Книга Левит
«І наказаў Госпад Майсею сказаць: “Абвясьці
ўсяму супольству сыноў Ізраілевых”. І скажы ім:
“Сьвятыя будзьце, бо сьвяты Я Госпад, Бог ваш”»
(Ляв 19:1-2).
Сьвятасьць і збаўленьне – гэта сэнс кнігі, якая даводзіць да нас асноўныя думкі, закладзеныя Госпадам праз Майсея. Па-першае, Бог кажа, што доступ да Яго магчымы толькі праз ахвярную кроў. І па-другое, Ён зьвяртае ўвагу на неабходнасьць для збаўленых імкнуцца да сьвятасьці: «Сьвятыя будзьце, бо сьвяты Я».
Кніга атрымала сваю назву «Лявіт» ад першых перакладчыкаў Пісаньня, калі яны перакладалі з арыгінальнай старажытнай гебрайскай мовы на мову грэцкую. Назва «Лявіт» дадзена на падставе таго, што яна зьмястуе пастановы, якія прызначаны да лявітаў (сьвятароў з калена Лявія), хаця толькі адзін раз мы бачым успамін пра лявітаў: «А гарады лявітаў, дамы ў гарадах валоданьня іхняга, лявітам заўсёды можна выкупляць; а хто з лявітаў ня выкупіць, дык прададзены дом у горадзе валоданьня іхняга ў юбілей адыдзе, бо дамы ў гарадах лявіцкіх складаюць іхняе валоданьне сярод сыноў Ізраілевых» (Ляв 25:32-33). Магчыма цікава будзе даведацца і пра тое, што гебрайская назва гэтай кнігі – «Ваіхра», што азначае: «І Ён заклікаў». Назва Госпадава ў большай меры адпавядае зьместу гэтай кнігі, бо Бог заклікаў збаўленых да доступу і пакланеньню прад Сваім абліччам у сьвятасьці цела і душы. Заўважым, як пачынаецца кніга Лявіт: «І паклікаў Госпад». Такі ўступ кажа пра тое, што наступным дзеяньнем будзе нешта важнае і вялікае.
Кніга Лявіт дае нам гісторыю аднаго месяца жыцьця народа Ізраіля. Дасьледчыкі адносяць падзеі, якія апісаны ў гэтай кнізе да перыяду паміж 1 красавіка і 20 траўня, калі народ адыйшоў ад гары Сынай. Кніга Лявіт зьмястуе законы, якія павінны сфармаваць народ Ізраіля як нацыю і якімі яны павінны карыстацца ў сваім рэлігійным і грамадзянскім жыцьці. Асноўны Закон быў дадзены, Запавет - зацьвержаны, скінія пабудаваная. І такім чынам, Бог зноў прысутны сярод Свайго народа. Але, каб працягваць шлях у зямлю абяцаную, трэба было спасьцігнуць тыя законы, якімі народ павінен быў карыстацца ў сваім пакланеньні Госпаду ў скініі.
Лявіт - кніга пакланеньня, бо паказвае Ізраілю, як трэба пакланяцца і набліжацца да Бога. У кнізе Быцьця мы бачым чалавека ўпаўшым, у кнізе Выхад збаўленым, у кнізе Лявіт у пакланеньні. Бог заклікае Свой народ да пакланеньня. Ні адна іншая кніга Бібліі не зьмястуе такой колькасьці зваротаў Госпада да Свайго народа, як гэта. Гэта свод законаў і правілаў, якімі народ Ізраіля павінен быў кіравацца ў пакланеньні Госпаду і ў сваім жыцьці.
Як у гебраяў былі вызначаныя часы, калі яны зьбіраліся разам і славілі Бога за збаўленьне, так і хрысьціянам дадзены загад зьбірацца разам і праслаўляць Бога праз збаўляльную сьмерць Ісуса Хрыста.
Асноўнае слова кнігі Лявіт – «сьвятасьць». Але, як можа грэшны чалавек наблізіцца да Бога? Як ён можа набыць доступ да Бога? І хто можа вырашыць гэтае пытаньне? Адказ на гэтыя пытаньні дае Сам Бог, Які патрабуе ад народа святасьці душы і сьвятасьці цела. Збаўляльная сьмерць нашага Госпада была накірована на збаўленьне Яго народа ад грэху і менавіта таму Ягоны народ пакліканы быць сьвятым.
