Книга Исход

КНІГА ВЫХАД


«Але Майсей сказаў народу: “Ня бойцеся, стойце - і
ўбачыце выратаваньне ад Госпада, якое Ён дасьць
вам і сёньня, бо егіпцянаў, якіх вы бачыце сёньня,
больш ня ўбачыце вавек. Госпад будзе змагацца
за вас і вы будзьце спакойныя» (Вых 14:13-14).

Сыны Якуба сталі заснавальнікамі плямёнаў ці кален народа Ізраіля, бо сказана, што яны прыйшлі ў Егіпет не адні, але «кожны з домам сваім». Колькасьць гебраяў ад пачатку перасяленьня іх у Гесэм Егіпецкі пачало вельмі хутка павялічвацца: «А сыны Ізраілевыя пладзіліся вельмі, і размножыліся вельмі, і зрабіліся яны дужа моцныя, і напоўнілася тая зямля імі» (Вых 1:7). Хуткае памнажэньне гебраяў - гэта спаўненьне абяцаньня, якое даў у свой час Бог Абрагаму. Бог стрымаў Сваё слова, хаця з моманту гэтага абяцаньня і да ягонага выкананьня прайшло не адно стагодьдзе. Але мы ведаем, што расклад часу - гэта прэрагатыва Госпада, бо толькі Ён прызначае час для выкананьня Сваёй волі.

Егіпецкі фараон, які заваладарыў у Егіпце ня ведаў Язэпа ды ня чуў пра яго і гэта наводзіць на думку, што новы егіпецкі валадар ня быў з таго роду фараонаў, якія ведалі Язэпа. Падаецца, што новы фараон наогул не паходзіў з Егіпту, як і тое, што пасад фараона магчыма быў захоплены іншаземцамі. І таму зусім верагодна, што захопнікі, якія трымалі Егіпецкі пасад, былі ў вялікай ступені занепакоены тым, што вельмі вялікая колькасьць гебраяў можа скласьці небясьпеку ўладзе фараона. Зусім верагодна і тое, што менавіта з гэтае нагоды ён вырашыўся на прыгнёт народа Ізраіля.

Менавіта адгэтуль і пачынаецца гісторыя Майсея, як пачатак гісторыі выхада гебраяў з зямлі Егіпецкай, як працяг гэтай гісторыі праз шматгадовы шлях у пустыні і як заканчэньне гісторыі вызваленьня праз дадзены Богам закон ля гары Сынай.

Фараон загадаў свайму народу пільна сачыць за нараджэньнем гебрайскіх дзяцей, каб вынішчаць усіх хлапчукоў-немаўлятак: «Кожнага народжанага сына кідайце ў раку, а кожную дачку пакідайце жывою» (Вых 1:22). З гэтай нагоды ўзгадаем, што казаў Бог зьмею ў прысутнасьці Евы і Адама: «І варожасьць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе; яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту» (Быц 3:15). Семя зьмея - гэта ўлада фараона, якая загадвае егіпцянам забіваць семя жанчыны - нашчадкаў народа, праз якіх павінен прыйсьці Мэсія Збаўца. Але сказанае Богам ня можа ня споўніцца, бо сказана Ім, што семя зьмея можа толькі джаліць і ня можа забіць таго, каго выбірае Госпад. Мы бачым і тое, як семя жанчыны сьмяротна б’е ў галаву зьмею, калі Бог зьнішчае фараона разам з ягоным войскам у водах Чэрмнага мора.

«Нехта з роду Лявінага пайшоў і ўзяў сабе за жонку з таго ж самага роду. Жонка зачала і нарадзіла сына, і бачачы, што ён вельмі прыгожы, хавала яго тры месяцы; але ня могучы даўжэй хаваць яго, узяла трысьняговы кош і засмаліла яго асфальтам і, паклаўшы ў яго немаўля, паставіла ў трысьнягу на беразе ракі» (Вых 2:1-3). Гэта пра пачатак жыцьця Майсея. Бог вядзе семя жанчыны і захоўвае яго, таму што Ён ужо выбраў яго, як збаўцу Свайго народу ад егіпецкага прыгнёту. Тут можна правесьці паралель паміж жыцьцём Майсея і жыцьцём Ноя. Яны абодва прайшлі выпрабаваньне вадою з той розьніцаю, што засмолены кош Ноя быў вялікім каўчэгам, а сам дарослы Ной быў інструмантам Божым у выратаваньні ўсяго чалавецтва. Майсей жа меў свой кош, каб быць уратаваным самому і стаць тым чалавекам, хто праз восемдзесят гадоў атрымае даручэньне ад Госпада і вывядзе выбраны Богам народ з няволі егіпецкага фараона.

Бог гатуе Майсея, даючы яму адукаванасьць і выхаваньне ў сям’і фараона. Але Ён дае яму таксама выпрабаваньні і пакуты, калі Майсей не атрымаўшы падтрымкі свайго народу, быў вымушаны пасьля забойства егіпцяніна зьбегчы ад фараона ў зямлю Мадыямскую. Бог дзейнічае і ўсё знаходзіцца пад Яго ўладаю, бо ніводнае здарэньне ў жыцьці Майсея ня ёсьць выпадковасьць, але Сам Бог гатаваў гэтага чалавека для збаўленьня Свайго народа.

Майсей - правобраз Ісуса Хрыста, бо Ісус, як і Майсей, нарадзіўся, калі ягоны народ быў прыгнечаным. Ісуса, як і Майсея намагаўся зьнішчыць валадар краіны, дзе нарадзіўся хлопчык. Зноў семя зьмея намагаецца зьнішчыць семя жанчыны. І зноў спраўджваюцца словы Бога, калі зьмей можа толькі джаліць, але ня можа забіць таго, каго Бог выбірае і пасылае на служэньне. Ісус Хрыстос збаўляе Свой народ, як гэта зрабіў Майсей. Але Майсей - гэта толькі правобраз Ісуса Хрыста, бо ён вывеў свой народ з фізічнай няволі фараона, каб даць ім зямлю абяцаную Богам, а Ісус Хрыстос збаўляе нас з няволі грэху, каб даць нам жыцьцё вечнае і абяцанае Валадарства Нябеснае.

«І вось, ўжо енк сыноў Ізраілевых дайшоў да Мяне, і Я бачу прыгнёт, якім прыгнятаюць іх егіпцяне. Дык вось, ідзі: «Я пашлю цябе да фараона; і выведзі з Егіпта народ Мой, сыноў Ізраілевых» (Вых 3:9-10). Бог зьвяртаецца да Майсея, калі кліча яго з палаючага куста і недарма Майсей адказавае Яму словамі «Вось я». Адказ Майсея - гэта безумоўная гатовасьць слухаць Госпада. Дарэчы і Абрагам, і Якуб таксама адказвалі Госпаду: «Вось я». Бог не прымае сумненьне Майсея і супакойвае яго, калі абяцае Сваю падтрымку і магутнасьць, калі кажа: «Я буду з табою».

Бог адкрывае Майсею Сваё імя: «Я – Сутны. І сказаў: «Так скажы сынам Ізраілевым, што Сутны паслаў мяне да вас» (Вых 3:14). «Сутны» - азначае ня што іншае, як той, хто Ён ёсьць. Бог адкрывае народу, што Ён існуе Сам па Сабе, што Ён Сам вызначае Сваё існаваньне і ні ад каго не залежыць. Бог заўсёды нязьменны і Ён існуе вечна.

