Книга Бытия. Патриархи
ПАТРЫЯРХІ
«І явіўся Госпад Абраму і сказаў: “Нашчадкам
тваім аддам Я зямлю гэтую”. І паставіў там
ахвярнік Госпаду, Які явіўся яму» (Быц 12:7).
Гісторыя выбранага народа паказвае, што яны былі дзецьмі Сіма і гэта азначае быць нашчадкамі дабраславеньня Ноя, а не праклёну, які ўпаў на Хама. Пісаньне асобна вызначае дабраславёных Богам Ноя і Абрагама, які першыя пяцьдзесят гадоў свайго жыцьця бачыў і чуў Ноя. Паміж Ноем і Абрагамам быў дабраславёны Ноем Сім і таксама па радаводу: Арфаксад, Сала, Эвэр, Фалек, Рагаў, Сарух, Нахор і Тара - бацька Абрагама. Зразумела, што часткі гэтага ланцужка радаводу паміж Ноем і Абрагамам былі нейкім чынам вызначаны дабраславеьнем Госпада, але няма зьвестак пра тое, наколькі яны хадзілі ў праведнасьці перад Богам, бо Пісаньне кажа пра Тару і бацькоў ягоных, што яны былі ідалапаклоньнікамі: «І сказаў Ісус усяму народу: так кажа Госпад Бог Ізраілеў: “За ракою жылі бацькі вашыя спрадвеку, Тара, бацька Абрагама і бацька Нахора, і служылі іншым багам» (Іс Нава 24:2).
Але Бог зьявіўся Абрагаму і адкрыў яму Сябе. І гэта кажа пра тое, што нашая прыналежнасьць да Бога - гэта вынік выключна Божай ласкі, бо калі кожны з нас абернецца і паглядзіць на свой радавод, дык убачыць сітуацыю ня лепшую за тую, што была паміж Ноем і Абрагамам. Паміж Сімам і Абрагамам нарадзілася і памерла дзесяць пакаленьняў людзей, якія зноў, як і ў дапатопны час, далёка адыйшлі ад Бога. Але Бог больш не зьнішчае грэшнікаў, але вырашае захаваць семя дабрашчаснага чалавека. Ён выбірае Абрагама, каб зрабіць яго бацькам Свайго народу і таго дабрачыннага семяні, якое ўвасобілася ў зьяўленьні Мэсіі.
АБРАГАМ
«І сказаў Госпад Абраму: “Ідзі з зямлі тваёй, ад радзіны тваёй і з дома бацькі тваёго ў зямлю, якую Я пакажу табе; і Я выведу ад цябе вялікі народ, і дабраслаўлю цябе, і праслаўлю імя тваё, і будзеш ты ў дабраславенстве» (Быц 12:1-2).
Бог самым рашучым спасабам умешваецца ў гісторыю разьвіцьця чалавецтва, каб захаваць Сваё семя ад людзей распуснага і заганага веку. Бог - галоўны герой гэтага дзеяньня, бо менавіта Ён зьвяртаецца да Абрагама (Абрама) і заклікае яго ісьці за Ім. У Абрагама быў выбар: ісьці за Госпадам ці заставацца з сямьёю бацькі свайго Тары, які, як мы ўжо ведаем, быў ідалапаклоньнікам. Але мы ведаем і тое, што Абрагам на працягу пяцідзесяці гадоў меў зносіны са сваім прарадзіцелем Ноем, які ведаў Бога і таму вельмі верагодна, што сэрца Абрагама хілілася да Бога Ноя. І вось, Бог Ноя адкрыўся Абрагаму і паклікаў яго. Бог патрабаваў ад яго адыйсьці ад сваіх бліжэйшых родзічаў, бо трэба было пакінуць дом бацькі свайго і ісьці ў зямлю невядомую і неспазнаную Абрагамам.
Бог дае абяцаньне Абрагаму вывесьць з яго вялікі народ і дабраславіць яго ў ягоных нашчадках.
Абрагам прыйшоў у краіну ворагаў і быў пры гэтым у адзіноцтве. Але Бог прыйшоў да яго і сказаў: «Нашчадкам тваім аддам Я зямлю гэтую» (Быц 12:7). Абрагам адказвае Госпаду будаўніцтвам ахвярніку, які павінен быў даваць яму напамін пра сустрэчу з Богам. І гэта толькі пачатак адносінаў Абрагама з Госпадам, бо далейшыя дзеяньні Абрагама ўсё больш і больш набліжалі яго да Бога. Абрагам паверыў Госпаду: «Вераю Абрагам, калі быў пакліканы, падпарадкаваўся, каб ісьці ў месца, якое меў атрымаць у спадчыну, і выйшаў, не разумеючы, куды ідзе. Вераю вандраваў ён на зямлі абяцанай, як на чужой, жывучы у намётах з Ісаакам і Якубам, суспадчыньнікамі таго самага абяцаньня, бо ён чакаў гораду, які мае падмурак, якога майстар і дойлід - Бог» (Геб 11:8-10). Абрагам шукаў ня сьвету, але выкананьня Божых абяцаньняў і таму ён імкнуўся да той далёкай і цудоўнай краіны.
Але ня ўсё так роўна на шляху да зямлі абяцанай, бо тое, што адбываецца ў Егіпце ніяк не ўкладаецца ў той пажаданы шлях, які пракладае Бог Абрагаму. Хлусьня Абрагама - гэта той цяжар, які застаўся ў яго з часоў ідалапаклоннага жыцьця. Але Бог абяцаў, што нашчадкі Абрагама прымуць у спадчыну зямлю Ханаана і таму ніхто ня можа зьмяніць Ягонага рашэньня, нават часовы грэх Абрагама, бо Бог, калі вырашыў, дык абавязкова вывядзе яго на шлях праўды.
Калі Абрагам стаяў каля Вэтыля Бог абяцаў, што дасьць яму гэтую зямлю. І хаця Абрагам асабіста не атрымаў у валоданьне зямлю Ханаана, але гэта азначала тое, што Бог дасьць яе ў безтэрміновае валоданьне, а гэта значыць што лёс гэтай зямлі ўжо вызначаны, бо, па веры Абрагама і абяцаньню Госпада, зямля гэта павінна была перайсьці да нашчадкаў Абрагама.
«Абрагам паверыў Госпаду, і Ён залічыў яму гэта ў праведнасьць» (Быц 15:6).