Як Бог заклікаў гебраяў спажываць у ежу толькі чыстых жывёлаў, сачыць за чысьцінёю цела, насіць чыстае адзеньне, захоўваць чыстату жыльля і чыстату адносінаў адзін да аднаго, так і ў дзень сёняшні Ісус Хрыстос заклікае нас да сьвятасьці: «Бо зьявілася ласка Божая, што дае збаўленьне для ўсіх людзей, якая навучае нас, каб адрокшыся ад бязбожнасьці і пажадлівасьцяў сьвету, цьвяроза, праведна і пабожна жылі мы ў цяперашнім веку, чакаючы шчасьлівае надзеі і зьяўленьня славы вялікага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які аддаў Сябе за нас, каб выбавіць нас ад усякага беззаконьня і ачысьціць Сабе народ асаблівы, які рупіцца пра добрыя справы» (Ціт 2:11-14).
Доступ да Бога набываецца толькі ахвяраю праз праліцьцё крыві: «Бо душа і цела ў крыві, і прызначыў яе вам для ахвярніка, каб ачышчаць душы вашыя, бо кроў гэтая душу ачышчае» (Ляв 17:11). Гаворка ідзе пра тое, што кроў, якую пралілі і якой акрапілі ахвярнік, заглажвае грахі ў вачах Бога. Чалавеку патрабуецца ачышчэньне, але яно зьдзяйсьняецца не чалавекам, а Богам. Такім чынам мы бачым, што збаўленьне грэшніка – гэта ласка Божая, а ня дзеяньне чалавека. Ахвярная жывёла спальвалася на ахвярніку і гэта сымбалізавала замяшчальнае пасьвячэньне Богу гэтымі ахвярамі. Апостал Павал казаў пра гэта: «І хадзіце ў любові, як і Хрыстос палюбіў нас і выдаў Сябе за нас , як дар і ахвяру Богу, на водар салодкі» (Эф 5:2). Бог паказавае нам пяць відаў ахвяраваньня і кожнае зь іх уяўляе сабою асобную форму ахвяры Госпада нашага Ісуса Хрыста.
• Ахвяра цэласпаленьня – гэта поўнае пасьвячэньне Госпаду.
Ахвяраю цэласпаленьня мог быць вол, ягня, казьляня, галубка ці малады голуб з умоваю, што ахвяра павінна быць беспахібнаю. Ахвяра цэласпаленьня - гэта правобраз Ісуса Хрыста, Які цалкам прысьвяціў Сябе Богу і быў спапялёны на крыжы агнём Божага суда.
• Ахвяра хлебнага прынашэньня - ахвяра ад пладоў зямлі.
Яна складалася з пшанічнай мукі і алея, як і з печаных прэсных хлябоў ці ляпёшак. Хлебная ахвяра суправаджала ўсе ахвяры цэласпаленьня, як сымбаль падзякі Госпаду. Хлебная ахвяра - гэта правобраз чалавечай прыроды Ісуса Хрыста, у якой няма ніякага зла.
• Мірная ахвяра - гэта ахвяра, якая сымбалізуе мір з Госпадам.
Ахвяравальнік сам забіваў ахвяру без пахібы і перадаваў яе сынам Аарона. Частка ахвярнай жывёлы ахвяравалася на спаленьне Госпаду, частка аддавалася сьвятару, а астатняя частка зьядалася тым, хто прыносіў ахвяру. Такім чынам, гэтая ахвяра падзялялася паміж бакамі і сымбалязавала мір паміж Богам і грэшнікам. Мір, які зьяўляецца сьледствам збаўляльнай сьмерці Ісуса Хрыста.
• Ахвяра за грэх - сымбалізуе ачышчэньне чалавека, які
прыносіць ахвяру без пахібы. Ахвяра за грэх – гэта правобраз Ісуса Хрыста, Які ўзяў на Сябе грахі нашыя: «Бо Таго, Які грэху ня ведаў, Ён зрабіў за нас грэхам, каб мы ў Ім сталіся праведнасьцю Божай» (2 Кар 5:21).