Будучы пакліканым Госпадам, Майсей ідзе да фараона і патрабуе, каб ён даў волю народу Ізраіля і адпусьціў яго. Майсей атрымлівае адмову, бо Бог зацяў сэрца фараона да таго часу, пакуль ўсе бакі не зразумеюць, што Бог і толькі Бог вызначае ўсё. Па сутнасьці гэта не барацьба людзей прыгнечаных з прыгнятальнікамі, але адкрыцьцё Бога, як усемагутнага Творцы, з Якім ніяк ня могуць параўнацца прыдуманыя багі Егіпту і сам фараон, які лічыў сябе за бога. Бог абяцае Майсею па-першае тое, што Ён зробіць сэрца фараона ачарсьцьвелым, а па-другое тое, што будуць дадзены цуды, якія пакажуць усемагутнасьць і веліч Госпада, каб адкрыць шлях да свабоды Свайму народу.

Бог пасылае на фараона і ягоны народ цуды-пакараньні, каб паказаць вяршэнства сапраўднага Бога і якія накірованы на тое, каб вывесьці гебраяў з Егіпту. Наогул цуд - гэта непасрэднае адкрыцьцё, якое робіць Бог у сьвеце насуперак звычайнаму сьветаразуменьню, каб сьведчыць пра Сваю веліч і Сваю ўсемагутнасьць. Трэба зьвярнуць увагу на гэтыя «пакараньні», каб умоўна падзяліць іх на тры часткі.

Першая частка - гэта першыя тры пакараньні: пераўтварэньне вады ў кроў; навядзеньне жаб на зямлю егіпецкую і нашэсьце заедзі на людзях і быдле па ўсёй краіне. Другая частка - гэта тры наступныя пакараньні: насланьне сабачых мух, узьнікненьне сярод народу і быдла згубнай пошасьці і запаленьне з нарывамі ўсіх людзей і быдла. І трэцяя частка - гэта яшчэ тры пакараньня: град, які ўпадзе на людзей і быдла, нашэсьце саранчы і ўзьнікненьне густой трохдзённай цемры.

Першая частка пакараньняў тычылася ўсіх, хто знаходзіўся на зямлі Егіпецкай. Яна не мінула і гебраяў, якія цярпелі ад гэтага таксама, як і егіпцяне. Але другая і трэцяя частка пакараньняў ужо не кранала гебраяў, бо Бог аддзяліў іх ад гэтага, каб яны захаваліся і сузіралі цуды Божыя. Цяжар пакараньняў узрастае ад першай да трэцяй часткі і дасягае сваёй кульмінацыі на дзесятым пакараньні, дзе Бог зьявіў веліч Сваёй моцы і ўлады, каб у егіпцян не засталося ніякіх аргумэнтаў па затрыманьню Божага народа на зямлі Егіпта.

Дзевяць Божых пакараньняў не ўтаймавалі фараона, бо ён не скарыўся і не пакаяўся і гэта кажа пра тое, што фараон не прымае здаровага сэнсу і таму, ў рэшце рэшт, гіне ў водах Чэрмнага мора. І гэта нас не павінна зьдзіўляць, бо фараон яўляе сабою ўвесь няверуючы сьвет і семя зьмея, якое будзе заўсёды джаліць, але ня больш таго.

«І даў Госпад ласку народу ў вачах егіпцянаў; да і Майсей быў вельмі вялікі ў зямлі Егіпецкай, у вачах рабоў фараонавых і ў вачах народа» (Вых 11:3). Гэтыя словы кажуць нам, што бяз Божай ласкі людзі падобныя на фараона, бо ачэрсьцьвяюць і ня хочуць каяцца. Але Бог пакліча і захавае таго каго хоча паклікаць. Апостал Павал кажа пра гэта: «Бо Ён кажа Майсею: “Зьлітуюся над тым, над кім зьлітуюся, і зьяўлю міласэрнасьць таму, каму зьяўлю міласэрнасьць”. Дзеля гэтага не ад таго, хто хоча, і не ад таго, хто бяжыць ад Бога, Які літуецца. Бо Пісаньне кажа фараону: “Дзеля таго Я падняў цябе, каб зьявіць на табе сілу Маю і каб імя Маё было абвешчана на ўсёй зямлі” Дзеля гэтага над кім хоча, літуецца, а каго хоча, закамяняе» (Рым 9:15-18).

Дзесятая і апошняе пакараньне складалася з таго, што апоўначы Бог паслаў анёла сьмерці на зямлю Егіпецкую, каб забіць усіх першынцаў: «І памрэ кожны першынец у зямлі егіпецкай ад першынца фараона, які сядзіць на пасадзе, да першынца рабыні, якая каля жорнаў, і ўсё першароднае з быдла. І будзе енк вялікі па ўсёй зямлі егіпецкай, якога не бывала і якога ня будзе болей, а ва ўсіх сыноў Ізраілевых ні на чалавека, ні на быдла не варухне сабака языком сваім, каб вы ведалі, якую розьніцу робіць Госпад паміж егіпцянамі і паміж ізраільцянамі» (Вых 11:5-7). Заўважым, што па міласьці Божай гэтае жудаснае пакараньне не кранулася Ізраіля, таму што па Божаму прыказаньню яны памазалі папярэчыны і вушакі дзьвярэй крывею беззаганнага ягняці і засталіся ў дамах сваіх, каб есьці прэсны хлеб і мяса гэтага ягняці. Так была ўстаноўлена гебрайская Пасха, як сьвята Госпаду за выхад з няволі.

Слова «Пасха» – па гебрайскі «песах», што азначае «прайду міма». І з гэтага выходзіць, што назва «Пасха» дадзена Госпадам таму, што пад час апошняга егіпецкага пакараньня Ён «прайшоў міма» дамоў Свайго народу, не зрабіўшы Сваім людзям ніякай шкоды: «І будзе ў вас кроў знакам на дамах, дзе вы знаходзіцеся, і ўбачу кроў і прайду міма, і ня будзе сярод вас пошасьці згубнае, калі буду караць зямлю Егіпецкую. І хай будзе вам дзень гэты незабыўны, і сьвяткуйце яго, як сьвята Госпаду ва ўсе роды вашыя; як устанаўленьне вечнае сьвяткуйце яго» (Вых 12:13-14). Бог кажа, што дзень Пасхі павінен быць незабыўным для гебраяў, як напамін пра жыцьцё ў рабстве і тыя падзеі, якія адбыліся пры вызваленьні. Бог называе гэты дзень сьвятам і таму народ Божы павінен зьбірацца разам і славіць Госпада. І нарэшце Пасха - гэта «усталяваньне вечнае», што ёсьць закон, а закон патрабуе выкананьня. Бог даў народу закон яшчэ да таго, як быў дадзены закон у гары Сынай.

Народ Божы павінен сьвяткаваць Пасху на працягу ўсёй сваёй гісторыі, пакаленьне за пакаленьнем. Гэта тычыцца і сучаснага Божага народу - хрысьціянаў. Новы Запавет дае нам словы Ісуса, якія даюць нам уяўленьне Пасхі як славу Ісуса Хрыста: «Калі ж яны елі, Ісус узяў хлеб, і, дабраславіўшы, паламаў, і даў вучням, і сказаў: “Бярыце, ешце; гэта ёсьць Цела Маё”. І, узяўшы келіх і падзякаваўшы, даў ім, кажучы: “Піце з яго ўсе, бо гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, якая праліваецца за многіх дзеля адпушчэньня грахоў» (Мац 26:26-28). Ісус Хрыстос абвесьціў, что Пасха ёсьць правобраз Яго самога і Ягонага служэньня. Ісус кажа, што віно - гэта сымбаль крыві Мэсіі, Які прымае на Сябе грахі Свайго народу, а хлеб - гэта сымбаль Ягонага цела, якое ўкрыжавана замест грэшнікаў. Ісус узьвяшчае, што Ён і ёсьць тое пасхальная Ягня, якое, замест Свайго народу, пралівае кроў і абараняе такім чынам Сваіх людзей ад гневу і суда Божага. Як Ізраіль быў пакрыты кроўю пасхальнага ягняці, так і Новы Ізраіль пакрыты кроўю Мэсіі. Хрысьціяне сьвяткуюць Пасху такім чынам, каб мець напамін пра тое, што Ісус Хрыстос збавіў Свой народ ад цемры і сьмерці, як і тое, што яна зьяўляецца сувязьзю паміж народам Божым часоў Старога Запавету і веруючымі Новага Запавету аж да нашых дзён.