Трэба сказаць, што Божыя абяцаньні наогул не зьмяшчаюцца ў думкі большасьці людей, а як уявіць сучаснаму чалавеку, што Абрагам паверыў у тое, што яму было абяцана на працягу дзесяці год? І як Абрагам захоўваў сваю веру на працягу яшчэ пятнаццаці гадоў, калі споўнілася толькі частка абяцаньняў Госпада - нараджэньне Ісаака? У параўнаньне гэтаму, давайце ўявім сабе, што аднойчы муж паабяцаў жонцы набыць для яе каштоўныя завушніцы. Жонка ў захапленьні верыць гэтаму абяцаньню. Але праходзіць пяць, а можа і тры гады, а абяцаньне мужа так і застаецца абяцаньнем. Ці скажа жонка: «Я веру, што калі-небудзь гэта зьдзейсьніцца»? Пытаньне. Але Абрагам паверыў Госпаду і гэта залічылася яму ў праведнасьць.
Вера Абрагама - гэта цудоўны прыклад збаўляльнае веры, бо вера Абрагама настаўляе і заахвочвае кожнага, хто аддае сваё жыцьцё Ісусу Хрысту. Абрагам ня проста паверыў Богу. Ён паверыў абяцаньням Бога. Большасьць сучасных людзей кажуць, што вераць у нейкі Вышэйшы Розум, але ці вераць яны таму, што Ён сказаў у Слове Сваім - Бібліі? Менавіта ў гэтым і зьмяшчаецца адрозьненьне збаўляльнай веры ад чалавечых прыдумак.
Вера Абрагама была мацней за надзею, бо ён ня проста спадзяваўся на тое, што Бог, магчыма, яму дапаможа, але цьвёрда паверыў у тое, што Бог яму дапаможа. Ён верыў нават і тады, калі па чалавечым разьлікам, гэтыя надзеі павінны былі ўжо памерці: «Ён насуперак надзеі, паверыў з надзеяй, што станецца бацькам многіх народаў, паводле сказанага: “Гэткае будзе насеньне тваё”» (Рым 4:18). Многія людзі спадзяюцца на тое, што на судзе Божым усё як-небудзь зладзіцца па добраму, тым больш, што ў актыве жыцьця ёсьць дастаткова і добрых справаў. Такая сьляпая і паганая надзея ёсьць у вельмі многіх людзей, але збаўляе толькі сапраўдная вера, якая нашмат вышэй за простую надзею.
Абрагам мог хістацца і падаць, але ягоная вера заставалася з ім. Ён паверыў Богу ў 85 гадоў і працягваў верыць у 100 гадоў і далей: «І, не зьнямогшыся ў веры, ён не глядзеў на цела сваё ўжо амярцьвелае, якое мела амаль сто гадоў, і што ўлоньне Сары амярцьвела, у абяцаньні Божым не сумняваўся няверствам, але ўмацаваўся вераю, аддаўшы славу Богу і маючы пэўнасьць, што Ён магутны зрабіць тое, што абяцаў. Дзеля гэтага і залічана яму за праведнасьць» (Рым 4:19-22). Гэта прыклад для нас, каб ніякія цяжкасьці ці сьвецкія клопаты ня здолелі паменьшыць ці наогул зьнішчыць веру ў Ісуса Хрыста.
Абрагам быў вельмі цьвёрды ў веры, бо быў здольны ўхваляць Бога нават тады, калі Ягоныя абяцаньні яшчэ не былі споўненыя, бо пачаў гэта рабіць, як толькі прыйшоў у Зямлю Абяцаную. Прайшло дваццаць пяць гадоў з таго моманту, як Бог паклікаў Абрагама выйсьці з Ура Халдэйскага і паабяцаў яму шматлікіх нашчадкаў. Дваццаць пяць гадоў. Уявім сабе сучаснага чалавека, які цярпліва чакае Божага абяцаньня дваццаць пяць гадоў. Здаецца, што хутчэй ён разважыць пра тое, што Бог забыўся пра яго. Але гэта ня так, бо ў кожнага Божага абяцаньня ёсьць свой тэрмін выкананьня, які нам невядомы і, паколькі мы вельмі мала разумеем у Божай храналогіі, нам можа здавацца, што Бог запамятаваў пра нас, хаця на самой справе мы самі не памятаем гэта, бо дзёрзка ставім свае тэрміны і вельмі злуемся, калі яны не вытрымліваюцца. Час Бога - ня наш час. Ён усёўладны і Ён вырашае ўсё, а мы павінны быць такімі ж цярплівымі, як быў цярплівы ў веры сваёй Абрагам.
Бог абяцаў даць чалавецтву Збаўцу, які павінен быў прыйсьці з выбранага Богам народа. І Госпад стварае гэты народ праз Абрагама, даючы яму гэтае права - быць заснавальнікам гэтага народу. Збаўца павінен быў стаць нашчадкам сына Абрагама і Сарры. На працягу доўгіх гадоў Абрагам чакаў гэтага і яно пачало зьдзяйсьняцца, калі па воле Бога у Абрагама нараджаецца сын Ісаак. Бог навучыў Абрагама і працягвае вучыць усіх нас таму, што мы павінны верыць Богу і давяраць Яму нават тады, калі здаецца, што Ягоныя абяцаньні ня могуць быць выкананыя.
Калі мы паглядзім на жыцьцё Абрагама цалкам, дык убачым, што Ён адчуў вынікі шчодрых Божых абяцаньняў у вельмі нязначнай колькасьці. Бог даў яму Ісаака і яшчэ некалькі дзяцей, але іх не было так шмат, як зорак на небе ці пяску ў моры. Абрагам бачыў зямлю, якую Бог абяцаў аддаць яму ў спадчыну, але ён не валодаў ею. Усё, што мы бачым у жыцьці Абрагама, вельмі характэрна і для нас, бо тычыцца ўсіх веруючых людзей. У нас ёсьць вялікія і каштоўныя абяцаньні Бога, але мы атрымліваем пры сваім жыцьці толькі нейкую частку. Наогул, кожны чалавек ніколі не атрымлівае ў поўнай меры таго, што ён хоча ці што яму абяцаюць. І веручыя людзі не выключэньне. Але ёсьць і розніца, бо веруючыя ўсё ж атрымаюць абяцанае Госпадам, а няверуючыя не. Мы атрымліваем Духа Сьвятога і дабраславеньні Бога і гэта тая цудоўная частка, якую мы атрымліваем пры сваім жыцьці. Як і Абрагам, мы таксама павінны жыць па веры і памерці па веры, атрымаўшы пры жыцьці частку, а ня цалкам, як абяцае нам Бог.
ІСААК
«Сарра зачала і нарадзіла Абрагаму сына ў старасьці ягонай у час, пра які казаў яму Бог» (Быц 21:2).
