Вечарам на ровары
Ехаць было цудоўна – ні ветру, ні машын, ні людзей. Асфальт рыхтаваўся адсвяткаваць чвэрць стагоддзя, але збольшага знаходзіўся ў адносна добрым стане. Вечар быў даволі цёплым, хаця для надзейнасці я ўсё ж нацягнуў капялюш, накінуў шалік, а пасля роздуму – і пальчаткі. Якое там лета – дванаццаць градусаў па Цэльсію, хоць і наўкол адчуваўся бадай што травень. Насамрэч жа сакавік рыхтаваўся перадаць справы красавіку. Прырода прачыналася: спявалі птушкі, луналі вясновыя пахі, трава дзе-нідзе толькі пачынала прабівацца... Нягледзячы на снежную зіму, снега ўжо амаль не засталося. Нават з заплюшчанымі вачыма было вядома – пачалася вясна.
Спачатку ровар ехаў ціха, але потым ледзь чутна зарыпеў: гэта ланцуг нагадваў аб тэхнічным абслугоўванні, якое не праводзілася з леташняй восені. Перад зімой я паспеў толькі добра вымыць свой любімы транспартны сродак. Яшчэ з маленства стала зразумела: ровар – гэта маё. А потым я падлічыў, што адзін і той жа шлях можна прайсці пешшу за гадзіну, а праехаць за пятнаццаць ці дваццаць хвілін. Дзякуючы веласіпеду, я наведаў месцы, куды ўвогуле цяжка было дабрацца без машыны ці на сваіх дваіх.
З непрывычкі круціць педалі аказалася цяжкавата. Я паглядаў на наваколле: снег растаў, зеляніны амаль што не бачна, а сухатраўя дахалеры. Хоць зіма і была вельмі снежнай, але паводкі не чакалася – раўчак зусім не разліўся.
З’явіліся новыя адчуванні – мозг нібыта нанава адкрываў для сябе знаёмую вёску, позірк чапляўся літаральна за кожную дробязь. Тое, што раней не падавалася вартым увагі, сёння ўспрымалася як нешта новае і цікавае. У чарговы раз я заўважыў далёкія чырвоныя агеньчыкі – таямнічыя і недасяжныя. Такія ліхтары звычайна ўсталёўваюць на завадскіх трубах, але там, дзе я іх убачыў, не было нічога падобнага. Мо торфазавод у пасёлку Бальшавік? Але чаму ліхтароў не бачна з астатніх раёнаў Касцюкоўкі і з іншых палёў?..
Пасля некалькіх паваротаў я скіраваў ровар на Паўднёвы завулак. Дзіўна, чаму я столькі гадоў абмінаў яго, – бо мясцовасць аказалася даволі цікавай: з аднаго боку стаялі хаты, з другога – чыгунка. Мне тут падабалася. А вось і апошнія старыя дрэвы – сведкі мінулага. На жаль, сярод насельніцтва яны часцей за ўсё выклікалі страх і недавер, таму…
Сцямнела. Пасля чарговага павароту вуліца пайшла ўгору, ехаць стала цяжка. Я пачаў пераключаць хуткасці. Вуліца раней называлася Фабрычнай, а пасля афіцыйнага далучэння Касцюкоўкі да Гомеля стала вядомай як Кветкавая. Справа ў тым, што і ў горадзе, і ў нас меўся цэлы шэраг вуліц з аднолькавымі назвамі. Зразумела, што пасля ўваходу пасёлка ў склад горада давялося іх перайменаваць. Дарэчы, гэтая частка Касцюкоўкі мела ўласную, хаця і толькі народную, назву – Царскае Сяло. Відаць, найбольш заможныя касцюкоўцы знаходзіліся менавіта тут – некаторыя катэджы сапраўды нагадвалі палацы.
Наступная вуліца таксама была вымушана развітацца з гістарычнай назвай – навошта Гомелю дзве Усходніх? Цяпер наша называлася даволі незвычайна – Святочная. Але зараз крыху бянтэжыць тое, што на вуліцы з такой светлай назвай размяшчаюцца могілкі…
Я хацеў зрабіць круг, але ўбачыў шлях праз поле і так здзівіўся, што нават спыніўся і спешыўся. На некаторых мапах прысутнічала гэтая дарога, але колькі я ні спрабаваў яе знайсці, бачыў толькі ўзаранае поле, якое ў нашай мове называлася цікавым словам – ралля. Ну што ж, праверым няўлоўны і таямнічы шлях.