Жудаснае пакараньне Егіпта прымусіла фараона даць волю Ізраілю, які рушыў да зямлі абяцанай пад аховай Самога Госпада: «А Госпад ішоў перад імі ўдзень у слупе воблачным, паказваючы ім дарогу, а ў начы ў слупе вогненым, сьвецячы ім, каб ішлі яны і ў дзень і ў начы» (Вых 13:21). Бог выбраў для Свайго народу ня блізкі і цяжкі шлях да сваёй волі, бо толькі Ён ведае сапраўдныя шляхі, якія вядуць да збаўленьня. Бог вядзе нас да збаўленьня тымі шляхамі, якія Ён лічыць неабходнымі і такім чынам абараняе нас ад пагібелі. Ягонае кіраўніцтва вучыць нас верыць у тое, што той тэрмін і шлях, які вызначае нам Госпад - ёсьць адзіная магчымасьць атрымаць збаўленьне.

«І абвешчана было валадару Егіпецкаму, што народ уцёк; і абярнулася сэрца фараонава і рабоў ягоных супраць народу гэтага, і яны сказалі: “Што гэта мы зрабілі? Навошта мы адпусьцілі ізраільцянаў, каб яны не працавалі на нас?”» (Вых 14:5). Фараон зьбірае войска і імкліва рушыць сьледам за ўцекачамі. Ён зьдзіўлены і адначасова задаволены тым, што гебраі апынуліся ў вельмі небясьпечнай, у стратэгічным плане, сітуацыі, бо наперадзе ў іх было Чэрмнае мора, а з-заду пустыня і войскі фараона: «І скажа фараон пра сыноў Ізраілевых: яны заблудзіліся ў зямлі гэтай, замкнула іх пустыня» (Вых 14:3).

Дарэчы слова «заблудзіліся» выкарыстоўваецца ў Старым Запавеце ў дачыненьні да хатніх жывёлаў, якія ня ведаюць куды ісьці.

Рэакцыя ізраільцянаў была прадказальнай і яны дэманструюць разгубленасьць і паніку: «І сказалі Майсею: “Хіба няма магілаў у Егіпце, што ты прывёў нас паміраць у пустыні? Што гэта ты зрабіў з намі, вывеўшы нас з Егіпта? Ці ж ня гэтае самае казалі мы табе ў Егіпце, сказаўшы: “Пакінь нас, няхай мы будзем працаваць на егіпцянаў. Бо лепш нам быць у рабстве ў егіпцянаў, чым памерці ў пустыне”» (Вых 14-11-12). Мы чуем словы здрады, бо ізраільцяне гатовы адмовіцца ад збаўленьня, якое дае ім Бог. Выпрабаваньне, якое даў ім Бог каля Чэрмнага мора, па сутнасьці сваёй, паказвае ўзровень, а дакладней недахоп веры ў абяцаньне Таго, хто можа ўсё.

Гісторыя выхаду народа Ізраіля дае нам каштоўную магчымасьць пабачыць тое, што Бог ніколі ня кідае Свой народ, а выпрабаваньні, якія прысутнічаюць у тых ці іншых абставінах ня што іншае, як вызначэньне ўзроўня нашае веры Таму, Хто вядзе нас да той мэты, якую Ён вызначыў для нас. Мы павінны усьведамляць усемагутнасьць Бога ва ўсіх сфэрах нашага жыцьця. Але, на жаль, мы часта губляем гэтую вялікую праўду, а наступствы гэтага вельмі сумныя, бо калі нашае сэрца не вытрымлівае выпрабаваньняў, дык гэтым самым мы дэманструем тое, што мы не давяраем Госпаду. Як жа мы падобныя на ізраільцянаў пры выхадзе з Егіпту. Але, калі мы набываем магчымасьць глядзець на кожнае выпрабаваньне як на магчымасьць праслаўленьня Госпада, дык гэта гарантуе нам добры выхад з любога крызісу: «Хто адлучыць нас ад любові Хрыстовае? Прыгнёт ці ўціск, ці перасьледаваньне, ці галізна, ці галеча, ці небясьпека, ці меч? Як напісана: “За Цябе забіваюць нас цэлы дзень; лічаць нас за авечкі, на зарэз”. Але ва ўсім гэтым мы перамагаем праз Таго, Які палюбіў нас» (Рым 8:35-37).

«І выбавіў Госпад у дзень той ізраільцянаў з рук егіпцянаў, і ўбачылі сыны Ізраілевы егіпцянаў мёртвых на беразе мора. І ўбачылі ізраільцяне руку вялікую, якую прасьцёр Госпад над егіпцянамі, і спалохаўся народ Госпада і паверыў Госпаду ды Майсею, рабу Ягонаму» (Вых 14:30-31).

Няма нічога немагчымага для Госпада і чым жахлівей сітуацыя, тым лепей магчымасьць у Госпада для дэманстрацыі Сваёй сілы і дабраславеньня. Чалавечая слабасьць - гэта магчымасьць Госпада абараніць нас. І калі гэта так, дык хто можа процістаяць нам? Бог, Які падзяліў Чэрмнае мора і збавіў Свой народ ад няволі, мае імкненьне паклапаціцца і пра нас, Ягоных дзяцей.

Апостал Павал кажа, што гісторыя выхаду Ізраіля вельмі актуальная і для сучаснай Царквы Хрыстовай: «Не хачу браты, каб вы ня ведалі, што бацькі нашыя ўсе былі пад воблакам, і ўсе прайшлі праз мора, і ўсе хрысьціліся ў Майсея ў воблаку і ў моры, і ўсе елі тую самую духоўную ежу, і ўсе пілі з духоўнае скалы, якая ішла за імі, а скала гэтая быў Хрыстос. Але ня многіх з іх упадабаў Бог, бо яны палеглі ў пустыні. А гэта сталася прыкладам для нас каб мы ня мелі пажаданьне ліха, як пажадалі яны» (1 Кар 10:1-6).

«Прыйшлі ў Мэру - і не маглі піць вады ў Мэры, бо яна была горкая, чаму і дадзена таму месцу назва: “Мэра”. І наракаў народ на Майсея, кажучы: “Што нам піць?”» (Вых 15:23-24).

Нараканьне гебраяў становіцца адной з важных тэмаў гісторыі вандраваньня ў пустыні. Тэма нараканьняў зьвязаная ня проста з прявамі незадавальненьня, але з адкрытым бунтам. Калі народ Божы адшукаў ваду, выяўляецца, што яе нельга піць з-за непрыемнага смаку, «бо яна была горкая», што магло азначаць атручанасьць вады ў гэтым месцы. Так пачалося выпрабаваньне гебраяў.

Бог адгукнуўся на бядотнае становішча людзей і зрабіў горкую ваду прыгоднай да ўжываньня. Але насьцярожвае той факт, што захапленьне і радасьць збаўленьня каля Чэрмнага мора так хутка зьмянілася нявер’ем і нараканьнем. Чаму гебраі так хутка зьмянілі свае паводзіны пры выхадзе з Егіпта? Адказ просты, бо ён на паверхні: «Гебраі жылі бачаньнем, а ня вераю». Каля Мэры яны сутыкнуліся з праблемай, якая тычылася іхніх асабістых патрэбаў. Паводзіны гебраяў не былі правільнымі, бо яны павінны былі зьвярнуцца за дапамогай да Госпада, але яны пачалі наракаць Майсею, а па сутнасьці выказалі недавер Богу. Бог паказвае людзям, што Яму падуладна ўсё і ператварае горкую ваду ў салодкую. Больш таго, Ён прыводзіць народ да Эліма, дзе яны знайшлі «дванаццаць крыніц вады і семдзесят пальмавых дрэў». Але гебраі жылі бачаньнем.