Сарра і Абрагам доўга чакалі гэтага моманту, бо дваццаць пяць гадоў - гэта вялікі тэрмін нават для таго часу, калі людзі жылі нашмат больш сучасных людзей. Трэба сказаць, што і ў Сарры, і ў Абрагама не адзін раз узьнікаў спакус сумнявацца ў сіле і нязьменнасьці Божага абяцаньня. Але Бог паказаў Сябе абсалютна верным ва ўсім, бо ад пачатку Бог запланаваў менавіта гэты тэрмін выкананьня Свайго абяцаньня. Відавочна, што Бог пажадаў, каб факт нараджэньня Ісаака стаўся цудам, бо калі б нараджэньне Ісаака адбылося ў шэсьцьдзесят пяць Саррыных гадоў, дык гэта не было б нейкім незвычайным выпадкам. А вось, калі маці дзевяноста гадоў, дык гэта больш чым відавочна, што гэта цуд Божы.
Па нараджэню дзіцяці Абрагам праяўляе паслушэнства і дае імя сыну - Ісаак, бо так пажадаў Бог. Бог ня толькі даў Абрагаму сына, але і забясьпечыў дзіцяці здароўе і бясьпеку, калі даў цудоўную магчымасьць Сарры карміць сына грудзямі. Гэта вялікі цуд Божы, як і чалавечае зьдзіўленьне, бо словы Сарры азначаюць менавіта гэта: «Хто сказаў бы Абрагаму: Сарра будзе карміць дзяцей грудзьмі? Бо ў старасьці яго я нарадзіла сына» (Быц 21:7). Трэба адзначыць таксама і тое, што гэты Божы цуд яшчэ больш уражвае, калі мы даведваемся пра тое, што жанчыны Ізраіля даволі працяглы час кармілі сваіх дзяцей грудзьмі. Гэты тэрмін доўжыўся па тры гады, а ў некаторых выпадкаў і болей. Уявім сабе, што нутроба дзевяностагадовай жанчыны настолькі ажыла, што стымулявала здольнасьць Сарры на такое вось працяглае кармленьне. Госпад захаваў Ісаака і даў яму паўнавартастна ўзрастаць каля сваёй маці.
«Бог сказаў: “Вазьмі сына твайго, адзінага твайго, якога ты любіш, Ісаака; і ідзі ў зямлю Морыя і там прынясі яго на цэласпаленьне на адной з гор, пра якую Я скажу табе» (Быц 22:2). Назва гэтага месца, па гебрайскай традыцыі, зьвязваецца з Ерусалімам. На гары з такой назвай Саламон пабудаваў Ерусалімскі храм: «І пачаў Саламон будаваць дом Гаспада ў Ерусаліме на гары Морыя, якая ўказана была Давіду, бацьку ягонаму» (2 Лет 3:1). Падзеі, зьвязаныя з прынясеньнем у ахвяру Ісаака, былі накіраваныя на тое, каб выпрабаваць характар Абрагама і відавочным чынам пацьвердзіць ягоную веру Богу.
Упэўнены, што трэба больш падрабязна разглядзець гэтую гісторыю, бо ўпершыню асобу Ісаака Пісаньне выводзіць, як адну з галоўных асобаў гэтага дзеяньня.
Ісаак нясе на сабе дровы, ідучы па сутнасьці на сьмерць, падобна таму, як нёс на Сабе крыж Ісус Хрыстос: «І ўзяў Абрагам дровы на цэласпаленьне і паклаў на Ісаака, сына свайго; узяў у рукі агонь і нож, і пайшлі абодва разам» (Быц 22:6). Ісаак быў пакладзены на ахвярнік, падобна таму, як Хрыстос быў узьнесены на крыж. Яго прыносіў у ахвяру сам бацька, падобна таму, як Ісус Хрыстос быў прынесены ў ахвяру па воле Свайго Нябеснага Айца. Але тут ёсьць і істотныя адрозьненьні. Ісаак выконваў пасіўную ролю і не ішоў на ахвярнік сьвядома і дабраахвотна. У адрозьненьні ад Ісуса Хрыста, ён не прымае рашэньняў і ня ведае куды яго вядуць. Ён проста ахвяра, і ня можа нікога збаўляць. І ў рэшце рэшт Ісаак так і ня быў прынесены ў ахвяру, тады як Хрыстос у поўнай меры адпакутаваў на Крыжы.
Больш актыўную ролю адыгрывае ў гэтай гісторыі Абрагам, бо ён павінуецца Богу і гатовы ахвяраваць дзеля Бога. А самае галоўнае тое, што Абрагам безумоўна верыць Богу і баіцца Яго, бо няма ніякага сумненьня ў тым, што Абрагам закалоў бы свайго сына, калі б яго не заклікаў анёл Гаспада. Гэты іспыт быў патрэбны не для Бога і не для Ісаака, а для Абрагама.
Але самую галоўную ролю ў гэтай гісторыі мае Сам Бог. Дзякуючы Яму вера Абрагама ня толькі ўзрасла, але стала відавочнай для ўсіх, бо пасьля гары Морыя яе ўбачыў ня толькі сам Абрагам, але і ягоны сын - Ісаак.
Вера Абрагама ў тое, што Бог так ці іначай выканае Сваё абяцаньне і працягне ягоны род праз Ісаака, была настолькі моцнай, што ён паверыў у тое, што Бог можа ўваскрэсіць Ісаака з мёртвых, каб выканаць тое, што Ён абяцаў Абрагаму: «Вераю Абрагам, спакушаны, прынёс у ахвяру Ісаака. І прынёс адзінароднага, якога прыняў як абяцаньне, пра якога было сказана: “У Ісааку будзе названае насеньне табе”; бо ён лічыў, што Бог мае моц і з мёртвых уваскрэсіць, дзеля чаго і атрымаў яго як прыклад» (Геб 11:17-19). Трэба сказаць, што Новы Запавет ніяк не атаясаямляе Ісаака з Ісусам Хрыстом, бо сказана, што ён як бы прадвесьціў уваскрасеньне Ісуса Хрыста. Сэнс гэтага параўнаньня ў тым, што Бог у любым выпадку захавае семя Сваё, уваскрасіўшы яго – будзь гэта Ісаак ці Ісус Хрыстос.
«Пасьля гэтых падзей Абрагаму абвясьцілі, сказаўшы: «Вось, і Мілка нарадзіла Нахору, брату твайму сыноў: Уца, першынца ягонага, Вуза, брата гэтаму, Кемуіла, бацьку Арамавага, Кесэда, Хазо, Пілдаша, Ітлафа і Ватуіла; ад Ватуілі нарадзілася Рэбэка» (Быц 22:20-23).
