Введение к чтению
«Усё Пісаньне натхнёнае Богам і карыснае
дзеля навучаньня, дзеля дакараньня, дзеля
выпраўленьня, дзеля дысцыплінаваньня ў
праведнасьці, каб дасканалым быў чалавек Божы,
да ўсякае добрае справы гатовым» (2 Цім 3:16-17).
Біблія – Божая кніга. Яна распавядае нам пра Бога. Усё напісанае ў ёй ёсьць праўда ад самога пачатку і ў ёй няма памылак. Бог надхніў пісьменьнікаў, бо ўдыхнуў у іх Свае словы, каб яны безпамылкова перадалі Божую праўду. Майсей, Давід, Ісая, Мацьвей, Марк, Ян, Павал і іншыя напоўнілі Пісаньне Божай праўдай.
Біблія – гэта збор з шасьцідзесяці шасьці твораў, якія ствараліся на працягу паўтары тысячы гадоў. Апошні твор Бібліі быў напісаны на прыканцы першага стагодзьдзя нашага часу. Дарэчы слова «Біблія» паходзіць ад грэцкага слова «біблос», што азначае рукапісны скрутак ці кніга.
Біблія падзяляецца на дзьве часткі – Стары і Новы Запаветы, якія маюць паміж сабою адзінства, нягледзячы на тое, што паміж імі пралягае прыблізна чатырыста гадоў. Абодва Запаветы кажуць пра быцьцё Бога, пра прыроду чалавека і пра тое, як магутны Бог можа стаць рэальнасьцю нашага жыцьця. Абодва Запаветы – гэта дзьве часткі аднаго сказу і якія патрэбныя, каб выказаць адну і тую ж думку.
Біблія не пісалася на адной мове. Большасьць кніг напісаны на іўрыце, многія на грэцкай мове і некаторыя па арамейскі.
Біблія, першапачаткова, не падзялялася на разьдзелы і вершы. Гэты падзел ажыцьцяўляўся на працягу даволі доўгага часу і першай Бібліяй з сучасным падзелам на разьдзелы і вершы стала Жэнеўская Біблія, якая была надрукаваная ў 1560 годзе. Ня ўсе кнігі Бібліі раскладзены ў храналагічным парадку, але безумоўна тое, што першая і апошняя кнігі стаяць на сваіх месцах.
Біблія – кніга гістарычная і тут няшмат філасофіі. У ёй дадзены зьвесткі пра старажытныя імперыі. На старонках Бібліі мы бачым вядомых людзей старадаўнасьці, як Навухаданосар, Дарый, Кір, Ірад і рымскія імператары. На працягу ўсіх кніг Бібліі мы даведваемся пра гарады, плямёны, геаграфічныя назвы і гістарычныя зьявы. У тэкстах Бібліі мы бачым звычаі, рамёствы і іншыя асаблівасьці культуры народаў.
Кожны разважлівы чалавек згодны з тым, што існуюць цяжкасьці пры прачытаньні Бібліі, але гэтыя цяжкасьці выліваюцца з таго, што розум чалавека прыхільны да грэху і сьвецкага жыцьця. Толькі Бог дае нам жаданьне вывучаць Сваё Слова ў Пісаньні, як і розум, каб разважаць і разумець дадзеную Ім праўду.
Адной з самых моцных асаблівасьцяў Бібліі зьяўляецца тое, што ўсе яе часткі знаходзяцца ў адзінстве, бо ўсе яны непарыўна зьвязаныя адной тэмаю: збаўленьнем грэшнікаў Госпадам Ісусам Хрыстом. Нехта сфармуляваў гэта так: «Згублены і вернуты рай».
Першыя старонкі Бібліі кажуць нам пра Бога. Бог стварыў Адама і Еву, якія жылі ў поўнай гармоніі з Богам, адзін з адным і з усімі астатнімі стварэньнямі. Але, зграшыўшы супраць Бога, яны былі пазбаўлены Эдэмскага саду і выгнаны з раю. Аднак Бог ня кінуў вінаватых грэшнікаў і знайшоў спосаб збавіць іх ад наступстваў грэхападзеньня і вярнуць ім тое, што было згублена праз грэх. Бог зьдзейсьніў гэта праз Свайго Сына Ісуса Хрыста. Грэх закрыў шлях да дрэва жыцьця, але дзякуючы Ісусу Хрысту ён зноў адкрываецца для нас. Біблія абвяшчае пра Ісуса Хрыста.