Вышаўшы з Эліма ў пустыню Сін, яны зноў наракаюць. У гэты раз на Майсея і Аарона, але зразумела, што яны наракаюць на Госпада: «І сказалі ім сыны Ізраілевыя: “О, калі б мы сканалі ад рукі Госпадавай у зямлі Егіпецкай, як мы сядзелі каля катлоў з мясам, як мы елі хлеба ўдосыць! Бо вы нас вывелі ў пустыню гэтую, каб усё супольства замарыць голадам» (Вых 16:3). Скарга гебраяў гучыць вельмі выразна. Яны хочуць мяса і хлеба. І зноў няма спадзяваньня на Госпада, але ёсьць нараканьне на тых, каго Ён паставіў на гэтае служэньне.

«І сказаў Майсей: “Даведаецеся, калі Госпад увечары дасьць вам мяса на ежу, а раніцай хлеба ўдосыць, бо Госпад пачуў нараканьні вашыя, якія вы ўзьвялі супраць Яго, а мы што? Не на нас нараканьні вашыя, а на Госпада» (Вых 16:8). Майсей і Аарон добра ведаюць настрой свайго народа. Гебраі наракаюць на Госпада, таму што гэта Ён вядзе іх з Егіпту. Але, нягледзячы на гэта, Бог абяцае Сваю цудоўную дапамогу для таго, каб людзі спынілі нараканьні і ўсьвядомілі памылковасьць сваіх паводзінаў. Бог дасьць ім і мяса і хлеба з неба, але ці зьнікне ў іх недавер да Таго, Хто дае ўсё гэта?

Гебраі занепакоіліся, што ў іх няма ежы і таму яны ўжо шкадавалі, што не сядзяць каля катлоў з мясам. Няхай і ў няволі, але маючы ежу ад фараона. Яны не давяралі Госпаду і таму наракалі.

Калі Ісус Хрыстос казаў Нагорную пропаведзь, дык Ён казаў ня толькі Сваім сучасьнікам, але і ўсім астатнім пакаленьням людзей. Складаецца ўражаньне, што Ісус Хрыстос зьвяртаецца і да таго пакаленьня гебраяў, якое наракала ў пустыне: «Таму кажу вам: не клапаціцеся пра душу вашую, што вам есьці і што піць, ні дзеля цела вашага, у што апрануцца. Ці ж душа ня большая за ежу, ані пра цела вашае, у што апрануцца. Ці ж душа ня большая за ежу, і цела - за адзеньне? Паглядзіце на птушак нябесных, што ані сеюць, ані жнуць, ані зьбіраюць у сьвірны, і Айцец ваш Нябесны жывіць іх. Наколькі ж вы лепшыя за іх Хто ж з вас сваім клопатам можа дадаць сабе росту хоць адзін локаць?» (Мац 6:25-27). Словы Ісуса Хрыста найлепшым чынам падыходзілі да тых гебраяў, якіх Госпад вёў у зямлю абяцаную. Яны ні сеялі, ні жалі і не зьбіралі ў сьвірны, бо ў пустыні гэта немагчыма па вызначэньню, але яны былі народам Божым і таму найкаштоўным стварэньнем, як казаў Хрыстос: «Намнога лепшыя за птушак». Дык як ім было не даверыцца Госпаду, Які корміць нават тых, хто ня здольны зьбіраць у сьвірны?.

Паглядзем на недавер і нараканьні гебрэаў да Госпада і пазнаем саміх сябе, бо калі нам становіцца цяжка, дык мы чамусьці пачынаем непакоіцца і нярвова аглядацца ў мінулае, дзе было як быццам бы лепш. Падобныя пачуцьці паказваюць толькі тое, што мы ня маем поўнага даверу Госпаду ў тое, што Ягоны план выконваецца на зямлі, як і на небе. Але, каб атрымаць той станоўчы вынік з гэтай біблійнай гісторыі, які Бог хоча ўкласьці ў нашыя сэрцы, мы павінны зразумець, што Бог будзе выпрабоўваць нас так, як Ён выпрабоўваў народ Ізраіля ў пустыне. Бог жадае гэтым умацаваць наш давер і спадзяваньне на Госпада, каб вярнуць нас да дабрачыннага жыцьця і разуменьня Божай праўды. Бог хоча, каб мы не наракалі, калі жыцьцё становіцца цяжкім, а зьвярталіся да Яго з малітваю і служылі Яму ўсім сэрцам, усёй душою і ўсім сваім разуменьнем.

«Раса паднялася, і вось, на паверхні пустыні нешта дробнае, падобнае на крупы, дробнае, як іней на зямлі. І ўбачылі сыны Ізраілевыя і сказалі адзін аднаму: “Што гэта?” Бо ня ведалі, што гэта. І Майсей сказаў ім: “Гэта хлеб, які Госпад даў вам на ежу”» (Вых 16:14-15).

Бог спаўняе абяцаньне і дае ўвечары людзям перапёлак на мяса, а раніцай Госпадавага хлеба, якога раней ніхто з людзей ня бачыў. Калі гебраі убачылі гэтае нешта дробнае, падобнае на крупы, дык зьдзівіліся і сказалі адзін аднаму: «Ман ху – што гэта?». Гэты незвычайны хлеб назвалі словам «манна», якое паходзіць ад гебрайскага «ман – што». Хлеб Госпадаў ня быў прызначаны для зьбіраньня ў засекі, каб прывучыць гебраяў да кожнадзённага спадзяваньня на Госпада і таму ня мог захавацца для нашчадкаў, як матэр’яльнае пацьверджаньне гэтага Божага цуду.

Манна зьяўляецца правобразам Ісуса Хрыста, бо Ісус Сам кажа, што Ён ёсьць праўдзівы хлеб, дадзены Айцом дзеля таго, каб насыціць людзей: «Сказаў ім тады Ісус: “Сапраўды, праўду, сапраўды кажу вам: “Не Майсей даў вам хлеба з неба, але Айцец Мой дае вам праўдзівы хлеб з неба, бо хлеб Божы ёсьць Той, Які сыходзіць з неба і дае жыцьцё сьвету”. Тады сказалі Яму: “Госпадзе! Давай нам заўсёды такі хлеб”. Ісус жа сказаў ім: Я ёсьць хлеб жыцьця. Хто прыходзіць да Мяне, ня будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ня будзе смагнуць ніколі» (Ян 6:32-35).

«І рушыла усё супольства сыноў Ізраілевых з пустыні Сін у дарогу сваю, паводле загаду Госпада, і разьмясьцілася табарам у Рэфідыме; і ня было вады піць людзям. І дакаралі людзі Майсея, і казалі: дайце нам вады піць. І сказаў ім Майсей: што вы дакараеце мяне? Што спакушаеце Госпада? І прагнуў там люд вады, і наракаў люд на Майсея, кажучы: “Навошта ты вывеў нас з Егіпта, замарыў смагаю нас і дзяцей нашых і статкі нашыя?”» (Вых 17:1-3). Ізраільцяне выказваюць сваё абурэньне і сваю варожасьць. Яны абвінавачваюць Майсея ў тым, што ён вывеў іх з Егіпта на згубу. Нараканьне на Майсея дасягае сваёй кульмінацыі, бо недарма Майсей заенчыў да Госпада: «Што мне рабіць з народам гэтым? Яшчэ крыху, і паб’юць мяне камянямі» (Вых 17:4).