Рэбэка - гэта будучая жонка Ісаака. Дарэчы, дакладна невядома, што азначае імя «Рэбэка», але некаторыя дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што яно зьвязанае са словам «стайня».
«І ўвёў яе Ісаак у намёт Сарры, маці сваёй, і ўзяў Рэбэку, і яна сталася яму жонкай, і ён пакахаў яе; і суцешыўся Ісаак у журбоце па маці сваёй» (Быц 24:67). Ісаак узяў жонку, якая была дадзена яму Богам. І ён пакахаў яе, бо гэта ад Бога, каб наступная частка ланцужка радаводу, які вядзе да Ісуса Хрыста паходзіла ад любові як Божай, так і чалавечай. Сымбалічна і тое, што Ісаак уводзіць Рэбэку ў намёт маці сваёй, бо пасьля сьмерці Сарры, менавіта Рэбэка становіцца маці ўсяго роду. І менавіта ёй з гэтага часу будуць належыць абяцаньні Госпада.
«Пасьля сьмерці Абрагама Бог дабраславіў Ісаака, сына ягонага. Ісаак жыў пры Бэер-лахай-роі» (Быц 25:11). Бог дабраслаўляе Ісаака ў тым месцы, дзе жыў Абрагам і гэта азначае, што абяцаньні Бога пра нашчадкаў і зямлю будуць рэалізоўвацца праз Ісаака. Сымбалічна і тое, што назва гэтага месца – «Бэер-лахай-роі», бо гэта тое месца, дзе некалі хавалася Агар, калі бегла ад Сарры. І вось зараз гэтым месцам валодае Ісаак, што сымбалізуе ягонае вяршэнства над Ізмаілам. Як калісьці Бог дабраслаўляў выбранага Ім Абрагама, зараз Ён дабраслаўляе выбранага Ім Ісаака. Па сутнасьці, гэта ёсьць працяг дабраславеньня, абяцанага Абрагаму. Бог паабяцаў дабраславіць нашчадкаў Абрагама і стварыць з іх народ. І таму Бог робіць яшчэ адзін крок да выкананьня Свайго абяцаньня - дабраслаўляе Ісаака.
Абрагам памёр, і з гэтага часу гісторыю стварэньня народу Божага працягвае Ісаак. Але Рэбэка, як і Сарра няплодная і гэта пагражае працягу выбранага роду. Ісаак зьвяртаецца да Бога: «І маліўся Ісаак Госпаду за жонку сваю, бо яна была няплодная; і Госпад пачуў яго, і зачала Рэбэка жонка ягоная» (Быц 25:21). Няплоднасьць Рэбэкі працягвалася дваццаць гадоў, але, у адрозьненьні ад Абрагама, Ісаак не зьвяртаўся за дапамогаю да іншых жанчын, каб мець працяг свайго роду, бо верыў у Божае абяцаньне.
Рэбэка зачала і з гэтага часу мы будзем разлядаць далейшую гісторыю Ісаака праз нараджэньне і жыцьцё двух ягоных сыноў, - Эзава і Якуба.
ЯКУБ
«Госпад сказаў ёй: “Два племені ў чэраве тваім, і два розныя народы пойдуць з нутробы тваёй; адзін народ зробіцца мацнейшы за другі, і большы будзе служыць меньшаму”» (Быц 25:23).
Цяжарнасьць Рэбэкі закончваецца нараджэньнем сыноў-блізьнятаў. Першы і старэйшы сын выйшаў даволі незвычайнага выгляду, бо быў пакрыты валасамі. Эзаў - імя першынца, якое, дарэчы, зьвязваецца са словам «ціснуць». Вельмі верагодна, што гэтае імя дадзена на той падставе, якая выказвалася Рэбэкай, калі яна адчувала, як сыны біліся ў яе нутробе. Другі сын выйшаў таксама незвычайным чынам, бо ён трымаўся за пятку старэйшага брата. Імя малодшага брата - Якуб, якое ўзгадняецца з сэнсам складу «трымаючы за пятку».
Апостал Павал выкарыстоўвае гісторыю нараджэньня і жыцьця Эзава і Якуба, каб на гэтым прыкладзе растлумачыць вучэньне пра выбраньне: «Бо калі яны яшчэ не былі нарадзіўшыся і не зрабілі нічога добрага ці ліхога, каб вызначэньне Божае заставалася паводле выбраньня не праз учынкі, а праз Таго, Хто кліча, сказана было ёй: “Большы будзе служыць меньшаму”, як напісана: “Якуба Я палюбіў, а Эзава зьненавідзеў”. Дык што скажам? Няўжо няправеднасьць у Бога? Няхай ня станецца!» (Рым 9:11-14). Павал кажа, што яшчэ да таго як дзеці нарадзіліся, Бог ужо вызначыў, што Якуб і ягоныя нашчадкі атрымаюць адкрыцьцё Бога і што менавіта праз гэты род прыйдзе Мэсія. Бог вырашыў так не грунтуючыся на нейкія заслугі (ці Якуб быў лепш за Эзава?), а толькі па міласьці Сваёй. Тое ж ёсьць і ў сёньняшні час. Людзі знаходзяцца ў запавеце з Богам не таму, што яны самі так вырашылі і не таму, што яны зарабілі такое права, а проста таму, што гэта ёсьць ласка Божая.
Хітры Якуб. Не дарма ён трымаўся за пятку свайго старэйшага брата, калі выходзіў з маці. Так яму хацелася быць першым. Але яшчэ ня ведаў ён, што выбраны Богам на першынства і таму прыкладаючы асабістую хітрасьць, ён спакушае брата свайго Эзава прадаць яму першародства за талерку сачыўкі. Якуб імкнуўся да першародства, бо бачыў у гэтым вялікія матэр’яльныя выгады ў падзеле бацькавай маёмасьці. Учынак Якуба нядобры, але тое, што зрабіў Эзаў у сто разоў горш за хітрасьць малодшага брата. Адмова ад першародства - гэта асабісты выбар Эзава, які пацьверджвае выбар Бога на карысьць Якуба, бо гэта адмова ад усёй спадчыны - як духоўнай, так і матэр’яльнай. Эзаў сваім учынкам сам, дабраахвотна адмовіўся ад Божага дабраславеньня: «І ён еў і піў, і ўстаў, і пайшоў; і пагардзіў Эзаў першародствам» (Быц 25:34).
