень адпачынку: «А дзень сёмы, субота, Госпаду Твайму: не рабі ніякае працы, ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні раб твой, ні рабыня твая, ні вол твой, ні асёл твой, ні ўсякае быдла тваё, ні прыхадзень твой, які ў цябе, каб адпачыў раб твой і рабыня твая, як і ты» (2 Зак 5:14). Бог паклапаціўся пра адпачынак і даў час для духоўных служэньняў.

Трэба асабліва азначыць, што стварэньне сьвету – гэта мадэль стварэньня хрысьціяніна. Гэта азначае тое, што Бог, калі зьнішчыў цемру сьвятлом, гэтым вобразам паказаў нам, як Ён адкрывае нашыя цёмныя сэрцы сьвятлом спазнаньня Ісуса Хрыста. Новы Запавет, словамі апостала Паўла, кажа менавіта пра гэта: «Таму што Бог, які сказаў з цемры зазьзяць сьвятлу, Сам зазьзяў у сэрцах нашых дзеля прасьвятленьня нас пазнаньнем славы Божае ў абліччы Ісуса Хрыста» (2 Кар 4:6).


ПАДЗЕЯ ДРУГАЯ - ГРЭХАПАДЗЕНЬНЕ ЧАЛАВЕКА.

Бог даў Адаму і Еве толькі адну запаведзь. Яны не павінны былі есьці з дрэва спазнаньня дабра і зла: «А з дрэва спазнаньня дабра і зла, ня еж з яго; бо ў дзень, калі ты пакаштуеш з яго, сьмерцю памрэш» (Быц 2:17).

Падаецца, што гэтае дрэва не было нейкім асаблівым дрэвам, бо запавет забароны мог быць і іншым. Праўда Бога зьмяшчаецца ў тым, што Ён даў Адаму і Еве свабодную волю, якая павінна была праявіцца толькі тады, калі трэба было зрабіць нейкі выбар. І ў гэтым сэнсе дрэва спазнаньня дабра і зла ўвасабляла сабою свабоду выбара. Адам з Еваю маглі адмовіцца каштаваць плады гэтага дрэва і такім чынам праявіць сваю любоў да Бога ці есьці плады гэтага дрэва і ўзбунтавацца супраць Бога. Адам і Ева выбралі бунт і такім чынам наклікалі грэх на сябе і на свах нашчадкаў: «Як праз грэх аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет, і праз грэх – сьмерць, і гэтак сьмерць перайшла на ўсіх людзей, бо ў ім усе зграшылі» (Рым 5:12).

Адам і Ева памёрлі духоўна ў той момант, калі не паслухаліся Бога. Яны былі асуджаны на фізічную сьмерць і вечную пагібель. Усе мы, калі нараджаемся ў гэты сьвет, ужо знаходзімся ў абдымках сьмерці духоўнай і асуджаны на тое, што калі прыйдзе сьмерць фізічная, дык нас чакае вечная пагібель.

Безумоўна тое, што Бог мог прыпыніць імкненьне Адама і Евы да непаслушэнства, бо Ён, безумоўна, бачыў і чуў размову Евы са зьмеем, але не зрабіў гэтага. Чаму? Бог даў чалавеку свабодную волю, каб выбраць з двух адно: паслушэнствам праявіць сваю любоў да Бога ці непаслушэнствам адыйсьці ад Яго. Чалавек выбраў другое.

Нягледзячы ж на гэта, Бог ня кінуў Адама, Еву і ўсіх іхніх нашчадкаў у грэху і, як следства, ў вечнай пагібелі. Ён прыйшоў да іх і даў ім, па-першае, шанец для пакаяньня. Але гэтага не здараецца і Бог чуе ад чалавека, што ва ўсім вінаваты зьмей. Чалавек не прызнаў сваёй віны і не пакаяўся. Але Бог, прыйшоўшы да іх, даў ім першае абяцаньне збаўленьня, калі зьвярнуўся да зьмея: «І варожасьць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе; яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту» (Быц 3:15). Бог даў ім і першае адзеньне з жывёльных скураў: «І зрабіў Госпад Бог Адаму і жонцы яго вопратку скураную і апрануў іх» (Быц 3:21). Бог забіў дзеля гэтага жывёлу, праліўшы гэтым самым першую кроў. Магчыма, што забіўшы жывёлу Бог паказаў чалавеку прыклад ахвяры, якому Каін і Авель павінны будуць падпарадкоўвацца ў далейшым.