Бог цудоўным чынам задавальняе патрэбы Ізраіля, калі дае цудоўнае даручэньне Майсею: «Вось, Я стану перад табою там на скале ў Харыве, і ты ўдарыш у скалу, і пойдзе з яе вада, і будзе піць народ» (Вых 17:6). Заўважым, што Бог загадаў Майсею ісьці да гары Харыў - месцу, дзе Госпад адкрыўся яму ў кусьце, які не згарае і загадаў яму ісьці ў Егіпет. Дарэчы Харыў - гэта адно з назваў гары Сынай. І менавіта тут гебраі атрымаюць неўзабаве закон ад Госпада. Па гебрайскаму звычаю месца, дзе здарыўся цуд атрымала назву «Маса і Мерыва». Слова «Маса» азначае «спакушэньне», а слова «Мерыва» - «дакор». Сэнс назвы гэтай мясьціны ў тым, што народ павінен быў памятаць тое, як ён ганебна і неразумна паводзіў сябе ў той выпрабавальны момант.

Апостал Павал тлумачыць тое, што здарылася ля Масы і Мерывы наступным чынам: «І ўсе пілі тое самае духоўнае пітво, бо пілі з духоўнае скалы, якая ішла за імі, а скала тая быў Хрыстос» (1 Кар 10:4) Як Госпад прысутнічаў у пустыне, так Ён прысутнічае і сёньня ў Царкве. І Ён дае нам напамін пра тое, што Бог адпрэчыць тых, хто спакушае і наракае на Яго. Мы павінны навучыцца на прыкладзе сваіх продкаў і не паводзіць сябе так, як яны паводзілі сябе ў Масе і Мерыве, як паводзілі сябе ў пустыні Сім і ў Мэры.

«І рушылі яны з Рэфідыма, і прыйшлі ў пустыню Сынайскую, і сталі там табарам насупраць гары» (Вых 19:2).

Народ Ізраіля разьмясьціўся ля падножжа гары Сынай, а Майсей узыйшоў на гару, дзе Бог прамовіў яму тое, што ён павінен быў перадаць гебраям: «Вы бачылі, што Я зрабіў егіпцянам, і як Я насіў вас на арліных крылах, і прынёс вас да Сябе. Дык вось, калі вы будзеце слухацца голасу Майго і шанаваць запавет Мой, дык будзеце Маім скарбам з усіх народаў, бо Мая ўся зямля, і вы будзеце ў Мяне валадарствам сьвятароў і народам сьвятым; вось словы, якія ты скажаш сынам Ізраілевым» (Вых 19:4-6). Майсей павінен быў перадаць тры асноўных думкі і тры асноўныя ўмовы, якія зьмяшчаліся ў Божым прамаўленьні.

Па-перашае, Бог дае напамін пра тое, што Ён пакараў няверуючых егіпцянаў як і тое, што гебраі былі сьведкамі гэтага. Па- другое, Бог кажа пра тое, што Ён збавіў Ізраіль і насіў іх на арліных крылах, бо мы бачылі зьнішчэньне Егіпецкага войска і перамогу над Амалікіцянамі ў Рэфідыме. І па-трэцяе, Бог кажа, што Ён прывёў гебраяў да Сябе, да Сынаю.

Бог адначасова ставіць перад народам умовы, калі кажа: «Калі вы будзеце слухацца». І калі Ізраіль будзе слухацца Госпада, дык атрымае вялікія дабраславеньні. Па-першае, ён будзе выбраным народам Госпада. Па-другое, народ Ізраіля ў запавеце з Госпадам будзе «валадарствам сьвятароў». Такім чынам, яны стануць сьвятлом для астатніх народаў і будуць выконваць ролю духоўных пасланцаў Госпада. І па-трэцяе, Ізраіль будзе «народам сьвятым». Слова «сьвяты» перакладаецца з гебрайскага «кадош», што літаральна вызначае як «аддзелены, асаблівы і ўнікальны». Гэтае слова зьмяшчае ў сабе ідэю выбранасьці. Бог выбраў і аддзяліў Ізраіля для таго, каб даць яму запавет. І ніякае іншае валадарства ці народ ня можа пахваліцца тым жа.

Гэтыя дабраславеньні дзейсныя для Божага народа і сёньня. Апостал Пётр кажа нам пра гэтыя дабраславеньні: «А вы – выбраны род, валадарнае сьвятарства, народ сьвяты, людзі атрыманыя як удзел, каб абвяшчаць цноты Таго, Які паклікаў вас з цемры ў дзіўнае сьвятло Сваё, некалі не народ, цяпер - народ Божы, некалі не мілаваныя, а цяпер - памілаваныя» (1 Пят 2:9-10). Гэта пра Царкву, якая ёсьць новы Ізраіль, і ўсе абяцаньні, якія даваў Бог Свайму народу Ізраіля, сапраўдныя і сёньня для Сваёй Царквы.

Бог даў Ізраілю цудоўныя зямныя абяцаньні. Ён выбрае яго для Сябе і яны стануць валарствам сьвятароў і сьвятым народам. Але Ізраіль павінен разумець, што запавет паміж імі і Богам - гэта запавет не паміж роўнымі, бо паміж імі пралягае вялізарная дыстанцыя. Бог сьвяты, а Ізраіль - не. Бог – гэта Валадар, а Ізраіль – просты народ. А калі гэта так, дык не павінен народ прыступаць да Бога дзёрзска і фанабэрліва. Народ павінен духоўна і фізічна падгатавацца да прышэсьця Бога, бо менавіта таму Госпад прамаўляе да Майсея: «І сказаў Госпад Майсею: “Вось, Я прыйду да цябе ў густым воблаку, каб чуў народ, як Я буду гаварыць з табою, і паверыў табе назаўсёды”. І Майсей абвесьціў словы народу да Госпада. І сказаў Госпад Майсею: “Ідзі да народу, і асьвяці яго сёньня і заўтра. Хай вымаюць вопратку сваю, каб быць гатовымі да трэцяга дня: бо на трэці дзень сыйдзе Госпад на вачах усяго народу на гары Сынай; і правядзі народу рысу з усіх бакоў”. І скажы: “Сьцеражэцеся ўзыходзіць на гару і дакранацца да падножжа яе, бо кожны хто дакранецца да гары, аддадзены будзе сьмерці» (Вых 19:9-12).

Бог яўляе Сваю фізічную прысутнасьць дзеля немачы гебраяў, бо пасьля выхаду з Егіпта яны жывуць бачаньнем, а ня вераю. Ён дае ім відавочны доказ Свайго існаваньня і моцы, каб народ паверыў і пачаў давяраць Майсею. Бог ставіць мяжу паміж Сабою і Сваім народам, калі кажа: «Сьцеражэцеся ўзыходзіць на гару». Ён кажа Майсею, што свавольле будзе каштаваць жыцьця. Ці ня тое самае Бог абяцаў Адаму і Еве ў Эдэмскім садзе, калі яны не паслухаюць Бога?

Пісаньне абадзёрвае нас калі кажа, што Новы запавет кардынальна перамяняе сітуацыю: «Бо не падыйшлі вы да гары, да якой можна дакрануцца і якая палае агнём, ані да віхуры, і цемры, і буры, ані да гуку трубы і голасу словаў, пра якія тыя, што чулі, прасілі, каб да іх не было больш слова, бо ня вытрымалі перасьцярогі: “Калі і зьвер кранецца гары, будзе ўкаменаваны ці стралою забіты”, і гэткая жахлівая была тая праява, што Майсей сказаў: “Я напалоханы і трасуся”. Але вы падыйшлі да гары Сыён і да гораду Бога Жывога, да Нябеснага Ерусаліму і да дзясяткаў тысячаў анёлаў, да вальнага зграмаджэньня і царквы першародных, якія запісаныя ў небе, і да Бога, Судзьдзі ўсіх, і да духаў праведных і дасканалых, і да Пасярэдніка новага запавету Ісуса, і да крыві пакрапленьня, якая лепш за Абэлеву гаворыць» (Геб 12:18-24).