А што Ісаак? Пісаньне кажа, што выбар Ісаака быў іншы. Ён любіў брата, бо яму падабаліся сіла і майстэрства валоданьня зброяй Эзава. Якуб моцна саступаў брату ў гэтым, бо быў: «Чалавекам рахманым, жыхаром намётаў» (Быц 25:27). Трэба заўважыць, што Эзаў быў вельмі падобны на бацьку, бо і той, і той любілі смачна паесьці. Па гэтай прычыне Ісаак запамятаваў прароцтва Госпада пра першынства Якуба і па гэткай жа прычыне Эзаў прадаў сваё першародства. У той момант, калі Эзаў прадаў сваё першародства, пачало зьдзяйсьняцца прароцтва пра вяршэнства малодшага брата над старэйшым.
Калі на зямлю прыйшоў голад, Бог ня кінуў Ісаака, але захаваў сям’ю патрыярха: «І ў тую ноч зьявіўся яму Госпад і сказаў: «Я Бог Абрагама, бацькі твайго: ня бойся, бо Я з табою, і дабраслаўлю цябе і памножу нашчадкаў тваіх, дзеля Абрагама, раба Майго» (Быц 26:24). Мы бачым вельмі важную для хрысьціянства праўду «замяшчальнага» дабраславеньня. Ісаак набывае дабраславеньне не з-за свайго асабістага паслушэнства, а з-за паслушэнства Абрагама. Таксама і мы набываем дабраславеньне не з-за нашай асабістай паслухмянасьці, а з-за паслухмянасьці Ісуса Хрыста: «Бо як праз непаслухмянасьць аднаго чалавека многія зрабіліся грэшнымі, так і праз паслухмянасьць аднаго многія зробяцца праведнымі» (Рым 5:19).
Бог паабяцаў Рэбэке, што Эзаў будзе служыць Якубу. І вось, Якуб разам з маці сваёй Рэбэкай сваёю хітрасьцю і падманам вырашаюцца зьдзейсьніць Божае абяцаньне. З аднаго боку ім гэта ўдаецца, але з другога боку Богу не падабаюцца такія дзеі Якуба, якія нясуць у сабе недавер да Бога. Але мы ведаем і тое, што Бог выкарыстоўвае розныя шляхі, каб выканаць Свой план адносна чалавецтва.
Але вось і расплата: «І зьненавідзеў Эзаў Якуба за дабраславеньне, якім дабраславіў яго бацька ягоны; і сказаў Эзаў у сэрцы сваім: “Набліжаюцца дні плачу па бацьку маім; і я заб’ю Якуба, брата Майго» (Быц 27:41). Якуб вымушаны бегчы з дому бацькі свайго да Лавана і гэта быў пачатак тых выпрабаваньняў, якія даў яму Бог за хітрасьць і хлусьню, якія напаўнялі сэрца Якуба. Бог заўсёды верны Сваім абяцаньням і таму Ён прыходзіць да Якуба ў сьне на шляху да Лавана і кажа яму: «Я Госпад, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ты ляжыш, я дам табе і нашчадкам тваім; і будуць нашчадкі твае, як пясок зямны; і пашырышся да мора і на ўсход, і на поўнач і на поўдзень; і дабраславяцца ў табе і ў семені тваім усе плямёны зямныя: “І вось, Я з табою; і захаваю цябе ўсюды, куды не пойдзеш; і вярну цябе ў гэтую зямлю; бо Я не пакіну цябе, пакуль ня выканаю таго, што Я сказаў табе”» (Быц 28:13-15).
Прачнуўшыся, спалоханы Якуб дае зарок Богу кажучы: «Калі Бог будзе са мною і ахавае мяне ў дарозе гэтай, у якую я іду, і дасьць мне хлеб есьці і адзеньне апрануцца, і я ў міры вярнуся ў дом бацькі майго, і будзе Госпад маім Богам, - дык гэты камень, які я паставіў як помнік, будзе домам Божым; і з усяго, што Ты, Божа, дасі мне, я дам Табе дзясятую долю» Быц 28:20-22). З аднаго боку, гэты зарок ёсьць цудоўны пачатак шляху да Божай праведнасьці, калі чалавек пачынае разумець веліч Госпада і сваё сапраўднае злачыннае становішча. Але з другога боку чалавечыя заганы яшчэ далёка ня зьнішчаны і па ранейшаму выпіраюць з чалавека. Зьвярнем увагу на тое, што зарок Якуба больш падобны на камерцыйную прапанову і Якуб, у гэтым выпадку, выстаўляе ўмовы Госпаду, бо зварот Якуба пачынаецца са слова «калі» і закончваецца са слова «дык». Уявім сабе, што нехта зьвяртаецца да вас і кажа: «Калі ты будзеш мяне ахоўваць, даваць мне ежу і адзеньне, а яшчэ і грошы на ўладкаванае жыцьцё ды добры адпачынак, дык я аддзячу цябе тым, што буду вяртаць табе дзясятую частку (долю) ўсяго, што ты мне дасі» Цікава, які будзе ваш адказ? Але трэба разумець і тое, што адказ чалавека - гэта не адказ Бога, Які бачыць сэрца чалавека і ведае шлях, па якім Ён правядзе Якуба, каб выправіць яго і назваць Ізраілем.
Якуб, прыняты Лаванам, намагаецца ажаніцца на Рахілі, але Лаван падманам аддае за Якуба дзьвух дочак: Лію і Рахіль. І вось, як бывае і нашым жыцьці: хітрэц і падманшчык Якуб, сам стаў ахвярай падману лоўкага Лавана. Мы можам паглядзець на жыцьцё Якуба у Лавана - чалавека гэтага сьвету. Вось два чалавекі - сквапныя і лоўкія срэбралюбцы, якія ўвесь час імкнуліся падмануць адзін аднога. Якуб прыдумаў вельмі хітры спосаб, каб атрымаць свой заробак замест таго, каб даверыць гэтую сітуацыю справядлівасьці Божай. Можна пералічваць і далей, і кожны раз, калі мы глядзім на жыцьцё Якуба, дык нам прыходзіцца чырванець за яго. Але потым прыходзіць пераломны момант у ягоным жыцьці і ён атрымлівае дабраславеньне Божае і новае імя - Ізраіль: «І сказаў: “Ад сёньня імя тваё будзе ня Якуб, а Ізраіль, бо ты змагаўся з Богам, і людзей адольваць будзеш”» (Быц 32:28). Вельмі грэшны чалавек быў Якуб і адзіна магчымая прычына, па якой Бог усё ж такі палюбіў яго - гэта ласка Самога Бога, бо Ён «каго хоча, мілуе».