Бог сказаў, што пакараньне за грэх - сьмерць і каб грэшнікі змаглі калі-небудзь вярнуць згублены рай, дык за іхнія грахі павінна быць адкупленьне ці імі самімі, ці кім-небудзь іншым. Забіўшы нявінную жывёлу замест Адама і Евы, Бог паказаў будучую дасканалую ахвяру - Свайго Сына, Які павінен будзе памерці за грэшнікаў, заняўшы іхняе месца.


ПАДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ – ПАТОП.

«І пашкадаваў Госпад, што стварыў чалавека на зямлі, і засмуціўся ў сэрцы Сваім» (Быц 6:6).

Чытаньне гэтага разьдзела Бібліі кажа нам пра тое, што грэх, які толькі крыху праявіўся ў Эдэмскім садзе, працягваў расьці і памнажацца, пакуль Бог не паслаў на зямлю апусташальны патоп. Чытаючы гэтыя разьдзелы, мы бачым гнеў Бога: «І сказаў Госпад: вынішчу з улоньня зямлі людзей, якіх Я стварыў, ад чалавека да быдла, і гадаў і птушак нябесных вынішчу; бо Я пашкадаваў, што стварыў іх» (Быц 6:7).

Бог хоча вынішчыць ня толькі людзей, але і быдла, і гадаў, і птушак нябесных. Чаму? Ці не таму, што Бог ствараў іх для чалавека? Бог абяцае вынішчыць жывёльны сьвет таму, што сапсаванасьць чалавека закранула ўсё. Але і ня толькі гнеў мы бачым, бо становімся сьведкамі Божага доўгацярпеньня да грэшнікаў. Мы пазнаем Ягоную міласьць у збаўленьні Ноя і ягонай сям’і. А для таго, каб захаваць для яго прыроду, былі захаваныя і быдла, і гады, і птушкі нябесныя. Бог наводзіць на зямлю патоп водны, але Ён захоўвае жыцьцё Ноя і самае галоўнае тое, што Бог захоўвае семя жанчыны.

Давід вельмі ўдала паказаў чалавечую прыроду: «Сказаў шаленец у сэрцы сваім: няма Бога. Яны разбэсьціліся, нарабілі брыдоты ўсялякай: няма дабрадзейных. Госпад глянуў з нябёсаў на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць той, хто разумее, хто шукае Бога. Усе ўхіліліся, зрабіліся аднолькава непатрэбныя; ніхто ня робіць дабра, ніхто аніводзін» (Пс 13:1-3).

Але ня будзем судзіць людзей таго часу, бо той, хто прыйшоў да Ісуса Хрыста, быў ня чым ня лепш за тых дапатопных людзей. Людзі, якія жывуць сёньня, не на шмат лепшыя за сучасьнікаў Ноя і Божы суд абавязкова прыйдзе да нас, як прыйшоў на сучасьнікаў Ноя водны патоп. Ісус Хрыстос казаў пра гэта вучням Сваім: «А пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, нават анёлы, якія ў небе а толькі Айцец Мой адзін. Але як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыйсьце Сына Чалавечага. Бо як было ў дні перад патопам: елі, пілі, жаніліся і замуж выходзілі, аж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг; і не разумелі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, так будзе і прыйсьце Сына Чалавечага» (Мац 24:36-39).