Сам Госпад Ісус казаў пра гэта двум Сваім вучням, калі Ён ішоў разам з імі ў Эмаус, у дзень Свайго ўваскрасеньня з мёртвых: «Вызваліў ім таго, хто за паўстаньне і забойства быў кінуты ў вязьніцу, якога яны прасілі, а Ісуса выдаў на іх волю. І як вялі Яго, узяўшы нейкага Сымона Кірэнэйца, які ішоў з поля, усклалі на яго крыж, каб нёс за Ісусам. А за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчынаў, якія плакалі і галасілі па Ім» (Лук 23: 25-27). І таму сапраўднае вывучэньне Бібліі складаецца з таго, каб зьвязваць усё напісанае ў ёй, з Ісусам Хрыстом і шукаць Яго на старонках Бібліі.
Сутнасьць збаўленьня, якое даецца людзям праз Ісуса Хрыста, выкладаецца як у Старым, так і Новым Запавеце. Можна сказаць, што Запавет ласкі Божай складаецца з дзьвюх частак: Старога і Новага Запавету. Стары Запавет зьмяшчае ў сабе прароцтвы пра прышэсьце Ісуса Хрыста, а Новы Запавет абвяшчае пра тое, што Ён ужо прыйшоў.
Бог мае адзіны план збаўленьня, які зьдзяйсьняецца праз Ісуса Хрыста. Кожны з Запаветаў не працуе сам па сабе, але, ў складзе адзін да аднога, ажыцьцяўляецца галоўная мэта Бога – вяртаньне чалавеку таго, што ён згубіў у Адаме. І, ў сувязі з гэтым, трэба сказаць, што людзі, якія жылі ў часы Старога Запавету, збаўляліся такім жа чынам, як і сучасныя людзі – праз веру ў Ісуса Хрыста. Чаму? Таму, што старазапаветныя людзі з вераю чакалі Ісуса Хрыста, гледзячы ў будучыню, а мы з вераю прымаем тое, што Ён зьдзейсьніў, гледзячы ў мінулае.
Галоўная тэма Бібліі – Ісус Хрыстос і Ягоныя справы. Пісаньне ясна называе Ісуса Хрыста тымі ж імёнамі, што і Бога. Паколькі Ісус выказваў думкі Бога, дык Ягоная адзнака Бібліі - лепшая яе характарыстыка. Пад час зямнога служэньня Ісуса Хрыста Пісаньне складалася толькі са Старога Запавету. І калі Ісус вучыў народ Юдэі, Ён каля сарака разоў цытаваў Стары Запавет і мноства разоў спасылаўся на яго. Ісус Хрыстос лічыў, што Стары Запавет даставерны і менавіта таму выкарыстоўваў біблійныя гісторыі, якія мы бачым ў Старым Запавеце. Ісус прызнаваў праўду Пісаньня і таму Ён казаў: «І ня можа парушыцца Пісаньне» (Ян 10:35).
Біблія мае аўтарытэт вышэйшай ступені. Каштоўнасьць і аўтарытэт кніг Бібліі не абапіраецца на якую-небудзь пастанову Царквы ці на галасаваньне людзей. Аўтары Бібліі заўсёды карысталіся павагай і даверам. Майсей, Ісус сын Нава, Самуіл, Давід, Саламон, Ісая, Ерамія, Данііл ці Павал, Пётр, Ян, Мацьвей, Марк і Лука – гэта людзі даверу. Веруючыя прызнавалі іхнія творы за першааснову таксама, як і Госпад Ісус Хрыстос прымаў Стары Запавет: «Вось тое, пра што Я вам казаў, яшчэ калі быў з вамі, што належыць спраўдзіцца ўсяму, напісанаму пра Мяне ў законе Майсеевым і ў прароках, і ў псальмах» (Лук 24:44).