Мы з роварам зноў пачалі рухацца. Дажджы яшчэ не прайшлі, таму ехаць было не цяжка. Але праз хвіліну я зноўку спыніўся. Звычайнае з выгляду поле нібыта зараджала мяне натхненнем. Цемра пакрысе апускалася на зямлю. Месяц падаваўся кавалкам сыру, які лунаў высока ў небе. Ніжэй зіхацела Венера. Хаця не, выправіў я сябе самога, гэта зорка – хутчэй за ўсё, Сірыус. Адсюль адкрываўся прыгожы від на новыя шматпавярховікі…
І... нарэшце таямніца раскрылася – я знайшоў загадкавыя агеньчыкі, якія не давалі мне спакою. Вось чаму іх не бачна з Касцюкоўкі! Шматкватэрныя дамы размяшчаліся такім чынам, што авіяцыйныя сігнальныя агні можна было ўбачыць толькі з пэўных пунктаў мясцовасці. І… знайшлася Венера: акурат паміж шматпавярховікамі, літаральна па-над іх дахамі!
Поле падавалася крыху страшнаватым у такі позні час, але я імкнуўся адкідваць падобныя думкі. Калі працягваць рухацца на поўнач, то можна натрапіць на невялічкі чыгуначны мост, пад якім калісьці праходзіла вузкакалейка. Малую чыгунку разабралі яшчэ да мяне, але я добра памятаю сляды ад шпал; і самае дзіўнае – дзесьці тут мы знаходзілі шкляныя каляровыя камяні. Даўно гэта было – у дзяцінстве. Пасля мы не раз вярталіся сюды, шукалі іх, шукалі, ды ўсё ніяк не маглі адшукаць.
Шкада, але трэба ехаць далей. Я скіраваў ровар да ПТВ. Цяпер яно лічылася ці то ліцэем, ці то каледжам, але для мяне назаўсёды застанецца сельскагаспадарчым профтэхвучылішчам. Аднойчы тут вырашылі пабудаваць цэлы мікрараён, але абмежаваліся толькі двума дзевяціпавярховікамі. Далёка ад горада, што ні кажы. Будаўніцтва ні на дзень не спынялася, але толькі ў больш «прывабных» месцах. А я вось надоечы прачытаў, што насельніцтва Гомеля няўмольна зніжаецца – зараз гамяльчан ужо менш за пяцьсот тысяч…
Праз некалькі хвілін сцямнела так, што змрок стаў адчувальным. Я запаліў ліхтарык – цемра мяне не вабіла, прынамсі зараз. Досыць спыняцца ля кожнай купіны і марудзіць – трэба як мага хутчэй праехаць скрозь былы пасёлак і сучасны мікрараён.
Ціхая аднапавярховая Касцюкоўка змянілася на шматкватэрныя будынкі і шумныя вуліцы. Пахі вёскі і прыроды зніклі, засталіся толькі вынікі жыццядзейнасці аўтамабіляў і чалавечай мітусні. Ніякай рамантыкі – людзі, машыны і муры... Чараўніцтва сышло, таму і мне заставалася хуценька рухацца далей. Дадому...
27-31 сакавіка, 01-02 красавіка 2026, Яроміна (27-28), Гомель, Шведская Горка і ... (29-31.03, 01-02.04) (няспынная рэдактура і дапрацоўка; першапачатковыя і выдаленыя варыянты: «Не выконвалася, напэўна, яшчэ з верасня», «З самога маленства адразу стала зразумела», «Мне заўсёды падабаўся ровар», «Тое, што праходзілася за гадзіну, можна было праехаць за дваццаць хвілін», «Я круціў галавой: снег растаў, зеляніны яшчэ не бачна, а сухатраўя дахалеры», «Не павінна быць нічога такога», «А можа, мае перавагі змяніліся», «Моцныя дрэвы», «Аднолькавых па назвах», «На мапе ён быў, але я ніколі яго не бачыў на ўласныя вочы», «Да нас тут ужо хтосьці прабраўся, і не раз, таму ехаць было не цяжка», «Я стаяў пасярод поля і нібыта зараджаўся натхненнем», «А вышэй будзе Працыён», «Загараджальныя агні», «Агеньчыкі для авіяцыі», «Побач столькі прастору, можна было б будаваць»).
Свидетельство о публикации №226040202165