Мы ведаем, што Бог захоўвае і вядзе Якуба да Ізраіля. Спаўняюцца абяцаньні Бога і Якуб выходзіць ад Лавана, маючы адзінаццаць сыноў. Ён рухаецца на мірную сустрэчу з братам Эзавам, бо спаўняецца абяцаньне Бога, што старэйшы будзе служыць малодшаму. Але, каб гэта адбылося, Якуб скарыўся перад Госпадам, бо шлях перад духоўнай перамогаю толькі адзін: поўная і безумоўная капітуляцыя перад Богам.
ЯЗЭП
«Ізраіль любіў Язэпа больш за ўсіх сыноў сваіх, бо ён быў сын старасьці ягонай» (Быц 37:3).
Язэп быў першынцам Рахілі, каханай жонкі Якуба і ягоным адзінаццатым сынам. Гісторыя Язэпа - гэта гісторыя выпрабаваньня нашчадка славы і сапраўднага правадыра свайго роду. Праз Язэпа Бог прывёў народ Ізраіля ў Егіпет, каб збавіць яго ад голаду, памножыць яго і зрабіць яго вялікім. Жыцьцё Язэпа была спланаванае Богам так, каб ён стаў адным з самых моцных правобразаў Ісуса Хрыста. Адзначым да гэтага, што правобраз у Пісаньні - гэта асоба ці нейкая зьява Старога Запавета, якія сымбалізуюць Госпада Ісуса Хрыста. Мы бачым пакутніка, якому суджана было быць узьвялічаным у час вызначаным Госпадам. І гэтым ён вельмі падобны на Ісуса Хрыста. Дух Сьвяты цудоўным чынам адзначыў шлях Хрыста ў жыцьці Язэпа, пачынаючы з таго моманту, калі Якуб паклікаў яго і сказаў: «Ідзі, я пашлю цябе да іх» (Быц 37:13). Увесь шлях Ісуса Хрыста, пачынаючы ад Нябёсаў Айца, праз прыніжэньне і ганьбу, да пасаду Божага, правобразна паказана нам у жыцьці Язэпа.
Язэп вылучаецца з усіх сваіх сучасьнікаў тым, што нягледзячы на ўсе выпрабаваньні і пакуты, ён ні чым не запляміў сваё чыстае сэрца. Ён пакутаваў ня толькі ад чужых, але ня меньш пакутаў прынесьлі яму ягоныя ж браты. Язэп быў з тых, хто меў праўдзівае разуменьне розных рэчаў, бо пазнаньне сьвятога і ёсьць праўдзівае разуменьне. Менавіта гэтым адрозьніваўся Язэп ад іншых і гэта прыводзіць яго да непаразуменьня з домам ягонага бацькі. Слова Госпада дае яму пакуты і выпрабаваньні, але яно дае яму і ўзвышэньне над прыніжэньнем, калі ён усядае праваруч пасаду фараонавай улады. Язэп, у становішчы прыніжэньня, становіцца тлумачальнікам замыслаў Бога, але ўзвысіўшыся ён працягвае ўладарыць з той жа мудрасьцю, якую ён выказваў, калі знаходзіўся ў прыгнечаным стане Ён прыводзіць усё ў непасрэднае падпарадкаваньне таму, хто ўсьсядае на пасадзе. Але якія характэрныя і адметныя рысы зьвязваюць Язэпа і Ісуса Хрыста?
Шчасьлівае дзяцінства меў Язэп у намёце бацькі свайго, ня гледзячы на тое, што ён вельмі рана згубіў сваю маці Рахіль. Якуб асобным чынам узяў Язэпа ў сэрца сваё, як дарэчы і ягонага малодшага брата Веньяміна. Падаецца, што хлопчык Язэп вельмі ўважліва слухаў бацьку свайго, калі той казаў яму пра тое, як першыя людзі згубілі рай з-за свайго грэху. Вельмі верагодна і тое, што Якуб казаў яму пра вялікі патоп, які зьнішчыў жыцьцё на зямлі. І ўсё гэта з-за грэху, бо людзі не жадалі павінавацца Богу. Хлопчык пачуў таксама пра зьнішчаныя гарады Садом і Гамору І зноў тая ж прычына - грэх. Гледзячы на жыцьцё Язэпа можна зрабіць выснову пра тое, што яшчэ ў дзяцінстве Язэп прыняў у сэрцы сваім рашэньне: калі грэх такі жахлівы, калі грэх абражае сьвятога Бога, дык лепш памерці, чым зграшыць.
Якуб, як адметную адзнаку, зрабіў Язэпу рознакаляровую вопратку, якая заўсёды давала напамін усім пра тое, што Якуб аддае Язэпу найбольшую ўвагу сярод астатніх сваіх сыноў. Але любоў Якуба да Язэпа, як і тое, што Язэп адмоўна ставіўся да праяваў грэху, стала падставаю для нянавісьці старэйшых братоў у дачыненьні Язэпа: «І ўбачылі браты ягоныя, што бацька іхні любіць яго болей за ўсіх братоў ягоных; і зьненавідзелі яго і не маглі гаварыць з ім дружалюбна» (Быц 37:4).
«І сказаў Ізраіль Язэпу: браты твае ці ж ня пасьвяць у Сіхэме? Ідзі, я пашлю цябе да іх. Ён адказаў яму: “Вось я”. Ізраіль сказаў яму: “Ідзі, паглядзі, ці здаровыя браты твае і ці цэлае быдла, і прынясі мне адказ”. І паслаў яго з даліны Хэўронскай. І ён пайшоў у Сіхэм» (Быц 37:13-14). Дзіўна, што Якуб пасылае Язэпа да братоў у даволі далёкі шлях нягледзячы на тое, што быў сьведкам іхніх напружаных адносінаў. Але ня меней дзіўна і тое, што Язэп адразу ж згаджаецца і кажа бацьку: «Вось я». Адказ у такой форме падкрэсьлівае безумоўнае павінавеньне Язэпа. Цікава заўважыць, што ў той момант Язэп думаў, што ідзе ў Сіхэм, але на самой справе ён ішоў у Егіпет. Мы не заўсёды можам прадбачыць, якім шляхам павядзе нас Божае наканаваньне: «Сэрца чалавека абдумвае свой шлях, а Госпад кіруе шэсьцем ягоным» (Выс 16:9).