Біблія – гэта ідэйна зьвязаная кніга ў-ва ўсіх яе частках. Адзін вядомы багаслоў неяк выказаўся пра гэта прыкладна наступным чынам: «У Бібліі ўсё так гарманічна, што гэта вельмі ўражвае. Складаецца ўражаньне, што кнігі напісаныя ў розныя стагодзьдзі, пісаліся для ўзаемнага дапаўненьня і тлумачэньня. Унутранае адзінства Бібліі зьдзіўляе: гэта той цуд, які кідае выклік нашаму веку нявер’я і скептыцызму»
Галоўная ідэя Бібліі – узаемаадносіны Бога і чалавека. Біблія мае сюжэт, бо ўсе яе кнігі складаюць адзіную гармонію. Біблію можна параўнаць з сімфанічным аркестрам, дзе кожны музыка грае на сваім інструманце, але выконвае сваю партыю так, як хоча гэтага вялікі дырыжор аркестру, хаця ні адзін музыка ня чуе, як гучыць уся музыка ў цэлым.
Біблія – гэта два Запаветы, якія праз нязьменнага Бога, даюць нам погляд на жыцьцё і сьвет. Два Запаветы Бібліі зьмястуюць у сабе адны і тыя ж вучэньні, якія разьвіваюцца ад кнігі да кнігі і з гэтага нам зразумела, што чытаньне Старога Запавета вельмі неабходнае, каб добра зразумець Новы Запавет. Бог дае накірунак гістарычнаму разьвіцьцю: гэтая ідэя зьяўляецца ў Быцьці, а потым разьвіваецца ў астатніх кнігах Бібліі. І так да канца часу. Чалавечая гісторыя – гэта «Гісторыя вачыма Бога», бо толькі Ён цалкам накіроўвае і вызначае яе.
Чытаючы Біблію, разьдзел за разьдзелам, мы можам бачыць, што Бог кажа пра нас, пра наша сучаснае жыцьцё. Слова Божае дае сілу, бо гэта адкрыцьцё Бога чалавеку. Ён адкрываецца для нас у кожным Сваім стварэньні. Ён адкрываецца нам і ў Слове Сваім. Біблія дадзена нам ня толькі для таго, каб атрымаць нейкую новую інфармацыю, але ў першую чаргу для таго, каб нашае жыцьцё перамянялася, каб па меры таго, як яе зьмест напаўняе наш розум і перамяняе нашае сэрца, наш сьветапогляд і вобраз жыцьця станавіліся ўсё больш богацэнтрычным. Чытаньне Бібліі – гэта той працэс, калі Слова Бога пачынае грукацца ў нашыя сэрцы, бо яно пра нашыя адносіны з Богам.
Біблію трэба вывучаць. Іншымі словамі, трэба прыкладаць пэўныя намаганьні, каб зразумець больш дасканала тое, што хоча сказаць нам Бог.
Біблія – гэта своеасаблівая інструкцыя жыцьця як духоўнае настаўленьне ў рэальным жыцьці рэальных людзей. Гэтая духоўная інструкцыя неабходная нам, каб паказаць той правільны шлях, які павінен выбраць чалавек, як гэта хоча сказаць нам Бог праз Слова Бібліі. Бог паказвае нам людзей, якім Ён даваў Свае абяцаньні. І паказавае гэтых сьвятых не ў прыкрасе, але такімі, як яны былі, паказваючы як станоўчыя, так і грэшныя бакі жыцьця гэтых людзей.
Ці быў дасканалым Абрагам, калі Бог даваў яму Свае абяцаньні? Не, ня быў. Але мы бачым шлях Абрагама да безумоўнай веры і спадзяваньня толькі на свайго Бога. Ці быў дасканалым Давід? Таксама не, бо мы ведаем гісторыю з Вірсавіяй і тое, чым яна скончылася. Гора і разбурэньне прыйшло ў сям’ю Давіда, бо так пастанавіў Бог: «Вось, Я спараджу на цябе зло з дома твайго і вазьму жонак тваіх перад вачыма тваімі і аддам блізкаму твайму, і будзе ён спаць з жонкамі тваімі перад гэтым сонцам. Ты зрабіў тайна, а Я зраблю перад усім Ізраілем і перад сонцам» (2 Вал 12:11-12). Бог кажа нам, што на прыкладзе біблійных гісторый, Ён хоча паказаць тыя шляхі, якія мы павінны абраць, каб стацца дасканалымі дзецьмі Божымі.