З жахам Ізраільцяне падыходзілі да Бога ў гары Сынай, бо яны былі разьяднаныя з Ім і таму ім пад страхам сьмерці было забаронена набліжацца да Яго. Гэта лёс тых, хто стаіць пад законам. Але з прышэсьцем Ісуса Хрыста ўсё перамяняецца, бо: «Бог зьявіўся ў целе» (1 Цім 3:16). Ісус Хрыстос стаўся Пасярэднікам навага і лепшага запавету, бо ў адрозьненьні ад Ізраіля хрысьціяне прыходзяць не да гары, але да пасаду Ісуса Хрыста.

Прамаўленьне Госпада на гары Сынай дае Ізраілю закон, які пачынаецца з Дзесяці прыказаньняў, як асновы ўсяго Закону. Дзесяць прыказаньняў можна ўмоўна падзяліць на дзьве часткі: першыя чатыры нагадваюць абавязак чалавека ў адносінах да Бога, а астатнія шэсьць – абавязак чалавека ў адносінах да свайго блізкага. І калі мы разважаем над словамі Ісуса Хрыста, якія Ён прамаўляе ў адказ на пытаньне фарысэя: «Настаўнік! Якое найбольшае прыказаньне ў Законе?» (Мац 22:36), мы бачым, што Ісус пацьверджвае гэты падзел Сваім адказам фарысею законьніку: «Любі Госпада Бога твайго, ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім. Гэта першае і найбольшае прыказаньне. Другая ж падобная да яго: “Любі блізкага свайго, як самога сябе”. На гэтых двух прыказаньнях трымаецца ўвесь Закон і Прарокі» (Мац 22:36-40).

Трэба заўважыць некалькі момантаў, якія вызначаюць зьмест і структуру дадзеных асабіста Госпадам Дзесяці прыказаньняў. Па-першае – гэта адкрыцьцё, якое выходзіць ад самога Бога без пасярэдніцтва Майсея, з запісам рукою Бога на каменных скрыжалях. Па-другое, пры напісаньні прыказаньняў Бог зьвяртаецца да народа займеньнікам «ты», што падкрэсьлівае адзінства Божага народа пад запаветам і абавязковасьць прыказаньняў для ўсіх гебраяў. Па-трэцяе, колькасьць прыказаньняў складаецца з лічбы «дзесяць», што сымбалізуе паўнату і забарону дадаваць да гэтага яшчэ што-небудзь. Трэба да гэтага дадаць, што прыказаньні былі напісаныя на камяні з двух бакоў. Гэта кажа пра тое, што Дзесяць прыказаньняў – гэта Закон на ўсе часы і ён абавязковы для выкананьня ў любую гістарычную эпоху. І гэта ня дзесяць рэкамендацый, але абсалютная і вечная праўда.

Дзесяць прыказаньняў – гэта кодэкс асноўных законаў, якіх трэба трымацца ў сваім жыцьці, бо яны дадзены на ўсе часы існаваньня чалавецтва.

Першае прыказаньне загадвае нам адварочвацца ад іншых багоў, але спадзявацца толькі на Госпада. Трэба разумець, што ідалапаклонства можа прымаць вельмі разнастайныя формы. Можна пакланяцца багацьцю, славе і нават асабістаму страўніку. Але прыказаньне заклікае задавальняцца адзіным Богам і пакланяцца толькі Яму.

Паводле другога прыказаньня, мы не павінны ствараць выяваў Госпада. Мы павінны ўзносіць да Госпада чыстае пакланеньне, як патрабуе гэта Яго прырода, а ня так, як гэта мы сабе ўяўляем.

Трэцяе прыказаньне кажа пра нашу гаворку. Мы не павінны лёгкадумна казаць пра Яго ці клясьціся Ягоным імем. Імя Бога трэба прамаўляць у шчырай паважлівасьці і пакоры.

Чацьвёртае прыказаньне загадвае нам памятаць дзень суботні і сьвяціць яго: «Бо за шэсьць дзён стварыў Госпад неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх, а ў дзень сёмы спачыў. Таму дабраславіў Госпад дзень суботні і асьвяціў яго» (Вых 20:11). Мы павінны працаваць шэсьць дзён на тыдзень і па шчырасьці сваёй мы павінны прызнаць, што маем дастаткова сур’ёзны недахоп часу для малітвы, нейкіх дабрачынных справаў і дасьледваньню слова Божага. Але Бог вырашае гэтыя пытаньні, калі дае нам дзень суботы і з ім цудоўнае абяцаньне: «Калі ўтрымаеш нагу тваю дзеля суботы ад выкананьня прымхаў тваіх у сьвяты дзень Мой, і будзеш называць суботу радасьцю, сьвятым днём Госпада, шанавальным, і ўшануеш яго тым, што ня будзеш займацца звычнымі тваімі справамі, дагаджаць тваёй прымахаці і пустасловіць, дык будзеш мець радасьць у Госпадзе, і Я ўзьвяду цябе на вышыні зямныя і дам скаштаваць табе спадчыну Якуба, бацькі твайго. Вусны Госпада прамовілі гэта» (Іс 58:13-14).

Гэта першая частка Закона, якая вызначае адносіны чалавека да Бога. Другая ж частка закладае асноўныя прынцыпы ўзаемаадносінаў паміж людзьмі.

Пятае прыказаньне вызначае абавязкі дзяцей перад сваімі бацькамі. Яны павінны «шанаваць» сваіх бацькоў і не павінны пагарджаць імі. Гэтае прыказаньне патрабуе паслухмянасьці: «Дзеці, слухайцеся бацькоў сваіх у Госпадзе, бо ў гэтым праведнасьць. Шануй бацьку твайго і маці – гэта першае прыказаньне з абяцаньнем: “Каб было табе добра, і быў ты даўгалетнім на зямлі”» (Эф 6:1-3). Цудоўнае абяцаньне Госпада.

«Не забівай» – гэта шостае прыказаньне, якое азначае забарону забойства чалавека чалавекам. Ісус Хрыстос кажа, што гэтае прыказаньне тычыцца ня толькі фізічнага дзеяньня, але забараняе забойства ў сэрцы чалавека: «Вы чулі, што сказана старадаўным: “Не забівай; а хто заб’е, падлягае суду”. А Я кажу вам, што усякі, хто гневаецца на брата свайго дарэмна, падпадае суду; а хто скажа брату свайму “Рака”, падлягае “сынэдрыёну”, а хто скажа “Дурань”, падлягае гееньне вогненай» (Мац 5:21-22). Забойства зьдзяйсьняе рука, але задумвае сэрца ў нянавісьці сваёй.

«Не чыні пералюбу» – сёмае прыказаньне Госпада, якое забараняе людзям мець сэксуальныя сувязі з кім бы тое не было, акрамя свайго шлюбнага партнэра. Мы зноў зьвяртаемся да Новага запавета, дзе Ісус Хрыстос кажа, што пажады сэрца асуджаны гэтым прыказаньнем, як і «чужаложжа» фізічнае: «Вы чулі, што сказана старадаўным: “Не чужалож”. А Я кажу вам, што ўсякі, хто глядзіць на жанчыну жадаючы яе, ўжо чужаложыць з ёю ў сэрцы сваім» (Мац 5:27-28). Сёмая запаведзь забараняе ўсе астатнія формы сэксуальнай разбэшчанасьці і загадвае нам мець дастойныя сэксуальныя паводзіны.