Першая спроба Язэпа знайсьці братоў ня мела посьпеху і ён блукаў каля Сіхэму: «І знайшоў яго нехта, калі ён бадзяўся на полі, і спытаўся ў яго той чалавек, кажучы: чаго ты шукаеш? Ён сказаў: “Я шукаю братоў маіх; скажы мне, дзе яны пасьвяць?” І сказаў той чалавек: “Яны пайшлі адгэтуль, бо я чуў, як яны казалі: хадзем у Дафан”. І пайшоў Язэп за братамі сваімі і знайшоў іх у Дафане» (Быц 37:15-17). Язэп - чалавек слова, бо ён настойліва шукае сваіх братоў. Але, калі б ён не сустрэў гэтага «нехта», дык ён мог бы вярнуцца да дому і гісторыя жыцьця Язэпа магла быць іншай? У чалавечым разуменьні - так, але ў Божым - не, бо Божы план выконваецца заўсёды. І таму Язэп сустрэў таго, хто накіраўваў яго да братоў сваіх, каб той шлях, які праклаў яму Бог, высьцілаўся перад ім і прывёў яго да выратаваньня свайго народу.
Калі ён быў яшчэ далёка, браты распазналі яго па той рознакаляровай вопратцы, якую зрабіў для яго Якаў: «І ўбачылі яны яго здалёк, і перш чым ён наблізіўся да іх, пачалі намышляць супраць яго, каб забіць яго. І сказалі адзін аднаму: вось ідзе снавідзец; хадзем цяпер, і заб’ем яго, і кінем яго ў які-небудзь роў, і скажам, што драпежны зьвер задраў яго; і пабачым, што выйдзе з ягоных сноў» (Быц 37:18-20).
Сны Язэпа, пра якія яны пачулі раней, яшчэ больш дадалі гневу братам ягоным: «І бачыў Язэп сон і расказаў братам сваім: і яны зьненавідзелі яго яшчэ больш. Ён сказаў ім: выслухайце сон, які я бачыў: вось, мы вяжам снапы сярод поля; і вось, мой сноп устаў і стаў старчма; і вось, вашы снапы пасталі навокал і пакланіліся майму снапу. І сказалі яму браты ягоныя: няўжо ты будзеш валадарыць над намі? Няўжо будзеш валодаць намі? І зьненавідзелі яго яшчэ больш за сны яго і за словы ягоныя. І бачыў ён яшчэ іншы сон і расказаў яго братам сваім, кажучы: вось, сонца і месяц і адзінаццаць зорак пакланяюцца мне. І ён расказаў бацьку свайму і братам сваім. І накрычаў на яго бацька ягоны і сказаў яму: што гэта за сон, які ты бачыў? Няўжо я і твая маці і твае браты прыйдзем пакланіцца табе да зямлі?» (Быц 37:5-10).
Калі Язэп дзейнічаў па прынцыпу: «Лепш памерці, чым зграшыць», дык няма нічога дзіўнага ў тым, што ён імкнуўся да праўды і таму даводзіў бацьку свайму пра благія ўчынкі сваіх братоў: «І даводзіў Язэп благія пра іх чуткі да бацькі іхняга» (Быц 37:2). Язэп ня ўдзельнічаў у благіх справах старэйшых братоў, але выказваў свае адносіны да гэтага. Замест таго, каб прыслухацца да тых слоў, якія казаў Язэп, яны ставіліся да яго варожа і злаваліся за тое, што ён перашкаджаў ім грашыць.
Тое ж і нашыя часы. Калі чалавек праводзіць сваё жыцьцё ў страхе Божым і не падтрымлівае грэх ва ўсіх яго праявах, дык людзі сьвету глядзяць на яго, як на чужынца і нават адна ягоная прысутнасьць для іх непрыемна. Так было і ў жыцьці Ісуса Хрыста, бо Ягонае сьвятое і бязгрэшнае жыцьцё ўзбуджала фарысэяў Ізраіля супраць Ісуса. Яны ўспрымалі Ісуса Хрыста як чужароднае цела, якое трэба было вынішчыць. Чыстае жыцьцё Ісуса выкрывала іхную сквапнасьць і самалюбства. Таму яны і вырашылі Яго забіць. Падобнае здарылася і з Язэпам, бо калі ён прыйшоў да братоў, дык трапіў да прысуду братоў сваіх: «Хадзем цяпер і заб’ем яго».
«І калі праходзілі купцы Мадыямскія, выцягнулі Язэпа з рова і прадалі Язэпа Ізмаільцянам за дваццаць срэбранікаў; а яны завялі Язэпа ў Егіпет» (Быц 37:28). Надзвычайныя перамены ў жыцьці Язэпа, але можна здагадацца, што зрабіў Язэп, калі ўсьвядоміў сваё цяперашняе становішча? Так, ён зьвярнуўся ў малітве да Госпада. І цяжка зразумець, што было б з Язэпам, калі б ягонае жыцьцё не было зьвязанае з Госпадам. Язэп стаў рабом, але ў яго была апора, бо ён абапіраўся на жывога Бога. І зараз Ён быў не адзін. Шчасны Язэп.
Патыфар, гаспадар раба Язэпа заўважае, што ён раб незвычайны, бо мае разнастайныя цудоўныя здольнасьці. Патыфар хутчэй за ўсё ўсьвядамляў, што Язэп мае непасрэдную сувязь з Богам: «І ўбачыў гаспадар ягоны, што Госпад з ім, і што ўсяму, што ён робіць, Госпад у руках ягоных дае посьпех. І здабыў Язэп у вачах ягоных упадабаньне і служыў яму. І ён паставіў яго над домам сваім, і ўсё, што меў, аддаў на рукі яму» (Быц 39:3-4). Жыцьцё па праўдзе Божай і ў страху перад Ім, дае свае цудоўныя вынікі. Трэба сказаць, што егіпцянін Патыфар ня быў з Богам Язэпа, але Божае дабраславеньне Язэпа кранае і Патыфара, бо справы Патыфара, дзякуючы Язэпу, ідуць вельмі добра.
Але пакуты Язэпа на гэтым ня скончыліся, бо Госпад працягвае выпрабоўваць Язэпа. І на гэты раз ён праходзіць праз спакушэньне жанчынай: «І зьвярнула позірк на Язэпа жонка гаспадара ягонага і сказала: “Сьпі са мною”» (Быц 39:7). Але ён адмовіўся, праявіўшы па-першае вернасьць Богу, а па-другое, - свайму гаспадару. Хлусьня сьвету прыводзіць Язэпа ў цямніцу, але Бог, Які наканаваў яму гэты шлях, ня кідае яго: «І Госпад быў з Язэпам, і зрабіў яму ласку, і дараваў яму ўпадабаньне ў вачах начальніка цямніцы» (Быц 39:21). Мы бачым, што несправядлівасьць сьвету ніякім чынам не падштурхнула Язэпа да недаверу Богу, бо калі мы чытаем, што «Госпад быў з Язэпам», дык гэта азначае толькі тое, што «Язэп быў з Госпадам». Гэта тычыцца кожнага з нас, бо якія б выпрабаваньні і нават пакуты не напаткалі нас, мы павінны быць з Госпадам і тады Госпад будзе з намі. Госпад выбрабоўвае Язэпа, каб узвысіць яго і паставіць яго збаўцам свайго народу.