Пісаньне трэба тлумачыць, каб выканаць простую, але адказную задачу – выявіць ясны сэнс тэкста. Правільнае тлумачэньне тэкстаў Бібліі дае задавальненьне розуму і натхненьне сэрцу чалавека. Першая прычына, па якой неабходна вучыцца тлумачэньню Пісаньня – гэта тая, што кожны з нас, чытаючы разьдзелы Пісаньня, становіцца і тлумачальнікам, бо большасьць з нас упэўнена ў тым, што разумее тое, што прачытана. Больш таго, мы саманадзейна лічым, што нашае разуменьне суадносіцца з працаю Сьвятога Духа. Але ня ўсё так проста, бо мы, непазьбежна, нясем у тэкст тое, што самі сабою і ўяўляем: свой досьвед жыцьця, сваю культуру, сваё асабістае разуменьне выразаў і ідэй. Такім чынам мы можам зусім ненаўмысна прыносіць у разуменьне тэксту Пісаньня такія рэчы, якія вядуць да блуканьня і няправільнага разуменьня Бібліі.
Неабходнасьць тлумачэньня Пісаньня зьвязана з прыродай самога Пісаньня, бо яно адначасова мае чалавечую і Божую прыроду. Слова Божае напісана Божымі людзьмі, якія знаходзіліся пад уплывам Сьвятога Духа. Менавіта гэтая дваякасьць прыроды Бібліі і патрабуе ад нас займацца яе тлумачэньнем. Ня будзем паглыбляцца ў правілы тлумачэньня, але зразумеем дзьве задачы тлумачэньня. Па-першае, нам трэба пачуць Слова Божае і паспрабаваць зразумець, што было сказана для нас у сітуацыі «там і тады». Па-другое, мы павіны навучыцца разумець тое ж самае Слова ў сітуацыі «тут і зараз». І вось гэтая задача часта патрабуе дапамогі чалавека, які добра ведае мову Бібліі, добра разумее ролю тэкста і месца яго напісаньня (там і тады), як і тое, што ён ведае накірунак значэньня старажытных тэкстаў у фармаце (тут і зараз). Слуханьне ці чытаньне тлумачэньняў пры вывучэньні Пісаньня – гэта працэс узаемадзеяньня з рэальнымі людзьмі, якія разважалі над Пісаньнем і фармавалі сваю ўпэўненасьць пра значэньне тых ці іншых тэкстаў Пісаньня. Дыялог з імі можа быць цікавым і плённым, бо ўсё залежыць ад нашай падгатаванасьці разважаць, аналізаваць і прымаць праўду Бога ў нашае жыцьцё.
Словам Божым трэба жыць. Тое, што мы зразумелі ў Слове Божым, трэба зьдзяйсьняць у сваім жыцьці. Калі мы пачынаем жыць Словам, дык пачынаем яшчэ больш разумець яго і ўпэўнівацца ў сапраўднасьці Слова Божага. Мы вывучаем Пісаньне, каб ведаць пра вечнасьць і пекла, каб ведаць пра вялікую любоў Бога да кожнага з Ягоных стварэньняў, каб ведаць пра грэх і пра ягоныя наступствы, каб ведаць, як стаць дзецьмі Божымі, каб ведаць, як узрастаць духоўна і ўпадабляцца Ісусу Хрысту, каб ведаць, як быць радасным хрысьціянінам, каб ведаць пра важнасьць малітвы і пра адказнасьць веруючых да ўсіх гінучых людзей.
Словамі дзіцяці, якія падштурхнулі Аўгустына прачытаць тэкст з Пасланьня Паўла да Рымлянаў у той дзень, які стаў для яго днём навяртаньня, мы заклікаем адзін аднога: «Вазьмі і чытай». Біблія – вечнае Божае Слова. Дык будзем чытаць яго, каб зразумець, што сказана ў ім і выконваць усё гэта ў сваім жыцьці.
Свидетельство о публикации №226040200666