• Ахвяра за віну - прыносілася за грахі супраць прысьвечанага
Госпаду: «Калі хто ўчыніць злачынства і з памылкі згрэшыць супраць прысьвечанага Госпаду, няхай за віну сваю прынясе Госпаду са статку авечак барана без пахібы, паводле тваёй ацэны, срэбранымі сіклямі па сіклі асьвечаным, у ахвяру павіннасьці» (Ляв 5:15). Ахвяра прыносілася і тады, калі парушаліся права блізкага ды быў замах на маёмасць чалавека. Ахвяра давала магчымасьць аддаць незаконна ўзятае і кампенсаваць згубленае. Ахвяра за віну таксама сымбалізуе Ісуса Хрыста, Які вяртае згубленае намі з-за нашых грахоў.
• Першасьвятар – гэта правобраз служэньня Ісуса Хрыста, бо
грэшнікі ня могуць набліжацца да сьвятога Бога без пасярэдніка: «Бо гэткага трэба нам Першасьвятара, сьвятога, нявіннага, беззаганнага, адлучанага ад грэшнікаў і ўзвышанага па-над нябёсы, Які ня мае патрэбы штодня, як тыя першасьвятары, прыносяць ахвяры спачатку за свае грахі, пасьля за грахі народу; бо Ён зрабіў гэта аднойчы, прынёсшы ў ахвяру Сябе. Бо закон стаўляе за першасьвятароў людзей, якія маюць нядужасьць а слова прысягі, што пасьля Закону, паставіла Сына, дасканалага на вякі» (Геб 7:26-28). Апостал Павал кажа, што толькі адзіны ёсьць пасярэднік паміж намі і Богам: «Бо адзіны Бог і адзін Пасярэднік паміж Богам і людзьмі ¬ Чалавек Хрыстос Ісус» (1 Цім 2:5).
• Дзень збавеньня - «І хай будзе гэта вам вечнаю пастановаю: на
сёмым месяцы, у дзясяты дзень месяца ўпакорвайце душы вашыя і ніякае дзеі ня чыніце, ні тубылец, ні прыхадзень, што пасяліўся сярод вас, бо ў гэты дзень ачышчаюць вас, каб зрабіць вас чыстымі ад усіх грахоў вашых, каб вы былі чыстыя перад абліччам Госпада; гэта субота спачыну вам, упакорвайце душы вашыя: гэта пастанова вечная» (Ляв 16:29-31). Сёмы месяц гебрайскага календару адпавядае сучаснаму кастрычніку, калі сьвяткаваўся самы важны дзень - дзень, калі першасьвятар прыносіў ахвяру за грахі ўсяго народа. І гэты дзень збавеньня зьяўляецца адным з вялікіх правобразаў Ісуса Хрыста.
Ісус Хрыстос зьняў з Сябе Сваю славу і апрануўся ў чалавечае цела, як першасьвятар гебраяў здымаў з сябе сваё звычайнае адзеньне: «І ўвойдзе Аарон у скінію сходу, і здыме ільняную вопратку, якую апранаў, уваходзячы ў сьвятыню, і пакіне яе там» (Ляв 16:23).
Ісус Хрыстос памёр за нас, высылаўшы ад нас грахі нашыя так далёка, каб яны не вярнуліся да нас. Так першасьвятар прынёс у ахвяру аднаго казла за грахі свайго народа, а другога выслаў у пустыню: «І панясе казёл на сабе ўсе беззаконьні іхнія ў зямлю непраходную, і пусьціць ён казла ў пустыню» (Ляв 16:22).
Як спаленьне скуры і мяса ахвярнага казла адбывалася па-за табарам, так і Ісус Хрыстос выйшаў з Ерусаліма, каб быць спаленым агнём гнева Божага: «Бо як целы тых жывёлаў, кроў якіх за грахі прыносіцца першасьвятаром у сьвятыню, спальваюцца па-за табарам; дзеля гэтага і Ісус, каб асьвяціць праз кроў Сваю народ, пакутаваў за брамаю» (Геб 13:11-12).
Кніга Лявіт дадзена нам для разуменьня безумоўнай і абсалютнай сьвятасьці Бога, надзвычайнай мярзотнасьці грэху і жыцьцёва неабходнай патрэбы чалавецтва да збаўленьня.
Свидетельство о публикации №226040502049