Бог даў сем дзён на тое, каб людзі, якія па ўсёй верагоднасьці, чулі пра тое, што сказаў Бог Ною, паспрабавалі ўратавацца. Але ніхто з людзей не паверыў Ною і вось: «Празь сем дзён воды патопа прыйшлі на зямлю» (Быц 7:10). Бог даваў толькі сем дзён для збаўленьнія сучасьнікам Ноя, але нам Ён дае нашмат больш і ў гэтым праяўляецца Ягоная міласьць да нас. І менавіта дзеля гэтага дадзены нам Сын Божы, каб даць нам магчымасьць пакаяцца і набыць збаўленьне.

Прарок Ісая прамаўляе да нас словы Божыя: «Бо гэта Мне, як воды Ноя: як Я пакляўся, што воды Ноя ня прыдуць больш на зямлю, як пакляўся ня гневацца на цябе і не дакараць цябе. Горы скрануцца і пагоркі пахіснуцца, а літасьць Мая не адступіць ад цябе, і запавет міру Майго не пахісьнецца, кажа Госпад, Які спагадае табе» (Іс 54:9-10). Прарок зьвяртаецца да нас, сучасных людзей, каб мы, праз Ісуса Хрыста, атрымалі збаўленьне ад гневу Божага і набылі мір у запавеце з Госпадам Богам.



ПАДЗЕЯ ЧАЦЬВЁРТАЯ – БАБІЛОНСКАЯ ВЕЖА.

«І сказалі яны: “Збудуем сабе горад і вежу, вышынёю да нябёсаў, і зробім сабе імя, перш чым расьсеемся па ўлоньні ўсёй зямлі» (Быц 11:4).
Бог загадаў нашчадкам Ноя не заставацца на адным месцы, але расьсяліцца па ўсёй зямлі. Людзі ж у чарговы раз праявілі нязгоду з Богам, калі вырашылі пабудаваць вежу да нябёсаў і зрабіўшы сабе імя не расьсяляцца далей па зямлі. Бог не зьнішчае іх, але перамешвае адзіную мову, на якой яны размаўлялі і такім чынам разбурае іхні замысел будаўніцтва Бабілонскай вежы. Бог не выступае супраць адзінства людзей, але Ён супраць таго адзінства, якое процістаіць волі Божай.

Тое, што людзі вырашылі пабудаваць вежу да нябёсаў, кажа пра тое, што яны кінулі выклік Богу, каб набыць поўную самастойнасьць і незалежнасьць ад Яго. Яны жадалі зрабіць сабе імя, бо вельмі жадалі славы. Як жа гэта актуальна і для нашага часу, бо людзі і па сёньня імкнуцца да славы. Кажуць, што менавіта ў Бабілоне і ўзьнік гуманізм, з кропкі погляду якога чалавек - гэта цэнтр сусьвету. Гісторыя пра Бабілонскую вежу - гэта размова пра тое, як людзі намагаюцца выкарыстоўваць розум і здольнасьці, якія атрымалі ад Бога, супраць Самога Бога.

Гісторыя будаўніцтва Бабілонскай вежы - гэта важнейшы ўрок для ўсёй зямлі. І не адзін.

Па-першае, мы павінны ўсьвядоміць, што планы, няўгодныя Богу ня споўняцца: «Шмат задумаў у сэрцы чалавека, але збудзецца толькі задуманае Госпадам» (Выс 19:21). Калі Богу няўгодны намеры людзей, дык у Яго дастаткова спосабаў іх прыпыніць: «Ён разбурае намыслы хітрых, і рукі іхнія не давяршаюць пачатага» (Ёў 5:12).

Па-другое, імкненьне да зямной славы абернецца ганьбаю. Жаданьне будаўнікоў «зрабіць сабе імя» зьдзейсьнілася, але зусім ня так, як яны таго хацелі. Яны сапраўды зрабілі сабе імя - «Бабілон» - імя, якое зьвязана з блытанінай, зьмешваньнем моваў і неразуменьнем адзін аднога. Бабілонская вежа стала сымбалем чалавечага бясьсільля перад магутным Богам. Недарма Бог «сыйшоў паглядзець горад і вежу, што будавалі сыны людзкія», бо Ён жыве ў такіх высотах, што справы людзей здаюцца вельмі маленькімі. Бог убачыў ня тое, што людзі змогуць пабудаваць такую вялікую вежу, якая дацягнецца да Ягоных нябёсаў. Зусім не. Але Ён убачыў, што самаўпэўненасьць, фанабэрлівасьць і інтрыгі людзей ня маюць межаў. І таму, паглядзеўшы на ўсё гэта Бог кажа: «Сыйдзем жа і зьмяшаем там мову іхнюю, каб адзін не разумеў гаворкі другога» (Быц 11:7). І гэта не выпадкова, таму што кожнае чалавечае прадрыемства, якое не да спадобы Госпаду, асуджана на няўдачу.