У цямніцы Язэп сустракае чашніка і пекара Егіпецкага валадара - фараона. Тлумачэньне іхніх сноў - гэта чарговая частка Божага шляху да ўзвышэньня Язэпа. Тое, што чашнік і пекар апынуліся ў турме, на першы погляд выглядае капрызам фараона. Але гэта ня так, бо і дзеяньні фараона прадыктаваны Божым наканаваньнем. І менавіта гэты выпадак прывядзе да збаўленьня Язэпа, хаця ён гэтага пакуль ня ведае, але несумненна тое, што Язэп спадзяецца на Госпада. Таксама і мы павінны ўсьведамляць поўную залежнасьць ад Бога і разумець, што ўсякае здарэньне ў нашым жыцьці залежыць ад Госпада і нават звычайнае штодзённае здарэньне ці выпадак можа вызначыць наш далейшы лёс. І гэта не выпадковасьць, а рука Божая.
«Фараон сказаў Язэпу: мне сьніўся сон, і няма нікога, хто растлумачыў бы яго, а пра цябе я чуў, што ты ўмееш тлумачыць сны. І адказваў Язэп фараону, кажучы: “Гэта не маё, Бог дасьць адказ на карысьць фараону”» (Быц 41:15-16).
Фараон праз чашніка паклікаў раба, які ўжо трынаццаць гадоў знаходзіўся ў рабстве і два з іх у турме. Язэп тлумачыць сон фараона праз прароцтва Бога, якое Ён пасылае Язэпу. Трэба сказаць, што ў Егіпце таго часу тлумачэньне сноў было вельмі папулярным. Існавалі нават вялікія кнігі-соньнікі, якія тлумачылі сны на «ўсе выпадкі жыцьця». Але не знайшлося ў гэтых кнігах падобнага сну. І гэта не выпадковасьць, бо гэта Бог паказвае ўсім, што ў самы адказны момант, ад якога залежала жыцьцё мільёнаў людзей, уся рэлігія і мудрасьць Егіпта апынуліся ў бездапаможнасьці. Язэп ня проста тлумачыць сон фараона, але і прапануе адміністрацыйнае рашэньне праблемы Егіпту.
Усё гэта здарылася, калі Язэпу было трыццаць гадоў. Ягоны шлях да ўзвышэньня праходзіў праз доўгія годы прыніжэньня, забыцьця і адчаю. Але ў Госпада Свой час для пакутаў і Свой час для збаўленьня. Бог даў яму дабраславеньне на новай пасадзе, якая зрабіла яго другім, пасьля фараона, чалавекам у Егіпце. Мудрая эканамічная палітыка Язэпа дазволіла ўпэўнена перажыць сямігадовы голад і ўмацаваць уладу фараона. Больш таго, ён збаўляе свой род ад вялікай небяспекі зьнішчэньня ад голаду, што жорстка прайшоў па зямлі Ізраіля.
«Бог паслаў мяне перад вамі, каб пакінуць вас на зямлі і захаваць ваша жыцьцё вялікім збавеньнем. Дык вось, ня вы паслалі мяне сюды, а Бог, Які і паставіў мяне бацькам фараону і гаспадаром ва ўсім доме ягоным і валадаром ва ўсёй зямлі Егіпецкай» (Быц 45:7-8).
Язэп прымае братоў сваіх і адкрываецца ім. Тыя выпрабаваньні, якія яны вытрывалі ў гэтай гісторыі з купляй хлеба для роду Якуба, прывялі іх да пакаяньня. Убачыўшы сапраўднае скарэньне Юды і іншых братоў сваіх, Язэп адкрываецца ім і з любоўю абдымае іх. Ён не адказвае братам злом на зло. З чалавечай кропкі погляду, ён мае права адпомсьціць за тое, як яны з ім абыйшліся. І сапраўды, яны стварылі вялікае зло, калі прадалі Язэпа ў рабства і ў якім ён знаходзіўся трынаццаць гадоў. Але за ўсё гэта ён ня помсьціць. Наадварот, адказвае міласэрнасьцю і прабачэньнем. Чаму? Язэп верыць Богу і разумее, што праз шматлікія выпрабаваньні Бог зьдзяйсьняў Свой план. Бог дзейнічае па рознаму. Ён можа дзейнічаць тайна, нікога не папярэджваючы, а можа і рабіць папярэджаньні праз Сваіх прарокаў. Фараон ня быў здольны зразумець Божую вестку, але Язэп адкрыў яму гэта. Таксама і ў нашыя часы частка Божага плана закрытая, а частка адкрываецца нам праз Божых прарокаў у Пісаньні.
І вось назіраньне. У рабства Язэпа прадалі браты, а ня Бог, але ў Егіпет паслаў яго менавіта Бог. Калі браты прадавалі Язэпа, дык яны планавалі пазбавіцца ад яго, а Госпад праз тое ж планаваў прывесьці яго на месца прэм’ер-міністра Егіпта. І з гэтага мы бачым, што Божы план зьмяшчае ў сабе і чалавечыя справы, як складаючую частку. Але, нягледзячы на Божае прадвызначэньне, чалавек нясе адказнасьць за асабістыя справы і ўчынкі. Браты прадалі Язэпа дзеля таго, каб ягонае прароцтва, якое ён бачыў у сваіх снах, не адбылося. Але, тым ня меньш, Божы план быў дакладна зьдзесьнены. Так заўсёды і будзе, бо калі нехта будзе супрацьстаяць Божым намерам, дык гэта будзе марная справа, бо план Божы ўсё роўна зьдзесьніцца. Адзначым таксама і тое, што Бог выкарыстаў зло братоў супраць Язэпа, каб яны ж самі і ўвесь іхні род пазбавіліся ад галоднай сьмерці. Бог не адварочваецца ад злачынных братоў Язэпа, але працуе над іхнымі сэрцамі і прыводзіць іх да пакаяньня. Вялікая міласьць Бога.
«І жыў Язэп у Егіпце сам і дом бацькі ягонага; а жыў Язэп усяго сто дзесяць гадоў. І бачыў Язэп дзяцей у Яфрэма да трэцяга роду, таксама і сыны Махіра, сына Манасінага, нараджаліся на калені Язэпу. І сказаў Язэп братам сваім: “Я паміраю; але Бог наведае вас і выведзе вас з зямлі гэтай у зямлю, пра якую прысягаўся Абрагаму, Ісааку і Якубу» (Быц 50:22-24).
Свидетельство о публикации №226040400503