«Ня крадзь» – восьмае прыказаньне, якое стаіць на абароне прыватнай маёмасьці і яна тычыцца ўсёй эканамічнай дзейнасьці чалавека. Дарэчы слова «крадзь» адпавядае гебрайскаму слову «ганаб», якое літаральна азначае «зьбягаць, таемна прыхапіўшы нешта чужое». І гэта тычыцца ня толькі нейкіх рэчаў, але гаворка можа ісьці і пра крадзёж людзей: «Бо я ўкрадзены з зямлі гебраяў» (Быц 40:15).

Дзевятае прыказаньне забараняе ілжывыя сьведчаньні на сваіх блізкіх. Але адкажам адразу на пытаньне: «Каго можна лічыць блізкім?» У прыпавесьці пра самараніна Ісус вызначае, што менавіта незнаёмы самаранін быў «блізкім» пацярпеламу гебраю. Гэтае прыказаньне распаўсюджваецца і на забарону пляткарыць і падманваць блізкага свайго. Не дазваляецца таксама даваць пустыя абяцаньні і лісьлівіць, бо ўсякія плёткі, нагаворы ці падлізваньне недапушчальныя.

«Ня прагні дому бліжняга твайго, ня прагні жонкі бліжняга твайго, ні раба ягонага, ні рабыні ягонай, ні вала ягонага, ні асла ягонага, нічога, што ў блізкага твайго» – дзесятае прыказаньне Госпада, якое завершвае гэты дэкалог і якая тычыцца не грахоўных учынкаў, але прагненьняў сэрца, якія могуць прывесьці да праяваў грэху. Гебрайскае слова «прагнуць», азначае эгаістычнае жаданьне чаго-небудзь. Мы бачым эгаістычнае жаданьне Евы паспрабаваць плод з дрэва, якое знаходзілася пад забаронай і не прыналежала ёй. Грэх Евы складаўся не з таго, што яна паспрабавала забаронены плод, але з таго, што яна мела эгаістычнае жаданьне плоду, якое і прывяло яе да грэху.

Дасьледваньне Дзесяці Божых прыказаньняў непазьбежна паказвае нам, што няма ніводнага прыказаньня, якога б мы не парушылі, бо калі мы невінаватыя ў грахоўных учынках, дык нашыя сэрцы нас асуджаюць. Гэта адна з галоўных мэтаў Закона, бо ён дае нам магчымасьць усьвядоміць нашыя грахі. Закон кажа, што мы ўсе ў аднолькавай ступені грэшныя: «Бо хто захоўвае ўвесь Закон, але спатыкнецца ў нечым адным, той стаўся вінным у-ва ўсім» (Як 2:10).

Закон ня здольны пазбавіць нас ад грэху. Ён можа выявіць іх, але ня можа зьнішчыць. І таму нам неабходна нешта іншае і большае. Закон выяўляе нам нашыя грахі і дае нам разуменьне, што вырашэньне нашай праблемы – гэта вера ў Ісуса Хрыста: «Так што Закон стаўся нашым выхавацелем да Хрыста, каб нам быць апраўданымі з веры. А як прыйшла вера, мы ўжо не пад выхавацелем» (Гал 3:24-25).

«Калі народ убачыў, што Майсей доўга ня сыходзіць з гары, дык сабраўся да Аарона і сказаў яму: “Устань і зрабі нам бога, які ішоў бы перад намі, бо з гэтым чалавекам, з Майсеям, які вывеў нас з зямлі Егіпецкай, ня ведаем, што зрабілася» (Вых 32:1).

Сорак дзён і сорак начэй быў Майсей на гары Сынай, дзе Бог праз яго дае народу Ізраіля Закон. Бог клапоціцца ня толькі пра сёняшні стан Свайго народа, але Ягоны клопат і на ўсе будучыя пакаленьні Ізраіля. Але пакуль Майсей служыць на гары Госпаду дзеля будучыні свайго народа, у падножжа гары Сынай разварочваюцца вельмі драматычныя падзеі. Народ, які кароткі час таму абяцаў Госпаду: «Усё, што сказаў Госпад, зробім» (Вых 24:3), па сутнасьці адмаўляецца ад абяцаньня, бо парушае два прыказаньні першай частцы дэкалога, якія вызначаюць адносіны чалавека да Бога.

Зноў гебраі бунтуюць, зьневажаючы Майсея. Яны кажуць: «Гэты чалавек Майсей», што сярод гебраяў азначала непаважлівасьць да гэтага чалавека. Яны зьвяртаюцца да Аарона, які займае пазыцыю як кажуць «і вашым і нашым», а па сутнасьці падтрымлівае адступства Ізраіля ад свайго Бога.

«І сказаў Госпад Майсею: “Пасьпяшайся сысьці, бо разбэсьціўся народ твой, які ты вывеў з зямлі Егіпецкай”. Хутка ўхіліліся яны ад шляху, які Я наказаў ім. Зрабілі сабе літае цяля і пакланіліся яму, і прынесьлі яму ахвяры і сказалі: “Вось бог твой, Ізраіле, які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай!” І сказаў Госпад Майсею: “Я бачыў народ гэты, і вось, народ ён – цьвёрдахрыбетны; дык вось, пакінь Мяне, хай запалымнее гнеў Мой на іх, і зьнішчу іх і выведу шматлікі народ ад цябе”» (Вых 32:7-10).

Божы гнеў праяўляецца ў тым, што Ён аддаляе Сябе ад гебраяў, бо кажа Майсею: «Разбэсьціўся народ “твой”, які "ты” вывеў з зямлі Егіпецкай». Больш таго, Ён кажа: «Гэты народ», тым самым укладаючы ў гэта той жа самы сэнс, што і гебраі ў адносінах да Майсея. Але Майсей заступіўся за народ і пераканаў Госпада сваёй шчырай і моцнай заступніцкай малітвай: «І адмяніў Госпад ліха, пра якое сказаў, што навядзе яго на народ Свой» (Вых 32:14).

Майсей – гэта вялікі пастар свайго народа і вялікі прыклад для тых, каго Бог ставіць на пастарскае служэньне. Вестмінстэрскае спавяданьне (1646 г.) падкрэсьлівае абавязак пастара «маліцца за сваю паству і разам са сваёй паствай, як прадстаўніку народа перад Богам».

Калі Майсей сышоў з гары, дык сустрэўшы Ісуса сына Нава, які чакаў яго, ён сваімі вачамі ўбачыў тое, пра што казаў яму Бог: «Калі ж ён наблізіўся да табара і ўбачыў цяля і скокі, тады ён запаліўся гневам і кінуў з рук сваіх скрыжалі і разьбіў іх пад гарою» (Вых 32:19). Майсей усьвядоміў, якім агідным быў грэх народа і таму разьбіцьцё скрыжаляў сымбалізуе тое, што гебраі парушылі запавет з Госпадам. Майсей заклікае Аарона адказаць за тое, што адбываецца каля гары Сынай: «Што зрабіў табе народ гэты, што ты ўвёў яго ў грэх вялікі» (Вых 32:21).

А грэх Аарона сапраўды вялікі, бо апроч таго, што ён парушыў разам з народам два першых Божых прыказаньні, ён парушыў і дзевятае прыказаньне, калі схлусіў Майсею: «І сказаў ім, у каго ёсьць золата, здыміце з сябе. І аддалі мне; і я кінуў яго ў агонь, і выйшла гэтае цяля» (Вых 32:24). Аарон схлусіў Майсею, бо сваімі рукамі зрабіў гэтае цяля: «І ўвесь народ зьняў залатыя завушніцы з вушэй сваіх і прынесьлі Аарону. Ён узяў іх з рук іхніх, і зрабіў з іх літае цяля, і абрабіў яго разцом» (Вых 32:3-4). Заўважым, што грэх нараджае яшчэ большы грэх, калі наступным грахом пакрываецца папярэдні. Ці ня так бывае і з намі ў гэтым жыцьці?