Па-трэцяе, сіла якая не грунтуецца на Богу, абернецца бясьсільлем: «Зьмяшаў Госпад мову ўсёй зямлі» (Быц 11:9). Некалі вялікая сіла будаўнікоў вежы і горада зьнікла і такім чынам стала ясна, што на чалавека ці нават на сілу многіх людзей спадзявацца нельга. Таму Давід і заклікае спадзявацца на сілу Госпада: «Падай дапамогу нам ва ўціску, бо абарона людзкая - марнота. З Богам мы выявім сілу, Ён скіне ворагаў нашых» (Пс 107:13-14).

Па-чацьвёртае, адзінства не заснаванае на Богу, будзе разбурана: «І расьсеяў іх Госпад адтуль па паверхні ўсёй зямлі; і яны перасталі будаваць горад» (Быц 11:8). Аб’яднаньне будаўнікоў было расьсеяна Богам. І таму апостал Павал папярэджвае пазбягаць нячыстых зьвязаў: «Выйдзіце спасярод іх і аддзілецеся, - кажа Госпад і не дакранайцеся да нячыстага, і Я прыйму вас» (2 Кар 6:17).

Па-пятае, план Божы будзе выкананы ва ўсіх дробязях, ня гледзячы ні на які, нават і самы актыўны чалавечы супраціў. Бог ведае, як задзейнічаць чалавечую волю ў Свой план і дасягнуць таго, што Ён задумаў дасягнуць. Ён і па сёньня разбурае людзкія задумкі і творыць тое, што Яму заўгодна: «Як Я намысьліў, так і станецца; як Я вызначыў, так і спраўдзіцца» (Іс 14:24). Людзі не аднойчы падымалі бунт супраць Творцы. Так будзе і ў далейшым, перад другім прышэсьцем Ісуса Хрыста, бо менавіта пра гэта кажа Давід: «Навошта бунтуюць народы, і намышляюць плямёны марнае? Паўстаюць зямныя валадары, і ўмаўляюцца разам князі супраць Госпада і супраць Памазанца Ягонага: “Парвёмце ж іхнія кайданы і скінем з сябе іхнія аковы”. Той, хто ў нябёсах жыве, пасьмяецца, Госпад паганьбіць іх. Тады ў гневе Сваім скажа ім, і лютасьцю Сваёй іх настрашыць» (Пс 2:1-5). Аднак, наперад можна сказаць, што і гэты бунт асуджаны на няўдачу, таксама як і задумка будаўнікоў Бабілона.

Калі мы вывучаем старонкі Бібліі, мы можам канцэптуальна параўнаць гісторыю Бабілонскай вежы з днём Пяцідзясятніцы, бо ў абодзьвух выпадках людзі былі надзелены здольнасьцю казаць на іншых мовах. Але, у першым выпадку гэта служыла для разьяднаньня людзей, а ў другім – для аб’яднаньня. У Бабілоне стварыліся розныя народы, а ў Ерусаліме з розных народаў стварыўся адзін - Царква Ісуса Хрыста. Бог не схацеў пабудаваньня матэр’яльнай Бабілонскай вежы, бо гэта не ўваходзіла ў Божы план. Але Бог хоча, каб людзі будавалі іншую вежу - духоўную, імя якой - Царква Ісуса Хрыста. І гэтую духоўную вежу Бог ўзьнясе на Свае вышыні.


Рецензии