«На наступны дзень сказаў Майсей народу: «Вы зрабілі вялікі грэх. Дык вось, я падымуся да Госпада, ці не заглажу грэху вашага. І вярнуўся Майсей да Госпада і сказаў: “О, народ гэты зрабіў вялікі грэх, зрабіў сабе бога. Даруй ім грэх іхні, а калі не, дык сатры і мяне з кнігі Тваёй, у якую Ты ўпісаў”. Госпад сказаў Майсею: “Таго, хто зграшыў перад Мною, сатру з кнігі Маёй. Дык вось ідзі, вядзі народ гэты, куды Я сказаў табе. Вось анёл Мой пойдзе перад табою, і ў дзень наведваньня Майго Я наведаю іх за грахі іхнія. І пакараў Госпад народ за зробленая цяля, якое зрабіў Аарон» (Вых 32:30-35).

Заклік Майсея дараваць грахі Ізраілю за ахвяру асабістага жыцьця не падтрымана Госпадам, бо жыцьцё Майсея каштавала ў вачах Бога нашмат болей. Ізраіль жа панёс пакараньне за свае грахі. І таму нам, хрысьціянам трэба славіць ахвяру Ісуса Хрыста, бо ня мы палюбілі Бога, а Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго, каб умілажаліцца з грахоў нашых. Ісус Хрыстос узяў грахі Свайго народа на Сябе, як кажа апостал Павал: «І вас, якія былі мёртвыя ў грахах і неабразаньні цела вашага, Ён ажывіў разам з Ім, дараваўшы нам усе грахі, сьцёршы рукапіс пастановаў, што былі супраць нас: і Ён узяў яго спасярод, прыбіўшы да крыжа» (Кал 2:13-14).

Кніга Выхад пачалася пакутамі Ізраіля у Егіпецкай няволі, а завершваецца радасным шэсьцем свабоднага Ізраіля ў зямлю абяцаную пад кіраўніцтвам адзінага Бога. Менавіта так мы павінны глядзець на сваё жыцьцё. Мы можам пакутваць, паміраць ад голаду, па рознаму выпрабоўвацца, але нашая ўзнагарода – гэта Божая прысутнасьць з намі заўсёды і ў любых жыцьцёвых абставінах.

Закон Божы складаўся з трох частак: абрадавай, грамадзянскай і маральнай. Абрадавая частка Закону рэгламентавала форму пакланеньня Госпаду. Грамадзянская частка давала правілы паводзінаў грамадзтва. Маральная складаючая закону – гэта Дзесяць прыказаньняў, маючых вечную каштоўнасьць. Навошта Бог дае Закон Ізраілю? Калі Адам і Ева зграшылі, дык Бог паабяцаў чалавецтву збаўленьне праз сьмерць Ісуса Хрыста. Але Бог дае Закон. Ці не азначае гэта тое, што Бог перамяніў Свае адносіны да спосабу збаўленьня і чакае, што толькі выкананьнем Закона чалавек атрымае збаўленьне? «Ніяк» – кажа апостал Павал, калі тлумачыць гэты закон галятам: «Дык ці Закон супраць абяцаньняў Божых? Няхай ня станецца! Бо калі б быў дадзены закон, які можа ажыўляць, праўдзіва, праведнасьць была б з закону. Але Пісаньне замкнула ўсё пад грэхам, каб абяцаньне з веры Ісуса Хрыста было дадзена тым, якія вераць. А перш, чым прыйшла вера, мы былі пад аховаю Закону, замкнёныя дзеля атрыманьня веры, якая мела адкрыцца. Так што Закон стаўся нашым выхавацелем да Хрыста, каб нам быць апраўданымі з веры» (Гал 3:21-24).

Закон быў дадзены для таго, каб была відавочна сьвятасьць Бога і грахоўнасьць чалавека. Каб паказаць, што людзям неабходна праведнасьць, якая можа быць дадзена толькі Хрыстом і зьяўляецца вынікам Ягонай збаўляльнай сьмерці за Свой народ. Кніга Выхад насычана правобразамі і сымбалямі Ісуса Хрыста, якія пацьверджваюць тыя абяцаньні, якіе дае Бог у кнізе Быцьця.

Пасха – гэта галоўны правобраз Ісуса Хрыста: «Дык ачысьціце старую кісьлю, каб быць вам новым цестам, бо вы прэсныя, бо Пасха наша, Хрыстос, заколены за нас» (1 Кар 5:7). Мы нараджаемся ў гэты сьвет з прысудам да вечнай сьмерці падобна таму, як першынцы ў Егіпце былі асуджаны Богам на сьмерць фізічную. Але ў Хрысьце мы маем збаўленьне. Ён – беспахібнае Ягня Божае, Які ня мае грэху: «Вось Ягня Божае, Які бярэ на Сябе грэх сьвету» (Ян 1:29). Усе, хто шукае збаўленьне ў Хрысьце і з вераю прымаюць збаўляльную сьмерць Ісуса Хрыста, знаходзяцца ў поўнай бясьпецы, бо Бог пройдзе міма іх, калі вылье Свой гнеў на гэты сьвет.

Выхад – правобраз таго, як Ісус Хрыстос збаўляе Свой народ ад грэху і вядзе яго да жыцьця духоўнага. Выхад – гэта правобраз і Самога Ісуса Хрыста, Які таксама выйшаў з Егіпту, дзе бацькі хавалі Яго ад Ірада, які намагаўся забіць Дзіцяці.

Манна – гэта Ісус Хрыстос як хлеб праўды, Які сыйшоў з нябёсаў і Які дае вечнае жыцьцё ўсім веруючым: «Я - хлеб жыцьця. Бацькі вашыя елі манну ў пустыне і паўміралі. Хлеб жа, які з неба зыходзіць, такі, што той, хто будзе есьці яго, не памрэ. Я – хлеб жывы, які з неба зыйшоў. Хто будзе есьці хлеб гэты, жыць будзе на вякі. Хлеб жа, які Я дам, ёсьць Цела Маё, якое Я аддам за жыцьцё сьвету» (Ян 6:48-51).

Скала, з якой цудоўным чынам выйшла вада для Ізраіля – гэта правобраз Ісуса Хрыста, Які зьяўляецца Камянём, з якога выліваецца вада вечнага жыцьця: «І ўсе пілі тое самае духоўнае пітво, бо пілі з духоўнае скалы, якая ішла за імі, а скала гэтая быў Ісус Хрыстос» (1 Кар 10:4).

Скінія, якую Бог выкарыстоўваў для таго, каб знаходзіцца сярод Ізраіля, зьяўляецца сымбалем Госпада Ісуса Хрыста, у Якім быў Бог і праз Якога Ён меў зносіны з людзьмі. Ахвяры, якія прыносіліся ў скініі, служылі правобразам Ісуса Хрыста як дасканалай ахвяры за грэшнікаў, а першасьвятар, які прыносіў ахвяры ўвасабляў Ісуса Хрыста як нашага Першасьвятара: «Дык маючы Першасьвятара вялікага, Які прайшоў праз няба, Ісуса, Сына Божага, будзем трымацца вызнаньня. Бо маем Першасьвятара не такога, што ня можа спачуваць слабасьцям нашым, але такога, які, падобна нам, дазнаў спакушэньня ў-ва ўсім, апрача грэху» (Геб 4:14-15). Скінія Ізраіля – гэта вобраз набеснай скініі, дзе Ісус Хрыстос служыць Першасьвятаром. Ён прынёс Сваё цела ў ахвяру за Свой народ і Ён зараз знаходзіцца там. На гары Сынай Майсей атрымаў ня толькі план скініі Ізраіля, але план скініі, якая ўжо існавала ў нябёсах.


Рецензии